Главная страница
Навигация по странице:

  • Для развіцця крытычнага мыслення

  • Для развіцця крэатыўнага мыслення

  • Для развіцця візуальнага мыслення

  • Для развіцця сацыяльнага інтэлекту

  • Для развіцця эмацыянальнага інтэлекту

  • Для развіцця камунікабельнасці

  • Для развіцця ўстойлівасці асобы

  • доклад. Крытычнае мысленне (здольнасць фарміраваць уласнае меркаванне, ажыццяляць інтэлектуальныя працэдуры (аналіз і сінтэз) у працэсе паранання абекта вывучэння і адрознення меркавання ад факта)


    Скачать 23.96 Kb.
    НазваниеКрытычнае мысленне (здольнасць фарміраваць уласнае меркаванне, ажыццяляць інтэлектуальныя працэдуры (аналіз і сінтэз) у працэсе паранання абекта вывучэння і адрознення меркавання ад факта)
    Анкордоклад
    Дата06.04.2023
    Размер23.96 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаdoklad (2).docx
    ТипДокументы
    #1043161

    Сучасным стратэгічным напрамкам развіцця малодшых школьнікаў і іх сацыялізацыі з’яўляецца фарміраванне функцыянальнай пісьменнасці ў сацыяльна-грамадзянскай галіне ці сацыякультурнай пісьменнасці, што можа быць выражана як падрыхтоўка “асобы, якая ўмее жыць сярод людзей”. З пункту гледжання развіцця ўніверсальных якасцей асобы ХХІ стагоддзя абазначаная праблематыка мае інавацыйны характар. У навуковай літаратуры сацыякультурная пісьменнасць разумеецца як інтэгратыўная характарыстыка асобы ва ўзаемасувязі яе інтэлектуальна-пазнавальнага, інфармацыйна-чытацкага, сацыяльна-камунікатыўнага, сацыяльна-асобаснага кампанентаў (з улікам узроставых асаблівасцей) і пазнавальных здольнасцей дзяцей.

    Мэтапалаганнем пры фарміраванні сацыякультурнай пісьменнасці з’яўляецца паспяховая інтэграцыя вучняў пачатковых класаў у існуючае сацыякультурнае і інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, забеспячэнне функцыянавання асобы ў сістэме канкрэтных гістарычна склаўшыхся каштоўнасных адносін.

    Пры фарміраванні сацыякультурнай пісьменнасці ўлічваюцца наступныя ключавыя кампетэнцыі (універсальныя якасці асобы) чалавека ХХІ стагоддзя (так званая сістэма “4К”):

    - крытычнае мысленне (здольнасць фарміраваць уласнае меркаванне, ажыццяўляць інтэлектуальныя працэдуры (аналіз і сінтэз) у працэсе параўнання аб’ектаў вывучэння і адрознення меркавання ад факта);

    - крэатыўнае мысленне (праяўленне творчасці асобы, у т. л. звязанае з мадэліраваннем верагодных думак, адносін ці паводзін і з уяўленнем, якое фарміруецца самастойна і не на аснове прыведзеных прыкладаў);

    - камунікабельнасць (здольнасць падтрымліваць зносіны з людзьмі, якія акружаюць, і ўспрымаць іх як іншых, але не чужых, уменне знаходзіць агульнае ва ўзаемаадносінах з іншымі);

    - кааперацыя (гатоўнасць да супрацоўніцтва і абмену як інфармацыяй, так і сэнсамі, уменне арганізаваць людзей для выканання імі пэўнай задачы).

    Пры фарміраванні сацыякультурнай пісьменнасці малодшых школьнікаў як прадстаўнікоў пакалення інфармацыйнага грамадства увага звяртаецца на наступныя ўніверсальныя якасці асобы:

    - візуальнае мысленне (здольнасць прадстаўляць і засвойваць вучэбную і сацыяльна значную інфармацыю па алгарытме “вобраз–слова–дзеянне”);

    - сацыяльны інтэлект (здольнасць успрымаць мноства сэнсаў у аб’ектах засваення і на гэтай аснове прымаць рашэнне, уменне разумець другога чалавека ў яго імкненнях і матывацыі паводзін);

    - эмацыянальны інтэлект (уменне распазнаваць свае эмоцыі і эмоцыі іншых людзей і кіраваць імі для дасягнення мэты);

    - устойлівасць асобы (стабільнасць у яе асабістым самаразвіцці, вучэбная ці сацыяльная самастойнасць, гатоўнасць браць на сябе адказнасць у прыняцці рашэння і яго ажыццяўленні, прыстасаванне мадэлі паводзін і дзеянняў да змен у сацыякультурным асяроддзі).

    Пералічаныя ўніверсальныя якасці асобы як кампетэнтнасныя характарыстыкі складаюць яе функцыянальную пісьменнасць, якая разумеецца як гатоўнасць да выкарыстання сфарміраваных ведаў і ўменняў у розных жыццёвых сітуацыях.

    Прадстаўленыя вышэй “4К” маюць прыкладны абзорны характар і не ўспрымаюцца як цалкам дасягальныя ў прапедэўтычным навучанні малодшых школьнікаў у сувязі з іх узроставымі пазнавальнымі магчымасцямі, маюць рэкамендацыйны і вектарны характар для свайго стратэгічнага развіцця. Варта ўлічваць, што фарміраванне сацыякультурнай пісьменнасці пры рэалізацыі свайго прапедэўтычнага мэтапалагання прадугледжвае выкарыстанне як прадметнага патэнцыялу змястоўнага блока “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”, так і метапрадметныя вынікі навучання. Яны звязаны з асэнсаваннем малодшымі школьнікамі сваёй ідэнтычнасці з беларускім народам, Радзімай, дзяржавай з улікам наследавання канкрэтных дасягненняў у культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі, у т. л. на мясцовым краязнаўчым узроўні, што досыць актуальна ў Год гістарычнай памяці. Таксама актуалізуюцца кантэкстуальныя вынікі навучання, арыентаваныя на рэгуляцыю (мадэліраванне) вучнямі сваіх паводзін у сацыяльна абумоўленай сітуацыі міжасобаснага ўзаемадзеяння.

    Сацыякультурная пісьменнасць праяўляецца ў канкрэтных дзеяннях і паводзінах малодшых школьнікаў, якія яны маглі бы прадэманстраваць у розных сітуацыях рэальнага жыцця. Гэта значыць, што пры стварэнні метадычнага інструментарыя для фарміравання сацыякультурнай пісьменнасці варта выкарыстаць прыёмы мадэліравання верагодных сацыяльных паводзін у канкрэтных жыццёвых абставінах. У якасці прыкладу распрацоўкі метадычнага інструментарыя для фарміравання сацыякультурнай пісьменнасці прапануецца тэхналагічная матрыца. У ёй універсальныя якасці асобы суаднесены з абагуленымі спосабамі дзейнасці, якія рэкамендуюцца для іх развіцця. Пры гэтым у дужках пазначаны фармулёўкі тых, што рэалізаваны як магчымыя заданні ў прыведзеным далей вучэбна-пазнавальным тэксце “Князёўна з трыма імёнамі”.

    Для развіцця крытычнага мыслення рэкамендуецца выкарыстанне наступных абагуленых спосабаў дзейнасці:

    - тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж блізкімі адна да адной гістарычнымі падзеямі (заданне 1А);

    - устанаўліваць часовыя (паслядоўна-храналагічныя) сувязі ў сюжэтнай лініі гістарычнай падзеі і паміж гістарычнымі перыядамі;

    - параўноўваць блізкія адна да адной гістарычныя падзеі па прапанаваных прыметах і рабіць на гэтай падставе высновы, абумоўленыя характарам параўнання;

    - фармуляваць пытанні да зместу вучэбнай і сацыяльна значнай інфармацыі, у т. л. прадстаўленай у тэксце;

    - даказваць з дапамогай фактаў сваё меркаванне;

    - адрозніваць гістарычны факт і яго інтэрпрэтацыю ці меркаванне аб ім;

    - выяўляць супярэчнасці ў змесце вучэбнай і сацыяльна значнай інфармацыі і здзяйсняць пошук іх верагодных прычын (знаходзіць іх у тэксце ці на малюнку);

    - рабіць мэтанакіраваны запыт (фармуляваць пытанне) да крыніцы інфармацыі з мэтай ліквідацыі ўласнага няведання пры ўстанаўленні межаў паміж тым, што ўжо вядома і яшчэ невядома;

    - вызначаць галоўнае ў змесце вучэбнага матэрыялу пры ажыццяўленні сэнсавага чытання;

    - складаць план зместу вучэбнага матэрыялу, які прадстаўлены сюжэтнай лініяй, і пераказваць яго сваімі словамі (будаваць аповед у лагічнай паслядоўнасці) (заданне 2А);

    - вызначаць дакладнасць ці недакладнасць зместу вучэбнай інфармацыі пры выкарыстанні легендарнага матэрыялу;

    - канкрэтызаваць (дэталізаваць) інфармацыю і звяртаць увагу на дробязі.

    Для развіцця крэатыўнага мыслення ужываць наступныя абагуленыя спосабы дзейнасці:

    - ствараць асацыяцыі і ўласныя метафары адносна вучэбнай і асобасна значымай інфармацыі;

    - прагназаваць верагоднае развіццё (фармуляваць гіпотэзу, прапаноўваць план, мадэль) гістарычных падзей, загадзя невядомых вучням (заданні 1Д, 3Д, 4Г);

    - канструяваць уласныя выказванні, сінанімічныя па сэнсе выказванню гістарычнай асобы ці адносна назвы апавядання або паняцця (заданне 2В);

    - уяўляць (рэканструяваць) аб’ект вывучэння, які адсутнічае ў апісанні.

    Для развіцця візуальнага мыслення магчыма выкарыстоўваць наступныя абагуленыя спосабы дзейнасці:

    - ствараць збіральны вобраз гістарычнай падзеі (дзейнасці і паводзін асобы) з улікам сюжэтнай лініі на аснове некалькіх візуальных крыніц (заданні 1Е, 3Е, 4Д);

    - суадносіць разнажанравыя (графічныя, мастацкія, тэкставыя) наглядныя крыніцы вучэбнай і сацыяльнай інфармацыі па адной і той жа гістарычнай падзеі (асобе) (заданне 2Г);

    - прадстаўляць вучэбную і сацыяльную інфармацыю ў наглядна-вобразным ці вербальна-лагічным выглядзе з яе перакадзіраваннем з візуальнай у тэкставую форму і наадварот;

    - пераўтвараць тэкставы паняційна-тэрміналагічны апарат у наглядна-вобразны (маляваны) від;

    - тлумачыць паходжанне гарадскіх гербаў і іншых вобразных сімвалаў роднага краю.

    Для развіцця сацыяльнага інтэлекту рэкамендуецца выкарыстоўваць наступныя абагуленыя спосабы дзейнасці:

    - фармуляваць пытанні да гістарычных асоб і прагназаваць іх верагодныя адказы;

    - разумець абумоўленасць прыняцця рашэння гістарычнай асобай у сітуацыі выбару, які ажыццяўляецца згодна з агульнапрынятай сістэмай каштоўнасцей і ў адпаведнасці з нормамі маральных паводзін ці верай (заданні 1Б, 4В);

    - фармуляваць гіпотэзу паводзін гістарычнай асобы ў канкрэтнай сітуацыі, якія загадзя невядомы вучню;

    - тлумачыць матывацыю ў дзеяннях гістарычнай асобы ці ў творчасці дзеяча культуры на аснове сюжэтнага апісання яго паводзін (учынкаў) ці азнаямлення з мастацкім творам (заданне 1Б);

    - тлумачыць выказванні гістарычных асоб у кантэксце канкрэтнай сітуацыі (заданні 2Б, 2В);

    - разумець адрозненне і падабенства людзей розных нацыянальнасцей і рэлігійнай прыналежнасці на аснове талерантнасці беларускага народа як яго каштоўнасці і цярпліва адносіцца да такіх людзей;

    - выяўляць прычыны супярэчнасці (канфлікту) ва ўзаемаадносінах паміж рознымі гістарычнымі асобамі і мадэліраваць магчымасці яго прадухілення (пераадолення) (заданне 3В);

    - прагназаваць наступствы сваіх учынкаў (дзеянняў, рашэнняў) пры іх мадэліраванні ў канкрэтнай гістарычнай сітуацыі з уласным удзелам.

    Для развіцця эмацыянальнага інтэлекту спатрэбяцца наступныя абагуленыя спосабы дзейнасці:

    - тлумачыць свае эмацыянальныя адносіны да ўчынкаў (паводзін, дзейнасці) гістарычных асоб (заданні 1Г, 3Г);

    - адчуваць асобасную далучанасць да вызначальнай гістарычнай падзеі;

    - распазнаваць эмацыянальнае становішча гістарычных асоб ці дзеячаў культуры (аўтараў мастацкіх твораў) (заданне 1В);

    - суперажываць (праяўляць эмпатыю) гістарычным асобам у іх пачуццях (каханне, нянавісць, павага, пагарда, радасць, смутак, сорам, абурэнне) пры азнаямленні з іх дзейнасцю ў гістарычнай рэтраспектыве, аддаленай па часе ад сучаснасці (заданні 3Б, 3Г);

    - вызначаць эмацыянальны стан гістарычнай асобы з апорай на яе фізіягноміку, ілюстрацыйнае апісанне і выкарыстанне мастацкага вобраза (заданне 3Е);

    - супастаўляць выяўленыя пажаданні гістарычных асоб з уласнымі пры мадэліраванні сумеснага з імі міжасобаснага ўзаемадзеяння для дасягнення сітуацый на абумоўленай мэты.

    Для развіцця камунікабельнасці рэкамендуюцца наступныя абагуленыя спосабы дзейнасці:

    - выкарыстоўваць артэфакты (музейныя экспанаты, краязнаўчыя аб’екты, хатнія рэчы і інш.) як сродак камунікацыі з гістарычнымі асобамі, якія аддалены па часе (заданні 1Е, 4А);

    - з павагай адносіцца да іншага меркавання (пункту гледжання);

    - суадносіць розныя харак тарыстыкі (меркаванні) адносна адной і той жа гістарычнай асобы;

    - растлумачваць іншым людзям сваё меркаванне наконт спрэчнага гістарычнага пытання;

    - мадэліраваць дыялог з аддаленымі па часе гістарычнымі асобамі (заданне 3Б);

    - удзельнічаць у калектыўным абмеркаванні дзейнасці (паводзін, учынку) гістарычнай асобы.

    Для развіцця кааперацыі спатрэбяцца наступныя абагуленыя спосабы дзейнасці:

    - узаемадзейнічаць з людзьмі незалежна ад іх нацыянальнасці і рэлігійнай прыналежнасці;

    - выяўляць умовы, якія склаліся гістарычна, для супрацоўніцтва паміж гістарычнымі асобамі;

    - вызначаць уклад у агульную справу (ролю ў дасягненні вынікаў) гістарычнай асобы (заданні 3А, 4Д);

    - прымаць на сябе ролю гістарычнай асобы, звязаную з рэканструкцыяй яе дзеянняў у канкрэтнай сітуацыі;

    - вызначаць сваё месца ў калектыўна-размеркавальнай форме дзейнасці на аснове выкарыстання ў якасці прыкладу пэўнай гістарычнай падзеі;

    - выкарыстоўваць свае інтарэсы (хобі), у т. л. у галіне гісторыі, для супрацоўніцтва з іншымі.

    Для развіцця ўстойлівасці асобы рэкамендуюцца такія абагуленыя спосабы дзейнасці, як:

    - выказваць сваё суб’ектыўнае меркаванне адносна асобасна каштоўнаснага для вучня зместу вучэбнага матэрыялу;

    - параўноўваць розныя мадэлі паводзін гістарычных асоб у адной і той жа сітуацыі;

    - характарызаваць маральныя паводзіны гістарычнай асобы на аснове прыкладу яе дзеяння (адносін) (заданне 3Ж);

    - параўноўваць учынкі гістарычных асоб (равеснікаў вучняў) і верагодныя ўласныя паводзіны на аснове захавання традыцыйных каштоўнасцей і выканання норм маральных паводзін (заданне 4Е);

    - выкарыстоўваць паводзіны (учынкі) гістарычных асоб, іх сямейных, сяброўскіх, працоўных адносін у якасці прыкладаў для ўласных паводзін;

    - ідэнтыфікаваць (атаясаямліваць) сябе як ураджэнца Беларусі на аснове пачуцця любові да малой радзімы (месца нараджэння) і азнаямлення са славутасцямі роднага краю, а таксама гонару за дасягненні сваіх землякоў і ўвогуле ўраджэнцаў Беларусі (заданне 4Б);

    - ідэнтыфікаваць (атаясаямліваць) сябе як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на аснове азнаямлення з гістарычнай і дзяржаўнай сімволікай, гістарычнымі святамі, дзяржаўна-палітычнымі дзеячамі, асновамі дзяржаўнага ладу.

    У якасці прыкладу распрацоўкі метадычнага інструментарыя для фарміравання сацыякультурнай пісьменнасці прапануецца вучэбна-пазнавальны тэкст “Князёўна з трыма імёнамі”, які адпавядае па сваім змесце вучэбнаму дапаможніку “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”, 4 клас.

    Больш за тысячу гадоў да нас у Полацку ўладарыў князь Рагвалод. Ягонае імя некаторыя вучоныя тлумачаць як “валадар рога”. Відаць, бацькі назвалі яго так, марачы, каб сын быў храбрым воінам і спрытным паляўнічым. У тыя часы сігналы на паляванні падавалі з рога.

    Аднойчы ў Полацк нечакана заявіліся сваты з Ноўгарада. Князь Рагвалод паклікаў дачку і перад гасцямі запытаўся, ці хоча яна пайсці за Уладзіміра. Ганарлівая Рагнеда адмовілася.

    Даведаўшыся пра гэта, Уладзімір страшэнна раззлаваўся і з вялікім войскам рушыў на Полацк. Ворагі напалі раптоўна, і князь Рагвалод не паспеў сабраць сваё войска. У жорсткай бойцы нашы продкі былі разбітыя. Чужынцы спалілі Полацк, забілі Рагвалода і ягоных сыноў. Рагнеду ж гвалтам князь Уладзімір забраў з сабой.

    Пасля гэтага Уладзімір з войскам рушыў на Кіеў. Вераломна забіў Яраполка і стаў вялікім князем кіеўскім. Там, у Кіеве, адсвяткаваў ён свой шлюб з Рагнедай. Людзі назвалі іх вяселле крывавым.

    Па старадаўнім звычаі, жанчына, калі выходзіла замуж, мяняла сваё імя. Рагнеда назвалася Гарыславай, каб імя нагадвала аб тым, што слава Полацка згарэла. Пасялілі Гарыславу ў вёсачцы паблізу Кіева. Тут у яе нарадзіліся сыны і дочкі.

    Рагнеда кожны дзень думала пра захопленую ворагамі родную зямлю. Яна ўспамінала, як гарэў Полацк, як плакалі жанчыны і дзеці, якіх гналі ў палон. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, яна ўзяла меч, каб адпомсціць за сваіх братоў і бацьку. Падышла да ложка, узмахнула мячом, цэлячы ў сэрца Уладзіміра. Але князь прачнуўся і перахапіў яе руку з мячом. У лютасці ён хацеў забіць Рагнеду. На шум выбег са свайго пакоя старэйшы сын Ізяслаў. Хоць яму і было ўсяго 12 гадоў, ён абараніў маці, сказаў: “Бацька, ты тут не адзін!”

    Князь адступіў, а назаўтра абвясціў: Рагнеда з Ізяславам паедзе на Бацькаўшчыну, у невялікую крэпасць, якую ён дорыць Ізяславу. Адсюль і пайшла назва горада — Заслаўе. Тады гэта быў глухі кут пасярод адвечнай пушчы, непраходных балот. Рагнеда і Ізяслаў пражылі тут год.

    Уладзімір тым часам прыняў хрысціянства і распачаў хрышчэнне ва ўсіх гарадах. Пасланае ім войска прыйшло і ў Заслаўе. У Рагнеды аднялі сына, павезлі ў Полацк, а яе сілай пастрыглі ў манашкі і пад імем Анастасіі зачынілі ў вузкай келлі. Цэлых дванаццаць гадоў пакутавала былая князёўна ў няволі. Нарэшце Ізяслаў, які стаў полацкім князем, захацеў вызваліць маці. Але раптам Рагнеда памірае ў Заслаўі, а роўна праз год у Полацку памірае і Ізяслаў. Дзевяць стагоддзяў хвалюе людзей загадка смерці маці і сына.

    Сёння ўсе, хто наведвае старадаўняе Заслаўе, прыходзяць да помніка Рагнедзе і яе сыну, каб аддаць даніну памяці полацкай князёўне.

    1. Некаторыя прыклады заданняў на фарміраванне інтэлектуальна-пазнавальнага кампанента сацыякультурнай пісьменнасці.

    1А. Растлумачыць прычынна-выніковую сувязь паміж замахам Рагнеды на Уладзіміра і яе высылкай разам з сынам у Заслаўе. (Крытычнае мысленне.)

    1Б. Патлумачыць, чаму Ізяслаў абараніў менавіта маці, а не бацьку. (Сацыяльны інтэлект.)

    1В. Вызначыць пачуцці, якія перажывала маці Ізяслава ва ўзаемаадносінах з яго бацькам. (Эмацыянальны інтэлект.)

    1Г. Патлумачыць свае адносіны да ўчынка Ізяслава. (Эмацыянальны інтэлект.)

    1Д.Выказаць і патлумачыць гіпотэзу аб тым, што вялікі князь кіеўскі Уладзімір адказаў на выказванне яго сына Ізяслава: “Бацька, ты тут не адзін!”. (Крэатыўнае мысленне.)

    1Е. Вызначыць, якую ролю адыгрывае адлюстраваны на малюнку меч у руках Ізяслава — гэта дзіцячая цацка ці зброя. (Візуальнае мысленне, камунікабельнасць.)

    2. Некаторыя прыклады заданняў на фарміраванне інфармацыйна-чытацкага кампанента сацыякультурнай пісьменнасці.

    2А. Пабудаваць паслядоўна па этапах сюжэт апавядання ці намаляваць своеасаблівую стужку часу з паслядоўным абазначэннем на ёй гістарычных падзей як аснову для свайго разгорнутага адказу. (Крытычнае мысленне.)

    2Б. Патлумачыць выказванне Ізяслава: “Бацька, ты тут не адзін!”. Які сэнс яно мела? Ці магчыма выказаць уласнымі словамі тое, што сказаў Ізяслаў свайму бацьку? (Сацыяльны інтэлект.)

    2В. Даць уласную назву апавяданню са сваім тлумачэннем. Ці выказаць уласнымі словамі тое, што сказаў Ізяслаў свайму бацьку? (Крэатыўнае мысленне, сацыяльны інтэлект.)

    2Г. Патлумачыць, чаму менавіта так адлюстраваны Ізяслаў і яго маці на помніку, што ўзведзены ў старадаўнім Заслаўі. (Візуальнае мысленне.)

    3. Некаторыя прыклады заданняў на фарміраванне сацыяльна-камунікатыўнага кампанента сацыякультурнай пісьменнасці.

    3А. Вызначыць, якая з асоб унесла найбольшы ўклад у замацаванне самастойнасці Полацкага княства. (Кааперацыя.)

    3Б. Якія пытанні можна задаць аўтару помніка Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі? (Эмацыяналь ­ны інтэлект, камунікабельнасць.)

    3В. Вызначыць, якія супярэчнасці сталі прычынай гістарычных падзей, што адбыліся з Рагнедай і Ізяславам. (Сацыяльны інтэлект.)

    3Г. Патлумачыць, якой з асоб ты больш спачуваеш. (Эмацыянальны інтэлект.)

    3Д. Калі б маленькі Ізяслаў падтрымаў свайго бацьку, як бы склаўся яго лёс? (Крэатыўнае мысленне.)

    3Е. Вызначыць, якія пачуцці адлюстроўвае твар Ізяслава на малюнку і на помніку. (Візуальнае мысленне, эмацыянальны інтэлект.)

    3Ж. Растлумачыць, паводзіны каго з гістарычных асоб табе падаюцца дастойнымі, а каго не падабаюцца. (Устойлівасць асобы.)

    4. Некаторыя прыклады заданняў на фарміраванне сацыяльна-асобаснага кампанента сацыякультурнай пісьменнасці.

    4А. Вызначыць, чаму келля для манашкі Анастасіі стала своеасаблівай турмой. (Камуніка ­бельнасць.)

    4Б. Вызначыць, ці сведчыла вяртанне Рагнеды на Бацькаўшчыну сведчаннем яе любові да сваёй Радзімы. (Устойлівасць асобы.)

    4В. Вызначыць, адмова Рагнеды ад шлюбу з Уладзімірам была яе ўласным выбарам ці яна адмовіла пад уплывам свайго бацькі або па яго патрабаванні. (Сацыяльныінтэлект.)

    4Г. Спрагназаваць, як маглі рагортвацца гістарычныя падзеі, калі б Рагнеда пагадзілася на шлюб з Уладзімірам. (Крэатыўнаемысленне.)

    4Д. Вызначыць на падставе выявы помніка полацкаму князю Ізяславу, як ставяцца да яго сучасныя жыхары гэтага горада. (Візуальнае мысленне, кааперацыя.)

    4Е. Растлумачыць, ці можна лічыць, што Ізяслаў быў добрым сынам для сваёй маці Рагнеды. (Устойлівасць асобы.)

    Такім чынам, прыведзены вышэй тэхналагічна-аперацыянальны прыклад дыдактычнага канструявання спосабаў дзейнасці, накіраваных на фарміраванне навукова-тэарэтычнага канцэпту функцыянальнай пісьменнасці ў сацыяльна-грамадзянскай галіне, звязанай з засваеннем вучнямі IV класа змястоўнага блока “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”, абумоўлівае стварэнне сітуацыйнай задачы. Вызначальнай характарыстыкай такой задачы з’яўляецца выкарыстанне адукацыйнай падзеі камемаратыўнай накіраванасці, гэта значыць звязанай з трансляцыяй гістарычнай памяці аб мінулым. Сітуацыйная задача прадугледжвае, напрыклад, асвятленне паводзін (учынкаў) чалавека ў гістарычных абставінах, прадстаўленне каштоўнасцей сям’і і сяброўства як рэгулятараў сацыяльных адносін, выкарыстанне помнікаў гісторыі і культуры, а таксама мастацкіх твораў на гістарычную тэматыку.

    Прадстаўленая сітуацыйная задача змяшчае ў сабе сюжэтную лінію (завязку, кульмінацыю, развязку), апісанне жыццёвых лёсаў, спалучае сапраўдную гісторыю і легендарны матэрыял, суправаджаецца наглядна-вобразнымі (візуалізаванымі) і вербальна-лагічнымі (тэкставымі) сродкамі з магчымасцю іх перакадзіравання. Сукупнасць спосабаў дзейнасці, прадстаўленых комплексам пытанняў і заданняў да сітуацыйнай задачы, садзейнічае фарміраванню ўніверсальных якасцей асобы малодшых школьнікаў, якія складаюць іх сацыякультурную пісьменнасць.


    написать администратору сайта