Главная страница
Навигация по странице:

  • Паўло Тычына

  • П.Панчанка Зінкевіч С.А., Сенькаўская базавая школа-сад Там неба такой вышыні, Як болей нідзе на свеце, Ты ветразі добра напні…

  • Р.Барадулін.

  • Дайце мне волю, дайце арліную! Янка Купала

  • Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры


    Скачать 0.6 Mb.
    НазваниеАддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
    АнкорVusnyya_vykazvanni.doc
    Дата02.05.2017
    Размер0.6 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаVusnyya_vykazvanni.doc
    ТипДокументы
    #6634
    страница8 из 11
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

    Ля помніка Янку Купалу ў Мінску

    Янка Купала – гэта першая з вяршынь беларускага

    Эльбруса паэзіі. Магутная яна і чыстая і высокая.

    Высокая, бо матывамі сваімі праўдзівая. Чыстая,

    бо мілагучная і майстэрская, а магутная,

    бо заўсёды была яна з народам.

    Паўло Тычына
    “ Ад першай маёй кніжкі, ад першай “Жалейкі” да сённяшніх дзён прайшло не мала – 30 гадоў. Доўга гэтай дарогай ішоў я па-рознаму. Бывала і спатыкаўся, і дарогу губляў, і ў цянёты трапляў балотныя… Але правадыром прыходзіў народ, які не забываў, не пакідаў мяне і выводзіў на правільную сцежку”. Гэтым словам першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы споўнілася ўжо семдзесят тры гады. А народ і сёння не забывае свайго песняра і не забудзе, пакуль ён завецца беларускім. Не так даўно, прошлай вясной, я разам з класам ездзіла на экскурсію ў горад-герой Мінск. Шмат розных мясцін мы наведалі. Былі на Плошчы Перамогі з яе вялічным помнікам, каля дома Урада Рэспублікі Беларусь, на Востраве мужнасці і смутку, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Незабыўнае ўражанне засталося ад наведвання Нацыянальнай бібліатэкі. Але ў сэрцы і памяці застаўся мілы і такі прыгожы куток нашай Беларусі — Купалаўскі парк, які знаходзіцца ў цэнтры горада, на правым беразе ракі Свіслач. Ён раскінуўся на месцы знішчаных у 1942-1944 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі гарадскіх кварталаў. Асабліва прыгожы ён быў у гэты час, калі стаяў у майскай квецені. У люстраную гладзь Свіслачы глядзяцца духмяныя ліпы, маладыя дубкі, стромкія елачкі, сумныя вербы, увасабляючы цудоўную беларускую прыроду. Паўсюль кветкі: і ў зялёнай яскравай траве, і на кустоўі, і на дрэвах. Але не толькі прыгажосцю цяністых алей славіцца парк. Тут, у бронзе і камні, у звонкіх і чыстых струменях фантана, жыве наша памяць аб вялікім сыне беларускага народа, яго песняры-- Іване Дамінікавічы Луцевічы ( 1882- 1942гг.), роданачальніку сучаснай беларускай літаратуры, які вядомы ва ўсім свеце пад імем Янка Купала.

    Янка Купала…

    Які неабдымна шырокі і разнастайны сэнс мае гэта слова! Колькі ў ім светлага, узнёслага, уздымна-святочнага, прывабнага і колькі балючага, трывожнага і трагічнага! Імя яго непарыўна звязана з рэвалюцыйнай барацьбой і абуджэннем нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.
    Але хоць колькі жыць тут буду,

    Як будзе век тут мой вялік,

    Ніколі, браткі, не забуду,

    Што чалавек я, хоць мужык .

    І кожны, хто мяне спытае,

    Пачуе толькі адзін крык:

    Што хоць мной кожны пагарджае,

    Я буду жыць!—бо я мужык!

    “ Мужык”

    У творчасці Я.Купалы ўвасабляюцца лепшыя нацыянальныя рысы беларускага народа, яго маральная моц і трывалая, нязгасная любоў да Радзімы. Мільёны людзей, зачараваныя яго самабытнай паэзіяй, плацяць Я.Купалу шчырай любоўю і ўдзячнасцю. Аб гэтай любові сведчыць бясконцая людская плынь у славутыя купалаўскія запаведнікі: Вязынка-- недалёка ад Мінску, на радзіму паэта, у Акопы—яго творчую калыску, у Ляўкі, што пад Оршай, у Літаратурны музей Я.Купалы ў Мінску і, канечне ж, у парк, які носіць яго імя.

    Добрыя рукі мінчан узрадзілі з пасляваенных руін і пеплу гэты запаведны куток беларускай сталіцы і цяпер беражліва захоўваюць яго. У 1962 годзе, аддавая даніну глыбокай павагі паэту, парк назвалі імем Я.Купалы. Да 90-годдзя песняра ў 1972 годзе была праведзена рэканструкцыя парка. Тут створаны Купалаўскі мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс. Яго аўтары беларускія скульптары: А.Анікейчык, А.Засніцкі, Л.Гумілеўскі, архітэктары – Ю.Градаў, Л.Левін. У парку зліліся ў адзіным ансамблі помнік песняру, фантан “Вянок” і Літаратурны музей Я.Купалы. Няма сумнення, што мемарыял устаноўленны там, дзе яму належыць быць. У садзе над Свіслаччу паэт жыў і працаваў з 1926 года да 1941 года. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Купалаў дом згарэў. На яго месцы ў 1960 годзе быў пастаўлены будынак Літаратурнага музея Я.Купалы.
    “ Ад прадзедаў спакон вякоў

    Мне засталася спадчына;

    Паміж сваіх і чужакоў

    Яна мне ласкай матчынай”, - так і ўспамінаюцца гэтыя словы, калі стаіш на гэтым месцы. У глыбіні цэнтральнай алеі, у акружэнні ліп, сустракае велічавы, выліты з бронзы Я.Купала. Мы трапілі ў замкнёную прастору і застаёмся з паэтам сам-насам. Фігура паэта размешчана на нізкім гранітным пастаменце, які паступова павышаецца злева направа. Магутная бронзавая фігура Я.Купалы перамешчана да левага краю пастамента. Паэт ідзе, абапіраючыся на кій, у накінутым на плечы паліто. Партрэт – самая ўдалая частка помніка. Высакародны лоб песняра, трохі сумныя вочы, якія ўглядаюцца ўдалячынь, быццам сочаць, што ж адбылося на роднай Бацькаўшчыне за столькі год, быццам вядуць размову з намі, яго нашчадкамі:
    “І ў белы дзень і ў чорну ноч

    Я ўсцяж раблю агледзіны,

    Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,

    Ці трутнем ён не з’едзены”.
    Як мы, яго надзея і будучае, не згубілі сваёй роднай мовы, не адракліся.

    Перад пастаментам размешчаны невялікі вузкі басейн, злева б’е крыніца, і струмень вады напаўняе рэзервуар, дэкараваны стылізаванай бронзавай папараць- кветкай, якая сімвалізуе старажытнае язычніцкае свята Купалле: пошук папараць-кветкі, што прыносіць шчасце. Сам паэт нарадзіўся ў ноч на Купалле, Купала – творчы псеўданім песняра. Усё жыццё Янка Купала шукаў сваю папараць-кветку, не толькі сабе, але і ўсяму беларускаму народу:

    Вось так шляхамі год дагэтуль

    я ішоў

    З адною думкаю аб шчасці

    Беларусі…
    Усё сваё свядомае жыццё паэт змагаўся “за шчасце для людзей” і таму з поўным правам мог сказаць, што паэтычнай дзейнасцю ўносіў сваю долю ў агульнанародную бароцьбу за свабоду, ідучы па шляху служэння свайму народу, аддаючы яму “агонь душы і сэрца жар”.

    Усе перыяды жыцця беларускай краіны адлюстраваны ў творчасці Я.Купалы. Без Купалы беларускай паэзіі нельга ўявіць, бо ён не толькі яе асновапачынальнік і стваральнік, але і прарок-народны, слынны, слушны і сапраўдны.

    І перачытваючы сёння несмяротныя купалаўскія радкі, усім нам, беларусам, трэба разам са сваім вялікім паэтам задумацца не толькі над тым, хто мы, куды мы ідзём, навошта ідзём, і разам з ім адказаць горда і шчасліва: мы – беларусы, мы адшукалі сваю праўду, і што сёння мы горда завёмся людзьмі.

    Помнік прароку беларускага адраджэння стаў асабліва прыцягальным зараз, ў гады станаўлення незалежнай Беларусі. Самая лепшая даніна памяці паэту – беларускае слова, якое гучала і будзе заўсёды гучаць тут на паэтычных сустрэчах. Парк Я.Купалы – сапраўдная жамчужына сярод зеляніны астравоў у цэнтры Мінска, самае любімае месца ў горадзе, як для мінчан, так і для турыстаў:
    Іду, як заўсёды, ў купалаўскі сад,

    Падняўшы каўнер і насунуўшы кепку.

    А ў садзе шуміць залаты лістапад…

    Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепска…

    Спакойны і мудры, глядзіць ён удаль,

    Усё перад ім: гэты сад і бязмежнасць…

    П.Панчанка
    Зінкевіч С.А., Сенькаўская базавая школа-сад

    Там неба такой вышыні,

    Як болей нідзе на свеце,

    Ты ветразі добра напні…

    Р.Барадулін.
    — Любоў да Радзімы — гэта не абстрактнае, а рэальнае пачуццё, якое кожны чалавек можа выказаць у штодзённым жыцці шчырымі словамі, карыснымі справамі, светлымі думкамі. Свой родны куточак (малую радзіму) мы любім як часцінку нашай Бацькаўшчыны. А кожная часцінка — своеасаблівы духоўны скарб, які неабходна зберагаць і павялічваць, каб і наступныя пакаленні маглі сказаць: «Зямля бацькоў — мая зямля».

    Люблю цябе такой, якая ёсць,

    Зямля мая, зямля бацькоў святая, —

    Мая слязінка — са святла наскрозь,

    Маё прычасце, мой святлісты лёс…

    З табой і паміж бедаў я світаю.

    Н. Загорская «Мае ўсе думы звязаны з табою…»

    Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве: павінен мець пачуццё нацыянальнай годнасці. А гонар, у сваю чаргу, мацнее ад назапашвання ведаў пра самыя цікавыя і адметныя звесткі з гісторыі роднага куточка: якой была мясцовасць у даўнейшыя часы, адкуль паходзіць назва, якія цікавыя людзі жылі і якімі сваімі справамі, здольнасцямі запомніліся ў народзе. І толькі так узнікае неабдымная любоў да Радзімы, вялікі гонар за яе дасягненні, імкненне зрабіць свой уклад у агульную справу.

    Крыніца

    Нам ніколі не памерці

    ані ў якім горы, –

    з баявой зямлі не сцерці

    сінія азёры:

    нашу Нарач, нашу Свіцязь,

    Вечалле, Асвею...

    Партызанскі край, што віцязь,

    Нам здабыў надзею.

    Нам ніколі не памерці,

    Не растаць, як свечкі:

    Прападуць азёры ў свеце –

    Застануцца рэчкі: наша Ясельда, і Шчара,

    І Дняпро, і Нёман...

    Беларусь — край светлых чараў –

    Кожнаму знаёма.

    Нам ніколі не памерці,

    Не растаць, як знічкі:

    Пасля нас і нашы дзеці

    Стануць ля крынічкі –

    І Айчынаю прадвесняй

    Будуць ганарыцца...

    Беларусь — крыніца песні

    І любві крыніца!

    Сяргей Панізнік
    Дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе з намі адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся сваіх каранёў, мы паважаем Радзіму, мы існуем як народ, як нацыя.

    Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе няўлоўную прыгажосць роднага куточка. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

    Паклон табе, мой беларускі краю!

    Ты — мой, я — твой: ад роду і навек.

    Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю

    Твой ліст дубовы — як чароўны лек.

    За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,

    За шчасце звацца іменем тваім –

    Паклон табе, мой беларускі краю!

    Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім!

    Выказванні і вершы пра Радзіму і беларускую мову
    Быць

    Быць Беларусам —

    Гэта значыць,

    Свайго ні гуку не забыць,

    Усё чужое перайначыць,

    Каб Беларусі вечнай быць!

    Быць Беларусам —

    Гэта значыць,

    Вясёла з сумнай долі кпіць,

    Да Бога сцежку верай значыць,

    Нагбом з карца надзеі піць.

    Быць Беларусам —

    Гэта значыць,

    За родны край згараць на дым,

    Па-беларуску чуць і бачыць

    На гэтым свеце і на тым.

    Р. Барадулін

    Бацькаўшчына

    Што такое Бацькаўшчына,

    Знаеш?

    Гэта рэчка, сцежка лясная,

    Гэта ў лузе залатая пчолка,

    А ў вачах тваіх — вясёлка.

    Бацькаўшчына — гэта дом твой,

    Школа;

    Гэта песні, што звіняць наўкола,

    Гэта сам ты,

    Гэта тата твой і мама.

    І сябры твае таксама.

    П. Панчанка

    І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і, калі будзеце часта жыць «на колах», шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю... Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні...
    І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

    У. Караткевіч

    Зямля для народа, як глеба для дрэва. А літаратура кожнай краіны, яе культура — плён гістарычнага развіцця нацыі (калі ён назапашваецца, а не марнуецца з веку ў век). Бо толькі на роднай раллі пачуваешся, як на камлі.

    Язэп Янушкевіч

    Выхаванне сваім краем, выхаванне роднай зямлёю, выхаванне дарагімі краявідамі, выхаванне традыцыямі і добрымі (працоўнымі і ратнымі) справамі продкаў — ці не гэта з’яўляецца самым важным ва ўсёй сістэме выхавання?

    Янка Сіпакоў

    Прызнавацца Радзіме ў сваёй любові да яе трэба ціхім, сціплым і нават крыху сарамлівым голасам — такім, якім прызнаюцца ў сваіх самых цнатлівых і непапраўных пачуццях. Інакш нельга. Інакш яна, Радзіма, падумае, што ты і сам у такое не верыш і крычыш так толькі таму, каб пераканаць у гэтым усіх, а заадно і самога сябе.

    Янка Сіпакоў

    Краю мой! Твой народ, з якім ты заўсёды і які заўсёды з табою, нязводны. Цябе немагчыма разлучыць з ім, як і яго з табою. Як кару з дрэвам, як птушку з крыламі, як раку з рэчышчам, як траву з зямлёю, так і кожнага з нас нельга разлучыць з Радзімаю.

    Янка Сіпакоў
    Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,

    Не патраплю нічога жалець на свеце...

    Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці

    І карону сплесці з сонца, зор залатых.

    Я. Купала «Для зямлі прадзедаў маіх...»
    ***
    Мой чароўны беларускі край,

    Бацькаўшчына светлая мая!

    Уладзімір Караткевіч

    Радзіма ў нас —

    бязмежная,

    спякотная

    і снежная.

    Радзіма ў нас —

    цудоўная,

    Багаццяў розных поўная.

    Артур Вольскі

    Беларускія краявіды…

    Перазвоны азёр і бароў.

    Над палеткамі бульбы і жыта –

    Песня велічных курганоў.

    Анатоль Грачанікаў

    Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

    Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс…

    Пятрусь Броўка

    І часта, так часта бывае,

    Што мы ў сумятлівым жыцці

    Мінаем і не заўважаем

    Красу сваіх родных мясцін…

    Мікола Хведаровіч

    Шануйце родны край — Айчыну,

    Тых, хто яе абараняў,

    Хто ў бітвах з ворагам загінуў,

    Хто перамогу атрымаў.

    Аляксандр Гладкіх

    О Беларусь, мая калыска,

    Жыццё маё, прытулак мой!

    З гарачаю любоўю нізка

    Схіляюся перад табой.

    Пімен Панчанка

    О, край родны, край прыгожы!

    Мілы кут маіх дзядоў!

    Што мілей у свеце божым

    Гэтых светлых берагоў,

    Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

    Дзе бары-лясы гудуць,

    Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

    Нівы гутаркі вядуць…

    Якуб Колас

    Мяжуе з Польшчай, Украінай,

    Расіяй, Латвіяй, Літвой.

    Твой родны край, твая Айчына —

    Жыццё тваё і гонар твой.

    І ты яе запомні імя,

    Як неба, сонца і зару.

    Твая зямля, твая радзіма

    Названа светла —

    Бе-ла-русь.

    Юрась Свірка
    Пятрова М.А, Галубаўская базавая школа
    Дайце мне волю, дайце арліную!

    Янка Купала
    Янка Купала… Класік беларускай нацыянальнай літаратуры, першы народны паэт Беларусі, які пакінуў нам багатую духоўную спадчыну. Паэт-рамантык, паэт-змагар, паэт-прарок, апантаны ідэяй нацыянальнага адраджэння Айчыны, які “не раз пісаў у няшчасці крывёй з сваіх грудзей”. Паэзія Янкі Купалы – гэта сапраўдны подзвіг магутнага па сіле народнага таленту, народжанага стагоддзямі, подзвіг творцы-барацьбіта, які ўсё сваё жыццё аддаў справе незалежнасці і шчаслівай будучыні роднай Беларусі.

    Свае погляды на ролю паэта і паэзіі Купала выказаў ужо ў ранніх творах. Паэт у разуменні Купалы – слуга народа, выразнік яго дум і спадзяванняў. Ён павінен абуджаць свядомасць народных мас, узнімаць іх на змаганне, быць праўдзівым, непадкупным,чуйным да людской бяды і слёз. У вершы “Я не для вас…” (1907) Я. Купала вызначае сваю пазіцыю паэта-грамадзяніна, свой шлях служэння народу. І з першых радкоў твора мы ўжо разумеем, што перад намі паэт, які сваю музу прысвяціць не панам: “Я не для вас, паны, о не…” Ён верыць, што па-сапраўднаму яго творчасць можа зразумець і ацаніць толькі народ. А ў вершы “З кутка жаданняў” (1912) пясняр народнай долі сцвярджае: галоўнае для паэта – быць праўдзівым выразнікам дум мільёнаў працоўных людзей: “З цэлым народам гутарку весці, // Сэрца мільёнаў падслухаць біцця…”

    Паэтычная, натхнёная купалаўская песня ўпершыню прагучала ў 1905 годзе. Можна было чакаць, што чалавек, які выйшаў з самых глыбінь народа, які з малых год адчуў і спазнаў яго бяспраўнае, цёмнае і гаротнае жыццё, будзе толькі наракаць на гаротную долю беларусаў. Але смелы купалаўскі герой-селянін загаварыў рашуча і ўпэўнена на ўвесь голас не толькі аб сваёй гаротнай долі, але і аб сваёй духоўнай сіле, сваёй чалавечай годнасці: “Я буду жыць, бо я – мужык!”. А ў вершы “А хто там ідзе?” (1905 – 1907) упершыню ў беларускай літаратуры загучаў “на свет цэлы” голас пагарджанага, пакрыўджанага, занядбанага народа, агромністай грамады аб праве “людзьмі звацца”. Невыпадкова ў гэтай “красамоўнай і суровай песні” (Луі Арагон) Максім Горкі ўбачыў “штосьці накшталт беларускага гімна”…

    Сваім гучным словам беларускі пясняр будзіў дух народа, усяляў у яго сэрца надзею ў непазбежнасць лепшага жыцця, навучаў любові да трох важнейшых рэчаў: да свабоды, роднага краю і матчынай мовы. Гэта стала для Янкі Купалы асноўнай ідэяй-страсцю, пафасам творчасці, вызначыла ідэйна-мастацкую своеасаблівасць твораў літаральна ўсіх жанраў лірыкі – грамадзянскай, пейзажнай, філасофскай і нават інтымнай.

    Тры галоўныя святыні – Радзіма, народ, мова – сталі для паэта найвялікшым духоўным скарбам, а любоў і адданасць ім вызначылі і жыццё вялікагаКупалы, і яго творчасць увогуле.

    Адным з праяўленняў любові да Бацькаўшчыны, залогам неўміручасці народа і ўмовай яго нацыянальнага адраджэння Купала лічыў любоў да мовы. Гэта думка з’яўляецца галоўным матывам патрыятычнага верша “Роднае слова” (1908):

    Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!

    Ты крыўды, няпраўды змагло!

    Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

    Дый да́рма: жывеш, як жыло!

    Слова абвяшчаецца магутным, бяссмертным, свабодным, хаця ўсё яшчэ загнаным. Напісаны ў час сталыпінскай рэакцыі, калі царскае ўладнае чыноўніцтва ахайвала беларускі народ, яго культуру і мову, прарочыла ім непазбежную гібель, верш з’явіўся гнеўным адказам на гэтую няпраўду.

    Сваю бязмежную любоў да бацькаўскай зямлі, асабістае дачыненне да лёсу мілай Беларусі і яе будучыні Янка Купала выразіў у надзвычай лірычным, меладычным вершы “Мая малітва” (1906). Гуманістычны сэнс гэтай малітвы – у сцвярджэнні права беларусаў на свабоду і незалежнасць. Паэт настойлівы і непахісны ў жаданні засцерагчы свой народ ад розных жыццёвых напасцяў:

    Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

    Распетаю буду маліцца душой,

    Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

    Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.

    Пясняр верыць у духоўнае абнаўленне беларускага народа, у нацыянальнае адраджэнне, у вялікае і слаўнае будучае Бацькаўшчыны. З радасці нараджэння і абнаўлення вынікае і заклік паэта, што стаў даўно крылатым выслоўем:

    Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,

    Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

    Занімай, Беларусь маладая мая,

    Свой пачэсны пасад між народамі!..

    Маладая Беларусь” (1906 – 1912).

    Як у ваду глядзеў паэт-прарок! Прадбачыў і ўбачыў наш час, калі незалежная Рэспубліка Беларусь годна заняла свой пачэсны пасад у супольнасці не толькі славян, але і народаў усяго свету.

    Пясняр горача абараняў ідэю нацыянальнага адраджэння і незалежнасці Беларусі, на грунце якой нарадзілася і расцвіла яго прарочая паэзія, запальваў гэтай ідэяй іншых. Янка Купала выступаў як паэт-будзіцель, які напярэдадні новага этапу сусветнай гісторыі, на пачатку XX стагоддзя, актыўна фарміраваў нацыянальную самасвядомасць народа на шляхах да волі і свабоды.

    Вялікі цыкл вершаў, створаны Янкам Купалам у кастрычніку–снежні 1918 года, з’явіўся не толькі водгукам на падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, але і кардыяграмай самаадчування паэта-грамадзяніна і патрыёта: “Для Бацькаўшчыны”, “Свайму народу”, “Паязджане”, “У вырай”, “Мая вера”, “Спадчына” і інш.

    Беларусь пакутавала ад войнаў і разбурэнняў. Падзеі мяняліся нібы ў калейдаскопе. На беларускіх шматпакутных землях з’яўляліся то адны акупанты, то другія, сам наш край раз за разам крэмсаўся ўсё новымі і новымі межамі… Янка Купала – прызнаны ўжо народам пясняр – стрываць гэтага не мог. У яго душы па-ранейшаму буяла неўтаймоўная стыхія прарока, змагара, праўдалюбца. Верны сын сваёй маці-зямлі, з вялікім болем асэнсоўваючы яе лёс, ён голасам свайго лірычнага героя (верш “Свайму народу”) зваў беларусаў прачнуцца, паўстаць, усяму свету паказаць сваю годнасць:

    Паўстань, народ! Для будучыны шчасце

    Ты строй, каб пут не строіў больш сусед;

    Не дайся ў гэты грозны час прапасці –

    Прапашчых не пацешыць шчасцем свет.

    З незвычайнай сілай у вершах гэтай пары гучыць тэма народных пакут. Так, у купалаўскіх “Паязджанах” прысутнічае даўняя тэма пошукаў беларускім народам свайго гістарычнага лёсу, больш таго, тут гучыць і прадбачанне будучых блуканняў Беларусі па горкіх шляхах гістарычнага бездарожжа:

    Як у моры, ў белым снегу,

    Без днявання, без начлегу,

    Ў бездарожжа, ў беспрыстанне

    Едуць, едуць паязджане.

    Гнеўны голас лірычнага героя верша “Мая вера” ўздымаецца супраць сляпой веры, супраць усяго прадажніцкага, фальшывага, крывадушнага. Па-максімалісцку катэгарычна і годна акрэсліў для сябе паэт тыя абсягі, на якіх ён быў і заставаўся ўладаром:

    Ў народ і край свой толькі веру

    І веру ў самаго́ сябе.

    Ніхто з беларускіх паэтаў пачатку XX стагоддзя з такім запалам, мужнасцю і паслядоўнасцю не адстойваў, не бараніў ідэю нацыянальнага Адраджэння і незалежнасці, як Янка Купала. Сваёй творчасцю вялікі пясняр паказваў, што была, ёсць і будзе жыць Беларусь, што яна смела глядзіць у будучыню.

    Пясняр Надзеі,

    выспаведнік Волі –

    Ты ведаў, як нам жыць

    і як жылося,

    Ты сеяў зерне ў адвечным полі

    і прад табой схіляецца калоссе.

    Яўген Пясецкі

    Магутнае слова, ты роднае слова!..

    Янка Купала

    Слова! Цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў,

    Што здзіўляў у вякаў і здзіўляе нанова.

    Трапяткое,

    жывое,

    як сонца ў росах,

    Несмяротнае, роднае матчына слова!

    Ніл Гілевіч

    Сёння наша родная мова з’яўляецца самабытнай славянскай мовай і займае дастойнае месца сярод моў свету. Па разнастайнасці граматычных форм і па багацці слоўніка беларуская літаратурная мова – адна з найдасканалейшых моў свету. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (у 5 тамах) змяшчае каля 100 тысяч лексічных адзінак. Трапная і прыгожая, яна заўсёды была прадметам гонару сапраўдных беларусаў. Вядомы паэт Алесь Разанаў адзначыў: мова – гэта адзін з самых “геніяльных твораў, напісаных чалавецтвам”. Так, гэта твор, які складаўся на працягу некалькіх стагоддзяў.

    Мова продкаў нашых і нашчадкаў –

    Шэпт дубровы і пчаліны звон, –

    Нам цябе ласкава і ашчадна

    Спазнаваць ажно да скону дзён,

    Па чужых краях не пабірацца,

    Не аддаць цябе на забыццё,

    Наша невычэрпнае багацце,

    Наша несмяротнае жыццё.

    Генадзь Бураўкін

    Вялікі знаўца самабытнага беларускага слова Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі некалі заўважыў: “Родная мова – акно ў свет, у пазнанне яго, у авалоданне выпрацаванай чалавецтвам культурай, здабыткамі навукі, у пазнанне людскога шчасця, святаў барацьбы і перамог чалавецтва, усталявання хараства і гуманізму на зямлі”.

    Родная мова данесла да нашага часу незвычайны духоўны скарб – жывую, трапяткую вусную народную творчасць дзядоў і прадзедаў. Чароўнае, мудрае народнае слова жыве і сёння ў казках, легендах, паданнях, загадках, прыказках і прымаўках, звычаях і традыцыях, песнях. Усе мы з маленства захапляемся казкамі, якія вучаць нас дабру, справядлівасці, адкрываюць свет прыгажосці і таямніц, прывабліваюць глыбокай шчырасцю, мастацкасцю.А народныя песні з’яўляюцца крыніцай, адкуль мы чэрпаем роднае слова, паэтычнае, ласкавае, мілагучнае. Цудоўны духоўны скарб – прыказкі і прымаўкі – надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць, сваёй мудрасцю выхоўваюць нас і вучаць. Услухайцеся ў моўныя жыяменты народных выслоўяў:

    Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын.

    Як топішся, то і за саломінку ўхопішся.

    Што ўмеем, тое за плячыма не носім.

    Чалавек без сябра, што яда без солі.

    Хто да сонца ўстае, таму Бог дае.

    Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж і інш.

    Загадкі развіваюць кемлівасць і назіральнасць, вучаць параўноўваць адно з другім, пашыраюць кругагляд. А ў легендах і паданнях, як у чароўным люстэрку, адбілася сівая даўніна: уяўленні пра паходжанне сусвету, назваў гарадоў, вёсак, рэк, азёр і інш.

    Фальклор – гэта выток мовы, першааснова мастацкага вобразнага слова, падмурак нацыянальнай самасвядомасці.

    Родная беларуская мова… Скарб, перададзены праз тысячагоддзе з вуснаў у вусны, пасля падхоплены Скарынавым друкам, Статутам… Людзі сусветнай славы ганаравалі яе. “… гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана” (Адам Міцкевіч). А пра вусную народную творчасць сказаў: “У іх казках і песнях ёсць усё”.

    Сучасная беларуская літаратурная мова лічыцца добра апрацаванай, гнуткай, выразнай, мілагучнай і спеўнай. Сёння мы маем высокаразвітую мову з багатым слоўнікавым складам, з дасканалымі словаўтваральнымі спосабамі, з даволі стабільнымі нормамі і з тым агульным вынікам, што яна можа абслугоўваць ўсе патрэбы ў зносінах на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах дзейнасці сучаснага грамадства.

    Мова родная, мова дзядоў!

    Іншай мовы мы сэрцам не чуем.

    Мілагучнасць любых нам слоў,

    Быццам музыкай, душы чаруеш.

    Ларыса Геніюш

    Жывое, роднае беларускае слова! Яно жыве з чалавекам штохвіліны праз гады, дзесяцігоддзі. Пакуль жыве чалавек, існуе і яго жывое слова, тое, што гаворыцца, вымаўляецца, спяваецца. Слова жывое, як вада ў хуткаплыннай рацэ.

    Беларускія словы розныя і шматзначныя. Адно і тое ж, яно можа выразіць сум і радасць. Калі здарыўся пажар і агонь спапяліў дом, чалавек скажа: Агонь усё злізаў”. І зусім па-іншаму ўспрымаецца сказанае гаспадыняй: “Смачная тая ежа, што на агні ў печы гатуецца”.

    Слова не толькі знак, але і выразнік душы чалавека, яго настрою, самадчування.

    Мы кажам пры сустрэчы: “Добрай раніцы!”, “Добры дзень!” ці “Добры вечар!” – і гэтыя шчырыя выразы складаюць наша павітанне, пажаданне дабра.

    У кожным слове ёсць нешта таямнічае, цікавае. Слова вядзе нас у далёкае мінулае, у глыбіню вякоў, дапамагае разумець час. У слове бачыцца сам чалавек, яго душа, яго характар, думкі, мары, захапленні, занятак, яго радасці і няўдачы, пякучы боль і адчай.

    З лёгкай рукі таленавітага філолага, знаўцы роднай мовы прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ў беларускім мовазнаўстве прыжыліся “гаваркія словы”. Гэта празрыстыя, матываваныя найменні, якія шмат могуць расказаць нават чалавеку абыякаваму, няўважліваму да мовы. Гаваркія словы гавораць, шмат расказваюць самі пра сябе, самі за сябе, іх унутраная форма – навідавоку.

    Гэтыя словы не выдумаеш, не прыдумаеш, седзячы ў самых высокіх, ганаровых кабінетах. Яны – у жывой мове тых мудрых і сціплых людзей, якіх мы называем “простымі”. Гаваркія словы надзіва далікатныя, зразумелыя. Чаму? Відаць, таму, што народ спрадвеку – у жыцці, у мове – кіраваўся не толькі крытэрыем прыгожага, але і крытэрыем зразумелага, здатнага, па-гаспадарску дагледжанага. Свядомае імкненне да зразумелага, няблытанага нараджаецца не ад спрошчанасці, прымітывізму, а ад вечнай цягі чалавека да яснага, выразнага, даходлівага слова. Звернемся да прыкладаў.

    Хлебнічак – так у жывой мове называюць першы зуб дзіцяці.

    Добрыца – скажа вясковая (а значыць, не адвучаная ад роднай мовы) жанчына пра правы, лепшы бок тканіны.

    Прысіліць – прымусіць нешта рабіць сілаю.

    Здароўкацца, парукацца – павітацца за руку.

    Вясёлка, настольнік, ручнік, немаўля, красуня, жывіца…

    А беларускія назвы месяцаў. Дзівіцеся, любуйцеся гэтымі даходлівымі, самымі гаваркімі словамі!

    Студзень – з казкамі снежных аблокаў,

    Люты – шчодры на сіні мароз,

    Сакавік – з сакатаннем і сокам

    Непаўторных вясновых бяроз,

    Красавік – час маланак і ліўняў,

    Травень – з першым каханнем, сяўбой,

    Чэрвень – з ягаднаю зарой,

    Ліпень – з мёдам,

    З пшаніцаю – жнівень,

    Спелы яблычны верасень,

    Светлы кастрычнік

    У празрыстасці чыстай, крынічнай,

    Лістапад – залаты лістапад,

    Снежань – першы густы снегапад…

    Пімен Панчанка. З верша “Родная мова”

    Дзівосным дыяментам зіхацяць у нашай мове і міжмоўныя аднаслоўныя сінонімы: адвячорак, знічка, дакопкі, вятрак, бярозавік, гумовікі, крупеня, насоўка, агораць і інш.

    Прыемна слухаць, вымаўляць надзіва празрыстыя, такія «скла́дныя і ладныя», запамінальныя родныя словы!

    Наша самабытнае беларускае слова – той падмурак, на якім узвышаецца ўся мова людская, той сатканы з гукаў шматфарбны, стракаты дыван, які распасціраецца перад чалавекам усё шырэй і далей, ведучы яго ў неабсяжна глыбокі моўны акіян. І ўспамінаецца дарагі Уладзімір Караткевіч:

    «Наша мова вечная, бо ўся яна, як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогжыся свайго, б’е, як перапёска ў жытах, – мякка, а за тры вярсты чуваць. “Эль” – як салодкае віно, “дзе” – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с” – як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе. І побач “р”, як гарошына ў свістку, і доўга, пявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сніць дрэнны сон.

    Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!»
    Вайцяхоўская Я. У., Лявонішанская базавая школа
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


    написать администратору сайта