Главная страница
Навигация по странице:

  • Пэўна, з пявучага золата Нашы напевы, бо не ржавеюць яны... М.Танк

  • Што для мяне сучаснае кіно

  • Вочы – суніцы, вочы – крыніцы

  • Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры


    Скачать 0.6 Mb.
    НазваниеАддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Вучэбнаметадычны кабінет Вусныя выказванні па беларускай мове і літаратуры
    АнкорVusnyya_vykazvanni.doc
    Дата02.05.2017
    Размер0.6 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаVusnyya_vykazvanni.doc
    ТипДокументы
    #6634
    страница2 из 11
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

    Архітэктура Мінска

    Іду між трамвайных званкоў,

    Між гудкоў
    Да Ленінскай плошчы,
    Да Дома ўраду.
    Вось новый будынак,
    Яшчэ... і яшчэ...
    А вось на вачах устае камяніца.
    Мне радасна бачыць, як буйна расце
    Штодня беларуская наша сталіца.
    Максім Танк


    Кожны беларус рана ці позна пачынае асэнсоўваць, што ёсць для яго наша сталіца, наш горад-герой, наш Мінск. Для нас, беларусаў, гэты горад здаецца самым прыгожым, чароўным і лепшым горадам у свеце. Ні Нью-Йорк з яго хмарачосамі, ні Парыж з Елісейскімі Палямі і Эйфелевай вежай, ні Берлін, ні Лондан, ні якая іншая сталіца свету не можа параўнацца са сталіцай нашай дзяржавы, дзе зачароўвае, бярэ ў палон літаральна ўсё: і суладны з рытмам шум праспектаў, таямнічая цішыня паркаў і бульвараў, шчырасць і гасціннась жыхароў.

    - Сапраўдная еўрапейская сталіца! – у захапленні выдыхаюць замежнікі, якія першы раз наведваюць Мінск. – Абавязкова прыедзем яшчэ! – гавораць на развітанне.

    І гэта не дзяжурныя фразы, сказаныя, каб не пакрыўдзіць гаспадароў, гэта даніна павагі тым людзям, якія зрабілі сённяшні Мінск адлюстраваннем эпохі, дзякуючы якім старажытны горад на Свіслачы – сведка многіх гістарчыных падзей – выстаяў у суровыя часіны бітваў, адрадзіўся, жыве і квітнее.

    Мяркуйце самі. Сёння ў Мінску налічваецца больш за 250 школ, 21 вышэйшая ўстанова, 135 бібліятэк, каля 30 тэатраў, 19 музеяў, больш за 30 гасцініц, больш за 100 прамысловых прыдпрыемстваў, на долю якіх прыходзіць 75% прамысловай прадукцыі рэспублікі.

    Асобнае месца ў нашай сталіцы адводзіцца помнікам гісторыі і культуры. Усе яны – і тыя, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, і створаныя у больш позні час – з’яўляюцца багатай гісторыяй народа.

    Самым выдатным помнікам манументальнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску з’яўляецца Чырвоны касцёл святых Сымона і Алены. 3 ім звязана трагічная гісторыя. Адзін з найбагацейшых памешчыкаў Мінскай губерні, прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду Эдвард Адам Вайніловіч і яго жонка Алімпія ахвяравалі вялікія сродкі, на якія і быў узведзены гэты храм. На гэта мужа і жонку Вайніловічаў падзвігла гора, якое спасцігла сям'ю: у 1897 годзе памёр іх сын — дванаццацігадовы Сымон, а ў 1903 годзе не стала і дачкі, дзевятнаццацігадовай Алены. Чырвоны касцёл, асвечаны ў гонар святых Сымона і Алены, стаў, такім чынам, сімвалам няўцешнага бацькоўскага гора і светлай памяці іх заўчасна адышоўшых у нябыт дзяцей. Гісторыя гэтага будынка ўвабрала ў сабе грамадскія перамены, якія адбываліся ў ХХ стагоддзі на Беларусі.

    Пасля грамадзянскай вайны касцёл як культавае збудаванне перастаў выконваць свае функцыі. З 1935 года тут працаваў польскі нацыянальны тэатр, а затым кінастудыя. У 1942 годзе акупацыйныя ўлады дазволілі адкрыць касцёл, але пасля вайны ён зноў быў ліквідаваны. У 60-я гады будынак не ўпісваўся ў праект рэканструкцыі сучаснай плошчы Незалежнасці, а таму яго спрабавалі знішчыць, а на вызваленым месцы пабудаваць кінатэатр. Толькі дзякуючы грамадскасці, удалося выратаваць такі арыгінальны комплекс. У 1975 годзе будынак рэканструявалі і размясцілі ў ім Рэспубліканскі дом кіно. Толькі з 1990 года гэта святыня была канчаткова вернута Рымска-каталіцкай канфесіі. 24 верасня 2004 года ля Чырвонага касцёла адкрыўся мемарыял “Звон Нагасакі” ў імя ўсіх ахвяр, якія загінулі ад атамных выбухаў у Хірасіме і Нагасакі, пацярпелых у катастрофе на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, а таксама тых, хто застаўся ў марскім палоне на падводных атамных крэйсерах. Кожную нядзелю ў 12 гадзін званы Міснка, Нагасакі і Хірасімы гучаць адначасова, заклікаючы кожнага прыняць удзел у акцыі памяці і папярэджання.

    Гукі званоў, як галасы сэрцаў, адлятаюць высока ў неба і з “Вострава Слёз”, які знаходзіцца на рацэ Свіслач у маляўнічым акружэнні панарамы праспекта Машэрава і Траецкага прадмесця. На востраве ўстаноўлены мемарыяльны помнік “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі” ў памяць воінаў-беларусаў, якія загінулі ў Афганістане. У аснову гэтага архітэктурнага вобраза пакладзены раннехрысціянскі храм, пабудаваны ў ХІІ ст. Ефрасінняй Полацкай - “нябеснай заступніцай Беларусі”.

    На левым беразе Свіслачы знаходзіцца вядомы на ўсю рэспубліку і далёка за яе межамі архітэктурны комплекс “Траецкае Прадмесце”, адноўлены ў нашы дні па чарцяжах, старых фотаздымках, архіўных матэрыялах і актыўна ўключаны ў сучасную гарадскую інфраструктуру. З праспекта Машэрава (Пераможцаў) добра бачны чатыры каменныя дамы, у адным з якіх размясціўся кніжны магазін “Вянок”, інтэр’ер якога стылізаваны пад кніжную лаўку ХІХ ст. Назва магазіна – дань памяці М. Багдановічу, выдатнаму паэту-лірыку, чый адзіны прыжыццёвы зборнік так і называўся – “Вянок”. Унутры квартала знаходзяцца будынкі, у якіх размясціліся музеі, сувенірныя і антыкварныя магазіны, утульныя кафэ і рэстараны, дзе можна прыемна бавіць час з сябрамі і калегамі.

    Нямала цікавых, арыгінальных будынкаў было ўзведзена ў сталіцы ў савецкія часы. Частка з іх з'явілася яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны і, на шчасце, захаваліся да нашых дзён. Уздоўж праспекта Скарыны ўзвышаюцца даваенныя будынкі Дома ўраду, Дома афіцэраў, Акадэміі фізічнага выхавання і спорту, Беларускай політэхнічнай Акадэміі, гідраметэаралагічнай абсерваторыі. У гэты ж час былі ўзведзены адметныя будынкі тэатра оперы і балета, Палаца піянераў і школьнікаў, Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі.

    У пасляваенны час быў створаны не пазбаўлены маляўнічасці, хаця і досыць пампезны, архітэктурны комплекс цэнтральнай магістралі Мінска — Сталінскага, а потым Ленінскага (цяпер — Францішка Скарыны) праспекта, на якім вылучаюцца будынкі Галоўпаштамта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнага універсальнага магазіна (вядомы як «ГУМ»), цырка, многіх жылых і адміністрацыйных будынкаў, комплекс плошчы Перамогі.

    Праспект Францішка Скарыны — галоўная магістраль беларускай сталіцы. Даўжыня яго — больш за 11 кіламетраў. Праспект створаны ў пасляваенны час на месцы вуліцы Савецкай і Барысаўскага тракта. Яго перарываюць галоўныя плошчы Мінска — Незалежнасці, Кастрычніцкая, Перамогі, Якуба Коласа і Калініна. Найбольш адметная з іх, безумоўна, плошча Незалежнасці, якая да 1991 года насіла імя Леніна. Плошча займае сем гектараў і, па некаторых звестках, з'яўляецца адной з самых вялікіх у Еўропе. Акрамя ўжо згаданых касцёла святых Сымона і Алены і Дома ўраду на ёй знаходзяцца галоўныя карпусы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта, Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў і вышынны гмах інжынернага корпуса Мінскага метрапалітэна. Плошча Перамогі (да 1954 года яна называлася Круглай), без перабольшання, самае святое месца ў Мінску. У 1954 годзе тут устаноўлены 40-метровы манумент у гонар Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй і ва ўшанаванне памяці воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 3 ліпеня 1961 года, у дзень вызвалення Мінска ад фашыстаў, каля падножжа манумента запалены Вечны агонь.

    У 1984 годзе ў сувязі з адкрыццём першай лініі метро Плошча Перамогі была капітальна перапланавана. Пад плошчай пабудавана кальцавая галерэя, якая пераходзіць у мемарыяльную залу, прысвечаную памяці загінуўшых герояў. На сцяне залы ўсталяваны пласціны з імёнамі 566 ураджэнцаў Беларусі і іншых рэспублік, якія ўдзельнічалі ў вызваленні беларускай зямлі ад гітлераўцаў і за свае подзвігі тут былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

    Уладзімір Караткевіч калісьці адзначыў: “Усе шляхі вядуць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз”, туды, дзе душа адпачывае і радуецца, дзе гучаць песні-гімны, у якіх услаўляецца мудрасць пакаленняў, што жылі на гэтай зямлі да нас. Усе шляхі вядуць нас, беларусаў, да нашай прыгожай і незабыўнай сталіцы, у Мінск. Еўдакія Лось пакінула прыгожае прысвячэнне нашай сталіцы:

    Каменным волатам ты да нябёс узрос,
    Красу тваю не змылі навальніцы.
    Вянкі гісторыі аздобілі твой лес,
    Красуй, наш Мінск — любімая сталіца.

    Нельга не пагадзіцца са словамі паэткі. Хочацца з усёй шчырасцю пажадаць нашай сталіцы квітнець і радаваць сваёй прыгажосцю кожнага мінчаніна і госця сталіцы, кожнага беларуса.

    Скавародка Тацянна Генадьеўна, Верхнядзвінская гімназія

    Пэўна, з пявучага золата

    Нашы напевы, бо не ржавеюць яны...

    М.Танк
    ... калі пяюць песні ў вас?

    ... пяюць на Каляды, на Запускі,

    на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу,

    у Пятроўку, на зажынках і дажынках.

    Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць

    дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць,

    гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і

    на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і

    на вайну ідучы, і ўва ўсякай іншай

    прыгодзе. Увесь круглы год пяюць.

    М.Багдановіч. Апокрыф

    З маленства і назаўжды ўваходзіць у наша жыццё народная паэзія. Спачатку ў дзяцінстве нас прываблівае мілагучная калыханка, якую спявае маці або бабуля. Пасля мы захапляемся цікавай, дзівоснай казкай бацькі або дзядулі, здзіўляемся мудрасці і паэтычнаму хараству прыказак і загадак. Вусная народная творчасць, як невычэрпная крыніца, жывіць нашу мову, нашу літаратуру, наша жыццё.

    Беларускі народ па праве можа ганарыцца савёй багатай фальклорнай спадчынай, дзе ярка адлюстраваліся высакароныя ідэалы, прага да плённай працы, маральная чысціня душы, здольнасць да глыбокіх пачуццяў, практычная і філа­софская мудрасць, любоў да роднага краю і ўсё тое лепшае, чым і дзеля чаго жы­­ве чалавек. Асабліва гэта тычыцца народнай песні. Нездарма кажуць, што пес­­ня - ду­­ша народа. Вясёлыя і сумныя, лірычныя і жартоўныя, абрадавыя і пазаабрадавыя, заўсёды мілагучныя, прыгожыя, поўныя непаўторнага хараства і шчырасці, беларускія песні – гэта велізарная найкаштоўнейшая энцыклапедыя жыцця нашага народа. Багатыя традыцыі і высокапаэтычная вартасць беларускай народнай песні забяспечылі ёй неўміручасць. Яна жыве і сёння, застаючыся духоўнай повяззю пакаленняў, крыніцай радасці, творчага натхнення, сродкам далучэння да сапраўдных каштоўнасцей.

    Народныя песні спяваліся ў час каляндарных і сямейных абрадаў, у час працы і адпачынку, з любой нагоды і проста “для душы”. Нашы продкі віталі песняй і надыход вясны, і з’яўленне на свет новага чалавека, скардзіліся, выказвалі свае мары, надзеі, пажаданні.

    Нацыянальны характар твора залежыць ад прыроды нашага краю, ад нашай гісторыі, ад эканамічных адносін і быту. Адзначыць гэты характар словам цяжка, лягчэй адчуваць яго, слухаючы песню, казку, прыказку, загадку і пры гэтым успамінаючы ўсе прычыны, якія тварылі іх характар. Тады нам будзе зразумела, чаму, напрыклад, наша песня бывае часам такая сумная, чаму ў ёй гэтулькі лірызму, пачуцця. Чаму ў ёй чуецца, як шуміць спелая ніва, шастаюць сярпы, а жнейка як бы галосіць, долечкі просіць. Чаму ёсць у ёй і радасныя веснавыя гімны, і поўныя жывучай прыроднай сілы купальскія матывы, і багатыя пераходы вясельнай абраднасці.

    Сучасны верш, асабліва лірычны, вельмі ўзбагачае акампанемент, матыў, дзеля чаго яго часта кладуць на музыку. Народная песня толькі тады мае поўнае хараство, калі яна звязана з матывам. Кожны народ мае свае песенныя матывы, якія, узятыя разам, ствараюць характар народа. У большасці нашых матываў – засмучонасць, працягласць, мяккасць, часам далікатная жартаўлівасць, дужа многа ласкавасці, пяшчотнасці. Большасць нашых матываў вызначаецца асаблівай задумаю: яны не выклікаюць у чалавека жаданне забыцца на штодзённы клопат, а прымушаюць задумацца пра жыццё, паразважаць пра долю.

    З кожным “глытком гаючага роднага слова” адраджаецца чалавечая душа. Гэта вынік найглыбейшых разваг і сумненняў, самая дакладная ацэнка з’явы ці асобы. Інакш кажучы, мудрасць, да якой чалавецтва ідзе, можа, сотнямі год, па-мастацку падсумаваная некалькімі радкамі.

    Фальклорныя песні – гэта пакінутая нам у спадчыну ад продкаў сістэма, якая забяспечвае ўзаемасувязь чалавека з навакольным светам, з іншымі людзьмі, з самім сабою.
    Качан А.Ф., Бігосаўская сярэдняя школа

    Што для мяне сучаснае кіно

    З кожным годам кінематограф уваходзіць у наша жыццё, становіцца ўсё больш важным і распаўсюджаным відам мастацтва. На жаль, не кожны сучасны фільм можна лічыць сапраўдным творам. Як і ў літаратуры, часта мы сутыкаемся з тыповымі, так званымі "агульнага выкарыстання" фільмамі. Але ёсць сярод сучасных кінастужак і насамрэч моцныя, філасофскія, праблемныя, якія прыносяць эстэтычнае задавальненне гледачу.

    Чалавецтва імкнецца ўзнавіць у мастацтве тыя бакі жыцця, якія з'яўляюцца найбольш хвалюючымі, праблемнымі і актуальнымі. Так было ва ўсе часы існавання кіно. Фільмы, якія здымаюць зараз, з'яўляюцца вельмі разнастайнымі па тэматыцы і жанрах. Тым не менш, большасць фільмаў, якія мы глядзім па тэлебачанні або ў кінатэатрах, з'яўляюцца замежнымі. На мой погляд, справа не ў тым, што гэтыя стужкі былі знятыя за мяжой, а ў тым, што яны чужыя нашаму гледачу, чужыя па духу, па акрэсленых праблемах. У апошнія дзесяцігоддзі кінамастацтва ў нашай краіне пачало развівацца, бо мы маем самае галоўнае: таленавітых людзей, свежыя і арыгінальныя ідэі, мы маем сваю непаўторную духоўнасць.

    Цікава назіраць, як хутка змяняецца наша грамадства з плынню часу. Пажылыя людзі распавядаюць, што ў пасляваенныя гады, тэлевізары былі вялікай рэдкасцю, бо яны толькі пачалі з'яўляцца. Тады на прагляд перадачы або кінафільма збіраліся ўсе суседзі. Распавядаюць таксама, што ў фільмах пра вайну, калі на экране буйным планам праходзіў ваенны са зброяй, дзеці з шумам разбягаліся, бо ім падавалася, што па іх будуць страляць проста з тэлеэкрана.

    Адной з самых хвалюючых тэм сучаснага беларускага кіно з’яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Чаму ж кінематаграфісты звяртаюцца да ўвасаблення такой важнай і яркай тэмы? Вельмі добра адказаў на гэтае пытанне драматург Аляксей Дудараў: "Таму што - баліць…" Так, подзвіг абаронцаў патрабуе адмысловага падыходу: праз уласнае сэрца і памяць трэба прапусціць матэрыял. Такія фільмы павінны быць бездакорнымі, нават народнымі, як і сама мінулая вайна… Права на працу над такім фільмам трэба заслужыць. І абавязкова даказаць! Кіно пра самую страшную ў гісторыі нашай краіны вайну пачалі здымаць на "Беларусьфільме" амаль адразу ж пасля яе канца і працягваюць здымаць па сённяшні дзень.

    У святочныя ліпеньскія дні юбілейнага года беларускія кінематаграфісты атрымалі дарагі падарунак ад роднага тэлебачання: паказ фільмаў Нацыянальнай кінастудыі 2000-2009 гадоў выпуску пад назвай "Сучаснае беларускае кіно". "Дняпроўскі рубеж", "Крапавы берэт", "Пакуль мы жывыя...", "Кадэт"…

    Адна з самых папулярных кінастужак “У чэрвені 1941” вяртае ўсіх нас у трывожны, трагічны час пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Назва карціны адразу выклікае асацыяцыі з фільмам “У жніўні 1944” Міхаіла Пташука. Але пасля знаёмсва з фільмам становіцца зразумела, што гэтыя дзве карціны могуць існаваць аўтаномна і ў той жа час побач - у анталогіі добрых фільмаў пра Другую Сусветную вайну.

    Ад таго, як сустрэне бой з захопнікамі адзін салдат, напэўна, зыход вялікай вайны не залежыць. Але і здавацца ён не стане. Таму што Герой. Таму што Мужчына. Таму што – Чалавек. Вядомы расійскі акцёр Сяргей Бязрукаў такім і адлюстраваў свайго героя Івана Бурава. "У агні не гарыць і ў вадзе не тоне” – так казалі пра яго крытыкі. А хіба мала было ў гісторыі Вялікай Айчыннай рэальных герояў, людзей з простымі імёнамі і прозвішчамі, чые подзвігі - на грані паміж легендай і быллю, чыё нядоўгае, але яркае жыццё ўвайшло ў гісторыю? Бураў- гэта прысвячэнне акцёра свайму дзеду, які прайшоў усю вайну. У фільме існуе другая паралельная лінія - гэта каханне. Пачуццё, здаецца, не сумяшчальнае з жахам, страхам і крывёй. Рэжысёр Аляксандр Франскевіч-Лайе сцвярджае, што фільм паказвае, як чалавек супрацівіцца вайне, гэта гісторыя пра тое, што часам прайграваючы баталіі, чалавек можа выйграць, захаваўшы сваё каханне.

    Народны артыст Расціслаў Янкоўскі стварыў глыбока трагічную выяву, якая ўвабрала ў сябе мноства чалавечых лёсаў. Ён намагаецца захаваць астаткі чалавечай годнасці і ўсімі магчымымі сродкамі змагаецца за ўсё, што яму дорага: хату, зямлю, унучку, якую сыграла польская актрыса Магдалена Гурска.

    Кіно сапраўды атрымалася цікавае. Гэтаму пасадзейнічалі і вернасць традыцыям айчыннага кінематографа, і выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў і мастацкіх прыёмаў, і выдатныя акцёры (Расціслаў і Уладзімір Янкоўскія, Сяргей Бязрукаў, Павел Дэлонг, Магдалена Гурска). Яно яшчэ раз дае ўсведамленне таго, якім коштам была заваяваная Вялікая Перамога. Не пакідаюць раўнадушнымі ні галоўны жыццёвы прынцып героя - "Быць дакладным прысязе да канца", ні трагічны трохкутнік - ён, яна і вайна.

    Да сучаснага тэлебачання часта ставяцца адмоўна, таму што яно ідзе па камерцыйным шляху, стварае толькі забаўляльныя перадачы, ад якіх новае пакаленне не робіцца разумнейшым. Аднак наша тэлебачанне імкнецца абвергнуць гэтую думку і стварае праграмы і нават цэлыя цыклы на высокім мастацкім узроўні. У якасці прыкладу возьмем "Кінаметры вайны". Кароткія (25 хвілін) штотыднёвыя дакументальныя фільмы сталі своеасаблівай энцыклапедыяй тэмы Вялікай Айчыннай вайны на нашым кінаэкране. Задача перад стваральнікамі праграмы стаяла грандыёзная: за год, што папярэднічаў юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паказаць усе прысвечаныя той страшнай вайне стужкі "Беларусьфільма", дадаўшы да кожнай адпаведны дакументальны ўступ. Уступ - гэта і ёсць "Кінаметры". Ацаніць вайну, прадставіць сучаснаму, вельмі патрабавальнаму, тэлегледачу - нялёгкая задача. Па форме "Кінаметры" ўяўляюць сабою варыянт нарысу на вызначаную тэму, прычым не абавязкова на тэму заяўленага фільма. Сюжэт стужкі можа быць толькі зыходным пунктам для даследавання аўтараў. Яны здолелі стварыць фільмы, у якіх знайшлося месца і мастацкім вартасцям карцін, і падзеям вакол іх стварэння і стваральнікаў. Такім чынам, у даступнай і цікавай форме вяртаецца на экран наша ваенная класіка. Ужо паказалі "Вянок санетаў", "Альпійскую баладу", "Я родам з дзяцінства", "Зімародак"... Гэта - сапраўдныя сеансы памяці, нефармальныя ўрокі грамадзянскасці і патрыятызму.

    Нацыянальная кінастудыя абяцае: новае кіно будзе! І яно будзе зроблена ў лепшых традыцыях беларускага кінематографа. І мы, удзячныя гледачы, будзем чакаць новых цікавых фільмаў.

    Кліменцьева Маргарыта Генадзьеўна,Верхнядзвінская гімназія

    Вочы – суніцы, вочы – крыніцы,

    Стрэнеш, убачыш –

    Не надзівіцца…

    С. Законнікаў

    Жаночы вобраз у беларускай літаратуры мае вялікае значэнне. Стварэнне паўнавартаснага вобразу жанчыны звычайна звязваецца з тым перыядам развіцця літаратуры, які прынята вызначаць як перыяд станаўлення беларускага рамана. Вобраз жанчыны вабіць і паэтаў, і празаікаў. Назначэнне жаночых вобразаў класічнае: рэалістычнае алюстраванне жыцця, якое ніяк не магчыма, не складзецца, без «найпрыгажэйшых кветак»-жанчын.
         Вялікую ролю надае жанчынам П. Панчанка ў сваім вершы «Белыя яблыні». Ён так захоплены вобразамі дзяўчатак, што, на думку паэта, менавіта з расцвіўшых белых яблынь нараджаюцца яны на нашай зямлі. П. Панчанка сцвярджае, што сусвет ачарсцвее «без ласкі вялікай жаночай», і таму жанчыны «планеты заселяць, любоўю засеюць далёкія сінія зоры».
         П. Броўка ў невялікім па памеры і вядомым многім вершы «Пахне чабор...» таксама праспяваў гімн каханню і маладосці. Вобраз дзяўчыны «ў белай іскрыстай хусцінцы» кліча і вабіць паэта, як само юнацтва, бо па-маладому ярка выяўлена чаша пачуццяў: і ўспаміны аб беззваротным юнацтве, і першае каханне,і прыгажосць каханай дзяўчыны.
         Жанчына — гэта заўсёды і маці. Апавяданне «Маці» Я. Брыля — з ліку самых выдатных твораў у беларускай літаратуры, які ўслаўляе ахвярнасць жанчыны-маці. Шмат гора зведала на сваім шляху гэта сціплая і мужная жанчына: парабкоўства, смерць мужа, вайну, трывогу за сыноў, якіх выгнала з хаты вайна. Трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі» мазалямі да мазалёў, маці не просіць ні літасці, ні спагады, не думае пра сябе і пра непазбежнасць смерці. Яна моліцца за сыноў.
         У аповесці «Голы звер» М. Зарэцкага мы бачым маладую дзяўчыну Лідачку, шчырую, добрую, якая на працягу твора расчароўваецца ў каханні. Лідачка пакахала эгаістычнага, подлага Віктара, для якога не існуе нічога святога ў жыцці. Ён абяцае ажаніцца з Лідачкай. Віктар прыводзіць яе ў прытон, дамагаецца свайго і выкідвае бедную дзяўчыну як непатрэбную анучу. Апісанні вострых душэўных перажыванняў гераіні -запамінальныя старонкі.
         Жанчына, старая ці маладая, заўсёды застаецца жанчынай, мудрай і добрай. Напрыклад, праз вобразы школьных старожак бабкі Мар'і і бабкі Параскі з твора Якуба Коласа «На ростанях» раскрываецца дабрыня, спагадлівасць, чуласць сялянскай душы, неабыякавасць да чужога гора.
         Вобраз Ганны ў творы I. Мележа «Палеская хроніка» можна лічыць адным з паўнавартасных жаночых вобразаў у нашай літаратуры. Прырода надзяліла Ганну не толькі знешняй прыгажосцю, але і духоўным хараством. Ганна слухае свае сэрца і не кіруецца карыслівасцю. Яна жыве па прынцыпу: «Ніколі не рабіце іншым таго, чаго б не хацелі вы, каб вам рабілі іншыя». Яна заўсёды адгукаецца на чужы боль, падтрымлівае ў цяжкую хвіліну. Ганна — працавітая дзяўчына. Мы бачым яе на сенажаці, у полі з сярпом у руках, за малатарняй, у ягадах, на копцы бульбы. Заслуга I. Мележа ў тым, што вясковая дзяўчына Ганна паўстае перад намі не як нейкі узор беларускай сялянкі, а як незабыўны, нібыта мужчынскі, жывы, рухомы характар.
         Але ж самы яркі жаночы вобраз — вобраз Бандароўны з аднайменнай паэмы Янкі Купалы “Бандароўна”. Бандароўна была вельмі прыгожая знешне. Яе твар, косы, вочы аўтар апісвае, карыстаючыя прыгожымі параўнаннямі. Гэтым ён выказвае сімпатыю да сваей гераіні. Бандароўна — дачка свайго народа. Яна ўвасобіла лепшыя якасці, якія характэрны і нам, беларусам: непадкупнасць, гордасць, свабодалюбства, чалавечая годнасць.
         Такім чынам, вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры ёмісты і разнастайны. Кожны аўтар стварае пэўны ідэал жанчыны. Але ж агульным застаецца тое, што на гэты вобраз ускладзена вялікая і святая місія на зямлі, бо і сусвет ачарсцвее «без ласкі вялікай жаночай». Каб гэтага не здарылася, трэба зрабіць жанчыну шчаслівай. А шчасце для жанчыны — гэта быць заўсёды пачутай і патрэбнай блізкім людзям.

    Тумашэвіч Т.А., Верхнядзвінская гімназія
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


    написать администратору сайта