Главная страница

Источниковедческая критика. 5. Крыніцазнаўчая крытыка.. Тэма крыніцазначая крытыка


Скачать 81.5 Kb.
НазваниеТэма крыніцазначая крытыка
АнкорИсточниковедческая критика
Дата19.04.2022
Размер81.5 Kb.
Формат файлаdoc
Имя файла5. Крыніцазнаўчая крытыка..doc
ТипДокументы
#485831

Тэма 5. КРЫНІЦАЗНАЎЧАЯ КРЫТЫКА

1.Прырода гістарычнай крыніцы. Мэта і асноўныя этапы крыніцазнаўчай крытыкі.

2.Знешняя крытыка пісьмовых крыніц. Агульная характарыстыка.

3.Вывучэнне тэкста гістарычнай крыніцы.

4.Вызначэнне часу стварэння крыніцы.

5.Лакалізацыя гістарычных крыніц.

6.Атрыбуцыя гістарычных крыніц.

7.Мэты і задачы ўнутранай крытыкі крыніц.


  1. Прырода гістарычнай крыніцы. Мэта і асноўныя этапы крыніцазнаўчай крытыкі.


Гістарычная крыніца, з аднаго боку, уяўляе сабой фак гістарычнага мінулага, з другога – утрымлівае інфармацыю аб тым альбо іншым факце. Гістарычная крыніца матэрыяльна (г.зн. даступна для непасрэднага ўспрыняцця), але, у адрозненне ад іншых матэрыяльных аб'ектаў, узнікшых пад уздзеяннем прыродных сіл, з'яўляецца нейкім вырабам з пэўнай мэтанакіравана створанай структурай. Яна валодае ўласцівасцямі, якія выяўляюць адзінства мэтапакладання, больш ці менш поўна завяршае думку свайго творцы.

Крыніца, зыходзячы са сваёй прыроды, нясе ў сабе дваістую інфармацыю. Яна з'яўляецца апасродкаваным адлюстраваннем пэўнага аб'екта праз свядомасць суб'екта і адначасова характарызуе суб'ект, адлюстроўвае мэты і метады ўспрыняцця аб'ектыўнай рэальнасці. Так, мемуары ўтрымліваюць пэўную інфармацыю як аб рэчаіснасці, так і аб іх стваральніку. У сваю чаргу, наяўнасць у гістарычнай крыніцы інфармацыі аб аўтары дазваляе выявіць ступень адэкватнасці адлюстраванай у ёй гістарычнай рэчаіснасці.

У працэсе наступнай апрацоўкі крыніц адбываецца далейшая суб'ктывізацыя інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў іх. Да суб'ектыўнага фіксавання першапачатковай інфармацыі прыбаўляецца суб'ектыўнасць яе выцягвання і і пеапрацоўкі. Прыкладам гэтага могуць служыць рэдакцыі і спісы розных (перш за ўсё летапісных) помнікаў.

Адзначаныя вышэй абставіны прадвызначылі скептычныя адносіны шэрагу даследчыкаў да магчымасці аб'ектыўнага пазнання мінулага (Скептычная школа). Пошук выхаду з гэтай сітуацыі бачыўся ў падзеле ўсіх крыніц на аб'ектыўныя («рэшткі» фактаў)і суб'ектыўныя («паданні» аб іх). У рэчаіснасці ж гістарычная крыніца выступае і як вынік адлюстравання суб'ектам рэчаіснасці, і як прадукт дзейнасці суб'екта, выступаючы, такім чынам, адначасова і «рэшткам», і «паданнем».

Дзяленне на «рэшткі» і «паданні» знайшло сваё адлюстраванне ў выдзяленні двух важных этапаў крытыкі – знешняй і ўнутранай.

Асноўным зместам знешняй крытыкі з'яўляецца вывучэнне гістарычнай крыніцы як носьбіта інфармацыі аб мінулым (месца, умоў узнікнення, аўтара), а мэтай – устанаўленне гістарычнай крыніцы як факта, г.зн. устанаўленне сапраўднасці. Сапраўднай лічаць тую крыніцу, якая створана ў тым месцы, у той час і тым аўтарам, якія ўказаны ў ёй.

Сутнасць знешняй крытыкі – у вывучэнні паказанняў крыніцы аб гістарычным факце. З дапамогай такіх катэгорый, як паўната і дакладнасць, вызначаецца ступень дакладнасці той інфармацыі, якая змяшчаецца ў крыніцы. Важнае значэнне мае высвятленне паважнасці (рэпрэзентатыўнасці) крыніцы адносна самой гістарычнай рэчаіснасці і ў параўнанні з некалі існаваўшым іх зводам.

Арганічнае перапляценне ў крыніцах інфармацыі аб гістарычнай рэчаіснасці і яе стваральніках накладае пэўны адбітак на чарговасць у вывучэнні крыніц. Прынята разглядаць іх знешнюю і ўнутраную крытыку як паслядоўнасць крыніцазнаўчых працэдур.

У падручніку РДГУ 1998 г. даецца структура крыніцазнаўчага даследавання:

1)гістарычныя ўмовы ўзнікнення крыніцы;

2)праблемы аўтарства крыніцы;

3)абставіны стварэння крыніцы;

4)аўтарскі тэкст, твор і яго функцыянаванне ў сацыякультурнай агульнасці;

5)функцыянаванне твора ў культуры;

6)інтэрпрэтацыя крыніцы;

7)аналіз зместу;

8)крыніцазнаўчы сінтэз.

Разумеючы ўмоўнасць тэрмінаў «знешняя» і «унутраная крытыка», іх узаемаперапляценне, аўтары дадзенага дапаможніка ўсё ж лічаць, што падобны падыход адлюстроўвае прыроду гістарычнай крыніцы і, як паказала практыка, у найбольшай ступені зручны ў практыцы першапачатковага знаёмства студэнтаў з асноўнымі мэтамі і задачамі крыніцазнаўчай крытыкі.
2.Знешняя крытыка пісьмовых крыніц. Агульная характарыстыка
Першым этапам аналізу пісьмовай крыніцы з’яўляецца знешняя крытыка. Яе галоўная мэта – устанавіць сапраўднасць гістарычнай крыніцы. Для ўстанаўлення сапраўднасці неабходна ўстанавіць час, месца стварэння і аўтара гістарычнай крыніцы. Гэтыя характарыстыкі павінны супадаць з характарыстыкамі выбранай тэмы. Напрыклад, для вывучэння палітычнай гісторыі Полацкага княства Х-пачатку ХІІ ст. мэтазгодна выкарыстоўваць створаныя ў гэты перыяд летапісы (“Аповесць мінулых гадоў”), чым больш познія летапісныя творы (напрыклад, спісы І беларуска-літоўскага летапіснага звода, створанага ў 1446 г. у Смаленску). Крыніцы, якія не адпавядаюць прамой даціроўцы, лакалізацыі, альбо атрыбуцыі, з’яўляюцца фальшывымі. Напрыклад, для вывучэння гісторыі Полацкай зямлі XIV ст.нельга выкарыстоўваць даравальную грамату князя Анофрыя Іванскаму Іаана-Прадцечанскаму манастыру, якая была ўпісана ў Евангеле XIV ст., так як, на думку А.Л.Харашкевіча, ускосныя прыкметы сведчаць аб тым, што грамата адносіцца да канца XV – пачатку XVI ст.


  1. Вывучэнне тэкста гістарычнай крыніцы




    1. Вызначэнне паняцця “тэкст”. Гістарычныя тэксты. Вызначэнне арыгінала.

Аналіз пісьмовай крыніцы пачынаецца з вывучэння тэкста. Тэкст – гэта сістэматычна арганізаваная паслядоўнасць знакаў: пісьмовы альбо музычны твор, набор матэматычных формул, вуснае паданне. Гістарычныя тэксты змяшчаюць інфармацыю аб мінулым. На першым этапе вывучэння даследчык чытае тэкст з дапамогай метадаў палеаграфіі. У працэсе чытання суцэльны тэкст, які наісаны ўставам, прыходзіцца разбіваць на словы, сказы, ставіць знакі прыпынку. У ходзе чытання вучоны праводзіць першасную інтерпрэтацыю тэкста, каб зразумець яго сэнс. На другім этапе ён вывучае граматыку і лексіку тэкста, выкарыстоўваючы дыялектныя і тлумачальныя слоўнікі і даведнікі, параўноўвае тэкст са створанымі ў той жа час крыніцамі. На трэццім этапе даследчык вызначае, якую форму крыніцы ён вывучае (арыгінал, спіс, рэдакцыю). Затым выяўляецца складаны характар тэкста (інтэрпаляцыі, глоссы, кантамінацыі, кампіляцыі). Найбольш каштоўнымі для даследчыка з’яўляюцца арыгіналы – крыніцы, напісаныя рукою аўтара.


    1. Вызначэнне складанага характару тэкста.

Паняцце рэдакцыі, спіса, ізвода. Інтэрпаляцыя і глосы
Рукапісныя крыніцы ў працэсе свайго тыражыравання часта перапісваліся. Крыніцы, з якой перапісваўся тэкст, уяўляе сабой пратограф (ад грэч. – напісаны першым).Крыніца, яякая ўзнікла ў выніку перапіскі, называецца спісам. Калі тэкст перапісваўся не механічна і ў яго ўносіліся змены альбо дапаўненні, то гэта з’яўляецца рэдакцыяй. Рэдакцыі рабіліся па наступным прычынам: а) стылістычным, калі рэдактар змяняў стыль, граматыку тэкста, не ўмешваючыся ў змест; б) палітычным, калі рэдактар спрабаваў узвялічыць альбо прынізіць палітычнага лідэра ці партыю (напрыклад, другая рэдакцыя “Аповесці мінулых гадоў” ігумена Выдубіцкага манастыра Сільвестра 1116 г., якая ўзвялічыла новага кіеўскага князя (з 1113 г.) Уладзіміра Манамаха і яго бацьку Усевалада; в) рэлігійным, калі пасля з’яўлення новай рэлігіі рэдагаваліся тэксты больш старажытных аўтараў-іншаверцаў (напрыклад, згодна аднаму з жыцій Ефрасінні Полацкай, напісанаму уніятам, святая памерла не ў Іерусаліме, а ў Рыме, у чым правялася тэндэнцыя наблізіць праваслаўную княжну да папскага прастолу). У працэсе шматкратнага перапісвання крыніцы ў групе спісаў назапашваюцца аднатыпныя механічныя памылкі. Падобную групу спісаў называюць ізводамі. Спісы аднаго ізвода ўзыходзяць да аднаго пратографа. Даследчыку неабходна ўстанавіць у тэксце кантамінацыі – механічнае аб’яднанне розных частак пратографа перапісчыкам, кампіляцыі – выкарыстанне аўтарам крыніцы чужых тэкстаў, інтэрпаляцыі - пазнйшыя ўстаўкі і дапаўненні ў тэксце, зробленыя перапісчыкам. Вялікую ролю адыгрываюць у аналізе тэкста глосы – прыпіскі на палях, якія ўказваюць на тое, каму належыла крыніца, хто яе чытаў альбо перапісваў, раз’ясняюць незразумелыя словы.


    1. Этапы стварэння дакументаў:

чарнавікі, белавікі, копіі, дублікаты
У сваім развіцці дакументы праходзяць шэраг этапаў. На першым этапе ствараецца чарнавік, у тэкст якога ўносяцца выпраўленні і дапаўненні. На другім этапе чарнавік перпісваецца начыста і ствараецца белавік, які не завераны подпісамі і пячаткамі. Пасля завярэння дакумент пераўтвараецца ў арыгінал. Пры заключэнні дагавораў часам адзін з бакоў атрымліваў рэверсальны дакумент, на якім стаялі подпісы і пячаткі іншага боку. Ён меў такую ж юрыдычную сілу, як арыгінал. Калі патрабавалася некалькі экзэмпляраў дакумента, то з арыгінала здымаліся поўнасцю паўтараўшыя яго копіі. На іх ставілася ў правым верхнім кутку паметка, што гэта копія (напрыклад, літара К). У выпадку страты арыгіналу ствараўся дублікат дакумента, які меў такую ж юрыдычную сілу, як арыгінал. У Вялікім княстве Літоўскім дакументы перапісваліся ў спецыяльныя кнігі (кнігі Метрыкі, актавыя кнігі судоў). Акты-пераказы коратка перадавалі змест арыгінала і мелі юрыдычную сілу ў выпадку яго адсутнасці.


    1. Рэканструкцыя тэкстаў пісьмовых крыніц


Неспрыяльнае ўздзеянне ўмоў знешняга асяроддзя (пажары, навадненні, сонечны свет) і чалавека (механічныя пашкоджанні) прыводзяць да разбурэння гістарычных крыніц (страце лістоў, выцвітання фарбаў і чарніл, абрывам). Комплекс мер па фізічнаму аднаўленню крыніц (карцін, ікон, кніг) называецца рэстаўрацыяй. У выпадку страты рукапіснай крыніцы праводзіцца яе рэканструкцыя, г.зн. аднаўленне тэкста на аснове захаваўшыхся спісаў і копій шляхам іх параўнання. Калі тэкст крыніцы адноўлены на аснове толькі аднаго спіса, то гэта кан’ектура. Але пакуль не знойдзены іншыя спісы крыніцы, кан’ектура лічыцца недаказанай.


    1. Інтэрпрэтацыя гістарычных крыніц.

Крыніцазнаўчая герменеўтыка
Пасля прачытання крыніцы даследчыку неабходна зразумець яе. Гэта дасягаецца на этапе інтэрпрэтацыі альбо тлумачэння крыніцы. У гэтым дапамагае герменеўтыка – мастацтва і навука тлумачэння. Галоўная мэта этапа інтэрпрэтацыі – вызначыць сэнс тэксту шляхам тлумачэння значэння слоў, улічваючы гістарычны кантэкст і ўмовы стварэння крыніц, намеры аўтара.



  1. Вызначэнне часу стварэння крыніцы

    1. Прадмет гістарычнай храналогіі


Даціроўка, г.зн. устанаўленне часу стварэння крыніцы, праводзіцца ў тры этапы: 1) устанаўленне прамой часавай інфармацыі; 2) ускоснай інфармацыі аб часе стварэння крыніцы; 3) сінтэз прамой і ўскоснай часавай інфармацыі. Прамая часавая інфармацыя – гэта год, індыкт, месяц, дзень, час, калі была створана крыніца. Ускосная інфармацыя аб часе стварэння крыніцы – гэта гады жыцця аўтара і названых у крыніцы асоб, час, калі яны займалі пасады альбо насілі тытулы (званні, чыны), указаныя ў крыніцы, перыяды, калі ўжываліся словы і адзінкі вымярэння. Сінтэз часовай інфармацыі – гэта параўнянне паказчыкаў прамой і ўскоснай часавай інфармацыі і выяўленне правільнай даты стварэння крыніцы. Устанаўленнем даты гістарычных падзей (у т.л. і часу стварэння крыніцы) і пераводам у сучасную сістэму летазлічэння (лік гадоў ад Нараджэння Хрыстова, грыгарыянскі стыль) займаецца спецыяльная гістарычная дысцыпліна – гімтарычная храналогія.


    1. Летазлічэнне. Тыпы і віды календароў


Пры даціроўцы неабходна ўстанавіць летзлічэнне, якое прымяняецца ў крыніцы. Зыходный момант летазлічэння называецца эрай, якая звычайна пачынаецца з гістарычнай падзеі. Грэкі прымянялі летазлічэнне ад першай Алімпіяды (з 776 г. да н.э.), рымляне – ад аснавання Рыма (з 753 г. да н.э.). Сярод яўрэяў і хрысціан выкарыстоўваўся падлік гадоў ад утварэння свету. На Русі (і Беларусі) з часу распаўсюджання хрысціанства ў Х ст. была ўспрынята візантыйская (канстанцінопальская) сістэма падліку гадоў ад утварэння свету, якая адрознівалася ад сучаснага летазлічэння на 5508 гадоў. У 525 г. рымскім манахам Дзіянісіям Малым была разлічана дата нараджэння Ісуса Хрыста. Сістэма летазлічэння ад Нараджэння Хрыстова, у якой адсутнічаў нулявы год, пачала сустракацца ў заходнееўрапейскіх дакументах з першай паловы VII ст. У Беларусі гэта сістэма пачала прымяняцца ў ХІІІ ст. у дагаворы Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай і Гоцкім берагам у 1229 г., затым у дагаворы полацкага князя Гердзеня ў 1263 г. з Лівонскім ордэнам і Рыгай. Яе далейшае прымяненне было выклікана ўзмацненнем уплыву каталіцкай царквы на землях Беларусі на землях Беларусі пасля Крэўскай уніі 1385 г. Пры даціроўцы неабходна ўлічваць і каляндар (ад лац. Календы – першага дня месяца, калі даўжнікі ў Старажытным Рыме павінны былі плаціць працэнты) – сістэму вылічэння вялікіх прамежкаў часу, заснаваную на кругазвароце Сонца і Луны. Існавалі лунный (мусульманскій), сонечны (юліанскі і нрыгарыянскі) і лунна-сонечны календары. Пасля прыняцця хрысціанства на тэрыторыі Беларусі быў распаўсюджаны юліанскі каляндар, уведзены ў 46 г. да н.э. Юліям Цэзарам і прыняўшы канчатковы выгляд пры яго пераемніку Аетавіяне Аўгусце. Юліанскі каляндар быў прызнаны абавяковым для ўсяго хрысціаскага свету на Нікейскім Усяленскім саборы 325 г. На саборы таксама была замацавана і сістэма ўліку гадоў – інідыкт, якая вызначала месца года ў пятнаццацігадовым цыкле вылічэння. Недахопам юліанскага календара было назапашванне за 128 гадоў аднаго лішняга дня з-за розніцы паміж каляндарным і рэальным сонечным годам. Гэта прывяло да XVI ст. да з’яўлення разрыву ў 10 дзён паміж каляндарным і саспраўдным днём вясенняга раўнаденства, што было важна для разліку рэлігійных святаў (асабліва Вялікдня). Таму рымскі папа Грыгорый ХІІІ, узяўшы за аснову разлікі італьянскага матэматыка Луіджы де Ліліо, перасунуў каляндар на 10 назапасіўшыхся дзён – з 5 на 15 кастрычніка 1582 г. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. афіцыйным зноў становіцца юліанскі каляндар, а католікі ў беларусі працягвалі карыстацца грыгарыянскім календаром. Толькі дэкрэтам Саўнаркома РСФСР ад 31 студзеня 1918 г. быў канчаткова ўведзены грыгарыянскі каляндар, і наступным днём лічылася 14 лютага (хаця праваслаўная царква да гэтага часу карыстаецца юліанскім календаром).


    1. Методыка даціроўкі гістарычнай крыніцы. Аналіз прамой

інфармацыі аб часе стварэння гістарычнай крыніцы
Прамая даціроўка ў апавядальных крыніцах даецца ў выглядзе прыпісак (напрыклад, у летапісах – прыпіска ігумена Сільвестра аб напісанні “Аповесці мінулых часоў” у 1116 г. альбо манаха Лаўрэнція – аб напісанні Лаўрэнцьўскага летапісу у 1377 г.). У дакументах існуе спецыяльная формула – датум , дзе фіксуецца час стварэння акта (напрыклад, абласны прывілей вялікага князя Аляксандра Віцебску: “Писан у Вильни, в лето 7011, месяца июля в 16-й день, индикта 6”, г.зн. 16 ліпеня 1503 г.). Пры аналізе прамой часавай інфармацыі неабходна параўнаць указанне на год і на індыкт (месца года ў 15-гадовым цыкле), каб паміж імі не было разыходжанняў. Лічбы года часам пісаліся па рускай традыцыі ў выглядзе літар славянскага алфавіта. Напрыклад, дагавор полацкага князя Гердзеня з Лівонскім ордэнам і Рыгай даціраваны коли богъ былъ а лет и y лет и з лет и д ле(т)… и по рожен(ьи) божии дни за три дни”. Пасля перакладу ў сучасную лічбавую сістэму атрымліваецца, што дакумент быў створаны ў 1263 г. прза 3 дні пасля Ражжаства, г.зн. 28 снежня. Дзень стварэння ў крыніцах XIII-XVIII стст. часта быў з’арыентаваны на рэлігійнае свята. Напрыклад, прывілей польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава ІІ Ягайлы свайму брату Скіргайлу быў дадзены “оу первую нед(е)лю по с(вя)т(е)мъ Марку еуаг(е)листе под леты б(ож)ьими 1387”. У 1387 г. дзень святога Марка-евангеліста трапляў на чацвёрты чацвер красавіка (25), а першая нядзеля пасля свята – на 28 красавіка. Дагаворная грамата літоўскага князя Скіргайлы з Лівонскім магістрам Робінам фон Эльтцем была дадзена “у трэці дзень пасля васьмі гадзін святых апосталаў Пятра і Паўла”. Свята Пятра і Паўла прыходзілася ў 1387 г. на 6 ліпеня, а трэці дзень – на 9 ліпеня.

    1. Аналіз ускоснай інфармацыі аб часе стварэння

гістарычнай крыніцы. Сінтэз інфармацыі аб часе стварэння

гістарычнай крыніцы
Ускосная інфармацыя дае магчымасць выявіць той часавы калідор, калі стваралася гістарычная крыніца. Крыніца магла быць створана толькі ў перыяд жыцця аўтара крыніцы і асоб, якія ў ёй названы. Напрыклад, “Слова аб палку Ігаравым” датуецца не пазней 1187 г., бо галіцкі князь Яраслаў Осмамысл (бацька Яраслаўны) названы там як яшчэ жывы, а ў 1187 г. ён памёр. Даравальная грамата полацкага князя Андрэя Альгердавіча Троіцкай царкве на р.Звану і бабровыя гоны магла быць выдадзена не пазней 12 жніўня 1399 г., калі князь загінуў у бітве на р.Ворскле. Для даціроўкі таксама выкарыстоўваецца час праўлення манарха. Андрэй Альгердавіч быў полацкім князем у 1350-1377 гг. і 1381-1387 гг., таму ў гэтыя гады ён мог выдаць грамату Троіцкай царкве. Дапамагчы ў даціроўцы крыніцы можа і тытул манарха. Андрэй Альгердавіч карыстаўся тытулам “вялікі князь” у 1377-1378 гг., калі ён змагаўся супраць вялікага князя літоўскага Ягайла, таму грамата Троіцкай царкве можа быць даціравана гэтым перыядам. Сінтэз часавай інфармацыі ўяўляе сабой параўнанне прамой і ўскоснай інфармацыі аб часе стварэння крыніцы. Калі паміж імі існуе супярэчнасць, то даследчык павінен зрабіць вывад аб правільнасці адной з дат. Напрыклад, у інвентары маёнтка Смаргонь стаіць дата 1668 г. Але ўскосная інфармацыя (паказаны ўдовы асоб яшчэ жывых у 1672 г., аднатыпнасць групіроўкі матэрыяла з інвентаром 1723 г., супадзенні з тэкстам сапсаванага інвентару, даціраванага 5 ліпеня 1689 г.) дазваляе даціраваць крыніцу перыядам пасля 1672 і да 1723 г., а хутчэй за ўсё, 5 ліпеня 1689 г.
5.Лакалізацыя гістарычных крыніц

5.1.Прадмет гістарычнай геаграфіі. Гістарычныя карты
Лакалізацыя – гэта ўстанаўленне месца стварэння гістарычнай крыніцы. Устанаўленнем месца размяшчэння геаграфічных аб’ектаў мінулага займаецца спецыяльная гістарычная дысцыпліна – гістарычная геаграфія. На падставе аналізу звестак пісьмовых крыніц і археалагічных дадзеных складаюцца гістарычныя карты. На іх адзначаюцца геаграфічныя аб’екты (населеныя пункты, рэкі, азёры), якія існавалі ў пэўны гістарычны перыяд. Напрыклад, на карце Мінска ХІ-ХІІІ стст. адзначана р.Няміга, якая зараз схавана ў каналізацыйны калектар. На карце Беларусі таго ж часу адзначаны г.Друцк, які зараз не існуе. Гістарычныя карты дапамагаюць устанаўліваць месца стварэння крыніцы.
5.2.Выкарыстанне дадзеных тапанімікі

для лакалізацыі гістарычных крыніц
Пры лакалізацыі крыніцы вялікую ролю адыгрываюць дадзеныя тапанімікі - спецыяльнай гістарычнай навукі аб паходжанні назваў геаграфічных аб’ектаў. Неабходна ўлічваць, што існавалі геаграфічныя аб’екты, якія мелі аднолькавыя альбо падобныя назвы (напрыклад, Навагрудак, Ноўгарад Вялікі, Ноўгарад-Северскі, Ізяславль (Заслаўе пад Мінскам) і Ізяславль на Украіне), Пры лакалізацыі такіх аб’ектаў неабходна ўлічваць і іншыя геаграфічныя аб’екты, якія ўдакладняюць месца стварэння крыніцы (гідронімы – назвы рэк і азёр, іншых населеных пунктаў). Напрыклад, агульназемскі прывілей 1413 г. выдадзены ў Гародлі, які можна зблытаць з Гародней (Гродна). Удакладніць знаходжанне горада дазваляе ўказанне на р.Буг, у той час як Гродна знаходзіцца на Нёмане.
5.3.Устанаўленне месца ўзнікнення гістарычнай крыніцы

з дапамогай дадзеных лінгвістыкі
Лакалізаваць крыніцу можна з дапамогай дадзеных гістарычнай лінгвістыкі, выкарыстоўваючы дыялектычныя асаблівасці тэкста. Напрыклад, у першай частцы Кароткай рэдакцыі “Рускай Праўды” (“Праўда Яраслава”) сустракаюцца тэрміны “відок” (сведка), “колбяг” (прадмтаўнік фіна-угорскага племені), што сведчыць аб стварэнні гэтага заканадаўчага зборніка ў Наўгародскай зямлі. У другой частцы Кароткай рэдакцыі “Рускай Праўды” (“Праўда Яраславічаў”) ёсць тэрмін “послух” (сведка), што сведчыць аб стварэнні гэтага тэкста ў Ніжнім Падняпроўі (у раёне Кіева і Чарнігава). Часам слова з пэўнага дыялекту ўказвае не на месца стварэння крыніцы, а мясцовасць, дзе быў перапісаны спіс. Напрыклад, у “Слове пра паход Ігаравы” былі адзначаны тэрміны з пскоўскага дыялекта. Гэта дазволіла зрабіць вывад, што спіс “Слова” быў перапісаны ў Пскоўскай зямлі.
5.4.Методыка лакалізацыі гістарычных крыніц.

Аналіз прамой інфармацыі аб месце стварэння

гістарычнай крыніцы
Для ўстанаўлення месца стварэння крыніцы неабходна ўстанавіць прамую прасторавую інфармацыю. Элементамі прамой інфармацыі аб месцы стварэння крыніцы з'яўляецца назва архітэктурнага збудавання (напрыклад, Ніжні, альбо Верхні замак у Вільні), населенага пункта (напрыклад, Полацк альбо Брэст), адміністрацыйных адзінак (напрыклад, уладанне Смаргонь Ашмянскага павета Віленскага ваяводства альбо ўладанне Цімкавічы Слуцкага княства Навагрудскага ваяводства), дзяржавы (напрыклад, Полацкае княства альбо Вялікае княства Літоўскае). У апавядальных крыніцах (летапісах, мемуарах інш.) месца стварэння крыніцы абазначалася ў прыпісках, альбо глоссах. У дакументальных крыніцах месца стварэння адзначалася ў датуме. Напрыклад, даравальны ліст князя Міхаіла Аляксандравіча баярыну Васілю Цару на права набыцця маёнтка для перадачы ў падараванне манастыру св.Троіцы ў Слуцку 20 сакавіка 1445 г.: Дан у Капылі, а даравальны ліст княгіні Улляны 4 чэрвеня 1461 г.: “Писан во Мстиславли.
5.5.Аналіз ускоснай інфармацыі аб месцы стварэння

гістарычнай крыніцы. Сінтэз інфармацыі аб месцы стварэння

гістарычнай крыніцы
На другім этапе лакалізацыі вывучаецца ўскосная інфармацыя аб месцы стварэння крыніцы. Гэта знешнія прыкметы – асаблівасці почырку, пячаткі, гербы, вадзяныя знакі, матэрыял пераплёту, а таксама ўнутраныя прыкметы – дадзеныя тапанімікі, дыялектныя словы, найменні адзінак вымярэння і даціроўкі, якія ўжываліся ў пэўнай мясцовасці, пасады і тытулы аўтараў і асоб, якія называліся ў крыніцы. Напрыклад, калі ў тэксце згпдваюцца бочкі, пудя, бязмены, кадкі, салянкі, кварты, а таксама літоўскія грошы, то можна сцвярджаць, што крыніца была створана на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. А згадванне смаргонскіх сыроў і мёдаў, беліцкага мёда, глыбокскіх быкоў і мядоў, якубоўскага масла і сыроў дазваляе яшчэ канкрэтней лакалізаваць крыніцу. Інвентар быў створаны ў межах уладанняў Смаргонь, Якубава і Глыбокае Ашмянскага павета і маёнтка Беліцы Лідскага павета. Сінтэз звестак аб часе стварэння крыніцы маецца ў параўнанні прамой і ўскоснай прасторавай інфармацыі і выяўленні дакладнага месца стварэння.
6.Атрыбуцыя гістарычных крыніц

6.1.Прамая інфармацыя аб аўтары гістарычнай крыніцы.

Выкарыстанне дадзеных генеалогіі пры ўстанаўленні інфармацыі

аб аўтары крыніцы
Атрыбуцыя гістарычнай крыніцы ўяўляе сабой выяўленне аўтара (альбо аўтараў) крыніцы. На першым этапе атрыбуцыі ўстанаўліваецца прамая інфармацыя аб аўтары крыніцы, г.зн. яго імя, прозвішча, прозвішча па бацьку, альбо мянушка. Для ўстанаўлення аўтара і асоб, якія названы ў крыніцы, выкарыстоўваюцца дадзеныя генеалогіі і генеалагічныя табліцы ў тым выпадку, калі некалькі чалавек, вядомых у гісторыі і насіўшых аднолькавыя імёны і прозвішчы, называюцца толькі па імені.Напрыклад, кіеўскія князі Уладзімір Святаслававіч (980-1015 гг. і Уладзімір Усеваладавіч Манамах (1113-1125 гг.), плацкія князі Рагвалод (пам.980 г.) і Рагвалод Барысавіч (1150-я – 1160-я гг.), канцлеры Вялікага княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Стары (ля 1440-1509), Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565 гг.) і Мікалай Радзівіл Рыжы (1512-1584 гг.), вялікія князі літоўскія Жыгімонт Кейстутавіч (1432-1440 гг.), Жыгімонт І Стары (1506-1548 гг.), Жыгімонт ІІ Аўгуст (1544-1572 гг.) і Жыгімонт ІІІ Ваза (1589-1632 гг.).
6.2. Ускосная інфармацыя аб аўтары гістарычнай крыніцы
На другім этапе атрыбуцыі аналізуецца ўскосная інфармацыя аб аўтары гістарычнай крыніцы. У яе ўваходзяць тытул, пасада, псеўданім, сацыяльны статус, інфармацыя аб месцазнаходжанні аўтара, яго веды тапаграфіі мясцовасці, якую ён апісвае. Напрыулад, добрае веданне тапаграфіі Кіева і звесткі аб уцёках аўтара з братамі (г.зн. манахамі) у час нападу полаўцаў на Кіева-Пячорскі манастыр дазволілі зрабіць вывад, што аўтар “Аповесцці мінулых гадоў” быў манахам гэтага манастыра. А ўдзел аўтара Баркулабаўскага летапісу ў асабістым жыцці ўладальнікаў с.Баркулабава князёў Корсакаў і Саламярэцкіх (прысутнічаў пры хрэсбінах, вяселлях і атпяваннях), упамінанне уніяцкіх мітрапалітаў і епіскапаў як “адшчапенцаў”, вялікая ўвага да падзей у Магтлёве дазваляе зрабіць вывад, што гэты чалавек быў родам з Магілёва і праваслаўным свяшчэннікам у с.Баркулабава. Пад гэтыя характарыстыкі падыходзіць Фёдар Філіповіч, які і лічыцца аўтарам летапісу.
6.3.Аўтарскі стыль і яго структура. Колькасныя метады

і інфармацыйныя тэхналогіі вызначэння аўтарства
Адным з відаў ускоснай інфармацыі пры атрыбуцыі з’яўляецца аўтарскі стыль – парадак размяшчэння частак мовы ў сказе, выкарыстанне аўтарам пэўных слоў і выказванняў. Для атрыбуцыі ананімных твораў па фармальным асаблівасцям стылю часам выкарыстоўваюцца еолькасныя метады і новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Пры гэтым аналізуецца статыстыка парнай сустракаемасці граматычных класаў слоў і ствараецца “стылістычны партрэт” аўтара вывучаемага тэксту. Потым стыль ананімнага аўтара параўноўваецца са стылям сучасных яму вядомых аўтараў і ўстанаўліваецца падабенства альбо адрозненні ў стылях. Калі стылі падобны, то можна зрабіць вывад, што ананімную крыніцу напісаў аўтар з падобным стылем. Аналіз стылю дазваляе ўстанавіць складаны характар тэксту, калі ён напісаны рознымі аўтарамі, яукія маюць розны стыль.
6.4.Выяўленне падлогаў і падробак
Неадпаведнасць паміж прамой і ўскоснай інфармацыяй аб часе, месцы стварэння і аўтары крыніцы дазваляе выявіць падробкі. Падробкі – гэта крыніцы, якія вырабляліся ў больш позні час, паўтаралі стыль альбо прыпісваліся аўтару ранейшай эпохі. У гэтым выпадку крыніца поўнасццю фальсіфіцыравана. Часам сапраўдныя крыніцы часткова скажаюцца шляхам скарачэння, выпраўлення, унясення пазнейшых уставак. Падробка альбо скажэнне крыніцы, паказваючыя арэчаўленае скажэнне ісціны з мэтай увесці ў зман, з’яўляюцца падлогам. Прычынамі вырабу падробак былі:

  • меркантыльныя меркаванні аўтара альбо заказчыка падробкі, якія імкнуліся атрымаць з яе дапамогай матэрыяльную карысць;

  • ідэалагічныя меркаванні, калі крыніца скажаецца з мэтай распаўсюджання палітычных, рэлігійных, партыйных ідэй;

  • амбіцыі даследчыкаў, якія спрабуюць высунуць новую навуковую гіпотэзу альбо канцэпцыю;

  • амбіцыі калекцыянераў, якія імкнуцца ўзняць цікаўнасць да сваёй калекцыі.


7. Мэты і задачы ўнутранай крытыкі крыніц
Пасля ўстанаўлення сапраўднасці гістарычнай крыніцы неабходна падвергнуць яе ўнутранай крытыцы. Мэта ўнутранай крытыкі – устанавіць ступень адпаведнасці інфармацыі крыніцы апісваемым гістарычным падзеям. Задачай унутранай крытыкі з’яўляецца аналіз інфармацыі крыніцы для ўстанаўлення яе верагоднасці, паўнаты і дакладнасці.
7.1. Паняцце аб верагоднасці інфармацыі гістарычнай крыніцы.

Паўната і дакладнасць інфармацыі гістарычнай крыніцы
Верагоднасць інфармацыі крыніцы – гэта ступень адпаведнасці яе гістарычнаму факту, які гэта інфармацыя апісвае. Ступень верагоднасці крыніцы паказваюць паўната і дакладнасць інфармацыі крыніцы. Паўната інфармацыі – гэта якасная характарыстыка, адлюстроўваючая ў крыніцы рысы, якія найбольш адпавядаюць гістарычнаму працэсу альбо з’яве. Колькаснай характарыстыкай з’яўляецца дакладнасць інфармацыі крыніцы – ступень перадачы асобных дэталяў падзеі.
7.2. Фактары, якія ўплываюць на паўнату і дакладнасць інфармацыі гістарычнай крыніцы
На паўнату і дакладнасць інфармацыі гістарычнай крыніцы ўплываюць наступныя фактары:

  • ці быў аўтар крыніцы відавочцам апісваемых падзей альбо атрымаў звесткі аб падзеі з другіх рук. У першым выпадку інфармацыя можа быць больш дакладнай і поўнай, у другім – звесткі могуць быць скажоны ў ходзе вуснай перадачы;

  • час складання крыніцы. Калі крыніца складзена адразу пасля апісваемых падзей (напрыклад, дзённік), то яны апісаны больш дакладна і дэталёва. Калі ж крыніца створана праз пэўны перыяд пасля падзей (напрыклад, мемуары), то памылкі памяці аўтара могуць зрабіць яе меньш дакладнай у перадачы дэталяў;

  • індывідуальныя асаблівасці аўтара. Некаторыя людзі вельмі назіральны, а іншыя, наадварот, неўважлівы, трэція не ўмеюць слухаць і запамінаць, а ў чацвёртых спрацоўвае “унутраная цэнзура” (боязнь сказаць нешта лішняе);

  • псіхалогія сацыяльнай групы, да якой належыць аўтар крыніцы. Напрыклад, людзі духоўнага звання (манахі і свяшчэннікі), якія былі аўтарамі летапісаў, адмоўнаь ставіліся да язычнікаў і іншаверцаў, усхвалялі тых князёў альбо княгінь, якія апекавалі хрысціан (Вольгу, Уладзіміра, Барыса і Глеба);

  • жанр альбо форма крыніцы. Напрыклад, жыція святых і іконы пісаліся па канону – зводу правілаў, якія былі выпрацаваны праваслаўнай царквою. Цэлыя выказванні і трактоўкі браліся з кананічных жыцій, што прыводзіла да скажэння інфармацыі. Напрыклад, у жыціі Ефрасінні Полацкай выкарыстоўваліся звесткі з жыція Ефрасінні Александрыйскай.


7.3.Сінтэз гістарычнай інфармацыі крыніц, яго сутнасць і мэты.

Паняцце рэпрэзэнтатыўнасці гістарычнай крыніцы

Выяўленне навуковай каштоўнасці крыніцы
Крыніцазнаўчую крытыку завяршае этап сінтэзу гістарычнай інфармацыі, на якім даследчык параўноўвае дадзеныя розных крыніц аб гістарычных фактах і мадэліруе гістарычную сітуацыю. Пры гэтым устанаўліваецца ступень рэпрэзэнтатыўнасці крыніцы, г.зн. наколькі яна праільна ўяўляе гістарычны працэс альбо з’яву.

Важна таксама ўстанавіць навуковую каштоўнасць інфармацыі крыніцы, г.зн. якая частка звестак крыніцы і якім чынам можа выкарыстоўвацца ў гістарычным даследаванні.


написать администратору сайта