Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
Скачать 0.6 Mb.
|
Нясвіж і Мір – сусветная культурная спадчына ў спісе ЮНЕСКА. Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына; Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай. Я.Купала Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў, без памяці, без роду і племені. Давайце ж пройдземся сцежкамі памяці беларускага народа, прыгадаем яго спадчыну. Праз смугу стагоддзяў, з пажаўцелых старонак летапісаў паўстае перад намі Мірскі замак – выдатны помнік беларускага абарончага дойлідства XVI стагоддзя. Жыццё нашых продкаў часта праходзіла ў братазабойчых войнах з суседзямі, таму князь Іллініч у пачатку XVI стагоддзя ў пасёлку Мір закладвае першы камень будучага абарончага замка. А ўжо ў 1568 годзе пабудова пераходзіць ва ўладанне Мікалая Радзівіла, які дабудоўвае яго ў стылі рэнесансу. Вакол замка ўзведзены земляныя валы з бастыёнамі на вуглах, у паўночнай частцы разбіты сад у італьянскім стылі, на поўдні – штучнае возера. Тыя, каму пашанцавала апынуцца ля сцен Мірскага замка, не могуць паверыць у тое, што выдатны помнік архітэктуры за некалькі стагоддзяў неаднаразова разбуралі і аднаўлялі зноў. Узяць, напрыклад, Айчынную вайну 1812 года. Цяжка ўявіць, але пасля гэтай навалы замак стаяў у запусценні больш як стагоддзе. З цемры мінулых стагоддзяў дайшлі да нас выдатныя помнікі культавага і абарончага дойлідства. Сярод іх асобае месца займае Нясвіжскі палац. З ім асацыіруецца не толькі свецкае жыццё Радзівілаў, але і ўся шматвяковая гісторыя Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. І, як мне здаецца, панараму архітэктурных пабудоў XVI стагоддзя нельга ўявіць без Нясвіжскага палаца - самага вядомага ў Беларусі і ў Еўропе палацава-замкавага комплексу. У першай палове XVI стагоддзя ўладальнікам Нясвіжа стаў адзін з самых багатых у Еўропе род Радзівілаў. Першы камень у фундамент Нясвіжскага замка заклаў Радзівіл Сіротка ў 1583 годзе. Замак-палац будаваўся ў першую чаргу як абарончая пабудова, а пасля вайны са шведамі ён набыў больш вытанчаны знешні выгляд. У канцы XIX стагоддзя каля Нясвіжскага замка быў закладзены адзін з самых буйных ландшафтных паркаў у Еўропе. У 1939 годзе, калі ў Нясвіж увайшла Чырвоная Армія і была ўстаноўлена савецкая ўлада, Радзівілы пакінулі замак. Пасля Другой сусветнай вайны ў Нясвіжскім замку размяшчаўся санаторый, парк прыйшоў у заняпад. Кожны беларус з маленства ведае, што павінен пакінуць сваім нашчадкам не разбураную і разрабаваную зямлю, а цудоўны свет, у якім яны маглі б жыць і гадаваць сваіх дзяцей. Таму на працягу апошніх гадоў у Міры і Нясвіжы актыўна вядуцца рэстаўрацыйныя работы, каб аднавіць былое хараство замкаў. Нам, беларусам, засталася спадчына багатая і разнастайная, цікавая і загадкавая, яна вучыць нас цаніць вечнае, духоўнае. А цяпер значнасць і непаўторнасць нашай гісторыі і культуры высока ацаніў і ўвесь свет. У 2000 і 2006 г. ЮНЕСКА ўнесла Мірскі і Нясвіжскі замкі ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны. А гэта ўжо зусім іншая прастора, магчымасць пазнаёміць сусветную супольнасць з дасягненнямі беларускай навукі, культуры і адукацыі, даказаць усяму свету, што мы, беларусы , здольны вярнуць і адрадзіць страчанае, рассеяць цемру людскога непаразумення і змагацца ў імя будучага. Са старажытных цудоўных камянёў складаюцца прыступкі будучыні. Без мінулага немагчыма ні сучаснае, ні будучае. Мінулае – гэта пачатак. Сучаснае і будучае – працяг. Мінулае – гэта карані, сучаснае – само дрэва, а будучае – плод. І як дрэва і плод немагчымы без каранёў, так сучаснае і будучае немагчымы без мінулага, без памяці, без спадчыны. Драздова С.П., Нураўская базавая школа Аповесць пра дзіцяці – гэта часта аповесць пра дарослых У кожнага чалавека павінен быць сябар. І не проста сябар, а сапраўдны сябар. Вы запытаецеся, чым адрозніваецца проста сябар ад сапраўднага? Наконт гэтага ў мяне ёсць шласныя думкі. На мой погляд, сапраўдным сябрам лічыцца той, хто цябе разумее, хто заўжды гатовы дапамагчы ў бядзе, хто шчыра радуецца тваім поспехам і, нарэшце, той, хто гатовы не толькі сказаць табе нешта прыемнае, але, калі трэба, то і справядліва пакрытыкаваць, параіць, як выправіцца. Даволі часта я чую прыкладна такія словы: “Якім цяжкім стала жыццё. Якімі злымі зрабіліся людзі. Не людзі, а ваўкі. Сябар сябра гатовы прадаць за грошы. Ды й ўвогуле, - пра сяброў усе забываюць”. З пачутага я раблю выснову: зразумела, час, у які мы жывём, - складаны. А сяброўства, якое прадаецца, нельга называць сяброўствам. А аб тым, што ўсе забывюць пра сяброў, я мяркую так: не важна бачыцца кожны дзень, часта хадзіць адзін да аднаго ў госці, галоўнае – прыйшоўшы ад сябра са сваёю радасцю ці бядою, пабачыць у яго вачах шчырую падтрымку, радасць за твае поспехі ці спачуванне тваёй бядзе. Сапраўдны сябар зробіць усё магчымае, каб дапамагчы табе, хоць словам, хоць справай. “Самая цудоўная, самая міжнародная музыка – дзіцячы смех”, - гаворыць Янка Брыль – вобразна, афарыстычна, з усёй шчырасцю добрай душы. Янка Брыль па-асабліваму любіць і адчувае маленства. Усё, што ён напісаў і піша пра дзяцей, прадыктавана глыбокім душэўным замілаваннем, роздумам і пачуццём. І сярод яго запісаў столькі жывой непасрэднай радасці і эмацыянальнага ўзрушэння там, дзе ён сустракаецца з дзецьмі, захапляецца шчырай наіўнасцю і чысцінёй іх пачуццяў, даверлівасцю іх вачэй. Тое, што Брыль піша пра дзяцей, з асаблівай асалодай чытаюць дарослыя. Можна выдатна, цудоўна пісаць пра дзяцей, і ўсё ж гэта будзе літаратурна для дарослых. Брыль, які адчувае пэўную мяжу паміж літаратурай пра дзяцей і літаратурай для дзяцей, пакуль што не зусім упэўнена пераходзіць на яе другі бок. На першы погляд, гэта здаецца загадкай. У чым тут сакрэт? Дасканала валодаючы кампазіцыяй псіхалагічнага сюжэта, дасканаласцю дэталі, натуральнасцю паводзін сваіх герояў, сціпласцю, суровай ашчаднасцю кожнага слова, Брыль дастаткова мае і той душэўнай шчодрасці, якую так тонка адчуваюць і цэняць дзеці. Кожны сапраўдны мастак рана ці позна прыходзіць да дзяцей. У гэтым ёсць свая заканамернасць. Прыходзіць, бо мае патрэбу далучыцца да той крыніцы, якая жывіць чалавека шчасцем творчасці. З радаснай гатоўнасцю дзеці прымуць сваю гульню, залучаць у свет сваёй выдумкі і фантазіі кожнага, калі мы шчыра паверым і з поўнай павагай і захапленнем будзем глядзець на будучага касманаўта, які круціць перад сабой нябачнае стырно і гудзе на поўную моц усяго свайго рэактыўнага рухавіка. Сапраўдная духоўная еднасць там, дзе дарослы становіцца сябрам дзіцяці. Такая блізкасць нясе асалоду і радасць жыцця. Жывая, непасрэдная сувязь з дзецьмі – вось крыніца думак, назіранняў, адкрыццяў, радасцяў і засмучэнняў. У дзіцяці ўзнікае патрэба перадаць свае пачуцці і перажыванні, расказаць аб прыгажосці ўбачанага: мысленне пачынаецца са здіўлення. Аб тым, што дружба можа быць вялікай, моцнай і вечнай, сцвярджае Генрых Далідовіч у апавяданні “Страта”. Праз мастацкія вобразы Міці Бобуця і яго аднакласніка Стаса аўтар сумеў перадаць душэўную прыгажосць, высакароднасць, прастату і чалавечнасць. Голас аўтара то трывожны, то пяшчотны, то задуменны, то прадбачліва разважны – так не адразу складваліся сяброўскія адносіны паміж хлапчукамі. Не адразу Стас змог прыняць Міцю як лепшага сябра, але адчуў, што ён не ганарлівец, не задзірака, а ветлівы, разумны і сталы, і ад Міцевай перавагі адчуў сваю мізэрнасць. Стас шчаслівы. У яго ёсць сапраўдны сябар. З ім можна падзяліцца і болем, і радасцю, і трывогай, і няўдачай. Сябар дапаможа знайсці выйсце з цяжкага становішча, параіць, як зрабіць лепш. Самы лепшы, чулы, самы справядлівы. Твор хвалюе, бярэ за сэрца, запамінаецца. Змест напаўняе душы маленькіх і дарослых дабрынёй і чалавечнасцю, уменнем цярпець сябра і даверам. Хто прачытаў апавяданне, не дапусціць у свой мір зайздрасць і падман. “Толькі сапраўдны друг можа цярпець слабасці свайго друга,” – сказай некалі Уільям Шэкспір. Чарнавок Н.В., Прыдзвінска-Бароўская сярэдняя школа Беларусь. Чарнобыль. Будучыня. Вясна заўседы цешыць душу, нясе радасць, надзею. З кожнай вясной чалавек як бы нараджаецца занава. Вясна ж 1986-га прынесла бяду беларускаму народу. Гэты год, як калісьці ваенны 1941-ы, прайшоўся пякучым болем па лесе амаль кожнага беларуса. Ён усклаў на плечы яшчэ адно выпрабаванне, прымусіў іншымі вачыма глянуць вакол сябе. I зусім па-іншаму глядзім мы сёння на знаёмыя абрысы карты Беларусі. Цяпер ужо чорнымі плямамі афарбаваны яны. А ў ix Хойнікі, Брагін, Краснаполле, Чачэрск... I часцей ужо можна пачуць выразы "зона забруджання", "зона адсялення"... А чым вымераць гора людзей, якія вымушаны пакінуць магілы родных, хаты дзяцінства, вecкi, дзе кожны сусед быў братам? Багаты палескі край аказаўся безабаронным i сам пачаў несці пагрозу людзям. І ўжо пустымі аканіцамі сустракаюць гасцей пакінутыя вёскі. Пустазеллем пакрыліся палеткі. I галасы птаства ўжо не вабяць чалавечыя душы... Адным з першых адгукнуўся на чарнобыльскую трагедыю, якую часта называюць беларускай Хірасімай, Рыгор Барадулін. У "Зажураным трыпціху" ён перадае прадчуванне чалавекам таго, што родная зямля, яе neснi могуць "у радыеактыўным пыле задыхнуцца". Пазней з'явіліся творы А.Вялюпна ("Вясна трывогі нашай"), М.Танка ("Пасля аварыі” i мн.інш. Раман І.Шамякіна "Злая зорка" — першы празаічны твор пра чарнобыльскую бяду ў беларускай літаратуры. Дзеянне ў рамане адбываецца ў адным з раёнаў Гомельскай вобласці. Увесь цяжар чарнобыльскай аварыі абрушваецца на плечы старшыні райвыканкама Пыльчанкі, якому прыходзіцца высяляць людзей з атручанай зоны. Крытычна аўтар паказвае кіруючую сістэму рэспублікі, на сумленні работнікаў якой перакрэсленыя чалавечыя жыцці, пакалечаныя лесы, страчаныя надзеі С.Законнікаў у паэме "Чорная быль" спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, заклікае да барацьбы з безадказнасцю i беспрынцыповасцю, папярэджвае аб наступленні духоунага Чарнобыля: Калі ж і зараз ты не загукаеш, А будзеш жыць пад страхам і прынукай, Чарнобыль не такі яшчэ чакае Тваю зямлю. Тваіх дзяцей і ўнукаў. Аўтар паэмы паказвае трагічны лес старых людзей, якія ўсё жыццё пражылі на гэтай зямлі, а зараз вымушаны ехаць на чужыну. Паэт нагадвае выпадак з бабуляй, якую затрымалі ў зоне забруджання. Ей напомнілі, што навокал радыяцыя, а старая "выцірла слёзы чорнай ссохлай жменькай": Дзеці не пускалі, уцякла, як злодзей. Самі мае ножанькі прывялі дадому... Страшна глядзець на апусцелыя вёскі, пакінутыя хаты, непрыбраныя хлебныя палі, жывёл, якіх не можа выратаваць чалавек, на сонца, якое нібы "адарвалася ад неба, а зямля не прымае яго, i яно павісла. I гэтак будзе вісець. I не здолее узысці, страціўшы силу". Драматычным напалам, пачуццём адказнасці за усё, што адбываецца на роднай зямлі, патрабаваннем праўды жыцця, няхай суровай i горкай, поўняцца радкі паэмы С.Законнікава: Маучыць, нібы камень, зямля, Палын невядомасцю свеціць... Што будзе, што будзе пасля? — Не скажа ніхто ў гэтым свеце. Ёсць праўда адна — праўдай жыць, Няхай i суровай i горкай... У небе над намі стаіць, Як зніч, палыновая зорка. Чарнобыльская трагедыя — боль, смутак, крык чалавечай душы, плач, выміранне. А яшчэ гэта пакаранне за нашы недарэчныя ўчынкі, безгаспадарлівыя адносіны да ўсяго навакольнага. Там, дзе народ не гаспадар сваей зямлі, дзе няма нацыянальнага ўсведамлення, легка адбыцца непапраўнай бядзе. У Бібліі ёсць такія словы: "Трэці Анёл пратpyбiў, i упала з неба вялікая Зорка, якая гарэла падобна свяцільні, i упала на трэцюю частку рэк i на крыніцы вод. Імя той зоркі - палын (чарнобыль), і трэцяя частка водзрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкімі”. Калі здарылася аварыя ў Чарнобылі, людзі прыгадалі гэтае высказванне з Бібліі. Я. Сіпакоў, успрымаючы чарнобыльскую бяду як несправядлівую д’ябальскую кару, як экалагічную катастрофу, звяртаецца да Усявышняга з просьбай заступіцца за Беларусь і яе цярплівых пакутнікаў, быць літасцівым да іх. Сёння ўсе мы разам i кожны паасобку адказваем за тое, што адбываецца на Зямлі. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы людзям выжыць пасля той трагедыі. Мы павінны захаваць цудоўны прыродны скарб для нашых нашчадкаў. Але i праз гады, у новым i шчаслівым жыцці, як папрок, як напамін, як папярэджанне, маленькім чырвоным сцягам будзе пульсаваць зорка Чарнобыля. Матэленак Л.А., Прыдзвінска-Бароўская сярэдняя школа Душу акрылялі прыгажосці свету… Я.Купала У духоўнай культуры Беларусі Янка Купала займае асаблівае месца. Ен увасобіў у сваей паэзіі трагічны і велічны воблік свайго народа,яго імкненне да нацыянальнага адраджэння. Упершыню ў гісторыі Беларусі з такой палымянасцю і мастацкай пераканальнасцю паэт сцвердзіў самакаштоўнасць нацыянальнага быцця, звярнуўся да вытокаў духоўнасці, адкрыў гераічную душу народа, што была пахавана ў старажытных курганах, напаўзабытых легендах і паданнях. З першых вершаў Янка Купала свядома загаварыў на мове селяніна і ад яго імя. Адкуль вытокі творчасці славутага песняра, у чым ен бачыў свае прызначэнне паэта, якімі павінны быць яго творы, каб узбудзіць душу народа?! Свае погляды на назначэнне паэта і яго паэзіі паэт раскрыў ужо ў ранніх вершах. У зборніку “Жалейка” есць верш “Я не паэта”. У ім Я. Купала выказаў свае разуменне сутнасці і прызначэння мастацтва. Паэт у разуменні Купалы – слуга народа, выразнік яго дум і спадзяванняў. Ен павінен абуджаць свядомасць народных мас, узнімаць іх на змаганне, быць праўдзівым, непадкупным, чуйным да людской бяды і слез. У 1907 годзе быў напісаны славуты верш “Я не для вас…”. Верш напісаны ў форме звароту. І з першых радкоў мы ўжо разумеем, што перад намі паэт, які сваю музу прысвяціць не панам “Я на для вас, паны, о не …”. Паэт не чакае прызнання свайго таленту ў паноў, ен упэўнены, што па-сапраўднаму яго паэзію можа зразумець і ацаніць толькі народ. Яму і аддасць свой талент вялікі Купала. У вершы “З кутка жаданняў” паэт развівае свае погляды на паэта і яго паэзію, яе ролю ў жыцці грамадства. Селянін прыняў Купалу як паэта, і таму ен адчувае вялікую адказнасць перад народам за свае вершы, за свае месца ў літаратуры. Галоўнае для яго – быць праўдзівым выразнікам дум мільенаў працоўных людзей. З цэлым народам гутарку весці, Сэрца мільенаў падслухаць біцця. Кастрычніцкая рэвалюцыя абудзіла ў паэта творчую энергію, невычэрпныя сілы, веру ў адраджэнне, а таксама і трывогу, а ці ўсе так будзе. У першыя гады савецкай улады Янка Купала піша верш “Мая навука”, у якім выказвае свой роздум над сваім жыццем, пройдзеным шляхам і месцам у беларускай літаратуры. Тэма верша – роля паэта і паэзіі ў складанай грамадска-палітычнай сітуацыі. Паэт, з-за беднасці бацькоў пазбаўлены “мудрасці кніжнай”, вучыўся беларускаму слову і думам ад маці, яго настаўнікам быў беларускі абшар. Свае натхненне ен чэрпаў “у бурлівай рэчцы”, сваю песню напявала яму “зялёнае поле рунеючым збожжам”,”каса, і сякера, і цэп малацьбітны” далі песні гарт . Ідэя верша – вернасць паэта свайму народу, яго сувязь з народным жыццем, родным краем, прыродай, духоўнымі каштоўнасцямі. У 1925 годзе адзначаўся 20-ці гадовы юбілей творчасці паэта. І Янка Купала быццам падводзіць вынік сваей творчай дзейнасці вершам “За ўсе”. Паэт шчыра ўдзячны, што яго творчасць высока ацэнена. Сваім творам Купала сцвярджае думку аб неабходнасці служэння мастацтва ўсенароднаму дабру. У вершы перад намі паўстае вобраз самога песняра, лес якога цесна связаны з лесам народа. За ўсе, што сення маю, Што даў мне мой народ: За кут у родным краі, За хлеб-соль без клапот, - Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Сення людзі усяго свету ведаюць Купалу – уладара беларускай песні. Ен быў сапраўды вялікім лірыкам, які ўзняў беларускую паэзію да ўзроўню сусветнай класікі. Мне здаецца, таму творы Я.Купалы-прарока актуальныя і ў 21 стагоддзі. Качан А.Ф., Бігосаўская сярэдняя школа Я веру:прыйдзе гэткі дзень… Я.Купала Янка Купала прыйшоў у беларускую літаратуру ў пачатку ХХ ст. Гэта быў складаны і супярэчлівы час, насычаны важнымі гістарычнымі падзеямі, кожная з якіх па-свойму ўплывала на грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі. Малады Купала належаў да тых беларусаў, якія марылі бачыць сваю краіну вольнай і незалежнай. Таму яго лірыка з’яўляецца сапраўдным летапісам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку мінулага стагоддзя. З года ў год, ад зборніка да зборніка паэт настойліва праводзіў ідэю адраджэння Беларусі, якая стала цэнтральнай ва ўсёй яго творчасці. Ужо ў першым зборніку “Жалейка” Янка Купала змясціў верш “А хто там ідзе?”, у якім стварыў абагульнены вобраз беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. “Пагарджаныя век”, “сляпыя і глухія” беларусы свядома імкнуцца да свабоды і шчасця, хочуць поруч з іншымі народамі “людзьмі звацца”. Гэтыя купалаўскія словы і ў нашы дні з’яўляюцца сімвалам адраджэння Беларусі, а верш “А хто там ідзе?” успрымаецца як гімн і гучыць сёння на 82 мовах свету. Мне Бацькаўшчынай цэлы свет, Ад родных ніў я адвярнуўся… Адно … не збыў яшчэ ўсіх бед: Мне сняцца сны аб Беларусі! Гэтыя радкі з верша Янкі Купалы “О так! Я – пралетар”. А сапраўды, аб чым марыў, што сніў аб Беларусі паэт, за што маліўся, якой хацеў бачыць ён родную старонку? У сваіх творах Янка Купала не проста марыў пра сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларусаў, але і натхняў, заклікаў іх да дзеяння, словам пераконваў, што трэба самім з большай рашучасцю вырашаць уласны лёс. У вершы “Выйдзі…” паэт заклікае народ усвядоміць сваю нацыянальную годнасць і змагацца за свае сацыяльныя правы. Вялікія надзеі Янка Купала ўскладваў на Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года, горача вітаў яе, быў натхнёным песняром сонечнай явы. Верыў, што Беларусь зойме свой “пачэсны пасад між народамі”. У яго творах з’яўляецца новы вобраз – “Маладой Беларусі”. Купала ўпэўнены,што хутка “новы дзень родзіцца” для яго старонкі, якую называе паэт надзвычай прыгожа – “яснатой лебядзінаю”. У творах гэтага часу – вершах “Спадчына”, “Свайму народу”, паэме “Безназоўнае” паэт стварае вобраз Беларусі-гаспадыні, прыгожа апранутай ў нацыянальныя строі, якая ўмее сустрэць гасцей, памятае сваё мінулае, з надзеяй глядзіць у будучае. Паэт сцвярджае, што спадчына – вялікі скарб на зямлі для кожнага чалавека, што яго трэба берагчы. І ў змрочныя часы фашысцкай акупацыі народны паэт быў побач з народам. Сваімі вершамі і публіцыстычнымі артыкуламі заклікаў беларусаў на змаганне, верыў у перамогу. Мне здаецца, што сёння Янка Купала вельмі парадаваўся б за свой народ, за сваю Беларусь. Магчыма, ён і сніў вялікія гмахі дамоў, шапаткія жытнёвыя палі, фабрыкі і заводы, бібліятэкі і школы. А галоўнае, што працавіты беларускі народ вольна і незалежна жыве на сваёй зямлі. Напэўна, дзяржаўнае і нацыянальнае ўмацаванне нашай суверэннай краіны залежыць і ад таго, наколькі ўсвядомім мы неацэнны ўклад Янкі Купалы ў фарміраванні нацыянальнай беларускай ідэі. Качан А.Ф., Бігосаўская сярэдняя школа |