Асоба Льва Сапегі ў беларускай гісторыі. З аружжам конны воін стаіць Знакам таго, іж ся з іх ні адзін не баіць
Скачать 71.5 Kb.
|
“… з аружжам конны воін стаіць Знакам таго, іж ся з іх ні адзін не баіць. Служыць сваім спадаром ку кождай патрэбе, Не літуючы скарбаў, ні самога себе”. (Андрэй Рымша. Ода на Герб Льва Сапегі) [1]. Аднойчы, калі мне было год чатырнадцаць, да нас завітаў адзін знаёмы. Ён падзяліўся сваім жаданнем аднавіць помнік рукапіснай беларускай кнігі – Евангелле Сапегі, каб вярнуць у Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр хоця б яго копію. Потым я спытала ў сваёй цёткі – інакіні Ульяніі, аб якім Евангеллі ішла размова, і пачула цікавыя звесткі. Сваю назву Евангеліе атрымала ад імя Канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, які ахвяраваў гэтую кнігу манастыру ў 1616 г.; калісці яно захоўвалася сярод кніг Свята-Успенскага сабора манастыра (згадваецца ў вопісе 1731 г.) і было вывезенае разам з усей бібліятэкай у Вільну ў 1845 г. Абставіны атрымання манастыром гэтага падарунка дастаткова цікавыя. У 1616 г. былі спрэчкі базыліянаў за маёмасць з ранейшымі ўласнікамі Жыровіцаў. Манастырскія землі мелі агульную мяжу з Шылавіцкім маёнткам Льва Сапегі. З-за таго, што ў Шылавічах не было царквы, уладальнікі маёнтка з даўніх часоў аддавалі манастыру ў арэнду частку зямлі, якая, аднак, юрыдычна манастыру не належала. Жыровіцкія базыліяне звярнуліся да канцлера Сапегі, каб ён замацаваў права на валоданне надзелам. Леў Сапега не толькі пагадзіўся на гэтую прапанову, але нават падараваў манастыру карчму ў Шылавіцах з зямлёю, на якой гэтая карчма стаяла, і навакольнымі ворывам, лугам і зараснікамі. Акрамя таго, ён ахвяраваў жыровіцкай царкве Евангелле, на якім і зрабіў фундушавы запіс, а таксама фелонь, поручы, епітрахілі, архіерэйскую мітру і посах, срэбны пацір і дыскас. Сапега выказаў пажаданне, каб перад цудатворным Жыровіцкім абразам Маці Божай заўсёды маліліся за караля, каралеву, каралевічаў, самога ахвяравацеля, ягоных нашчадкаў і ўвесь хрысціянскі народ. [3, 238-239] Фундушавы запіс Сапегі змешчаны на старонках 376-377 Евангелля. [2, 41] Евангелле налічвае 404 аркушы. Яно багата ўпрыгожанае застаўкамі і мініяцюрамі, шматлікімі ініцыяламі. Галоўная адметнасць кнігі – чатыры гравюры з выявамі Евангелістаў. Мініацюры надзвычай маляўнічыя, яны выкананы у рэалістычнай манеры з пераважаючым мажорным каларытам фарбаў. Спецыялісты лічаць, што арнаментальнае аздабленне кнігі мае шмат агульнага з гатыцкімі традыцыямі, а мініяцюры працягваюць традыцыю ілюстравных беларускіх рукапісаў XII-XIII ст.ст.: Аршанскага і Лаўрышаўскага Евангелляў, супрасльскага рукапісу. [10] …Вітэяваты надпіс ахвяравальніка. Гледзячы на гэтыя ізяшчныя літары, уяўляеш сабе таго чалавека, чыёй рукой былі яны напісаныя. Палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат, мысліцель, асветнік… Леў Іванавіч Сапега паходзіў з старажытнага праваслаўнага беларускага роду, карані якога былі на Смаленшчыне. Будучы вялікі канцлер Вялікага княства Літоўскага нарадзіўся 4 красавіка 1557 году ў вёсцы Астроўна, якая цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці. [1] У шасьцігадовым узросце бацькі адвезлі яго ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном і мэцэнатам стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны. [11] “Нясвіж у той час быў адным з культурных цэнтраў Вялікага Княства. Высокім роўнем адукацыі славілася адчыненая Радзівіламі школа. Якраз тады ў тамтэйшай друкарні Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі. Мікалай Чорны вызнаваў кальвінізм, але пры яго двары панавала талеранцыя, што назаўсёды заклала ў душу Сапегі непрыняцьце рэлігійнага фанатызму”. [1]. Леў Сапега быў таленавітым хлопчыкам, з дзяцінства выяўляў схільнасьць да навукаў, выдатныя здольнасьці і вольнае валоданьне некалькімі мовамі. Мікалай Радзівіл Чорны паслаў 13-гадовага юнака на вучобу ў Лейпцыгскі універсітэт разам са сваім сынам, дзе ён вывучаў гісторыю, філязофію і права. [11]. У 1581 годзе пасля заканчэння універсітэта ён стаў каралеўскім пісарам пры двары Стафана Баторыя. [11] “Адукаванасьцю і выдатным веданнем лацінскае мовы Леў Сапега ўразіў вялікага князя Сцяпана Батуру. 3 парады сваіх апекуноў Радзівілаў малады палітык застаўся пры двары, каб бараніць інтарэсы Вялікага Княства, якое на Люблінскай вуніі 1569 году мусіла пайсці на небяспечнае збліжэньне з Полыдчай”. [1] На апошнім этапе Лівонскай вайны (1558—83) Леў Сапега праславіўся як ваенны дзеяч і дыпламат. Сфарміраваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён звярнуў на сябе ўвагу паспяховымі дзеяннямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскова. [11] Пасля вайны ён “узначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову, паводле якой Масква мусіла вярнуць Полаччыну і Інфлянты. Гэта была вялікая дыпламатычная ўдача, і, вярнуўшыся на радзіму, кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а потым і вялікім канцлерам — другім чалавекам у дзяржаве пасля вялікага князя. Захоўваючы гэтую пасаду на працягу трыццаці з лішнім гадоў, Леў Сапега вызначаў нутраную і замежную палітыку Княства”. [1] На маёй радзіме – слонімшчыне – шмат мясцін і падзей напамінаюць аб гэтым выдатным чалавеку. Нездарма на гярбе Слоніма на блакітным шчыце залаты леў стаіць на задніх лапах і трымае сярэбраную стралу ў выглядзе падвойнага крыжа (так праваслаўе і каталіцтва з даўнейшых часоў існавалі побач на гэтай зямлі). Гэты герб быў дадзены гораду па хадайніцтву старосты - Льва Сапегі - каралём Жыгімонтам III 4 студзеня 1591 года. [7, 45] У 1586 годзе Леў Сапега стаў старостам слонімскім, пакінуўшы у гісторыі Слоніма значны след. Ён “спрыяў уздыму культуры і прамысловасці горада, яго палітычай значнасці. Побач з замкам, на беразе Шчары, Сапега ўзвёў мураваны палац, названы пазней яго імем. Там па хадайніцтву старосты са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага, на якія з'язджаліся пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Трокскага, Полацкага, Смаленскага, Віцебскага, Брэсцкага, Мсціслаўскага, Інфлянцкага і Чарнігаўскага ваяводстваў. Праводзіліся тыя сеймікі ў Слоніме аж да 1685 года. Тут адбываліся і сеймікі павятовыя, дзе выбіраліся паслы на сеймікі генеральныя і дэпутаты ў трыбуналы. [7, 45] Не гледзячы на тое, што Леў Сапега быў заняты важнымі дзяржаўнымі справамі і ў Слоніме бываў нячаста, а паветам кіравалі яго намеснікі, - але ўсе ініцыятывы, звязаныя з палітычным, гаспадарчым і культурным жыццём горада, належалі яму. “У гэты час пры замку існавалі неблагая бібліятэка і архіў. Парупіўся Сапега і аб добраўпарадкаванні прымыкаўшых да замка вуліц, аб прывядзенні ў належны стан мастоў і дарог. Пры яго гаспадаранні былі насыпаны новыя грэблі і дамбы. У 1595 годзе ён аднавіў знішчаны крымскімі татарамі ў 1506 годзе адзіны каталіцкі касцёл на Замосці. Пісьмовыя крыніцы згадваюць аб вялікай колькасці існаваўшых тады ў Слоніме праваслаўных цэркваў. Па волі старасты і часткова за яго кошт былі ўзведзены і шыкоўныя заезныя дамы. Можна меркаваць, што адзін з іх у перабудаваным выглядзе захаваўся да нашых дзён. Гэта сучасны будынак Слонімскай цэнтральнай бібліятэкі, які некаторымі гісторыкамі архітэктуры названы Слонімскай гарадской ратушай. Дбайным і прадбачлівым старостам усё рабілася для таго, каб ствараць добрае ўраджанне ў паслоў і гасцей аб гаспадары і горадзе. Не без захадаў і клопату Сапегі з 1605 года Слонім атрымаў права “склада”, што абавязвала купцоў, якія везлі праз горад тавары, спыняцца і гандляваць імі. У тым жа 1605 годзе Леў Сапега заснаваў тут першы ткацкі цэх, а яго сын Казімір, змяніўшы бацьку на пасадзе старосты, у 1644 годзе заклаў яшчэ некалькі цэхаў. Гэта сфарміравала гістарычную ткацкую традыцыю горада”. [7, 44-45]. Разглядаючы плады дзейнасці Льва Сапегі, не можна не ўразіцца ягонай дальнабачнасцю як “дзяржаўнага мужа”: эпоха Льва Сапегі, нягледзячы на культурны ўздым, ужо мела ўсе зачаткі палітычнага і культурнага заняпаду. Найвялікшай жа заслугай Сапегі з’яўляецца тое, што ён адзін бачыў прычыны будучага заняпаду і рабіў усё, каб яго прадухіліць. У 1587-1588 гадах, займаючы пасаду падканцлера, Леў Сапега ўзначальваў соймавую камісію, што працавала над новым – Трэцім Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Ён асабіста адрэдагаваў артыкулы Статута, стварыўшы па сутнасці новую канцэпцыю незалежнае беларускае дзяржавы. “Прыняцце ў 1588 годзе гэтага самага прагрэсіўнага на той час у Эўропе збору фэўдальнага права было бліскучай палітычнай перамогаю Сапегі. Статут аніяк не спрыяў зліццю Вялікага Княства з Каронай, бо захаваў артыкулы пра самастойнасць Княства ў складзе канфэдэрацыі… Новы збор законаў быў выдадзены пад асабістым нагладам Льва Сапегі, з ягонымі прадмовамі і ягоным коштам”. [1] “Статут забараняў польскім феадалам атрымліваць пасады і землі ў княстве, патрабаваў уводзіць тут дзяржаўнае справаводства на беларускай мове. Сапега садзейнічаў распрацоўцы і выданню Статута на беларускай мове друкаваным спосабам”. [11] Пры выданні Статута Сапега змясціў як прадмову да яго зварот да вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы і насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, дзе абгрунтаваў неабходнасць гэтага новага збору законаў. [11] У сваім звароце да ўсіх саслоўяў ВКЛ Леў Сапега пісаў: “А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем и кождого часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можем”. [5] Гэта яскрава сведчыць, як клапаціўся ён аб нацыянальнай самасвядомасці грамадзян СВАЁЙ дзяржавы, іх правах і дабрабыце. Знаўцы гісторыі беларускага права называюць Сапегу “пачынальнікам НАШАЙ традыцыі - традыцыі незалежнага беларускага праўніцтва”; “Сапега – гэта Скарына нашага права”; “Сапега – гэта асоба, велічнасць якой мы яшчэ не ўсвядомелі напоўніцу”. [9] З гэтым нельга не згадзіцца. Напрыклад, “прынцып падзелу ўлад трывала асацыюецца ў нас з іменем Мантэск’ё. Насамрэч жа Леў Сапега на 200 гадоў апярэдзіў француза. Ідэі падзялення ўлады выказваліся яшчэ ў антычныя часы. Лічыцца, што ў сучасным выглядзе гэтую ідэю аформіў Мантэск’ё. Аднак Сапега пісаў ледзь не тымі ж словамі ўжо ў XVI стагоддзі! Больш за тое, прынцып падзелу ўлад на заканадаўчую (Сойм), выканаўчую (Рада, князь) і судовую (судовыя органы) быў рэалізаваны праз нормы Статута Вялікага Княства 1588 г. У Статуце 1588 г. найбольш ярка (у параўнанні з яго папярэднікамі) прасочваецца разгалінаванне права… Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. у параўнанні са сваімі папярэднікамі больш шырока і дэталёва рэгламентаваў усе тагачасныя прававыя стасункі: ад канстытуцыйных да працэсуальных. Ён утрымліваў нормы канстытуцыйнага, вайсковага, адміністрацыйнага, судова-працэсуальнага, спадчыннага, шлюбна-сямейнага, апякунскага, зямельнага, ляснога, паляўнічага, крымінальнага права. Вядомы палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Гуго Калантай праз больш чым два стагоддзі ахарактарызаваў Статут 1588 г. наступным чынам: “Статут робіць гонар чалавечаму розуму... складзены так разумна... што яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе”. [9] Дзякуючы рознабаковаму таленту і шточасовым намаганням Льва Сапегі - гэтага незвычайнага чалавека - беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае ў цяжкія для яе часы захоўвала незалежнасць і шмат у чым была ўзорам для тагачасных краін свету. Заняпаду, які прадбачыў Сапега, яна не пазбегла, але ў спадчыну нам засталіся Статуты і прыклады адданага служэння Бацькаўшчыне, на якія мы маем раўняцца. У рэлігійных адносінах Леў Сапега не вызначаўся паслядоўнасцю: ён двойчы мяняў веравызнанне: спачатку перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм, а потым у каталіцтва. Талерантны палітык і прыхільнік верацярпімасці, ён падтрымліваў утварэнне уніяцкай царквы на Беларусі, але быў катэгарычным праціўнікам гвалту і насілля як сродкаў яе ўмацавання. Паводле яго меркаванняў, рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Але калі на тагачаснай арэне рэлігійнага змагання за унію з’явілася асоба святара Язафата Кунцэвіча, які вызначаўся сваёй нецярпімасцю да праваслаўных і непамернай жорсткасцю, што пацягнула самыя непажаданыя вынікі для спакою і бяспекі ў Вялікім княстве Літоўскім, Сапега вымушаны быў умяшацца ў такі ход падзей. Трэба было спыніць згубную дзейнасць фанатычнага святара. [11] У сваіх лістах да полацкага вуніяцкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча Сапега неаднаразова перасцерагаў яго ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненьні да праціўнікаў вуніяцтва: “Руководясь не столько любовию к ближнему, сколько суетою и личными выгодами, вы злоупотреблением своей власти, своими поступками, противными священной воле и приказаниям Речи Посполитой, зажгли те опасныя искры, которые всем нам угрожают пагубным и всеистребляющим пожаром”. [8, 329] Каб стрымаць Кунцэвіча, Леў Сапега выкарыстоўваў і сваё высокае дзяржаўнае становішча. Але той, карыстаючыся падтрымкай караля, у сваю чаргу востра выступаў супраць Сапегі. [11] Выказваючы свае погляды на рэлігійную праблему канцлер пісаў Кунцэвічу: “…Признаюсь, что и я заботился о деле унии и что было бы неблагоразумно оставить это дело; но мне никогда и на ум не приходило то, что вы православных будете присоединять к ней столь насильственными мерами. Всевышний зовет к себе кротко: прийдите ко мне вси и проч., а не хочет и не приемлет рабов, влекомых насильно. А вы своим неосмотрительным насилием подстрекнули и, так сказать, принудили народ русский к сопротивлению и нарушению присяги, данной его королевскому величеству”. [8,329] Леў Сапега сцвярджаў, што рэлігійная цярпімасць - аснова ўсякай цывілізаванай дзяржавы, а рэлігійны выбар - неад’емнае права чалавека ў грамадстве. “Сваімі поглядамі на рэлігійную праблему Сапега апярэдзіў эпоху на сотні гадоў. Ён - прыклад справядлівасці і сапраўднай талерантнасці”. [11] З 1621 г. Леў Сапега - віленскі ваявода, з 1625 г. - гетман Вялікага княства Літоўскага. “I тут ён паказаў сябе ня толькі таленавітым ваяводам, але й чалавекам, што інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсё іншае. Калі на Вялікае Княства напалі швэды, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце”. [1] Апошнія гады жыцця Леў Сапега правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваннем архіваў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (работу над рэестрамі дакументаў архіўнага збору ён распачаў яшчэ ў 1594 г.). [11] Перад сконам, які надышоў у 1633 годзе, ён шчодра адарыў зафундаваныя родам Сапегаў храмы і быў пахаваны ў адным з іх — віленскім касцёле Святога Міхала. [1] На маю думку, асоба Льва Сапегі важная і сёння, таму што ён з’яўляўся прыхільнікам дзяржаўнага суверэнітэту і ажыццяўляў паслядоўную і пладатворную знешнюю палітыку, праводзіў працу, накіраваную на ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці. Ён выступаў прыхільнікам міжканфесійнага дыялогу і рэлігійнага паразумення і вельмі шмат для гэтага зрабіў. …Гурт энтузіястаў з Менску на чале з Васілём Мазурыным змаглі пераканаць кіраўніцтва бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы, дзе знаходзіцца выдатны помнік рукапіснай кнігі, і адрадзілі Евангелле Сапегі. 20 мая 2004 года факсімільная копія была перададзена Жыровіцкаму манастыру, свайму законнаму ўладальніку. І калі за набажэнствам святары прызываюць: “О благоустроітелях, благоукрасітелях, жертвователях святыя обітелі сея Господу помолімся”, - праменчык малітвы асвяшчае і нябёснае прыстанак вялікага сына беларускае зямлі раба Божага Льва… Літаратура:
|