Главная страница
Навигация по странице:

  • Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце«Беларуская літаратура»для IX класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыіз беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання

  • ГЛАВА 1ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

  • ГЛАВА 2ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА

  • Пои. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце Беларуская літаратура для ix класа стано агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання глава 1 тлумачальная запіска


    Скачать 1.71 Mb.
    НазваниеВучэбная праграма па вучэбным прадмеце Беларуская літаратура для ix класа стано агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання глава 1 тлумачальная запіска
    Дата24.12.2022
    Размер1.71 Mb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаup-bel-lit-9kl-bel-rus.docx
    ТипДокументы
    #861951
    страница1 из 87
      1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   87




     

    ЗАЦВЕРДЖАНА

    Пастанова
    Міністэрства адукацыі
    Рэспублікі Беларусь
    29.07.2019 № 123

    Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце
    «Беларуская літаратура»
    для IX класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі
    з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання


    ГЛАВА 1
    ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА


    1. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» (далей – вучэбная праграма) для IX класа распрацавана ў адпаведнасці з канцэпцыяй вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» і рэалізуе прынцып адноснай завершанасці зместу літаратурнай адукацыі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

    2. Галоўная мэта навучання вучэбнаму прадмету «Беларуская літаратура» – далучэнне вучняў да мастацтва слова ў кантэксце духоўнага, сацыяльна-гістарычнага жыцця народа і фарміраванне на гэтай аснове мастацкага мыслення, эстэтычных пачуццяў, чытацкай і маўленчай культуры, выхаванне чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам.

    3. Змест вучэбнай праграмы грунтуецца на вывучэнні ключавых літаратурных твораў адпаведных культур (сярэдневяковай, рэнесансавай, Новага часу, ХХ стагоддзя, сучаснай). Навучанне беларускай літаратуры ў дыялогу культур арыентавана на фарміраванне чалавека ў культуры і чалавека культуры, здольнага ўмела карыстацца ведамі, усведамляць іх, разважаць, асэнсоўваць і параўноўваць набыткі розных культур.

    Увага вучняў на гэтым этапе навучання канцэнтруецца на мастацкіх творах, чытанне якіх папярэджваецца і суправаджаецца гісторыка-культурным каменціраваннем (з падключэннем інфармацыі пра сувязі літаратурных твораў з эпохай, выяўленнем закладзеных у іх пазачасавых, вечных каштоўнасцей і іх сучаснага гучання).

    Аснову вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» складаюць літаратурныя творы, засваенне якіх дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра чалавека і яго стасункі з прыродай, іншымі людзьмі і самім сабой, пра жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асоб.

    У працэсе навучання ў IX класе паглыбляюцца веды вучняў пра структуру мастацкага твора, сродкі мастацкай выразнасці, літаратурныя роды і жанры мастацкай літаратуры, даецца першаснае ўяўленне пра асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка. Асэнсаванне тэарэтычных паняццяў паспрыяе больш глыбокаму ўспрыманню літаратуры як мастацтва слова. Вывучэнне літаратуры і выхаванне літаратурай – з’явы ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя. Знаёмства з лепшымі творамі айчынных і некаторых замежных пісьменнікаў у храналагічнай паслядоўнасці дапамогуць сфарміраваць у вучняў належныя эстэтычныя і грамадскія ідэалы, выхаваць сапраўдных грамадзян і патрыётаў.

    У працэсе вывучэння манаграфічных тэм прадугледжана атрыманне вучнямі крытыка-біяграфічных ведаў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў. Прапанаваная вучэбнай праграмай фармулёўка «Слова пра пісьменніка» мае на ўвазе зварот да асноўных фактаў творчай біяграфіі майстра слова, якія непасрэдным чынам тычацца акрэсленых твораў, найбольш ярка прадстаўляюць асобу аўтара і добра ілюструюць спецыфіку часу.

    Практычная значнасць літаратурнага матэрыялу ў IX класе заключаецца ў тым, што з яго дапамогай фарміруецца сістэма духоўна-маральных і грамадзянскіх каштоўнасцей асобы. Уменні аналізаваць жыццёвыя сітуацыі, адлюстраваныя ў мастацкім творы, і лёсы герояў (учынак і яго светапоглядныя, маральныя, псіхалагічныя матывіроўкі, маральны выбар і яго наступствы для асобы) вучань пераносіць на рэальныя сітуацыі і характары і такім чынам аказваецца падрыхтаваным да сустрэчы з нечаканымі абставінамі ў жыцці.

    Для развіцця пазнавальных інтарэсаў, выхавання мастацка-эстэтычнага густу і фарміравання цэласнага светапогляду вучняў пры навучанні беларускай літаратуры мэтазгодна прадугледжваць рэалізацыю міжпрадметных сувязей перш за ўсё з такімі вучэбнымі прадметамі, як «Беларуская мова», «Руская літаратура», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», «Гісторыя Беларусі». Міжпрадметныя сувязі актуалізуюцца на ўсіх этапах навучання, іх рэалізацыя ў адукацыйным працэсе ўзбагачае дыялог літаратуры з іншымі відамі мастацтва (жывапіс, музыка, фотамастацтва, кіно, тэатр і інш.), эфектыўна ўздзейнічае на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы.

    4. Структура ўрокаў беларускай літаратуры і іх форма абумоўліваюцца мэтавымі ўстаноўкамі, узростам вучняў, мастацкай своеасаблівасцю твора, этапамі яго вывучэння. Гутарка і лекцыя, чытанне і абагульненне, аналіз і сачыненне, абарона праектаў і завочная экскурсія, «паэтычная хвілінка» і работа з вучэбным дапаможнікам – усе гэтыя формы навучання маюць сваю спецыфіку, якая праяўляецца ва ўнутранай логіцы разгортвання ўрока, і забяспечваюць такія яго якасці, як цэласнасць, навучальная, выхаваўчая і развіццёвая скіраванасць, праблемнасць, дзейнасны характар, дыялагічнасць.

    У адукацыйнай практыцы могуць выкарыстоўвацца як традыцыйныя, так і электронныя сродкі навучання, якія павінны быць скіраваны на дасягненне мэт і задач літаратурнай адукацыі.

    5. Літаратуры ў сістэме адукацыі і выхавання належыць асаблівая культуратворчая роля дзякуючы здольнасці пераўтвараць унутраны свет асобы і ўплываць на духоўнае ўзбагачэнне жыцця, рабіць яго па-сапраўднаму цікавым, змястоўным, насычаным. З гэтай прычыны неабходна імкнуцца ўключыць вучняў у працэс пазакласнай работы і выхавання.

    6. Факультатыўныя заняткі, праца літаратурных гурткоў, сістэматычны выпуск газет, бюлетэняў, часопісаў і альбомаў; падрыхтоўка тэматычных выставак, аглядаў сучаснай літаратуры; правядзенне літаратурных ранішнікаў, вечарын, віктарын, сустрэч з пісьменнікамі, дзеячамі культуры і мастацтва – усё гэта спрыяе стварэнню ў класе атмасферы творчасці, павагі да кнігі, да мастацкага слова.

    Для арганізацыі факультатыўных заняткаў па беларускай літаратуры ў IX класе распрацавана адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбныя праграмы, дапаможнікі для вучняў і дапаможнікі для настаўнікаў.

    7. На вывучэнне беларускай літаратуры ў IX класе адведзена 53 гадзіны (з іх 45 гадзін – на вывучэнне твораў, 4 гадзіны – на творчыя работы, 4 гадзіны – на ўрокі па творах для дадатковага чытання).

    Са спіса твораў, прапанаваных для дадатковага чытання, настаўнік выбірае тыя, выкарыстанне якіх ён лічыць найбольш дарэчным у пэўным класным калектыве, улічваючы індывідуальныя магчымасці вучняў і наяўнасць тэкстаў у бібліятэчным фондзе ўстановы адукацыі.1

    ______________________________

    1 Творы, прапанаваныя ў спісе для дадатковага чытання, можна знайсці ў кнігах серыі «Школьная бібліятэка», якія знаходзяцца ў бібліятэчным фондзе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

    Рэзерв вучэбнага часу настаўнік выкарыстоўвае па сваім меркаванні на чытанне і асэнсаванне літаратурных твораў.

    Гадзіны, адведзеныя на творчыя работы, настаўнік размяркоўвае ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем.

     

    ГЛАВА 2
    ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА


    (53 гадзіны)

     

    Уводзіны (1 гадзіна)

     

    Літаратура як мастацтва слова. Яе грамадскае прызначэнне.

     

    І. ЧАЛАВЕК І ГРАМАДСТВА. ПОСТАЦІ АЙЧЫННАЙ ГІСТОРЫІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ (5 гадзін)

     

    «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (1 гадзіна).

    Адлюстраванне ў творы жыцця і дзейнасці асветніцы. Духоўны подзвіг Ефрасінні Полацкай. Рэальныя і гістарычныя факты ў творы. Адметнасць кампазіцыі «Жыція...».

    Тэорыя літаратуры. Пачатковае паняцце пра жанр жыція.

     

    Беларускі летапіс («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс (1446)» – урывак «Пахвала вялікаму князю Вітаўту») (1 гадзіна).

    Беларускія летапісы як вытокі мастацкай прозы. Адлюстраванне гістарычнага мінулага ў летапісных творах, іх патрыятычны пафас. Услаўленне мужнасці, міжнароднага аўтарытэту князя Вітаўта, яго гераічных подзвігаў у старажытным беларускім летапісе.

    Тэорыя літаратуры. Летапіс як жанр літаратуры.

    Мастацтва. Архітэктура: Сафійскі сабор у Кіеве (XI ст.); Сафійскі сабор у Ноўгарадзе (XII ст.); Сафійскі сабор у Полацку (XII ст.); Каложская царква ў Гродне (XII ст.).

    Жывапіс: А. Кашкурэвіч. «Еўфрасіння Полацкая – асветніца»; П. Сергіевіч. «Усяслаў Полацкі»; Г. Вашчанка. «Грунвальдская бітва»; М. Басалыга. «Вялікі князь Вітаўт».

    Музыка: А. Мдывані, В. Елізар’еў. Балет «Страсці».

     

    Францыск Скарына. Прадмова да кнігі «Юдзіф» (урывак) (1 гадзіна).

    Слова пра першадрукара і асветніка-гуманіста.

    Агульначалавечы змест прадмовы. Сцвярджэнне ідэі патрыятызму, грамадзянскага абавязку.

    Значэнне дзейнасці Ф. Скарыны.

     

    Мікола Гусоўскі. Паэма «Песня пра зубра» (2 гадзіны).

    Мікола Гусоўскі – паэт-гуманіст.

    «Песня пра зубра» як выдатны твор старажытнай беларускай літаратуры. Жанр, сюжэт і кампазіцыя паэмы. Тэма Радзімы ў творы. Сімвалічнае значэнне вобраза зубра. Вобраз князя Вітаўта, высокая аўтарская ацэнка дзейнасці князя.

    Тэорыя літаратуры. Гуманізм у літаратуры.

    Мастацтва. Скульптура: А. Дранец. «Францыск Скарына»; У. Панцялееў. Помнік М. Гусоўскаму ў Мінску.

    Жывапіс: Я. Драздовіч. «Францыск Скарына», «Друкарня Францыска Скарыны ў Вільні»; В. Барабанцаў. «Мікола Гусоўскі»; М. Басалыга. «Мікола Гусоўскі»; А. Кашкурэвіч. Ілюстрацыі да паэмы «Песня пра зубра»; Я. Кулік. Ілюстрацыі да паэмы «Песня пра зубра».

    Музыка: Д. Смольскі. Опера «Францыск Скарына».

    Кінамастацтва: «Песня пра зубра» (рэжысёр Э. Перагуд).

     

    II. РАМАНТЫЧНАЕ І РЭАЛІСТЫЧНАЕ АДЛЮСТРАВАННЕ ЖЫЦЦЯ Ў МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ (8 гадзін)

     

    Ян Баршчэўскі. Апавяданні «Шляхціц Завальня», «Плачка», «Белая Сарока» (са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях») (2 гадзіны).

    Слова пра пісьменніка.

    Галоўны літаратурны твор пісьменніка «Шляхціц Завальня» – зборнік фантастычных апавяданняў. Цесная сувязь кнігі з беларускай міфалогіяй і фальклорам. Выяўленне асаблівасцей светапогляду беларусаў. Хараство духоўнага свету чалавека, які трымаецца векавых традыцый, звычаяў. Роля вобраза Завальні ў творы. Рамантычныя сюжэты і вобразнасць. Сімволіка вобразаў.

    Тэорыя літаратуры. Рамантычны герой.

     

    Адам Міцкевіч. Балада «Свіцязянка» (1 гадзіна).

    Слова пра пісьменніка.

    А. Міцкевіч і Беларусь. Паэтычнае асэнсаванне беларускага фальклору і міфалогіі ў баладзе. Рамантычнае вырашэнне тэмы кахання ў творы.

    Мастацтва. Скульптура: А. Заспіцкі, А. Фінскі. Помнік Адаму Міцкевічу ў Мінску.

    Жывапіс: В. Ваньковіч. «Партрэт Адама Міцкевіча», «Міцкевіч на скале Аю-Даг»; С. Герус. «Адам Міцкевіч»; У. Пракапцоў. «А. Міцкевіч. Боль паэта»; К. Альхімовіч. «Свіцязянка»; У. Пасюкевіч. «Свіцязянская балада. Паэт А. Міцкевіч»; малюнкі Н. Орды «Сядзіба Міцкевічаў у Завоссі», «Туганавічы».

     

    Канстанцін Вераніцын. Паэма «Тарас на Парнасе» (1 гадзіна).

    Аўтарства і час напісання паэмы. Сатырычны і гумарыстычны пафас твора. Сцвярджэнне ідэй народнасці ў літаратуры. Роля міфалагічных персанажаў у раскрыцці тэмы і ідэі твора. Тарас як тыповы народны герой, рысы яго характару: кемлівасць, абачлівасць, дасціпнасць. Выяўленчае майстэрства аўтара ў абмалёўцы персанажаў.

    Тэорыя літаратуры. Пачатковае паняцце пра народнасць літаратуры. Пародыя і бурлеск у літаратуры.

    Мастацтва. Скульптура: літаратурна-мастацкая кампазіцыя «Канстанцін Вераніцын і яго паэма «Тарас на Парнасе»» ў Гарадку (Віцебская вобласць).

    Жывапіс: «Канстанцін Вераніцын» (малюнак С. Харэўскага); ілюстрацыі да паэмы «Тарас на Парнасе» (мастакі У. Гладкевіч, Н. Гуціеў, В. Славук).

    Тэатральнае мастацтва: спектакль «Тарас на Парнасе» (Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, рэжысёр Н. Башава).

     

    Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» (2 гадзіны).

    Слова пра пісьменніка.

    Жанравае вызначэнне, сатырычны і гумарыстычны пафас твора. Выкрыццё царскага чыноўніцтва. Вобраз Кручкова, яго тыповасць. Вобразы засцянковай шляхты. Праблема бацькоў і дзяцей. Майстэрства драматурга ў разгортванні інтрыгі, сюжэта, у стварэнні камічнага эфекту. Гратэск і шарж як прыёмы фарса-вадэвіля.

    Тэорыя літаратуры. Фарс і вадэвіль як камедыйныя жанры.

    Мастацтва. Скульптура: Л. Гумілеўскі, С. Гумілеўскі. Помнік В. Дуніну-Марцінкевічу і С. Манюшку ў Мінску; М. Якавенка. Помнік В. Дуніну-Марцінкевічу ў Тупальшчыне (Валожынскі раён); В. Янушкевіч. «В. Дунін-Марцінкевіч» (гіпс).

    Жывапіс: У. Тоўсцік. «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – драматург»; I. Рэй. «В. Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай»; Я. Ціхановіч. «Партрэт Вінцука Дуніна-Марцінкевіча».

    Музыка: У. Кандрусевіч. Мюзікл «Залёты» (паводле В. Дуніна-Марцінкевіча); I. Лучанок. Цыкл для голасу з суправаджэннем «О, Радзіма бацькоў».

    Тэатральнае мастацтва: спектакль «Пінская шляхта» (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, рэжысёр М. Пінігін).

     

    Францішак Багушэвіч. Прадмова да зборніка «Дудка беларуская»; вершы «Мая дудка», «Хмаркі» (2 гадзіны).

    Слова пра пісьменніка.

    Ідэйны змест прадмовы да зборніка «Дудка беларуская». Пошукі асноў духоўнага і гістарычнага адраджэння народа.

    Аўтарскі погляд на ролю паэта і паэзіі ў вершы «Мая дудка». Паэтычнае асэнсаванне ўласнага лёсу ў алегарычным вершы «Хмаркі».

    Тэорыя літаратуры. Прадмова як жанр публіцыстычнай літаратуры.

    Мастацтва. Скульптура: Л. Гумілеўскі, С. Гумілеўскі. Помнік Ф. Багушэвічу ў Смаргоні.

    Жывапіс: Я. Ціхановіч. «Партрэт Францішка Багушэвіча».

     

    ІІІ. НАЦЫЯНАЛЬНАЕ І АГУЛЬНАЧАЛАВЕЧАЕ

    Ў МАСТАЦТВЕ СЛОВА (14 гадзін)

     

    Янка Купала. Вершы «А хто там ідзе?», «Мая малітва» («Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...»), «Жняя», «Явар і каліна», «Роднае слова» («Магутнае слова, ты, роднае слова!..»); паэма «Бандароўна» (5 гадзін).

    Слова пра пісьменніка.

    Лірыка. Асэнсаванне гістарычнага лёсу беларускага народа. Агульначалавечыя матывы ў вершах. Ідэя вечнасці жыцця, кахання, гармонія чалавека і прыроды. Жанравае, вобразнае, інтанацыйнае багацце лірыкі.

    «Бандароўна». Фальклорная першакрыніца паэмы. Рамантычная аснова твора. Сутнасць канфлікту. Вобразы-антыподы. Драматызм дзеяння. Маральнае хараство Бандароўны.

    Тэорыя літаратуры. Жанры лірыкі (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Скульптура: З. Азгур. Помнік Янку Купалу ў Вязынцы (Мінская вобласць); А. Анікейчык. Помнік Янку Купалу ў Нью-Ёрку (Араў-парк); помнік Янку Купалу ў Мінску (скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі, архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін).

    Жывапіс: В. Шаранговіч. «А хто там ідзе?»; П. Сергіевіч. «А хто там ідзе?»; М. Савіцкі. «Янка Купала»; А. Кашкурэвіч. Ілюстрацыі да паэмы «Бандароўна»; М. Басалыга. Ілюстрацыі да паэмы «Бандароўна».

    Музыка: Ю. Семяняка. «Явар і каліна»; песні і рамансы на словы паэта (кампазітары У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, В. Войцік, Д. Камінскі, С. Картэс, В. Кузняцоў, М. Літвін, I. Лучанок, А. Мдывані, Л. Мурашка, Д. Смольскі, У. Солтан, А. Чыркун); Творы па беларускай літаратуры для завучвання на памяць (паэмы, вершы, проза, песні): мастацкае электроннае выданне на 2 кампакт-дысках. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006–2007.

     

    Якуб Колас. Вершы «Не бядуй!», «Родныя вобразы», «Першы гром», паэма «Новая зямля» (6 гадзін).

    Слова пра пісьменніка.

    Лірыка. Элегічнае і аптымістычнае ў паэзіі Якуба Коласа («Не бядуй!»). Паэтызацыя роднай прыроды («Родныя вобразы», «Першы гром»). Рытміка-інтанацыйны лад вершаў Якуба Коласа.

    «Новая зямля» – мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця. Аўтабіяграфічнасць паэмы, яе творчая гісторыя. Жанравыя асаблівасці твора. Народны побыт і прырода ў паэме. Вобразы ў паэме: мудрасць і душэўная прыгажосць Антося, Ганны; вобразы дзяцей. Трагедыя лёсу Міхала. Філасофская ідэя зямлі і волі. Сімвалічны сэнс назвы твора. Паэтычнае майстэрства Якуба Коласа.

    Тэорыя літаратуры. Паэма як жанр (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Скульптура: З. Азгур. Помнік Якубу Коласу (архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін); мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа».

    Жывапіс: У. Стальмашонак. «Партрэт Якуба Коласа»; А. Волкаў. «Настаўніцкі з’езд 1906 года»; В. Шаранговіч. Ілюстрацыі да паэмы «Новая зямля»; С. Герус. «Якуб Колас. Новая зямля»; У. Сулкоўскі. Серыя палотнаў «Радзіма Якуба Коласа».

    Музыка: У. Алоўнікаў. «Дуб», «Глуха шэпча лес», «Мой родны кут»; Л. Захлеўны. «На новай зямлі»; Ю. Семяняка. «Добра ў лузе ў час палудні»; Ю. Семяняка. Опера «Новая зямля» (лібрэта А. Петрашкевіча).

    Тэатральнае мастацтва: спектакль «Міхалава зямля» (Беларускі дзяржаўны тэатр юнага гледача, рэжысёр У. Савіцкі).

     

    Максім Багдановіч. Вершы «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»), «Маладыя гады», «Жывеш не вечна, чалавек...», «Плакала лета, зямлю пакідаючы...» (2 гадзіны).

    Слова пра паэта.

    Нацыянальныя і агульначалавечыя матывы ў паэзіі М. Багдановіча. Багацце духоўнага свету лірычнага героя. Пошукі гармоніі, услаўленне красы жыцця і мастацтва. Рытмічнае багацце і мілагучнасць верша.

    Тэорыя літаратуры. Санет (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Скульптура: С. Вакар. Помнік М. Багдановічу.

    Жывапіс: Г. Вашчанка. «М. Багдановіч»; В. Волкаў. «М. Багдановіч»; У. Новак. «М. Багдановіч у Ялце»; У. Пасюкевіч. ««У краіне светлай...» (М. Багдановіч)»; В. Шматаў. «Партрэт Максіма Багдановіча».

    Музыка: Г. Гарэлава. Вакальны цыкл «Дзявочыя песні»; I. Лучанок. «Вераніка»; Ю. Семяняка. Опера «Зорка Венера»; Я. Тарасевіч. «Асенняя песня (Плакала лета)»; Л. Шлег. Вакальны цыкл «Вянок»; песні і рамансы на словы паэта (кампазітары А. Абіліёвіч, М. Аладаў, А. Багатыроў, У. Мулявін, І. Палівода, А. Туранкоў, Э. Тырманд).

     

    Максім Гарэцкі. Апавяданне «Роднае карэнне» (1 гадзіна).

    Слова пра пісьменніка.

    «Роднае карэнне». Тэма вернасці роднай зямлі, служэння інтэлігенцыі народу. Вобраз Архіпа Лінкевіча – вясковага інтэлігента з абуджаным сумленнем, пачуццём абавязку перад людзьмі, які імкнецца пазнаць жыццё, знайсці «першапрычыну ўсякае істоты». Жыццёвая мудрасць дзеда Яхіма, яго запавет маладому пакаленню.

    Тэорыя літаратуры. Вобразы аўтара і апавядальніка (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Скульптура: Э. Астаф’еў. Рэльефны партрэт М. Гарэцкага для мемарыяльнай дошкі.

    Жывапіс: А. Крывенка. «Максім Гарэцкі».

    Тэатральнае мастацтва: спектакль «Атрута» (рэжысёр М. Стрыжоў).

     

    IV. ЧАЛАВЕК У ЧАСЕ І ПРАСТОРЫ

    Ў ТВОРАХ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ (15 гадзін)

     

    Кузьма Чорны. Апавяданне «На пыльнай дарозе» (1 гадзіна).

    Слова пра пісьменніка.

    Мастацкае ўвасабленне аўтарскай формулы «Чалавек – гэта цэлы свет». Майстэрства пісьменніка ў раскрыцці ўнутранага свету герояў. Гуманістычны і жыццесцвярджальны пафас апавядання. Сімвалічны сэнс вобраза дарогі.

    Тэорыя літаратуры. Псіхалагізм у літаратуры (пачатковае паняцце).

    Мастацтва. Скульптура: З. Азгур. «Пісьменнік Кузьма Чорны».

    Жывапіс: І. Ахрэмчык. «Партрэт К. Чорнага»; Х. Ліўшыц. «Янка Купала і Кузьма Чорны ў Пячышчах у 1942 годзе».

     

    Аркадзь Куляшоў. Вершы «Мая Бесядзь», «Спакойнага шчасця не зычу нікому...», «На паўмільярдным кіламетры», «Нябёсы – акіян, я знаў даўно...» (2 гадзіны).

    Слова пра паэта.

    Грамадзянская, маральна-этычная і філасофская тэматыка вершаў. Раскрыццё агульначалавечага праз глыбока асабістае. Услаўленне чалавека, яго духоўных каштоўнасцей, бязмежнасці пазнання сябе і свету. Паэтычнае майстэрства А. Куляшова.

    Тэорыя літаратуры. Лірычны герой (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Жывапіс: У. Кожух. «Новая дарога»; М. Рагалевіч. «Беларуская калыханка»; А. Бараноўскі. «Пара залатых бяроз»; Г. Вашчанка. «Крылы»; Я. Драздовіч. «Космас», «Артаполіс», «Трывеж», «Панарама месячнага горада», «Падкружніковы краявід на планеце Сатурн».

    Выяўленчае мастацтва: Л. Талбузін. Медаль «Аркадзь Куляшоў».

    Музыка: Э. Наско. Вакальная музыка «Рамансы на вершы А. Куляшова».

     

    Максім Танк. Вершы «Мой хлеб надзённы», «Завушніцы», «Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...», «Не знаю...» (2 гадзіны).

    Слова пра паэта.

    Тэмы і вобразы паэзіі Максіма Танка. Філасофскі роздум пра чалавека, яго жыццёвае прызначэнне. Увага да духоўнага свету чалавека, агульначалавечых каштоўнасцей. Шматграннасць паэтыкі.

    Тэорыя літаратуры. Рытміка-інтанацыйны лад верша (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Скульптура: І. Міско, А. Фінскі. Помнік Максіму Танку ў Мядзелі.

    Жывапіс: Г. Гарэлаў. «Партрэт Максіма Танка»; С. Вярсоцкі. «Возера Нарач»; С. Герус. «Партрэт М. Танка»; Я. Зайцаў. «Партрэт М. Танка»; Н. Шчасная. «Партрэт М. Танка».

    Музыка: У. Мулявін. Раманс «Завушніцы»; Д. Смольскі. Раманс «Быць чалавекам я рад»; Ю. Талеснік. Раманс «Завушніцы»; Э. Тырманд. Рамансы «Мой хлеб надзённы», «Сасна», «Ва ўсім, вядома, вінават».

     

    Іван Шамякін. Аповесць «Непаўторная вясна» (1-я кніга пенталогіі «Трывожнае шчасце») (3 гадзіны).

    Слова пра пісьменніка.

    Адлюстраванне даваеннага жыцця моладзі ў аповесці «Непаўторная вясна». Духоўны свет Пятра і Сашы, іх узаемаадносіны. Паэзія кахання і прыгожых чалавечых пачуццяў. Маральна-этычная праблематыка аповесці. Эмацыянальна-псіхалагічная змястоўнасць твора. Лірычны характар аўтарскага пісьма.

    Мастацтва. Жывапіс: Н. Шчасная. «У снежныя зімы. Партрэт пісьменніка І. П. Шамякіна».

    Тэатральнае мастацтва: спектакль «Трывожнае шчасце».

     

    Янка Брыль. Апавяданне «Memento mori»(1 гадзіна).

    Слова пра пісьменніка.

    Паказ вайны ў апавяданні. Маральны подзвіг старога селяніна ў творы. Уменне аўтара бачыць гераічнае за рамкамі бытавых сцэн. Асуджэнне фашызму ў апавяданні. Глыбокае разуменне народнага гераізму. Урачыстая танальнасць аўтарскага пісьма.

    Мастацтва. Скульптура: С. Вакар. «Пісьменнік Я. Брыль».

    Жывапіс: У. Тоўсцік. «Янка Брыль»; В. Грамыка. «Партрэт Я. Брыля».

     

    Уладзімір Караткевіч. Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (4 гадзіны).

    Слова пра пісьменніка.

    Гістарычная аснова твора. Каларыт, атмасфера мінулай эпохі (80-я гг. XIX ст.). Роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Праблемы дабра і зла, кахання, мужнасці і гераізму. Вобразы Андрэя Беларэцкага, Андрэя Свеціловіча і Надзеі Яноўскай. Асаблівасці кампазіцыі твора.

    Тэорыя літаратуры. Жанр аповесці (паглыбленне паняцця).

    Мастацтва. Скульптура: І. Голубеў. Помнік У. Караткевічу ў Оршы (Віцебская вобласць).

    Жывапіс: У. Батура. «Уладзімір Караткевіч»; У. Тоўсцік. «Памяці Караткевіча»; У. Зінкевіч. «Партрэт У. Караткевіча»; М. Будавей. «Партрэт У. Караткевіча»; ілюстрацыі да аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» М. Басалыгі, А. Кашкурэвіча, Ю. Якавенкі.

    Музыка: У. Солтан. Опера «Дзікае паляванне караля Стаха».

    Кіна- і тэлемастацтва: «Дзікае паляванне караля Стаха» (рэжысёр В. Рубінчык); «Памяць каменя» (сцэнарыст У. Караткевіч); «Сведкі вечнасці» (сцэнарыст У. Караткевіч); «Чорны замак Альшанскі» (рэжысёр М. Пташук).

     

    Яўгенія Янішчыц. Вершы «Ты пакліч мяне. Пазаві...», «Чаму ніколі не баюся я...», «Не воблака, а проста аблачынка...», «Любоў мая...» (2 гадзіны).

    Слова пра паэтэсу.

    Тэматычная палітра паэзіі Яўгеніі Янішчыц: малая радзіма, казачная палеская прырода, вясковы і гарадскі побыт, лірыка кахання. Разнастайнасць пафасу ў творах: ад мажорнага, радаснага, да сумнага, трывожнага.

    Мастацтва. Жывапіс: В. Масцераў. «Яўгенія Янішчыц»; А. Лось. «Паэтэса Яўгенія Янішчыц»; Г. Вашчанка. «Маё Палессе».

    Музыка: песні і рамансы на словы паэтэсы (кампазітары Ю. Семяняка, Р. Давыдаў, М. Юрко і інш.).

    Тэатральнае мастацтва: монаспектакль «Прыпадаю да нябёс» (Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч», маст. кіраўнік Г. Дзягілева).

    Рэзерв вучэбнага часу (1 гадзіна)

     

    ПАЎТАРЭННЕ І ПАДАГУЛЬНЕННЕ ВЫВУЧАНАГА ЗА ГОД

    (1 гадзіна)

     

    Усяго:на вывучэнне твораў – 45 гадзін;

    на творчыя работы – 4 гадзіны;

    на ўрокі па творах для дадатковага чытання – 4 гадзіны.

     

    СПІС ТВОРАЎ ДЛЯ ЗАВУЧВАННЯ НА ПАМЯЦЬ

    Янка Купала. «Явар і каліна».

    Якуб Колас. «Леснікова пасада» (з паэмы «Новая зямля») – урывак (са слоў «Мой родны кут, як ты мне мілы!..», заканчваючы словамі «Ка мне, вясна ты маладая!..»).

    Максім Танк. «Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...».

    Яўгенія Янішчыц. «Ты пакліч мяне. Пазаві...».

     

    СПІС ТВОРАЎ ДЛЯ ДАДАТКОВАГА ЧЫТАННЯ

    «Аповесць пра Грунвальдскую бітву» (урывак з «Хронікі Быхаўца») (пераклад В. Чамярыцкага).

    Бачу Беларусь такой: фотаальбом (вершы з кнігі).

    Уладзімір Караткевіч. «Чазенія».

    Генры Лангфела. «Спеў аб Гаяваце» (пераклад А. Куляшова).

    Максім Лужанін. «Колас расказвае пра сябе».

    Мікола Маляўка. Зб. «Старая зямля».

    Алесь Марціновіч. «Гістарычныя постаці».

    Іван Саверчанка. «Скарб крывічоў: легенда».

    Мігель дэ Сервантэс. «Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі».

    Вальтэр Скот. «Айвенга».

    Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. «Лёс роду – лёс радзімы».

    Міхась Стральцоў. «Загадка Багдановіча».

    Алена Стэльмах. «Дуб і крумкач».

    Мікола Шабовіч. Зб. «Мая надзея» (вершы з раздзелаў «Верлібры», «Санеты»).

    Віктар Шніп. Зб. «Балада камянёў».

    Яўгенія Янішчыц. Зб. «Пачынаецца ўсё з любві...», «Зорная паэма».

     

    АСНОЎНЫЯ ВІДЫ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ПА ЛІТАРАТУРЫ

    Чытанне і паўнавартаснае ўспрыманне мастацкіх твораў.

    Выразнае чытанне мастацкіх твораў.

    Вусны і пісьмовы пераказ урыўка з эпічнага твора з элементамі аналізу.

    Аргументаванне ўласных ацэнак дзеянняў і ўчынкаў герояў і падзей.

    Супастаўленне літаратурнага твора з яго інтэрпрэтацыяй у іншых відах мастацтва.

    Падрыхтоўка вуснага выказвання.

    Даклад або рэферат на літаратурную тэму па некалькіх крыніцах.

    Рэцэнзія, тэзісы, канспект літаратурна-крытычнага артыкула або лекцыі настаўніка.

    Водгук на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаныя кінафільм, тэлеперадачу, спектакль.

    Складанне бібліяграфіі па тэме, прапанаванай настаўнікам.

    Напісанне ўласных твораў (вершаў, невялікіх апавяданняў, мастацкіх замалёвак, эсэ і пад.).

    Выкананне творчых заданняў.

     

    АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ

    ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ

    У выніку засваення зместу навучання беларускай літаратуры вучні павінны

    ведаць:

    аўтараў, назвы і змест праграмных твораў;

    асноўныя эпохі і напрамкі літаратуры;

    асноўныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў;

    тэксты, рэкамендаваныя праграмай для завучвання на памяць;

    умець:

    аналізаваць мастацкі твор у адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы;

    вызначаць прыналежнасць твора да пэўнага літаратурнага роду, жанру;

    вызначаць асноўныя праблемы літаратурнага твора;

    характарызаваць літаратурнага героя;

    аналізаваць прыёмы раскрыцця характару ў мастацкім творы;

    выяўляць аўтарскую пазіцыю;

    самастойна ацэньваць вывучаныя творы з улікам іх мастацкай спецыфікі і абгрунтоўваць гэту ацэнку;

    рыхтаваць вусны (або пісьмовы) разгорнуты адказ на праблемнае пытанне па вывучаным творы;

    рыхтаваць паведамленні, рэфераты і інш., карыстаючыся літаратуразнаўчымі крыніцамі;

    аналізаваць і інтэрпрэтаваць мастацкі твор, выкарыстоўваючы звесткі па гісторыі і тэорыі літаратуры;

    суадносіць мастацкую літаратуру з грамадскім і культурным жыццём, раскрываць канкрэтна-гістарычны і агульначалавечы змест вывучаных літаратурных твораў;

    пісаць сачыненне па вывучаным творы;

    складаць план і канспект літаратурна-крытычнага артыкула;

    рыхтаваць вусны і пісьмовы водгук на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаныя кінафільм, тэлеперадачу, спектакль;

    карыстацца рознага роду даведачна-інфармацыйнай літаратурай;

    валодаць:

    навыкамі абагульнення, сістэматызацыі і супастаўлення вывучанага, выяўлення адметных рыс характару герояў, тыповага ў іх паводзінах, адносінах да жыцця;

    уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў;

    навыкамі параўнання літаратурных твораў з творамі іншых відаў мастацтва;

    рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці (напісанне сачынення, паведамлення і інш.);

    навыкамі працы з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме (літаратурна-крытычныя артыкулы, слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі, інтэрнэт-рэсурсы і інш.).

     

     

    УТВЕРЖДЕНО

    Постановление
    Министерства образования
    Республики Беларусь
    29.07.2019 № 123

    Учебная программа по учебному предмету
    «Русский язык»
    для IX класса учреждений общего среднего образования
    с белорусским и русским языками обучения и воспитания


      1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   87


    написать администратору сайта