Паслявянковы перыяд у творчасці Максіма Багдановіча Даследчыкі выдзяляюць паслявянковы перыяд
Скачать 42.5 Kb.
|
“Паслявянковы” перыяд у творчасці Максіма Багдановіча Даследчыкі выдзяляюць “паслявянковы” перыяд у творчасці М. Багдановіча. Гэты перыяд характарызуецца шырокім выкарыстаннем фальклору паэтам; М. Багдановіч звяртаўся да антычных вобразаў, да лірычных сюжэтаў, да вершаў сацыяльна-дэмакратычнага кірунку, нацыянальна-адраджэнскага. Нацыянальна-патрыятычныя пачуцці паэта абвастрыла, пачаўшаяся ў 1914 г. І Сусветная вайна. У 1914 г. быў напісаны верш “Эмігранская песня”, у якім уздымаецца праблема вымушанай эміграцыі беларускага насельніцтва. Верш пабудаваны на супрацьпастаўленні. У першай часцы твора перад намі вобраз людзей-“бадзяг”, якія не маюць прывязанасці да роднага краю. Гэта героі-валацугі, для якіх галоўны сэнс жыцця – у вандроўцы. Другая частка верша і ёсць супрацьпастаўленне гэтым бадзягам эмігрантаў-беларусаў, якія пакідаюць радзіму толькі па прычыне нястачы “хлеба” у родным краі. “Эмігранцкая песня” -- твор публіцыстычны, але ў апошняй страфе праяўляецца лірычнае пачуццё паэта: М. Б. перадае балючыя думкі эмігрантаў-беларусаў аб далёкай ужо радзіме. Асабліва эмацыянальна і ярка патрыятычныя пачуцці паэта адбіліся ў адным з апошніх вершаў паэта, напісанных у Мінску восенню 1916 г.: у славутай “Пагоні”. Гэты несмяротны верш уяўляе сабой рамантычны зварот да гістарычнага мінулага айчыны з мэтаю ўзвысіць змагарны дух сучаснікаў, што “забылі” радзіму, “адракліся” ад яе”. Вобраз герба Вялікага Княства Літоўскага – “Старадаўняя Літоўская Пагоня” – становіцца ў вершы сімвалам дзяржаўнай моцы і незалежнасці. Верш “Пагоня” – самы яркі сярод паэтычнай публітыстыкі М. Багдановіча. Аднак у ім побач з публіцыстычным, грамадскім гучыць і асабістае: пачуцці самаго паэта: “Толькі ў сэрцы трывожным пачую // За краіну радзімую жах, -- // Ўспомню Вострую Браму святую // І ваякаў на грозных канях”; яго прадчуваніі блізкай смерці: “Маці родная, Маці-Краіна! // Не усцішыцца гэтакі боль... // Ты прабач. Ты прыі свайго сына, // За цябе яму ўмерці дазволь!...”. У 1915 г. М. Б. напісаў твор “Максім і Магдалена” – гэта наступная спроба ў эпічным жанры. Даследчыкі вызначаюць жанр твора -- паэма з жанравымі адзнакамі балады, ці ўласна балада. Гэты героіка-рамантычны твор уяўляе сабой распрацоўку папулярнага ў славянскім фальклоры матыву аб няроўным каханні хлопа да дачкі старога ваяводы, які жорстка распраўляецца з хлопам. Твору ўласціва фальклорная рамантызацыя. Яна выяўляецца ў пачуццёвасці галоўнага героя Максіма, у ідылічнасці патаемных адносін закаханых, у трагічна-ўзнёслым перадсмяротным звароце Максіма да “людзей добрых”. У заключнай сцэне твора вобраз пакаранага (раскрыжаванага) Максіма гіпербалізаваны (рукі прыбіты “да брамы мястовай”, а “галава – да вежы вартовай”). Гэты вобраз нібы перарастае ў сімвалічны малюнак агульнанародных пакут, у ім бачыцца маўклівы пратэст супраць сваволі і моцы вяльмож, заклік да помсты гвалтоўнікам-панам. Фальклорную аснову мае балада “Страцім-лебедзь” (1916) (раней даследчыкі адносілі да жанру паэмы, але паэтыка твора мае вельмі выразны лірычна-песенны характар уласцівы баладзе). Аснова сюжэта – народны сказ аб Страцім-птушцы з “Беларускага зборніка” Е. Раманава, народная апрацоўка біблейскай легенды пра патоп і Ноеў каўчэг. Народны сказ уяўляе сабой асуджэнне непаслухмянасці ганарлівай Страцім-птушкі, якая не стала ратавацца ў Ноевым каўчэгу. У паэта – горды моцны птах услаўляецца. Не пайшоўшы на Ноеў каўчэг, ён выратоўвае слабых, нікчэмных птушак, але гіне пры гэтым сам. Страцім-лебедзь даў жыццё іншым, а сам не выратаваўся. Вобраз героя рамантычны, гіпербалізаваны (“У яго крылле – трыста тры пяра: Узмахне крылом – быццам бор шуміць, Узмахне другім – што мяцель гудзіць”) Балада з’яўляецца гімнам гордаму і самахвярнаму чалавеку, выклікам інерцыі і ўгодніцтву, пакорлівасці. Вобразы твора суадносяцца з актуальнымі праблемамі таго часу, з лёсам людзей у гады вайны – іх смерць у імя выратавання слабейшых. Матыў “сусветнага патопу” як ачышчальнай кары, помсты за “людскія грахі” перарастае ў зачыне твора ў сімвалічны малюнак “буры-навальніцы”, што наступае ў грамадстве. Дзеянне ў творы развіваецца дынамічна і запавольваецца пры дапамозе паўтораў. Кульмінацыя і развязка вельмі лаканічныя, а апошнія радкі твора даюць падставы даследчыкам называць баладу “лебядзінай” перадсмяротнай песняй самога паэта: “Ад усіх цяпер патомкі ёсць, Ды няма адных -- Страцімавых”. Праблема “красы”, вобраз мадонны як ўвасабленне духоўнай прыгажосці ў творах Максіма Багдановіча Сістэма эстэтычных поглядаў М. Б. выявілася ў апавяданнях “Апокрыф” (1913) і “Апавяданне аб іконніку і залатару” (1914). Пры распрацоўцы тэмы красы ў прозе, М. Багдановіч звярнуўся да традыцый старажытнай пісьменнасці, да апакрыфічнай формы (“Апокрыф”), тым самым жанрава ўзбагачаючы беларускую прозу. Гэты зварот у мастацкім плане аказаўся вельмі плённы. Што такое Апокрыфы? Гэта кнігі, якія не ўвайшлі ў склад біблейскага канона, звычайна былі забаронены царквой, бо іх змест не супадаў з афіцыйным веравучэннем. Гэты род літаратуры быў даступны толькі для выбранага кола людзей. Свайму “Апокрыфу” М. Багдановіч пастараўся надаць форму традыцыйных евангельскіх тэкстаў: падзяляе яго на нумараваныя радочкі, ужывае рытміку арыгіналу, характэрныя формы звароту (“І сказаў яму Хрыстос: не смуціся ў сэрцы сваім”). М. Б. стварае цудоўную імітацыю. У “Апокрыфе” пісьменнік выказвае сваё эстэтычнае крэда, свае адносіны да прыгажосці, красы. Змест: як скончылася 7000 год ад стварэння свету Хрыстос зноў прыйшоў на зямлю (другое прышэсце Іісуса) і хадзіў па беларускім краі. Ніхто сярод працоўнага люду не пазнаў Хрыста ў непрыкметным адзенні, толькі музыка падыйшоў да яго (заўважце! Толькі творчы чалавек здолеў распазнаць боскае!) і сказаў, што яму сорамна: усе людзі працуюць, ідзе час жніва, а ён адзін нічога не раблю. І Хрыстос вядзе гутарку з музыкам, даказваючы, што музыка не павінен саромецца свайго дару: людзі любяць песні і ўсё жыццё іх з песняй (і пры хрышчэнні, і вяселлі, і працы, і адпачынку, і смерці – на хаўтурах). Апостал Пётра, які ідзе побач, выказвае думку аб тым, што і песня павінна быць карыснай сваімі павучальнымі думкамі, у ёй павінен быць спажытак для людзей. На гэта Хрыстос прамаўляе формулу, якая ўяўляе сабой творчае крэда самаго М. Б.: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць спажытак для душы. Іншымі словамі, чалавек, які працуе, каб мець хлеб, не можа існаваць без прыгожага, яму патрэбен і хлеб для душы – мастацтва, песні. Такім чынам мастацтва – служэнне народу, але не уталітарнае, практычнае, мастацтва павінна быць носьбітам красы. У творы ёсць другі, маляўнічы, план, дзе раскрываецца думка аб месцы прыгожага ў жыцці. М. Б. звяртаецца да вобразаў колас і васілёк, якія прыгадваюцца ў пропаведзі Хрыста. Колас і васілёк у гэтай пропаведзі – гэта адпаведна народ і мастак вобразы, якія мы бачым у пачатку твора. Ці яшчэ -- рэчаіснаць і прыгожае ў ёй. Рытарычнае пытанне Хрыста “Бо нашто каласы, калі няма васількоў?” можна расшыраваць як нашто існуе чалавек, нашто яго праца, дбанне аб хлебе надзённым, калі няма ў жыцці імкнення да прыгожага. М. Б. узносіць мастацтва як сілу, што ўзвышае чалавека. “Апавяданне аб іконніку і залатару” таксама пашырыла жанравыя межы бел. “малой” прозы пачатку ХХ ст. Апавяданне напісана як старажытны беларускі рукапіс з выкарыстаннем старажытна-славянскай лексікі, якая добра перадае ўзвышаны лад думак герояў, адцягненыя паняцці. М. Б. узбагачаў стылявыя, выяўленчыя магчымасці прозы, вяртаў ёй страчаныя моўныя багацці. У творы М. Б. таксама звяртаецца да тэмы мастацтва, узнімае праблему красы. У апавяданні супрацьпастаўляюцца два погляды на мастацкасць. Першы погляд выказвае іконнік – Раман Якубовіч: ён лічыць, што ў мастацкім творы галоўнае змест, у дадзеным выпадку традыцыйны рэлігійны – выявы святых. Да навізны, звязанай з эпохай Адраджэння (з’яўленне на іконах зямных пейзажаў, зямной прыгажосці святых і інш.), ён ставіцца непрыхільна. Іншай пазіцыі прытрымліваецца залатар Корж. Ён абараняе права мастака на свабоду творчага асэнсавання рэчаіснасці і выказвае думку, галоўную для эстэтычных поглядаў М. Б: у мастацтве галоўнае не тэма (нават святая), а майстэрства, высокая мастацкая дасканаласць. Форма філасофскай гутаркі, у якой пабудаваны твор, давала М. Багдановічу магчымасць разам са сваімі героямі шукаць адказы на філасофскія пытанні. Такога роду проза замацоўвала ў бел. прозе ў цэлым інтэлектуальны пачатак, высокі стыль. Праблема красы, да якой звяртаецца М. Багдановіч у апавяданнях, з’яўляецца характэрнай для ўсёй яго творчасці. У першую чаргу, мы бачым, што праблема паднята ў цыкле “Мадонны” “Вянка”. В. Ластоўскі першы назваў М. Багдановіча паэтам “чыстай красы”. Краса як ключавая ідэя ў творчасці М. Б. вылучае пісьменніка сярод іншых нацыянальных творцаў і адначасова ўказвае на арганічнае ўпісванне яго спадчыны ў нацыянальную літ-ру. |