Главная страница
Навигация по странице:

  • III.

  • Клас 6 Тэма Мой свет загадак і цуда Мэты


    Скачать 30.48 Kb.
    НазваниеКлас 6 Тэма Мой свет загадак і цуда Мэты
    Дата11.10.2022
    Размер30.48 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файла19.docx
    ТипДокументы
    #726989

    Клас: 6

    Тэма: “Мой свет загадак і цудаў”

    Мэты: садзейнічаць падагульненню, замацаванню, сістэматызацыі ведаў вучняў пра міфы і легенды; вучыць школьнікаў збіраць. Апрацоўваць легенды пра паходжанне назвы сваёй мясцовасці, ствараць уласныя вусныя замалёўкі з мультымедыйным суправаджэннем пра міфалагічнага персанажа з апорай на літаратурныя і жывапісныя творы; развіваць навыкі вуснага маўлення, самастойнай працы; выхоўваць пачуццё павагі да народнай спадчыны, пачуццё любові да роднай зямлі.

    Тып: урок развіцця маўлення.

    Форма правядзення: падарожжа ў казачны лес.

    Ход урока

    I. Арганізацыйны момант.

    1. Праца над зместам эпіграфа.

    а) Выразнае чытанне эпіграфа настаўнікам.

    б) Гутарка па пытаннях.

    • Пра якое «былое», «мёртвае», што становіцца «жывым», ідзе размова ў гэтых радках? (Адказваючы на гэтае пытанне, вучні павінны прыйсці да думкі, што маецца на ўвазе мінулае, гісторыя, духоўная спадчына беларускага народа.)

    • Якія вы ведаеце жанры вуснай народнай
      творчасці?
      (Міфы, легенды, паданні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі, павер'і і інш.)

    • Пра якія з іх пойдзе гутарка сёння на ўроку? (Міфы, легенды.)

    2. Паведамленне тэмы, формы правядзення ўрока.

    II. Праца над тэмай урока.

    1. Слова настаўніка.

    Народ, дбаючы пра выхаванне падрастаючага пакалення, пакінуў нам багатую духоўную спадчыну. Глыбокае вывучэнне гэтай спадчыны, веданне яе — наш пачэсны абавязак. Міфы, казкі, легенды ствараліся продкамі з мэтай даць тлумачэнне з'явам жыцця. Філасофія кожнай казкі, кожнага падання адна: паказаць перавагу цёмнага над светлым, дабра над злом, маральнай чысціні над пошасцю. Людзі імкнуліся да шчасця. Нездарма аж да нашага часу жыве легенда пра папараць-кветку, якая расцвітае адзін раз на год на Івана Купалу ў лясным гушчары. Яе надзейна ахоўвае нячыстая сіла. I той, хто апоўначы здолее знайсці гэтую кветку, стане вельмі шчаслівы. Яму адкрыюцца ўсе скарбы, схаваныя ў зямлі. (Гучыць музыка

    А. Шнітке «Лес казак».)

    А цяпер запрашаю вас далучыцца да легенды непасрэдна, увайсці ў казачны лес, знайсці сваю папараць-кветку.

    2. Гутарка па пытаннях.

    • Што такое міфы?

    • Якое месца займаюць міфы ў вуснай народнай творчасці?

    • Давайце ўспомнім, што мы з вамі ўжо ведаем пра гэтыя жанры літаратуры, іх адметнасць, тэматыку.

    • Да якога раздзела літаратуры адносяцца міфы і легенды? (Міф гэта народнае паданне, у якім увасоблены ўяўленні нашых продкаў пра паходжанне свету, жыццё прыроды. і месца ў ёй чалавека. Да легендаў належаць вусныя апавяданні, у якіх народ тлумачыў паходжанне той ці іншай з'явы (звычайна прыроднай) дзеяннем нейкай звышнатуральнай сілы, ці Бога.)

    3. Абарона дамашняга задання № 1: скласці вуснае выказванне пра герояў міфаў і тыя міфы, якія запомніліся найбольш. (Вучні, што рыхтавалі малюнкі, абараняюць іх, расказваюць пра міфічных істот, адзначаюць найбольш значных усходнеславянскіх багоў і іх функцыянальную ролю ў прыродзе: Пярун бог грому, маланак, бог нябеснага агню; Дажбог бог сонечнага цяпла і святла; Ярыла бог веснавога агню, абуджэння прыроды і г. д.)

    4. Гутарка па пытаннях (працяг).

    • Якім вы ўяўляеце сабе Перуна? Намалюйце яго слоўны партрэт. Параўнайце з апісаннем у вучэбным дапаможніку.

    • 3 кім змагаўся Пярун?

    • Хто такія чэрці, Чарнабог, цёмныя сілы? (Пярун «магутны волат з сівымі, чорнымі або вогненна-рудымі кучаравымі валасамі і доўгай барадой». У руках трымаў лук-вясёлку, стрэлы-маланкі. Гаспадарыў на небе, у зімовы час спачываў. Пярун супрацьстаяў нячыстай сіле: Чарнабогу, чорту і іншым. У ходзе гутаркі высвятляецца, што герой гэты надзелены канкрэтнымі, толькі яму ўласцівымі рысамі.)

    • Якімі рысамі характару можна надзяліць Дажбога? Намалюйце яго слоўны партрэт. Параўнайце з малюнкам на дошцы. (Дажбог бог сонечнага цяпла. Самы міласэрны з багоў, самаахвярны, добры, шчодры, спрыяў дабрабыту людзей.)

    5. Віктарына «Пазнайце героя па яго апісанні».

    А) Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай.

    I гадамі грэюся — сплю на дне ракі.

    Твар травой аблытаны, быццам павуцінай,

    Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

    (Вадзянік.)

    Б) Крыважэрны люты звер, падобны да ваўка, казачнае стварэнне. Лічыцца, што такім стаў чалавек, ператвораны кім-небудзь ці па ўласным жаданні.

    (Ваўкалак)

    В) Казачны жыхар лесу ў вобразе калматага чалавека ў звярынай шкуры з вялікімі вушамі. (Лясун.)

    Г) Выходзіць здань дзіўная з віру

    I творыць варожбы свае.

    Сцюдзёная льецца вадзіца

    Па целе з распушчаных кос,

    А вочы блішчаць, як дзве зоры,

    А вочы глядзяць да нябёс. (Русалка.)

    6. Абарона дамашняга задання № 2: прэзентаваць складзены і аформлены ў форме брашуры зборнік мясцовых міфаў.

    • У беларускіх паэтаў таксама ёсць творы пра міфічных істот. Якія вы ведаеце? (Творы Я. Баршчэўскага «Вужыная карона», Якуба Коласа «Жывая вада», М. Багдановіча «Вадзянік» і інш.)

    7. Выразнае чытанне вершаў беларускіх паэтаў пра міфалагічных істот (напрыклад, вершаў А. Мінкіна «Агнявік», «Дамавік»).
    Агнявік

    У полымі вясёлым печы

    Рухавы скача чалавечак

    Пад булькаценне чыгуноў,

    Пад гучны трэск смалістых дроў.
    У чыгуны, як у мішэні,

    Ён вугалькоў шпурляе жмені

    I не спыняе ні на міг

    ў стужках агнявых...
    Калі ж агонь згасае ў печы —

    У прысак лезе чалавечак

    І спіць, згарнуўшыся клубком,

    Чырвоным сгаўшы вугальком.

    Дамавік

    Вандруе па клеці сівы Дамавік,

    Стукоча маркотна яго чаравік,

    Чапляюцца вусы за ногі, а нос

    Да сківіцы моркаўкай шызай прырос.
    Са скурчаных пальцаў тырчаць кіпцюры —

    У жаху глядзяць на іх мышы з нары.

    Вось ён, уздыхнуўшы, на бочку прысеў,

    Расол горкі смокча і храпку грызе.
    I дзетак чакае, што ў цёмную клець

    Прыходзяць пад ноч на яго паглядзець...

    Ніхто не прыходзіць — і крыўдна да слёз:

    Сапе ён і чэша марковіну-нос.

    • Якімі, на ваш погляд, могуць быць іншыя назвы толькі што пачутых вершаў? Чаму? (Адказы вучняў.)

    • Што вы ведаеце пра агнявіка? (Агнявік міфічная істота, якая звязана з агнём. У мінулым гэты дух часта выкарыстоўваўся як ахоўнік дома і гаспадаркі ад неспадзяваных пажараў.)

    8. Вусныя паведамленні вучняў пра выкарыстанне фальклорных традыцый у сучасным мастацтве.

    Да Зюзі ў Паставы

    Беларуская народная творчасць знайшла сваё адлюстраванне не толькі ў сучаснай літаратуры. Так, у Пастаўскім раёне шмат год дзейнічае рэзідэнцыя старажытнабеларускага бога холаду Зюзі. Штогод сядзібу наведвае 1600 чалавек. Да Зюзі сёлета маюць далучыцца іншыя паганскія боствы — Завея, Напасця, Ледавік і Агнявік. Гасцей чакае экскурсія па сядзібе, тэатралізаваны спектакль, ласункі. Зюзя ўяўляўся беларусам старым, з белымі як снег валасамі на галаве і такой жа даўжэзнай барадой, нізенькага росту, тоўсты; увесь у белай цёплай вопратцы; ногі ў яго босыя, а галава нічым не пакрытая. У руцэ носіць жалезную булаву. Зюзя ўзнімае завіруху, мяцеліцу, выклікае сцюжу, маразы. Прыкладна ў такім выглядзе ён і будзе сустракаць гасцей у сваёй рэзідэнцыі.

    У Маладзечне расцвіце папараць-кветка

    У цэнтры горада будзе ўсталяваны фантан «Залаты трыліснік». Аўтар скульптуры — Уладзімір Жбанаў. Лейтматыў кампазіцыі — каханне. Замест кветкі ў сэрцы бронзавай скульптуры будуць мілавацца фігуры юнака і дзяўчыны. А разное лісце стане сімвалам крылаў і ўзвышэння над зямлёй. Дарэчы, трыліснік калісьці быў адным з вобразаў Маладзечна і паказваў тры напрамкі дарог — Вільнюс, Гродна і Мінск.

    Скульптар Уладзімір Жбанаў: «Гэта гіпертрафаваны вобраз папараці. Вядома, такога не бывае. Але гэта фантан 10 метраў, фігуры да 4 метраў у рамах крылаў, і яны будуць зрушаныя з цэнтра. Будуць яшчэ выкідаць струмені вады, каб у летні час фантан быў больш жывы. Плануецца і вячэрняе падсвятленне, якое ажывіць гэтую кампазіцыю.

    9. Слова настаўніка.

    Н а с т а ў н і к. Легенды выклікаюць, напэўна, у кожнага чалавека думкі пра нешта незвычайнае, таямнічае, цудоўнае, узятае з жыцця народа. Легенды, як і іншыя жанры вусна-паэтычнай творчасці, прымушаюць нас здзіўляцца мудрасці народа, яго мастацкаму таленту і глыбокаму розуму. Гэта той празаічны жанр фальклору беларускага народа, які заўсёды выклікаў і цяпер выклікае асаблівую цікавасць у слухача, чытача. Легенды звычайна павінны былі задаволіць дапытлівасць людзей, адказаць на пытанні, што спакон вякоў хвалявалі іх: адкуль і як усё ўзялося, з'явілася на зямлі, у прыродзе і ў грамадстве. Адрозненне ж легендаў у тым, што хоць і прысутнічае фантастычны элемент, аднак фактычная аснова застаецца непахіснай: чытачом ці слухачом яна ўспрымаецца як сапраўдная і рэальная.

    10. Прэзентацыя творчых заданняў.

    Вучні агучваюць запісаныя легенды і паданні пра тыя мясціны, што з'яўляюцца для іх роднымі, суправаджаючы аповеды паказам фотаздымкаў.

    11. Гульня «Адгадай горад».

    Настаўнік чытае ўрыўкі з легенд пра паходжанне назваў гарадоў. Вучням патрэбна іх адгадаць (можна прапанаваць карткі з назвамі, а вучні будуць падымаць патрэбную).

    1. Некалі, вельмі-вельмі даўно, ехаў па гэтых мясцінах купец. Пакуль ехаў добрай дарогай — бяды не ведаў, а як з дарогі збіўся — у балоце загруз.
      Але не разгубіўся гандляр: пасцяліў коням пад ногі бяросту — кару з бяроз. Так і пераехаў багністае месца. А ў памяць пра ўдалы пераезд пабудаваў купец у бярозавым гаі маленькую царкву — Богу памаліцца. 3 цягам часу вакол яе пасяліліся людзі. Вырас прыгожы горад.
      (Брэст.)

    2. Калісьці даўным-даўно жыў на гэтай зямлі стары князь. I была ў яго дачка-прыгажуня. Звалі яе Каліна. Неяк восенню ўпрасіла яна бацькоў адпусціць яе ў лес па грыбы-ягады. Ды як сышла Каліна, так і не вярнулася: ці то ў балота зайшла, ці то з ваўком сустрэлася, гэтага ўжо ніхто не ведае... Бацька ў памяць аб дачцэ пачаў саджаць вакол дома маладыя дрэвы каліны, прыгаворваючы: «Ты, Каліна, мая Каліначка...». (Калінкавічы.)

    1. Заснавальнікам места быў вядзьмар-асілак Мянеск, што збудаваў на месцы цяперашняга горада свій млын, на якім малоў муку з камення. (Мінск.)

    2. Лайды і чаўны, якія праплывалі каля мястэчка (асабліва ў тым месцы, дзе ёсць вусце Гамеюка), часта траплялі на мель... Па гэтай прычыне, калі праплывалі «знаўцы», яны крычалі: «Го! Мель!» — гэтае азначае, што тут мель. (Гомель.)

    12. Заключнае слова настаўніка.

    Аднаўленне, агучванне і каменціраванне фразы, атрыманай ад састаўлення пялёсткаў кветкі-папараці: «Беларуская народная творчасць — гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Толькі трэба ўмець гэтыя скарбы дастаць» (М. Гарэцкі).

    Н а с т а ў н і к. Спадзяюся, што кожны з вас сёння стаў хоць на долю шчаслівейшы ад таго, што далучыўся да мінулага свайго краю, дапамог захаваць гісторыю роднай вёскі для нашчадкаў. Наша зямля жывая, у яе ёсць душа. (Зноў ціха гучыць тузыка А. Шнітке «Лес казак».)

    Так, Зямля жывая. I гэта душа баліць. Бо чаго толькі не рабілі людзі са сваёй маленькай Зямлёй! Доўга трывала Зямля. Яна ўздыхала і стагнала, але людзі не чулі яе стогнаў. I тады Зямля ўскрыкнула: «Ратуйце мяне! Я гіну!» I людзі нарэшце пачулі яе. Яны зразумелі, што калі загіне Зямля, то ўсё жывое загіне, і яны самі загінуць таксама.

    Я спадзяюся, што вы будзеце заўсёды бачыць і чуць яе душу.

    III. Рэфлексія.

    • Ці спадабалася вам такая форма ўрока?

    • Ці хацелі б вы, каб такія ўрокі праводзіліся часцей?

    • Якія заданні выклікалі цяжкасць?

    IV. Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак.





    написать администратору сайта