Главная страница
Навигация по странице:

  • СІНТАКСІЧНЫЯ СРОДКІ ВЫЯЎЛЕНЧАЙ ВЫРАЗНАСЦІ Ў БЕЛАРУСКІХ ПРЫКАЗКАХ І ПРЫМАЎКАХ Навуковы кіраўнік: Станкевіч А.А Выканала

  • Студэнтка 4 курса: Бараноўская Я.І Гомель, 2021 ЗМЕСТУводз i ны ………………………………………………………………..………...

  • Заключэнне ……………………………………………………………..……....22 Спіс літаратуры ……………………………………………………..……...…..24 УВОДЗ I НЫ

  • Прадметам

  • ГЛАВА 1. ВЫЯЎЛЕНЧАЯ ВЫРАЗНАСЦЬ І СРОДКІ ЯЕ СТВАРЭННЯ

  • ГЛАВА 2. СІНТАКСІЧНЫЯ СРОДКІ ВЫЯЎЛЕНЧАЙ ВЫРАЗНАСЦІ Ў БЕЛАРУСКІХ ПРЫКАЗКАХ І ПРЫМАЎКАХ

  • Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў

  • курсавая. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі дуа імя Фр. Скарыны


    Скачать 59.41 Kb.
    НазваниеМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі дуа імя Фр. Скарыны
    Дата01.05.2022
    Размер59.41 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлакурсавая.docx
    ТипДокументы
    #506706

    Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

    Установа адукацыі

    «ДУА імя Фр. Скарыны»
    Факультэт філалагічны

    Кафедра беларускай мовы

    Курсавая праца

    СІНТАКСІЧНЫЯ СРОДКІ ВЫЯЎЛЕНЧАЙ ВЫРАЗНАСЦІ

    Ў БЕЛАРУСКІХ ПРЫКАЗКАХ І ПРЫМАЎКАХ
    Навуковы кіраўнік:

    Станкевіч А.А

    Выканала

    Студэнтка 4 курса:

    Бараноўская Я.І

    Гомель, 2021

    ЗМЕСТ

    Уводзiны ………………………………………………………………..………...3
    Глава 1. Выяўленчая выразнасць і сродкі яе стварэння ……………………5
    Глава 2. Сінтаксічныя сродкі выяўленчай выразнасці ў беларускіх

    прыказках і прымаўках ………………………………………………………11

    2.1 Паняцце лексічнага паўтору і яго віды – кантактны, дыстантны, поўны,

    частковы, лакалізаваны, нелакалізаваны ………………..…………………… 11

    2.2 Паліптатон як від лексічнага паўтору ў беларускіх

    прыказках і прымаўках …………………………………………………………14

    2.3 Падваенне як від лексічнага паўтору ў беларускіх

    прыказках і прымаўках ………………………………………………………....16

    2.4 Шматзлучнікавасць як від паўтору ў беларускіх

    прыказках і прымаўках ………………………………………………….………16

    2.5 Шматпрыназоўнікавасць як від паўтору ў беларускіх

    прыказках і прымаўках ………………………………………………………….18

    2.6 Дэрывацыйны паўтор ў беларускіх прыказках і прымаўках ………………19
    Заключэнне ……………………………………………………………..……....22
    Спіс літаратуры ……………………………………………………..……...…..24
    УВОДЗIНЫ
    У сучаснай лінгвістыцы, арыентаванай на вывучэнне ўзаемасувязі мовы і культуры, асаблівае месца займаюць даследаванні, накіраваныя на вывучэнне прыказак і прымавак, якія ўяўляюць сабой каштоўнасныя меркаванні, асноўныя веды народа пра дабро і зло. Канцэнтраваны выраз сэнсу патрабуе арганізацыі тэксту. Нягледзячы на ўсе адрозненні, для большасці прыказак і прымавак характэрна ясная, дакладная, сціснутая манера падачы асноўнай ідэі. На працягу стагоддзяў народ адточваў майстэрства стварэння прыказак, для ўзмацнення эмацыйнай афарбоўкі часта звяртаючыся да пэўных стылістычных сродкаў.

    Мудрасць і дух народа выяўляюцца ў яго прыказках і прымаўках, а іх веданне спрыяе не толькі глыбейшаму веданню мовы, але і разуменню характару народа. У беларускіх прыказках і прымаўках адлюстраваны багаты гістарычны вопыт народа, уяўленні, звязаныя з працоўнай дзейнасцю, побытам і культурай людзей. Правільнае і дарэчнае выкарыстанне прыказак і прымавак надае гаворцы непаўторную своеасаблівасць і асаблівую выразнасць.

    Тэарэтычнае асэнсаванне беларускіх прыказак і прымавак пачалося з кароткіх прадмоваў да зборнікаў І. І. Насовіча, Я. І. Ляцкага [18]. Іх жанравыя асаблівасці, ідэйна-тэматычны змест і некаторыя пытанні паэтыкі разгледзеў Я. Ф. Карскі ў працы «Беларусы», у якой даў гістарыяграфічны нарыс іх збірання [5]. Упершыню ў савецкай фалькларыстыцы беларускія прыказкі даследаваў К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва) у артыкуле «Беларускія прыказкі» [1]. Разгляду паходжання, ідэйна-тэматычнага зместу прыказак і загадак прысвечаная праца П .Ахрыменкі «Беларускія загадкі, прыказкі, прымаўкі» [2], грунтоўнае даследаванне мастацкіх асаблівасцяў прыказак і прымавак зрабіў М. А. Янкоўскі ў кнізе «Паэтыка беларускіх прыказак» [21]. Праблемы жанравай спецыфікі, збірання і вывучэння, класіфікацыі і ідэйна-мастацкага зместу прыказак разгледзеў М. Я. Грынблат ва ўступным артыкуле да складзенага ім найбольш поўнага двухтомнага акадэмічнага выдання «Прыказкі і прымаўкі» [11]. У 2006 годзе выйшаў дапаможнік I. Я. Лепешава «Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства» [7], дзе абгрунтоўваецца неабходнасць выдзялення ў курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобных раздзелаў парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх павінны вывучацца прыказкі як рэальна існуючыя моўныя адзінкі, упершыню даецца тэарэтычны і часткова практычны матэрыял для сістэматызаванага вывучэння прыказак з семантычнага, этымалагічнага, граматычнага і стылістычнага пунктаў гледжання. У 2011 годзе І. Я. Лепешаў у суаўтарстве з М. А. Якалцэвіч выдаў «Тлумачальны слоўнік прыказак і прымавак». К. П. Кабашнікаў прадставіў беларускія прыказкі і прымаўкі ў агульнаславянскім кантэксце, вылучыўшы пры гэтым іх адметныя нацыянальныя рысы [4].

    Шматлікія працы прысвечаны вывучэнню паэтыкі беларускіх парэмій: А. А. Станкевіч «Сінтаксічныя сродкі слоўнай вобразнасці і выяўленчай выразнасці ў парэміях» [16]; К. Л. Хазанава «Граматычныя асаблівасці параўнальных канстукцый у бкларускіх прыказках і прымаўках» [17]; М. А. Якалцэвіч «Семантычныя асаблівасці прыказак з кампанентам-дэндронімам» [20] і інш.

    Аднак, нягледзячы на шырокі дыяпазон тэматыкі даследаванняў парэмій, па-за межамі грунтоўнага аналізу засталіся лексічныя паўторы як сродкі стварэння выяўленчай выразнасці беларускіх прыказак і прымавак.

    Прадметам даследавання з’яўляюцца беларускія прыказкі і прымаўкі.

    Аб’ектам даследавання – лексічны паўтор як сінтаксічны сродак выяўленчай выразнасці ў беларускіх прыказках і прымаўках.

    Мэта даследавання – выяўленне асаблівасцей лексічнага паўтору ў беларускіх прыказках і прымаўках.

    Для дасягнення мэты ставяцца наступныя задачы:

    1. акрэсліць паняцце вобразнай выразнасці і вызначыць сродкі яе стварэння;

    2. акрэсліць найбольш прадуктыўныя віды сінтаксічных сродкаў выяўленчай выразнасці ў беларускіх прыказках і прымаўках;

    3. вылучыць структурныя адметнасці беларускіх прыказак і прымавак.

    У працы выкарыстоўваецца метад комплекснага аналізу, які ўключае метад семантычнага і супастаўляльнага аналізу, апісальны метад і метад суцэльнай выбаркі.

    Курсавая праца складаецца з уводзінаў, тэарэтычнай і практычнай часткі, заключэння, спісу літаратуры. Спіс выкарыстаных крыніц уключае 21 найменні. Агульны аб’ём працы 24 старонак.

    ГЛАВА 1. ВЫЯЎЛЕНЧАЯ ВЫРАЗНАСЦЬ

    І СРОДКІ ЯЕ СТВАРЭННЯ
    Выразнасць – камунікатыўная якасць маўлення, пры дапамозе якой аўтар тэксту падтрымлівае ўвагу чытача або слухача, прымушае задумацца над зместам выказвання, кранае думкі і пачуцці, не пакідае раўнадушным. Часам у мовазнаўчай літаратуры атаясамляюць паняцці вобразнасць і выразнасць; аднак вобразнасць заўсёды звязана з пераносным значэннем слова, з ужываннем слова ў кантэксце, у той час як для стварэння выразнасці (экспрэсіўнасці) могуць ужывацца словы і з прамым значэннем. Несумненна адно: і вобразнасць, і выразнасць упрыгожваюць маўленне [6].

    Выразнасць маўлення забяспечваецца і гукавымі сродкамі. Гукі самі па сабе ў выяўленчых адносінах нейтральныя: яны не выклікаюць ні пэўных эмоцый, ні тым больш думак. Аднак у пэўным паэтычным кантэксце паўтор аднародных гукаў дапамагае падкрэсліць, вылучыць асобныя словы, звярнуць на іх асаблівую ўвагу, садзейнічае нарошчванню інтэнсіўнасці, пэўнай выразнасці, што ў выніку стварае цэласнае адзінства ў кантэксце мастацкага твора.

    Стылістычна моцнымі сродкамі фанетыкі з’яўляюцца націск, рыфма, мілагучнасць – найбольш дасканалае спалучэнне гукаў, зручнае для вымаўлення і прыемнае для слыху (тут узнікае праблема немілагучнай абрэвіяцыі).

    Гукапіс як крыніца выразнасці мовы прапаноўвае шэраг фанетычных прыёмаў, якія найчасцей функцыянуюць у мастацкім стылі – у мове паэзіі ці лірычнай прозы. Нельга не пагадзіцца з тым, што высокамастацкі твор, пры ўспрыманні якога чытач (слухач) атрымлівае задавальненне, – гэта гармонія гукавой і вобразнай прыроды слова. Гукавыя паўторы (алітарацыя і асананс) выкарыстоўваюцца пісьменнікамі з рознай мэтай. У выніку шматлікіх гукавых паўтораў пісьменнікі ствараюць гукавобразы – вобразы, у аснове якіх гукавыя асацыяцыі індывідуальнага, аказіянальнага характару [13, с. 108–109].

    Асобымі відамі гукапісу з’яўляюцца алітэрацыя і асананс. Алітэрацыяй называюць паўтарэнне аднолькавых зычных: Кліча Радзімы празрысты прастор. (В.Лукша). Асанансам называюць паўтарэнне галосных: Калі вясна вяртае нам цяпло, красу палёў і хараство зары. (У.Карызна).

    Да фанетычных сродкаў выразнасці мовы адносіцца складападзел; падзел слова на склады дазваляе графічна і інтанацыйна вылучыць сэнсава важкае слова – тое, якому аўтар надае асаблівае значэнне і якое з’яўляецца важным для раскрыцця ідэйнага зместу твора.

    Як фанетычны сродак прыцягнення ўвагі выкарыстоўваецца даўжыня слова, сказа, радка (як правіла, у паэтычным радку). Кароткія словы, сказы, радкі ствараюць дынамізм малюнка, адлюстроўваюць інтэнсіўнасць дзеяння, а словы са складанай рытмічнай структурай, у тым ліку большасць складаных слоў, наадварот, дапамагаюць паказаць плаўныя, запаволеныя працэсы або статычныя малюнкі.

    На лексічным узроўні маўленчая выразнасць забяспечваецца, як ужо адзначалася, словамі з пераносным значэннем (тропамі) і словамі з прамым значэннем (сродкамі стварэння слоўнай выразнасці). Найбольш ужывальнымі тропамі з’яўляюцца эпітэт, метафара, параўнанне, перыфраза, гіпербала, літота.

    Эпітэт характарызуецца багаццем структурна-граматычнага выражэння; чым большай колькасцю відаў ён прадстаўлены ў тэкстах, тым больш экспрэсіўнай і багатай будзе іх мова. У ролі вобразнага азначэння могуць выступаць як простыя, так і складаныя (злітны эпітэт) прыметнікі, дзеепрыметнікі; яны ўжываюцца з прамым (народна-паэтычны эпітэт) ці пераносным (метафарычны эпітэт) значэннем: іскрыліся вочы-азёры; глядзеў пацяплелымі халодна-шэрымі вачыма. (І.Мележ) [13, с. 84].

    Метафара – перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства. Метафара – семантычная з’ява, абумоўленая наслойваннем на прамое значэнне слова пад уплывам вузкага ці шырокага кантэксту дадатковага сэнсу, які ў гэтага слова ў складзе мастацкага твора становіцца дамінуючым. Пры гэтым прамое значэнне слова выступае толькі асновай для асацыяцыі аўтара. Некаторыя разглядаюць метафару як семантычны неалагізм [13, с. 69].

    Параўнанне – супастаўленне аднаго прадмета з другім з мэтай мастацкага апісання першага. Параўнанне выступае ў якасці сродку вобразнай характарыстыці, яно падпарадкоўваецца ідэйнай задуме, дапамагае зрабіць паэтычны малюнак па-мастацку дакладным, поглядам (золата лісця – лісце жоўтае, як золата) [13, с. 73].

    Незвычайнымі, экспрэсіўнымі вобразнымі выразамі з’яўляюцца гіпербала і літота; гэтыя супрацьлеглыя па значэнні маўленчыя адзінкі ствараюць нечаканыя, рэдкасныя вобразы. Гіпербала і літота маюць агульную аснову – адхіленне ад аб’ектыўнай колькаснай ацэнкі прадметаў, з’яў, таму яны могуць сумяшчацца ў маўленні. Гіпербала і літота могуць быць агульнамоўнымі (чакаць цэлы век, мора слёз; мора па калена, выпіць глыток вады). Такія тропы ўключаюцца ў фразеалагічныя сродкі. Могуць быць індывідуальна-аўтарскія, якія з’яўляюцца больш вобразнымі і эмацыянальнымі [13, с. 61, 67].

    Перыфраза – апісальны зварот, які ўжываецца замест якога-небудзь слова або словазлучэння. Сутнасць такога зварота заключаецца ў тым, што ён замяняе назву прадмета апісаннем яго істотных прыкмет або ўказаннем на яго характэрныя рысы (штанга – гара металу) [13, с. 76].

    На марфалагічным узроўні экспрэсіўнасць ствараецца часцінамі мовы, якія ўзмацняюць экспрэсіўнасць радка нават пры звычайным паўторы; такая моўная з’ява называецца рэдуплікацыяй: блакітная-блакітная сон-трава ў маладосці(І. Пташнікаў). Паўтор кожнай часціны мовы адыгрывае пэўную ролю: акцэнтуючы ўвагу слухача (чытача) на сэнсава важкім слове, паўтор прыметніка і прыслоўя ўзмацняе якасныя характарыстыкі, паўтор назоўніка – колькасныя, паўтор дзеяслова паказвае на інтэнсіўнасць або паўтаральнасць дзеяння, паўтор асабовых займеннікаў звяртае ўвагу на значнасць пэўнай асобы, яе ролі ў канкрэтнай сітуацы [13, с. 109].

    Сінтаксічны ўзровень таксама мае значную колькасць экспрэсіўных сродкаў, найперш – гэта прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення, сутнасць якіх ва ўзмацненні, падкрэсліванні асобных слоў, словазлучэнняў, сказаў. Як вядома, у залежнасці ад месца ў радку, сказе, чатырохрадкоўі, абзацы сінтаксічныя прыёмы падзяляюцца на анафару, эпіфару, паралелізм, градацыю, кальцо страфы, кампазіцыйны стык, рытарычнае пытанне і некаторыя іншыя. Экспрэсіўнымі сродкамі сінтаксічнага ўзроўню з’яўляюцца таксама пытальныя і клічныя сказы: з іх дапамогай перадаюцца разнастайныя эмоцыі апавядальніка ці персанажа.

    Да сінтаксічных сродкаў выразнасці адносяцца таксама:

    а) антытэза – зварот, у якім для ўзмацнення выразнасці маўлення проціпастаўляюцца супрацьлеглыя паняцці: Багаты і ў будні піруе, а бедны і ў свята гаруе.

    б) анафара – паўтарэнне асобных слоў ці зваротаў у пачатку ўрыўкаў, з якіх складаецца выказванне;

    в) эпіфара – паўтарэнне асобных слоў у канцы сумежных урыўкаў;

    г) градацыя – стылістычная фігура, якая складаецца з такога парадку слоў, пры якіх кожнае наступнае ўтрымлівае ўзмацняльнае значэнне, дзякуючы гэтаму ствараецца ўзрастанне ўражання;

    д) эліпсіс – стылістычная фігура, якая заключаецца ў пропуску слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту ці з канкрэтнай сітуацыі. Эліпсіс надае маўленню дынамічнасць, інтанацыі жывога маўлення;

    е) рытарычны зварот – падкрэслены зварот да чаго-небудзь, каго-небудзь для ўзмацнення выразнасці маўлення. Ён служыць не столькі для называння адрасата маўлення, колькі для таго, каб выразіць адносіны да таго ці іншага аб’екта, даць яго характарыстыку;

    ж) рытарычнае пытанне – стылістычная фігура, пры якой пытанне ставіцца не мэтай атрымаць адказ, а каб прыцягнуць увагу чытача да той або іншай з’явы;

    з) шматзлучнікавасць (палісідэтон) – стылістычная фігура, якая заключаецца ў спецыяльным выкарыстанні шматлікіх злучнікаў для лагічнага і інтанацыйнага падкрэслівання злучаемых членаў сказа. (і, і, і). Адваротная стылістычная фігур бяззлучнікавасць. Яна заключаецца ў спецыяльным пропуску злучальных злучнікаў паміж членамі сказа. Адсутнасць злучнікаў надае выказванню імклівасць, насычанасць уражаннямі ў межах агульнага малюнку [13, с. 89–122].

    Выяўленчая выразнасць мастацкіх твораў забяспечваецца спецыфічнымі сродкамі на ўсіх узроўнях маўлення: ад фанетычнага да стылістычнага. У сваёй працы мы звернем увагу на лексічныя паўторы як сінтаксічныя сродкі выяўленчай выразнасці беларускіх прыказак і прымавак.

    ГЛАВА 2. СІНТАКСІЧНЫЯ СРОДКІ ВЫЯЎЛЕНЧАЙ ВЫРАЗНАСЦІ

    Ў БЕЛАРУСКІХ ПРЫКАЗКАХ І ПРЫМАЎКАХ
    2.1 Паняцце лексічнага паўтору і яго віды – кантактны, дыстантны, поўны, частковы, лакалізаваны, нелакалізаваны
    У мастацкім тэксце ў якасці сінтаксічных сродкаў выяўленчай выразнасці часта ўжываецца менавіта лексічны паўтор. Гэта наўмыснае неаднаразовае выкарыстанне адзінак маўлення для надання тэксту экспрэсіўнасці або акцэнтавання ўвагі чытача, слухача на нейкім пэўным моманце. Чым бліжэй іх размяшчэнне адзін да аднаго, тым верагодней, што адрасат іх заўважыць.

    Сам тэрмін «лексічны паўтор» ужо дае зразумець, што ў гэтым выпадку аднолькавыя адзінкі, якія сустракаюцца шмат разоў запар, – гэта словы. Выкарыстоўваюць яго толькі тады, калі аўтар жадае толькі ў цэлым адзначыць прымяненне адных і тых жа лексем. Калі ж гэта тычыцца пабудовы паўтору, яго арганізацыі, то выкарыстоўваюць тэрміны, якія даюць больш дакладную характарыстыку. Гэта, напрыклад, стык, эпіфара, кальцо, анафары і многія іншыя.

    І ў мастацкім тэксце і ў гутарковай мове лексічны паўтор адыгрывае вялікую ролю і выконвае некалькі функцый.

    1. Перадача манатоннасці дзеянняў, іх аднастайнасці.

    2. Наданне выказванню яснасці, дзякуючы чаму маўленне перастае быць незразумелым.

    3. Лексічны паўтор спрыяе таму, што выказванне набывае вялікую эмацыйную сілу, яна нарастае і апавяданне становіцца больш напружаным.

    4. Падкрэсліванне, вылучэнне ў маўленні той групы слоў, якая нясе асаблівую сэнсавую нагрузку.

    5. Працягласць і шматразовыя дзеянні таксама дапамагае выказаць лексічны паўтор. Прыклады яго выкарыстання з такой мэтай лёгка знайсці ў фальклоры.

    6. Змякчэнне пераходу ад адной тэмы выказвання да іншай.

    7. Паўтарэнне аднолькавых адзінак робіць сказ больш рытмічным, набліжаючы яго тым самым да верша.

    8. Звязванне сінтаксічных канструкцый у тэксце. Гэта адбываецца дзякуючы асабліваму рытму, утвараецца пры паўторы словазлучэнняў або слоў.

    9. Запаволенне апавядання. Гэты прыём уласцівы для вуснай народнай паэзіі. Ён не проста запавольвае гаворку, а і дапамагае надаць сказу песенны характар.

    Паўторам называецца цэлы шэраг маўленчых фігур, якія заснаваныя на неаднаразовым выкарыстанні нейкіх адзінак мовы (напрыклад, слоў, сінтаксічных канструкцый, марфем або гукаў) у межах аднаго сказа або сэнсавага адрэзка тэксту. Ужываюцца яны з мэтай зрабіць выказванне больш выразным.

    У залежнасці ад крытэрыяў, якія ляжаць у аснове дзялення, адрозніваюць некалькі відаў паўтораў. Напрыклад, пад увагу можа прымацца тып адзінак, якія сустракаюцца некалькі разоў. Тады вылучаюць гукавы, марфемны, сінтаксічны і лексічны паўтор.

    Наступным крытэрыем служыць размяшчэнне тых адзінак, якія сустракаюцца некалькі разоў. У залежнасці ад гэтага паўторы бываюць:

    • дыстантныя (калі іншыя элементы тэксту стаяць паміж аднолькавымі словамі) : Не ўгасці мяне піўцом, а ўгасці слаўцом [11, с. 391];

    • кантактныя (калі адзінкі, якія паўтараюцца ідуць адна за адной); Ой, дружба, дружба, цяжкая твая служба [11, с. 382].

    Важна і тое, наколькі дакладна перадаецца першапачатковае слова, гук або канструкцыя. У залежнасці ад гэтага паўторы бываюць частковыя і поўныя. Прыкладам поўнага лексічнага паўтору з’яўляецца парэмійны выраз «Нялюбыя госці – нялюбыя пірагі» [11, с. 400]; а частковага – «Не міл госць, не міл і гасцінец» [11, с. 397].

    На класіфікацыю лексічных паўтораў таксама ўплывае сінтаксічная пазіцыя ў канкрэтным адрэзку тэксту (страфы, абзацы, сказе, радку) аднолькавых адзінак, якія сустракаюцца шмат разоў. Так, ад месца паўтору ў тэксце вылучаюцца лакалізаваныя і нелакалізаваныя. Нелакалізаваныя паўторы не прымацаваны да пэўнага месца ў сказе.

    З ліку лакалізаваных паўтораў найчасцей выкарыстоўваецца анафара – адзінапачатак – паўтор слоў у пачатку, які з’яўляецца важным сродкам актуалізацыі семантыкі паўтораных моўных дзінак і прыводзіць звычайна да сінтаксічнага паралелізму, рытмізуючы паэтычнае маўленне: Анно ўмерлы — свабодны, анно разумны — багаты [11, с 421]; Час плаціць, час траціць [11, с. 189]; Многа дзяцей — многа клопату, але i радасці шмат [12, с. 114].

    У тых жа двух- ці мнагачленных прыказках словы, што паўтараюцца, могуць размяшчацца на стыку частак: Адзін за ўсіх, усе за аднаго; Б’юцца за мяшок, а мяшок парожні; Не месца красіць чалавека, а чалавек месца [19, с. 200].

    Пры цыклічных, ці кальцавых паўторах адно слова стаіць ў пачатку прыказкі, а другое – у канцы: Было што піць і есці, але прынукі не было; Сцеражонага бог сцеражэ; Маем тое, што маем. Адразу дзве разнавіднасці паўтораў зафіксаваны ў прыказках: Іван ківае на Пятра, а Пётр на Івана; Матка парве пазуху, хаваўшы для дзяцей, а дзеці парвуць пазуху, хаваўшы ад маткі. [19, с. 200].

    У некаторых прыказках паўтараюцца і адно і тое ж слова, і аднакаранёвыя кампаненты: Дасць бог хлеба, дасць i да хлеба [11, с. 241].; Дурак дураком ва векі вяком [12, с. 239]; Дружба дружбай, а служба службай[11, с. 387]; Нага нагу падпірае, рука руку абмывае[12, с. 327]; Шукай цар царыцу, а пастух пастушку [12, с. 32]; Жарты жартамі, а дзела дзелам [12, с. 275]; Вастры зуб аб зуб, а розум аб розум [12, с. 233].

    Ва ўсіх выпадках словы-паўторы засяроджваюць на сабе ўвагу, прымушаюць нас задумацца пра пэўныя паняцці і разам з тым актыўна працуюць на вобразную думку, заключаную ў прыказцы.

    2.2 Паліптатон як від лексічнага паўтору ў беларускіх прыказках і прымаўках
    Класіфікаваць паўторы можна і ў залежнасці ад таго, якімі граматычнымі формамі яны выражаюцца. У прыказках сустракаюцца таўталагічныя спалучэнні некалькіх тыпаў. Часцей за ўсё паўтараюцца назоўнікі ў розных склонавых формах: Бяда бядзе не паможа [11, с. 441]; Бяда з грошамі, а без грошай яшчэ больша [11, с. 441]; Старац старца не знаходзіць, затое павадыр павадыра знаходзіц ь[11, с. 418].

    Прыём паўтарэння аднаго і таго ж слова ў розных формах называецца паліптатон [16, с. 254], які садзейнічае наданню парэмійнаму выказванню дадатковых сэнсавых адценняў. Так, дзеяслоўны паліптатон, як кантактны, так і дыстантны, узмацняе значэнне названых дзеянняў, падкрэсліваючы іх характар, дынаміку, інтэнсіўнасць або ступень праяўлення: Любіў добрае, палюбі ж i злое [12, с. 430]; Дружыць дружы, ды камень за пазухай не дзяржы [11, с. 386]; Гасцяваць бы гасцяваў, да хлеба з сабою не браў [11, с. 397]; Сваю хітрасць раскрый — чужая перад табой раскрыецца [12, с. 392].

    Ёсць спалучэнні назоўнікаў назоўнага склону з таўталагічнымі назоўнікамі ўскосных склонаў: Агонь агня не гасіць [11, с. 60]; Брат брату паласа мяса [12, с. 141]; Дудар дудару дарма іграець [11, с. 163]; Галава галаве не роўня [12, с. 230]; Вастры зуб аб зуб, а розум аб розум [12, с. 233]. Субстантыўны паліптатон лагічна выдзяляе, падкрэслівае суб’ект дзеяння: Злодзей злодзея здалёк пазнае [12, с. 369]; Госць гасцю не рад, а хазяін абаім [11, с. 402]

    У асобных выпадках у прыказках і прымаўках спалучаюцца дзеяслоўны і субстантыўны паліптатон, што, несумненна, павышае экспрэсіўны патэнцыял выслоўя: Гара з гарою не сыйдзецца, а чалавек з чалавекам зыйдзецца [11, с. 383]; Хто зямлі дае, таму і зямля дае [11, с. 122].

    Прыметнікавы паліптатон акцэнтуе ўвагу на адметнай якасці, уласцівасці або асаблівасці прадмета, якая яго характарызуе ў пэўных адносінах: Не дорага піва, а дорага дзіва [11, с. 391]; Дурному дурное на ўме [12, 249].

    Разам з тым у розных формах могуць ужывацца і іншыя часціны мовы: Адзін з’еш хоць вала, то адна хвала [12, с. 37]; Свой свайму паняволі брат [12, с. 139].

    Даволі часта таўталогію «ствараюць» аднакаранёвыя антонімы: Дай душы (сэрцу) волю – завядзе ў няволю[12, с. 13]; Не было б шчасця, ды няшчасце памагло [12, с. 424].

    У асобную групу можна вылучыць прыказкі, у якіх пры другім паўтораным кампаненце стаіць адмоўе не са значэннем няпэўнасці, няпоўнага адмаўлення, непаўнаты дзеяння ці стану: Адна бяда – не бяда [11, с. 439]; Воўна не воўна, абы кішка поўна [11, с. 219]. Значэнне поўнага адмаўлення надае часціца не слову, да якога яна адносіцца, у наступных прыказках: Не мей сто рублёў, а мей сто сяброў [11, с. 383]; Не бойся сварлівага, а бойся маўклівага [12, с. 325]; Не перажывеш дабром, да перажывеш умом [12, с. 233].

    Асаблівую сэнсавую функцыю поўны паўтор заключае ў сабе тады, калі адзін кампанент паўтараецца больш чым два разы: Адзін сын – не сын, два сыны – палова сына (паўсына), тры сыны – сын [12, с. 117]; Адно дзіця – няма дзяцей, двое дзяцей – што адно, а трое – сям’я [12, с. 117].

    Сустракаюцца таксама каламбурныя прыказкі з абыгрываннем розных значэнняў мнагазначнага слова. Напрыклад, у прыказцы «Млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе» [12, с. 390] ‘балбатлівасць, пляткарства прыводзяць да непрыемнасці, бяды’ кампанент меле напачатку ўжываецца са значэннем ‘раздрабняць зерне, ператвараючы ў муку, парашок; размолваць’ а затым рэалізуе пераноснае значэнне – ‘балабоніць, балбатаць, гаварыць абы-што’.

    2.3 Падваенне як від лексічнага паўтору ў беларускіх прыказках і прымаўках
    Даволі часта сустракаецца лексічны, або тоесны, поўны паўтор – паўтор адной і той жа намінатыўнай адзінкі, які, акрамя звязнасці, садзейнічае лагічнаму выдзяленню асобных слоў, узмацненню іх сэнсавага напаўнення, падкрэсліванню значэння. Паводле лакалізацыя ён можа быць кантактным, што стварае фігуру падваення, вельмі распаўсюджаную ў народных творах: Хварэе, хварэе, а хаваць некага [12, с. 278]; Святы, святы,— кажа гультаяваты [12, с. 271]; Скачы, скачы, дурню, бо ты такі ўдаўся [12, с. 238]; Дзяжа, дзяжа, не бачыла ні хвашчанкі, ні нажа [11, с. 237]; Ждала, ждала — ды й годзі сказала [12, с. 10].

    Падваенне ў беларукіх прыказках і прымаўках найчасцей выражаецца назоўнікамі і дзеясловамі, аднак сустракаюцца і іншыя часцінамоўныя выражэнні: Кось-кось, ды й у аглоблі [12, с. 319]; Дзеўкі за ім гужам-гужам, да ўсё міма [12, с. 11].

    Кантактны тоесны паўтор падкрэслівае пэўнае дзеянне, вызначае яго паўтаральнасць, працягласць, інтэнсіўнасць або напружанасць, а таксама рытуальную значнасць.

    2.4 Шматзлучнікавасць як від паўтору ў беларускіх прыказках і прымаўках
    Выкарыстоўваюцца ў народных афарызмах такія фігуры паўтору, як шматзлучнікасць і шматпрыназоўнікавасць. Шматзлучнікавасць, звязаная з ужываннем аднаго і таго ж злучніка перад кожным аднародным членам сказа, садзейнічае іх выдзяленню, падкрэслівае ролю ў сказе і ў той жа час стварае адзінства пералічэння, тым самым узмацняючы выразнасць выказвання. Часцей за ўсё паўтараецца злучальны злучнік і: І замуж невыйшла, і ў дзеўках не засталася [12, с. 18]; Зямелька – матка наша:і корміць, і поіць, і адзяваець [11, с. 51]; Усяго зажывеш: i добрага i ліхога [12, с. 429]; I ў свята i ў будзень не працуе труцень [12, с. 521]. У большасці выпадкаў злучнік сустракаецца пры аднародных членах сказа, але часам выкарыстоўваецца для злучэння частак складанага сказа: I трасца не трасе, i ліха не бярэ [12, с. 426]. У такіх прыкладах злучнік і выконвае ролю ўзмацняльнай часціцы.

    Сустракаюцца таксама размеркавальныя злучнікі або (альбо), то – то, ні то – ні то і інш.: Жонка, ці звонка, дзеткі ці гудуць? [12, с. 115]; Адна дзяка —ці за рыбу, ці за рака[12, с. 265]; У цябе робіцца — ні то куецца, ні то плешчацца [12, с. 290].

    Даволі часта пры пералічэнні аднародных членаў сказа ў правербіяльных выразах ўжываецца часціца не (ні): Hi зла, ні дабра [12, 429]; Ні дома, ні замужам [12, 17]; Ні ў горадзе парука,ні ў дарозе таварыш, ні ў дзярэўні сусед [11, с. 387]; Не руш нічога (чужога), не бойся нікога [12, 439]; Hi зла, ні дабра [12, с. 258]; Hi шавец, ні кравец, ні каваль, ні стругаль — проста гаварыльшчык [12, с. 279].

    У парэміях, што па будове суадносяццаа са складаназалежнымі сказамі або сказамі з рознымі відамі сувязі, назіраюцца паўторы спалучэнняў злучнікаў як – дык, калі (каго, хто, што) – то: Як красату дзялілі, дык спала, а як шчасце дзялілі, дык устала [12, с. 422]; У каго заганёц, то той добры жнец, у каго заганішча, то той гультаішча [12, с. 270].

    Адзінкамі пералічэння ў адзначаных парэміях з’яўляюцца назвы дзеючых асоб або рэалій, іх дзеянні, стан, прыкметы, акалічнасці. Структурна-семантычная роля шматзлучнікавасці ў складзе парэмій залежыць ад граматычнай прыналежнасці злучаемых членаў сказа. Звязаныя паміж сабою аднародныя выказнікі перадаюць працягласць або запаволенасць дзеяння, а таксама яго сілу, інтэнсіўнасць, разнастайнасць. Аб’яднаныя аднародныя дзейнікі або дапаўненні паказваюць разнастайнасць з’яў рэчаіснасці, ствараюць адзінства іх пералічэння, што садзейнічае структурнай цэласнасці выказвання.

    2.5 Шматпрыназоўнікавасць як від паўтору ў беларускіх прыказках і прымаўках
    Шмaтпpынaзoўнiкaвacць — cтылicтычны пpыём, acaблiвacцю якoгa з’яўляeццa ўжывaннe нeкaлькix aднoлькaвыx пpынaзoўнiкaў y вepшaвaным paдкy. Звычaйнa тoй caмы пpынaзoўнiк cтaвiццa пepaд нaзoўнiкaм i пepaд aзнaчaeмым cлoвaм, штo aднociццa дa гэтaгa нaзoўнiкa.

    Шматпрыназоўнікавасць засноўваеццца на паўтарэнні аднолькавых прыназоўнікаў перад аднароднымі членамі сказа: Без сонейка свету не быць, без мілага нельга жыць [12, с. 7]; Ні ў горадзе парука, ні ў дарозе таварыш, ні ў дзярэўні сусед [11, с. 387]; Hi к богу, ні к людзям [12, с. 258]; Еду не на снасці, а на шчасці [12, с. 424]. Найбольш папулярны прыназоўнік у (ў): Не дай бог у чужой хаце жыць, у чужой печы паліць [11, с. 210]; У рабочай хаце густа, a ў лянівай пуста [11, с. 212]; Хоць у пеклі, абы ў цеплі [11, с. 214].

    Шматзлучнікавасць і шматпрыназоўнікавасць, на думку А. А. Станкевіч, садзейнічаюць, акрамя таго, рытмізацыі паэтычнага маўлення і яго сістэмна-структурнай арганізацыі [15, с. 104]. Паўтор прыназоўнікаў можа спалучацца з паўторам злучнікаў або часціц, утвараючы парны паўтор службовых слоў, які ўзмацняе выдзяляльнае значэнне:

    – па колькасці паўтораў, як паказвае аналіз прыкладаў, часцей сустракаюцца двухкампанентны і трохкампанентны паўторы;

    – па меры павелічэння колькасці ўзмацняецца сэнсавая напоўненасць паўтараемых лексем, павышаецца іх роля ў раскрыцці ідэйна-тэматычнага зместу верша [15, с. 104].

    Шматпрыназоўнікавасць дапамагае выдзеліць асобныя словы, падкрэсліць іх значэнне.

    2.6 Дэрывацыйны паўтор у беларускіх прыказках і прымаўках
    Арыгінальным і цікавым, тыповым для вуснай народна-паэтычнай творчасці, з’яўляецца так званы частковы (дэрывацыйны) паўтор, звязаны з ужываннем аднакаранёвых слоў.

    Як сцвярджае А. А. Станкевіч, дэрывацыйны паўтор спрыяе ўзнаўленню ўнутранай формы аднакаранёвых слоў, актуалізацыі іх семантыкі і лагічнаму выдзяленню, што ў значнай ступені садзейнічае экспрэсівізацыі народна-паэтычнага маўлення. Часцей за ўсё паўтараюцца аднакаранѐвыя словы, якія належаць да розных часцін мовы [15, с. 101]. На думку даследчыцы, кантактны дэрывацыйны паўтор, акрамя звязнасці, выконвае ролю ўзмацнення сэнсу і ідэйнай значнасці паўтораных слоў, а дыстантны дэрывацыйны паўтор выконвае ў першую чаргу функцыю звязнасці. Ён аб’ядноўвае адасобленыя, размешчаныя на пэўнай адлегласці, адзінкі тэксту, спалучае іх паміж сабой, у выніку чаго ўзмацняецца іх значэнне і роля ў раскрыцці зместу маўлення [15, с. 101–102].

    Розная часцінамоўная прыналежнасць кампанентаў дэрывацыйнага паўтору ў парэміях спрыяе стварэнню аб’ёмнай характарыстыкі апісваемых з’яў: падкрэслівае суб’ект і яго дзеянне, асобу і яе ўласцівасць, аб’ект і яго прыкмету, прадмет і яго дзеянне і інш.

    Сустракаюцца спалучэнні аднакаранёвых назоўнікаў (Абы хлеб быў, нахлебнікі будуць [11, с. 238]; Голь галіта голлю паліта [11, с. 412]; Якое яго жыла: як камар на камарніцы [12, с. 407]), дзеясловаў (Перш павер, а потым вер [12, с. 317]), назоўніка і дзеяслова (На кажды брэх не набрэшашся[12, с. 382]; Хто работу робіць, а хто варон ловіць [12, с. 271]; Сядзі сядзячку, дай з’есці балячку [12, с. 276]; Злодзеяў мераю не мераць [12, с. 367]), назоўніка з таўталагічным прыметнікам (У сабакі й сабачая доля [12, с. 422]; У вумнага на вуму, a ў дурнога на языку [12, с. 239]). Супрацьпастаўленне розных форм паўторанага слова назіраем і ў прыказцы «Сядзеўшы, нічога не выседзіш» [12, с. 276].

    Дэрывацыйны, або частковы паўтор, у які традыцыйна ўключаюць паўтор аднакаранёвых слоў, марфемны паўтор, паўтор формы слова, даследчыкі вызначаюць як прыватную разнавіднасць моўнага паўтору, якая прадугледжвае рэгулярнае ўзнаўленне ў мікра- і макратэксце асобных марфем у розных словах: пры каранѐвым паўторы – паўтор кораня ў словах з рознымі афіксамі, пры афіксальным паўторы – паўтор афіксаў у рознакаранѐвых словах, які мае тэкстаўтваральную функцыю і служыць для звязнасці тэксту, стварэння лейтматыву, актуалізацыі асацыяцыйнай, сімвалічнай інфармацыі і іншых функцый» [9, с. 77].

    Каранёвы паўтор садзейнічае стварэнню новых адценняў сэнсу выказвання, а афіксальны паўтор – стварэнню новых слоў, аднастайнаму афармленню іх структуры.

    Каранёвы паўтор у тэкстах вуснай народна-паэтычнай творчасці часта збліжаюць з таўталагічным паўторам. Як вядома, паўтор аднакаранёвых слоў выкарыстоўваецца ў фальклоры са старажытных часоў і выконвае функцыю «выражэння агульнага, тыповага, што характэрна для мастацкага стылю вуснай паэзіі» [4, с. 139]. Актыўнае выкарыстанне таўталогіі ў вуснай народнай творчасці даследчыкі звязваюць з выхаваўчым характарам жанраў прыказкі і прымаўкі, які вымушае затрымаць увагу чалавека, уздзейнічаць на яго падсвядомасць. Пры дапамозе таўталогіі складальнікі фальклорных твораў імкнуліся ўзмацніць сэнс выказвання, канкрэтызаваць яго змест, выдзеліць найбольш істотныя прыкметы і характарыстыкі прадметаў або зяў, дзеянняў, перажыванняў, падкрэсліць дэталі аповеду [10].

    Такім чынам, дэрывацыйны паўтор выконвае важную структурна-семантычную і выяўленча-выразную ролю ў пазаабрадавым песенным тэксце. Ён садзейнічае стварэнню цэласнасці і звязнасці тэксту, актуалізацыі семантыкі паўтораных моўных адзінак, спрыяе ўзнаўленню іх унутранай формы, устанаўленню асацыятыўных сувязей, узмацненню сэнсу выказвання, канкрэтызацыі і дэталізацыі зместу твора, выдзяленню і рознабаковаму апісанню найбольш істотных прыкмет і характарыстык асоб або прадметаў, іх дзеянняў і стану, а таксама рытмічнай арганізацыі вершаванага радка, што ў цэлым значна павышае экспрэсіўны патэнцыял народна-паэтычнага маўлення.

    Такім чынам, сярод сродкаў выяўленчай выразнасці, якія выкарыстоўваюцца ў народных прыказках і прымаўках, належнае месца займаюць сінтаксічныя сродкі – розныя віды лексічнага паўтору. Гэта садзейнічае структурна-сэнсавай арганізацыі парэмійнага выказвання, лагічнаму выдзяленню і актуалізацыі значэння асобных слоў, наданню выслоўю дадатковых семантычных і эмацыянальна-ацэначных адценняў, што ў цэлым павышае выяўленча-выразны патэнцыял беларускіх прыказак і прымавак.

    ЗАКЛЮЧЭННЕ
    У выніку даследавання сінтаксічных сродкаў выяўленчай выразнасці ў беларускіх прыказках і прымаўках можна зрабіць наступныя высновы:

    1. Выразнасць, ці, інакш кажучы, экспрэсіўнасць, надаецца творам за кошт самых разнастайных вобразных сродкаў: фанетычных прыёмаў (гукапісу, складападзелу), мастацкіх тропаў (эпітэта, метафары, параўнання, перафразы), сінтаксічных сродкаў (лексічных паўтораў, рытарычных фігур, марфалагічных паўтораў).

    2. Лексічныя паўторы і выкарыстанне аднакаранёвых слоў у прыказках заўсёды апраўданы. Яны ўжываюцца для ўзмацнення сэнсу таго ці іншага слова, выдзялення ў прыказцы найбольш важнага паняцця, служаць сродкам лексічнай выразнасці, а таксама спрыяюць інтанацыйна-рытмічнаму афармленню прыказкі.

    Таўталагічныя спалучэнні ці паўторы заўсёды вылучаюцца на фоне астатніх слоў, і гэта дае магчымасць звярнуць асаблівую ўвагу на семантычна ёмістыя паняцці. Інакш кажучы, лескічныя паўторы дазваляюць асобныя кампаненты прыказкі зрабіць ідэйна важкімі, змястоўнымі.

    Актыўна выкарыстоўваюцца розныя тыпы паўтораў – поўныя і частковыя, лакалізаваныя і нелакалізаваныя, кантактныя і дыстантныя, паліптатон і падваенне, шматзлучнікавасць і шматпрыназоўнікавасць, дэрывацыйны паўтор. Яны выконваюць разнастайныя функцыі – садзейнічаюць звязнасці кампанентаў у парэмічных выслоўях, выдзяляюць з кантэксту паўтораныя словы, актуалізуюць, узмацняюць або ўдакладняюць іх семантыку, з’яўляюцца сродкам стварэння рытмізацыі маўлення і дынамічнасці аповеду, павышаюць яго выяўленчавыразны патэнцыял.

    3. Беларускія прыказкі і прымаўкі маюць пэўныя структурныя адметнасці: у будове парэмічных выслоўяў вельмі пашырана выкарыстанне аднародчых членаў сказа, таксама звяртае на сябе ўвагу зварот да прыназоўнікавых канструкцый, што надае пявучасць і рытмічнасць выказванню.

    Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў

    Навуковая і практычная значнасць вынікаў даследавання заключаецца ў тым, што яны могуць быць выкарыстаны ў сярэдніх і вышэйшых адукацыйных установах для больш глыбокага вывучэння сінтаксічных сродкаў выяўленчай выразнасці ў беларускіх прыказках і прымаўках, у працэсе выкладання курса «Сучасная беларуская мова» на факультатыўных і краязнаўчых занятках, а таксама пры падрыхтоўцы курсавых, дыпломных і магістарскіх работ, пры напісанні калектыўных манаграфій, у працэсе выкладання спецкурсаў і спецсемінараў.

    Праца можа быць карыснай у навукова-папулярным плане і выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі грамадскіх лекцый, матэрыялаў для перыядычнага друку і спецыялізаваных тэле–, радыёпраграм.

    СПІС ЛІТАРАТУРЫ


    1. Атраховіч, К. К. (Крапіва Кандрат) Беларускія прыказкі / К. К. Атраховіч // Узвышша. – 1927. – № 6.

    2. Ахрыменка, П. Беларускія загадкі, прыказкі і прымаўкі. / П. Ахрыменка. – 1961.

    3. Евгеньева, А. П. Очерки по языку русской устной поэзии в записях XVII–XX вв. / А. П. Евгеньева. – М.-Л. : Изд.-во АН СССР, 1963. – 348 с.

    4. Кабашнікаў, К. П. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы / К. П. Кабашнікаў. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – 188 с.

    5. Карский, Е. Ф. Белорусы : в 3 т. Т. 3. Кн. 1. / Е. Ф. Карский. – Москва, 1916. – С. 388–405.

    6. Лепешаў, І. Я. Лінгвістычны аналіз тэксту / І. Я. Лепешаў. — Мінск : Выш. школа, 2009. — 262 с.

    7. Лепешаў, І. Я. Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства : дапам. / І. Я. Лепешаў. – Гродна : ГрДУ, 2006. – с. 219.

    8. Лепешаў, І. Я. Тлумачальны слоўнік прыказак і прымавак / І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. – Гродна: ГрДУ, 2011. – 667 с.

    9. Надежкин, А. М. Корневой повтор в художественной речи М. И. Цветаевой : дис. … канд. филол. наук : 10.02.01 / А. М. Надежкин. – Нижний Новгород, 2015. – 208 с.

    10. Невская, Л. Г. Тавтология как один из способов организации фольклорного текста [Электронный ресурс] / Л. Г. Невская. – Режим доступа : http://mirznanii.com/a/269768/tavtologiya-kakodin-iz-sposobov-organizatsii-folklornogo-teksta. – Дата доступа : 15.09.2018.

    11. Прыказкі і прымаўкі: у 2 кн. / склад. М. Я. Грынблат; рэд. А. С. Фядосік. – Мінск : Навука і тэхніка, 1976. – Кн. 1. – Мінск : Навука і тэхніка, 1976. – 560 с.

    12. Прыказкі і прымаўкі: у 2 кн. / склад. М. Я. Грынблат; рэд. А. С. Фядосік. – Мінск : Навука і тэхніка, 1976. – Кн. 2. – Мінск : Навука і тэхніка, 1976. – 616 с.

    13. Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / В. П. Рагойша. – Мінск: Вышэйшая школа, 1979. – 320 с.

    14. Станкевіч, А. А. Лінгвістычны аналіз тэксту/ А. А. Станкевіч. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – 198 с.

    15. Станкевіч, А. А. Сінтаксічныя сродкі звязнасці і вобразнасці
      ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны / А. А. Станкевіч // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины – 2018. – № 1 (106) – С. 100–104.

    16. Станкевіч, А. А. Сінтаксічныя сродкі слоўнай вобразнасці і выяўленчай выразнасці ў парэміях / А. А. Станкевіч // Скарынавы запаветы і сучаснасць : да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара У. В. Анічэнкі : матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі / рэдкал. : А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.] ; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2019. – С. 253–258.

    17. Хазанава, К. Л. Граматычныя асаблівасці параўнальных канстукцый у бкларускіх прыказках і прымаўках / К. Л. Хазанава // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. – 2020. – No 1 (118). – С. 155–159.

    18. Цішчанка, І. К. Іван Іванавіч Насовіч / І. К. Цішчанка // Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-я гг. ХІХ – пач. ХХ ст. – Мінск, 1989. – С. 37–47.

    19. Якалцэвіч, М. А. Лексічныя і гукавыя паўторы ў прыказках / М. А. Якалцэвіч // Фальклор і сучасная культура : ІІІ Міжнар. навук.-практ. канф., Мінск, 21-22 красавіка 2011 г. – Мінск : БДУ, 2011. – С. 200-201. 

    20. Якалцэвіч, М. А. Семантычныя асаблівасці прыказак з кампанентам-дэндронімам / М. А. Якалцэвіч // Беларуская мова ў супольнасці моў : зборнік навуковых артыкулаў (да 85-годдзя прафесара П.У. Сцяцко) / Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» ; адказны рэд. А. І. Кавальчук ; рэдкал.: І. І. Бубновіч [і інш.]. – Гродна : ЮрСаПринт, 2015. – С. 353-359. 

    21. Янкоўскі, М. А. Паэтыка беларускіх прыказак / М. А. Янкоўскі. – Мiнск: Вышэйшая школа, 1971. – 160 с.


    написать администратору сайта