Главная страница

Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры


Скачать 0.6 Mb.
НазваниеАддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
АнкорVusnyya_vykazvanni.doc
Дата02.05.2017
Размер0.6 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаVusnyya_vykazvanni.doc
ТипДокументы
#6634
страница11 из 11
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Ніл Гілевіч

Сёння наша родная мова з’яўляецца самабытнай славянскай мовай і займае дастойнае месца сярод моў свету. Па разнастайнасці граматычных форм і па багацці слоўніка беларуская літаратурная мова – адна з найдасканалейшых моў свету. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (у 5 тамах) змяшчае каля 100 тысяч лексічных адзінак. Трапная і прыгожая, яна заўсёды была прадметам гонару сапраўдных беларусаў. Вядомы паэт Алесь Разанаў адзначыў: мова – гэта адзін з самых “геніяльных твораў, напісаных чалавецтвам”. Так, гэта твор, які складаўся на працягу некалькіх стагоддзяў.

Мова продкаў нашых і нашчадкаў –

Шэпт дубровы і пчаліны звон, –

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён,

Па чужых краях не пабірацца,

Не аддаць цябе на забыццё,

Наша невычэрпнае багацце,

Наша несмяротнае жыццё.

Генадзь Бураўкін

Вялікі знаўца самабытнага беларускага слова Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі некалі заўважыў: “Родная мова – акно ў свет, у пазнанне яго, у авалоданне выпрацаванай чалавецтвам культурай, здабыткамі навукі, у пазнанне людскога шчасця, святаў барацьбы і перамог чалавецтва, усталявання хараства і гуманізму на зямлі”.

Родная мова данесла да нашага часу незвычайны духоўны скарб – жывую, трапяткую вусную народную творчасць дзядоў і прадзедаў. Чароўнае, мудрае народнае слова жыве і сёння ў казках, легендах, паданнях, загадках, прыказках і прымаўках, звычаях і традыцыях, песнях. Усе мы з маленства захапляемся казкамі, якія вучаць нас дабру, справядлівасці, адкрываюць свет прыгажосці і таямніц, прывабліваюць глыбокай шчырасцю, мастацкасцю. А народныя песні з’яўляюцца крыніцай, адкуль мы чэрпаем роднае слова, паэтычнае, ласкавае, мілагучнае. Цудоўны духоўны скарб – прыказкі і прымаўкі – надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць, сваёй мудрасцю выхоўваюць нас і вучаць. Услухайцеся ў моўныя жыяменты народных выслоўяў:

Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын.

Як топішся, то і за саломінку ўхопішся.

Што ўмеем, тое за плячыма не носім.

Чалавек без сябра, што яда без солі.

Хто да сонца ўстае, таму Бог дае.

Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж і інш.

Загадкі развіваюць кемлівасць і назіральнасць, вучаць параўноўваць адно з другім, пашыраюць кругагляд. А ў легендах і паданнях, як у чароўным люстэрку, адбілася сівая даўніна: уяўленні пра паходжанне сусвету, назваў гарадоў, вёсак, рэк, азёр і інш.

Фальклор – гэта выток мовы, першааснова мастацкага вобразнага слова, падмурак нацыянальнай самасвядомасці.

Родная беларуская мова… Скарб, перададзены праз тысячагоддзе з вуснаў у вусны, пасля падхоплены Скарынавым друкам, Статутам… Людзі сусветнай славы ганаравалі яе. “… гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана” (Адам Міцкевіч).

А пра вусную народную творчасць сказаў: “У іх казках і песнях ёсць усё”.

Сучасная беларуская літаратурная мова лічыцца добра апрацаванай, гнуткай, выразнай, мілагучнай і спеўнай. Сёння мы маем высокаразвітую мову з багатым слоўнікавым складам, з дасканалымі словаўтваральнымі спосабамі, з даволі стабільнымі нормамі і з тым агульным вынікам, што яна можа абслугоўваць ўсе патрэбы ў зносінах на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах дзейнасці сучаснага грамадства.

Мова родная, мова дзядоў!

Іншай мовы мы сэрцам не чуем.

Мілагучнасць любых нам слоў,

Быццам музыкай, душы чаруеш.

Ларыса Геніюш

Жывое, роднае беларускае слова! Яно жыве з чалавекам штохвіліны праз гады, дзесяцігоддзі. Пакуль жыве чалавек, існуе і яго жывое слова, тое, што гаворыцца, вымаўляецца, спяваецца. Слова жывое, як вада ў хуткаплыннай рацэ.

Беларускія словы розныя і шматзначныя. Адно і тое ж, яно можа выразіць сум і радасць. Калі здарыўся пажар і агонь спапяліў дом, чалавек скажа: “Агонь усё злізаў”. І зусім па-іншаму ўспрымаецца сказанае гаспадыняй: “Смачная тая ежа, што на агні ў печы гатуецца”.

Слова не толькі знак, але і выразнік душы чалавека, яго настрою, самадчування.

Мы кажам пры сустрэчы: “Добрай раніцы!”, “Добры дзень!” ці “Добры вечар!” – і гэтыя шчырыя выразы складаюць наша павітанне, пажаданне дабра.

У кожным слове ёсць нешта таямнічае, цікавае. Слова вядзе нас у далёкае мінулае, у глыбіню вякоў, дапамагае разумець час. У слове бачыцца сам чалавек, яго душа, яго характар, думкі, мары, захапленні, занятак, яго радасці і няўдачы, пякучы боль і адчай.

З лёгкай рукі таленавітага філолага, знаўцы роднай мовы прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ў беларускім мовазнаўстве прыжыліся “гаваркія словы”. Гэта празрыстыя, матываваныя найменні, якія шмат могуць расказаць нават чалавеку абыякаваму, няўважліваму да мовы. Гаваркія словы гавораць, шмат расказваюць самі пра сябе, самі за сябе, іх унутраная форма – навідавоку.

Гэтыя словы не выдумаеш, не прыдумаеш, седзячы ў самых высокіх, ганаровых кабінетах. Яны – у жывой мове тых мудрых і сціплых людзей, якіх мы называем “простымі”. Гаваркія словы надзіва далікатныя, зразумелыя. Чаму? Відаць, таму, што народ спрадвеку – у жыцці, у мове – кіраваўся не толькі крытэрыем прыгожага, але і крытэрыем зразумелага, здатнага, па-гаспадарску дагледжанага. Свядомае імкненне да зразумелага, няблытанага нараджаецца не ад спрошчанасці, прымітывізму, а ад вечнай цягі чалавека да яснага, выразнага, даходлівага слова. Звернемся да прыкладаў.

Хлебнічак – так у жывой мове называюць першы зуб дзіцяці.

Добрыца – скажа вясковая (а значыць, не адвучаная ад роднай мовы) жанчына пра правы, лепшы бок тканіны.

Прысіліць – прымусіць нешта рабіць сілаю.

Здароўкацца, парукацца – павітацца за руку.

Вясёлка, настольнік, ручнік, немаўля, красуня, жывіца…

А беларускія назвы месяцаў. Дзівіцеся, любуйцеся гэтымі даходлівымі, самымі гаваркімі словамі!

Студзень – з казкамі снежных аблокаў,

Люты – шчодры на сіні мароз,

Сакавік – з сакатаннем і сокам

Непаўторных вясновых бяроз,

Красавік – час маланак і ліўняў,

Травень – з першым каханнем, сяўбой,

Чэрвень – з ягаднаю зарой,

Ліпень – з мёдам,

З пшаніцаю – жнівень,

Спелы яблычны верасень,

Светлы кастрычнік

У празрыстасці чыстай, крынічнай,

Лістапад – залаты лістапад,

Снежань – першы густы снегапад…

Пімен Панчанка. З верша “Родная мова”

Дзівосным дыяментам зіхацяць у нашай мове і міжмоўныя аднаслоўныя сінонімы: адвячорак, знічка, дакопкі, вятрак, бярозавік, гумовікі, крупеня, насоўка, агораць і інш.

Прыемна слухаць, вымаўляць надзіва празрыстыя, такія «скла́дныя і ладныя», запамінальныя родныя словы!

Наша самабытнае беларускае слова – той падмурак, на якім узвышаецца ўся мова людская, той сатканы з гукаў шматфарбны, стракаты дыван, які распасціраецца перад чалавекам усё шырэй і далей, ведучы яго ў неабсяжна глыбокі моўны акіян. І ўспамінаецца дарагі Уладзімір Караткевіч:

«Наша мова вечная, бо ўся яна, як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогжыся свайго, б’е, як перапёска ў жытах, – мякка, а за тры вярсты чуваць. “Эль” – як салодкае віно, “дзе” – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с” – як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе. І побач “р”, як гарошына ў свістку, і доўга, пявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сніць дрэнны сон.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!»
Вайцяхоўская Я.У., Лявонішанская базавая школа
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


написать администратору сайта