Главная страница

Рамантызм. Дзеячы эпохі рамантызму


Скачать 21.7 Kb.
НазваниеДзеячы эпохі рамантызму
Дата06.09.2022
Размер21.7 Kb.
Формат файлаdocx
Имя файлаРамантызм.docx
ТипДокументы
#663997

Вайтовіч Кацярына

Дзеячы эпохі рамантызму

Рамантызм — адзін з буйнейшых накірункаў сусветнай літаратуры Новага часу, які найбольш моцна выявіўся ў прыгожым пісьменстве Еўропы Паўночнай Амерыкі ў канцы ХVІІІ — першай трэці ХІХ стст.

Непрыняцце новага, надзвычай прагматычнага і меркантыльнага ладу жыцця, пратэст супраць пошласці, празаічнасці, бездухоўнасці і эгаістычнасці адносін, якія паступова ўсталёўваліся ў грамадстве, мелі месца ўжо ў творах сентыменталізму і перад рамантызму (пад ім падразумяваецца комплекс своеасаблівых ідэйна-стылёвых тэндэнцый у еўрапейскай літаратуры другой паловы ХVІІІ — пачатку ХІХ стст., выяўлены найперш ў творчасці Т. Чацертона, Дж. Макферсана («Песні Асіяна»), у гатычным рамане Х. Уолпала, А. Радкліф). Але ў рамантызме ўсё гэта набыло асаблівую вастрыню.

У галіне эстэтыкі рамантыкамі зроблены шматлікія адкрыцці і новаўвядзенні. Пісьменнікі гэтага накірунку вялікую ўвагу надавалі збору нацыянальнага фальклору (народная культура, на думку рамантыкаў, павінна была выступіць адным са сродкаў абнаўлення мастацтва). Рамантыкі істотна мадэрнізавалі жанравую сістэму літаратуры: побач з трагедыяй і драмай імкліва развіваюцца эпічныя жанры (асабліва вялікую папулярнасць набывае раман, не намнога адстае ад яго навела), а таксама лірыка; асаблівая заслуга рамантыкаў у распрацоўцы жанру паэмы (у літаратуразнаўстве існуе нават тэрмін «рамантычная паэма»). Наогул, рамантычная эстэтыка і паэтыка — новы і значны крок у паступальным развіцці сусветнага прыгожага пісьменства.

Першай і класічнай краінай рамантызму стала Германія. Асновы рамантычнага светапогляду і рамантычнай эстэтыкі былі закладзены прадстаўнікамі іенскай школы, куды ўваходзілі В. Вакенродэр, Наваліс, браты А.В. і Ф. Шлегелі, Л. Цік. Да іенцаў прымыкаў вядомы нямецкі філосаф і тэарэтык мастацтва Ф. Шэлінг. Другая значная група нямецкіх рамантыкаў аформілася ў г.Гейдэльберзе, утварыўшы гейдэльбергскую школу. Яе прадстаўлялі Л. Арнім, К. Брэнтана, браты Я. і В. Грым, Ё. Эйхендорф. Гейдэльбергскімі рамантыкамі было надзвычай шмат зроблена ў плане збірання і прапаганды (у тым ліку і праз выкарыстанне ў мастацкай творчасці) нямецкага нацыянальнага фальклору. Позні нямецкі рамантызм прадстаўляюць Г. Клейст, Т. Гофман, А. Шамісо, Г. Мюлер. Творчасць Г. Гейнэ — «апошняга рамантыка» ў нямецкай літаратуры (вызначэнне самога Г. Гейнэ) — на познім этапе ўжо выходзіць за рамкі ўласна рамантызму.

Не зусім аднародным быў і англійскі рамантызм. Адной з першых узнікла ў ім азёрная школа, прадстаўнікі якой (У. Вордсварт, С. Кольрыдж, Р. Сауці) культывавалі ідэі непрымання сучаснага ім прамысловага грамадства. Групу лонданскіх рамантыкаў прадстаўлялі Дж. Кітс, Ч. Лэм, У. Хэзліт, Л. Хант. Асобна ў англійскім рамантызме стаяць велічныя фігуры Дж. Байрана, В. Скота, П. Шэлі.

Рамантызм у французскай літаратуры, дзе былі надзвычай моцнымі традыцыі класіцызму, стала замацаваўся толькі к пачатку 1820-х гг. Яго адрознівае вялікая сувязь са спадчынай Асветніцтва, а таксама пераважны зварот да сучаснасці, да актуальнай сацыяльна-палітычнай праблематыкі. Найбольш значныя прадстаўнікі французскага рамантызму — Ф. Шатабрыян, Ж. Сталь, Э. Сенанкур, Б. Канстан, А. Ламарцін, В. Гюго, А. Віньі, А. Мюсэ, Ж. Санд.

Італьянскі рамантызм прадстаўлены творчасцю У. Фаскола, А. Мандзоні, Дж. Леапардзі; іспанскі — Х. дэ Эспрансэда, Сарыльі-і-Мараль; аўстрыйскі — Ф. Грыльпарцэра, Н. Ленау; дацкі — Э. Эленшлегера; шведскі — Э. Тэгнера; венгерскі — Ш. Пецёфі; румынскі — М. Эмінэску. Рамантызм склаў цэлую эпоху ў развіцці польскай літаратуры (А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, З. Красіньскі, Ц. Норвід). З польскім рамантызмам, аб чым будзе сказана крыху ніжэй, вельмі цесна звязана развіццё беларускай літаратуры ХІХ ст.

Рамантызм у рускай літаратуры выявіўся таксама надзвычай моцна. Самымі буйнымі рускімі пісьменнікамі-рамантыкамі з’яўляюцца В. Жукоўскі, К. Бацюшкаў, А. Пушкін, М. Лермантаў (абодва на раннім этапе сваёй творчасці), К. Рылееў, В. Кюхельбекер, А. Адоеўскі, М. Гнедзіч, А. Дэльвіг, П. Вяземскі, Дз. Веневіцінаў, Я. Баратынскі, А. Бястужаў-Марлінскі, М. Языкаў.

Атрыманне нацыянальнай незалежнасці ў многім вызначыла развіццё рамантызму ў ЗША, «для якога з’яўляецца характэрнай больш адчувальная, чым у еўрапейскіх краінах, блізкасць да традыцый Асветніцтва, асабліва ў ранніх рамантыкаў (В. Ірвінг, Ф. Купер, У. Брайант), аптымістычныя ілюзіі адносна будучага Амерыкі, менш цесная сувязь з культурамі мінулых эпох (сярэднявечча, Адраджэнне, барока), па-новаму адкрытых еўрапейскім рамантызмам». Спелы і позні паўночна-амерыканскі рамантызм прадстаўлялі Э.По, Н.Готарн, Г.Лангфела, Г.Мелвіл, Р.Эмерсан, Г.Тора і інш.

Сутнасць неарамантызму ў тым, што «ён не толькі генетычна і тыпалагічна бярэ пачатак ад рамантызму, але і непасрэдна з ім звязаны, працягвае яго, прычым як у праблемна-тэматычным, так і ў выяўленча-стылёвым планах. Найбольш моцна неарамантычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці Р. Стывенсана, Р. Кіплінга, Дж. Конрада, А. Конан Дойля, Г. Хагарта, Л. Войніч (Англія), Г. Гаўптмана (Германія), Г. Ібсана, К. Гамсуна (Нарвегія), Дж. Лондана (ЗША), Ф. Гарсія Лоркі (Іспанія), С. Пшыбышэўскага (Польшча), ранняга М. Горкага, Л. Андрэева, М. Гумілёва, К. Бальмонта (Расія).

Рамантызм у беларускай літаратуры ў эпоху яго развіцця ў Еўропе зарадзіўся пад уздзеяннем польскіх рамантыкаў — ураджэнцаў Беларусі. Рамантычныя рысы ў цеснай пераплеценасці з рэалістычнымі, сентыменталісцкімі і нават класіцыстычнымі прысутнічаюць у творчасці Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі, В.Каратынскага, В.Дуніна-Марцінкевіча. Можна таксама весці гаворку аб некаторых, няхай сабе і нязначных, але ўсё-такі выявах рамантычнай эстэтыкі і паэтыкі ў творчасці Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча.

У беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. моцны рамантычны струмень адчуваецца перш за ўсё ў паэзіі Я. Купалы. Рамантычныя рысы таксама даюць аб сабе досыць моцна знаць у творчасці Цёткі, З. Бядулі, К. Каганца, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, Л. Родзевіча і нават Я. Коласа (напрыклад, выкарыстанне рамантычных прыёмаў у абмалёўцы вобраза паэта ў паэме «Сымон-музыка», у перадачы духоўнага жыцця персанажаў у «Казках жыцця», у адлюстраванні экзотыкі глухамані ў аповесцях «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся»). Наогул жа, практычна ўсе беларускія пісьменнікі пачатку ХХ ст. так ці інакш адчулі на сабе ўплыў рамантызму (неарамантызму), прычым, як правіла, станоўчы, дабратворны.

1920-я гг. у беларускай літаратуры таксама пазначаны пэўным культываваннем прыёмаў і прынцыпаў рамантычнага пісьма. Гэта датычыцца ў першую чаргу творчасці маладнякоўцаў (М. Чарот, М. Зарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча, П. Трус і інш.). У гэтае ж дзесяцігоддзе (а таксама і ў наступнае) рамантычныя тэндэнцыі даволі моцна выяўляюцца ў паэтычнай творчасці многіх заходне-беларускіх пісьменнікаў (У. Жылкі, Л. Родзевіча, В. Таўлая, М. Танка, М. Васілька, А. Салагуба, А. Іверса і інш.).

У беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. імкненне да выкарыстання сродкаў рамантычнага пісьма адчувальнае ў творчасці Я. Брыля, В. Быкава, М. Стральцова, В. Адамчыка, А. Карпюка, Я. Сіпакова, А. Жука і, вядома ж, У. Караткевіча, рамантычная паэзія, проза і драматургія якога атрымала самае шырокае прызнанне ў сучаснага чытача.


написать администратору сайта