Беларуская мова.культура маулення. Беларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік
Скачать 468.23 Kb.
|
2.3.1.5. Фразеалагічныя асаблівасціУнікальнасць і непаўторнасць беларускай мовы складаюць не толькі асобныя словы, але і фразеалагізмы – устойлівыя спалучэнні слоў, якія ўжываюцца як гатовыя моўныя адзінкі з непадзельным, цэласным значэннем, напрыклад: на жабін скок – маленькі, панская хвароба – гультайства, ад яйка адалье – хітрун, грушы на вярбе вярзці – распавядаць глупствы і інш. Фразеалагізмы, як і словы, не ствараюцца пры маўленні, іх трэба запамінаць і выкарыстоўваць як трапныя, вобразныя сродкі для выказвання думак і пачуццяў. Фразеалагічнае багацце беларускай мовы назапашвалася стагоддзямі. Асноўная крыніца беларускай фразеалогіі – жывая народная мова. Таму ў беларусаў найбольш размоўных фразеалагізмаў. Асноўная сфера для іх выкарыстання – бытавыя зносіны (напрыклад, з мухамі ў носе, сёрбаць лапцем боршч, цераз пень калоду, сабакам сена касіць і інш.). У навуковым, публічным маўленні (у адрозненне ад бытавога) выкарыстоўваюць фразеалагізмы, якія маюць кніжную афарбоўку: мець рацыю, браць слова, падвесці рысу, даць зялёнае святло і інш. У наступнай табліцы прыводзяцца фразеалагізмы з адценнем кніжнасці і іх рускамоўныя адпаведнікі. Табліца 5. Беларускія і рускія найбольш ужывальныя ўстойлівыя спалучэнні.
У беларускай мове ёсць шмат безэквівалентных фразелагічных выразаў, якія не маюць прамых адпаведнікаў у рускай мове: параўн. бел. на ласкавым хлебе быць, выскачыць як піліп з канапель, дацца ў знакі і рус. сидеть на шее, сказать невпопад, сидеть в печенках. У некаторыя фразеалагізмы ўключаны словы, якіх няма не толькі ў славянскіх, але і ў самой беларускай мове: біць бібікі, лахі пад пахі, збіць з панталыку, тачыць лясы, біць байды, хадзіць ходырам. А калі ўлічыць надзвычайную вобразнасць беларускіх фразеалагізмаў (некаторыя даследчыкі мовы нават называюць іх паэтычнымі мініяцюрамі) – ляпнуць, як лапцем па цымбалах; раскажаш пра вераб'я, а перакажуць пра жураўля; трэба, як рыбе парасон; салаўі ў жываце пяюць, – то варта лічыць фразеалагічныя адзінкі сапраўнымі дыяментамі нашай мовы, без засваення якіх не магчыма спазнаць прыроду і характар беларускай мовы. У пісьмовых тэкстах i вусным маўленні ўласнабеларускія фразеалагізмы маюць адметнае значэнне i паказваюць на веданне аўтарам глыбінных пластоў беларускай мовы, а скалькаваныя на манер рускай мовы дэманструюць штучнасць, ненатуральнасць беларускага маўлення. 2.3.1.6. Словаўтваральныя асаблівасці5Каб гаварыць правільна па-беларуску, трэба выкарыстоўваць нарматыўныя словаўтваральныя мадэлі (узоры, паводле якіх утвараюцца словы). З асаблівай увагай трэба ставіцца да ўтварэння прыналежных прыметнікаў, дзе можна лёгка зрабіць памылку. Так, прыметнікі ад слоў жаночага роду ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -ін/-ын, ад слоў мужчынскага роду – пры ўдзеле суфіксаў -аў(-оў)/-еў(ёў). Лёгка запомніць гэта правіла, калі правяраць сябе па мадэлі “мамін”і “татаў” для прыметнікаў ад слоў ж. р. і м. р. адпаведна. Такім чынам, адхіленні ад нормы бачым у выпадках: сестрава паліто, Коласавы почырк, Косцін бінокль і інш. Правільна: сестрыно паліто, Коласаў почырк, Косцеў бінокль. Прыметнікі на -оўскі ў беларускай мове ўтвараюцца ад уласных назоўнікаў з націскным канчаткам: Літва – літоўскі, Масква – маскоўскі. Такім чынам, прыметнікі крапівінскі і крапівоўскі нельга адначасова суадносіць з прозвішчам Крапіва. Нарматыўным будуць суадносіны Крапіва – крапівоўскі, Крапівін – крапівінскі. Для ўтварэння беларускіх тэрмінаў амаль не выкарыстоўваецца суфікс -цель-, якому адпавядаюць словы з суфіксам -нік-, -льнік6-: преобразователь – пераўтваральнік, предохранитель – засцерагальнік, доверитель – давернік і інш. У запазычаных тэрмінах замест элементаў -ер- (-эр-) выкарыстоўваецца -ар (не пад націскам): прынтар, адаптар, фламастар і інш. Рускім дзеясловам з элементам -ир- у беларускай мове адпавядаюць дзеяслоўныя ўтварэнні з суфіксам -ава-/-ява- : абстрагировать – абстрагаваць, регулировать – рэгуляваць, реформировать – рэфармаваць. Выключэнне складаюць тыя словы, якія без –ір- губляюць сваё значэнне, параўн.: суміраваць ‘праводзіць падлікі’ і сумаваць ‘маркоціцца’, планіраваць ‘паступова зніжацца пры палёце’ і планаваць ‘размяшчаць згодна з планам’, фарміраваць ‘арганізоўваць, размяшчаць у пэўным парадку’ і фармаваць ‘надаваць нечаму пэўную форму’ а таксама толькі курыраваць, шакіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, сервіраваць, фантазіраваць, штудзіраваць, татуіраваць, лакіраваць,бравіраваць, лабіраваць. У некаторых прыметніках замест суфіксаў -аль(н)-, -яль(н)-, -иль(н)- , - онн- выкарыстоўваецца беларускі адпаведнік – суфікс -н-: функциональный – функцыйны, гравитационный – гравітацыйны. Пераважна выкарыстоўваюцца суфіксы -ав- /-ов- /-ев- (параўнальна з суфіксам -н-): рус. выборочный – бел. выбаркавы (выбарачны), рус. блочный – бел. блокавы (блочны), рус. осколочный – бел. асколкавы. 2.3.1.7. Граматычныя асаблівасціСпецыфіку беларускай мовы складае граматычная сістэма, якая ахоплівае значны па аб’ёме матэрыял (марфалогія і сінтаксіс), складана арганізаваны, падпарадкаваны абстрактным граматычным законам. З гэтай прычыны да вывучэння асаблівасцей граматыкі носьбітам мовы трэба ставіцца з належнай увагай. 2.3.1.7.1. Марфалагічныя асаблівасціНазоўнік Пры ўжыванні назоўніка ў беларускай мове могуць узнікнуць праблемы з правільным вызначэннем роду, ліку, выбарам нарматыўнага канчатка пры скланенні, што можа быць абумоўлена ўплывам сугучных рускіх слоў. Разгледзім найбольш распаўсюджанныя выпадкі словаўжывання, дзе могуць выяўляцца памылкі: 1) у беларускай мове існуюць назоўнікі, якія не супадаюць з адпаведнымі рускімі ў формах ліку і роду. Табліца 6. Несупадзенні ў катэгорыі ліку
У беларускай мове ўніфікаваная форма назоўнікаў назоўнага склону множнага ліку: канчаткі -і, -ы, (лясы, бары, сыны, браты, лугі, шляхі, палі, заданні, пытанні), толькі словы тыпу армянін маюць канчатак -е (армяне). У рускай мове – -и,-ы (столы, ученики), -а, -я (леса, учителя), -ья (сучья, братья,сыновья), -е (армяне). Табліца 7. Несупадзенні ў катэгорыі роду
Зразумела, што часцей назіраюцца родавыя несупадзенні, калі адпаведныя словы ў дзвюх мовах маюць розныя корані: жыта (ніякі род) і рожь (жаночы), столь (жаночы род) і потолок (мужчынскі), пытанне (ніякі род) і вопрос (мужчынскі), кішэнь (жаночы род) і карман (мужчынскі) . 2) у беларускіх формах назоўнага склону адзіночнага ліку прыметнікаў і слоў, якія скланяюцца, як прыметнікі, адсутнічае фінальны -й: сіні, віртуальны, напісаны, некаторы, самы, шосты (рус.: синий, виртуальный, написанный, некоторый, самый, шестой); 3) у форме роднага склону беларускіх назоўнікаў мужчынскага роду могуць выкарыстоўвацца канчаткі –у/-ю або –а/-я ў залежнасці ад значэння гэтых слоў. Табліца 8. Некаторыя прыклады назоўнікаў у форме Р. скл. адз. ліку
4) наяўнасць у назоўнікаў жаночага і ніякага роду ў родным склоне множнага ліку канчаткаў -аў(-яў): бітваў, кафедраў, нормаў. У рускай мове мове – битв, кафедр, норм; 5) у форме давальнага і меснага склонаў жаночага роду чаргуюцца канцавыя зычныя г, к, х з адпаведнымі з, ц, с: дарога – дарозе, нага – назе, рука – у руцэ, страха – страсе. Некаторыя назоўнікі жаночага роду з асновай на к і націскам на канчатку маюць у Д. і М. склонах канчатак –э: рука – на руцэ, шчака – на шчацэ, рака – у рацэ, дачка – пры дачцэ і інш.(а таксама назоўнік ніякага роду: малако – у малацэ); 6) назоўнікі жаночага роду з мяккай асновай (зямля, станцыя) у Д. і М. склонах адзіночнага ліку і назоўнікі мужчынскага роду з мяккай асновай (конь, трамвай, Кітай) у М. скл. адз. ліку маюць канчатак -і: зямлі, у зямлі, на кані, на трамваі, у Кітаі ( параўн: рус. земле, в земле, на коне, на трамвае, в Китае); 7) у беларускай мове назоўнікі мужчынскага роду на –а (-я) (з націскам на аснове) тыпу дзядзька, ваявода, бацька, стараста, у Д і М. скл. адз. ліку маюць канчатак -у: бацька – (каму?) бацьку, дзядзька – (каму?) дзядзьку, а ў творным склоне адз. ліку - канчатак -ам: бацька – (кім?) бацькам, музы´ка –(кім?) музыкам, мужчына – (кім?) мужчынам (параўн.: у рускай мове – воеводе, старосте; воеводой, старостой). Падобна будуць скланяцца беларускія прозвішчы тыпу Скарына, Карызна, Батура (якія не суадносяцца з назоўнікамі жаночага роду)пры абазначэнні асобы мужчынскага полу: Скарыну, Карызну, Батуру (Д. скл); Скарынам, Карызнам, Батурам (М. скл). Калі такія прозвішчы абазначаюць жанчын, ва ўсіх склонавых формах яны не змяняюцца: Міхасю Машару, але Алене Машара; Міхасём Машарам, але Аленай Машара. Мужчынскія прозвішчы на –а, калі яны суадносяцца з назвамі прадметаў жаночага роду скланяюцца як назоўнікі мужчынскага роду: Віталь Сарока – Віталю Сароку, Віталем Сарокам. Адпаведныя жаночыя прозвішчы – як назоўнікі жаночага роду: Таццяна Сарока – Таццяне Сароцы, Таццянай Сарокай. 8) назоўнікі з зацвярдзелай (на ж, ш, дж, ч, р, ц) i мяккай асновай маюць у М. скл. канчаткі -ы, -і, але асабовыя (гл. п. № 7) – канчаткі -у, -ю: у кадры, на катэджы, па зайцы, у продажы, аб выйгрышы, на плашчы, у музеі, на камені, на рублі, аб гандлі, але аб аўтару, аб Ігару, аб Аляксандру, аб гледачу, аб іспанцу, аб Васілю, пры Алесю Івашкевічу, аб герою, аб мужу. Выразы ў цяню, у гаю, аб дню (неасабовыя) лічацца памылковымі (трэба: у ценi, у гаі, аб дні); 9) назоўнікі м.р. з асновай на -к у М. скл. заўсёды маюць канчатак -у: у замку, на блоку, у банку, аб парушальніку, пры ўладальніку, у Мінску, аб Краўчуку; 10) назоўнікі м. р. з асновай на -г, -x у М. скл. у пераважнай большасці маюць таксама канчатак -у: на рынгу, у Гонконгу, аб выбуху, у тварагу, на мітынгу, на Бугу, аб Алегу, аб моху (імху). Некалькі ўласнабеларускіх на- зоўнікаў (ix трэба запомніць) змяняюць зычную асновы: -г //-з, -x //-с i маюць канчатак -е: астрог – у астрозе, бераг – на беразе, верх – на версе, гарох– у гаросе, кажух – у кажусе, круг – у крузе, луг – на лузе, нарог – на нарозе, начлег – на начлезе, наверх – на паверсе, нарог – на парозе, плуг – на плузе, рог – на розе, снег – у снезе, стог – на стозе, струг – у струзе i некаторыя іншыя. Назоўнік двор мае розныя канчаткі ў залежнасці ад значэння слова: калі абазначае ‘не ў памяшканні’, ‘на адкрытым паветры’, ‘у прыродзе’, то мае качатак -э, калі абазначае ‘месца каля будынкаў’ – канчатак -ы: Адпачываем на дварэ; На дварэ пахаладнела; Паставіць лаўку ў двары. Форма на розе выкарыстоўваецца тады, калі рог адносіцца да жывёлы; форма на рагу – калі рог абазначае вугал: на розе каровы – на рагу вуліцы. Прыметнік 1) прыметнікі вышэйшай ступені параўнання ў беларускай мове ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -эйш-,-ейш-, -ш- і з’яўляюцца поўнымі зменнымі формамі: разумнейшы за брата, прыгажэйшая за яе, дабрэйшыя за іншых; мая канапа карацейшая за суседскую; гэтая гісторыя цікавейшая за тую. У рускай мове прыметнікі вышэйшай ступені – застылая, нязменная форма, аманімічная з прыслоўямі: умнее, краси′вее, добрее, короче, интереснее. Нагадаем, што для вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў выкарыстоўваецца канструкцыя з прыназоўнікам за: саладзейшы за мёд, маладзейшы за мяне; 2) прыметнікі найвышэйшай ступені параўнння ўтвараюцца ад формы вышэйшай ступені пры дапамозе прыстаўкі –най: найлепшы, найноўшы. Таксама яны ўтвараюцца ад прыметнікаў і слоў самы, найбольш, найменш: самы вясёлы, самы цікавы. Па гэтай прычыне рускім прыметнікам, якія абазначаюць самую высокую (або самую нізкую якасць) чаго-небудзь, будуць адпавядаць беларускія ў форме найвышэйшай ступені параўнання. Параўн. бел. Полацк – найстаражытнейшы горад Беларусі. Мінск – самы прыгожы горад у Еўропе. Рус. Полоцк – древнейший город Беларуси. Минск – красивейший город в Европе. Лічэбнік 1) у назоўным склоне ў спалучэнні з лічэбнікамі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры ( у тым ліку спалучэнні з дробавымі, састаўнымі лічэбнікамі, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры) ужываецца форма множнага ліку: два новыякамп’ютары, чатыры драўляныя крэслы, дзве трэція, тры сёмыя, дваццаць два студэнты; 2) у беларускай мове ёсць асобныя формы скланення лічэбнікаў два (для мужчынскага роду) і дзве (для жаночага) у адрозненне ад рускай мовы: двух братоў – дзвюх сясцёр, двум братам – дзвюм сястрам, двума братамі – дзвюма сястрамі; 3) беларускія лічэбнікі 90, паўтары, паўтара не скланяюцца. Займеннік 1) у займенніках мой, твой, свой, чый (у формах мужчынскага і ніякага роду) у Р. і Д. скл. адз. ліку адсутнічае літара е ў канчатках: майму, твайму, свайму, майго, твайго, свайго; 2) у асабовых займенніках пры іх скланенні і не пішацца літара н у адрозненне ад адпаведных рускіх: з ім, без яго; 3) зваротны займеннік сябе мае гэту форму ў P. i В. склонах, а форму сабе – у Д. i М. склонах; 4) адмоўныя займеннікі некага, нечага не характэрныя для беларускай мовы, яны замяняюцца спалучэннямі няма каго, няма чаго. Дзеяслоў 1) на канцы дзеясловаў першага спражэння ў трэцяй асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу адсутнічае зычны т: ён спявае, яна прыедзе; 2) пры спражэнні дзеясловаў загаднага ладу чаргуюцца г //ж і к // ч: лягу – ляж – ляжце, пяку – пячы – пячыце (параўн.: рус. лягу – ляг – лягте, пеку – пеки – пеките); 3) могуць узнікаць памылкі пры выкарыстанні дзеясловаў з суфіксам -ава-. Гэты суфікс ужываецца тады, калі ў форме 1-ай асобы адзіночнага ліку дзеяслоў заканчваецца на -ую (-юю): даследаваць (даследую), камандаваць (камандую), здзекавацца (здзекуюся), дзякаваць (дзякую). 4) дзеясловы I спражэння маюць канчаткі І -ай асобы множнага ліку –ом/-ём (пад націскам) i -ам/-ем (не пад націскам): бяром, жывём, скажам, будзем; 5) у 2-ой асобе множнага ліку дзеясловаў I спражэння ўжываюцца канчаткі -аце/-еце/-яце, а дзеясловаў II спражэння – -ыце/-іце. Вельмі важнае значэнне ў гэтых формах мае націск, які прыпадае на склад -це канчатка тады, калі ў 1-ай асобе множнага ліку (мы) націск на канчатку. Такім чынам, правільныя формы ідзяцё (ідзём), гледзіцё (глядзім), берацё (бяром), возьмеце (возьмем), коціцеся (коцімся), ірвяцёся (ірвёмся), седзіцё (сядзім), стрыжацёся (стрыжомся), сочыце (сочым) i г.д; 6) у беларускай мове зваротныя дзеясловы маюць постфіксы –ся, -цца: вучыцца, вучылася, смяяцца, смяялася. Па-руску: учиться, училась, смеяться, смеялась; 7) інфінітывы з асновай на зычны ў беларускай мове маюць суфіксы -ці, -чы: есці, класці, плысці, берагчы, стрыгчы. Калі аснова на галосны – суфікс –ць:мыць, чытаць, размаўляць. Таму вымаўленне класць, плыць, стрыч - парушэнне нормы пад уплывам рускай мовы. Дзеепрыметнік 1) у беларускай мове адсутнічаюць зваротныя дзеепрыметнікі: опоздавший студент – студэнт, які спазніўся і інш.; 2) Амаль не ўжываюцца ў беларускай мове дзеепрыметнікі з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач-(-яч-), -ўш-, -ш-, -ем-, -ім-8. У рускай мове яны вельмі пашыраныя (поступающий, восстанавливающий, ответивший, интегрируемый). Сказам з дзеепрыметнікамі такога тыпу ў беларускай мове адпавядаюць: а) складаназалежныя сказы з даданай часткай: поступающий на военный факультет – які паступае на ваенны факультэт; восстанавливающее средство – сродак, які аднаўляе; ответивший на все вопросы ученик – вучань, які адказаў на ўсе пытанні; б) назоўнікі: стимулирующий – стымулятар, записывающее устройство – прылада для запісу; в) дзеепрыметнікі і прыметнікі з суфіксамі –л-, -льн-, -оўн-: поседевший – пасівелы, охлаждающий – ахаладжальны, обезжиривающий – абястлушчвальны, управляющий – кіроўны, интегрируемый – інтэгроўны г) прыметнікі: предшествующий – папярэдні. Дзеепрыслоўе 1) утварэнне дзеепрыслоўяў незакончанага трывання ў беларускай мове адбываецца з дапамогай суфіксаў -учы, -ачы: гаворачы, ідучы, робячы (словы гаварыўшы, пісаўшы, рабіўшы будуць памылкай). У рускай мове ім адпавядаюць дзеепрыслоўі з суфіксамі -а(-я): идя, неся, читая; 2) у беларускай мове ўтвораны і ўжываюцца дзеепрыслоўі незакончанага трывання ад дзеясловаў тыпу біць, піць, віць, ліць (б’ючы, п’ючы, л’ючы), ад дзеясловаў тыпу мазаць, пісаць, рэзаць (мажучы, пішучы, рэжучы). У рускай мове такіх дзеепрыслоўяў няма. Важна адзначыць, што пры ўжыванні дзеепрыслоўяў могуць узнікнуць сэнсавыя памылкі такога тыпу: Лятаючы на самалёце, Васю ў галаву прыходзілі розныя думкі (атрымліваецца, што розныя думкі і ляталі на самалёце, і прыходзілі ў Васеву галаву). У такім выпадку трэба памятаць, што дзеепрыслоўе абазначае дадатковае дзеянне той самай асобы – выканаўцы асноўнага дзеяння, гэта значыць: у сказе з дзеепрыслоўем павінен быць адзін утваральнік. Правільнай будзе такая пабудова сказа: Лятаючы на самалёце, Вася думаў пра розныя рэчы. Калі Вася лятаў на самалёце, да яго ў галаву прыходзілі розныя думкі. 2.3.1.7.2. Сінтаксічныя асаблівасціНягледзячы на тое, што мовы, якімі валодае чалавек, пакідаюць адбітак на яго маўленні, трэба быць уважлівым, пры перакладзе словазлучэнняў адной мовы на другую. У беларускай мове дастаткова адметных спалучэнняў слоў, якія адрозніваюцца ад адпаведных рускіх канструкцый: 1) дзеясловы са значэннем ветлівасці (дараваць, дзякаваць, прабачыць) у беларускай мове кіруюць давальным склонам: дараваць чалавеку, дзякаваць маме, прабачыць сястры і брату, прабачце мне. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам: простить человека, благодарить маму, просить брата и сестру, извините меня; 2) дзеясловы руху (ісці, бегчы, ехаць, плыць, ляцець) і волевыяўлення (паслаць, выправіць, адправіць), калі яны маюць значэнне мэты, то выкарыстоўваюцца з прыназоўнікам па: ісці па ваду, ехаць па грошы, паслаць па лекі і інш. Калі гэтыя дзеясловы спалучаюцца з назоўнікамі – назвамі ягад, грыбоў і словамі ягады, грыбы, то гэтыя назоўнікі ўжываюцца з прыназоўнікам у: пайсці ў суніцы, адправіць у грыбы. У рускай мове ў абодвух выпадках выкарыстоўваецца прыназоўнік за: пойти за водой, послать за лекарством, отправить за грибами. Словазлучэнні з прыназоўнікам за ў беларускай мове (ісці за вадой, паехаць за бацькам) абазначаюць не мэту дзеяння, а яго напрамак (значэнне ‘услед’); 3) дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця (гаварыць, шаптаць, думаць, непакоіцца, клапаціцца, дбаць, хвалявацца, маўчаць і інш.) звычайна ўжываюцца з прыназоўнікам пра: гаварыць пра надвор’е, клапаціцца пра бацькоў, маўчаць пра здарэнне. У рускай мове пасля адпаведных дзеясловаў ужываецца прыназоўнік о/об: говорить о погоде, беспокоиться о родителях, молчать о происшествии; 4) дзеясловы здзіўляцца, дзівіцца, жартаваць, насміхацца, рагатаць, смяяцца глуміцца, здзекавацца, кпіць у беларускай мове спалучаюцца з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам з: дзівіцца з сяброўкі, кпіць з дарослых. Рускія выразы смеяться над недостатками і шутки надо мной перакладаюцца на беларускую мову як смяяцца з недахопаў і жарты з мяне; 5) дзеясловы і назоўнікі са значэннем дзеяння ці стану (хадзіць, лятаць, сустракацца, бачыцца, непакоіцца, нудзіцца, маркота, туга і інш.) ужываюцца з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па: хадзіць па дарогах, бегаць па сценах, бачыцца па суботах, сустракацца па выхадных, туга па дзецях. У рускай мове адпаведна: ходить по дорогам, бегать по стенам, видеться по субботам, встречаться по выходным, тоска по детям; 6) дзясловы хварэць, захварэць, а таксама прыметнік хворы ў беларускай мове спалучаюцца вінавальным склонам з прыназоўнікам на: хварэць на запаленне легкіх; хварэць на грып; 7) словы ажаніць, ажаніцца патрабуюць пасля сябе дапаўненне ў форме творнага склону з прыназоўнікам з: ажаніўся з дачкой інжынера, ажэніцца багаты з беднаю; 8) пры вызначэнні адлегласці шырокаўжывальныя спалучэнні з прыназоўнікам за: за тры крокі ад яе, за тры кіламетры ад вёскі, за дваццаць кіламетраў ад сталіцы. Па-руску: в трех шагах от нее, в трех километрах от деревни, в двадцати километрах от столицы. Акрамя таго, у беларускай мове ёсць шмат канструкцый, адрозных ад рускай мовы. Гэта наглядна ілюструе табліца 9. Табліца 9. Адметныя беларускія словазлучэнні і іх пераклад на рускую мову
Пералічваючы асаблівасці беларускай мовы, мы разглядалі выпадкі словаўжывання, якія адпавядаюць нормам беларускай мовы. Менавіта дзякуючы нормам дасягаецца адзінства мовы, разуменне паміж людзьмі ў працэсе моўных зносін. Беларускія моўныя нормы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай. Веданне моўных нормаў і іх выкарыстанне – важны складнік культуры маўлення ў цэлым. |