Главная страница
Навигация по странице:

  • Зямля падрабнела ў людскім уяўленні: Вакол абляцець – хопіць менш дзвюх гадзін… С. Законнікаў

  • Ой Нёман, і песня, і слава Народу майго і зямлі… А.Астрэйка

  • Ледзь першыя раннія промні зары Затлелі на стрэхах, на зелені свежай, Мы… М. Танк

  • Цябе , зямля, у адзенні новым

  • Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры


    Скачать 0.6 Mb.
    НазваниеАддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
    АнкорVusnyya_vykazvanni.doc
    Дата02.05.2017
    Размер0.6 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаVusnyya_vykazvanni.doc
    ТипДокументы
    #6634
    страница4 из 11
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

    Зямля падрабнела ў людскім уяўленні:

    Вакол абляцець – хопіць менш дзвюх гадзін…

    С. Законнікаў

    Гэтыя радкі сталі своеасаблівым выражэннем любові да роднага краю, да бацькоўскай зямлі, бо для кожнага з нас гэта зямля – самая ласкавая і непаўторная. Гэтыя радкі сталі выражэннем перажыванняў за лёс усяго жывога на зямлі. Кожны з нас – ёсць часцінка таго вялікага і святога, што называецца Айчынай, Бацькаўшчынай.

    Бацькаўшчына – куточак зямлі, дзе нарадзіўся чалавек, упершыню ўбачыў свет, пазнаў першыя радасці. Асобныя куточкі аб’ядналіся ў адну вялікую краіну – Беларусь.

    Белая, светлая, чыстая,

    Мой галасісты жаўрук!

    Ты – мая доля вячыстая,

    Маці мая – Беларусь. (Янка Золак)

    Мяняецца час, адбываюцца пэўныя змены ў жыцці краіны, мяняюцца людзі. І зусім па-іншаму глядзім мы сёння на знаёмыя абрысы карты Беларусі. Цяпер ужо чорнымі плямамі афарбаваны яны. Часцей можна пачуць выразы “зона забруджання”, “зона адсялення”…

    Прыйшла вясна. Яна, як заўсёды, цешыць душу, нясе радасць, надзею. Усё вакол змяняецца, набывае іншы выгляд. Нібы занава нараджаецца чалавек.

    Вясна 1986 года прыйшла па-іншаму: прынесла вялікае гора на нашу зямлю. Гэты год усклаў яшчэ адно выпрабаванне на плечы беларусаў, прымусіў зусім іншымі вачыма глянуць вакол. Багаты палескі край аказаўся безабаронны. Пустазеллем пакрыліся палеткі, спевы свае спынілі птушкі. Людзі вымушаны пакідаць магілы родных, хаты дзяцінства, вёскі. Чым вымераць гора гэтых людзей?

    Страшна глядзець на пакінутыя хаты, на сонца, якое нібы “адарвалася ад неба”, страшна глядзець на пакуты зямлі роднай. Пачуццём адказнасці поўніцца сэрца людское, болем поўняцца радкі паэмы С. Законнікава “Чорная быль”:

    Маўчыць, нібы камень, зямля,

    Палын невядомасцю свеціць…

    Што будзе, што будзе пасля? –

    Не скажа ніхто ў гэтым свеце.

    Што такое Чарнобыль? Што прынёс ён на нашу зямлю? Чарнобыль - гэта боль, смутак, крык чалавечай душы. Аснова ўсяго жывога – зямля, забруджваецца. Квітнеючыя куточкі Беларусі пераўтвараюцца ў безжыццёвыя пусткі: “зямля падрабнела…”

    Чалавек – гаспадар на зямлі, а чарнобыльская трагедыя звязана з безгаспадарчай дзейнасцю кожнага. Хопіць глядзець на зямлю па-спажывецкі, неабходна яе даглядаць. Неабходна з адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага, зрабіць кожны куточак Бацькаўшчыны лепшым, прыгажэйшым. Нам неабходна зберагчы яе для нашчадкаў. Памятайце, што самастойна яна не можа выстаяць перад нястрымным наступам тэхнікі.

    С. Законнікаў у паэме “Чорная быль” спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, заклікае да барацьбы з безадказнасцю і беспрынцыпнасцю:

    Калі і зараз ты не загукаеш,

    А будзеш жыць пад страхам і прынукай,

    Чарнобыль не такі яшчэ чакае

    Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.

    У Бібліі ёсць такія словы: “Трэці Анёл пратрубіў, і ўпала з неба вялікая Зорка, якая гарэла падобна свяцільні, і ўпала на трэцюю частку рэк і на крыніцы вод. Імя той зоркі – палын, і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкімі”.Людзі пачалі звяртацца да Усявышняга з просьбай заступіцца за Беларусь.

    Усе разам і кожны паасобку адказвае за тое, што адбываецца на Зямлі. Мы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб больш Чарнобыль не паўтарыўся.

    Папковіч Л.М, Боркавіцкая сярэдняя школа

    Зямля падрабнела ў людскім уяўленні:

    Вакол абляцець – хопіць менш дзвюх гадзін…

    С. Законнікаў

    У наш час навука і тэхніка развіваюцца вельмі хуткімі тэмпамі, адкрыцці адно за адным укараняюцца ў вытворчасць. Гэтую паступальную бесперапынную змену стадый развіцця называюць навукова-тэхнічным прагрэсам. Галоўныя яго адметныя рысы – цесная сувязь навукі і тэхнікі, іх узаемаўплыў. Адам Глобус у вершы “Прагрэс” дае сваю характарыстыку гэтай з’яве:

    На мяжы навукі і прыроды

    Здольны перспектыўны чалавек

    Збудаваў пратэзныя заводы,

    Каб падзагрыміраваць калек.

    Разгарнуўся чалавечы геній,

    Загулі такарныя станкі,

    Зарыпелі штучныя калені,

    Рукі, ногі, пальцы, пазванкі…

    Зачаткі навуковых ведаў узніклі шмат тысяч гадоў таму, калі першабытны чалавек вучыўся вырабляць прымітыўныя прылады працы, здабываць агонь, будаваць жыллё. Лічыцца, што навука ўзнікла ў Старажытнай Грэцыі, дзе былі закладзены асновы матэматыкі (Піфагор, Эўклід), клінічнай медыцыны (Гіпакрат), біялогіі (Арыстоцель). Архімед вынайшоў водапад’ёмную машыну– архімедаў вінт, з рычагоў і блокаў стварыў прыстасаванне для спуску вялікіх суднаў на ваду. У эпоху сярэднявечча прыродазнаўчыя навукі і тэхнікі ў Еўропе развіваліся даволі марудна. Навука ў сучасным яе разуменні пачала складвацца ў Еўропе ў 16-17 ст. У 18-19 ст. адбыўся так званы “прамысловы пераварот” – пераход ад ручной рамеснай тэхнікі да машыннай індустрыі. Пачаўся ён вынаходствам і выкарыстаннем шматлікіх машын, якія вызвалялі чалавека ад аперацый, звязаных з цяжкай фізічнай працай, а скончыўся стварэннем машынабудавання. У сярэдзіне 20 ст. адбыўся сапраўдны пераварот у навуцы і звязаны з ім узлёт тэхнічных дасягненняў, які часта называюць навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй. Карані гэтай рэвалюцыі прыпадаюць на час, калі на базе навуковых адкрыццяў былі створаны рухавікі, якія выкарыстоўвалі электрычную энергію і энергію вадкага паліва. Гэта зрабіла магчымым стварэнне рухавікоў унутранага згарання, а на іх аснове масавых і хуткасных відаў транспарту – аўтамабільнага, паветранага, воднага. Галоўнымі дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу 20 ст. сталі развіццё касманаўтыкі, кібернетыкі, энергіі мірнага атама, дзе выявіўся класічны прыклад плённага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння навукі і тэхнікі.

    Пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу значна змяніліся ўмовы жыцця нашай цывілізацыі. Навука і тэхніка глыбока праніклі ва ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека, аказалі ўплыў на яго ўзаемаадносіны з прыродай, далі яму новыя прыёмы і спосабы вытворчасці, паўплывалі на ўзровень і лад жыцця.

    Я сведка дзён, калі знікалі рэкі,

    дубровы сохлі, гінулі бары.

    Грымеў прагрэс:

    -Усё – для чалавека!

    І шчыравалі хуткіх спраў майстры…

    (Віктар Ярац. “Меліярацыя”)

    Дзякуючы сучаснай тэхніцы, людзі могуць за некалькі гадзін перамяшчацца з адной кропкі зямнога шара ў другую, з дапамогай тэлефоннай і радыётэлевізійнай сувязі звязвацца адзін з адным на вялізных адлегласцях, практычна імгненна даведвацца пра падзеі ў свеце ці назіраць за імі па прамой трансляцыі. Сргей Законнікаў заўважыў, што “зямля падрабнела ў людскім уяўленні”. Чалавек можа апускацца ў самыя глыбокія мясціны Сусветнага акіяна, працаваць на іншых планетах. Тэхніка дапамагае нам вывучаць жыццё велізарных касмічных аб’ектаў і будову найдрабнейшых элементаў жывой клеткі. Стварэнне камп’ютараў і распрацоўкі ў галіне кібернетыкі дазволілі чалавеку адмовіцца ад непасрэднага ўдзелу ў многіх вытворчых працэсах і даручыць іх выкананне аўтаматам. Але, задумаўшыся, разумееш, што чалавек трапіў у палон жалезнага веку. Наконт гэтага хвалюецца і Алесь Камароўскі ў вершы “Жалезны век”:

    Ствараў машыны, адшліфоўваў час,

    Прагрэс іх гнаў за вынікам за лепшым…

    Мы гэтак жа ад іх цяпер залежым,

    Як і яны залежалі ад нас…

    Чалавек павінен заставацца гаспадаром на зямлі. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс стварае і шэраг іншых праблем для сучаснай цывілізацыі. Зноў хочацца звярнуцца да верша А. Камароўскага:

    Вялікай тэхнікі задышша і засіл…

    Куды вядзе яна: у скон ці ў вечнасць?

    Ці не губляецца ў гэтым чалавечнасць,

    Ці не расце дыктат жалезных сіл?

    Навуковыя дасягненні могуць выклікаць псіхалагічныя стрэсы, звязаныя з велізарным інфармацыйным патокам, экалагічныя праблемы нашай планеты. Дадзеная праблема таксама не пакінула абыякавымі беларускіх майстроў слова. Хвалюецца за лёс прыроды Пімен Панчанка ў вершы “Сармацкае кадзіла”:

    Душна ад жалезнага прагрэсу:

    Дружна падразаем жылы лесу,

    Траў і кветак топчам карані,

    Ад зялёнай адракаемся радні…

    Час не стаіць на месцы, хуткімі тэмпамі крочыць наперад. Чалавеку таксама неабходну ісці побач. Усё патрабуе разумнага выкарыстання дасягненняў навукі і тэхнікі, што дазволіць зрабіць кожнага чалавека шчаслівым насельнікам Сусвету.

    Ніякіх скідак на імклівы век!

    Душа не знойдзе аніякіх лекаў,

    Калі ў жалезным веку чалавек

    Не будзе заставацца Чалавекам.

    (А. Камароўскі. “Жалезны век”)

    Гэта гучыць як заклік . У любых умовах мы не можам страціць свайго чалавечага выгляду.Толькі тады чалавек застанецца чалавекам, а зямля не будзе выглядаць дробнай ні ў людскім уяўленіі, ні на самой справе

    Папковіч Л.М., Боркавіцкая сярэдняя школа

    Ой Нёман, і песня, і слава

    Народу майго і зямлі…

    А.Астрэйка
    Блакітным павуціннем ахутваюць зямлю маю рэкі. Быццам жылы нясуць кроў, так нясуць яны разам са сваімі водамі жыццё. Цэнтральнай артэрыяй Беларусі з’яўляецца бацька Нёман. Яго ціхая і поўная плынь, маляўнічыя краявіды, якія раскінуліся абапал берагоў, зрабілі раку ўлюбёным месцам адпачынку і дарослых, і дзяцей.

    Нёман – прыгажун беларускіх прастораў – бярэ свой пачатак недалёка ад мястэчка Узда. Тут сціплы ручаёк называецца проста – Нёманец. Толькі з таго месца, дзе рака зліваецца са значна большымі за сябе прытокамі Уса і Лоша, яе пачынаюць называць Нёманам. Зрабіўшы некалькі вялікіх паваротаў, абмінаючы марэнныя ўзвышшы, Нёман перасякае Беларусь і Літву і на тэрыторыі Калінінградскай вобласці ўпадае ў Балтыйскае мора.

    Агульная даўжыня магутнай ракі 850 кіламетраў, больш як 450 з іх Нёман цячэ па тэрыторыі маёй Радзімы. Шырокія раўнінныя прасторы змяняюцца то нізкімі, пакрытымі сыпучым белым пяском берагамі, то крутымі, аж на некалькі метраў узнятымі над вадой.

    З даўніх часоў рака Нёман была вядома нашым продкам і выкарыстоўвалася імі як водны гандлёвы шлях. Першыя ўспаміны пра яе сустракаем у Іпацьеўскім летапісе (другая палова 13-га стагоддзя), у польскіх летапісах гэтага часу. Нямецкія псы-рыцары атакуюць уваход з мора ў Нёман і будуюць па яго берагах абаронныя гарады. Пачынаючы з другой паловы 13-га і на працягу 14-га стагоддзяў, чытаем у летапісах, нашы продкі і літоўцы вялі суровую барацьбу з крыжаносцамі, якія грабілі мірныя караваны са збожжам і іншымі таварамі, што перавозіліся па рацэ. У 15-ым і 16-ым стагоддзях рака была асноўнай артэрыяй паміж Беларуссю і Захадам, куды сплаўлялі лес, клёпкі, мачты, смалу, попел, воск, лой, ільняное валакно, скуры. На Белую Русь прывозілі залатыя і срэбныя вырабы, сукно, соль, селядцы і розныя іншыя тавары. У 1857 годзе на Нёмане ўбачылі вялікія прыгожыя параходы. Так было аж да першай сусветнай вайны.

    Нёманскія воды багатыя на планктон – бактэрыяльныя, раслінныя і жывёльныя арганізмы, якія садзейнічаюць ачысцы вады, узбагачаюць яе кіслародам, выпрацоўваюць складаныя бялковыя злучэнні, неабходныя для жыцця ўсіх жывёл. Самыя маленькія з іх служаць кормам для малявак рыб.

    Нёман толькі трэцяя па даўжыні рака Беларусі, але ён стаў для беларусаў тым, чым Волга для рускіх, Дняпро для ўкраінцаў, Вісла для паляка, -- гэта наша нацыянальная рака, прыгажосць якой народ апявае ў сваіх песнях, празаікі і паэты – у мастацкіх творах.

    Незабыўныя вершы прысвяцілі гэтаму прыгажуну беларускіх прастораў Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Максім Багдановіч, Янка Купала , Змітрок Бядуля, Цішка Гартны і многія іншыя паэты.

    Зялёныя салаўіныя берагі падарылі свету незабыўную песню. Песню, імя якой – Якуб Колас. Менавіта тут, на нёманскіх прасторах, спазнаваў свет будучы славуты пясняр. Менавіта нёманская гармонія наталяла Кастуся пачуццямі і ўражаннямі, зачароўвала і вабіла.” Сагрэты быў пяскамі Наднямоння”, --пісаў пазней Якуб Колас. Самым дарагім хараством, якое трэба яшчэ пашукаць на зямлі, быў Нёман, з сіняю глыбінёю віроў, са старымі прысадзістымі дубамі ўздоўж берага, вольхамі і лозамі:

    І дзе на свеце ёсць такая,

    Як Нёман , рэчанька другая?

    Тут хвалі светлы, срэбралітны,

    А беражок – ну, аксамітны,

    На дне пясочак жоўты, чысты,

    Вадою згладжаны, зярністы.

    У воду войдзеш – шчасце раю,

    Я шчасця большага не знаю,

    Ці знаць яго ўжо не прыйшлося,

    Як толькі тут, на сенакосе.

    Вясна жыцця Я.Коласа пачыналася тут, ля нёманскіх берагоў, пад гоман хваль ракі-пяюна, ракі-карміцелькі, пра якую пранікліва і прыгожа спявала Кастусю матуля -- самы дарагі чалавек на свеце. У будучым не раз вобраз роднага Нёмана будзіў творчае натхненне паэта:

    Гой ты , Нёман, наша рэка!

    Поіш ты і корміш нас,

    Бедну чайку чалавека

    Ты з сабой насіў не раз.

    Невыпадкова, што менавіта тут, на берагах вольнай і шумлівай ракі, у ліпені 1906 года адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд, у якім прымалі ўдзел многія слаўныя сыны Беларусі-маці, у тым ліку і Колас.

    Яго голас спявае славу Нёману, а Нёман распасцірае сваю пяшчоту, быццам надзейная заслона ад усіх бед, на ўвесь мой народ і зямлю. Бацька Нёман такі ж дужы і адкрыты, як беларускі характар, такі раз’юшаны і неўтаймоўны ў хвіліны вялікай небяспекі для Айчыны, такі ж непахісны ў цвёрдасці сваіх перакананняў, як і ўвесь люд беларускі. Ляціць над зямлёй голас, нагадваючы гімн галоўнай рацэ беларускай:

    Ой, Нёман наш, Нёман, зямлі нашай слава,

    Ты вабіш красою ўсіх да сябе.

    Шумяць над табою лясы велічава,

    Дубы векавыя вартуюць цябе.

    І сёння над краем свет новы лунае

    І слава Радзімы ўзлятае да зор.

    Аб шчасці вялікім народ наш спявае,

    А Нёман плыве на шырокі прастор.

    (музыка і словы Шыдлоўскага)
    Барэйка Л.В., Верхнядзвінская гімназія

    Ледзь першыя раннія промні зары

    Затлелі на стрэхах, на зелені свежай,

    Мы…

    М. Танк

    Прыгожы наш родны край. Маляўнічыя ўзгоркі і дрымучыя лясы, сінявокія азёры і лагодныя рэкі, духмяныя лугі і бязмежныя палі вабяць сваім хараством і спакоем, клічуць на неабсяжныя прасторы, абяцаючы многа нечаканага і цікавага. І мы не можам утрымацца ад спакусы пайсці насустрач гэтай прасторы, таму ахвотна выпраўляемся ў вандроўку па роднай краіне, каб глыбей спазнаць нашу краіну, папоўніць свае веды і ўражанні. Ніхто, я думаю, спрачацца не будзе з Янкам Маўрам, які пісаў: “На Беларусі … ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”. Радзіма пачынаецца з таго месца, дзе ты нарадзіўся, дзе кожны з нас з’явіўся на свет. Таму і пачатак падарожжа – тут, у Верхнядзвінску, дзе мудрая, бурліва-хуткая рака Заходняя Дзвіна прымае рудыя воды нешырокай, але віратлівай Дрысы.

    Над міжрэччам высяцца святыні, што датуюцца далёкімі стагоддзямі, -- касцёл Раства святой Марыі, Свята--Мікалаеўская царква. Яны тыя нешматлікія архітэктурныя помнікі, якія на вачах аднаго пакалення перажылі сваю гібель і адраджэнне. З "Візіты Дрызенскага касцёла" мы ведаем, што ў мястэчку ў 1734 годзе ўжо быў драўляны касцёл. У 1777 годзе Дрыса была уведзена ў ранг павятовага горада, і таму спатрэбіліся новыя вялікія храмы.Было прынята рашэнне пра будаўніцтва мураванага касцёла і мураванай Нікольскай царквы. Рымска -- каталіцкі касцёл быў пабудаваны ў 1809 годзе паміж вуліцамі Дзвінскай, Маскоўскай і Новай Каменнай. А ў 1867 ён ужо капітальна рамантаваўся і ў некаторай ступені перабудоўваўся. Побач з касцёлам ў 1860 быў узведзены плябальны дом, а пры ім флігель, "посредине сени, при них возовня,конюшня и сарай под одной драничною крышей". Перад касцёлам знаходзіліся жалезныя вароты з жалезнымі весніцамі з двух бакоў на каменных слупах, з левага боку касцёл быў абкружаны касцёльнымі лаўкамі, з астатніх --драўлянай агароджай. На касцёльнай плошчы, на Зялёнай вуліцы, знаходзіўся 2- павярховы дом, пабудаваны ў 1879 годзе касцёльным настаяцелем.Верхні паверх гэтага дома тады быў драўляным. У1882 было вядома, што пры касцёле існавала вучылішча. Хутчэй за ўсё яно месцілася ў плябальным доме. Значная частка старых пабудоў захавалася. Гэта касцёльныя лаўкі-- магазіны па вуліцы Качкара, плябальныя дамы -- магазіны па вуліцы Савецкай, будынак насупраць бібліятэкі. Частка яго страчана, яна цягнулася ўздоўж вуліцы Качкара на ўвесь квартал і мела таксама 2 паверхі. У час пасля 1917 года касцёл быў закрыты, ператвораны пад склад. Гэта нанесла шкоду. Але касцёл узноўлены амаль без зменаў. Страчаны толькі адзін ярус вежы, праз гэта будынак стаў больш прыземісты. Але па-ранейшаму ён помнік неаготыкі і барока.

    Верхнядзвінская Мікалаеўская царква -- помнік архітэктуры класіцызму. У 1819 г. пабудавана з цэглы. Храм мае 4- охчасткавую кампазіцыю: званіцу, трапезную, асноўны аб'ём і аспіду. У 1780 г. было вядома, што мястэчка мела драўляную Настоліцкую царкву. Пасля надання мястэчку Дрыса статусу павятовага горада ў 1777 г. было прынята рашэнне пабудаваць мураваную Нікольскую царкву, што і адбылося ў 1819 годзе. Царква ўражвае сваёй веліччу.

    Бадай самае прыгожае і казачнае месца ў любы час года--парк,што на беразе Дзвіны. Жоўта-залацісты, чырвоны , увесь такі рознакаляровы, што , здаецца, трапляеш у казку, адпачываеш душой ,наталяючыся спакоем, цішынёй і дабрынёй. Ад зачараванай Дзвіны вее мудрасцю, яна нібы сведка стагоддзяў. Крыху далей жывы помнік прыроды – дэндрапарк. Тут маляўнічымі групамі і алеямі растуць сотні чужаземцаў – прадстаўнікоў флоры розных кантынентаў. Мірныя суседзі – старажытныя гінкго і цюльпанавае дрэва, амурскі аксаміт і канадскія елкі ды клёны. У дэндрапарку ўтульна. Тут каскад сажалак, перавітыя ліянамі альтанкі, сапраўдны церамок, з каменнай залай і выставачнай мансардай.

    Рака Заходняя Дзвіна запрашае да падарожжа. Наступны прыпынак – Полацк. Сівая даўніна – галоўнае, на чым стаіць старажытны, 1148-гадовы горад. Над зліццём двух рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званіцамі, сілуэт сабора. Полацкая Сафія. 11 стагоддзе . Многае змянілася, за стагоддзі нарасло зямлі, храм нібы “асеў”. У склепах ягоных была адна з найлепшых нашых старажытных бібліятэк. Яе спалілі ў свой час езуіты, якія былі аднымі з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Сведкі гісторыі – арганы—спяваюць славу гораду і яе жыхарам. Непадалёк ад Сафійкі – помнік 12 стагоддзя. Славуты Спас-Еўфрасіннеўскі сабор з прыгожымі старажытнымі фрэскамі. Калі сонейка зазірае ўнутр сабора. Гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстатую ваду лясных рэк глядзяць на падарожнікаў нечалавеча вялікія задумлівыя вочы нашых продкаў. На беразе мудрай Дзвіны – стары калегіум, у мурах якога калісьці жыў і працаваў Сімяон Полацкі, заснавальнік рускага вершаскладання.

    Пісах вначале по языку тому,

    Іже свойственный бе моему дому…

    У Полацку, куды раней за Сімяона, пачынаў сваё жыццё і першадрукар усходніх славян Францыск Скарына; яму тут пастаўлены цудоўны помнік.

    Горад , што спалучыў мінуўшчыну і сучаснасць, -- Полацк, у якім стаіць адзіны ў свеце помнік, што ўвекавечыў літару Ў, чыста беларускую, нашу. Кідаюцца ў вочы навічку-падарожніку шырокія зялёныя вуліцы, новыя дамы, завод шкловалакна, іншыя шматлікія заводы, будынкі клубаў і кінатэатраў, дамоў культуры і спорту, розных навучальных устаноў. Горад расце і маладзее. Але запамінаецца ўсім гасцям і жыхарам дыханнем гісторыі-матухны.

    Побач з Полацкам брат, куды маладзейшы за яго, -- горад Новаполацк. Плошчы, высокія будынкі, паркі, бібліятэкі, магутны нафтаперапрацоўчы завод. Уначы – гэта зыркае зарыва агнёў. Удзень -- многія і многія дзесяткі будынкаў. І … Дзвіна, якая блакітным ланцужком звязвае прыпынкі нашага падарожжа.

    Мала чым саступае ва ўзросце Полацку горад Віцебск (974г.) – месца майстроў, горад-гісторыя, вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху “з вараг у грэкі”. Вялікі культурны цэнтр, у якім выключнае месца займае Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа. Віцебск знакаміты дывановымі вырабамі, якія не аднойчы адзначаліся дыпломамі ў Дамаску. Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну горад устаў з попелу, як і ўся Беларусь-маці. Цяпер Віцебск – гэта цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькі палацаў, ратуша17 стагоддзя, дзе месціцца гісторыка-краязнаўчы і мастацкі музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга і мясцовага, віцебскага жывапісу.

    Промні ранішняга сонца клічуць на прасцягі нашай Беларусі. Колькі лясоў, велічных і задуменных! Колькі азёраў, блакітных вачэй Айчыны, якія ўзіраюцца ў Сусвет, нібы хочуць спазнаць яго глыбіні! Колькі палёў, што не маюць ні канца ні краю, быццам сам Сусвет. І ўсё гэта вабіць, цягне. І мы ідзём у след за гэтым поклічам, і тады ўспамінаюцца словы Андрэя Лабановіча, сказаныя Турсевічу: “У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць”. Сапраўды, прыгажосць прынёманскіх сенажацей і дуброў, якімі захапляўся Андрэй Лабановіч, велічнасць Белавежскай пушчы, што натхняла Міколу Гусоўскага, непаўторная краса Мінска, пяшчотнасць векавечных віцебскіх сцежак зліваюцца ў сэрцы кожнага падарожніка ў адзіны вобраз Беларусі, Радзімы, з якой пачынаемся ўсе мы разам і кожны з нас паасобку.

    Барэйка Людміла Васільеўна, Верхнядзвінская гімназія

    Цябе , зямля, у адзенні новым
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


    написать администратору сайта