Главная страница
Навигация по странице:

  • Літаратура і мастацтва: асноўныя на кірункі развіцця

  • Нацыянальны рух Заходняй Беларусі.

  • курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi


    Скачать 1.91 Mb.
    НазваниеГ. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
    Анкоркурс лекций по истории беларуси
    Дата07.11.2020
    Размер1.91 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаКурс лекций.doc
    ТипДокументы
    #148668
    страница21 из 31
    1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   ...   31

    Развіццё асветы і навукі

    У комплексе праблем культурнага будаўніцтва важнае месца займала ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Гэта была адначасова і палітычная задача, бо непісьменны чалавек стаіць па-за палітыкай.

    Пачатак паходу супраць непісьменнасці пакладзены дэкрэтам Саўнаркома РСФСР ад 26 снежня 1919 г. “Аб ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва РСФСР”, які падпісаў У. Ленін. У Беларусі гэта работа ў поўную сілу пачалася з канца 1920 г., калі тэрыторыя рэспублікі была вызвалена ад польскіх акупантаў.

    У гэты час 52,6 % насельніцтва ва ўзросце ад 9 да 49 гдоў з’яўлялася непісьменным. Была створана Рэспубліканская надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. Да вырашэння гэтай задачы прыцягваліся грамадскія арганізацыі. У 1926 г. аформілася таварыства “Прэч непісьменнасць”, якое ўзначаліў старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў. Калі ў 1929 г. у рэспубліцы дзейнічала 951 ячэйка гэтага таварыства з 59 тыс. чалавек, дык у 1932 г. ужо налічвалася 10 тыс. ячэек і ў іх працавала 156 тыс. чалавек.

    У ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці прымалі ўдзел калектывы фабрык і заводаў, калгасаў і саўгасаў, настаўнікі, студэнты, школьнікі, камсамольцы і інш.

    Інтарэсы індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі патрабавалі значнага паляпшэння агульнаадукацыйнай і культурна-тэхнічнай падрыхтоўкі насельніцтва. Умення чытаць, пісаць, лічыць цяпер было недастаткова. У жніўні 1932 г. Саўнарком БССР прыняў пастанову “Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання для малапісьменных”. Пастановай урада рэспублікі ад 25 ліпеня 1932 г. была зацверджана новая сістэма навучання дарослых. Яе пачатковым звяном сталі ўводныя курсы ў вытворчасць, якія знаёмілі рабочага з тэхніка-эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю прадпрыемства. Наступная ступень – пачатковая політэхнічная вытворчая школа (тэрмін навучання – 1,5 года), якая будавалася на базе лікпункта, забяспечвала не толькі ліквідацыю малапісьменнасці, але і падрыхтоўку кадраў масавых прафесій (3–4-ы разрад) і іх перакваліфікацыю. З 1934/35 навучальнага года ўстанаўлівалася адзіная пачатковая вячэрняя школа з трохгадовым тэрмінам навучання. Яе асаблівасцю было тое, што агульнаадукацыйная падрыхтоўка навучэнцаў сумяшчалася з тэхнічнай падрыхтоўкай, або агразаалагічнай вучобай.

    Яшчэ больш увагі навучанню дарослых сталі ўдзяляць пасля апублікавання 27 лютага 1936 г. пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) “Аб рабоце па навучанні непісьменных і малапісьменных”. Толькі за гады другой пяцігодкі ў Беларусі амаль 249 тыс. чалавек ліквідавалі непісьменнасць і больш за 1 млн – малапісьменнасць. Паводле звестак Усесаюзнага перапісу 1939 г. пісьменнасць насельніцтва БССР ва ўзросце 9 гадоў і старэй (без заходніх абласцей) павялічылася з 53,1 % у 1926 г. да 78,9 % у 1939 г. Масавая непісьменнасць у БССР была ліквідавана. Гэта вялікае дасягненне беларускага народа. Яно і сёння не згубіла сваёй значнасці, калі мець на ўвазе, што сёння амаль кожны пяты жыхар планеты не ўмее чытаць і пісаць.

    Але ў канцы 30-х гадоў частка дарослага насельніцтва рэспублікі, асабліва на вёсцы і сярод жанчын, яшчэ заставалася неахопленай навучаннем.

    У красавіку 1939 г. Саўнарком БССР прыняў пастанову “Аб ходзе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў БССР”. Ставілася задача канчатковай ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў рэспубліцы. Гэта работа працягвалася да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

    Разам з ліквідацыяй непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва праводзілася вялікая работа па стварэнні сістэмы народнай адукацыі, якая забяспечыла б кожнаму рэальную магчымасць закончыць агульнаадукацыйную школу і атрымаць патрэбную прафесію.

    Да сярэдзіны 20-х гадоў такая сістэма адукацыі была створана і складалася з наступных частак: 1) дашкольных устаноў; 2) масавых чатырохгадовых працоўных школ; 3) сямігадовых працоўных політэхнічных школ у складзе двух канцэнтраў (першы ўключаў у сябе ІІV групы (вучэбныя класы), другі – VVІІ групы; 4) школ сялянскай моладзі (ШСМ), школ фабрычна-заводскага навучання (ФЗН), прафшкол, прафесійных і агульнаадукацыйных курсаў; 5) рабфакаў; 6) тэхнікумаў; 7) вышэйшых навучальных устаноў.

    Пастановай СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 15 мая 1934 г. “Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР” былі ўстаноўлены адзіныя для ўсёй краіны тыпы агульнаадукацыйнай школы – пачатковая, няпоўная сярэдняя і сярэдняя. Вучэбныя групы сталі называцца класамі.

    Асаблівая ўвага надавалася ўвядзенню ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей. З гэтай мэтай будаваліся школы, ажыццяўляўся паўсюдны перапіс дзяцей школьнага ўзросту, ім аказвалася дапамога ў забеспячэнні адзеннем, абуткам, школьна-пісьмовымі прыладамі, падвозілі ў школы і г.д. Ужо ў 1929/30 навучальным годзе са 129 тыс. 8-гадовых дзяцей у школах БССР навучалася 117 758 чалавек, ці 91 % іх агульнай колькасці. БССР першай з саюзных рэспублік ажыццявіла ў асноўным усеагульнае абавязковае навучанне дзяцей 8-гадовага ўзросту.

    У 1930/31 навучальным годзе было ў асноўным уведзена ўсеагульнае абавязковае навучанне дзяцей 8–10-гадовага ўзросту, а таксама пераростка ў 1115 гадоў і пачалася работа па ажыццяўленні ўсенавуча ў аб’ёме сямігадовай школы. У 1931/32 навучальным годзе ў БССР было завершана ажыццяўленне ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання і працягвалася паступовае ўвядзенне ўсенавуча на базе сямігадовай школы. У другой пяцігодцы значна вырас кантынгент вучняў у старэйшых класах няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы і скарацілася колькасць сямігадовых школ у сувязі з пераўтварэннем часткі іх у сярэднія. Быў зроблены буйны крок у ажыццяўленні ўсеагульнага сямігадовага навучання і ў развіцці сярэдняй адукацыі.

    У 20–30-я гады была створана вышэйшая школа Беларусі, дзверы якой расчыніліся для дзяцей з працоўнага асяроддзя. У 1918 г. у вышэйшыя навучальныя ўстановы – педагагічныя інстытуты былі пераўтвораны Віцебскі і Магілёўскі настаўніцкія інстытуты, а ў пачатку 1919 г. – Мінскі. У 1919 г. пачалася новая рэарганізацыя: педагагічныя інстытуты пераўтвараліся ў інстытуты народнай адукацыі з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Яны рыхтавалі работнікаў для школьных, дашкольных і пазашкольных устаноў. У 1920 г. быў створаны Беларускі політэхнічны інстытут, 1921 г. Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1924 г. Віцебскі ветэрынарны інстытут і інш.

    У 1930–1931 гг. у рэспубліцы была створана новая сістэма і сетка навучальных устаноў па падрыхтоўцы інжынерна-тэхнічных, сельскагаспадарчых кадраў і эканамістаў. У мэтах стварэння новых вышэйшых навучальных устаноў адбылася рэарганізацыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак стварэнне “карлікавых” ВНУ прывяло да нерацыянальнага выкарыстання сродкаў, пагаршэння якаснага ўзроўню прафесарска-выкладчыцкага саставу, змены вучэбных планаў і інш. Трэба было тэрмінова выпраўляць памылкі, рабіць новую рэарганізацыю навучальных устаноў, іх узбуйненне. У выніку рэарганізацыі ў Беларусі склалася новая сістэма вышэйшай адукацыі. Калі ў 1925 г. працавала 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, дык у 1932 г. – 31 ВНУ з 10574 студэнтамі. Гэта станоўча ўплывала на фарміраванне кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі рэспублікі.

    У сувязі з ажыццяўленнем усенавуча на базе сямігадовай школы і недахопам настаўнікаў для 5–7 класаў сямігадовых і сярэдніх школ рашэннем СНК БССР у 1935–1937 гг. былі створаны двухгадовыя настаўніцкія інстытуты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове. У 1937 г. у Мінску пачаў працаваць Інстытут фізічнай культуры.

    Цяпер колькасць ВНУ ў Беларусі амаль такая ж, як у 30-я гады, і дзейнічаюць большасць створаных тады навучальных устаноў.

    Значнае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі адкрыты новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя і іншыя навучальныя ўстановы, павялічыўся кантынгент навучэнцаў. Толькі ў другой пяцігодцы ў БССР тэхнікумы выпусцілі 19678 спецыялістаў, а ў 193839 гг. – 17488.

    Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтаваліся ў прафесійных школах. У 1930 г. яны былі ліквідаваны і на іх базе створаны школы фабрычна-заводскага навучання (ФЗН). У другой пяцігодцы вытворча-тэхнічнае навучанне моладзі ажыццяўлялася таксама на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці. Кадры масавых прафесій для сельскай гаспадаркі рыхтавалі сельскагаспадарчыя школы і вучэбна-практычныя майстэрні. З 1924 г. пачалося стварэнне школ сельскагаспадарчага навучання, якія давалі спецыяльныя веды па паляводству, жывёлагадоўлі і садаводству. У перадваенныя гады ствараліся школы механізацыі сельскай гаспадаркі. Так у 2030-я гады была створага адна з самых лепшых у свеце сістэма народнай адукацыі з яе прынцыпамі гуманнасці, пераемнасці, агульнадаступнасці, бясплатнасці.

    20-я гады сталі часам нараджэння беларускай савецкай навукі. У студзені 1922 г. заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго задачай з’яўлялася вывучэнне мовы, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, эканомікі, прыродных багаццяў Беларусі. 1 студзеня 1929 г. Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук (з 1936 г. – АН БССР). У 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў. Усяго ў рэспубліцы было 40 навукова-даследчых устаноў, у якіх налічвалася каля 1,5 тыс. навуковых супрацоўнікаў, у аспірантуры навучалася 432 чалавекі.

    Вучоныя займаліся даследаваннем рэсурсаў, праблемы прыкладнога характару. Былі адкрыты новыя паклады карысных выкапняў для прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Плённа працавалі вучоныя Інстытута хіміі АН БССР. Навуковыя даследаванні акадэміка АН БССР У.В. Шкатэлава (заснавальніка лесахіміі) знайшлі практычнае прымяненне: ў 1929–1930 гг. былі пабудаваны першыя айчынныя каніфольна-шкіпідарныя заводы ў Барысаве і Бабруйску. Значныя поспехі мелі беларускія вучоныя ў галіне даследавання праблем сельскай гаспадаркі, лесаводства, флоры і фаўны. Пад кіраўніцтвам акадэміка АН БССР Я.М. Афанасьева была складзена першая глебавая карта рэспублікі, атрымаўшая высокую ацэнку беларускіх земляробаў.

    Праводзіліся даследаванні і ў галіне гуманітарных навук. Поспехі беларускай навукі, яе матэрыяльная база і кадры супрацоўнікаў закладвалі асновы для далейшага развіцця навуковых даследаванняў у рэспубліцы.

    Літаратура і мастацтва: асноўныя накірункі развіцця

    Развіццё літаратуры і мастацтва адбывалася ў складаных умовах, час узнікнення і ідэйнай барацьбы розных плыняў і груповак, абумоўленай сацыяльнай неаднароднасцю грамадства і абвастрэннем супярэчнасцей паміж сіламі новага і старога свету.

    Асаблівасцю з’яўлялася тое, што ў асяроддзе пісьменнікаў улілася вялікая група маладых талентаў з вёскі, прыхільнікаў сацыялістычнай рэвалюцыі.

    У 20-я гады дзейнічалі некалькі літаратурных аб’яднанняў, сярод іх “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” і інш. У 1921–1925 гг. на ўсю моц загучалі галасы пісьменнікаў старэйшага пакалення – Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Чалавек працы, змагар, будаўнік заставаўся галоўным героем літаратурна-мастацкіх твораў. У 1922 г. выйшаў зборнік вершаў Я. Купалы “Спадчына”, а ў 1925 г. – паэма “Безназоўнае”. У 1923–1925 гг. Я. Колас апублікаваў паэмы “Новая зямля” і “Сымон музыка”. Беларуская паэзія вітала рэвалюцыю. Для яе характэрны былі аптымізм, дух змагання за новае жыццё. Гэта быў час агульнага духоўнага ўздыму, час надзей, веры і мар.

    У другой палове 20-х гадоў развіццё беларускай савецкай літаратуры адбывалася ў вострай барацьбе ідэйна-эстэтычных тэндэнцый, розных літаратурных груповак.

    У канцы 1927 г. аформілася літаратурнае аб’яднанне “Полымя”. У ім працавалі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны і інш. У лістападзе 1928 г. Усебеларускі з’езд “Маладняку” вырашыў утварыць Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). З гэтага часу “Маладняк” спыніў сваё існаванне.

    2030-я гады з’явіліся перыядам далейшага ўмацавання сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў нашай краіны, усталявання больш цесных кантактаў пісьменнікаў Беларусі з пісьменнікамі братніх рэспублік. Беларускія пісьменнікі часта наведвалі культурныя цэнтры Расійскай Федэрацыі, Украіны, Грузіі. У сваю чаргу прадстаўнікі братніх народаў былі жаданымі гасцямі на беларускай зямлі. Летам 1940 г. праходзіла першая дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве, якая знаёміла з дасягненнямі беларускага народа ў самых разнастайных галінах творчасці.

    У 30-я гады завяршыўся працэс стварэння адзінай пісьменніцкай арганізацыі Беларусі. У сувязі з ростам колькасці пісьменнікаў, а таксама для ўзмацнення партыйнага ўплыву на літаратурны працэс ЦК ВКП(б) вырашыў ліквідаваць шматлікія пісьменніцкія арганізацыі і аб’яднаць усіх пісьменнікаў, якія падтрымліваюць платформу савецкай улады, у адзіны саюз савецкіх пісьменнікаў. 23 красавіка 1932 г. была прынята пастанова ЦК ВКП(б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”. Аналагічную пастанову неўзабаве прыняў ЦК КП(б) Беларусі.

    У чэрвені 1934 г. у Мінску адбыўся І з’езд пісьменнікаў Беларусі, на якім прысутнічала больш за 100 дэлегатаў. З’езд арганізацыйна аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР.

    У змрочную пару рэпрэсій 30-х гадоў, паводле няпоўных звестак, было арыштавана каля 90 пісьменнікаў. Большасць з іх загінула ў лагерах. Сярод іх М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.

    У вострай барацьбе розных мастацкіх школ і плыняў стваралася беларускае савецкае тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва. У верасні 1920 г. быў адкрыты Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), у 1926 г. – БДТ-2 і Беларускі вандроўны тэатр, які ў 1932 г. быў рэарганізаваны ў Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр (з базай у Гомелі). У 30-я гады былі створаны Рускі драматычны і Тэатр юнага гледача, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Гомелі і Віцебску, калгасна-саўгасныя тэатры ў Мінску, Барысаве, Мазыры, Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы і Дзяржынску. Усяго ў рэспубліцы працавала 14 тэатраў. На іх сцэнах ішлі такія п’есы, як “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане” Я.Купалы, “На дне” М. Горкага, “Партызаны” К. Крапівы і інш. У 1923 г. Першы беларускі дзяржаўны тэатр дэманстраваў сваё майстэрства ў Маскве ў Крамлі і быў узнагароджаны ЦВК СССР Ганаровай граматай.

    Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы творчых работнікаў аказваў Беларусі рускі народ. Паездкі ў Маскву, вучоба ў лепшых майстроў сцэны садзейнічалі хуткаму творчаму росту калектываў тэатраў. Беларускаму гледачу былі добра вядомы такія славутыя дзеячы сцэны, як І. Буйніцкі, Е. Міровіч, У. Галубок, Г. Глебаў, Б. Платонаў, П. Малчанаў і інш.

    У сярэдзіне 20-х гадоў першыя поспехі былі дасягнуты ў развіцці беларускага музычнага мастацтва, у якім усё яшчэ пераважала самадзейная творчасць музычных, харавых і танцавальных калектываў. У пачатку 20-х гадоў у Мінску, Віцебску, Гомелі былі створаны музычныя тэхнікумы, якія сталі цэнтрамі музычнага жыцця. У 1924 г. у Гомелі, а затым у Магілёве былі арганізаваны невялікія сімфанічныя аркестры.

    Значны крок наперад зрабіла музычнае мастацтва ў 30-я гады. У 1932 г. адкрылася Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, у 1933 г. – Беларускі тэатр оперы і балета, а ў 1937 г. – Беларуская дзяржаўная філармонія. У яе склад увайшлі сімфанічны аркестр і аркестр народных інструментаў, ансамбль народнай песні і танца, харавая капэла. У гэты час сталі добра вядомы імёны такіх кампазітараў, як М. Аладава, А. Багатырова, В. Залатарова, І. Любана, А. Туранкова, М. Чуркіна і інш.

    Паспяхова развівалася кінамастацтва. Ствараліся дакументальныя і мастацкія фільмы, кінахроніка. Сярод іх “Залатыя агні” У. Корш-Сабліна, “Балтыйцы” А. Файнцымера. Да ліку лепшых належалі таксама фільмы І. Бахара і Л. Малчанава “Палескія рабінзоны” (1935) і “Канцэрт Бетховена” (1937).

    Дасягненні ў сферы культурнай дзейнасці сведчаць аб сапраўдным ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі ў рэспубліцы.

    У 20–30-я гады паспяхова развіваліся жывапіс, скульптура, архітэктура. У Мінску былі адкрыты мастацка-вытворчыя майстэрні “Выяўленчае мастацтва”. У гістарычным музеі ў Мінску існавалі аддзелы старажытнага і сучаснага мастацтва. У 1925 г. пры Інбелкульце дзейнічала мастацкая секцыя, якая мела тры падсекцыі: тэатра, выяўленчага мастацтва, музыкі. Важную ролю ў кансалідацыі мастацкіх сіл рэспублікі адыгрывалі мастацкія выстаўкі. Першая з іх адбылася пасля вайны ў Мінску ў верасні 1921 г. Асобую старонку ў гісторыю станаўлення і развіцця жывапісу Савецкай Беларусі ўнесла дзейнасць Віцебскага мастацкага тэхнікума, які з’яўляўся галоўным цэнтрам падрыхтоўкі мастацкіх кадраў і галоўным асяродкам кансалідацыі мастацкіх сіл рэспублікі. Тут працавалі такія таленавітыя мастакі, як Ю. Пэн, М. Дабужынскі, М. Шагал, К. Малевіч і інш.

    Акрамя традыцыйных майстэрняў (аддзяленняў) жывапісу і графікі, у вучылішчы існавалі майстэрні прыкладных мастацтваў – рукадзелля, цацак, пераплётная. Пры іх жа працавалі “Другая свабодная майстэрня” і “Першая раённая школа”, у якіх бясплатна вучыліся малюнку і жывапісу ўсе жадаючыя незалежна ад узросту і характару заняткаў.

    Па сутнасці пачынаўся новы якасна адрозны ад дарэвалюцыйнага этап развіцця нацыянальнага беларускага мастацтва. Героем твораў стаў савецкі чалавек з яго справамі, марамі. Дамінуючае месца ў жывапісу 20-х гадоў займалі ў асноўным дзве тэмы – рэвалюцыі і грамадзянскай вайны і будаўніцтва сацыялістычнага грамадства.

    Пачынальнікам беларускага гістарычнага жывапісу стаў В.В. Волкаў (1881–1964). Рэвалюцыйная тэматыка знайшла выяўленне ў яго карціне “Барыкады” (1923). Наступнае шматфігурнае палатно “Партызаны” (1928), прысвечанае партызанскай барацьбе на Беларусі ў гады грамадзянскай вайны.

    Новыя з’явы ў жыцці беларускай вёскі выразна адлюстраваў у карціне “Старое і новае” (1927) Г.С. Віер (1890–1964). Добра вядомыя яго карціны “Суботнік” (1932), “Уборка бульбы” (1935) і інш.

    Надзвычай прадукцыйнай ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва была творчасць М.М. Філіповіча (1896–1947). У 20-я гады ён стварыў шэраг работ, прысвечаных гісторыі дарэвалюцыйнага мінулага беларускага народа – палотны “Бітва на Нямізе” (1922), “Ад веку мы спалі”, “З часоў прыгнёту”, “Барыкада” (1928–1929) і інш.

    Творы М.П. Станюты (1881–1974) 20-х гадоў прысвечаны працоўнаму жыццю рабочага класа г. Мінска. Ён не здраджваў гэтай тэме ўсё сваё жыццё. “Шклозавод” (1924), “Бетоншчыкі” (1927), “Будаўніцтва Універсітэцкага гарадка” (1928), “Ліцейны цэх” (1931) – творы, народжаныя ў выніку непасрэднага назірання мастаком жыцця і працы мінчан.

    Крыху слабей развіваўся жанр пейзажу. У ім вылучаліся работы У.М. Кудрэвіча (1884–1957). Вобраз роднай прыроды адлюстраваны ім у работах “Раніца вясны”, “Вечар”, “Акорд”. Цікавыя рэалістычныя пейзажы экспанаваў В. Волкаў у карцінах “Від Віцебска” (1920), “Дзвіна” (1925) і інш.

    Такім чынам, 20-я гады ў гісторыі беларускага жывапісу былі часам збірання творчых сіл, першых спроб засваення новай тэматыкі, актыўнага ўкаранення мастацтва ў жыццё шырокіх пластоў народа.

    У 30-я гады мастацтва Беларусі ўзбагачалася новымі тэмамі і вобразамі. Героіка грамадзянскай вайны, сацыялістычныя пераўтварэнні ў краіне, духоўнае ўзвышэнне новага чалавека, услаўленне стваральнай працы – вось кола тэм, якое вызначала далейшае развіццё мастацтва. У гэтыя гады закладваліся трывалыя асновы станковага жывапісу.

    У 1932 г. праходзіла 5-я Усебеларуская мастацкая выстаўка. На ёй былі прадстаўлены карціны І.В. Ахрэмчыка, А.М. Шаўчэнкі, Ф.А. Фогта, М.І. Гусева, М.І. Манасзона, Х.М. Ліўшыца і інш.

    І.В. Ахрэмчык (1903–1971) – пастаянны ўдзельнік беларускіх выставак. Яко карціны “Падпісанне маніфеста аб утварэнні БССР” (1929), “Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск” (1935) і іншыя былі добра вядомы жыхарам рэспублікі.

    А.М. Шаўчэнка (1902–1980) у творах праяўляў цікавасць да працоўнага жыцця людзей свайго краю. Гэта асабліва ўласціва карціне “Уборка сена”.

    Ф.А. Фогт (1889–1939) як мастак звяртаўся да самых разнастайных сфер жыццядзейнасці чалавека, важнейшых падзей у палітычным і мастацкім жыцці замежных краін. Аб гэтым сведчаць яго карціны “Галоўны паход”, “Інквізіцыя” і інш.

    Карціна “Сустрэча савецкіх танкістаў Заходняй Беларусі. 1939 год” (1939) зрабіла папулярным імя яе аўтара – М.І. Манасзона (1907–1980).

    Пачуццём гістарызму вылучаецца творчасць Х.М. Ліўшыца (нар. 23.10.1912).

    Буйной падзеяй у культурным жыцці стаў Першы з’езд мастакоў Беларусі, які адбыўся 6 снежня 1938 г. у Мінску. На з’ездзе абмяркоўваліся праблемы мастацкага жыцця рэспублікі, росту прафесійнага майстэрства. З’езд арганізацыйна аформіў стварэнне Саюза мастакоў БССР, прыняў статут саюза і намеціў шляхі развіцця гэтай творчай арганізацыі.

    Багатыя і цікавыя традыцыі мае беларуская графіка. Толькі пры савецкай уладзе графіка стала мастацтвам па-сапраўднаму масавым, перадавым, даступным самай шырокай аўдыторыі. У грамадзянскую вайну найбольшае распаўсюджванне атрымалі публіцыстычныя віды графікі: плакат і карыкатура. У многіх гарадах Беларусі (Мінск, Гомель, Віцебск і інш.) існавалі мясцовыя бюро РОСТА.

    Як і ў іншых відах мастацтва, у беларускай графіцы 20-х гадоў адбываўся працэс станаўлення нацыянальнай мастацкай школы. Вялікае месца заняла станковая графіка на 1-й (1925), 2-й (1927), 3-й (1929) і наступных усебеларускіх мастацкіх выстаўках.

    Важнейшай падзеяй у гісторыі беларускай графікі 30-х гадоў з’явілася арганізацыя графічнага аддзялення ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме.

    Беларуская графіка 30-х гадоў эвалюцыяніравала па шляху большай змястоўнасці ў адлюстраванні савецкай рэчаіснасці. Важным быў удзел беларускіх мастакоў у “Выстаўцы новых твораў савецкай графікі” у 1941 г. у Маскве.

    У 20–30-я гады шэраг манументальных помнікаў стварылі беларускія скульптары. Глыбокі след у беларускай скульптуры пакінулі А. Грубэ, А. Бразер, З. Азгур, А. Бембель, А. Глебаў, А. Арлоў.

    Адным з першых мастакоў, чыя творчасць была накіравана на вырашэнне новых задач беларускага мастацтва, быў А. Грубэ. Ён імкнуўся даць сканцэнтраваны вобраз новага героя – чалавека працы, паказаць рамантыку працоўных будняў, героіку Кастрычніка. Гэтаму прысвечаны яго работы “Пяцігодку за чатыры гады” (1931), “Будаўніцтва” і інш.

    У другой палове 20-х гадоў пачаў творчы шлях З. Азгур. Раннія яго работы – “Галава рабочага”, “Галава шляхціца”, “Галава ліцейшчыка” (усе 1927 г.).

    Афармленне Дома ўрада ў Мінску (выканана ў 1933–1937 гг.), у якім прынялі ўдзел амаль усе беларускія скульптары (М. Керзін, А. Бембель, З. Азгур, А. Глебаў, І. Ізмайлаў пад кіраўніцтвам М. Манізера), з’явілася значным творчым дасягненнем, якое справядліва называюць “экзаменам на сталасць” усёй беларускай скульптуры. Адсюль пачыналася яе новая старонка.

    Да значных твораў гэтых гадоў належыць помнік У.І. Леніну ў Мінску (1933, М. Манізер), помнік Ф.Э. Дзяржынскаму ў г. Дзяржынску (1933, А. Грубэ).

    З. Азгур стварыў серыю бюстаў выдатных рэвалюцыянераў, а таксама вобразы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі 30-х гадоў (настаўнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў, урачоў).

    Неад’емнай часткай нацыянальнай беларускай культуры з’яўляецца архітэктура – своеасаблівы “мураваны летапіс” гісторыі і культуры нашай краіны. Сярод іншых відаў мастацтваў яна вызначаецца тым, што арганічна спалучае эстэтычныя ідэалы і дасягненні тэхнічнага прагрэсу ў будаўнічай справе канкрэтнай эпохі.

    Першымі ўзорамі прамысловай архітэктуры былі карпусы папяровай фабрыкі “Папірус” і хрусталёвага завода ў Барысаве, металаапрацоўчага завода “Энергія” у Мінску і іншых прадпрыемстваў.

    У цэлым для прамысловай архітэктуры 20-х гадоў характэрна выкарыстанне жалезабетонных і металічных канструкцый. Фасады будынкаў не ўпрыгожвалі дэкаратыўнай муроўкай, пілястрамі, складанымі карнізамі. Уладкаванне металічных пераплётаў у светлавых праёмах і ліхтарах дало магчымасць значна павялічыць асветленасць вытворчых памяшканняў. Архітэктурнае аблічча прамысловых будынкаў з кожным годам станавілася ўсё больш выразным і лаканічным.

    З сярэдзіны 20-х гадоў у рэспубліцы прыняты меры да рэгулявання забудовы гарадоў. У 1925 г. па даручэнні ўрада БССР вядомы савецкі горадабудаўнік У. Сямёнаў прапанаваў праект развіцця Мінска і Оршы. Сярод невялікіх па плошчы ансамбляў забудовы гарадоў (1,5–2 га) прадугледжваліся зялёныя ўчасткі, скверы ці бульвары.

    Для архітэктурна-мастацкага аблічча жылых дамоў таго часу характэрна лаканічнасць вырашэння аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. У пластыцы фасадаў пераважалі спрошчаныя формы з перавагай гарызантальных чляненняў.

    У канцы 20-х гадоў рабіліся спробы распрацаваць тып дома з агульнымі бытавымі элементамі. Такія будынкі атрымалі назву дамоў-камун.

    Адной з першачарговых задач было пашырэнне школьнай сеткі, будаўніцтва школ. Узводзіліся ў асноўным невялікія па аб’ёму, разлічаныя на 240–280 вучняў двухпавярховыя будынкі, прамавугольныя ў плане, з размяшчэннем па абодва бакі калідора вучэбных памяшканняў.

    Развіццё навукі і вышэйшай адукацыі прадвызначыла будаўніцтва ў рэспубліцы шэрага ВНУ і комплексаў навуковых устаноў. У аснову кампазіцыі Універсітэцкага гарадка ў Мінску лягла распаўсюджаная ў тыя гады павільённая сістэма, пры якой асобныя карпусы прызначаліся для падрыхтоўкі спецыялістаў па адпаведных прафесіях.

    У другой палове 20-х гадоў рэканструяваліся і расшыраліся гарадскія бальніцы ў Гомелі, Віцебску, Оршы. У гады першай пяцігодкі ў буйных гарадах Беларусі разгарнулася будаўніцтва бальнічных комплексаў на 600–1000 ложкаў. Сярод іх найбольш значнай была 1-я клінічная бальніца ў Мінску (1928–1931, архітэктар Г. Лаўроў).

    У першыя гады савецкай улады значнае пашырэнне атрымала арганізацыя культурна-асветных устаноў, рабочых клубаў, дамоў культуры, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, бібліятэк. З сярэдзіны 20-х гадоў пачалося будаўніцтва клубаў пры буйных прамысловых прадпрыемствах, прафесійных саюзах, а ў малых гарадах і раённых цэнтрах яны прызначаліся для абслугоўвання ўсіх жыхароў. У большасці сваёй гэта былі невялікія па ўмяшчальнасці будынкі, дзе галоўнае месца адводзілася відовішчнай групе памяшканняў.

    Значнай падзеяй у жыцці рэспублікі было стварэнне ў 1934 г. Саюза архітэктараў БССР. На з’ездах саюза (1935, 1937, 1941) абмяркоўваліся пытанні накіраванасці архітэктурнай творчасці, рэканструкцыі і развіцця гарадоў.

    Галоўнымі задачамі архітэктуры Беларусі ў перадваенныя пяцігодкі (1933–1941) сталі рэканструкцыя і развіццё гарадоў, абумоўленыя шэрагам аб’ектыўных прычын. Па-першае, гарады ў існуючым тады стане стрымлівалі развіццё народнай гаспадаркі і культуры. Па-другое, эканамічна ўзмацнелая дзяржава атрымала з пачатку 30-х гадоў магчымасць прыступіць да пераўладкавання гарадоў, карэннага паляпшэння камунальнай гаспадаркі.

    У сувязі з вырашэннем гэтых задач пачалася распрацоўка генеральных планаў беларускіх гарадоў. Генеральны план г. Мінска распрацоўваўся ў Ленінградзе архітэктарам Ю. Кілеватавым пад кіраўніцтвам прафесара У. Вітмана.

    У канцы 20 – пачатку 30-х гадоў у краіне былі праведзены конкурсы і распачата будаўніцтва шэрага буйных адміністрацыйных будынкаў. Сярод іх – Дом урада ў Мінску (1929–1933, архітэктар І. Лангбард). Гэта і на сённяшні дзень буйнейшае грамадскае збудаванне ў рэспубліцы, па сваіх мастацкіх і горадабудаўнічых якасцях адзін з лепшых узораў савецкай архітэктуры, адзін з першых вопытаў стварэння адміністрацыйнага збудавання.

    Будаўніцтва дзіцячых садкоў і ясляў ішло па двух напрамках. Яны размяшчаліся на першых паверхах жылых дамоў або ў асобных будынках, узведзеных па тыпавых праектах. У Мінску ў 1936 г. на базе незавершанага на той час клуба будаўнікоў быў створаны рэспубліканскі Палац піянераў (архітэктары А. Воінаў, У. Вараксін).

    Развіццё вышэйшай адукацыі і навукі абумовіла ўзвядзенне значнай колькасці разнастайных будынкаў навучальных і навуковых устаноў. Створаны галоўны корпус АН БССР (1934–1939, архітэктар І. Лангбард), будынак партыйных курсаў (1933–1938, архітэктар А. Воінаў).

    У даваенныя гады былі пабудаваны дамы Чырвонай Арміі ў гарадах Мінску, Бабруйску, Слуцку, Полацку.

    Кожны твор архітэктуры ўяўляе сабой спалучэнне трох прынцыпаў: функцыянальнасці, трываласці і прыгажосці. Многія з помнікаў архітэктуры Беларусі 20–30-х гадоў цалкам адпавядаюць гэтым прынцыпам. Ацалеўшы падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг., яны служаць людзям і сёння.

    4. Заходняя Беларусь у складзе 2-ой Рэчы Паспалітай.Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх зямель

    У выніку савецка-польскай вайны 1919–1920 гг., паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г., больш за 100 тыс. кв. км тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек перайшло ва ўладанне польскай дзяржавы. Анексіраваную тэрыторыю Заходняй Беларусі польскія ўлады расчлянілі на чатыры ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Віленскае і Беластоцкае. Была створана польская адміністрацыя, падмацаваная густой сеткай паліцэйскіх устаноў – пастарункаў. Яна падтрымлівала рэжым, спецыяльна распрацаваны для “усходніх крэсаў”.

    Заходняя Беларусь і яе насельніцтва апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Разбураная першай імперыялістычнай і затым грамадзянскай вайной гаспадарка амаль не адбудоўвалася, і беларускія землі ператвараліся ў сыравінны прыдатак Польшчы. Да 1935 г. колькасць прамысловых рабочых скарацілася на 40 % у параўнанні з 1913 г. Прамысловасць Заходняй Беларусі ў 1938 г. давала ў 9 разоў менш прадукцыі, чым БССР. Толькі за 1929–1939 гг. у трох ваяводствах – Палескім, Навагрудскім і Віленскім – было закрыта больш за 300 фабрык і заводаў.

    На заводах і фабрыках працоўны дзень працягваўся 10–11 гадзін, а на саматужных прадпрыемствах быў значна большым. За тую ж самую працу ў прамысловасці польскаму рабочаму плацілі больш, чым беларусу. Асабліва пакутлівай з’явай было беспрацоўе. У сярэднім на аднаго працуючага прыходзілася два беспрацоўныя. Людзі згаджаліся на любую работу і любую аплату.

    Вельмі цяжка жылося ў вёсцы (85 % насельніцтва). Больш паловы зямельнага фонду належала памешчыкам ці буйным уладальнікам, якія мелі ў сярэднім па 500 га. Такіх уладальнікаў было каля 1 % ад усіх жыхароў сельскай мясцовасці. На сялянскі двор прыходзілася каля 7 га зямлі, а 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га. Каля 90 тыс. парабкаў зусім не мелі зямлі. У гэтых умовах польскія ўлады раздавалі буйныя ўчасткі зямлі асаднікам – былым афіцэрам і чыноўнікам, якія мелі заслугі ў савецка-польскай вайне 1919–1920 гг. Па сутнасці, гэта былі новыя кулакі ці нават памешчыкі, якія з’яўляліся сацыяльнай апорай уладам. Яны былі добра арганізаваны, узброены і выконвалі паліцэйскія функцыі ў адносінах да мясцовага насельніцтва. Да вызвалення на тэрыторыі Заходняй Беларусі было расселена каля 10 тыс. асаднікаў.

    Пад выглядам ліквідацыі цераспалосіцы польскі ўрад шырока праводзіў хутарызацыю (“камасацыю”), у выніку якой сяляне ўзамен раздробленых на вузкія палоскі зямель павінны былі атрымаць такую самую колькасць зямлі, але адзіным участкам. Да 1939 г. на хутары было пераведзена 43 % усіх гаспадарак, якія карысталіся 45 % усёй зямлі.

    Рэформа ліквідавала сервітуты – агульныя абшчынныя ўчасткі зямлі, у выніку чаго сяляне пазбавіліся пашы для жывёлы, вадаёмаў і сенакосаў. Аграрныя пераўтварэнні вялі да ўзрастання дыферэнцыяцыі сялян, колькасць бедных жыхароў вёскі пачала няўхільна павялічвацца.

    Сяляне павінны былі пастаянна выконваць дарожныя павіннасці – шарваркі, задарма працаваць на пабудове ці рамонце мастоў, дарог, грэбляў. Медыцынскае абслугоўванне з-за недахопу ўрачоў, дарагавізны медыкаментаў і лячэння было недаступна для большасці насельніцтва. Адзін доктар прыходзіўся на 5–6 тыс. чалавек.

    У пошуках заробкаў, даведзеныя голадам і ўціскам да адчаю, сяляне шукалі выйсця ў эміграцыі. У 1925–1938 гг. з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі выехалі на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны 78,1 тыс. чалавек.

    Кіраўнікі буржуазнай Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілі вялікадзяржаўную, шавіністычную палітыку. Яны не прызнавалі беларусаў за нацыю і мелі на мэце паланізаваць цэлы народ. Беларуская нацыянальная культура праследавалася, закрываліся беларускія газеты, школы, бібліятэкі. У дзяржаўных установах забаранялася ўжываць беларускую мову. Да захопу Польшчай у Заходняй Беларусі працавалі каля 400 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі, 5 гімназій. Да 1939 г. усе беларускія навучальныя ўстановы былі ліквідаваны.

    Вядучую ролю ў паланізацыі беларускага насельніцтва адыгрывала каталіцкая царква. Даволі было беларусу памяняць веру з праваслаўнай на каталіцкую, як польскія ўлады аўтаматычна адносілі яго да польскай нацыянальнасці.

    Каб зусім не згас агеньчык нацыянальнай культуры, лепшыя прадстаўнікі заходнебеларускай інтэлігенцыі самаахвярна працавалі ў гэтым напрамку. Яны абаранялі беларускую культуру ад нападкаў беларусафобаў, імкнуліся пашыраць асвету сярод свайго гаротнага, паднявольнага народа. Дзякуючы гэтаму пэўнае развіццё атрымала беларуская літаратура. Пісьменнікі і паэты ў сваёй творчасці абапіраліся на дасягненні беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры, на здабыткі працэсу беларусізацыі ў БССР, на прагрэсіўную плынь у польскай культуры. Да такіх літаратараў належаць Максім Танк (Я. Скурко), М. Васілёк, М. Машара, В. Таўлай. У сваіх творах яны праслаўлялі чалавека працы, будзілі чалавечую і нацыянальную годнасць, заклікалі на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

    У дапаўненне да сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі панаваў жорсткі палітычны рэжым і паліцэйскі тэрор. Рэпрэсіравалі ў першую чаргу камуністаў або спачуваючых камуністычнаму руху. Паводле крымінальнага кодэкса ад 11 ліпеня 1932 г., за прыналежнасць да камуністычнай партыі прадугледжвалася пакаранне аж да пажыццёвага турэмнага зняволення. За садзейнічанне камуністам было ўстаноўлена пакаранне да пяці гадоў турмы.

    Па ўсёй тэрыторыі “усходніх крэсаў” лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся “пацыфікацыяй”. У час пацыфікацый паліцэйскія разбуралі жыллё сялян, знішчалі маёмасць і харч, учынялі масавыя экзекуцыі. Пасля такога разбою жыхарам гэтых вёсак забаранялася запальваць агні вечарамі, збірацца разам некалькім чалавекам, хадзіць у суседнія вёскі. Вядучая роля ў правядзенні тэрору належала тайнай палітычнай паліцыі – дэфензіве. Яна шырока карысталася метадамі правакацый, паклёпу, запужвання і фізічных катаванняў.

    Такім чынам, сацыяльнае, нацыянальнае і палітычнае становішча працоўных мас на тэрыторыі Заходняй Беларусі штурхала іх на актыўныя антыўрадавыя дзеянні. На працягу 20 гадоў тут прайшлі 4 хвалі рэвалюцыйнага руху – у 1923 г., у 1926 – пачатку 1927 г., у 1931–1933 гг., у 1936–1937 гг., г. зн. праз кожныя 2–3 гады.

    Нацыянальны рух Заходняй Беларусі.

    У пачатку і сярэдзіне 20-х гадоў сацыяльная і нацыянальная барацьба характарызавалася не толькі эканамічнымі забастоўкамі і антыўрадавымі дэманстрацыямі, але і праявамі ўзброеных выступленняў у форме партызанскага руху. У барацьбе прымалі ўдзел працоўныя гарадоў і вёсак, сельская інтэлігенцыя. Гэта былі людзі розных палітычных поглядаў – ад камуністаў да нацыянал-дэмакратаў. Там, дзе кіравалі партызанскімі атрадамі камуністы, рух насіў ярка акрэслены антыпамешчыцкі, класавы характар. А там, дзе задавалі тон людзі з нацыяналістычнымі настроямі, партызанская барацьба насіла антыпольскі напрамак. Такое назіралася на Гродзеншчыне і Беласточчыне. На Віленшчыне, Палессі, Навагрудчыне дзякуючы кіраўніцтву такіх камуністаў, як К.П. Арлоўскі, С.А. Ваўпшасаў, В.З. Корж і іншыя, партызанская барацьба набыла шырокі размах. Агульная колькасць партызан налічвала 5–6 тыс. У 1924–1925 гг. было праведзена каля 300 баявых аперацый. Польскія ўлады вымушаны былі ўвесці надзвычайнае становішча ў краі, каб рэпрэсіямі і тэрорам ліквідаваць гэты рух.

    Ва ўзмацненні сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху значную ролю адыгралі партыі і арганізацыі камуністычнага і нацыянальна-дэмакратычнага напрамку. Сярод іх галоўнае месца займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна была створана ў кастрычніку 1923 г. Нягледзячы на нелегальны характар работы, рады партыі пашыраліся. У 1923 г. яна налічвала 523 камуністы, у 1928 г. – 3 тыс., у 1934 г. – 4 тыс. Акрамя таго, каля 3 тыс. членаў партыі знаходзілася пастаянна ў турмах. Друкаванымі органамі ЦК КПЗБ былі газета “Чырвоны сцяг” і часопіс “Бальшавік”. У розныя гады ЦК КПЗБ выдаваў на беларускай, польскай, рускай і яўрэйскай мовах газеты “Партработнік”, “Да барацьбы”, “Весткі з СССР”, “Куйце зброю”, “Голас салдата”, “Чырвоны сцяг” і інш.

    КПЗБ была часткай Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльнай нацыянальнай арганізацыі, таму яна не мела сваёй праграмы і статута, а кіравалася дакументамі КПП. Такая ж сітуацыя была і ў Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), які з’яўляўся аўтаномнай арганізацыяй камсамола Польшчы. Створаны КСМЗБ у студзені 1924 г. ўвесь час заставаўся верным і надзейным памочнікам КПЗБ, яе рэзервам. Да 4 тыс. чалавек аб’ядноўваў камсамол Заходняй Беларусі, пераважна сялянскую моладзь.

    КПЗБ і КСМЗБ аказвалі моцны ўплыў на розныя масавыя арганізацыі дэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага напрамку. Асабліва значным поспехам было кіраўніцтва масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), створанай у 1925 г. Яе праграма мела наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі, аб’яднанне яе з БССР, стварэнне сялянска-рабочага ўрада, канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы, падзел зямель без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, ліквідацыя асадніцтва, 8-гадзінны працоўны дзень, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове, свабода сумлення, аддзяленне царквы ад дзяржавы і іншыя патрабаванні. Галоўным сродкам вызвалення працоўных была абвешчана адкрытая барацьба з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочых і сялян. БСРГ праводзіла мітынгі, дэманстрацыі, выступленні сялян супраць абшарнікаў, кулакоў і асаднікаў, падатковага ўціску і аграрнай палітыкі польскіх улад, за вызваленне палітычных вязняў, за стварэнне беларускіх школ і інш.

    ЦК Грамады выдаваў газеты, якія па прычыне праследавання ўладамі часта закрываліся, таму выходзілі пад новымі назвамі: “Жыццё беларуса”, “Беларуская ніва”, “Беларуская справа”, “Народная справа”, “Наша справа”, “Наш голас”, “Наша воля”, “Народны звон”. Выходзіў таксама сатырычны часопіс “Маланка”.

    У студзені 1927 г. Грамада аб’ядноўвала больш за 2 тыс. суполак, у якіх налічвалася каля 120 тыс. чалавек, дзейнічала 18 павятовых камітэтаў БСРГ. Бурны рост Грамады, яе поспехі ў кіраўніцтве барацьбой працоўных супраць эканамічнага, нацыянальнага і палітычнага прыгнёту непакоілі памешчыкаў, асаднікаў і акупацыйныя ўлады. Паліцыя і дэфензіва нават дазволеныя вышэйшымі ўладамі з’езды, мітынгі і нарады разганяла, а іх удзельнікаў збівала і арыштоўвала.

    У студзені 1927 г. улады пачалі ліквідацыю гурткоў і камітэтаў БСРГ. Па ўсім краі прайшлі масавыя арышты яе актывістаў. Грамада была забаронена афіцыйна, больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў прыцягнуты да судовай адказнасці. У 1927–1929 гг. адбываліся судовыя працэсы над членамі БСРГ.

    Пасля разгрому Грамады яе традыцыі былі прадоўжаны сфарміраванай пры ўдзеле КПЗБ новай арганізацыяй – “Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых”.

    Палітычная платформа “Змагання” вылучала ў першую чаргу дэмакратычныя патрабаванні: спыненне нацыянальнага прыгнёту, паланізацыі, палітыкі мілітарызацыі, фашызацыі грамадскага жыцця, палітычнага тэрору, падпісанне Польшчай Дагавора з СССР аб ненападзенні, увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня і інш. Праграмныя мэты ўключалі і рэвалюцыйныя патрабаванні: нацыяналізацыю фабрык і заводаў, аб’яднанне беларускіх зямель у рэспубліку рабочых і сялян, г. зн. уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

    Польскія ўлады чынілі розныя перашкоды для стварэння сеткі гурткоў на месцах, а таксама ажыццяўлялі жорсткі ўціск на перыядычныя выданні “Змагання”. 30 студзеня 1930 г. паліцыя правяла масавыя арышты актывістаў “Змагання”, ліквідавала цэнтральны і павятовыя сакратарыяты. Гродзенскі акруговы суд восенню 1930 г. асудзіў лідэраў гэтай арганізацыі да 8 гадоў турмы.

    Важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі адыграла культурна-асветная арганізацыя – Таварыства беларускай школы (ТБШ), створаная ў 1921 г. з адзінай мэтай: “распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул”. Так сказана ў статуце ТБШ.

    За перыяд свайго існавання (да 1937 г.) ТБШ заваявала вялікую любоў насельніцтва Заходняй Беларусі. Аб гэтым сведчыць тое, што да пачатку 30-х гадоў яна стала масавай прагрэсіўнай культурна-асветнай арганізацыяй і налічвала каля 500 гурткоў і 30 тыс. актывістаў. ТБШ змагалася за пісьменнасць насельніцтва, за беларускія школы, стварала бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала мастацкую самадзейнасць, выдавала падручнікі, песеннікі. Мясцовыя аддзелы ТБШ стваралі драматычныя гурткі, якія актыўна працавалі сярод насельніцтва.

    Заслуга ТБШ была не толькі ў асветніцкай ролі, але і ў тым, што яна падрыхтавала і выхавала ў вельмі цяжкіх умовах нацыянальнага прыгнёту значную колькасць беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэта – грамадскі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч, музыкант і кіраўнік народнага хору Рыгор Шырма, паэты Яўген Скурко (Максім Танк) і Валянцін Таўлай, пісьменнік Піліп Пестрак і многія іншыя.

    У канцы 20 – пачатку 30-х гадоў адбыліся значныя палітычныя і эканамічныя змены на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Па-першае, набіраў сілу прафашысцкі рэжым “санацыі”, альбо санацыйны рэжым (ад лацінскага слова “аздараўленне”), устаноўлены Ю. Пілсудскім у маі 1926 г. пасля дзяржаўнага перавароту. Па-другое, слабая эканоміка Польшчы цяжка пераносіла ўсеагульны эканамічны крызіс 1929–1933 гг., вынікі якога ляглі на плечы працоўных. Толькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі прадукцыя прамысловасці скарацілася на 30–40 %, што зрабіла часткова ці поўнасцю беспрацоўнымі амаль палову рабочых. Па-трэцяе, нямала шкоды нацыянальна-вызваленчаму руху нанесла сектанцкая дагматычная палітыка КПЗБ.

    Эканамічны крызіс 1929–1933 гг. надзвычай абвастрыў міждзяржаўныя і ўнутрыкласавыя супярэчнасці ў большасці краін свету. Гэта штурхала кіруючыя колы краін да пераходу на антыдэмакратычныя метады і формы дзяржаўнага кіравання, спрыяла прыходу да ўлады найбольш жорсткіх альбо фашысцкіх рэжымаў.

    Знешнепалітычная арыентацыя на гітлераўскую Германію выкрышталізавала і ўнутрыпалітычны курс санацыйнага рэжыму Ю. Пілсудскага ў Польшчы. Пасля заключэння ў студзені 1934 г. германска-польскага дагавора ў краіне хутчэй пайшла фашызацыя грамадскага жыцця. У гэтым жа годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі каля мястэчка Бяроза-Картузская быў створаны канцлагер, куды без суда і следства змяшчалі актывістаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы, у першую чаргу камуністаў і камсамольцаў. У красавіку 1935 г. былі прыняты новая канстытуцыя Польшчы і новы выбарчы закон. Яны фактычна ліквідавалі тыя абмежаваныя дэмакратычныя правы, якія існавалі ў краіне ў 20-я гады. Новая канстытуцыя ўзаконіла санацыйны рэжым. Такія перамены дыктавалі неабходнасць мяняць тактыку ўсяго сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху. Камуністычная партыя Польшчы і яе састаўная частка – Кампартыя Заходняй Беларусі – аказаліся негатовымі адразу да барацьбы ў новых умовах. Узброеная партызанская барацьба была больш лагічнай і зразумелай для заходнебеларускіх камуністаў. Другой, асабліва небяспечнай палітычнай лініяй было тое, што ў дзейнасці кампартый мэтанакіравана ўсталёўваліся максімалізм патрабаванняў, нецярпімасць да іншай думкі і інш. На гэтай падставе праводзілася палітыка варожасці да сацыял-дэмакратыі. На практыцы адбывалася наадварот: у краінах, дзе камуністы аб’ядноўвалі свае намаганні ў барацьбе з сацыял-дэмакратамі і дамагаліся ў адзінстве з дэмакратычнымі партыямі і арганізацыямі, дасягнута была перамога.

    Рашаючую ролю ў перабудове ўсяго рэвалюцыйнага руху адыграў VII кангрэс Камінтэрна (1935), які распрацаваў тактыку барацьбы супраць фашызму і вайны. Трэба было стварыць адзіны рабочы фронт, што азначала аб’яднаць усіх рабочых у барацьбе за свае правы. Планавалася стварыць адзіны народны антыфашысцкі фронт. Гэта азначала, што важна аб’яднаць усе пласты грамадства, усіх грамадзян, якія не хочуць фашызму, імкнуцца не дапусціць новай вайны.

    Працэс рэалізацыі задачы па стварэнні адзінага фронту барацьбы ўсіх дэмакратычных сіл супраць фашысцкага наступу праходзіў вельмі цяжка і з пераменным поспехам. Камуністы не маглі хутка зжыць сектанцкія адносіны да дэмакратычных партый і арганізацый, вельмі вялікі недавер склаўся ў членаў гэтых партый да камуністаў. У выніку агульная справа цярпела няўдачу.

    Што ўяўлялі сабой партыі і арганізацыі Польшчы і Заходняй Беларусі, якія сумеснымі намаганнямі маглі стварыць антыфашысцкі фронт і не дапусціць перамогі фашызму?

    Польская сацыялістычная партыя (ППС), створаная ў 1892 г., стаяла на антысавецкіх і антыкамуністычных пазіцыях, падтрымлівала ўрадавую палітыку паланізацыі насельніцтва “ўсходніх крэсаў”. Нязгодныя з гэтай палітыкай у 1926 г. адкалоліся і стварылі ППС-лявіцу. У 1931 г. яна была забаронена. У 30-я гады, у правай ППС зноў сталі ўзнікаць левыя плыні, што давала магчымасць для сумеснай барацьбы.

    Значны ўплыў на працоўных гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі мелі яўрэйскія дэмакратычныя арганізацыі. Вядучую ролю адыгрываў Бунд – Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Створаны ў 1897 г., ён выяўляў галоўным чынам інтарэсы яўрэйскай беднаты і паўпралетарскіх элементаў.

    Значным уплывам на сялянскія масы карысталася партыя “Стронніцтва людове”, якая ўтварылася ў выніку аб’яднання ў 1931 г. некалькіх партый: “Вызволене”, “Стронніцтва хлопске” і “Пяст” (польская сялянская партыя, што існавала ў 1912–1931 гг.). “Стронніцтва людове” знаходзілася ў апазіцыі да рэжыму Пілсудскага. Асобнае месца займалі беларускія нацыянальныя партыі. Сярод іх Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), пераіменаваная ў 1936 г. у Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА). Канкурэнтам БХД–БНА ў барацьбе за ўплыў на насельніцтва выступала палітычная групоўка беларускіх буржуазных суполак Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), якая лічыла магчымым кампраміс з “санацыйным” рэжымам Ю. Пілсудскага.

    КПЗБ паступова пачала адыходзіць ад сектанцкіх пазіцый, вяла работу па аб’яднанні ўсіх рабочых арганізацый на аснове дэмакратычных патрабаванняў: 8-гадзіннага працоўнага дня, павышэння зарплаты і інш. Камуністы ўзмацнілі работу сярод членаў нізавых арганізацый “Стронніцтва людовага”. Паспяхова праводзілі адзінафрантавыя кампаніі сумесна з БХД–БНА за школу на беларускай мове і інш. У пачатку 1937 г. рэвалюцыйная і антыфашысцкая барацьба ў Заходняй Беларусі, безумоўна, мела значны поспех. Нягледзячы на рэпрэсіі, у забастовачнай барацьбе прымала ўдзел каля 30 тыс. чалавек толькі рабочых. Дакладныя лічбы бастуючых сялян невядомы, але аб маштабах гэтай барацьбы можна меркаваць па тым, што ва ўсёй Польшчы толькі 15 жніўня 1937 г. баставала 10 млн чалавек.

    Ва ўмовах нарастання барацьбы працоўных і значных поспехаў па стварэнні адзінага народнага фронту ў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне Кампартыя Польшчы і яе састаўныя часткі – КПЗБ і КПЗУ – у сакавіку 1938 г. былі распушчаны і перасталі існаваць. Пазней, у 1956 г., роспуск кампартый быў прызнаны як неабгрунтаваны.

    Нягледзячы на такі ўдар па сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым руху ў Польшчы, барацьба працоўных, хоць і не так інтэнсіўна, як раней, усё ж працягвалася аж да 17 верасня 1939 г.

    У 1921–1939 гг. заходнебеларускія землі з’яўляліся аграрна-сыравінным прыдаткам Польшчы. Гэты перыяд стаў цяжкім і трагічным выпрабаваннем для беларускага народа. Яго заходняя частка апынулася фактычна ў каланіяльным становішчы, што абумовіла заняпад эканомікі і культуры. Беларускі народ не мірыўся з прыгнечаным становішчам і змагаўся за сацыяльную і нацыянальную незалежнасць, за ўз’яднанне з БССР. У гэтай барацьбе вызначыліся К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў, В. Корж, С. Прытыцкі, В. Харужая і інш. У 1939 г. здзейснілася мара беларускага народа. Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР.
    1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   ...   31


    написать администратору сайта