Канстытуцыя Рэчы Паспалитай. Канстытуцыя РП. Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791г. і 23 лістапада 1793 г. Канстытуцыя 3 мая 1791 г
Скачать 18.5 Kb.
|
Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791г. і 23 лістапада 1793 г. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. была другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) дзяржаўным дакументам, які рэгуляваў арганізацыю дзяржаўнай улады, а таксама правы і абавязкі грамадзян, пад якімі разумеліся ўсе жыхары краіны. Канстытуцыя складалася з прэамбулы і 11 раздзелаў. Згодна з ёю Рэч Паспалітая пераўтваралася ў канстытуцыйную манархію. Улада караля абвяшчалася спадчыннай. Яна абмяжоўвалася соймам, які па сацыяльнаму статусу большасці дэпутатаў з’яўляўся шляхецкім. Пануючай канфесіяй абвяшчаўся каталіцызм. Пераход з каталіцкай веры ў іншую забараняўся. Для ўсіх іншых канфесій гарантавалася свабода выканання рэлігійных абрадаў. Шляхта разглядалася ў якасці прывілеяванага саслоўя, але яе правы былі адносна абмежаваныя: яна пазбаўлялася стану найвышэйшай і апошняй улады над прыгоннымі сялянамі. Не адмяняючы залежнасць сялян ад пана, Канстытуцыя дэкларавала, што сяляне пераходзяць «пад апеку права і ўлады дзяржаўнай». У новым законе абвяшчаўся падзел улады ў дзяржаве на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Канстытуцыя прадугледжвала пераўтварэнне Рэчы Паспалітай ва ўнітарную краіну. Таму 20 кастрычніка 1792 г. з’явіўся дакумент пад назвай «Узаемная гарантыя двух народаў», які павінен быў урэгуляваць адносіны паміж ВКЛ і Каронай. Маршалак сойма Казімір Нестар Сапега абвясціў гэты праект, які прадугледжваў аб’яднанне войска і скарбу, а таксама стварэнне агульных для ВКЛ і Польшчы ўрадавых устаноў. Пры гэтым у іх павінна была засядаць аднолькавая колькасць прадстаўнікоў ВКЛ і палякаў. Старшынства ў галоўных дзяржаўных камісіях, вайсковай і скарбовай, павінна было чаргавацца. Вялікае княства Літоўскае забяспечвала свой скарб і суд, а таксама права «мець такую ж самую лічбу міністраў і дзяржаўных устаноў і з тымі ж тытуламі і абавязкамі, якія Карона калі-небудзь мець будзе». Гародня заставалася месцам правядзення соймаў Рэчы Паспалітай. Такім чынам, быў дасягнуты няпросты кампраміс, які акрэсліваў характар узаемаадносін паміж Княствам і Польшчай пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Аўтаномія ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай была зменшана, але і не скасавана. У сваёй аснове Канстытуцыя 3 мая мела прагрэсіўны характар і адкрывала шлях да стварэння дэмакратычных асноў улады. Аднак была і абмежаванай: захоўваўся саслоўны характар грамадства. Для жыхароў Княства далейшая ўніфікацыя частак Рэчы Паспалітай значыла працяг паланізацыі і пагрозу канчатковай страты сваёй дзяржаўнасці ў выглядзе Вялікага княства Літоўскага. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 23 лістапада 1793 г. была прынята на Гродзенскім сойме. На гэтым сойме таксама была зацверджана руска-пруская канвенцыя ад 23 студзеня 1793 г. аб другім падзеле Рэчы Паспалітай і страціла сілу Канстытуцыя 3 мая 1791 г. Канстытуцыя 23 лістапада 1793 г. складалася з некалькіх законаў, асновай якіх былі Кардынальныя правы, закон аб сойме і аб Пастаяннай Радзе. Новыя Кардынальныя правы замацоўвалі адзінства Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) у складзе Рэчы Паспалітай (арт. 1), абвяшчалася пра захаванне феадальных правоў (арт. 2), таксама гаварылася аб пануючай каталіцкай веры (арт. 3), адасобленасці прававой сістэмы ВКЛ. Па-старому павінны былі адбывацца выбары караля (арт. 9), пры парушэнні каралём правоў народа і сваіх абавязкаў аднаўлялася права абвяшчэння непадпарадкавання каралю (арт. 10). Беззямельная шляхта пазбавілася палітычных правоў; захоўвалася гарадское самакіраванне; пацвярджаліся ўсе папярэднія дваранскія прывілеі; скасаваны інстытут прадстаўнікоў ад гарадоў у сойме. Таксама абвяшчалася захаванне правоў памешчыкаў на валоданне залежнымі ад іх сялянамі, але за наўмыснае беспрычыннае забіццё селяніна нават яго гаспадар мог быць пакараны смерцю (арт. 13). Кардынальныя правы ў Рэчы Паспалітай абвяшчаліся вечнымі і нязменнымі (арт. 16). Рэгламентавалася таксама, што “свабода думкі і слова ўрачыста забяспечваюцца на сойміках кожнаму шляхціцу і дэпутатам на сойме...”. Адзначалася, што “не дазваляецца якой-небудзь краёвай уладзе, нават і заканадаўчай заключаць пагадненні аб уступцы часткі тэрыторыі і адарвання іх ад Рэчы Паспалітай, а ўсялякія такім спосабам адарваныя, аддаленыя або абмежаваныя часткі тэрыторыі, як належачыя да Рэчы Паспалітай непахісна будуць ёй належаць ... кожны хто будзе ўдзельнічаць у такіх дагаворах будзе абвешчаны як вораг бацькаўшчыны”. На тым жа сойме, як частка Гродзенскай канстытуцыі, былі прыняты законы пра ўмовы, якія павінны былі прымаць пад прысягай усе каралі перад іх каранацыяй, так званым Пактам канвента: аб сойме, яго кампетэнцыі і парадку дзейнасці, Пастаяннай Радзе, якая павінна была выконваць функцыі ўрада для ўсёй Рэчы Паспалітай. Сойм прызнаваўся вышэйшым заканадаўчым органам дзяржавы; пры рашэнні кардынальных спраў (асноўных законаў) каралю давалася права «liberum veto» на соймавыя рашэнні. Соймы павінны засядаць з першага кастрычніка да канца лістапада два разы ў Варшаве, а трэці раз – у Гродне. Гродзенская канстытуцыя 1793 г. не прытрымлівалася прынцыпу падзелу ўлад, хаця і ўтвараўся выканаўчы орган – Пастаянная Рада, якая выбіралася соймам і складалася з яго прадстаўнікоў. Другі падзел Рэчы Паспалітай, Таргавіцкая канфедэрацыя і Гродзенская канстытуцыя, якая абвяшчала захаванне феадальнага ладу на вечныя часы, не спынілі распад дзяржавы, што выклікала шырокую незадаволенасць насельніцтва і прывяло да народнага паўстання. А далейшыя падзеі ў Рэчы Паспалітай, якія сталі вельмі імкліва развівацца, прывялі да таго, што і нормы Канстытуцыі 1793 г. не былі рэалізаваныя. |