Асманская імперыя. АСМАНСКАЯ ІМПЕРЫЯ. Асманская імперыя (Сусветная гісторыя 7 клас) Ключавыя словы
Скачать 17.38 Kb.
|
АСМАНСКАЯ ІМПЕРЫЯ (Сусветная гісторыя 7 клас) Ключавыя словы: Сулейман I Пышны, янычары. Мэты ўрока: Калі Асманская імперыя дасягнула найвышэйшай магутнасці? Якая была роля ісламу ў жыцці мусульман? Чаму жывапіс і скульптура амаль не развіваліся ў мусульманскім свеце? Як змянілася становішча Асманскай імперыі пасля смерці Сулеймана I? «Залаты век» Асманскай імперыі. У 1453 г. туркі-асманы захапілі сталіцу Візантыі — Канстанцінопаль. Пасля гэтага Асманская дзяржава стала называцца імперыяй. Перайменаваўшы Канстанцінопаль у Стамбул, заваёўнікі зрабілі яго сталіцай Асманскай імперыі. Найбольшай магутнасці Асманская імперыя дасягнула пры Сулеймане I Пышным. Таму яго праўленне ў 1520—1566 гг. называюць «залатым векам». Пад кантролем султана апынуліся землі трох частак свету (Еўропы, Азіі, Афрыкі) вакол Чорнага і Міжземнага мораў. Амаль усе арабскія краіны ўваходзілі ў склад Асманскай імперыі. На яе тэрыторыі жылі шматлікія і непадобныя адзін да аднаго народы: арабы, курды, берберы, албанцы, грэкі, славяне, венгры, румыны, армяне, грузіны і інш. Велізарныя багацці сцякаліся ў Турцыю, прычым не толькі ў выніку войнаў, але і дзякуючы гандлю, бо праз землі асманаў праходзілі гандлёвыя шляхі з Еўропы ў Азію. На рынках імперыі былі тавары з усяго свету. Квітнелі мастацтва, літаратура і архітэктура. Адукацыя была рэлігійнай, але віталіся такія навукі, як матэматыка і астраномія. Вялікіх поспехаў дасягнула медыцына. Султан асабіста апекаваўся мастацтвам і рамёствамі. У імперыі ўзводзіліся мячэці з купальнымі перакрыццямі і зграбнымі мінарэтамі. Роля ісламу. Вялікую ролю ў жыцці мусульманскага грамадства адыгрываў іслам. Мусульмане мусілі выконваць пэўныя прадпісанні, выказваць пакорлівасць і цярплівасць, маліцца, трымаць пост, даваць міласціну, выпраўляцца ў паломніцтва ў святыя месцы. Іх рэлігійным абавязкам з’яўляўся джыхад — «свяшчэнная вайна» ў імя распаўсюджання або абароны ісламу. Выкананне рэлігійных прадпісанняў лічылася богаўгоднаю справай. Яны ахоплівалі практычна ўсе сферы жыцця мусульманскай абшчыны: сямейна-бытавыя, маёмасныя, гандлёвыя, маральныя, прававыя і г. д. Мусульмане, напрыклад, вызваляліся ад падушнага падатку, у той час як падданыя-хрысціяне выплочвалі і падушны, і пазямельны падаткі. Вышэйшае ісламскае духавенства. Крыніцай прадпісанняў і абмежаванняў быў Каран. Яго тлумачылі аўтарытэтныя знаўцы ісламу ўлемы — навукоўцы-багасловы. Яны ўтваралі асаблівую сацыяльную групу, якая адыгрывала важную ролю ў культурным і грамадска-палітычным жыцці мусульманскай абшчыны. Улемы карысталіся правам асабістай недатыкальнасці, якога не мелі нават султаны. За ўсю гісторыю Асманскай імперыі, якая праіснавала 500 гадоў, шмат якія правіцелі былі зрынутыя з трона і забітыя, многіх міністраў пазбавілі жыцця. І ў той жа час пакаралі смерцю ўсяго двух вышэйшых мусульманскіх багасловаў. Стаўленне да Еўропы і еўрапейцаў. Да еўрапейскай навукі, тэхнікі і культуры ўлемы ставіліся адмоўна. Усё, што зыходзіла ад «няверных», лічылася ерассю і доўгі час сустракала ўпартае супраціўленне духавенства і феадалаў. Імкненне засцерагчы мусульман ад сувязяў з іншаверцамі вяло да ізаляцыі мусульманскага свету. Гэта замінала асваенню мусульманскімі краінамі дасягненняў заходняй цывілізацыі. Да XVIII ст. у Асманскай імперыі амаль не было друкаваных кніг праз непрыняцце іх мусульманскімі багасловамі. Развіццю тэхнікі і прамысловасці ў мусульманскіх краінах перашкаджаў неабмежаваны дэспатызм цэнтральнага ўрада і феадалаў. Маёмасць маглі канфіскаваць з любой нагоды. Гандляры, у чыіх руках збіраліся велізарныя грашовыя сродкі, не хацелі ўкладваць іх у прамысловасць або банкаўскую справу. Яны лічылі за лепшае хаваць сваё багацце, ператвараючы яго ў скарбы. Заняпад Асманскай імперыі. Пасля смерці Сулеймана Пышнага Асманская імперыя нядоўга захоўвала магутнасць. Ніводзін з султанаў-пераемнікаў не вылучаўся здольнасцямі і вартасцямі свайго вялікага папярэдніка. Туркі-асманы па-ранейшаму ваявалі са сваімі суседзямі — Персіяй і аўстрыйскімі Габсбургамі, але няўдала. Апроч таго, ваенныя дзеянні вымагалі вялікіх выдаткаў, што аслабляла імперыю. Першы трывожны сігнал прагучаў у 1571 г. Аб’яднаны флот Свяшчэннай Рымскай імперыі, Іспаніі і некалькіх італьянскіх дзяржаў нанёс скрышальнае паражэнне асманскаму флоту ў бітве пры горадзе Лепанта. Поўным разгромам турэцкага войска завяршылася другая аблога аўстрыйскай сталіцы Вены ў 1683 г. Пасля гэтага туркі ўжо больш не пагражалі Еўропе. На працягу ста гадоў яны ваявалі з Аўстрыяй і Расіяй, аддаючы ім усё новыя і новыя землі. Такім чынам, у XVI—XVIII стст. Асманская імперыя перажыла перыяды росквіту і заняпаду. Пасля паражэння ў вайне з Расіяй напрыканцы XVIII ст. яна была блізкая да поўнага краху. Толькі супярэчнасці паміж еўрапейскімі дзяржавамі перашкодзілі апошнім падзяліць Асманскую імперыю на часткі. |