Главная страница
Навигация по странице:

  • З легендаў і казак былых пакаленняў…

  • Вы кажаце мне, што душа ў паэта, Калі спараджае ён дзіўныя вершы… М.Багдановіч

  • Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры


    Скачать 0.6 Mb.
    НазваниеАддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
    АнкорVusnyya_vykazvanni.doc
    Дата02.05.2017
    Размер0.6 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаVusnyya_vykazvanni.doc
    ТипДокументы
    #6634
    страница3 из 11
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

    Той шчаслівы, хто зведаў каханне

    П. Панчанка
    Тэма кахання- тэма складаная, тэма ў нейкім сэнсе філасофская. Яна цікавіла не адно пакаленне нашых беларускіх пісьменнікаў. І нас цікавіць, тамушто “пачынаецца ўсё з любві, нават самая простая ява… А інакш і жыць немагчыма ”.

    Радкі верша Я. Янішчыц “Ты пакліч мяне. Пазаві” так дакладна і бясспрэчна тлумачаць нам сэнс жыцця, што мімаволі пачынаеш згаджацца.

    Калі мы пачынаем гаварыць пра каханне, то абавязкова хочацца верыць, што побач з ім у адну нагу ідуць цеплыня, чысціня, чуласць, шчырасць чалавечых пачуццяў. Так, напрыклад, верш Н. Мацяш “Я Вас люблю”:

    Святла, што падарылі, не растрачу,

    І шчырых слоў ніколі не згублю.

    … Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..

    Я не кахаю Вас. Я вас люблю.
    Нехта можа адзначыць, што у вершы слова “люблю” носіць ідэйную каштоўнасць , а “люблю” – гэта ўжо нешта зусім іншае.Так, для выражэння інтымных пачуццяў беларусы карыстаюцца словам “кахаю”, а для грамадзянскіх, бацькоўскіх, сяброўскіх – слова “люблю”. Дык чаму ж тады люблю?

    Мы бачым дзяўчыну шчырую, добрую. Яна настолькі ўдзячная старэйшаму сябру, што баіцца яго параніць, стаць прычынаю душэўных пакутаў і таму акрэслівае характар стасункаў: “Я не кахаю Вас, я Вас люблю”. Вызначаецца, што ў вершы “Я Вас люблю” Ён, відаць, не проста намнога старэйшы за лірычную гераіню, але глыбока паважаны ёю чалавек. Таму і не асмельваецца глянуць у вочы, а ўсяго толькі ловіць позірк. І ў звароце “Вы” і пашана, і захапленне, толькі не каханне. З яго боку…

    І другі верш Н. Мацяш :

    Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, --

    Хай светлай будзе лёсу каляя!

    Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы

    Хай беражэ цябе любоў мая.

    Падобныя вершы па жанры – лірычныя маналогі. Лірычныя гераіні – шчырыя, пяшчотныя жанчыны. Але калі ў першым перад намі дзяўчо, то ў другім – сталая жанчына, якая “панянькавала за свой век нямала”. У першым - гераіня яшчэ чакае кахання, у другім мы адчуваем, што жанчына перажыла няшчаснае каханне. Праўда, гэтыя пакуты не азлобілі лірычную гераіню, яна ўдзячная каханаму за хвіліны шчасця і таму жадае ўжо па-мацярынску клапатліва:

    Хай над табою ластаўкай крыляе,

    Хай беражэ цябе любоў мая.
    Каханне – гэта і абавазкова нейкія мары, надзеі, фантазіі, спадзяванні, інтымныя пачуцці, шчырыя прызнанні. Не толькі закаханай жанчыны, але і яго, закаханага юнака, хлопца, мужчыны. Так, напрыклад, пачуццё бязмернай павагі да жанчыны, выражэнне гуманнасці і высакароднасці чалавека, крыніца яго лепшых імкненняў адкрываецца нам у вершах М.Багдановіча. У яго творах гэта пачуццё сагрэта асаблівай цеплынёй, шчырасцю. Сапраўдным паэтычным шэдэўрам інтымнай лірыкі з'яўляецца раманс "Зорка Венера". Ён кранае глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў. Лірычны герой твора (юнак) засмучаны тым, што павінен расстацца з любай дзяўчынай. Ён абяцае, што ў далёкім краі, куды едзе, усё сваё жыццё будзе помніць каханую. Пра яе будзе напамінаць і Венера, якой, безумоўна, вядома пра пакуты разлучаных сэрцаў:

    Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
    Там з ёй зліём мы пагляды свае...
    Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
    Глянь іншы раз на яе...

    Сімвалам кахання ў рамансе выступае Венера. Краса вячэрняга неба, яна настолькі моцна ўплывае на ўнутраны стан чалавека, што можа нават з'яднаць позіркі і пачуцці закаханых людзей, якія знаходзяцца ў расстанні. Высакароднае пачуццё закаханага, боль ад расстання з любімым чалавекам, прызнанне ў нязменнай адданасці яму па-мастацку дасканала выказаны ў "Трыялеце", кананічная форма якога патрабавала ад паэта вобразнасці параўнання, далікатнасці, такту:

    Мне доўгае расстанне з Вамі
    Чарней ад Вашых чорных кос.
    Чаму ж нядобры час прынёс
    Мне доўгае расстанне з Вамі?

    У цыкле вершаў "Мадонны", прысвечаным Ганне Какуевай, М. Багдановіч увасобіў сваё разуменне вобраза мадонны — ідэала высокай красы, жаноцкасці, хараства, дабрыні і чалавечнасці. Паэт знаходзіць рысы мадонны ў вобліку вясковай васьмігадовай дзяўчынкі ("У вёсцы") і гераіні вершаванага апавядання "Вераніка". Паэтычным эпілогам да "Веранікі" з'яўляецца верш "Ізноў пабачыў я сялібы...", лірычны герой якога вяртаецца ў тыя мясціны, дзе прайшлі яго маладыя гады, дзе пазнаў ён першае каханне. "Там сцены мохам параслі", у садзе ўсё зарасло травою. І толькі адзіны надпіс "Вераніка", выразаны калісьці на ліпе, напамінаў аб былым шчасці:

    Чым болі сходзіць дзён, начэй,
    Тым імя мілае вышэй.

    Імя Вераніка (асабліва пасля ўвасаблення верша ў музыцы I. Лучанком і ў вакале "Песнярамі") стала ў беларускай літаратуры сімвалам чысціні і высокасці кахання. У нізцы вершаў "Каханне і смерць" пераважаюць сумныя, трагічныя ноты пра няшчаснае, згубленае каханне. Яны навеяны хутчэй за ўсё асабістай драмай сям'і Багдановічаў (спачатку смерцю маці, а затым другой бацькавай жонкі, жыццём заплаціўшай за нараджэнне сына). Радасць кахання і пакуты ў вершах гэтага цыкла пастаўлены побач. Аднак каханне — высакароднейшае і наймацнейшае пачуццё — здольна перамагчы нават жах смерці. Вершы М. Багдановіча пра каханне сцвярджаюць ідэю бессмяротнасці, вечнасці гэтага высокага чалавечага пачуцця, яго вялікую жыццёвую і стваральную сілу. Яны спрыяюць раскрыццю лепшых якасцей чалавека, праяўленню гуманнасці, высакароднасці, садзейнічаюць выхаванню пачуцця павагі да жанчыны, яе хараства, прывабнасці, душэўнай чысціні.

    Многа ў беларускай літаратуры і твораў празаічных на тэму кахання.

    Так, раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” – адзін з самых буйных твораў беларускай літаратуры - таксама прысвечаны тэме кахання. Каханню Алеся Загорскага і Міхаліны Раўбіч.

    Першая сустрэча хлопчыка і дзяўчынкі адбылася ў хаце Алеся ў час яго пострыгу. Ужо тады ў сэрца Алеся запала маленькая, прыгожая дзяўчынка з востранькім языком, з худзенькімі, як пруцікі, ручкамі. Увесь той вечар яны былі разам: танчылі, гулялі, размаўлялі. Тое лета было для іх летам шчасця. Яны шмат былі разам, ездзілі адно да аднаго ў госці. Але іх каханне з-за непаразумення ледзь-ледзь не загінула. Справа ў тым, што па маёнтку папаўзлі пра Алеся плёткі. Майка гэтым плёткам паверыла і забараніла Алесю прыходзіць да яе. Хіба ж, калі сапраўды кахаеш, можна верыць хлусні? Безумоўна, не. А вось дзяўчына паверыла, і гэта вера плёткам ледзь не стала самай вялікай памылкай у яе жыцці.

    Бясспрэчна, у жыцці будзе шмат іншых праблем, але Алесь і Майка кахаюць адно аднаго, а гэта — самае вялікае шчасце. Каханне дапаможа ім перанесці ўсё цяжкасці жыцця, бо маладыя людзі знайшлі ў сабе сілы перамагчы ўсялякія спакусы лёсу і застацца разам, каб яшчэ раз даказаць усяму свету: ёсць яно на зямлі, каханне! Ёсць!

    А у рамане І. Мележа «Людзі на балоце» ствараны цэлы шэраг вобразаў, якія надоўга застаюцца ў памяці. Яны ўражваюць чытача сваёй праўдзівасцю і непаўторнасцю. Адны з іх з'яўляюцца для нас прыкладам сапраўднага кахання, другія — вучаць беражлівым адносінам да зямлі і да таго, што створана рукамі чалавека.

    Вельмі цікава І. Мележ апавядае нам пра узаемаадносіны Куранёўскай прыгажуні – Ганны Чарнушкі і працавітага хлопца - Васіля Дзятліка. Яны кахаюць адзін аднаго, але абставіны складваюцца так, што Васіль і Ганна ніколі не будуць разам. Яшчэ з дзяцінства Васіль і Ганна вабяць час разам: разам пасвяць жывёлу, разам бегаюць на выган, разам гуляюць. Тады яны яшчэ не ведалі, што іх дзіцячае сяброўства перарасце ў моцнае пачуццё – каханне.

    Васіль і Ганна зусім розныя. І, здаецца, як яны могуць кахаць адзін аднаго? Але гэтае захапляючае пачуццё ідзе побач з імі праз усё жыццё.

    У рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» з незвычайнай мастацкай сілай засведчана, як двое сышліся спачатку толькі з-за спагады адно да аднаго, сышліся, каб выжыць у гэтым бязлітасным свеце, але змаглі дажыць да кахання. У апісанні нараджэння кахання мастак-псіхолаг па-майстэрску карыстаецца дэталлю, запаволенымі бытавымі замалёўкамі, быццам вучыць і нас бачыць узвышанае ў зямным, паэзію - у прозе.

    Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, далікатнай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.
         Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае - трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно аднаму - чаму ж не збылося?

    Чаму яна так раптоўна паехала?

     Вобразам Ядвісі, трагедыяй светлага і прыгожага кахання пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя ў сям'і, могуць не лепшым чынам паўплываць на душу, псіхіку чалавека і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, спрычыненае імі, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і дарагое для іх. Вопыт Ядвісі, набыты ёю ва ўласнай сям'і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці дзяўчыны , на яе вачах жорстка здзекаваўся з мачыхі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. I ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар'і, якой даверыла сваю горкую тайну мачыха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям'і пана падлоўчага.

    Такім чынам, жыццёвыя гісторыі, засведчаныя таленавітымі творамі, пераконваюць нас, што каханне ёсць самая дасканалая прыгажосць, якая ратуе свет.

    Тумашэвіч Таццяна Аляксандраўна, Верхнядзвінская гімназія

    З легендаў і казак былых пакаленняў…

    М. Танк

    Беларуская мова вельмі старажытная. Яна жыве ўжо шмат стагоддзяў. Нашы продкі тонка адчувалі слова, умелі зазірнуць ў яго глыбіні. Колькі цікавых прыказак, прымавак, казак, легенд і паданняў пакінулі яны нам. У мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага мастацкага слова.

    Роднае слова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. З роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, адпраўляючыся ў далёкія вандраванні. І пачуццё роднай зямлі, якое неяк губляецца, калі ты жывеш на ёй, асабліва абвастраецца, калі апынаешся дзесьці далёка. Тады ўспамінаецца кожны куток роднай зямлі, яе людзі, асабліва мілагучнай становіцца мова.

    Бадай, няма ніводнага беларускага пісьменніка, які б не выказаў сваёй замілаванасці роднай мовай, не склаў бы ўзнёслых прачулых радкоў, напоўненых патрыятычнымі пачуццямі і высокімі думамі пра сваю Бацькаўшчыну і народ. Творы беларускіх пісьменнікаў заклікаюць любіць свой родны край, шанаваць сваю родную мову. Так і верш Максіма Танка “Родная мова”, напісаны ў час Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца гімнам беларускай мове. Аўтар прасочвае вытокі сілы і прыгажосці беларускага слова, якое дапамагло людзям выстаяць, не страціць веры ў заўтрашні дзень:

    З легендаў і казак былых пакаленняў,

    З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,

    З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,

    З грымучага ззяння бурлівых крыніц,

    З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

    І з гора, і з радасці, і з усяго

    Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

    Святыні народа, бяссмерця яго –

    Ты выткана, дзіўная родная мова…

    Сёння абуджаецца гістарычная памяць беларусаў, адраджаецца наша мова, пачынаецца нацыянальнае ўваскрэсенне. Мова вяртаецца падрастаючаму пакаленню, пачынае выконваць сваё гістарычнае прызначэнне.

    Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб.Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма мовы – няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Загіне дрэва. Якім жа стане чалавек, калі ў яго вырвуць зямлю з-пад ног, родную мову? Загіне чалавек. Сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту. Мы павінны быць не маўклівымі сведкамі часу, не суддзямі яго, а актыўнымі і дзейснымі ўдзельнікамі тых змен, якія адбываюцца зараз у нашай рэспубліцы.

    Народ пранясе цябе, родная мова

    Святлом незгасальным у сэрцы сваім.

    М. Танк

    Раманчук Аліна Юльянаўна, Валынецкая сярэдняя школа

    Вы кажаце мне, што душа ў паэта,

    Калі спараджае ён дзіўныя вершы…

    М.Багдановіч

    Максім Багдановіч – гонар і боль нашай літаратуры. Жыццё яго было кароткім, як лістападаўскі дзень, і хмурным, быццам позняя восень. Толькі 25 вёсен сустрэў М. Багдановіч і назаўсёды застаўся для нас маладым. Але ж ён так многа зрабіў… І яшчэ больш не паспеў зрабіць. Яго імя ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры. Кожнае пакаленне адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайны свет яго паэзіі. Паэтычная зорка ззяе і сёння.

    Не лёгка прабіваўся Максім Багдановіч на старонкі беларускага друку.

    Ой, чаму я стаў паэтам

    Ў нашай беднай старане?

    Грудзі ныюць, цела вяне,

    А спачыць не можна мне…

    Рэдакцыя “Нашай нівы” паставілася да твораў маладога паэта далёка не адназначна. Многія з іх трапілі ў архіў. Напачатку адзін Янка Купала глыбокім інтуітыўным чуццём адчуў у асобе маладога М. Багдановіча сапраўднага паэта і выратаваў шэраг яго вершаў, спісаных у архіў. З цягам часу палымяным абаронцам Максіма Багдановіча стаў Сяргей Палуян, якому фактычна прысвечаны “Вянок”. У адным са сваіх вершаў, прысвечаных С. Палуяну, М. Багдановіч пісаў: “ Так свабодна, так ярка пражыць – лепшай долі няма на зямлі”. Сёння, разважаючы пра кароткае, але яркае, як след зоркі, жыццё паэта, мы можам паўтарыць гэтыя ж словы.

    Ёсць у Максіма Багдановіча трыялет “С. Палуяну”, прысвечаны маладому беларускаму пісьменніку, які не вытрымаў цяжару пакут і скончыў жыццё самагубствам. Глыбокім болем адгукнулася гэта смерць у чулым сэрцы Максіма, бо не стала чалавека, вельмі патрэбнага беларускаму адраджэнню.

    Ты быў, як месяц, адзінокі:

    Самотна жыў, самотна ўмёр.

    Хоць свет і людны, і шырокі,

    Ты быў, як месяц, адзінокі.

    Творчасць была для безнадзейна хворага М. Багдановіча крыніцай радасці, яна акрыляла яго. Натхнёны паэзіяй, паэт забываўся на сваё гора, перамагаў боль. Нават у самыя цяжкія дні, калі хвароба абвастралася, Максім не пераставаў пісаць.

    Калі смутак моцна дзьме душу маю

    І шкада мне дзён загубленых сваіх, -

    Я паціху песні сумныя пяю,

    Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.

    Трэба было валодаць мужнасцю, каб стварыць такую сонечную паэзію, поўную святла, прыгажосці, улюбёнасці ў жыццё, поўную роздуму аб ім.

    Бедны, хілы ўсё ж люблю я

    Твой і мудры і кіпучы верш, Анакрэон!

    Пры ўпамінанні імя паэта перад намі паўстаюць вобразы яго твораў — спрацаванага, знябытага ў нядолі беларускага мужыка, які ўжо ведае, што зямля трымаецца не на трох кітах, а на яго цяжкай працы; жанчын і маладых дзяўчат-случанак, узятых у панскі двор «ткаць залатыя паясы»; патрыёта-салдата Базыля з яго шчырай любасцю да сваёй старонкі; беларусаў-эмігрантаў, якія не знайшлі шчасця на чужыне; худзенькай дзяўчынкі-нянькі — увасаблення чалавечай красы; задорнай весялухі Лявоніхі, што, як і Базыль, прыйшла з народнай творчасці ў прасторны паэтычны свет, створаны М. Багдановічам. Асноўнае месца ў гэтым паэтычным свеце адведзена ўсё ж лірычнаму герою, самому паэту, чалавеку творчай думкі, шырокіх інтарэсаў, тонкай і прыгожай душы.

    «Яго лірыка ёсць гісторыя яго душэўных перажыванняў, жывапісна расказаных ім самім, а ўсё іншае, напісанае ім, сведчыць аб яго поглядах і перакананнях і яго грамадскіх інтарэсах. Тут увесь чалавек», — пісаў бацька паэта Адам Ягоравіч.

    З дзяцінства паэт пачаў захапляцца паэзіяй і палюбіў яе на ўсё жыццё. Не діва, што тэма паэта і паэзіі, тэма мастацтва і яго грамадзянскай ролі неадступна хвалявалі М. Багдановіча. Свае погляды на гэтыя тэмы ён выказаў у вершах “Мае песні”, “Песняру”, “Ліст…”, “Ой, чаму я стаў паэтам…”, “Дзе вы, лясоў, палёў цвяты?...”, “Вы кажаце мне, што душа у паэта…”, у цыкле вершаў “Мадонны”, апавяданнях “Музыка”, “Апокрыф”, літаратурна-крытычных артыкулах “Глыбы і слаі”, “Краса і сіла” і інш.

    Песня паэта тысячамі ніцей звязана са сваёй краінай, з жыццём і барацьбой свайго народа. Невычэрпная «крыніца жывой вады» цячэ ў родным краі і жывіць яго паэзію — гэта багатае ў сваіх праявах жыццё людзей, іх працоўная дзейнасць, прывабны духоўны свет, гэта і мова, і вусная творчасць народа. "| Яшчэ ў першым сваім друкаваным творы «Музыка» ён увасобіў глыбокую думку аб адзінстве песні і жыцця, аб вялікай сіле і неўміручасці праўдзівага, шчырага слова, якое заклікана «грозна будзіць ад сну».

    У апавяданні расказваецца пра музыку, які хадзіў па зямлі ды граў людзям на скрыпцы, глыбока кранаў сваім граннем іх сэрцы. Вялікую ўладу над людзьмі мела яго скрыпка. Калі граў ён сумна і жаласна, то «балела сэрца і падступалі к вачам слёзы». А калі моцна, гучна граў музыка, «людзі падымалі апушчаныя голавы і гневам вялікім блішчалі іх вочы.

    Тады бляднелі і трасліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, як тыя гадзюкі, усе крыўдзіцелі народа».

    Злыя людзі загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй. Але іх гранне нічога не сказала людзям, не прымусіла ў адказ біцца іх сэрцы. Прычыну гэтага аўтар бачыць у характары грання, у вартасці самой песні. «Ніхто не ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён па людзях; гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах; і ніводзін сыты не мог так граць, як грала народнае гора».

    Аўтар заканчвае сваё апавяданне словамі аб неўміручасці мастацтва, якое сваімі вытокамі ідзе ад жыцця і служыць людзям.

    «I з-паміж таго народа, катораму ён калісь граў, выйдуць дзесяткі новых музыкаў і граннем сваім будуць будзіць людзей к свету, праўдзе, брацтву і свабодзе...». Гэтымі словамі Максім Багдановіч быццам прадказваў ўласны лёс.

    У вершы “Песняру” паэт выказаў свой погляд на паэзію і яе прызначэнне. Твор напісаны ў форме паслання да маладога паэта. Высокую мэту паэзіі і наогул літаратуры М. Багдановіч найперш бачыць у абуджэнні “святога сумлення”. У творы чалавечаму сумленню супрацьстаіць вобраз сэрца-каменя. Слабы верш не здольны крануць чытача, ён разаб’ецца аб “сэрцы цвёрдыя”. На думку М. Багдановіча, паэзія павінна быць мастацтвам самай высокай пробы. Маладому аўтару неабходна дбаць пра якасць уласнай творчасці, гартаваць сваё слова. А гэтага немагчыма дасягнуць без стараннай і адказнай працы над кожным радком. Верш бачыцца М. Багдановічу дасканалым і адшліфаваным дыяментам мастацтва. Безумоўна, аўтар уклаў у змест верша ўласны творчы вопыт. Ён быў перакананы:

    Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,

    Абрабіць яго трэба з цярпеннем.

    Як ударыш ты ім,— ён, як звон, зазвініць,

    Брызнуць іскры з халодных каменняў.

    Максіма Багдановіча цікавілі многія пытанні, звязаныя з паэзіяй, мастацтвам, з іх сутнасцю і прызначэннем, з самім працэсам творчасці. Творчы акт – гэта акт свядомы, - сцвярджае паэт. Навука і паэзія ідуць побач, ставяць перад сабой адзіную задачу – пазнаць свет. Толькі паэзія ў адрозненне ад навукі дае не схему ці формулу, а жывы, канкрэтны, адчувальны вобраз.

    М. Багдановіч не прызнае паэзіі халоднай, бяздушнай і бяздумнай. Ён ведае, што ніякае майстэрства не зможа замяніць жывой думкі, пачуцця і шчырага натхнення. У сапраўднай паэзіі павінна біцца жывое, трапяткое чалавечае сэрца. М. Багдановіч радуецца паэтам, якія спараджаюць “дзіўныя вершы”, радуецца, што іх душа абагрэта нябесным агнём і між людзей яны - першыя. Але ж далей паэт аспрэчвае:

    Душа мая, пэўна, шчаслівай была бы,

    Калі б я не ведаў, панове,

    Што пекна спяваюць і жабы.

    Толькі сапраўднае мастацтва можа знайсці водгук у сэрцы чытача. Паэт павінен імкнуцца скарыстаць сілу мастацкага слова, каб узрушыць чалавека, абудзіць яго лепшыя пачуцці.

    З яго імем звязана далейшае абнаўленне культуры верша, сродкаў яго выразнасці і музычнасці. М. Багдановіч стварыў узоры свабоднага верша-верлібра, першы звярнуўся да засваення кананічных формаў верша: санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметра, александрыйскага верша; адкрыў шлях для іх увасаблення на нацыянальнай глебе.

    У вершы “Ліст…” М. Багдановіч сцвярджае ролю інтэлекту, свядомасці і штодзённай руплівай працы ў творчасці. Праца ніколькі не шкодзіць натхненню, таленту, а развівае іх. Ён добра разумеў і крыніцы прыгожага. Хараство ў паэзію прыходзіць з жыцця, з самой рэчаіснасці. Хараство людзей і краса жывой прыроды вышэй за прыгожае ў мастацтве. Халодныя срэбныя ўзоры, якія выткаў на вокнах мароз, толькі нагадваюць жывыя пахучыя кветкі лясоў і палёў (“Дзе вы, лясоў, палёў цвяты?..”). Гэта толькі аддаленае падабенства, прыблізная копія палявых і лясных кветак.

    Вышэйшым ідэалам красы для Багдановіча з’яўляецца жывая чалавечая краса, просты працоўны чалавек з яго клопатамі пра людзей, з багатым і прыгожым унутраным светам. Толькі людзі працы, што ведаюць цану кавалку хлеба, могуць па-сапраўднаму зразумець і высока ацаніць шчырае, праўдзівае слова і зрабіць яго спадарожнікам свайго жыцця. Паэт жадаў, каб свет і жыццё рабіліся лепшымі, больш дасканалымі, былі сапраўдным храмам хараства. Хоць мары натыкаліся на рэальнасць, ён не пераставаў верыць у прыгожае. Свой мастацкі свет ён ствараў па законах красы і гармоніі, у ім не было месца нізкаму, грубаму, вульгарнаму. Паэт абуджаў у чытачоў эстэтычныя пачуцці і эмоцыі, клапаціўся пра “рост душы” чалавека. Адвечную красу і паэзію ён знаходзіў у беларускай прыродзе, сівой мінуўшчыне з яе дзіўнымі міфалагічнымі істотамі: лесунамі, вадзянікамі, русалкамі.

    “Добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?” Гэта радкі з апавядання “Апокрыф”. Васілёк як сімвал мастацтва патрэбен чалавеку. Васілёк як сімвал радзімы і народнага мастацтва з ранняй пары ўвайшоў у творчасць паэта, прыглушыў яго адзіноту.

    Нас сёння ўражвае глыбокі патрыятызм паэта, яго імкненне абудзіць народ да лепшага жыцця, самаахвярнасць паэта, які, падкошаны хваробаю, мог здацца слабым, аднак Багдановіч – гэта глыба трывалая, непахісная, асоба тытанічная, яго творчасць праверана часам. Ён і сёння хвалюе сваёй паэзіяй нашы сэрцы, абуджае сумленне, гонар, вяртае нас з бяспамяцтва.

    Шчапялькова Людміла Аляксандраўна, Дзёрнавіцкая базавая школа-сад
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


    написать администратору сайта