Главная страница
Навигация по странице:

  • І кожны міг сябе я пазнаю часцінкай злітаю вялікага сусвету Якуб Колас

  • Максім Багдановіч Аляксеева К.С., Асвейская СШ “ Падаюць сняжынкі – дыяменты –росы, падаюць бялюткі за маім акном…” (П.Трус)

  • Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі Да гнёзд на палях Беларусі. Янка Купала.

  • Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры


    Скачать 0.6 Mb.
    НазваниеАддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
    АнкорVusnyya_vykazvanni.doc
    Дата02.05.2017
    Размер0.6 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаVusnyya_vykazvanni.doc
    ТипДокументы
    #6634
    страница1 из 11
      1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

    Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама

    Вучэбна-метадычны кабінет

    Вусныя выказванні

    па беларускай мове і літаратуры

    2010 год

    Матэрыялы распрацаваны членамі метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры з мэтай аказання дапамогі вучням у падрыхтоўцы да алімпіяды

    І кожны міг сябе я пазнаю часцінкай злітаю вялікага сусвету

    Якуб Колас

    «Жыццё пражыць — не поле перайсці».
    Народная прыказка


          Мастацтва сапраўднае заўсёды было вышэйшым за палітыку. Тым і забяспечвала сабе вечнасць. Давайце звернемся да прыкладаў з нашай нацыянальнай літаратуры. «Новая зямля» Якуба Коласа — твор пра неўміручасць народа, які мае свой адметны характар, сваю мілагучную, светлую мову, сваіх добрых і старанных, паслухмяных і цікаўных дзяцей, сваю апратку і хатнія рэчы, далікатнасць, сціпласць і шчырасць як самыя адметныя рысы. З паэмы мы даведваемся, што кепскае жыццё — ад кепскіх людзей, ад няўмельства і нядбальства, а не толькі ад малых і вялікіх начальнікаў на чале з царом. Колас аддае перавагу звычайнаму чалавечаму жыццю. Запомнілася паэма скіраванасцю на вырашэнне агульначалавечых маральна-этычных праблем. Сярод іх — жыццё і смерць, чалавек і грамадства, мастак і ўлада, дабро і зло, спосабы жыцця, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей і інш. Менавіта яны у цэнтры паэмы «Новая зямля», паэмы «Сымон-музыка» і трылогіі «На ростанях». Таму гэтыя Коласавы творы перажылі час і будуць жыць далей. У паэме «Сымон-музыка» Якуб Колас паэтызуе Мастацтва і Каханне. Гэтыя словы з вялікай літары, бо яны — не проста словы, а сімвалы неўміручасці чалавецтва, якое кіруецца імі ў зямным жыцці. Дзякуючы Мастацтву і Каханню народ здолее разарваць кола трагедыйных абставінаў і выйсці на шырэйшыя прасторы. Таму паэма і заканчваецца шматзначнай сцэнай: Сымон-музыка абуджае ад летаргічнага сну ігрой на скрыпцы Ганну і разам яны крочаць насустрач сваёй долі і да свайго народа, блізкіх людзей.

    Вечнае тое, што чалавечнае, — прыкладна так не раз пісаў у сваіх творах славуты беларускі паэт, класік нашай нацыянальнай літаратуры Максім Танк. Танк, які ў канцы 50-х — 90-я гады стаў песняром агульначалавечых, а не толькі нацыянальных каштоўнасцей. Усё, да чаго б ні дакранаўся яго зрок, набывае ў творчасці паэта гэтай пары адзнакі глыбіні, шматзначнасці. Чытаю верш «Голас», яго пранікнёныя радкі, і пераконваюся ў бясспрэчнасці выказанай думкі, і адчуваю, што паэзія Максіма Танка — гэта напружаны пошук ісцін, што ляжаць глыбей, далей, чым чыста чалавечыя ўзаемаадносіны, за звычайнымі фактамі і з'явамі, па той бокадкрытай, даступнай усім ісціны:


         Голас незнаёмага можа здзівіць,
         Голас друга — на хвіліну спыніць,
         Голас любай — сагрэць сонцам лета,
         Голас маці — вярнуць з таго свету.

         Магутны Верш! Няма ў ім ніводнага тропа. Няма «сюсюкання»: люблю, шаную і г. д. Ёсць галоўнае — сцвярджэнне гуманістычнай ідэі, нязгаснасці і святасці, чарадзейнай сілы і ўсемагутнасці кахання маці. Да падобнай вечнай ісціны паэт прывёў нас праз прыём градацыі, паказу ўзрастання значнасці чалавечага голасу, розных галасоў. Голас незнаёмага, голас сябра могуць закрануць толькі асобныя струны душы — здзівіць, спыніць у дарозе. Голас каханай ужо можа больш — сагрэць «сонцам лета», калі цяжка, калі страціў веру ўсябе, у сэнс жыцця. А вось толькі голас маці можа ажывіць, вярнуць з таго свету.

    У 1978 г. быў напісаны Танкам і верш «Паказваюць дом паэта». У ім перад намі раскрываецца цэлы шэраг агульначалавечых праблем: сутнасць і прызначэнне мастацтва, жыццё і смерць, зямное і надземнае, рэальнае і фантастычнае, традыцыйнае і наватарскае. Тэма першая — центральная. А вырашаецца яна не на ўзроўні дылетанцкім — мастацтва, маўляў, павінна служыць народу, паспяваць за часам, быць звязаным з жыццём і г. д. Так раскрывалі праблему яшчэ Дунін-Марцінкевіч ды Багушэвіч. Максім Танк у вершы прыходзіць да высновы пра сувязь мастацтва з прыродай, яго спрадвечную натуральнасць і непадробнасць, пра немагчымасць яго паўтарэння такім, якое яно склалася. Паэт не можа паўтарыцца ў новых (ці падноўленых) рэчах, калі адарвана ад іх яго душа, калі яго няма. Застаецца толькі знешні след, прыблізная копія яго жыцця, дзейнасці, партрэта. Верш пра жывое і нежывое, часовае і вечнае, жыццё і смерць, немагчымасць паўтарэння таго, што было з жывой душой. Алегарычна паэт сказаў пра гэта запытаннем: у рэстаўрыраваны дом як змогуць залятаць вятры, птушкі, зоры, заходзіць дрэвы,кветкі, людзі? Гэты ж дом мае бетонны ганак, зашклёныя вокны. I яшчэ да яго прыстаўлены вартаўнік.

    Гэтая творы ўзнімаюць на ўзровень абагульнення звычайныя факты жыцця чалавека і прыроды, прывучае нас цаніць хлеб на стале і працу бабкі Улляны, рук якой, нябожчыцы, не маглі дамыцца суседзі і хваляваліся, як такімі, падрэпанымі, мазольнымі імі, яна будзе стукацца ў дзверы раю. Гэтыя творы сцвярджаюць нас у думцы, што няма на Зямлі нічога і нікога больш разумнага і прыгожага, чым чалавек і яго справы.

    Жывеш не вечна, чалавек.
    Перажыві ж у момант век!
         Максім Багдановіч

    Аляксеева К.С., Асвейская СШ

    Падаюць сняжынкі – дыяменты –росы, падаюць бялюткі за маім акном…”

    (П.Трус)

    Падаюць сняжынкі…” Гэтыя радкі належаць аўтару паэмы “Дзесяты падмурак” . Паўлюк Трус пражыў усяго 25 гадоў. Жыццё паэта абарвалася ў самым росквіце маладосці. Тагачасная медыцына не магла ўратаваць таленавітага беларускага песняра, захварэўшага пад час творчай камандзіроўкі брушным тыфам. Для нас Паўлюк Трус пакінуў неспакойны юнацкі запал, шчырасць і адкрытасць сваіх вершаў, паэм, сатырычных прыпевак і вершаваных апавяданняў. Паўлюк нарадзіўся ў той жа вёсцы, што і Кандрат Крапіва, – Нізок. Паўлюк, як і большаць яго равеснікаў, як і зямляк Кандрат Крапіва, прайшоў тыповыя “сялянскія ўніверсітэты” – пуга, барана, плуг, каса. Але з маленства палюбіў Паўлюк кнігу і не расставаўся з ёю ўсё жыццё. Яшчэ ў семігодцы ён напісаў свой першы верш. У дваццатыя гады ў беларукім перыядычным друку усё часцей з’яўляюцца паэтычныя творы за подпісам Паўлюк Трус. Паэт карыстаўся незвычайнай папулярнасцю і аўтарытэтам сярод сялянскай і рабочай моладзі, выступаючы перад ёю са сваімі вершамі і паэмамі, наладжваючы спектаклі і літаратурныя вечары. Сябры паважалі Паўлюка Труса не толькі за яго талент глыбока пранікнёнага лірыка, але і як цудоўнага чытальніка-дэкламатара, спевака і танцора. Паўлюк любіў чытаць толькі што напісаныя таоры сваім калегам.

    Паэма “Дзесяты падмурак” была напісана да дзесяцігадовага юбілею роднай Беларусі. Асабліва зачараваў слухачоў лірычны уступ паэмы. Яму наканавана было стаць класічным узорам нацыянальнай пейзажнай лірыкі, сапраўдным дыяментам беларускай паэзіі.

    Адразу заўважаецца глыбокі эмацыянальны фон верша, які выяўляецца ў яркай, маляўнічай мове.

    У лірычным урыўку прысутнічаюць лірычнасць, апавядальнасць. На пачатку верша аўтар апісвае зімовы пейзаж “за маім акном”, потым думкі, паэтычная памяць пераносяць яго ў родныя мясціны і, нарэшце, у канцы твора ён вяртаецца ў сваю “святліцу” і сніць “роднае сяло”.

    Паэт па-майстэрску выкарыстоўвае шматкроп’і, надаючы ім значэнне незакончанасці мастацкай думкі.

    Аўтарскія адносіны да наваколля выяўляюцца ў пяшчотна-паэтычным любаванні з’явамі прыроды: “сняжынкамі-дыяментамі”, вішнямі з “шоўкавымі косамі”, маўклівымі прасторамі. Трэба заўважыць, што зімовы пейзаж не выклікае ў паэта напачатку пачуцця радасці, святочнай урачыстасці. Хутчэй, зімовая нерухомасць,цішыня, у якой далёка чуваць гукі бомаў, будзіць аўтарскую фантазію, запрашае паэта “пераведаць родных, блізкіх,дарагіх”. Родная, вясковая прырода нарадзіла ў душы аўтара “свежасць” пачуццяў, з яго вачэй “усмешкі сыплюцца на снег”. Паэт настолькі закаханы ў сваю малую радзіму, што нават успамін, паэтычнае ўяўленне аб ёй напаўняюць радасцю яго сэрца. І нават калідумкі паэта вяртаюцца ў рэальнасць прывідаў ягонай святліцы, нішто не можа засмуціць урачыстыя гукі паэтавай душы, яго “радасць без слоў”. Імкненне паэтычнай душы да вечнага яднання з роднай прыродай выявілася ў заключных лаканічных, але эмацыянальна змястоўных радках: “Засынаю… Сніцца роднае сяло”.

    Пейзажныя замалёўкі вылучаюцца глыбокім лірызмам. Змест складаецца пераважна з аўтарскіх пачуццяў, эмацыянальных адносін да прыроды, якія выяўляюцца ў яркай, маляўнічай мове. У вершы “Падаюць сняжынкі…” прырода паўстае перад чытачом жывой, адухаўлёнай.

    Расчасалі вішні

    Шоўкавыя косы

    І ўранілі долу

    Снегавы вянок.

    У дадзеным выпадку эпітэты ўжываюцца аўтарам у спалучэнні з метафарамі. Метафары дапамагаюць больш дакладна, вобразна апісаць стан прыроды, яе непаўторную прыгажосць.

    І цвіце на вішнях

    Свежая ўрачыстасць,

    Сцелецца на скронях

    Перад раннім сном.

    З дапамогай метафары першага двухрадкоўя П.Трус маляўніча апісаў зімнюю вішню: мы уяўляем сонечны прыгожы дзень, красуню-вішню пад акном з мноствам зіхатлівых сняжынак. Але галоўнае, метафара “цвіце на вішнях свежая ўрачыстасць” цудоўна перадае аўтарскі настрой: на душы ў паэта адчуванне свята, свежасці, красы жыцця.

    Аляксеева К.С.,Асвейская сярэдняя школа

    Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі

    Да гнёзд на палях Беларусі.

    Янка Купала.

    У кнізе «Зямля пад белымі крыламі» незабыўны наш Караткевіч засведчыў легенду пра тое, як Бог дзяліў між народамі землі. I даў Бог беларусам, якія яму вельмі спадабаліся, пушчы нямераныя, рэкі - поўныя, азёры - нялічаныя. Звяры і дзічына ў пушчах чародамі; лані бягуць - лес варушыцца. Рыбы ў рэках - касякамі; чаўны з вады выціскае. Пчолы ў борцях - мільёнамі. Сады - багатыя, грыбоў ды ягад - заваліся. Сказаў Бог, што і голаду на гэтай зямлі ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да нас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. Яшчэ сказаў Бог, што і людзі на гэтай зямлі будуць таленавітыя, на музыку, песні, вершы - здатныя, на дойлідства - таксама; жанчыны будуць прыгожыя, дзеці - дужыя, кемлівыя...

    Месца дзеяння аднаго з твораў рускага пісьменніка XIX ст. А. Пагоскага, які быў родам з Полацка, - Беларусь. А. Пагоскі пакінуў нам сваё ўсведамленне багацця, якім валодае кожны, хто жыве на гэтай чароўнай зямлі: «I такой прыгажосцю надзяліў Гасподзь старонку нашу, што, куды ні глянь, аж душы светла: лясы цяністыя, воды светлыя, пагоркі быццам золатам абсыпаныя; лугі, як паркаль дарагі, разнастайнымі кветкамі стракацяць, і амаль што з кожнага вясёлага пралеска віднеецца, быццам кавалак люстэрка, край сіняга гладкага возера. А паветра чыстае, нябёсы бязвоблачныя, а з кожным ветрыкам нясецца да цябе які-небудзь прыкметны пах: то смолка чутна з хвою густога, то дзятліна салодкая ад зялёных лясоў, то ядлоўцам ды чаромхай дыхне!..»

    У кожнага чалавека ёсць свой «куточак запаветны», самы дарагі і любы сэрцу. З дзяцінства чалавек, сам таго не ўсведамляючы, чэрпае з гэтай прошчы сілы і ўсё тое, што пасля пераплавіцца ў дыямент і вызначыць яго сутнасць і яго светаўспрыманне. Нельга не пагадзіцца з В. Быкавым, што шляхі-дарогі роднага краю ў многім уплываюць на шлях чалавечага жыцця, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё паэта, пра вытокі яго душэўнай і паэтычнай сутнасці.

    Для В. Быкава самым прыгожым з усіх беларускіх шляхоў з'яўляецца шлях з Мінска на Полацк. Натхнёна і паэтычна апісвае В. Быкаў гэты шлях ва ўсе поры года: «Люба ездзіць па ім улетку, калі лясы набіраюць сваю лісцёвую моц і стаяць паабапал, нібы трапічныя джунглі; люба ўвосень, у пару залатога лістападу азіраць яго страката-маляўнічую прыгажосць ці нават зімой, маразамі, калі бары абапал гасцінца апранаюць свой срабрысты ўзор і ўсё навокал замірае ва ўрачыстым маўчанні. ...Стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай мядзянай сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то пераскоквае рэчкі, то доўга ўецца між баравых цяснін...»

    А думкі Яна Баршчэўскага, акрыленыя ўспамінамі, імчаць яго да празрыстых вод Палаты, дзе грандыёзныя купалы горада; дзе хваласпевы і працяжны гул арганаў пад стракатым скляпеннем вялікага касцёла ўліваюць набожнасць у сэрца; дзе пляц запаўняецца людам у час чуллівай працэсіі з абразом Святога Немаўляці... Там - чысціня душы, «маладой, бясхмарнай, - шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!.. I рэчкі там з малака і мёду... Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..»

    У кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» мноства лірычных і філасофскіх замалёвак, большасць з якіх прысвячаюцца роднаму краю. Лірызм, узрушанасць і эмацыянальнасць дасягаюцца ў тэксце аднатыпнымі і клічнымі сказамі, развітымі аднароднымі дапаўненнямі, паўторамі. Усё гэта ў спалучэнні з інверсіяй робіць мову рытмізаванай і спрыяе выяўленню элегічнага настрою, стану душы, у якой спявае сум, светлы смутак па дарагім і незваротным.

    Ужо ў самых першых радках несмяротнай паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» гучыць думка, што Радзіма, родны кут для кожнага чалавека - крыніца з гаючай вадой, з якой можна чэрпаць успаміны і сілы для пераадолення нягод і выпрабаванняў. Лекі і спачын душы на камяністай жыццёвай дарозе чалавек знаходзіць, вярнуўшыся да сваіх вытокаў - у роднае гняздо.

    Клопат пра будучыню і свой працяг у кожнага чалавека звязаны з роднай зямлёй. Мудрым быў наш прашчур Ранцэвіч, калі адмовіўся ад скрынкі золата, якім яго хацеў узнагародзіць князь Яраслаў за сваё выратаванне ад тура на ловах. Мудры загоншчык сказаў князю, што залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму, і папрасіў бяздоннага багацця - «зямлі на дзесятае пакаленне», як пра тое засведчана ў паданні «Бяздоннае багацце».

    Любоў да Радзімы - святое пачуццё. Як даводзіў Францыск Скарына, «люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Аднак «великая ласка», любоў да Радзімы - гэта не сузіранне і захапленне яе прыгажосцю і багаццем. Любоў да Радзімы - паняцце абстрактнае, але выявы яе канкрэтныя - справы. Няма іншага шляху служэння Айчыне ў мірны час, як сумленна працаваць, служыць людзям і памнажаць багацце Радзімы. А ў часы, калі, як піша А. Куляшоў, «гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», - падзяліць з ёю благі лёс. Такім сцвярджальным пафасам прасякнуты ўсе без выключэння творы беларускай літаратуры, якія нават і пералічыць было б немагчыма. В. Быкаў у артыкуле «Паэзія дабрыні і мужнасці» пісаў, што з усіх патрыятычных твораў П. Панчанкі яго асабіста «да ўтрапёнай нематы ўражвае невялічкі верш «Герой» з яго шырокавядомымі, такімі бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі»:

    Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

    Ты не на пляжы, а на вайне».

    I лёг на змяіныя скруткі дроту.

    I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

    Прайшлі па яго спіне.

    I далей В. Быкаў піша: «Думаецца, калі б ён пра фронт не напісаў болей нічога, дык адных гэтых радкоў хапіла, каб з такой яркай канкрэтнасцю выказаць усю пакутніцка-гераічную сутнасць мінулай вайны». У маленькім вершы

    П. Панчанка «з такой яркай канкрэтнасцю» здолеў паказаць, што толькі ўчынкі, а не намеры, памкненні ці самыя высакародныя пачуцці гавораць пра асобу і вызначаюць яе сутнасць. Канкрэтная сітуацыя вымагала ад сына-патрыёта менавіта ўчынку, справы ў імя маці-радзімы.

    Радзіма - гэта святыня, дадзеная нам Богам, бо яна нам засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», яе любяць, як маці, як маці, не выбіраюць і не мяняюць. У вершы «Спадчына», якім адкрываецца аднайменны зборнік, выдадзены ў 1922 г., няма характэрных для Купалы-рамантыка высокіх эпітэтаў. I гэта тлумачыцца не толькі трагічным для Радзімы часам, калі быў напісаны верш: Беларусь была акупавана, яе зрабілі арэнай ваенных дзеянняў; адступаючы, нямецкія войскі перадавалі яе белапалякам, над ёю - «крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы». Лёс нашай Бацькаўшчыны рэдка калі быў шчаслівым, аднак паэт знаходзіў у сабе сілы складаць «гімн пабедны сярод крыжоў, магіл», знаходзіў для выяўлення сваёй любові і захаплення красой роднага краю і прыгожа-квяцістыя эпітэты. У гэтым жа вершы - «стары амшалы тын», «дуб апалены». Эфект уздзеяння на нашы душы дасягаецца менавіта гэтай адсутнасцю прыгожа-квяцістага, рамантычнага, яркага, узвышанага. Быццам бы ўсё дзеля таго, каб не зацьміць галоўны вобраз - вобраз спадчыны як найвялікшага скарбу для чалавека: тое мілае, дарагое і прыгожае, што роднае.

    Жыве з ім дум маіх сям'я

    I сніць з ім сны нязводныя.

    Завецца ж спадчына мая

    Ўсяго Старонкай Роднаю.

    Філасофія верша, сцвярджэнне таго, што любоў да спадчыны павінна быць дзейснаю, заключана ў страфе:

    I ў белы дзен ь, і ў чорну ноч

    Я ўсцяж раблю агледзіны,

    Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,

    Ці трутнем ён не з 'едзены.

    Сюжэтна-кампазіцыйным і ідэйным цэнтрам з’яўляецца вобраз Радзімы і ў рамане Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды” . У адносінах да радзімы развіваецца і вырашаецца ў творы праблема станаўлення чалавека і грамадзяніна. На жыццёвым шляху Алеся Руневіча паняцці «чалавек» і «Радзіма» былі тымі высокімі і светлымі маякамі, якія клікалі наперад і вызначалі, накрэслівалі шлях. Радзіма - ягоная журба і трывога, ягонае жыццё. Само ўспрыманне і разуменне Алесем Радзімы непарыўна звязана з ягоным духоўным ростам.

    Першыя дзіцячыя крокі, першыя адкрыцці ў такім агромністым і багатым свеце. Звычайны сялянскі побыт, звычайныя дзіцячыя радасці і засмучэнні. Усё штодзённае, нібыта дробнае і нязначнае, успрымаецца пачуццёва, інтуітыйна, таму ў сэрцы адбіваецца назаўсёды. Адсюль пачынаецца чалавек, з гэтага пачынаецца і Радзіма. Расце духоўна герой - і ўсё больш шырокі і глыбокі сэнс набывае паняцце «Радзіма».

    Відаць, без чыста эмацыйнага ўспрымання родных мясцін няма і сацыяльна-філасофскага асэнсавання і разумення Радзімы. Без краіны –сэрца няма радзімы- розуму. Сам Брыль вуснамі свайго героя гаворыць, што ў дзяцінстве ён бачыць выток, крыніцу ўсяго.

    Алесь, як і ягоны старэйшы брат Толя, не разумее спачатку ўсёй складанасці і супярэчлівасці жыцця. Але само жыццё ўсё больш і больш настойліва і патрабавальна ставіць пытанні і патрабуе на іх адказу. Духоўнае развіццё абодвух братоў праходзіць у значнай ступені ў свеце літаратуры. Адносіны да жыцця яшчэ ў прынцыпе сузіральныя. Свет рэальны пакуль што суадносіцца са светам літаратуры.

    Свет літаратуры... Для Алеся гэта Пушкін, Лермантаў, Гогаль, «Горкі - з усёй абветранай і сонечнай абаяльнасцю сваіх «басяцкіх» апавяданняў», «сурова, бязлітасна глыбокі Дастаеўскі з «Братамі Карамазавымі», «спакойна мудры бывалец Караленка», Чэхаў, Купрын, Міцкевіч, Славацкі, задушэўны і просты Колас, бунтарны Купала. І вышэй за ўсё, больш за ўсё - Леў Мікалаевіч Талстой, чые маральныя прынцыпы для Алеся Руневіча сталі на даволі працяглы час асноўнымі. Кнігі для яго - не проста чытанне. Гэта ягонае жыццё, ягоныя захапленні і парыванні, радасці і пакуты, ягоная вялікая нязменная любоў. «Кнігі тыя... адна за адной напаўнялі яго душу чароўнымі гукамі і фарбамі, вачам давалі відучасць, прабуджанай думцы адрошчвалі крылы».

    З выключна абвостраным пачуццём дабра і справядлівасці, з тонка развітым адчуваннем прыгожага, з глыбокім усведамленнем сваёй нацыянальнай і чалавечай годнасці, разбуджаным у душы жаданнем служыць народу і Бацькаўшчыне Руневіч выходзіць на шырокія прасторы жыцця.

    Пісьменнік глыбока прасочвае духоўнае развіццё героя, ягоны шлях ад кніг да жыцця, шлях ад сузіральнасці, пасіўнасці да актыўнага змагання за народ і Бацькаўшчыну.

    У Руневіча рана зараджаецца абвостранае нацыянальнае пачуццё, гонар і боль за свой край, за родную мову. У палоне, дзе ўсё роднае становіцца асабліва блізкім і дарагім, бачачы, адчуваючы пагарду да свайго нацыянальнага не толькі з боку немцаў, але і асобных здраднікаў народа, Алесь балюча ўсё гэта ўспрымае, пратэстуе. У ягонай душы жыве і крышталізуецца ўпэўненасць, што і шматпакутнаму беларускаму народу «нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём, што і нам, на нашай бясконца, дзіўна жывучай, па-народнаму невычэрпна багатай мове давядзецца яшчэ сказаць чалавецтву наша вялікае, братняе слова!..»

    У палоне Радзіма для Руневіча становіцца яшчэ больш любай, дарагой і неабходнай. Яна кліча яго, падштурхоўвае да дзеяння, надае сілы ў барацьбе. Імкненне ягонае на Бацькаўшчыну цяпер не толькі пачуццё настальгіі, гэта і абавязак грамадзяніна. Ён разумее, усёю душой адчувае, што ягонае месца цяпер сярод тых, хто змагаецца, са зброяй у руках абараняе родны Край.

    Любоў да Радзімы ў сэрцы ягоным непарыўна зліваецца з любоўю да Маці, жанчыны працавітай, шчырай, сардэчнай, часам строгай, сціплай і клапатлівай. Радзіма і Маці для Алеся атаясамліваюцца, становяцца нечым адным, самым дарагім і святым. У далечыні ад роднага дому ён як бы збоку зірнуў на ўсё і ўбачыў, як яму не хапае цяпла Маці і Радзімы, іхняй суровай патрабавальнасці і вялікай любові.

    Галоўным у мастацтве Руневіч лічыць служэнне свайму народу, служэнне чалавецтву. Як дэвіз свайго жыцця і творчасці ён выпісвае словы з аповесці В.Серашэўскага «Заморскі д'ябал»: «Будзь самім сабою і не саромейся, што ты як быццам бездапаможны! Узвышайся над іншымі высакароднасцю: будзь чысты, мужны, добры. Няхай імя тваіх суайчыннікаў заўсёды спалучаецца ва ўяўленні чужынцаў з самымі ўзнёслымі вобразамі. Аднак галоўнае, - як толькі зможаш, вяртайся да сваіх. Там твая ніва. Праз свой народ - для чалавецтва!» У гэтых словах сутнасць духоўных пошукаў Алеся Руневіча.

    Ён уцякае з палону, вяртаецца да маці, у бацькоўскі кут. Ступіўшы на родную зямлю, думае пра сваё месца чалавека і грамадзяніна ў будучым жыцці.

    Гісторык, даследчык віцебскай даўніны А. П. Сапуноў пакінуў нам адказ на пытанне, якое не можа не хваляваць кожнага з нас: «Што ж у будучым чакае Беларусь і беларуса? А гэта ўжо ў значнай ступені ў нашых руках і залежыць ад нашых сумленных адносін да нашага абавязку перад дарагой Радзімай. Калі мы зможам выканаць наш абавязак добрасумленна, то будучыня наша светлая і радасная...»

    Юхневіч Інна Уладзіміраўна, Каханавіцкай сярэдняй школы-сада
      1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


    написать администратору сайта