МОЎНЫ ЭТЫКЕТ БЕЛАРУСАЎ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ. рэферат па беларускай мове. МОны этыкет беларуса гісторыя і сучаснасць
Скачать 35.13 Kb.
|
МОЎНЫ ЭТЫКЕТ БЕЛАРУСАЎ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ Слова “этыкет” запазычана з французскай мовы (etiguette) і мае значэнні: “ярлык”, “этыкетка”, “надпіс”, “цырыманіял”, “этыкет”. Уладзімір Даль у сваімтлумачальным слоўніку тэрмін “этыкет” трактуе як “чын, парадак свецкіх знешніх абрадаў і прыстойнасцей, прынятая, умоўная ветлівасць; цырыманіял, знешняя абраднасць”. Аднак яшчэ да пачатку XX ст. у рускай мове пад этыкетам многія разумелі ярлык, які наклейваўся на бутэлькі і абгорткі тавараў з указаннем фірмы, гандляра ці вытворцы. Пазней з гэтым значэннем засталося слова “этыкетка”, а этыкет стаў успрымацца ў сучасным значэнні. У “Слоўніку па этыцы” прыводзіцца такое азначэнне: “Сукупнасць правілаў паводзін, якія датычацца нашага праяўлення адносін да людзей (абыходжанне з людзьмі, якія цябе акружаюць, формы зваротаў, прывітанняў і паводзін у грамадскіх месцах, манеры і адзенне)”. Такая дэфініцыя істотна звужае значэнне і змест паняцця “этыкет” і не ўлічвае адрозненні паміж бытавымі, этыкетнымі, рытуальнымі і цырыманіяльнымі сітуацыямі. Т.У. Ціўян прапаноўвае больш дакладнае разуменне этыкету: “Гэта такія правілы рытуальных паводзін чалавека ў грамадстве, якія адлюстроўваюць істотныя для дадзенага грамадства сацыяльныя і біялагічныя крытэрыі і пры гэтым патрабуюць ужывання сацыяльных прыёмаў...” Але і гэта азначэнне мае дачыненне да пераважна зносін камунікацыі ўвогуле. А. Байбурын і А. Тапаркоў трактуюць этыкет як “сукупнасць спецыяльных прыёмаў і рысаў паводзін, з дапамогай якіх адбываецца выяўленне, падтрыманне і абыгрыванне камунікатыўных статусаў партнёраў па зносінах”. Разуменне этыкета як феномена са спецыфічнай формай рэгуляцыі чалавечых зносін акцэнтуе камунікатыўны аспект. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” этыкет тлумачыцца наступным чынам: “сукупнасць правіл і форм паводзін, вызначаны парадак зносін у пэўным сацыяльным асяроддзі; частка знешняй культуры грамадства. Этыкет уключае паводзіны ў грамадскіх месцах, формы звароту і прывітання, адзенне, манеры, уменне паводзіць сябе за сталом, сустракаць і праводзіць гасцей і г. д.”. Моўны этыкет - сістэма ўстойлівых формул зносін, прынятых у грамадстве, якія выкарыстоўваюцца ў тыповых камунікатыўных сітуацыях. Моўны этыкет выступае як форма выражэння ветлівасці, паважлівых, добразычлівых адносін да субяседніка. Этыкетныя моўныя формулы выкарыстоўваюцца ў сітуацыях знаёмства, звароту, прывітання, развітання, пры выражэнні падзякі, пажадання. прабачэння, просьбы, запрашэння, парады і г. д. Правілы моўнага этыкету маюць нацыянальны, адметны характар. Веданне гэтых правілаў дапамагае эфектыўна выкарыстоўваць устойлівыя формы ветлівасці ў адпаведных умовах зносін. Адсутнасць такіх правілаў або непрадуманае іх выкарыстанне могуць ствараць псіхалагічны бар"ер паміж субяседнікамі. Пры ўжыванні формул ветлівасці трэба ўлічваць іх гістарычную зменлівасць. Так, да сдухачоў у розныя перыяды развіцця грамадства ўжываліся наступныя маўленчыя звароты: таварышы, грамадзяне, грамада, панове, спадарства. Веданне і дарэчнае выкарыстанне правілаў моўнага этыкету выяўляе ўзровень агульнай культуры асобы, яе інтэлігентнасць, выхаванасць. У беларускага народа на непаўторнасць яго мовы, у тым ліку і на моўную этыку, наклалі свой адбітак асаблівасці пэўных абрадаў, звычак, усяго прынятага і непрынятага ў паводзінах. Спрадвечную беларускую моўную культуру перш за ўсё адрозніваюць спосабы звароту да адрасата -суразмоўцы. У нашай краіне, у сітуацыі руска-беларускага двухмоўя, трэба ў аднолькавай ступені валодаць як беларускімі, так і рускімі этыкетнымі маўленчымі нормамі. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што аднолькавыя камунікатыўныя намеры ў рускай і беларускай мовах могуць выражацца па-рознаму. Напрыклад, бел. Дазвольце пазнаёміць Вас з.„ і рус. Позвольте представить Вам...(знаёмства); бел. Зрабіце ласку і рус. Сделайте одолжение (як спроба звярнуць увагу); бел.Сардэчна запрашаем і рус. Добро пожаловать (прывітанне-запрашэнне); бел.Так, безумоўна і рус. Да, конечно (згода); бел. Вельмі ўдзячны, Шчыра дзякую Вам і рус. Большое спасибо, Искренне благодарю Вас (падзяка); бел. На жаль, Вы памыляецеся (Вы не маеце рацыі) і рус.К сожалению, Вы ошибаетесь (Вы не правы) (нязгода). У беларускім і рускім моўным этыкеце існуе цэлы шэраг устойлівых формул, якія неабходна запомніць.
Вядома, нельга быць культурным чалавекам толькі на словах. Культура маўленчых паводзін фарміруецца ў комплексе з маральнымі нормамі і этычнамі прынцыпамі грамадства: ветлівасцю, карэктнасцю, далікатнасцю, сціпласцю, абавязковасцю, натуральнасцю, усім тым, што складае змест паняцця культура дзелавых зносін. Значную частку свайго жыцця чалавек праводзіць на працоўным месцы. Немалаважнымі тут з‘яўляюцца ўзаемаадносіны з начальнікам або падначаленымі, паколькі гэта ўплывае на мікраклімат у калектыве. Уменне весці размову, падтрымліваць гутарку, прымаць рашэнні — гэта неабходныя дзелавыя якасці службовай асобы. У залежнасці ад абставін працоўнай дзейнасці зносіны дзеляцца на дзелавыя і свецкія. Дзелавыя або службовыя, афіцыйныя зносіны — гэта не толькі абмен інфармацыяй, як гэта звычайна адбываецца ў свецкіх зносінах, яны цягнуць за сабой выпрацоўку рашэнняў, заключэнне дамоў, прыняцце абавязацельстваў, невыкананне якіх можа прывесці да адміністрацыйнай ці юрыдычнай адказнасці. Свецкія (неафіцыйныя) зносіны звязаны з вольным часам, носяць культурны характар. Зносіны могуць быць прамымі, якія адбываюцца ў форме гутаркі двух ці больш чалавек, і ўскоснымі, з дапамогай пісьмовай перапіскі або тэхнічных сродкаў. На характар і змест дзелавых зносін уплываюць інтэлект, кампетэнтнасць субяседніка, веданне ім прадмета размовы, здольнасць выходзіць са складаных сітуацый у працэсе гутаркі. Камунікабельнасць — гэта ўменне падтрымліваць размову (атрымліваць інфармацыю, выдаваць яе, уменне правільна ставіць пытанні). У дзелавых зносінах значную ролю ў мове адыгрывае арыентацыя на тэхнічны або тэхналагічны бок справы ці на людзей, якія ўдзельнічаюць у вытворчым працэсе. Ад таго, якія з гэтых каштоўнасцей на першым месцы, у многім залежаць узаемаадносіны паміж начальнікам і падначаленымі, а таксама і паміж супрацоўнікамі. Пры накіраванасці на тэхніку і тэхналогію зносіны набываюць дзелавы тон, пры арыентацыі на чалавека ў ім значнае месца займаюць разам з дзелавымі і чалавечыя ўзаемаадносіны. Якасць зносін залежыць ад мовы суб‘ектаў: ясны выклад сваіх думак, правільнасць маўлення, выразная дыкцыя робяць гутарку або выступленне даступнымі, садзейнічаюць пошуку аптымальных рашэнняў. Эмацыянальны бок зносін узмацняюць выразная міміка і стрыманыя жэсты. У апошняе дзесяцігоддзе назіраецца павялічэнне цікавасці да нашай роднай мовы. У Рэспубліку Беларусь прыязджаюць замежныя студэнты, каб або вывучыць беларускую мову, або павысіць свае веды ў гэтай дысцыпліне. Іншафоны павінны з самых першых заняткаў карыстацца беларускімі этыкетнымі мадэлямі і разумець, што матэрыяльная база мовы не абмяжоўваецца словамі вітання, развітання, просьбы і прабачэння. Сучасная беларуская мова вызначаецца наяўнасцю разнастайных этыкетных сітуацый і вялікай колькасць іх канструкцый: прапанова, просьба, дазвол, забарона, згода / нязгода і інш. У гэтым артыкуле мы звернем увагу на сітуацыю “вітання” і яе асноўныя маўленчыя мадэлі. Формы вітання – Вітаю! Прывітанне! і іншыя – абслугоўваюць пачатковы момант зносін, які цесна звязаны з паняццем “сустрэча”. У вераваннях славян сустрэча – гэта праява лёсу, яна можа мець як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі, таму існавала вялікая колькасць прыкмет, звязаных з ёю. Рускі этнограф М. Грамыка адзначае: “Заслугоўвае ўвагі разнастайнасць вітанняў, дыферэнцыяцыя іх паводле абставінаў сустрэчы, узросту, полу, колькасці вітальнікаў. Вызначаліся адметнасцю вітанні з сваякамі і чужымі, знаёмымі і незнаёмымі. Спецыяльны пералік вітанняў меў сувязь з рознымі відамі працы. Зусім іншы набор вітанняў меўся для вуліцы – тут больш выразна выяўляліся прыкметы ўзросту і полу”. Некаторыя канструкцыі вітанняў з’яўляюцца зычэннямі. У сувязі з верай славян у добрую ці нядобрую сустрэчу такія этыкетныя выразы павінны былі нейтралізаваць“нядобрае”. Магчыма, з гэтым звязаны таксама звычай вітаць незнаёмых людзей, што захаваўся да гэтага часу на вёсцы: невядомы чужы чалавек мог быць небяспечны, таму вітанне з ім, з аднаго боку, паказвала добрыя намеры таго, хто гаворыць, з другога, такім чынам “чужы” пераводзіўся ў разрад “сваіх”. Можна вылучыць некалькі тыпаў вітанняў. 1) Вітанні з пажаданнем здароўя. Пажаданне здароўя добра адлюстроўваецца ў поўных вітальных канструкцыях: Будзь здароў/здарова; Здароў (-ва, -вы) быў/была/былі; Бывай здароў/здарова. Канструкцыі з страчанымі дзейнікавым кампанентам (Здароў; Здарова; Здаровенькі) этымалагічна таксама звязаны з пажаданнямі. Канкрэтызацыя гэтых выразаў дасягаецца за кошт розных лексічных прырашчэнняў (Здароў вам; Здароў вам у вашу кучку). Пад уплывам рускай мовы ў зносінах беларусаў ужываецца і формула Здравствуй(це) і яе варыянты Здрастуй(це), Здароў(це). 2) Вітанні, звязаныя з пазначэннем часу сустрэчы. Такія вітанні маюцца амаль ва ўсіх мовах свету. Час – адна з асноўных катэгорый наіўнай карціны свету, у народнай традыцыі некаторым яго адрэзкам надаваліся станоўчыя ці адмоўныя якасці. Асноўнай адзінкай часу з’яўляўся дзень, што адбілася і ў беларускіх канструкцыях: Добры дзень!, Добрага дня!, Дабрыдзень!, Добрага ранку!, Добрай раніцы!, Добры ранак!, Добры вечар!, Добрага вечару! Акрамя прамога, у беларускай мове пашыраны (не без уплыву польскай мовы) інверсійны парадак слоў у некаторых канструкцыях: Дзень добры!, Дзяньдобры!, Вечар добры! Прыметнік добры надае значэнне пажадання добрай раніцы, дня, вечара. Да канструкцый такога тыпу дастасоўваюцца займеннікі 2-й асобы і назоўнікі ў давальным склоне, якія паказваюць на канкрэтнага адрасата (Добры дзень вам!, Добры вечар добрым людзям!). Акрамя гэтых мадэлей, у беларускіх вітаннях на час сустрэчы паказваюць формулы, пабудаваныя па мадэлі віншавання (З панядзелкам, З аўторкам і г. д.). У якасці адказу звычайна выступаюць канструкцыі, у якіх таксама ўтрымліваюцца словы з значэннем “добры, дабро” (Дзень добры! – Добрага здароўя!; А, добры, добры!; Хай дае Бог добрае!). 3) Вітанні, якія выказваюць павагу да адрасата. Такія адзінкі часцей за ўсё ўжываліся ў мужчынскім асяродку і мелі вельмі высокую ступень ветлівасці (Маё шанаванне!, Гонар маю!, Чэсць!). 4) Вітанні, у якіх ёсць указанні на жэставае афармленне сітуацыі. Пры сустрэчы было прынята выкарыстоўваць некаторыя жэсты (паклон, пацалунак, поціск рукі). У канструкцыях прывітання замацаваўся такі жэст, як паклон. Існавалі дзве разнавіднасці паклонаў: паясны і зямны (чалабіцце). У вітаннях часцей адлюстроўваецца менавіта другі від, бо ён выражаў большую павагу (Чалом вам!, Чалом-здароў!, Чалом кланяюся!). 5) Вітанні пры ўваходзе ў хату. Канструкцыі такога тыпу ў беларускай мове будуюцца шляхам далучэння спалучэння ў хату да канструкцый першай і другой групаў (Добры дзень у хату!, Здароў вам у вашу хату!). Сярод каталіцкага насельніцтва пры ўваходзе ў хату шырока ўжываюцца вітанні рэлігійнага характару: Пахвалёны, Пахвалёны ў хату, Нех бэндзе пахвалёны, Нех пахвалёны бэндзе. – Навекі-вякоў/векув. 6) Працоўныя вітанні. Самую значную частку будняў займала праца. Яе значнасць падкрэслівалася сістэмай працоўных вітанняў, большасць з якіх мела від добразычэнняў. На думку этнографаў, вітанні меліся для ўсіх відаў працы (як і спецыяльныя адказы на іх), аднак у цяперашні час такія адзінкі ў большасці страчаныя. Усе працоўныя вітанні можна падзяліць на універсальныя і спецыяльныя. Універсальныя працоўныя вітанні не замацаваныя за якой-небудзьадной дзейнасцю, яны маглі быць адрасаваныя кожнаму чалавеку, незалежна ад віду працы. Большая частка гэтых вітанняў утрымлівае пажаданне Божай дапамогі (Памагай Бог; Бог на (у)помач; Божа, дапамагай; Божа да памоцы; Няхай Бог даспамагаець; Памагай, Божа; Памагайбо). Маюцца ў гэтых адзінках таксама пажаданні хуткага і ўдалага выканання працы (Спешна вам; Спорна вам; Спору ў працы; Паспары, Божа). Адказам на універсальныя працоўныя вітанні была звычайна падзяка. У беларускай мове зафіксаваны шэраг жартаўліва-іранічных адказаў з намёкам самому зычліўцу дапамагчы, а не спадзявацца на Бога (Казаў Бог, каб і ты памог; Казала Бажніца, я не памачніца; Ды й ты памажы; Памагай, Божа, да й ты не лянісь, нябожа; На Бога спадзявайся, а сам памагай). Спецыяльныя працоўныя вітанні дастасоўваліся да канкрэтнага віду дзейнасці. Большая частка гэтых вітанняў адрасавалася асобам, занятым рознай сельскагаспадарчай ці хатняй працай. Вітанні гэтай групы мелі від зычэнняў, якія выконвалі функцыю магічнага ўздзеяння на добры вынік працы. Напрыклад, вітанні-зычэнні чалавеку, занятаму сяўбой: Зарадзі, Божа; У зямлю зярнамі, у гумно тарпамі; У арудзе спорам, у прудзе намолам; жнівом: Перанёс Бог цераз сярпок, перанясі, Божа, цераз душок і цапок; Умалотна вам; прыгатаваннем ежы: Спару ў дзяжу (адказ Сто коп у машну); Паходна вам. Або вітанні рыбаловам: Клёў на рыбу; Рыбна вам; Ляшчы ды акуні; пры дойцы кароў: Малочна вам; пры прадзнні, тканні: Багата на ўток; Што застаў, то й на стаў; Спешка вам і спарышка, а астанкі на ўток і інш. Асноўнымі матывамі ў такіх вітаннях з’яўляюцца зычэнні дапамогі Божай (Прыспары, Божа, жыта; Радзі, Божа, на камені і пад каменем), мноства і паўнаты таго, што вырабляецца ці здабываецца (Поўны сеці; З коласа – асьміна, з зярнятка аладка), якаснай працы (Шоўкам лён; Бяло табе). 7) Вітанні, адрасаваныя людзям у час яды. Чалавек, які застаў гаспадароў за ядой, выкарыстоўваў у якасці вітання спецыялізаваныя канструкцыі. Большасць вітанняў у беларускай мове робяць акцэнт на якасці ежы: Сыць вам, людзі; Сыці вам (пажаданне шчодрай і сытнай ежы); Смачнога; Смачна есці (пажаданне смачнай ежы). Акрамя гэтага існавалі канструкцыі тыпу Хлеб ды соль; Хлеб-соль. Рэплікамі ў адказ на такія вітанні маглі служыць формулы запрашэння да яды (Просім есці; Просім за стол), падзяка. Акрамя таго ў беларускай мове ёсць рэплікі, у якіх чалавеку адмаўляюць у запрашэнні (Ем ды свой; Ядзім ды свой, а ты ў парозе стой; Ем, да свой, а ты міма столу ды к полу). 8) Вітанні-пытанні. Да гэтай групы адзінак належыць шэраг канструкцый у выглядзе пытальных сказаў. Пытанні могуць ужывацца і ў якасці самастойных вітанняў, і як суправаджальныя рэплікі. Вітанні гэтай групы выказваюць цікавасць адрасанта да жыцця адрасата, аднак, як паказвае аналіз саміх канструкцый, існавалі пэўныя абмежаванні ў змесце пытанняў. Агульнымі для славянскіх традыцый былі пытанні пра жыццё і здароў адрасата і яго блізкіх (Як жыццё? Як жыў? Як здароўе?) і іх граматычныя і стылістычныя мадыфікацыі (Як маешся? Як ты сябе адчуваеш? Як пачуваешся? Як вы жывы-дужы на гэтакай сцюжы? Як жа вы там жывяце? Як жа вам там Бог паводзіў? і іншыя). Адказам на пытанне, як правіла, служыць устойлівы выраз, які мае абагульнены выгляд. Варта вылучыць тры віды стэрэатыпных адказаў: 1) з станоўчай адзнакай; 2) з нейтральнай адзнакай; 3) з адмоўнай адзнакай. Менш характэрныя станоўчыя Жывём, Бога звелічаючы; Крыў Бог і адмоўныя адказы Жывём, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той шчыпне; Жывецца, як валу ў ярме. Адказы з нейтральнай адзнакай жыцця і здароўя больш пашыраныя. Для ўказання на сярэдні стан выкарыстоўваецца некалькі мадэлей: 1) “жывём то добра, то дрэнна” (То бокам, то скокам; То скачучы, то плачучы); 2) “жывём не ў поўную сілу, сярэдне” (Нічога сабе, памаленьку; Нічога сабе, жыву патроху; Валочымся патроху; Так сабе, мадзеем). 9) Вітанні, якія адлюстроўваюць стаўленне да сітуацыі сустрэчы. Адзінкі дадзенай групы маюць яскравую эмацыйную афарбоўку, бо яны звязаныя з праявамі пачуццяў адрасанта ў дачыненні да адрасата – радасці пры сустрэчы пасля доўгага расстання або здзіўлення пры раптоўнай сустрэчы. Асноўныя матывы ў гэтай групе прывітанняў – падкрэсліць працягласць разлукі (Гады ў рады), непазбежнасць сустрэчы (Гара з гарой не сыйдзецца, а чалавек з чалавекам заўсёды), раптоўнасць з’яўлення чалавека, якога шукалі або пра якога толькі што гаварылі (Лёгкі на ўспамін). 10) Ветлівыя звароты. Як толькі не звярталіся адзін да аднаго беларусы ў апошнія стагоддзі: і ягамосць 'устарэлая форма звароту да асобы, вышэйшай па званні ці па сваім становішчы ў грамадстве',і васпан (васпані) 'устарэлая форма ветлівага звароту ў шляхецкім асяроддзі',і Вашэць (Вашэця) 'устарэлы зварот, які паходзіць ад Вашамосць і адпавядае сучаснаму звароту на "Вы", і Сам (Сама, Самі) у значэнні 'ты', і пан (пані),і гаспадар,і спадар (спадарыня) 'старажытная форма звароту, вядомая з XVI ст., якая паходзіць ад слова гаспадар,і таварыш ці грамадзянін (грамадзянка) 'саветызмы, гістарычна афарбаваныя звароты',і нават мужчына і жанчына, і ўрэшце рэшт зноў спадар (у пачатку 90-х гадоў XX ст.). Як бачым,працэс станаўлення моўных нормаў ў сферы ветлівых зваротаў у беларускай літаратурнай мове даволі доўгі і супярэчлівы. Напрыклад, толькі ў XX ст. паралельна выкарыстоўвалася некалькі варыянтаў ветлівых зваротаў да суразмоўцы: спачатку пан (пані), гаспадар, спадар, а затым - таварыш, грамадзянін (грамадзянка). Два апошні звароты замацаваліся ў беларускай мове як афіцыйныя з часоў былога Савецкага Саюза. Сёння сярод беларусаў замест імя па бацьку актыўна выкарыстоўваюцца ветлівыя звароты: спадар, спадарыня (пры звароце да замужняй жанчыны), спадарыч (пры звароце да нежанатага хлопца), спадарства (пры звароце да вялікай аўдыторыі), спадару (клічная форма) і інш. Як ветлівыя звароты ў нас ужываюцца таксама словы сябар, таварыш (-ка), прыяцель(-ка) ці дружа (сябра), дзядзька (дзядзечка), цётка (цётачка) - пры звароце да людзей старэйшага ўзросту, прычым пры такім звароце неабавязкова ўлічваць ступень сваяцтва паміж суразмоўнікамі. 11) Развітанні. З годна з беларускім моўным этыкетам, пры развітанні будзе дарэчным скарыстаць наступныя этыкетныя формулы: Да пабачэння! (пры жаданні новай сустрэчы); Бывай(це)! (пры развітанні назаўжды); Бывай здароў!; Будзь(ма)! (у любой сітуацыі); Дабранач! (уначы); Пакуль!; Жадаю (зычу) усяго найлепшага; Жыві здароў!. Калі хтосьці адыходзіць першым, дык ён можа сказаць так: Заставайцеся здаровы! А той, хто застаецца, на адыход жадае: 3 Богам! ці Ступай з богам!. 12) Падзяка. Пры выказванні ўдзячнасці чалавеку беларусы выкарыстоўваюць звычайна кароткія выразы тыпу Дзякуй! або Прымі, калі ласка, падзяку! Дазволь выказаць табе ўдзячнасць!). А таксама: Шчыры (вялікі) дзякуй! (нельга казаць "вялікае дзякуй", бо гэта калька з рускага "большое спасибо")ці Дзякуй за ласку! 13) Прабачэнне. Гэтая катэгорыя слоў мае ў беларускай мове сваю выразную, адмысловую сітуацыйную формулу: Прабачце! або Выбачайце (калі ласка)! Даруйце! Перапрашаю! (выкарыстоўваецца, калі нам трэба перапыніць чыюсьці гутарку - спытаць нешта ў аднаго з суразмоўцаў або "ўставіць" сваю рэпліку). 14) Зычэнні. У якасці агульнага зычэння таму, хто працуе, незалежна ад віду працы (фізічнай ці разумовай) і ступені знаёмства з чалавекам, мы кажам: Памажы (памагай), Божа! Нарадзі, Божа (раней на Беларусі палічылі б хамам чалавека, які маўчком абмінуў таго, хто працаваў, выконваючы цяжкую сялянскую работу, а цяпер, на жаль, на гэта мала хто зважае). Ёсць у нашай мове і прыватныя зычэнні, якія залежаць ад характару дзейнасці, якой займаецца чалавек. Таму, хто, напрыклад, ловіць рыбу, кажуць: "Рыбно вам!", а таму, хто збірае грыбы - "Грыбно вам!",гаспадыні, якая доіць карову -"Малочна вам!" і інш., аднак гэтыя слоўныя звароты не ўсе ведаюць, а таму не часта іх і пачуеш Калі ж мы бачым таго, хто сілкуецца (есць), дык правільным будзе сказаць, як і стагоддзі таму: Смачна есці! альбо Сыць, Божа!, ні ў якім выпадку не ўжываючы кальку з рускай мовы "Прыемнага апетыту!" 15) Адрасаванні. У залежнасці ад таго, каму мы пішам ліст (афіцыйны ці сяброўскі), можна скарыстаць наступныя адрасаванні: Спадару... (спадарыні...) ці (глыбока, шчыра) паважанаму спадару (спадарыні), сябру (сяброўцы), дарагому (даражэнькаму), любаму сябру ... Зычэнне ў лісце можна пачаць фразай ад шчырае душы (жадаю ці зычу ўсяго найлепшага). Як бачым, прыгожа размаўлялі некалі нашыя продкі. У сучаснай беларускай мове адны са згаданых формаў моўнага этыкету беззваротна зніклі, некаторыя ж з цягам часу вярнуліся ва ўжытак, але не так актыўна, як хацелася б, сёння скарыстоўваюцца носьбітамі мовы. У сучаснай сітуацыі білінгвізму на Беларусі нярэдка пры суразмоўніцтве тых, хто вядзе гутарку па-беларуску, даводзіцца чуць стандартныя, калькаваныя з рускай мовы, а часам і зусім не характэрныя для мовы беларусаў выразы накшталт "Прывет", "Прыемнага апетыту!", "Спакойнай ночы" і інш. І ўсё гэта пры наяўнасці выпеставаных у вуснах нашых продкаў слоўных формул "Бывайце", "Дабрыдзень", "Дабранач", "Смачна з'есці", "Памажы, Божа!"... Між тым, толькі ад кожнага з нас залежыць, ці папоўняць гэтыя этыкетныя формулы страчаную моўную спадчыну беларусаў. Такім чынам, у беларускім моўным этыкеце існуе шэраг разнастайных канструкцый, якія адлюстроўваюць не толькі стасункі камунікатаў пры розных абставінах сустрэчы. У маўленчаэтыкетных адзінках выяўляюцца таксама міфалагічныя ўяўленні і катэгорыі архаічнай карціны свету. Спіс выкарыстаных крыніц Электронная бібліятэка УА "ГДЭК ІМ.І.ПАЧАТКАВАГА" [Электронный ресурс] – Режим доступа : https://book.ggpek.by/belmova/teor/kultura-prafesijnaga-ma-lennya/ma-lenchy-etyket-i-kultura-znosin – Дата доступа : 03.12.2021. Асноўныя якасці культуры маўлення. Правілы маўленчых паводзін. Маўленчы этыкет. [Электронный ресурс] – Режим доступа : http://profil.adu.by/mod/book/view.php?id=1692&chapterid=3628 – Дата доступа : 03.12.2021. Беларуская мова : культура маўлення электронны вучэбна-метадычны дапаможнік [Электронный ресурс] – Режим доступа : https://urok.shkola.of.by/belaruskaya-mova--kuletura-malennya-elektronni-vuchebna-metadi.html?page=10 – Дата доступа : 03.12.2021. |