Беларуская мова.культура маулення. Беларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік
Скачать 468.23 Kb.
|
2.3.1.3. Арфаграфічныя асаблівасціУ адрозненне ад рускай арфаграфіі ў беларускай мове: 1) адсутнічае літара ъ, у якасці раздзяляльнага знака ў ёй выкарыстоўваецца апостраф (параўн.: сям’я – семья, пад’езд – подъезд і інш.); 2) на месцы рускай літары щ ужываецца спалучэнне шч (щека – шчака, щука – шчупак, щавель - шчаўе); 3) замест рускай літары и заўсёды пішацца літара і. Гэта літара беларускай графікі выкарыстоўвалася і ў рускім пісьме да 1918 г. У беларускай мове больш паслядоўна захоўваецца фанетычны прынцып (паводле вымаўлення) напісання слоў (параўн: бел. сэрца, сонца, позні – рус. сердце, солнце, поздниий), а ў рускай мове пераважае марфалагічны (апорнае напісанне, праверка спрэчнага для напісання месца словам з моцнай пазіцыяй, напрыклад, бел. перакладчык – перакладаць). У гэтым раздзеле мы таксама закранём некаторыя асаблівасці новых правілаў беларускага правапісу, якія ўступілі ў дзеянне з 1 верасня 2010 года. Так, улетку 2008 года быў зацверджаны Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які накіраваны на стабілізацыю правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, выдадзеныя паводле прынятага закону, не нясуць прынцыповых зменаў у правапісе, у асноўным яны пашыраюць фанетычны прынцып пісьма, і словы іншамоўнага паходжання, паводле правілаў, падпарадкуюцца беларускім моўным законам. Звернем увагу на некаторыя найбольш істотныя змены і ўдакладненні. Да прыкладу, такая важная асаблівасць беларускай мовы, як аканне (правапіс на месцы гукаў [о], [э] пасля цвёрдых зычных у ненаціскных складах літары а) пашыраецца ва ўсіх словах, незалежна ад іх паходжання: адажыа, трыа, Токіа, Ватэрлоа. Ненаціскныя заканчэнні слоў -эль, -эр у запазычаных лексемах пішуцца як –аль, -ар: камп’ютар, лідар, менеджар. Яканне (правапіс на месцы [э], [о] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам літары я) распаўсюджваецца на словы і вытворныя ад іх, якія раней традыцыйна пісаліся праз е: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць. Некаторыя змены ёсць у правапісе спалучэнняў галосных у запазычаных словах. Так, гукавое спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі ў словах іншамоўнага паходжання перадаецца ётавымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх, напрыклад, на пачатку слова: Нью-Ёрк, ёгурт, ёг. Сфармулявана правіла напісання літары э на канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імёнаў і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, якое раней не было дакладна вызначана: купэ, рэнамэ, фрыкасэ, кашнэ, Мерымэ, Морзэ, Душанбэ, Хасэ, але: філе, камюніке, піке, сальта-мартале. Правілы ўдакладнілі правапіс ў (нескладовага) і у (складовага). Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літарным вымаўленнем пасля галосных пры чаргаванні [у] з [ў]: 1) у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): ва ўніверсітэце, ля ўніверсітэта (параўн.: перад універсітэтам, з універсітэта), па ўзнагароду (без узнагароды) і інш; 2) у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыторыя, аўдыенцыя, клаўзула, паўза, раўнд, аўра. Ненаціскное у пішацца: 1) на канцы запаўзычаных слоў: фрау, ноу-хау, ток-шоу, Дахау, Ландау; 2) у заканчэннях -ум, -ус у запазычаных словах, у якіх гук [у] не чаргуецца з [ў]: прэзідыум, кансіліум, калёквіум, медыум; 3) калі гук [у] знаходзіцца пад націскам: да ýрны, Люблінская ýнія, норма і ýзус, аýл, баýл; У правапіс, у адпаведнасці з новымі правіламі, унесены ўдакладненні наконт некаторых спалучэнняў зычных у назоўніках іншамоўнага паходжання ў бок іх спрашчэння: кантрасны (параўн.: кантраст), фарпосны (параўн.: фарпост), кампосны (параўн.: кампост), вялікай і малой літар, правапісу мяккага знака і апострафа, абрэвіятур, некаторых марфем (прыставак, суфіксаў) і інш. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” дзейнічае з верасня 2010 года. Натуральна, што трэба, каб прайшоў некаторы час для замацавання новых ведаў па арфарграфічных нормах сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Не выключана, што моўнае ўжыванне паводле новага правапісу можа ўнесці пэўныя карэктывы па ўдасканаленню новага закону, аднак ужо сёння можна зрабіць выснову пра тое, удакладненыя правілы правапісу павінны станоўча адбіцца на агульным узроўні сістэмы нацыянальнай арфаграфіі і мовы ў цэлым [35; 41]. |