апбм. АПБМ 11,12. 11. Аднасастаныя сказы. Лінгвістычны статус аднасастаных сказа. Праблема класіфікацыі аднасастаных сказа. Аднасастаны сказ
Скачать 14.69 Kb.
|
11.Аднасастаўныя сказы. Лінгвістычны статус аднасастаўных сказаў. Праблема класіфікацыі аднасастаўных сказаў. АДНАСАСТАЎНЫ СКАЗ – прэдыкатыўная адзінка з адным галоўным членам, які вызначаецца ўмоўнай суадноснасцю або з суб’ектам дзеяння (дзейнікам) або з прэдыкатам (выказнікам). Структурныя асаблівасці аднасастаўных сказаў: а) наяўнасць толькі аднаго галоўнага члена; б) структурная паўната (адсутнасць другога галоўнага члена сказа не з’яўляецца паказчыкам структурнай непаўнаты); в) магчымасць мець даданыя члены або са складу дзейніка, або са складу выказніка; г) магчымасць быць прэдыкатыўнымі часткамі складаных сказаў. Галоўны член у аднасастаўных сказах: а) з’яўляецца незалежным (уставіць другі галоўны член сказа або практычна ўвогуле немагчыма, або гэта прыводзіць да карэннага змянення структуры і сэнсу такіх сінтаксічных канструкцый); б) вызначаецца ўмоўнай суадноснасцю з дзейнікам (суб’ектам дзеяння) або выказнікам (прэдыкатам); в) самастойна выражае прэдыкатыўнасць, мадальнасць, тэмпаральнасць; г) здольны актуалізаваць дзеянне, стан, прымету або прадмет, рэалію як найбольш важныя для пэўнага выказвання. Праблема класіфікацыі аднасастаўных сказаў. У беларускім мовазнаўстве выразна акрэсліваюцца два падыходы да вызначэння граматычнай прыроды галоўнага члена аднасастаўных сказаў і адпаведна да іх класіфікацыі. Паводле аднаго з іх, галоўны член аднасастаўнага сказа толькі фармальна прыпадабняецца да дзейніка або выказніка, атаясамлівацца з імі не можа. Аднасастаўныя сказы адпаведна падзяляюцца на дзеяслоўныя і іменныя (дзеяслоўнага тыпу і іменнага тыпу). Згодна з другім падыходам, аднасастаўныя сказы трэба разглядаць суадносна з цэнтрамі, якія арганізуюць структуру простага сказа, а такімі цэнтрамі з’яўляюцца дзейнік і выказнік, таму аднасастаўныя сказы класіфікуюцца на дзейнікавыя (сказы з галоўным членам – дзейнікам) і выказнікавыя (сказы з галоўным членам – выказнікам). Апошнім часам навукоўцы карыстаюцца названымі тэрмінамі як сінонімамі. 12.Сінтаксічная кваліфікацыя галоўнага члена аднасастаўнага сказа. Пэўна-асабовыя сказы. Няпэўна-асабовыя сказы. Абагульнена-асабовыя сказы. Аднасастаўныя сказы дзеяслоўнага тыпу. Аднасастаўныя сказы дзеяслоўнага тыпу (выказнікавыя) у залежнасці ад граматычнага выражэння галоўнага члена і семантыкі падзяляюцца на наступныя групы: пэўна-асабовыя сказы – сказы, у якіх галоўны член, суадносны з выказнікам, выражаецца дзеясловамі 1 і 2 асобы і абазначае дзеянне, утворанае пэўнай асобай; такія сказы семантычна блізкія да двухсастаўных сказаў з дзейнікам – асабовым займеннікам; галоўны член пэўна-асабовых сказаў можа выражацца: а) дзеясловамі 1 і 2 асобы адзін і множн ліку цяперашняга або будучага часу абвеснага ладу: Краса мая, мой Нёман родны, мая любімая рака! Люблю разліў твой шумнаводны і ціхі бераг рыбака (А. Русак); Нешта дзіўнае мне расказваеце; б) дзеясловамі 2 асобы адз і множнага ліку загаднага ладу: Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку (Я. Купала); Не сварыцеся на яго за гэта; в) сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі з дапаможным кампанентам – адной з названых вышэй дзеяслоўнай формай: Паспрабуйце ўявіць сабе сёння грамадства без настаўніка (Я. Ермаловіч) (Ад суадносных па значэнні двухсастаўных аднасастаўныя сказы адрозніваюцца большай актуалізацыяй дзеяння, а не асобы, якая гэтае дзеянне ўтварае. Выкарыстанне аднасастаўных пэўна-асабовых сказаў надае паведамленню лаканічнасць, дынамічнасць, дазваляе пазбегнуць паўтораў.); няпэўна-асабовыя сказы – сказы, у якіх галоўны член, суадносны з выказнікам, выражаецца дзеясловамі 3 асобы множнага ліку і абазначае дзеянне невядомых асоб ці асоб, якіх няма патрэбы называць; галоўны член няпэўна-асабовых сказаў можа выражацца: а) дзеясловамі 3 асобы мн ліку цяпер ці будучага часу абвесн ладу: Цяпер гэтую паэму ведаюць, любяць, чытаюць не толькі ў Беларусі… (В. Вітка); У Нясвіжы вам пакажуць будынак друкарні… (В. Якавенка); Там цябе сустрэнуць; б) дзеясловамі мн ліку прошлага часу абвесн ладу: Дарогу праз лес праехалі непрыкметна (Я. Колас); Месца для адпачынку выбралі надзвычай добрае (М. Лынькоў); в) дзеясловамі мн ліку ўмоўнага ладу: Такіх цудоўных умоў вам бы не стварылі нідзе; г) сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі з дапаможным кампанентам – адной з названых вышэй дзеяслоўнай формай: На сходзе хацелі пакінуць Алесю за старасту; (Няпэўнасць аднасастаўных няпэўна-асабовых сказаў абумоўлена наступнымі прычынамі: а) утваральнік дзеяння дакладна не вядомы; б) утваральнік дзеяння вядомы, але інфармацыя пра яго не актуальная для гэтага паведамлення.) абагульнена-асабовыя сказы – сказы, у якіх галоўны член, суадносны з выказнікам, найчасцей выражаецца дзеясловамі 2-й асобы і абазначае абагульненае дзеянне, г.зн. дзеянне, якое можа выконваць кожны; галоўны член абагульнена-асабовых сказаў можа выражацца: а) дзеясловамі 2-й асобы адз і мн ліку цяпер або буд часу абвесн ладу: Дзіця не падманеш… Яно разумее сапраўдную ласку (І. Шамякін); З песні слова не выкінеш (Прык.); Адным пальцам вузла не завяжаш (Прык.); Даганяючы не нацалуешся (Прык.); б) дзеясловамі 2-й асобы адз і мн ліку загадн ладу: Век жыві, век вучыся (Прык.); Не завіце маю рэспубліку краінай цёмных лясоў! (К. Кірэенка); Не перашкаджайце вадзіцелю ў час руху; в) дзеясловамі 3-й асобы мн ліку цяпер або будучага часу абв ладу: Ад дабра лепшага не шукаюць (Прык.); Гуслям, княжа, не пішуць законаў (Я. Купала); г) дзеясловамі 1-й асобы адз і мн ліку цяперашн і будучага часу абвесн ладу: Абы было ў торбе, то з’ем і на горбе (Прык.); Дасць бог бяду, і грошы знайду (Прык.); Будзем вучыцца, пакуль смерць лучыцца (Прык.); д) сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі з дапаможным кампанентам – адной з названых вышэй дзеяслоўнай формай: Абяцанкамі сыты не будзеш (Прык.) (Аднасастаўныя абагульнена-асабовыя сказы перадаюць агульныя меркаванні, вывады, парады, пажаданні, загады, якія адносяцца да ўсіх людзей. Таму такія сказы з’яўляюцца звычайнай формай выражэння прыказак, крылатых слоў, афарызмаў.); |