Главная страница
Навигация по странице:

  • 4Становішча Беларусі ў перыяд германскай акупацыі.Абвяшчэнне БНР,стварэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР.

  • Аднак гэта быў першы крок барацьбы за беларускую дзяржаўнасць. Незалежнасць і свабода, аб’яўленыя 25 сакавіка 1918 г., так і засталіся жаданнем і надзеяй. С

  • ПОЛЬСКА-САВЕЦКАЯ ВАЙНА І БЕЛАРУСЬ (1919–1920)

  • 2. Беларускі рух

  • 3. Аднаўленне ССРБ

  • курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi


    Скачать 1.91 Mb.
    НазваниеГ. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
    Анкоркурс лекций по истории беларуси
    Дата07.11.2020
    Размер1.91 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаКурс лекций.doc
    ТипДокументы
    #148668
    страница17 из 31
    1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   31

    3. І Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.).

    Пад уплывам Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі нацыянальны рух падзяліўся на дзве асноўныя часткі. Адна падтрымлівала рэвалюцыю, другая выступала супраць Кастрычніка. Розныя пазіцыі беларускага нацыянальнага руху ў адносінах да Кастрычніцкай рэвалюцыі былі абумоўлены яго сацыяльнай неаднароднасцю, вострымі супярэчнасцямі паміж рознымі сацыяльнымі пластамі гэтага руху. Вядучай палітычнай сілай у грамадстве стала партыя бальшавікоў. На Беларусі і на Заходнім фронце гэта выявілася ў тым, што больш за палову (51,4 %) усіх выбаршчыкаў ва Устаноўчы сход (лістапад 1917 г.) аддалі галасы кандыдатам партыі бальшавікоў, 43 % дэпутацкіх месц было аддадзена эсэрам. У іх ліку значную ўдзельную вагу складалі левыя эсэры, якія ўступілі потым у блок з бальшавікамі. За кадэтаў і іншыя буржуазныя партыі галасавала каля 5 % выбаршчыкаў. І гэта пры тых умовах, што выбары рыхтаваліся пры Часовым буржуазным урадзе.

    Найбольш уплывовай нацыянальнай партыяй заставалася Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі раскол гэтай партыі на памяркоўных, прыхільнікаў рэфармісцкага шляху, і левых радыкалаў, прыхільнікаў бальшавіцкага кірунку, паглыбіўся. Акрамя таго, многія дзеячы БСГ схіляліся да ідэі дзяржаўнага адасаблення Беларусі ад Расіі, што, на іх думку, магло засцерагчы бацькаўшчыну ад знішчэння. Гэтыя настроі выразна выявіліся на ІІІ з’ездзе БСГ (кастрычнік 1917 г.). З’езд прыняў новую праграму і абраў ЦК на чале з Я. Дылам. У склад ЦК увайшлі вядомыя беларускія дзеячы А. Прушынскі (А. Гарун), А. Смоліч, В. Адамовіч, П. Бадунова, Я. Варонка, З. Жылуновіч, Я. Мамонька, С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і інш. З-за адсутнасці адзінства БСГ не выпрацавала агульнапартыйнай лініі ў адносінах да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Памяркоўныя лідэры Грамады ўспрынялі рэвалюцыю як “праяву анархіі, у віхуры якой загінуць справа вольнасці і нацыянальных правоў беларускага народа”. Петраградская арганізацыя БСГ, ухіліўшыся ад прамой ацэнкі рэвалюцыі, выказалася за фарміраванне “аднароднага сацыялістычнага ўрада”.

    Асноўныя нацыянальныя партыі ў гэты час гуртаваліся вакол Цэнтральнай беларускай рады, якая з кастрычніка 1917 г. стала называцца Вялікай беларускай радай (ВБР).

    27 кастрычніка 1917 г. Вялікая беларуская рада звярнулася да беларускага народа з “Граматай”. Гэты дакумент падпісалі акрамя Вялікай рады Беларускі выканаўчы камітэт Заходняга фронту, Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная партыя сацыялістаў і інш.

    Палітычная праграма ВБР прадугледжвала: абвяшчэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, “спаянай з Велікаросіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі Расіі на аснове федэрацыі”; наданне ўсёй улады на Беларусі краявой радзе, выбранай усеагульным, роўным, тайным галасаваннем; уключэнне ў кампетэнцыю вышэйшага заканадаўчага органа Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі пытанняў уседзяржаўнага будаўніцтва, міжнародных зносін і гандлёвых дагавораў з іншаземнымі дзяржавамі; выданне мясцовых законаў; развіццё, распрацоўка і прымяненне да мясцовых умоў законаў, выдадзеных вышэйшым заканадаўчым органам Расійскай дэмакратычнай рэспублікі; вышэйшае распараджэнне зямельным, водным і лясным багаццем Беларусі; аднясенне пытанняў народнай адукацыі і культурнага будаўніцтва і іншых да кампетэнцыі краявой рады.

    Са змяненнем палітычных умоў паступова праходзіла пераарыентацыя ў беларускім нацыянальным руху. Калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўсе беларускія нацыянальныя партыі, і ў першую чаргу Цэнтральная беларуская рада, патрабавалі краявой аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі, то ўжо пасля Кастрычніка іх барацьба разгортвалася пад лозунгам “поўнага нацыянальнага самавызначэння”.

    Для ўстанаўлення ўлады, “выбранай самім народам беларускім”, ВБР абвясціла аб скліканні ў Мінску з’езда прадстаўнікоў усяго беларускага народа.

    З’езд адкрыўся 15 снежня 1917 г. Для яго работы быў выбраны кіруючы орган – Савет старэйшын з’езда. На з’ездзе прысутнічалі 1872 дэлегаты (з іх 1167 мелі рашаючы голас, 705 – дарадчы). Большасць з іх прадстаўлялі валасныя, павятовыя і губернскія земствы, зямельныя камітэты, настаўніцкія арганізацыі і інш. У палітычных адносінах гэта былі галоўным чынам эсэры і члены БСГ. У сацыяльным плане сярод дэлегатаў пераважалі прадстаўнікі заможнага і сярэдняга сялянства, сярэдніх і ніжэйшых пластоў інтэлігенцыі, чыноўнікі.

    Па сваёй палітычнай накіраванасці дэлегаты падзяляліся на тры групоўкі: правых, левых і цэнтрыстаў. Цэнтрысцкі накірунак прадстаўлялі дэлегаты БСГ. У ходзе работы з’езда да іх далучылася значная частка правых эсэраў і т. зв. група “беспартыйных”. Левы накірунак аб’яднаў у асноўным левых эсэраў і быў нешматлікім. Правае крыло ўключала прадстаўнікоў розных буржуазных нацыяналістычных, а таксама клерыкальных і памешчыцкіх арганізацый.

    Дэлегаты з’езда паспелі прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі, які быў вырашальным у лёсе з’езда і яго дэлегатаў. У ім гаварылася: “Усебеларускі з’езд пастанаўляе: тэрмінова ўтварыць са свайго складу орган краявой улады – Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў афіцыйныя адносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў”.

    Гэта рашэнне з’езда СНК Заходняй вобласці і фронту расцаніў як контррэвалюцыйную спробу звяржэння ўстаноўленага ў выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі грамадскага і дзяржаўнага ладу. Таму ноччу 18 снежня 1917 г. з’езд быў разагнаны, прэзідыум і шэраг дэлегатаў арыштаваны (усяго 27 чалавек). Пасля разгону з’езда Савет старэйшын аб’явіў сябе Саветам з’езда. На сваім першым закрытым пасяджэнні 18 снежня 1917 г. Савет з’езда пастанавіў: 1) лічыць І Усебеларускі з’езд гвалтоўна разагнаным; 2) Савет з’езда прызнаць выканаўчым органам з’езда, абавязаць яго праводзіць у жыццё ўсе яго рашэнні і пастановы; 3) папоўніць Савет з’езда дэлегатамі ад зямляцтваў і іншых груп, якія дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў са з’езда ў Савет, і даць ім права адклікання і кааптацыі. Савет з’езда прыняў пастанову спыніць дзейнасць усіх нацыянальных фарміраванняў і перадаць іх справы і маёмасць Савету, а таксама склікаць ІІ Усебеларускі з’езд. Быў створаны выканком Савета.

    СНК Заходняй вобласці і фронту ў паведамленні “Аб роспуску нацыяналістычнага беларускага з’езда” 20 снежня 1917 г. адзначаў, што з’езд выказаўся за савецкую ўладу і прызнаў яе ў Расіі, але не прызнаў гэтай улады ў Заходняй вобласці і на фронце. У звароце да беларускага народа 30 студзеня 1918 г. СНК Заходняй вобласці і фронту заявіў, што беларускі з’езд быў скліканы беларускімі кадэтамі, прадстаўнікамі буржуазіі і тых палітычных партый, якія жадалі выкарыстаць цемру і невуцтва народных мас для звяржэння народнай савецкай улады.

    Абласное кіраўніцтва ўспрымала патрабаванне аб самавызначэнні Беларусі як антысавецкае, контррэвалюцыйнае.

    У гісторыі беларускага народа Усебеларускі з’езд стаў важнай гістарычнай падзеяй. У той жа час з’езд выявіў і рознагалоссе, якое існавала ў беларускім нацыянальным руху пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

    У снежні 1917 г. – студзені 1918 г. на тэрыторыі Беларусі адбылася яшчэ адна падзея – мяцеж польскага корпуса пад камандаваннем генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага.

    Корпус польскіх легіянераў быў сфарміраваны яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Улічваючы класавы склад польскай дывізіі, асабісты настрой камандавання, моцную дысцыпліну, Часовы ўрад вырашыў выкарыстаць яго для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі працоўных. Польскія часці былі размешчаны ў раёне Віцебска–Мінска–Жлобіна і разгорнуты ў корпус. Вярхоўны галоўнакамандуючы Л. Карнілаў назначыў генерал-лейтэнанта Ю. Доўбар-Мусніцкага камандуючым польскім корпусам.

    12 студзеня 1918 г. польскія легіянеры пачалі ваеныя дзеянні супраць савецкай улады. Былі захоплены Рагачоў, Бабруйск і шэраг іншых населеных пунктаў. Часці Ю. Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне ў двух напрамках: на Мінск і Магілёў. Перад польскай дывізіяй была пастаўлена задача захапіць Магілёў і ліквідаваць рэвалюцыйную Стаўку, 2-я кавалерыйская дывізія павінна была захапіць Мінск, а 3-я – Жлобін. Тым самым контррэвалюцыя разлічвала нанесці ўдар па стратэгічных цэнтрах на Беларусі і адрэзаць іх ад Расіі.

    У пачатку лютага савецкія войскі перайшлі ў наступленне ў раёне Жлобіна. Не вытрымаўшы націску, польская дывізія пачала адступаць на Бабруйск да цэнтра контррэвалюцыйнага мяцяжу, дзе была акружана і разбіта.

    Такім чынам, першы пасля Кастрычніка 1917 г. пажар вайны на Беларусі быў патушаны.

    4Становішча Беларусі ў перыяд германскай акупацыі.Абвяшчэнне БНР,стварэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР.

    Становішча Савецкай Расіі ўскладнялася тым, што яна знаходзілася ў стане вайны з Германіяй. У сувязі з тым, што краіны Антанты адмовіліся ад мірных перагавораў, савецкі ўрад рашыў пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2 снежня 1917 г. было падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9 – у Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы.

    3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны мірны Дагавор на вельмі цяжкіх умовах, навязаных Германіяй. Паводле гэтага дагавора, пад нямецкай акупацыяй апынулася большая частка тэрыторыі Беларусі.

    Брэсцкі мірны дагавор быў несправядлівы і грабежніцкі. Асабліва цяжкімі былі яго вынікі для працоўных Беларусі. Германіі Беларусь уяўлялася толькі як частка тэрыторыі Расіі, як залог пад ваенную кантрыбуцыю, выплаціць якую павінна была Савецкая Расія.

    Такім чынам, у выніку нямецкай акупацыі Беларусь была падзелена на дзве часткі. Разгледзім перш-наперш становішча, якое склалася ў 1918 г. на свабоднай ад нямецкіх акупантаў частцы тэрыторыі Беларусі.

    На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі важнейшай задачай партыйных і савецкіх органаў стала дапамога Чырвонай Арміі, павышэнне баяздольнасці чырвонаармейскіх і іншых рэвалюцыйных атрадаў.

    У адпаведнасці з дэкрэтам СНК ад 8 красавіка 1918 г. быў створаны новы ваенна-адміністрацыйны апарат: акруговыя, губернскія, павятовыя і валасныя камісарыяты па ваенных справах.

    У адпаведнасці з рашэннем ІІ з’езда Саветаў Заходняй вобласці ў красавіку 1918 г. быў створаны Савет народнай гаспадаркі Заходняй вобласці, а ў маі–снежні – губернскія і павятовыя саўнаргасы. Яны працягвалі распачатую ў канцы 1917 г. работу па ўстанаўленні рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем, за дзейнасцю чыгунак, фінансавых, харчовых і іншых устаноў, ажыццяўлялі нацыяналізацыю фабрык і заводаў. Толькі з сакавіка да верасня 1918 г. у 12 паветах было нацыяналізавана 31 прамысловае прадпрыемства. На іншых заводах і фабрыках устанаўліваўся рабочы кантроль. Саўнаргасы арганізоўвалі рамонт старых прадпрыемстваў, адкрывалі новыя. У Віцебску да лета 1918 г. была наладжана работа гарбарнай, сталярнай, швейнай, шапачнай, шавецкай, шорнай і іншых майстэрань, на якіх працавала больш за 1 тыс. чалавек. Дзесяткі прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускалі прадукцыю для Чырвонай Арміі і прадметы шырокага ўжытку, былі адкрыты ў Мсціславе, Сянно і іншых гарадах.

    Аднак, нягледзячы на прынятыя меры па барацьбе з разрухай, становішча гаспадаркі Беларусі было цяжкае. У канцы 1918 г. на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў дзейнічалі толькі 92 прадпрыемствы, або 23,6 % ад іх колькасці ў 1913 г. На іх было занята 18 тыс. рабочых – 52,6 % да 1913 г.

    У Магілёўскай і Віцебскай губернях у адпаведнасці з дэкрэтам УЦВК ад 11 чэрвеня 1918 г. была створана густая сетка камітэтаў вясковай беднаты.

    На свабоднай ад ворага тэрыторыі органы савецкай улады правялі значную работу па культурнаму будаўніцтву. Асаблівая ўвага надавалася арганізацыі народнай адукацыі.

    Такім чынам, гаспадарчая і культурна-асветная дзейнасць, якая праводзілася на свабоднай ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі Беларусі ў 1918 г., была накіравана на аказанне дапамогі Чырвонай Арміі, умацаванне новай, савецкай улады, павышэнне агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню працоўных.

    На тэрыторыі Беларусі, захопленай нямецкімі акупантамі, быў устаноўлены каланіяльны рэжым. Уся ўлада перайшла ў рукі ваеннага камандавання. Разам з акупантамі сюды вярнуліся капіталісты і памешчыкі. Па распараджэнні нямецкага камандавання ім вярталася раней нацыяналізаваная ў іх маёмасць. Капіталісты і памешчыкі жорстка помсцілі працоўным. Яны арганізоўвалі лакауты, закрывалі прадпрыемствы. Падчас акупацыі ў Мінску не працавалі лесапільныя, гарбарны і дражджавы заводы, тытунёвая фабрыка, майстэрні. Аналагічнае становішча стварылася і ў іншых гарадах. На прадпрыемствах рабочы дзень працягваўся 12–14 гадзін. Рабочыя мітынгі, сходы былі забаронены.

    Памешчыкі з дапамогай нямецкіх карных атрадаў забіралі ў сялян зямлю, жывёлу, сельскагаспадарчы інвентар, спаганялі розныя падаткі. Акупанты вывозілі ў Германію матэрыяльныя каштоўнасці, прымусова адпраўлялі на цяжкія работы найбольш фізічна здаровых людзей. Толькі вясной 1918 г. з Мінска было вывезена ў Германію 15 тыс. чалавек. Кошт нарабаваных на Беларусі немцамі матэрыяльных каштоўнасцей у 1918 г. перавышаў 5 млрд марак. У выніку прамысловасць і сельская гаспадарка Беларусі, якія і без таго былі разбураны вайной, усё больш прыходзілі ў заняпад. Архіўныя дакументы сведчаць аб тым, што на захопленай тэрыторыі немцы ўстанавілі жорсткі грабежніцкі каланіяльны рэжым.

    На барацьбу з акупантамі ўзняліся працоўныя Беларусі. Пад кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга абласнога камітэта партыі бальшавікоў на захопленай ворагам тэрыторыі была створана сетка падпольных партыйных арганізацый. Работу іх узначальвалі тры падпольныя раённыя камітэты РКП(б) – Мінскі, Палескі і Бабруйскі.

    У цяжкіх умовах барацьбы з акупантамі рабочы клас асобных гарадоў Беларусі змог захаваць свае органы ўлады – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Актыўна працавалі ў падполлі Мінскі і Гомельскі Саветы. Яны прымалі дзейсны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рабочых забастовак, дэманстрацый.

    Разам з рабочымі супраць акупантаў актыўна змагалася беларускае сялянства. У чэрвені 1918 г. у Слуцкім павеце сялянамі быў знішчаны атрад нямецкіх салдат. У Сенненскім павеце сяляне паўсталі, у Лепельскім – забілі нямецкага каменданта і знішчылі гарнізон.

    На захопленай ворагам тэрыторыі разгарнуўся партызанскі рух. Паводле няпоўных звестак, толькі на тэрыторыі Мінскага, Магілёўскага, Бабруйскага, Гомельскага, Рэчыцкага, Слуцкага і Быхаўскага паветаў да восені 1918 г. налічвалася каля 100 партызанскіх атрадаў. Партызанскія атрады дзейнічалі ў Полацкім, Мазырскім, Пінскім, Навагрудскім і іншых паветах. Многія з іх з’яўляліся буйнымі баявымі адзінкамі.

    Вялікая роля ў барацьбе беларускага народа супраць нямецкіх захопнікаў належала ЦК РКП(б), які ажыццяўляў пастаяннае кіраўніцтва бальшавіцкімі падпольнымі партыйнымі арганізацыямі як праз Паўночна-Заходні абласны камітэт, так і праз сваіх прадстаўнікоў.

    На захопленай нямецкімі акупантамі тэрыторыі Беларусі значна актывізаваўся беларускі нацыянальны рух. 19 лютага 1918 г., яшчэ да захопу нямецкімі войскамі Мінска, выканком Савета Усебеларускага з’езда выдаў загад № 1 па гарнізону аб тым, што нямецкая армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае жыццё насельніцтва, якое не жадае бязглуздай вайны. У другім параграфе загада гаварылася аб увядзенні ваеннага становішча. 21 лютага выканком звярнуўся з Устаўной граматай да народаў Беларусі.

    Выканком утварыў урад – Народны сакратарыят. Старшынёй урада стаў адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Я. Варонка. У склад урада ўвайшло 15 народных сакратароў. Былі ўтвораны сакратарыяты: унутраных спраў, асветы, юстыцыі, народнай гаспадаркі, шляхоў зносін, фінансаў, велікарускіх спраў, пошты і тэлеграфа, кантролю, сельскай гаспадаркі і інш.

    9 сакавіка 1918 г. адбылося пашыранае пасяджэнне выканкома Савета Усебеларускага з’езда (тады ў яго складзе быў 71 чалавек). На пасяджэнні была прынята 2-я Устаўная грамата да народа Беларусі. У гэтым дакуменце Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай. Прэзідыум выканкома ўзначаліў І. Серада, які, як і Я. Варонка, прадстаўляў правае крыло БСГ. Апрача агульнапалітычнага ўступу, грамата змяшчала 8 пунктаў, у якіх вызначаліся асноўныя задачы абвешчанай рэспублікі.

    1-я і 2-я Устаўныя граматы да народа Беларусі вызначалі асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу рэспублікі, яе тэрыторыю, правы і свабоды грамадзян, а таксама формы ўласнасці. Аднак трэба адзначыць, што ў граматах не былі дастаткова выразна акрэслены сацыяльна-палітычныя задачы.

    Устаўныя граматы падтрымалі эсэры і меншавікі, якія да гэтага часу адмаўлялі саму ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Таму выпрацоўваецца агульная тактыка ў нацыянальным пытанні. На яе аснове стаў умацоўвацца саюз беларускіх палітычных партый з расійскімі сацыялістычнымі партыямі. Агульным для іх было тое, што яны выступалі за ідэю склікання Устаноўчага схода, парламенцкую рэспубліку, супраць курсу бальшавікоў на сусветную рэвалюцыю, класавую барацьбу. Па ініцыятыве ЦК БСГ 19 сакавіка 1918 г. выканком быў перайменаваны ў Раду БНР.

    25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады была абмеркавана і прынята 3-я Устаўная грамата. Грамата павінна была завяршыць працэс самавызначэння і канчаткова канстытуіраваць утварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Галоўным у грамаце было абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ад каго? У першую чаргу ад Расіі. “Незалежнікі” выступалі за разрыў усякіх адносін з Расіяй.

    Якія адносіны да БНР і яе кіруючых органаў былі з боку кайзераўсай Германіі? Перш-наперш трэба адзначыць, што германская акупацыйная адміністрацыя спакойна рэагавала на акт абвяшчэння БНР. Яна добра разумела, што ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці ва ўмовах грамадзянскай вайны і супрацьстаяння розных палітычных і сацыяльных сіл ніякіх поспехаў мець не будзе. Таму галоўнай лініяй у нямецкай акупацыйнай палітыцы ў адносінах да БНР было непрызнанне яе афіцыйным Берлінам. Гэта палітыка грунтавалася на ўзятым Германіяй абавязацельстве не падтрымліваць ніякіх сепаратысцкіх тэндэнцый у расійскіх межах, зафіксаваным Брэсцкім мірным дагаворам.

    Аднак найбольшую самастойнасць Рада БНР атрымала ў галіне культуры і адукацыі. На працягу ўсяго 1918 г. у Мінску і Вільні на старонках перыядычнага друку ішла распрацоўка беларускай літаратурнай мовы. Пэўны ўклад у гэта ўнеслі Я. Станкевіч, А. Луцкевіч, Я. Лёсік і інш. Вынікам дадзенай працы з’явілася абвяшчэнне ў пачатку красавіка 1918 г. на адным з пасяджэнняў Рады БНР беларускай мовы дзяржаўнай. З пачатку красавіка 1918 г. пры Народным сакратарыяце асветы БНР сталі працаваць курсы беларусазнаўства, дзе чыталіся лекцыі па беларускай гісторыі, геаграфіі, мове, літаратуры. За месяц на іх паступіла каля 200 чалавек. Важнай галіной дзейнасці Сакратарыята асветы было адраджэнне нацыянальнай школы. Калі на пачатку 1918 г. у Мінску налічвалася толькі 4 нацыянальныя школы, то ужо ў чэрвені іх колькасць вырасла да 20. Шырока ажыццяўлялася выдавецкая справа. У 1918 г. працавала 11 выдавецтваў. У Мінску адкрыліся Беларускі педагагічны інстытут, рэктарам якога стаў прафесар В. Іваноўскі, выкладчыкамі – Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Працавалі беларускі тэатр і іншыя ўстановы культуры. Выдаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы.

    Народны сакратарыят БНР атрымаў ад нямецкага камандавання некаторыя правы і ў галіне міжнароднай палітыкі. БНР мела сваіх прадстаўнікоў на Украіне, у Літве, працавалі дыпламатычныя місіі ў Варшаве і Берліне. Увогуле ж міжнародныя справы БНР складваліся вельмі дрэнна. Ва ўмовах вайны з Германіяй і грамадзянскай вайны ў Расіі ўрады краін Антанты і ЗША не праявілі зацікаўленасці да БНР, каб не пазбавіць сябе адчыненых дзвярэй для інтэрвенцыі ў Савецкую Расію. Безвыніковым быў зварот урада БНР да ўрада Германіі з просьбай аб прызнанні самастойнасці Беларусі і ўстанаўленні з мясцовымі нямецкімі ўладамі такіх адносін, якія дазволілі б БНР мець войска для ўмацавання сваёй улады. На пасланыя ў Берлін тры граматы рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін лічыць Беларусь часткай Савецкай Расіі і што без урада Леніна вырашыць гэта пытанне не можа.

    Вось у такіх складаных умовах Рада БНР пайшла на рашучы крок, пакінуўшы ў гісторыі вельмі сумнае ўражанне. 25 красавіка 1918 г. на закрытым пасяджэнні Рады быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму, у якой выказвалася падзяка за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі.

    Пасылка Радай тэлеграмы выклікала востры палітычны кразіс у самой Радзе, яе пакінулі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты. Стаў распадацца Народны сакратарыят. Адзін з лідэраў БСГ, народны сакратар па справах земляробства Т. Грыб, заявіў: “Я пратэстую супраць такой тэлеграмы… і лічу здрадай рэвалюцыйнаму сацыялізму ўваходзіць у саюз з манархам і аддаваць пад апеку імперыялістычнай буржуазіі Германіі наш шматмільённы працоўны сялянскі народ…”

    Крызіс прывёў да расколу БСГ. З яе прыхільнікаў утварыліся новыя партыі: сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў-федэралістаў. Тэлеграма выклікала новую хвалю пратэсту амаль усяго грамадства.

    У выніку складаных абставін у Радзе сталі замацоўвацца кансерватыўныя сілы. Вымушаны быў скласці свае паўнамоцтвы Народны сакратарыят. Па прапанове акупацыйнай адміністрацыі фарміраванне новага складу сакратарыята ўзяў на сябе Р. Скірмунт.

    Між тым летам 1918 г. рэзка змянілася міжнароднае становішча. Поспехі Чырвонай Арміі на франтах грамадзянскай вайны, барацьба працоўных у тыле акупантаў, узмацненне рэвалюцыйных настрояў сярод нямецкіх салдат вымусілі ўрад Германіі пайсці на тое, каб вывесці войскі з часткі захопленай тэрыторыі.

    Заканчэнне першай сусветнай вайны і Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі далі магчымасць савецкаму ўраду 13 лістапада 1918 г. скасаваць Брэсцкі мірны дагавор. Паводле дэкрэта УЦВК, усе абавязацельствы савецкай улады наконт тэрытарыяльных уступак і выплаты кантрыбуцыі аб’яўляліся несапраўднымі. Германскае камандаванне, баючыся канчатковага развалу акупацыйнай арміі, 16 лістапада 1918 г. аддало загад вывесці яе з Расіі. З гэтага моманту пачаўся новы этап у вызваленні беларускай зямлі ад акупантаў. Прасоўваючыся за нямецкімі войскамі, Заходняя армія хутка ачышчала ад праціўніка тэрыторыю Беларусі. 21 лістапада 1918 г. былі вызвалены Полацк, Жлобін, 28 лістапада – Бабруйск, 2 снежня – Барысаў, 5 снежня – Асіповічы і Калінкавічы, 8 снежня – Слуцк, 10 снежня Чырвоная Армія вызваліла большую частку Украіны, Эстоніі і Літвы. На вызваленай тэрыторыі Беларусі была адноўлена савецкая ўлада. Ствараліся яе органы: ваенныя саветы, рэвалюцыйныя камітэты, выканкомы Саветаў. Праводзіліся рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў народнай гаспадарцы.

    Такім чынам, абвяшчэнне БНР з’явілася першай спробай рэалізацыі на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла яшчэ на пачатку ХІХ ст., сукупнасці ўсіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці.

    У такіх умовах жорсткага акупацыйнага рэжыму Рада БНР не магла аказаць сваім грамадзянам дзейснай дапамогі, выратаваць іх ад знішчэння, вывазу ў Германію, прадухіліць разбурэнне нацыянальнага багацця.

    БНР не магла здзяйсняць свае функцыі і таму, што яе Рада аб’явіла аб разрыве сувязей з Расіяй, не ўлічваючы настрою беларускага народа. Гэта рашэнне было прынята палітычнай нацыянальнай элітай без актыўнага ўдзелу народа.

    Нельга адмаўляць, што Рада БНР і яе Народны сакратарыят утварылі пэўную палітычную структуру з зародкамі дзяржаўнай арганізацыі. Аднак у прамым сэнсе БНР дзяржавай не была. Дзяржаўнасць патрабуе не толькі абвяшчэння дэкларацый, якімі б добрымі яны ні былі, але галоўнае – функцыяніравання сапраўднай сістэмы органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады на канкрэтнай тэрыторыі, распрацоўкі і прыняцця законаў і іх выканання, г. зн. праватворчай дзейнасці, забеспячэння правоў і свабод сваіх грамадзян. Нічога такога фактычна не было. Хоць рэспубліка і абвяшчалася ў этнаграфічных межах пражывання беларусаў, юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не здзяйсняла. Не было войска, адсутнічала фінансавая сістэма, не склаліся мясцовыя органы ўлады. Функцыі ўрада БНР абмяжоўваліся паўнамоцтвамі нацыянальнага прадстаўніцтва пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем некаторых задач у культурна-асветнай галіне.

    Аднак гэта быў першы крок барацьбы за беларускую дзяржаўнасць. Незалежнасць і свабода, аб’яўленыя 25 сакавіка 1918 г., так і засталіся жаданнем і надзеяй.

    Стварэнне Беларускай ССР. Аб’яднанне Беларускай ССР з Літоўскай ССР

    Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў і аднаўлення савецкай улады зноў паўстала пытанне аб утварэнні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Але па гэтым пытанні не было адзінай думкі. Існавала некалькі пазіцый:

    1. Пазіцыя кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкома РКП(б), Аблвыканкомзаха і Абласнога Савета Народных Камісараў. Узначальвалі гэтыя органы не беларусы (А. Мяснікоў, К. Ландар, В. Кнорын, М. Калмановіч, У. Алібегаў, С. Берсан і інш.). Ім цяжка было зразумець нацыянальныя інтарэсы беларускага народа. Яны лічылі, што Беларусь павінна быць тэрытарыяльнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай РСФСР. Іх погляды складваліся пад уздзеяннем многіх фактараў, у тым ліку і ідэі сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, а самавызначэнне народаў, утварэнне нацыянальных дзяржаў, іх межы – перашкода на гэтым шляху.

    2. Іншую пазіцыю па пытанні аб нацыянальным лёсе Беларусі адстойваў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком), утвораны 31 студзеня 1918 г. пры камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР. Кіраўнікі Белнацкома А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лічылі неабходным стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўстанаўленне цесных сувязей з РСФСР (на прынцыпах аўтаноміі). Гэту пазіцыю падтрымлівала Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП(б), арганізаваных з бежанцаў-беларусаў у розных гарадах Расіі – Маскве, Петраградзе, Саратаве, Тамбове, Казані і інш. Усяго ў Расіі знаходзілася 1,5 млн беларусаў-бежанцаў.

    Белнацком і кіраўнікі беларускіх секцый зрабілі шмат намаганняў, каб здзейсніць свае планы.

    Пытанне аб неабходнасці стварэння беларускага савецкага ўрада разглядалася і на канферэнцыі беларускіх камуністычных секцый, якая адбылася ў Маскве 21–23 снежня 1918 г. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі ад маскоўскай, петраградскай, саратаўскай, тамбоўскай і мінскай секцый. У прывітальных тэлеграмах ЦК партыі, УЦВК, Саўнаркому, Наркомнацу канферэнцыя выказала надзею, што ідэя беларускай савецкай дзяржаўнасці сустрэне падтрымку вышэйшага кіраўніцтва. Сярод прынятых канферэнцыяй рашэнняў важнейшай была рэзалюцыя аб утварэнні беларускага савецкага ўрада. Дэлегацыя канферэнцыі на чале з З. Жылуновічам звярнулася з дадзенай прапановай да І. Сталіна. Але І. Сталін, які падтрымліваў пазіцыю Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) і Аблвыканкомзаха, зноў не адрэагаваў на гэту ініцыятыву.

    Пытанне аб лёсе Беларусі стала прадметам тэрміновага разгляду ў ЦК РКП(б). Ёсць падставы сцвярджаць, што гэта адбылося па ініцыятыве У. Леніна. 24 снежня 1918 г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Пленум абавязаў Паўночна-Заходні абком РКП(б) правесці партыйна-арганізацыйную работу па нацыянальна-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі.

    Такім чынам, пад уздзеяннем ЦК РКП(б) Наркомнац, а затым і Паўночна-Заходні абком РКП(б), Аблвыканкомзах, СНК Заходняй вобласці памянялі свае адносіны да лёсу Беларусі. Яны нават пайшлі далей у вызначэнні юрыдычнага статусу Беарусі, як Белнацком і беларускія камуністычныя секцыі, якія прытрымліваліся прынцыпу аўтаноміі Беларусі ў складзе РСФСР.

    30 снежня 1918 г. адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя. Дэлегаты канферэнцыі аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне БССР. Канферэнцыя вызначыла межы рэспублікі і па дакладу камісіі, утворанай для вывучэння гэтага пытання, прыйшла да высновы, што ў склад рэспублікі павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская, Гродзенская губерні поўнасцю, Віцебская губерня без Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама частка тэрыторыі прымежных губерняў, населеных пераважна беларусамі. Гэта частка Гжацкага, Сычэўскага, Вяземскага і Юхноўскага паветаў Смаленскай губерні, частка Нова-Аляксандраўскага павета Ковенскай губерні, увесь Вілейскі павет, частка Свянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губерні, а таксама Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерні. У склад БССР камісія ўключыла чатыры паўночныя паветы Чарнігаўскай губерні: Суражскі, Мглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі.

    Такім чынам, былі ў асноўным вызначаны этнаграфічныя межы беларускай нацыі, эканамічныя, гістарычныя і нацыянальныя асаблівасці асобных губерняў, паветаў і валасцей. Пазней пры больш дасканалым уліку нацыянальнага складу насельніцтва гэтыя межы ўдакладняліся. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах было вырашана падзяліць тэрыторыю рэспублікі на 7 раёнаў – Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі і 54 падраёны. Намечаны адміністрацыйны падзел БССР не быў ажыццёўлены ў сувязі з польска-савецкай вайной, якая пачалася вясной 1919 г. Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б – Цэнтральнае бюро КП(б)Б. На першым яго пасяджэнні быў выбраны прэзідыум ЦБ КП(б)Б у складзе А. Мяснікова, М. Калмановіча і В. Кнорына. Старшынёй прэзідыума стаў А. Мяснікоў.

    31 снежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкома і Цэнтральнага бюро беларускіх секцый РКП(б), ад Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і Аблвыканкомзаха. Старшынёй урада быў зацверджаны З. Жылуновіч, членамі – А. Мяснікоў, А. Чарвякоў і іншыя, усяго 17 чалавек. У складзе ўрада было створана 16 аддзелаў (наркаматаў) і 2 калегіі – надзвычайная і па справах палонных і бежанцаў.

    1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў маніфест у сувязі з утварэннем БССР. “З сённяшняга дня Беларусь, – гаварылася ў ім, – Савецкая рэспубліка, становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў”. З гэтага дня ўся ўлада на Беларусі, адзначалася ў маніфесце, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з жывым і мёртвым інвентаром, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных улад, аб’явіў па-за законам Беларускую раду.

    У сувязі з абвяшчэннем БССР вышэйшая ўлада на тэрыторыі рэспублікі перайшла да Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада. Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці склаў свае паўнамоцтвы. Толькі губвыканком Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія ў перыяд утварэння БССР знаходзіліся ў складзе РСФСР, па-ранейшаму кіравалі народнай гаспадаркай гэтых губерняў. Заходняя вобласць была скасавана.

    5 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

    2–3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. З’езд абмеркаваў наступныя пытанні: аб бягучым моманце, справаздачу Часовага ўрада Беларусі, аб адносінах да савецкіх рэспублік, аб Канстытуцыі БССР, выбары ЦВК БССР. Старшыня УЦВК Я. Свярдлоў, які прысутнічаў на з’ездзе, абвясціў пастанову прэзідыума УЦВК “Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі”. У адказ з’езд прыняў “Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і РСФСР”.

    І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў Канстытуцыю БССР – Асноўны закон рэспублікі на пачатковым этапе яе развіцця. У адпаведнасці з канстытуцыяй найвышэйшая ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі яе здзяйсняў Цэнтральны выканаўчы камітэт. У склад выбранага на з’ездзе ЦВК БССР увайшло 50 чалавек – 45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены партыі Паалей-Цыён, адзін меншавік.

    І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў рашэнне аб аб’яднанні Беларускай ССР і Літоўскай ССР у адну дзяржаву – Літоўска-Беларускую ССР (Літбел). Гэта рашэнне зноў жа было праведзена паводле ўказання ЦК РКП(б). 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) патрабаваў прыняць на з’ездзе Саветаў Беларусі пастанову аб аб’яднанні Беларусі з Літвой. Літоўцам таксама прапанавалася як мага хутчэй склікаць свой з’езд і прыняць такое ж рашэнне.

    27 лютага 1919 г. ствараюцца ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і яго прэзідыум на чале з К. Цыхоўскім, урад аб’яднанай рэспублікі – Савет Народных Камісараў на чале з В. Міцкявічусам-Капсукасам. Для кіраўніцтва народнай гаспадаркай быў створаны Вышэйшы Савет народнай гаспадаркі. У склад Літбела ўвайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкаўскай губерняў з больш як 4-мільённым насельніцтвам. У сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР узнікла неабходнасць зліць і камуністычныя партыі Літвы і Беларусі. На аб’яднальным з’ездзе (4–6 сакавіка 1919 г.) быў абраны ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі (ЦК КП(б) ЛіБ). 6 сакавіка 1919 г. Пленум ЦК КП(б) ЛіБ стварыў прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ. Старшынёй прэзідыума быў выбраны В. Міцкявічус-Капсукас, сакратаром В. Кнорын. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы стаў г. Вільня.

    Так Беларуская Савецкая Рэспубліка праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці і ўтварэння сваёй дзяржаўнасці стала часткай аб’яднанай дзяржавы – Літбела.
    ПОЛЬСКА-САВЕЦКАЯ ВАЙНА І БЕЛАРУСЬ (1919–1920)

    1. Пачатак вайны.Экспансія Польшчы ў Беларусі

    2.. Беларускі рух

    3. Аднаўленне ССРБ

    1.Пачатак вайны.Экспансія Польшчы ў Беларусі.

    У першай палове лютага 1919 г. Польшча з дапамогай Антанты пачала ваенныя дзеянні супраць Савецкай Расіі. І першай ахвярай на шляху польскіх войск была Беларусь. Сутнасць палітыкі Польшчы ў адносінах да Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва “Стражы крэсавай” – арганізацыі, якая ў 1919–1920 гг. абараняла інтарэсы польскіх памешчыкаў, вяла барацьбу за далучэнне да Польшчы т. зв. “крэсаў”, г. зн. беларускіх, літоўскіх, украінскіх зямель. Ужо да сярэдзіны сакавіка 1919 г. былі захоплены Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідаль, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірным шляхам урэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Адначасова быў арганізаваны адпор ворагу, створаны Заходні фронт, а Літоўска-Беларуская Савецкая рэспубліка аб’яўлена на ваенным становішчы. Быў сфарміраваны Савет абароны, праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы.

    Вялікае значэнне для арганізацыі адпору інтэрвентам мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі, прынятыя ў маі 1919 г. аб неабходнасці ваенна-палітычнага саюза. На аснове гэтых пастаноў ЦВК Расіі прыняў 1 чэрвеня 1919 г. пастанову аб аб’яднанні ваенных сіл савецкіх рэспублік.

    Аднак становішча на фронце не палепшылася. У канцы ліпеня польскім войскам удалося прарваць лінію абароны і захапіць Заслаўе, Сёмкаў Гарадок. 8 жніўня 1919 г. праціўнік уварваўся ў Мінск. Працягваючы наступленне, інтэрвенты ў жніўні–верасні 1919 г. захапілі Ігумен, Нова-Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў.

    Не прыняўшы неаднаразовых савецкіх прапаноў аб мірных перагаворах, кіруючыя колы Польшчы пайшлі на разгортванне ваенных дзеянняў. 5 сакавіка 1920 г. яны распачалі наступальную аперацыю ў раёне Рэчыцы, Мазыра і Калінкавіч. У выніку гэтыя гарады былі захоплены праціўнікам.

    25 красавіка 1920 г. войскі Польшчы перайшлі ў наступленне на Украіне. Войскі Паўднёва-Заходняга фронту гераічна абараняліся, але, несучы вялікія страты, былі вымушаны адступіць. Адчувалася перавага сіл праціўніка.

    У перыяд польскага наступлення ЦК РКП(б), савецкі ўрад шмат увагі ўдзялялі пытанням тактыкі барацьбы з польскімі інтэрвентамі. 28 красавіка 1920 г. Палітбюро ЦК РКП(б) зацвердзіла распрацаваны галоўным камандаваннем план баявых дзеянняў. Асноўны ўдар павінны былі нанесці войскі Заходняга фронту на Беларусі. Дапаможны ўдар планаваўся на Паўднёва-Заходнім фронце ў напрамку на Брэст 29 красавіка 1920 г. галоўнакамандуючым Заходнім фронтам быў прызначаны М. Тухачэўскі. 14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту пачалі наступленне. У выніку жорсткіх баёў польскія войскі захапілі ініцыятыву.

    Майскае наступленне Заходняга фронту не змагло забяспечыць выкананне пастаўленых перад ім задач. Пачалася інтэнсіўная работа па далейшым умацаванні абароны краіны.

    4 ліпеня 1920 г. пачалося агульнае наступленне войск Заходняга фронту, якое ў цэлым развівалася паспяхова. Войскі імкліва рухаліся наперад, праходзячы па 30–40 км за суткі.

    Польскія войскі адступалі на захад. 11 ліпеня 1920 г. быў вызвалены Мінск. У выніку наступлення войск Заходняга фронту ў ліпені 1920 г. уся тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад акупантаў.

    На вызваленай тэрыторыі Беларусі пачалося аднаўленне савецкай улады. Часова ўзяўшы ўсю ўладу, Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з А. Чарвяковым адмяніў пастановы і загады акупантаў і абвясціў пра ўступленне ў сілу законаў савецкай улады.

    Тым часам Чырвоная Армія працягвала свой паход на захад. У канцы ліпеня 1920 г. яна ўступіла на тэрыторыю Польшчы. Пад яе ўздзеяннем значна ўзмацніўся рэвалюцыйны рух польскага пралетарыяту. У населеных пунктах, занятых Чырвонай Арміяй, ствараліся рэвалюцыйныя камітэты. 30 ліпеня 1920 г. у Беластоку польскімі рэвалюцыянерамі быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэўком).

    У гэтых умовах ЦК РКП(б), савецкі ўрад далі ўказанне прадоўжыць наступленне Чырвонай Арміі. Аднак, плануючы далейшыя баявыя дзеянні, савецкае камандаванне ў сваіх разліках недаацаніла здольнасць польскай арміі абараняцца і перабольшыла наступальныя магчымасці Чырвонай Арміі. Сілы Заходняга фронту значна аслаблі. 13 жніўня 1920 г. Чырвоная Армія аднавіла наступленне, але няўдала. 16 жніўня польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне і авалодалі ініцыятывай. 17 жніўня Чырвоная Армія пачала адступаць. Пры адыходзе войскі фронту неслі значныя страты.

    18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай. Згодна з дагаворам, заходнія землі Беларусі, тэрыторыі сучасных Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, частка Мінскай вобласці (без Мінска) і Віцебскай адышлі да Польшчы. Тэрыторыя склала больш за 100 тыс. кв. км, на ёй жыло звыш 4 млн чалавек. Акупацыя гэтых тэрыторый Польшчай працягвалася да 17 верасня 1939 г.

    2. Беларускі рух

    На захопленай тэрыторыі польскія інтэрвенты ліквідавалі савецкую ўладу і аднавілі ўладу памешчыкаў і капіталістаў. Была адноўлена і прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці, былым гаспадарам вернуты нацыяналізаваныя савецкай уладай прамысловыя прадпрыемствы і зямля. Для кіраўніцтва захопленымі раёнамі ўрад Польшчы яшчэ ў лютым 1919 г. стварыў генеральны камісарыят, які загадам ад 25 жніўня 1919 г. адмяніў у гэтых раёнах дэкрэты савецкай улады, забараніў дзейнасць савецкіх устаноў.

    Акупанты ўстанавілі на захопленай тэрыторыі дэспатычны рэжым. Толькі ў Мінску імі было арыштавана больш за 1000 жыхароў, з якіх 100 чалавек расстралялі па прыгаворах ваенна-палявых судоў. Тысячы сумленных грамадзян, якія не жадалі падпарадкавацца акупантам, былі кінуты ў канцэнтрацыйныя лагеры.

    Беларускі народ не схіліў галавы перад інтэрвентамі. Амаль ва ўсіх гарадах рэспублікі былі створаны падпольныя партыйныя арганізацыі, якія ўзначалілі барацьбу працоўных за сваё вызваленне. У тыле ворага ўзнікла разгалінаваная сетка партызанскіх атрадаў. Партызаны разбуралі камунікацыі, узрывалі вайсковыя эшалоны, грамілі гарнізоны, праводзілі вялікую разведвальную работу ў тыле ворага. Партызанскія атрады ўзаемадзейнічалі з чырвонаармейскімі часцямі Заходняга фронту. Штаб фронту каардынаваў іх дзеянні, дапамагаў ім набываць узбраенне, распрацоўваць планы баявых аперацый.

    28 студзеня 1920 г. у в. Гатава Мінскага павета адбыўся першы з’езд партызан. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць паляпшаць баявое ўзаемадзеянне партызан, іх аб’яднанне для правядзення буйных аперацый. 5 красавіка 1920 г. у в. Міханавічы (каля Мінска) адбыўся другі з’езд партызан. На з’ездзе адзначалася, што барацьба ў тыле акупантаў набыла шырокі размах, што блізкі час прыходу Чырвонай Арміі.

    У гады польскай акупацыі тэрыторыі Беларусі вызначалася сутнасць кожнай партыі, арганізацыі і іх кіраўнікоў. Суровая рэчаіснасць прымушала іх выявіць свае адносіны да акупацыйных улад, распрацаваць сваю стратэгію і тактыку ў гэтых складаных умовах.

    Партыя бальшавікоў, якая з 5 сакавіка 1919 г. да 5 верасня 1920 г. дзейнічала як аб’яднаная з літоўскай партыяй бальшавікоў, ужо ў пачатку акупацыі тэрыторыі Беларусі польскімі войскамі ўзначаліла барацьбу працоўных супраць акупантаў.

    19 мая 1919 г. аб’яднаны ЦК КП(б) ЛіБ абмеркаваў пытанні аб становішчы за дэмакрацыйнай лініяй, звярнуўся да салдат польскай арміі з адозвай аб спыненні братазабойчай вайны.

    Лідэры нацыянальна-дэмакратычных партый у пачатку вайны паверылі абяцанням Ю. Пілсудскага, разлічвалі, што ён дапаможа здзейсніць ідэю незалежнасці Беларусі. Беларускія сацыял-дэмакраты, сацыялісты-федэралісты, эсэры спачатку пагадзіліся супрацоўнічаць з ім. Перагаворы з Пілсудскім аб перадачы грамадзянскай улады Радзе БНР вялі кіраўнікі беларускіх сацыялістаў-федэралістаў. Таго ж праз Польскую сацыялістычную партыю дабіваліся і дэлегацыя беларускіх эсэраў у Варшаве.

    Але ўсе гэтыя намаганні былі дарэмныя. Адначасова закрываліся на захопленай тэрыторыі беларускія школы, культурна-асветныя ўстановы, газеты. У Гродне былі раззброены 1-ы і 2-і беларускія пяхотныя палкі і кавалерыйскі эскадрон, падпарадкаваныя Радзе БНР.

    Жорсткі акупацыйны рэжым і ўзброеная барацьба працоўных Беларусі супраць польскіх акупантаў аказалі значны ўплыў на тактыку беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый. Яны арыентаваліся на Раду БНР, а яе дзейнасць была поўнасцю паралізавана. Таму накірунак гэтых партый рэзка змяніўся. Беларускія эсэры і сацыялісты-федэралісты выказаліся за ўтварэнне літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога Вялікага княства Літоўскага.

    Адмаўляючы савецкую ўладу, як непрыдатную форму для дзяржавы працоўных, беларускія эсэры меркавалі, што найбольш адпаведнай інтарэсам усяго беларускага народа формай улады будзе беларуская працоўная рэспубліка (дыктатура ўсіх працоўных, а не толькі пралетарыяту).

    Галоўнымі напрамкамі палітыкі Рады БНР і яе ўрада ва ўмовах польскай акупацыі былі: 1) па-ранейшаму дамагацца ад сусветнай дзяржаўнасці (і ад Польшчы) афіцыйнага прызнання незалежнасці БНР; 2) устанаўленне федэратыўных адносін з Польшчай; 3) перадача ўсёй грамадзянскай улады на Беларусі Радзе БНР.

    Перагаворы з польскай уладай завяршыліся тым, што Рада БНР была распушчана. Аднак потым яна згадзіліся на скліканне Рады БНР і стварэнне беларускага войска за абяцанне А. Луцкевіча, што гэта Рада правядзе рашэнні на карысць Польшчы (Ю. Пілсудскі спадзяваўся, што яна прыме рашэнне аб уніі з Польшчай).

    Пайсці такім шляхам не згадзіліся сацыялісты-федэралісты і сацыялісты-рэвалюцыянеры. 13 снежня 1919 г. яны ўтварылі новую Народную Раду, якая пацвердзіла акт 25 сакавіка 1918 г. аб незалежнасці Беларусі. У адказ польскія ўлады арыштавалі найбольш актыўных дзеячаў партыі эсэраў і ўтварылі Найвышэйшую Раду, па-сутнасці, марыянетку польскай улады.

    Напярэдадні вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі беларускія эсэры вялі перагаворы з кіраўніцтвам Саветскай Расіі аб прызнанні створанага Радай урада Беларусі, аднак ЦК РКП(б) не збіраўся дзяліць уладу з нацыянальнымі партыямі.

    Такім чынам, беларускі нацыянальны рух у перыяд польскай акупацыі быў накіраваны на аб’яднанне ўсіх працоўных у іх барацьбе супраць інтэрвентаў і вызваленне Беларусі ад іншаземных захопнікаў.

    3. Аднаўленне ССРБ

    Пасля паспяховага ліпеньскага (1920) наступлення Чырвонай Арміі, калі ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад польскіх захопнікаў, практычна пыўстала пытанне пра аднаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Але сярод кіраўніцтва Літбела па-ранейшаму не было адзінай думкі па гэтым пытанні. Члены ЦК КП(б) ЛіБ В. Кнорын, М. Калмановіч, Р. Пікель, І. Рэйнгольд і іншыя, якія ў 1918 г. падзялялі пазіцыю А. Мяснікова, і цяпер не лічылі неабходным ствараць суверэнную Беларускую Савецкую Рэспубліку. Яны абмяжоўваліся наданнем беларусам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні, якая павінна была ўвайсці ў склад РСФСР як адміністрацыйная адзінка. Яны не ўлічвалі настрою беларускага народа, які хацеў аднавіць сваю дзяржаўнасць. Па-ранейшаму рашэнне “беларускага пытання” яны ставілі ў залежнасць ад вынікаў сусветнай рэвалюцыі. Гэтай ідэяй кіраваліся тады многія партыйныя дзеячы.

    Другая частка членаў ЦК КП(б) ЛіБ на чале з А. Чарвяковым настойліва патрабавала ад ЦК РКП(б) тэрмінова разгледзець беларускае пытанне. У маі 1920 г. па ініцыятыве А. Чарвякова, які ўзначальваў савецкі аддзел Рэўваенсавета Заходняга фронту, праходзілі нарады камуністаў-беларусаў з абмеркаваннем аднаго і таго ж пытання: “Аб аднаўленні савецкай улады і самавызначэнні Беларусі”.

    Нарэшце, улічваючы настрой працоўных мас, ЦК КП(б) ЛіБ 6 ліпеня 1920 г., калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

    Тым часам Чырвоная Армія працягвала наступленне.

    12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў падпісаны дагавор паміж Літвой (сталіца – г. Коўна) і РСФСР. Разлічваючы на перамогу савецкай улады ў Літве і яе магчымыя сутыкненні з Польшчай, урад РСФСР пайшоў на тое, каб уключыць частку тэрыторый з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў у межы Літвы. Віленскі край з Вільняй таксама быў прызнаны часткай Літвы. У сувязі з падпісаннем гэтага дагавора юрыдычна перастала існаваць Літоўска-Беларуская ССР. Пачалася практычная работа па аднаўленні беларускай дзяржаўнасці. 30 ліпеня 1920 г. замест Мінскага губрэўкома быў створаны Ваенрэўком Беларускай Рэспублікі. У яго ўвайшлі А. Чарвякоў – старшыня, В. Кнорын – намеснік старшыні, І. Адамовіч – намеснік старшыні па ваенных справах. Членамі рэўкома таксама з’яўляліся У. Ігнатоўскі, А. Вайнштэйн і інш. Белваенрэўком з’яўляўся часовым органам улады на вызваленай ад інтэрвентаў тэрыторыі Беларусі.

    Вельмі складаным было тэрытарыяльнае пытанне адноўленай рэспублікі. Канкрэтна яе межы не былі вызначаны. І зрабіць гэта было вельмі цяжка.

    У ліпені 1920 г., калі Чырвоная Армія паступова прасоўвалася на захад, з’явілася рэальная магчымасць аднавіць рэспубліку ў тых межах, якія былі вызначаны камісіяй І з’езда КП(б)Б. Але і ў дадзеным выпадку зрабіць гэта было немагчыма. У выніку вельмі цяжкіх унутраных і знешнепалітычных абставін, паражэння Чырвонай Арміі на Заходнім фронце Беларуская Рэспубліка аднаўлялася ў межах адной Мінскай губерні, а дакладней, толькі 6 яе паветаў. На іх тэрыторыі налічвалася 1 млн 635 тыс. жыхароў. Беларускія эсэры адмовіліся падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”, хоць спачатку выказаліся ў яе падтрымку. Яны прапанавалі пашырыць тэрыторыю рэспублікі да яе этнаграфічных межаў. Акрамя таго, яны патрабавалі склікаць Усебеларускі працоўны кангрэс для вырашэння пытання аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, сфарміраваць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў усіх партый нацыянальнай дэмакратыі, утварыць беларускае войска, забяспечыць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі, абвясціць беларускую мову дзяржаўнай. ЦК КП(б) ЛіБ адхіліў гэтыя патрабаванні. Тады ЦК БПС-Р вывеў сваіх прадстаўнікоў з Белваенрэўкома і заявіў, што партыя эсэраў абараняе інтарэсы сялянства і працоўнай беларускай інтэлігенцыі і не падзяляе бальшавіцкую пазіцыю па праблеме дзяржаўнай улады на Беларусі.

    У лістападзе–снежні 1920 г. на Беларусі прайшлі выбары ў сельскія, валасныя, павятовыя і гарадскія Саветы. Рэўкомы былі скасаваны. У склад Саветаў увайшлі ў асноўным бальшавікі. Пры Саветах утварыліся камісіі, якія пад кіраўніцтвам партыйных арганізацый праводзілі чыстку савецкіх устаноў ад “класава-варожых элементаў”. 13–17 снежня 1920 г. адбыўся ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў. З’езд абраў ЦВК БССР і звярнуўся да працоўных Беларусі з заклікам накіраваць усе сілы на аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі.
    1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   31


    написать администратору сайта