Главная страница
Навигация по странице:

  • Тэма: Быць Чалавекам (

  • Тып урока

  • Ход урока 1. Арганізацыйна – матывацыйны этап. Настаўнік

  • ТРАГЕДЫЯ

  • 3. Выступленне «гісторыкаў­»

  • 5. Паведамленне вучня аб гісторыі напісання аповесці «Сотнікаў» . 6. Віктарына «Ці ўважліва вы прачыталі твор»

  • 8. Прэзентацыя працы ў групах

  • Сотнікаў крытэрыі Рыбак

  • 9. Абагульняючая гутарка

  • 10. Рэфлексія * Зварот да першага эпіграфа В. Быкава (пра вайну) і напісанне сінквейнаў на тэму “Вайна”.

  • -Сенняшні ўрок праходзіў у форме даследавання , у выніку

  • 11. Падвядзенне вынікаў урока

  • Адкрыты ўрок Герасімук. Быць Чалавекам па аповесці В. Быкава


    Скачать 24.22 Kb.
    НазваниеБыць Чалавекам па аповесці В. Быкава
    Дата23.04.2021
    Размер24.22 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаАдкрыты ўрок Герасімук.docx
    ТипДокументы
    #198032

    ДУА “ Ружанская СШ ”

    План – канспект адкрытага ўрока па беларускай літаратуры ў 11 класе

    Быць Чалавекам (па аповесці В. Быкава

    Сотнікаў”)

    Герасімук С.М.,

    настаўніца беларускай мовы і літаратуры першай катэгорыі

    2016 г.

    Тэма: Быць Чалавекам (па аповесці В. Быкава «Сотнікаў»)

    Мэты: звярнуць увагу вучняў на праблему выбару, ад якой залежаў поспех справы герояў аповесці; прымусіць задумацца над паводзінамі кожнага героя; развіваць уменне даваць характарыстыку персанажу, параўноўваць яго з іншымі літаратур­нымі героямі, карыстацца фактамі з твора пры аргументацыі сваіх меркаванняў; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць чалавечнасць, сумленнасць, патрыятызм, фарміраваць уменне з годнасцю вы­ходзіць з крытычнай сітуацыі; вучыць паважаць тых, хто адстаяў нашу свабоду і незалежнасць ў страшнай вайне, заваяваў мір і шчасце будучым пакаленням.

    Тып урока: урок – даследаванне.

    Абсталяванне: партрэт В. Быкава; выстава кніг В. Быкава; кніга «Памяць. Пружанскі раён»; ілюстрацыі на тэму вайны.

    Эпіграфы: Вайна - самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі… Яна не павінна паўтарыцца . ( В. Быкаў)

    Яшчэ невядома, хто болей жывы,

    А хто яшчэ мёртвы болей,-

    Хто паў , не схіліўшы галавы,

    Ці выжыў цаной любою. ( А. Вярцінскі)

    Ход урока

    1. Арганізацыйна – матывацыйны этап.

    Настаўнік. Кожны год 9 мая мы святкуем Вялікую Перамогу. І кожны чалавек нашай краіны павінен адчуваць усю значнасць гэтай перамогі і ніколі не забываць тых, каму мы абавязаны спакойным жыццём, чыстым небам, магчымасцю вучыцца і працаваць. Паслухайце радкі з верша «Я перад вамі з памяццю сваёй…» А. Вярцінскага:

    Я вас прашу, не зведаў хто вайны,

    Прашу вас, мае дочкі і сыны,

    Узяць хоць кроплю памяці маёй,

    Каб потым ёй не зарасці травой.

    Сённяшні ўрок – наш уклад у агульную Памяць аб Вялікай Перамозе.

    *Метад “Асацыяцыі”: падабраць асацыятыўныя паняцці да ключавых паняццяў сённяшняга ўрока.

    ТРАГЕДЫЯ (гора , смерць , слёзы) ПОДЗВІГ(мужнасць , высакародства, гераізм)

    2. Мэтавызначэнне

    Настаўнік. Відавочна, што асацыятыўныя рады перакрыжоўваюцца, пераплятаюцца, як і ўсё ў нашым жыцці. Мы высветлім , як гэтыя паняцці адлюстраваны ў творы. Наш сённяшні ўрок мае форму даследавання.А мэта любога даследавання … – (адкрыццё нечага новага).У ходзе даследавання мы будзем слухаць паведамленні і адказы, станем удзельнікамі віктараны,будзем весці аналітычную гутарку. Наша галоўная мэта - на прыкладзе аналізу твора прадэманстраваць , што ніякія абставіны не могуць скарыць людзей , моцных духам.

    3. Выступленне «гісторыкаў­»

    Гістарычныя даведкі аб партызанскім руху ў Беларусі і ў Пружанскім раёне ў гады Вялікай Айчын­най вайны.

    4. Агульная характырыстыка тэмы «В. Быкаў і вайна»

    Настаўнік. Мы сёння павінны быць удзячны ўсім тым, хто набліжаў Перамогу, у тым ліку і В. Быкаву, які ў званні малодшага лейтэнанта ўдзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва­-Заходнім фронце (на Украіне, у Румыніі, Аўстрыі) да самай Перамогі. Мы, жыхары Беларусі, удзячны пісьменніку яшчэ і за тое, што ён падарыў свету творы, напоўненыя горкай праўдай пра суровы ваенны час. Аповесць «Сотнікаў» (1970) – другая аповесць В. Быкава з партызанскага цыкла («Круглянскі мост», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца»). На першы погляд, зварот да твораў партызанскай тэматыкі можа здацца вельмі нечаканым, бо аўтара гартавала франтавое жыццё, а ў вайне партызанскай яму не давялося ўдзельнічаць. Аднак, як заўсё­ды, дапамагла моц таленту, выдатнае веданне псіхалогіі і паводзін чалавека на вайне, асабліва перад пагрозай смерці. Гэта псіхалогія пры ўсіх адрозненнях франтавой вайны і партызанскай барацьбы мела шмат агульнага. І трэба яшчэ ўлічыць, што само жыццё ў родным краі, на Ушаччыне, сутыкала В. Быкава са слядамі партызанскай вайны. Успаміны партызанскіх кіраўнікоў, сустрэча з радавымі ўдзельнікамі барацьбы супраць фашызму, расказы землякоў, былых партызан, сяброў­-пісьменнікаў – усё гэта хвалявала празаіка, узбагачала яго фактычным матэрыялам. «Сотнікаў», як і іншыя творы В. Быкава, мае ў сваёй аснове нявыдуманую жыццёвую гісторыю.

    5. Паведамленне вучня аб гісторыі напісання аповесці «Сотнікаў» .

    6. Віктарына «Ці ўважліва вы прачыталі твор?»

    1. Сотнікаў у час сумеснага паходу быў вельмі прастуджаны. Што прапанаваў яму Рыбак, каб трохі ўратаваць шыю ад ветру? (Вафельны ручнічок.)

    2. Кім быў Сотнікаў да вайны? (Настаўнікам.)

    3. Якая адукацыя была ў Рыбака? (Пяць класаў сямігодкі.)

    4. Перад тым, як трапіць у партызаны, Сотнікаў быў…(камбатам), а Рыбак…(старшыной)?

    5. Каго сустрэлі Сотнікаў і Рыбак, перш чым трапіць у хату Пётры Качана? (Старую кабету, суседку Качана, якая секла дровы.)

    6. Як П. Качан стаў старастам? (Па заданні сакратара райкома.)

    7. Куды ішлі Рыбак з Сотнікавым сярод ночы? (На знаёмы хутар, каб разжыцца харчам для галодных партызан.)

    8. Хто параніў паліцая ў начной перастрэлцы? (Сотнікаў.)

    9. Колькі дзяцей было ў Дзёмчыхі? (Трое, большай дзяўчынцы 10 гадоў.)

    10.Хто быў павешаны разам з Сотнікавым? (Яўрэйская дзяўчынка Бася, якая хавалася ў вяскоўцаў.)

    11.Што падумаў Рыбак, калі першы раз убачыў Партнова? (Што мог бы лёгка задушыць яго, бо той быў малы ростам і нядужы.)

    12.Каму ў вочы глядзеў Сотнікаў у апошнія хвіліны свайго жыцця? (Хлопчыку ў будзёнаўцы.)

    7. Стварэнне праблемнай сітуацыі .

    *Аповесць, з якой мы будзем працаваць, называецца «Сотнікаў», але спачатку В. Быкаў на­зваў яе «Ліквідацыя». Чаму аўтар змяніў назву? (Слова «Ліквідацыя» падразумявае не толькі ліквідацыю фізічную, але і духоўную. А тыя, каго павесілі, духоўна не былі ліквідаваны. Назва «Сотнікаў» канцэнтруе ўвагу на галоўным героі і праз яго вобраз вырашае галоўную прабле­му, акрэсленую ў тэме ўрока.)

    *У назве нашай тэмы ёсць слова «Чалавек». Чаму яно напісана з вялікай літары? – Паспрабуйце, зыходзячы з тэмы ўрока і эпіграфаў, акрэсліць галоўныя мэты нашага ўрока. Вучні выказваюць свае меркаванні.

    8. Прэзентацыя працы ў групах.

    (За тыдзень да ўрока вучні аб’ядноўваюцца ў групы, кожная з іх атрымлівае пытанні і заданні, самастойна працуе з імі).

    Заданні групе 1

    1. Як бы вы падзялілі герояў аповесці паводле іх маральных прынцыпаў?

    2. Ахарактарызуйце вобраз Сотнікава, зрабіўшы кластар.

    3. Нам, чытачам, кідаецца ў вочы такая якасць Сотнікава, як зацятая ўпартасць. У якіх эпізодах яна праяўляецца найбольш ярка?

    4. Ці дапамагла гэта ўпартасць Сотнікаву ў апошнія гадзіны яго жыцця?

    Заданні групе 2

    1. У аповесці шмат увагі ўдзяляецца духоўнаму свету Рыбака, які раскрываецца не толькі праз учынкі, але і праз няўласна-­простую мову. Ахарактарызуйце вобраз Рыбака пры дапамозе кластара.

    2. У якіх эпізодах праяўляецца эгаізм Рыбака?

    3. Ці выпадкова ў канцы аповесці Рыбак хоча павесіцца ў прыбіральні?

    Заданні групе 3

    1.Параўнайце Рыбака і Сотнікава пры дапамозе наступнай табліцы:

    Сотнікаў

    крытэрыі


    Рыбак




    паходжанне герояў







    асаблівасці выхавання







    знешні выгляд







    паводзіны ў час начнога рэйду







    асноўная рыса характару







    адносіны да смерці







    сутнасць прозвішча




    2. Паспрабуйце вызначыць прынцып жыцця гэтых герояў.

    Заданні групе 4

    1. Дакажыце, што Пётра Качан у аповесці застаўся сапраўдным Чалавекам. Якія прынцыпы спрадвечнай народнай маралі нясе ў сабе гэты чалавек?

    2. Ці можна сказаць, што Пётра ў апошнія гадзіны свайго жыцця ўратаваў ад смерці людзей? Як ён змог гэта зрабіць?

    3. Дайце кароткую характарыстыку Дзёмчысе. Ці лёгка было гэтай жанчыне застацца Чалаве­кам?

    4. Ахарактарызуйце фінал аповесці. Як загінулі героі? Ці дарэмны быў іх канец? Ці згодны вы з тым, што смерць можа несці веру і жыццё?

    Заданні групе 5

    1.Што вам вядома пра лёс яўрэйскага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны, пра Халакост?

    2. Як раскрываецца тэма Халакоста ў творы ? (вобраз яўрэйскай дзяўчынкі Басі)

    9. Абагульняючая гутарка

    У 1976 годзе на кінастудыі “Масфільм” адбыліся здымкі кінафільма па аповесці В.Быкава “Сотнікаў”. Фільм атрымаў назву “Узыходжанне”.

    * Як вы лічыце , у чым сутнасць назвы фільма? (Невыпадкова , што назва фільма асацыіруецца з біблейскім вобразам . Гэта сінонім уваскрашэнню.Бо толькі годныя людзі варты уваскрашэння.Сотнікаў ахвяраваў сабой дзеля жыццяў іншых і застанецца жыць вечна . Такі подзіг здзейснілі многія.)

    * Нехта сказаў: «Не так важна быць Чалавекам, намнога важней Чалавекам памерці». Ці згодны вы з гэтым выказваннем? (Так, чалавек часта ў жыцці стаіць перад выбарам, а калі ў небяспецы Радзіма, нярэдка даво­дзіцца выбіраць смерць , каб было жыццё на зямлі. Ці кожны здольны на такі выбар? Адказ трэба шукаць у сваім сэрцы.)

    10. Рэфлексія

    * Зварот да першага эпіграфа В. Быкава (пра вайну) і напісанне сінквейнаў на тэму “Вайна”.

    Вайна

    Бязлітасная, жорсткая.

    Нішчыць , руйнуе , забівае.

    Застацца Чалавекам на вайне – нялёгкі выбар.

    Боль.

    -Сенняшні ўрок праходзіў у форме даследавання , у выніку :

    Мы правялі параўнальны аналіз герояў … і выявілі…

    Мы ахарактарызавалі ролю другасных персанажаў … і вызначылі …

    Ма знайшлі ў творы і біблейскія матывы і высветлілі…

    Сённяшні ўрок стаў для мяне ўрокам…

    11. Падвядзенне вынікаў урока.

    Выстаўленне адзнак. Слуханне песні “Малітва” ў выкананні ансамбля “Песняры”.(Гэта песня, як запавет нашчадкам берагчы сваю Радзіму Беларусь і мір на зямлі.)

    12. Дамашняе заданне: Падрыхтаваць выказванне па тэмах на выбар “Маё адкрыццё “Сотнікава”, “Узыходжанне Сотнікава”.



    написать администратору сайта