Главная страница
Навигация по странице:

  • ЭТАПЫ ФАРМІРАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

  • бел яз. Беларуская мова сярод іншых моў. Рэферат на тэму беларуская мова сярод іншых мо


    Скачать 111.42 Kb.
    НазваниеРэферат на тэму беларуская мова сярод іншых мо
    Анкорбел яз
    Дата29.09.2020
    Размер111.42 Kb.
    Формат файлаrtf
    Имя файлаБеларуская мова сярод іншых моў.rtf
    ТипДокументы
    #140165

    БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАНАМІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ
    Кафедра беларускай і рускай моў

    Рэферат на тэму:

    «БЕЛАРУСКАЯ МОВА СЯРОД ІНШЫХ МОЎ»


    Усе вялікія і малыя асаблівасці жыцця нашага народа ( прыродныя ўмовы і геаграфія краіны, узровень народнай гаспадаркі, кантакты з іншымі народамі, характар грамадскай думкі, асаблівасці мыслення і псіхікі людзей, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы паводзін, развіццё культуры і мастацтва) адлюстраваліся ў мове. Мова – гэта не толькі сродак зносін і сувязей, але і люстэрка жыцця ўвогуле.

    На зямным шары жыве каля 2000 розных народаў, а моў налічваецца ад 3000 да 6000, пры гэтым розныя народы могуць гаварыць на адной мове. У залежнасцi ад паходжання, наяўнасцi або адсутнасцi рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя i няроднасныя. Сярод роднасных моў вылучаюцца моўныя сем’i, групы i падгрупы.

    Паводле тэорыi iндаеўрапейскай расы, практычна ўсе еўрапейскiя i многiя азiяцкiя народы маюць адну прарадзiму, а iх мовы ўзыходзяць ад адзiнай мовы – крынiцы, якую прынята называць “агульнаiндаеўрапейскай” або “iндаеўрапейскай прамовай”. Вучоныя не прыйшлi да адзiнай думкi, дзе i калi iснавала гэтая мова. Iснуе шэраг гiпотэз наконт прарадзiмы iндаеўрапейцаў. Адны даследчыкi лiчаць, што першапачаткова, прыкладна ў IV-III тысячагоддзi да н.э. яны займалi прастору ад Дона i Паўночнага Каўказа да Дуная. Адсюль iндаеўрапейцы пайшлi ў Еўропу, Сярэднюю Азiю i праз Каўказ на Блiзкi Усход i ў Iндыю. Згодна з iншымi гiпотэзамi iндаеўрапейская моўная супольнасць узнiкла на Блiзкiм Усходзе або ў Iндыi i адтуль рушыла на ўсход i захад. Выказваецца таксама меркаванне, што прарадзiмай iндаеўрапейцаў магла быць тэрыторыя ад Урала да Каспiйскага мора.

    Праiснаваўшы некалькi тысячагоддзяў, iндаеўрапейская моўная супольнасць распалася, i на аснове яе дыялектаў пачалi складвацца розныя мовы (германскiя, раманскiя, славянскiя i iншыя). Мовы, якiя паходзяць ад агульнаiндаеўрапейскай, з’яўляюцца роднаснымi, i на гэтай падставе iх аб’ядноўваюць у адну моўную сям’ю – iндаеўрапейскую. Усяго даследчыкамі выяўлена каля 20 моўных сем’яў.

    Iндаеўрапейскiя мовы – самая вялiкая ў свеце моўная сям’я (гл.: Сямешка, 1999, 42-43). У наш час амаль кожны другi чалавек гаворыць на мове iндаеўрапейскага паходжання. Ужо пазней вучоныя пачалi заўважаць, што асобныя мовы Еўропы вельмi падобныя адна на другую. Па ступенi роднасцi iндаеўрапейская сям’я падзяляецца на асобныя групы моў.

    Існуе 16 моўных груп iндаеўрапейскай сям’i: германская група (нямецкая, англiйская, iсландская, шведская, дацкая i iншыя мовы), раманская (французская, iспанская, iтальянская, партугальская, румынская, малдаўская i iншыя, мёртвая – лацiнская), кельцкая (iрландская, шатландская, гэльская, брэтонская i iншыя), балтыйская (лiтоўская, латышская, а таксама мёртвыя мовы – пруская i яцвяжская), iранская (персiдская, таджыкская, курдская i iншыя, мертвая – авестыйская, старажытнаперсiдская), iндыйская цi iндаарыйская (хiндзi, урду, бенгалi i iншыя, а таксама мёртвыя – ведыйская, санскрыт) i iншыя.

    Беларуская мова належыць да славянскай групы моў iндаеўрапейскай сям’і (гл. мал. 1). Разам з рускай і ўкраінскай мовамі яна ўваходзіць у склад усходнеславянскай падгрупы (гл.: Плотнікаў, Антанюк, 2003, 8-9).

    Мал. 1. Славянская група моў

    Славянская група моў

    Усходнеславянская Заходнеславянская Паўднёваславянская

    беларуская

    польская

    балгарская

    руская

    чэшская

    македонская

    украінская

    славацкая

    сербскахарвацкая

    Сербалужыцкая (існуе ў двух варыянтах – верхне-і ніжнелужыцкая) славенская

    стараславянская

    (мёртвая)


    палабская (мёртвая)



    ЭТАПЫ ФАРМІРАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
    Беларуская мова – гэта нацыянальная мова беларускага народа. Яна мае шматвяковую гісторыю. Мова прайшла доўгі шлях свайго развіцця – ад мовы беларускай народнасці ў далёкім мінулым да сучаснай мовы беларускай нацыі. Стваралася і развівалася беларуская нацыянальная мова ў складаных гістарычных умовах, у непарыўнай сувязі са стварэннем і развіццём беларускай нацыі.

    Перш чым утварылася беларуская народнасць i сфармiравалася яе мова, у жыццi ўсходняга славянства адбылося многа важных падзей, якiя паўплывалi на яе стан i развiццё. Да лiку такiх падзей адносiцца далучэнне славян у X стагоддзi да хрысцiянскай цывiлiзацыi. Разам з хрысцiянствам на ўсходнеславянскiя землi прыйшла пiсьменнасць на стараславянскай мове i паступова выцiснула язычнiцкую культуру i iншыя сiстэмы лiтарнага пiсьма, што iснавалi ва ўсiх славян у IX стагоддзi. Са стараславянскай кніжнай мовай сутыкаюцца традыцыі вуснай мовы народа. У выніку сінтэзу гэтых дзвюх моў выпрацоўваецца варыянт пісьмовай мовы, якая існуе паралельна са шматлікімі дыялектамі ўсходніх славян. Яе называюць старажытнай усходнеславянскай або старажытнарускай мовай. Гэта мова становіцца дзяржаўнай мовай Кіеўскай Русі. На ёй былі створаны такія сусветна вядомыя помнікі, як “Слова аб палку Ігаравым”, творы Уладзіміра Манамаха, летапіс “Аповесць мінулых гадоў” і інш.

    Надзвычай плённымi ў гiсторыi беларускай кнiжнасцi і пiсьменства былi XI-XII стагоддзi. Побач з традыцыйнымi богаслужэбнымi творамi на царкоўнаславянскай (стараславянскай) мове да нас дайшлi арыгiнальныя творы старажытнай эпохi: словы, казаннi, павучаннi, малiтвы Кiрылы Тураўскага, пiсьменнiкаў-асветнiкаў Клiмента Смаляцiча i Аўраама Смаленскага. У XII стагоддзi асветнiцкую працу вяла Ефрасiння Полацкая. Яе жыццё i дзейнасць апiсаны ў “Жыцii”, складзеным пасля смерцi адным з вучняў.

    На тэрыторыi Беларусi iснавалi такiя буйныя цэнтры старажытнай пiсьменнасцi, як Полацк, Тураў, Пiнск, Смаленск, Слуцк, Мазыр, дзе перапiсвалiся царкоўныя, стваралiся i знаходзiлi выйсце арыгiнальныя творы. Значна больш помнiкаў пiсьменнасцi не толькi рэлiгiйнага, але i свецкага характару дайшло да нас ад XIII стагоддзя. Гандлёвыя дагаворы, надпiсы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы знойдзены ў Вiцебску, Смаленску, Мсцiславе. I гэтыя помнiкi шырока адлюстроўваюць асаблiвасцi народнай гаворкi таго часу, якiя сталi спецыфiчнымi рысамi сучаснай беларускай мовы. Такiм чынам, у помнiках, створаных на Беларусi ў X-XIII стагоддзях, выразна акрэслiлiся рысы беларускай моўнай сiстэмы.

    У XIII стагоддзi Кiеўская Русь распадаецца. Узнікае Вялікае княства Літоўскае як саюз усходнеславянскiх княстваў (Навагрэдскае, Полацкае, Пiнска-Тураўскае, Берасцейскае i iншыя) i на працягу XIV стагоддзя ўся тэрыторыя Беларусi ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнiчная, рознаканфесiяльная i шматмоўная. Этнiчную большасць у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм складалi нашчадкi былых усходнеславянскiх плямёнаў (крывiчоў, дрыгавiчоў, радзiмiчаў), якiя не растварылiся ў вялiкай дзяржаве, а захавалi свае традыцыi, звычаi, веру, культуру, сваю мову, атрыманую з даўнiх часоў.

    На базе гэтай часткi ўсходнеславянскага насельнiцтва на працягу XIV-XV стагоддзяў склалася беларуская народнасць i сфармiравалася беларуская лiтаратурна-пiсьмовая мова – старабеларуская. У той час яе называлi “просто мова”, але можна сустрэць i тэрмiны “просто молва” i “лiтоўская”. Гэтая мова мела статус афiцыйнай дзяржаўнай мовы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, таму ўжывалася ва ўсiх сферах грамадскага жыцця. На ёй iснавала багатая лiтаратура, навуковая i мастацкая, летапiсы, а з сярэдзiны XVI стагоддзя – тэксты Святога Пiсання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый (Лiтоўская метрыка, Статут Вялiкага княства Лiтоўскага). У апошнiм даволi паслядоўна адлюстраваны найбольш характэрныя рысы беларускай фанетыкi i граматыкi, праведзена пэўная унiфiкацыя графiкi i арфаграфii. Надзвычай шырока прадстаўлены тут усе тэматычныя пласты тагачаснай беларускай лексiкi – ад назваў дзяржаўных рэалiй, службовых асоб да найменняў прадметаў i з’яў бытавога характару.

    Высокi ўзровень мела ў XV-XVII стагоддзях беларускае свецка-мастацкае пiсьменства, якое iснавала ў такiх жанравых формах, як летапiсы, мемуары, гiстарычна-прыгоднiцкiя, рыцарскiя аповесцi i раманы, вершы, творы палiтычнай сатыры i iншыя.

    Пераклад i выданне на Беларусi рэлiгiйнай лiтаратуры звязаны з дзейнасцю такiх выдатных пiсьменнiкаў-асветнiкаў, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васiль Цяпiнскi, Пётр Мсціславец, Мялецiй Сматрыцкi, кнiгi якiх увасобiлi дэмакратызацыю царкоўнаславяншчыны ў напрамку больш зразумелага для чытача пiсьма. Лiтаратурная мова часоў Вялiкага княства Лiтоўскага, можна сказаць, была “нацыянальнай” лiтаратурнай мовай у тым сэнсе, што ў яе аснове ляжала беларуская мова, а не царкоўнаславянская цi якая iншая.

    Аднак далейшае развiццё беларускай народнасцi i яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне Федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалiтай у вынiку аб’яднання Вялiкага княства Лiтоўскага з Польшчай (Люблiнская унiя 1569 г.) мела вынiкам значнае ўзмацненне польскага палiтычнага i культурнага ўплыву. Польшча пачала ажыццяўляць вялiкадзяржаўную палiтыку ў адносiнах да Вялiкага княства Лiтоўскага. Яна выяўлялася найперш у iмкненнi падпарадкаваць гэты край Кароне, у пашырэннi каталiцызму, польскай культуры, мовы.

    З канца XVI стагоддзя на Беларусi распаўсюджваецца лацiнская мова – афiцыйная мова Польскай дзяржавы. Яна пачынае выкарыстоўвацца ў судовай практыцы, навуковым ужытку, становiцца прадметам школьнага вывучэння. Экспансiя польскай мовы асаблiва пашыраецца ў XVII стагоддзi. Польская мова становiцца мовай канфесiйнай палемiкi свецкай лiтаратуры, выцясняе беларускую з прыватнага пiсьмовага ўжытку. Творы, якiя выходзяць на беларускай мове ў канцы XVI-XVII стагоддзяў, беспадстаўна напаўняюцца паланiзмамi.

    Засмечаная i сацыяльна непрыстыжная, беларуская лiтаратурная мова ўступае пазiцыi польскай. У 1696 годзе Варшаўскi Сейм канстатуе, што ў справаводстве Княства ўсе рашэннi павiнны складацца на польскай мове. З гэтага часу афiцыйная пiсьменнасць на беларускай мове спыняецца. Ад XVII-XVIII стагоддзяў дайшло да нас зусiм мала помнiкаў на беларускай мове. Гэта асобныя ананiмныя, бурлескна-сатырычныя вершы, нешматлiкiя драматычныя творы. Але беларуская мова працягвае выкарыстоўвацца ў штодзённым ужытку сялян i iншых нiжэйшых колаў грамадства, якiх польская асiмiляцыя амаль не закранула, гэта значыць, працягвае функцыянаваць i развiваецца як народна-дыялектная мова.

    У канцы XVIII стагоддзя беларускi народ апынуўся ў новых гiстарычных абставiнах. Некалi Вялiкая Рэч Паспалiтая пасля трох падзелаў памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй у 1795 годзе перастала iснаваць. Беларускiя землi ўвайшлi ў склад Расiйскай iмперыi. Царскi ўрад iгнараваў не толькi дзяржаўную самастойнасць, але i этнiчную, моўную, культурна-рэлiгiйную адметнасць беларускага народа. Загадам Мiкалая I у 1840 годзе на Беларусi ў якасцi афiцыйнай уводзiцца руская мова.

    У гэты час (перыяд нацыянальна-культурнага заняпаду) у асяроддзi навукоўцаў-беларусаў, выхаваных на традыцыях польскай i рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасцi беларускага народа, прызнанне гiстарычнай iсцiны, што толькi на аснове нацыянальных традыцый можна стварыць каштоўнасцi агульначалавечага значэння, што пытаннi “быць цi не быць беларускай культуры? Быць цi не быць самiм беларусам?” вырашаюцца праз лёс роднай мовы. Такім чынам, у ХІХ стагоддзі пачынаецца фарміраванне новай мовы на аснове жывой народнай мовы беларусаў. Характэрныя рысы народных гаворак бачны ў ананімных творах “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, а таксама ў працах па беларускай мове і літаратуры, створаных Я. Баршчэўскім, В. Дуніным-Марцінкевічам, Ф.Багушэвічам і інш.. Значны ўклад у развіццё беларускай мовы ўнёс Я. Чачот. Ён стаў першым аўтарам слоўніка беларусаў, які быў надрукаваны ў Вільні (1846 г.) у зборніку народных песень.

    Сучасная лiтаратурная беларуская мова пачынае складвацца амаль праз два стагоддзi пасля спынення старабеларускай пiсьмовай традыцыi. Складваецца на аснове жывой мовы народа. Працэс фармiравання новай беларускай лiтаратурнай мовы супаў з перыядам славянскага Адраджэння, калi адбывалася фармiраванне славянскiх нацый i новых нацыянальных моў.

    Першыя спробы кадыфiкаваць правапiсныя i граматычныя нормы былi зроблены Я. Лёсiкам, якi ў 1917 годзе апублiкаваў лацiнскiм шрыфтам дапаможнiк «Як правiльна пiсаць па-беларуску”, а ў 1918 годзе на яго аснове быў выдадзены “Беларускi правапiс”. У гэты час выходзяць i iншыя дапаможнiкi: “Беларускi правапiс” А. Луцкевiча i Я. Станкевiча, граматыка П. Пачобкi i iншыя. Але найбольш значнай i ўдала распрацаванай сярод iх стала “Беларуская граматыка для школ” Б. Тарашкевiча, выдадзеная ў Вiльнi ў 1918 годзе. Аўтар апiсаў усе ўзроўнi моўнай сiстэмы з пункту гледжання iх нарматыўнасцi, правiл перадачы на пiсьме. Ён здолеў акрэслiць асноўныя заканамернасцi беларускай лiтаратурнай мовы, выявiць гiстарычна-абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных асаблiвасцей з цэнтральнымi гаворкамi, якiя аб’ядноўваюць у сабе найбольш агульныя i пашыраныя рысы абодвух дыялектаў.

    Выключных поспехаў у вывучэнні беларускай мовы, яе гісторыі, помнікаў беларускай пісьменнасці дасягнуў заснавальнік беларускай філалогіі Я.Ф. Карскі – аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, манаграфіі “Беларусы”. У 1920 годзе быў створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва. У выніку збору і сістэматызацыі беларускай лексікі былі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны “Беларуска-расійскі слоўнік” (1925 год) і “Расійска-беларускі слоўнік” (1928 год) М.Я. Байкова і С.М. Некрашэвіча. Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі “Спроба лігвістычнай геаграфіі Беларусі” ў 1928 годзе апублікаваў П.А. Бузук. Дыялектычны матэрыял, назапашаны Інстытутам мовы, літаратуры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Гісторыю беларускай мовы вывучалі П.А. Бузук, Я.Ф. Карскі і іншыя, фанетыку – Я. Лёсік, Воўк-Левановіч і іншыя.

    З выхадам граматыкі Б.Тарашкевіча заканчваецца перыяд стыхійнага арфаграфічнага развіцця і пачынаецца этап арганізаванага рэгулявання беларускага правапісу. Гэты этап падзяляецца на два перыяды: дарэформенны і паслярэформенны.

    Дарэформенны перыяд пачынаецца ў 1918 годзе выхадам “Беларускай граматыкі для школ” Б.Тарашкевіча і заканчваецца ў 1933 годзе.

    Паслярэформенны перыяд пачынаецца ў 1933 годзе ў выніку прыняцця пастановы СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. Гэтым дакументам былі ўнесены значныя змены ў правапіс ( замацаванне акання ва ўсіх ненаціскных складах пасля цвёрдых зычных, адмена перадачы на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, змяненні ў напісанні некаторых запазычаных слоў). Рэформа атрымала як станоўчую, так і негатыўную ацэнку. Яна не была прынята за межамі БССР (Заходняя Беларусь), і амаль усе замежныя выданні на беларускай мове карысталіся тарашкевічаўскім правапісам (крыху ўдасканаленым). У межах Беларусі правапіс развіваўся і часткова змяняўся. Асобныя папраўкі і ўдакладненні былі ўнесены ў 1957 годзе спецыяльнай пастановай Савета Міністраў БССР “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. Поўны звод афіцыйнага беларускага правапісу “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” быў апублікаваны ў 1959 годзе. Дадзеным варыянтам правапісу мы карыстаемся па сённяшні дзень.

    Уздым у 20-ыя гады беларускай культуры, якая выкарыстала часовую магчымасць развiцця, прывёў да ўзнiкнення вялiкай колькасцi беларускiх тэкстаў i далучэння да беларускага пiсьмовага слова мiльёнаў людзей.

    У вынiку ажыццяўлення палiтыкi беларусiзацыi беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. На ёй працавалi ўрад, дзяржаўныя i грамадскiя ўстановы, вялося навучанне ў школах, тэхнiкумах, ВНУ, стваралiся падручнiкi, слоўнiкi. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукi.

    Аднак ў 30-ыя гады працэс беларусiзацыi спыняецца. У вынiку “выкрыцця” i барацьбы з “нацыянал-дэмакратамi” гiнуць грамадскiя дзеячы, пiсьменнiкi, вучоныя, работнiкі культуры i асветы. Беларуская мова паступова замяняецца рускай мовай у дзяржаўных установах, інстытутах. У 1938 годзе выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП(б) “Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей”.

    У другой палове XX стагоддзя беларуская мова функцыянавала ва ўмовах канкурэнцыi з рускай. На працягу 50-80 гадоў не абароненая дзяржавай беларуская мова ўступала адну пазiцыю за другой рускай мове, якая, па сутнасцi, са сродку мiжнацыянальных зносiн ператварылася ў дзяржаўную мову рэспублiкi. Беларускiя школы сталi рускамоўнымi, беларуская мова была выключана са сферы афiцыйнага ўжытку. Астраўкамi яе прымянення засталiся мастацкая лiтаратура, публiцыстыка, гуманiтарная навука. Сiтуацыя змянiлася ў канцы 80-ых гадоў. Працэсы дэмакратызацыi грамадства, набыццё нашай рэспублiкай суверэнiтэту абвастрылi моўную праблему i абумовiлi пачатак адраджэння беларускай мовы. У 1990 годзе беларускай мове, у адпаведнасцi з прынятым Вярхоўным Саветам Беларусi Законам аб мовах (Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР), быў нададзены статус дзяржаўнай, якi прадугледжваў найперш аднаўленне яе ў сферы афiцыйна-прававога ўжытку i адукацыi. Дзякуючы намаганням iнтэлiгенцыi, дзейнасцi ўстаноў асветы, культуры, творчых саюзаў роля беларускай мовы ў жыццi грамадства значна ўзрасла. Пашырылiся яе функцыi ў сiстэме адукацыi – спынена практыка пераводу школ на рускую мову навучання. Дзяржаўная падтрымка беларускамоўных выданняў, сродкаў масавай iнфармацыi значна павялiчыла аб’ём камунiкацыi на беларускай мове.

    Рэферэндум 1995 года замацаваў дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе ў рэспублiцы.

    Нягледзячы на неспрыяльныя сацыяльна-палiтычныя ўмовы, у якiх часта аказвалася беларуская лiтаратурная мова, развiццё на ёй розных жанраў мастацкай, публiцыстычнай, навуковай лiтаратуры не спынялася на працягу XX стагоддзя. Дзякуючы рознабаковай творчасцi майстроў слова, вучоных беларуская мова стала здатнай да таго, каб ствараць на ёй самыя разнастайныя па характары i змесце творы. На беларускай мове выдадзены шматтомныя галiновыя энцыклапедыi, слоўнiкi, граматыкi, манаграфii, на ёй iснуе багатая i самабытная мастацкая i публiцыстычная лiтаратура.
    ЛІТАРАТУРА
    1. Азарка В.У., Васілеўская А.С., Круталевіч М.М. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мн.: БДПУ, 2004. – 207 c.

    2. Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1987. – 240 с.

    3. Беларуская мова: У 2 ч.: Ч 1: Падруч. для навучэнцаў педвучылішчаў і каледжаў / Я.М. Адамовіч, Л.А. Акаловіч, С.К. Берднік і інш.: Пад агульн. рэд. Л.М. Грыгор’евай. – 3-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 1998. – 330 с.

    4. Булыка А.М. Моўная сітуацыя ў БССР. Беларуская лінгвістыка, выпуск № 36, – Мн., 1989. – С. 3-10.

    5. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. – Мн.: Народная асвета, 1993. – 398 с.

    6. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 1: А-Л – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.

    7. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 2: М-Я – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.

    8. ГОСТ 16487083. Делопроизводство и архивное дело. Термины и определения. М. 1987.

    9. Давыдова Э.Н. Делопроизводство: Учебно-практическое руководство / Э.Н. Давыдова, А.Е. Рыбаков. – 6-е изд., стереотип. – Мн., ТетраСистемс, 2002, – 288 с.

    10. Доклады Белорусского государсвтенного университета информатики и радиоэлектроники: Электроника, материалы, технологии, информатика, экономика и управление. – Мн., 2005. - № 4, – 100 с.

    11. Каўрус А.А. Дакумент па-беларуску. Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. – Мн.: Беларусь, 1994. – 160 с.

    12. Квасов Н.Т. Элементы квантовой механики и статистической физики: Учеб. пособие по курсу «Физика» для студ. всех спец. и форм обуч. БГУИР / Н.Т. Квасов. – Мн.: БГУИР, 2004. – 63 с.: ил.


    написать администратору сайта