Главная страница
Навигация по странице:

  • 3.Беларусь у перыяд лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

  • ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XIX – ПАЧАТКУ XX ст.

  • 1. Фарміраванне беларускай нацыі

  • 2. Развіццё адукацыі, навукі, друку

  • 3. Мастацтва і архітэктура Літаратура.

  • Выяўленчае мастацтва.

  • Архітэктура.

  • курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi


    Скачать 1.91 Mb.
    НазваниеГ. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
    Анкоркурс лекций по истории беларуси
    Дата07.11.2020
    Размер1.91 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаКурс лекций.doc
    ТипДокументы
    #148668
    страница15 из 31
    1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   31

    БЕЛАРУСЬ У ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. ЛЮТАЎСКАЯ БУРЖУАЗНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ НА БЕЛАРУСІ

    1. Беларусь у гады першай сусветнай вайны

    2. Беларускі нацыянальны рух

    3. Беларусь у перыяд Лютаўская буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі.

    1.Беларусь у гады Першай сусветнай вайны.

    Галоўнай прычынай першай сусветнай вайны з’явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі. Пачалі вайну Германія і Аўстра-Венгрыя. 1 жніўня 1914 г. (па новаму стылю) Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі, захапіла Бельгію і Люксембург. 4 жніўня Англія аб’явіла вайну Германіі. Разам з Англіяй у вайну ўступілі яе дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і калонія Індыя. На баку Антанты выступіла Японія, а ў падтрымку Германіі – Турцыя. Пачалася сусветная вайна, якая працягвалася 4 гады і 4 месяцы і якая вельмі дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных даных, было забіта, паранена і скалечана каля 30 млн чалавек. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд чалавек – 75 % усяго насельніцтва зямнога шара.

    Вайна не вырашала задач нацыянальнага развіцця ніводнай дзяржавы (сваю незалежнасць адстойвала толькі Сербія), не адпавядала інтарэсам працоўных, была з усіх бакоў захопніцкай. Урады краін-удзельніц вайны стараліся пераканаць свае народы ў тым, што яна вядзецца ў мэтах абароны радзімы.

    Пануючыя класы і вярхі гандлёва-прамысловай буржуазіі Расіі падтрымалі вайну, таму што чакалі для сябе вялікіх выгод ад будучага падзелу турэцкай і аўстрыйскай маёмасці.

    Шырокія пласты гарадской сярэдняй буржуазіі і буржуазнай інтэлігенцыі пад уплывам друку, пропаведзяў духавенства таксама лічылі вайну справядлівай з боку Расіі.

    У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах мясцовымі органамі ўлады былі праведзены “патрыятычныя” сходы. У Мінску 18 жніўня 1914 г. вялікая група вучнёўскай моладзі прайшла па вуліцы да дома губернатара і падала адрас на імя цара, у якім гаварылася аб поўнай падтрымцы палітыкі ўрада ў вайне супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі. Амаль 5 тыс. чалавек прынялі ўдзел у патрыятычнай маніфестацыі, якая адбылася 30 жніўня 1914 г. у г. Пінску. Асаблівы патрыятычны ўздым назіраўся ў г. Магілёве. У ліпені 1914 г. тут адбыліся сходы прадвадзіцеляў дваранства, членаў земства, ганаровых грамадзян, духавенства і настаўнікаў, удзельнікі якіх запэўнівалі, што насельніцтва Магілёўскай губерні адзінадушна адабрае ўрадавую палітыку, гатова на любыя ахвяры дзеля Айчыны.

    Пазіцыі сацыяльных слаёў насельніцтва як у люстэрку адбіваліся на дзейнасці палітычных партый. Ужо ў самым пачатку вайны партыі акцябрыстаў і кадэтаў заявілі аб сваёй поўнай падтрымцы знешняй палітыкі ўрада Расіі. Лідэр кадэтаў П. Мілюкоў выказаў думку аб далучэнні Галіцыі, Угорскай Русі, Букавіны да Расіі з той мэтай, каб дапамагчы нацыянальнаму ўз’яднанню ўкраінскага народа. П. Мілюкоў прапанаваў далучыць да Расіі і землі, якія да славян ніякіх адносін не мелі: Басфор і Дарданелы, прыбярэжную тэрыторыю Турцыі з г. Стамбулам. Справа была не толькі ў абароне славян. Будаўніцтва Германіяй Багдадскай чыгункі праз Балканы і Турцыю закранала эканамічныя інтарэсы Расіі, якая вывозіла праз пралівы Басфор і Дарданелы 37 % сваіх тавараў, у тым ліку 80 % хлеба, прызначанага на экспарт. 3 будаўніцтвам дарогі Германія ўстанавіла кантроль над пралівамі і стала галоўнай перашкодай пранікненню Расіі ў Турцыю. Пад германскі ўплыў трапіла і Балгарыя, што таксама супярэчыла пазіцыі Расіі, якая лічыла сябе абаронцай усіх славянскіх народаў.

    Сярод дробнабуржуазных партый панавалі абаронніцкія погляды. Большасць эсэраў і меншавікоў прытрымліваліся лозунга “абароны радзімы ад прускіх варвараў”. Невялікая група меншавікоў-інтэрнацыяналістаў на чале з Ю. Мартавым выступіла з асуджэннем урадаў ваюючых краін. Сярод меншавікоў меў месца і правасацыялістычны напрамак. Яго ўзначальваў Г.В. Пляханаў. Ён лічыў, што Расія вядзе праўдзівую вайну, што адказнасць за яе павінен несці той, хто яе распачаў.

    У партыі эсэраў таксама вызначылася тры напрамкі ў адносінах да вайны: сацыял-шавіністычны, які падтрымліваў ўрад, цэнтрысцкі, які прапагандаваў лозунг “без пераможцаў і без паражэнцаў”, і левы, які выступаў супраць вайны, за мір, зямлю і волю.

    Найбольш радыкальнае стаўленне да вайны заняла партыя бальшавікоў. У жніўні 1914 г. У.І. Ленін напісаў тэзісы аб вайне “Задачы рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі ў еўрапейскай вайне”. Тэзісы з’явіліся асновай маніфеста ЦК РСДРП “Вайна і расійская сацыял-дэмакратыя”. Гэта была праграма партыі бальшавікоў, у якой вызналася палітычная лінія ў адносінах да вайны. Сутнасць яе заключалася ў трох лозунгах. Першым і галоўным з іх быў лозунг “ператварыць імперыялістычную вайну ў вайну грамадзянскую”. Другім лозунгам бальшавікоў стаў лозунг “паражэння “сваіх” урадаў у імперыялістычнай вайне”. Трэцім – заклік да “поўнага разрыву з II Інтэрнацыяналам, стварэння III, Камуністычнага Інтэрнацыянала”. Трэба адзначыць, што апошні лозунг не падтрымала ніводная з еўрапейскіх сацыял-дэмакратычных партый.

    Згодна з распрацаванымі планамі ваенных дзеянняў Германія разлічвала спачатку разбіць Францыю, а затым Расію. Уварваўшыся праз тэрыторыю нейтральнай Бельгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжа.

    Расія планавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданелы.

    З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў.

    Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна–Вільня–Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Ліду, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск–Паставы–Баранавічы–Пінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй.

    Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губерні, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура.

    У сувязі з наступленнем германскіх войск на ўсход рушыў вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек).

    На захопленай Гегманіяй тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя ваенныя павіннасці. На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і г.д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. У Віцебскай губерні з 1 чэрвеня 1914 г. да 1 чэрвеня 1915 г. было рэквізавана для арміі 120 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5 %.

    Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

    Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы. На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1914–1917 гг. з-за адсутнасці сыравіны, паліва, кваліфікаваных рабочых колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а рабочых з 37,7 тыс. да 25,1 тыс.

    Разам з тым асобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Былі перабудаваны многія фабрыкі і заводы, а таксама створана шмат часовых прадпрыемстваў і майстэрань, што абслугоўвалі армію. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Снарады і гранаты выраблялі 5 заводаў у Мінску і тры ў Гомелі, а таксама Рэчыцкі і Аршанскі драцянацвіковыя заводы.

    У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта – на 18,7 %, пшаніцы – на 22,1 %, бульбы – на 34,2 %.

    З-за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост дарагоўлі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне ў Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5–8 разоў у параўнанні з 1913 г. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы – тыф, халера і інш.

    Пачынаючы з 1915 г., на Беларусі назіраецца нарастанне рабочага руху. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы.

    Аднак трэба адзначыць, што стачкі на Беларусі ў гэты час адбываліся разрознена, і, як правіла, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не было. Тлумачылася гэта прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і адпраўлялі на фронт.

    Своеасаблівую форму на Беларусі ў гады вайны набыў сялянскі рух – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і лавак. У пачатку вайны падобныя здарэнні адбыліся ў 20 з 35 паветаў Беларусі і сведчылі аб адвечнай нянавісці сялян да сваіх прыгнятальнікаў. Па сутнасці, гэта былі стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў. Найбольш масавымі сялянскія выступленні былі ў Сенненскім, Мазырскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мінскім, Лепельскім паветах. Парадак наводзілі карныя атрады і ваенна-палявыя суды. Па іх прыгаворах у Сенненскім, Мазырскім і Ігуменскім паветах былі павешаны 16 чалавек, многія трапілі на катаргу і ў арыштанцкія роты.

    Значна ўзраслі сялянскія хваляванні ў 1915 г. У сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый сярод сялян поруч з антыпамешчыцкімі ўзмацніліся антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. Аднак у 1916–1917 гг. іх колькасць значна зменшылася. У 1916 г. іх было 60, а ў студзені – лютым 1917 г. толькі 7.

    Ваенныя паражэнні расійскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы баявых дзеянняў у 1916 г., велізарныя людскія страты выклікалі нездаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Расло дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат.

    22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На яго абарону выступілі каля 4 тыс. салдат і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка салдаты-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобыскамі. Паустанцы былі жорстка пакараны. Да суда было прыцягнута 16 чалавек. З іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.

    2. Беларускі нацыянальны рух

    У гады вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрыта газета “Наша ніва”, рэдактарам якой з’яўляўся Я. Купала. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі, нацыянальны рух быў спынены. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы браты І. і А. Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў форме Вялікага княства Літоўскага з мэтай аднаўлення агульнай літоўска-беларускай дзяржавы на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі. У лютым 1916 г. была распаўсюджана адозва “Грамадзяне!”, у якой намячалася стварэнне самастойнай дзяржавы з соймам у Вільні.

    Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве. Акупіраваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца “Польскай Кароне”. У сувязі з гэтым польскія памешчыкі, ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай “злучнасці”. Гвалтоўная паланізацыя выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта і прывяло да адмаўлення ідэі ўтварэння канфедэратыўнай дзяржавы. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячоў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая ставіла сабе за мэту ўтварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах.

    Германія, стараючыся ўмацаваць сваю ўладу на акупіраванай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, па-першае, не даць магчымасці стварыць тут самастойную дзяржаву, а па-другое, прадухіліць поўнае польскае засілле на гэтых землях. У пачатку 1916 г. германскі фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе аб школах акупіраванага краю абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Нягледзячы на супрацьдзеянне польскіх памешчыкаў і ксяндзоў, беларускі нацыяналшьны рух значна ажывіўся. На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета “Гоман”. У Вільні былі створаны “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз” і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А.Луцкевіч. У красавіку 1916 г. камітэт прыняў удзел у рабоце канферэнцыі народаў Расіі, якая адбылася ў Стакгольме, а таксама ў міжнароднай канферэнцыі ў Лазане ў чэрвені 1916 г. Дэлегацыя беларусаў звярнулася да ўсіх цывілізаваных людзей свету з просьбай дапамагчы беларускаму народу свабодна развіваць свае “інтэлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы”, стаць гаспадаром на сваёй уласнай зямлі.

    У канцы 1916 г. Беларускі народны камітэт зрабіў некалькі захадаў, каб дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Аднак літоўцы адмовіліся ад перагавораў. Пад уздзеяннем германскіх акупантаў Літоўскі нацыянальны камітэт канчаткова разарваў сувязь не толькі з Беларускім народным камітэтам, але і з польскім і яўрэйскім нацыянальнымі камітэтамі і ўтварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны дзяржаўны орган Літвы. У склад гэтай літоўскай дзяржавы былі ўключаны і акупіраваныя Германіяй беларускія землі. Беларусь атрымала ў Тарыбе два месцы.

    Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху становяцца Петраград, Масква і іншыя гарады Расіі, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”.

    Газета “Светач” прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення “беларускага нацыянальнага ідэалу”. Аднак газета не мела вялікага ўплыву на развіццё беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1917 г. яе выданне было спынена.

    Газету “Дзянніца” выдаваў на свае сродкі З.Жылуновіч. “Дзянніца” пралагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў цесным саюзе з рускім народам. Газета ўзнімала вострыя сацыяльныя праблемы, пытанні развіцця беларускай культуры, асуджала палітыку нямецкіх акупацыйных улад. У газеце друкаваліся творы З.Жылуновіча, К. Буйло, К.Чарнушэвіча, Ф.Шантыра і іншых дзеячаў, якія стаялі на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях.

    Рэвалюцыйна-нацыянальны накірунак газеты выклікаў падазронасць у цэнзуры. Цэнзары выкідалі з газеты ўсе матэрыялы аб становішчы на Беларусі, абвінавачвалі газету ў тым, што яна нібыта служыла Германіі. У снежні 1916 г. “Дзянніца” перастала выходзіць.

    Далейшае развіццё беларускага нацыянальнага руху стала магчымым толькі ў выніку перамогі Лютаўскай рэвалюцыі.

    3.Беларусь у перыяд лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

    Лютаўская рэвалюцыя – з’ява сусветна-гістарычнага значэння. З аднаго боку, яна падвяла рысу пад шматвяковай гісторыяй расійскай манархіі, а з другога – адкрыла шлях да дэмакратычнага развіцця Расіі. Пачатак ёй паклалі масавыя забастоўкі, мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917 г. (па старому стылю) у сувязі з Міжнародным жаночым днём. 25 лютага забастоўка стала ўсеагульнай. На бок рабочых сталі пераходзіць салдаты. 27 лютага рабочыя і салдаты захапілі Галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычных зняволеных. Рэвалюцыя ў Петраградзе перамагла. 2 сакавіка 1917 г. імператар Мікалай ІІ быў вымушаны адмовіцца ад улады.

    Па свайму характару рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычнай. Але ў адрозненне ад рэвалюцыі 1905–1907 гг. яна перамагла. Галоўная яе задача – звяржэнне самадзяржаўя – была выканана. Рухаючай сілай рэвалюцыі з’яўляўся народ. Асаблівасцю рэвалюцыі было тое, што яна непаслядоўна вырашыла пытанне аб уладзе. У выніку ў краіне ўстанавілася двоеўладдзе.

    Пасля перамогі паўстання па ўсёй краіне пачалі стварацца Саветы, якія і сталі органамі ўлады. Большасць у Саветах склалі меншавікі і эсэры. У той жа час быў створаны з дэпутатаў IV Дзяржаўнай думы Часовы камітэт на чале з адным з кіраўнікоў акцябрыстаў М. Радзянкам. Мэта – “навесці парадак у краіне”, што азначала ўзяць усю ўладу ў свае рукі. Але зрабіць гэта было цяжка, таму што Петраградскі Савет выдаў 1 сакавіка 1917 г. загад, па якому ўсе вайсковыя злучэнні пераходзілі ў яго падпарадкаванне. 2 сакавіка на аснове згоды паміж Часовым камітэтам Думы і меншавіцка-эсэраўскім кіраўніцтвам Петраградскага Савета быў створаны Часовы ўрад на чале з князем Г. Львовым. Пасаду міністра замежных спраў заняў лідэр кадэтаў П. Мілюкоў, вайсковых спраў – лідэр акцябрыстаў А. Гучкоў. Іншыя члены ўрада таксама былі з ліку вядомых дзеячаў партый кадэтаў і акцябрыстаў. Выключэнне склаў сацыяліст А. Керанскі, які заняў пасаду міністра юстыцыі і адначасова з’яўляўся намеснікам старшыні Петраградскага Савета.

    Так у краіне ўстанавілася двоеўладдзе: улада буржуазіі, якую ўвасабляў Часовы ўрад, і рэвалюцыйна-дэмакратычная ўлада пралетарыяту і сялянства – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

    Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі ў Беларусь 1–4 сакавіка 1917 г. Рабочыя, сяляне, салдаты віталі пралетарыят Петраграда і выказалі намер падтрымаць рэвалюцыю. Па прыкладу Петраграда ў гарадах і мястэчках Беларусі пачалі стварацца ўзброеныя атрады. Баявыя дружыны мінскіх рабочых 2 сакавіка вызвалілі з турмы 400 палітычных зняволеных. Былі арыштаваны камандуючы мінскай ваеннай акругі, начальнік штаба, камендант горада. Створаная 4 сакавіка міліцыя, якую ўзначаліў М.В. Фрунзе, узяла пад ахову ўрадавыя ўстановы, пошту і тэлеграф.

    Асаблівая ўвага была звернута на ўтварэнне Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У Мінску ўжо 4 сакавіка адбылося першае пасяджэнне выбраных дэпутатаў, дзе быў створаны Мінскі Савет рабочых дэпутатаў і яго выканаўчы камітэт. Каб аб’яднаць сілы пралетарыяту і салдат, 8 сакавіка быў створаны адзіны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і адзіны выканаўчы камітэт.

    Саветы былі створаны і ў іншых гарадах Беларусі. На працягу сакавіка – красавіка 1917 г. арганізацыйна аформілася 37 Саветаў. Сваю асноўную задачу Саветы бачылі ў арганізацыі рабочых і салдат, у абароне іх эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў. Саветы актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні народнай міліцыі, фабрычна-заводскіх камітэтаў і прафсаюзаў рабочых і служачых, салдацкіх камітэтаў у войску, сялянскіх у вёсцы. Саветы ў Беларусі прызнавалі кіруючую ролю Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Разам з тым яны прызнавалі і Часовы ўрад. Больш таго, яны дапамагалі Часоваму ўраду ствараць яго мясцовыя органы ўлады. Амаль ва ўсіх гарадах Беларусі былі створаны буржуазныя “грамадскія камітэты парадку”. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў не толькі прызналі іх, але нават накіравалі сваіх прадстаўнікоў у гэтыя камітэты, фактычна падпарадкоўваючыся ім. Праваднікамі такой палітыкі ў Саветах былі эсэры, меншавікі і бундаўцы, якія складалі пераважную большасць дэпутатаў. 4 сакавіка 1917 г. ў Мінску быў створаны “Часовы грамадскі камітэт парадку”, у склад якога ўвайшлі і прадстаўнікі Мінскага Савета.

    6 сакавіка 1917 г. Часовы ўрад перадаў уладу ў губернях і паветах сваім камісарам, якія выконвалі функцыі губернатараў. Ім падпарадкоўваліся ўсе мясцовыя органы ўлады.

    У першыя дні рэвалюцыі пачалі стварацца прафсаюзы, якія павялі барацьбу за паляпшэнне эканамічнага становішча працоўных, скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты і інш.

    Рэвалюцыя паклала пачатак дэмакратызацыі войска. Сталі стварацца выбарныя салдацкія камітэты, якія павінны былі забяспечыць магчымасць для салдат удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, садзейнічаць росту іх культурнага ўзроўню і палітычнай свядомасці.

    7–17 красавіка 1917 г. у Мінску адбыўся І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту. Адным з галоуных арганізатараў з’езда быў Мінскі Савет рабочых і салдатскіх дэпутатау. З’езд прызнаў неабходным для Расіі працягваць вайну з мэтай абароны рэвалюцыі.

    20 красавіка 1917 г. у Мінску адкрыўся з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і неакупіраваных Германіяй паветаў Віленскай губерні. Старшыней з’езда быу абраны М.Фрунзе. Дэлегаты з’езда выступілі за пераход усёй зямлі ў агульнанародную ўласнасць і ўраўняльнае землекарыстанне па працоўнай норме, за адмену прыватнай уласнасці на зямлю, забарону яе куплі-продажу. Канчатковае заканадаўчае вырашэнне аграрнага пытання з’ездам адкладвалася да Устаноўчага сходу. Як бачым, у вырашэнні аграрнага пытання з’езд стаяў на эсэраўскіх пазіцыях. За эсэрамі пайшлі сялянскія з’езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

    Такім чынам, Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя з’явілася пачаткам дэмакратычнага развіцця Расіі, у тым ліку і Беларусі, адкрыла шлях да эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу краіны.

    ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XIX – ПАЧАТКУ XX ст.

    1. Фарміраванне беларускай нацыі

    2. Развіццё адукацыі, навукі, друку

    3. Мастацтва і архітэктура

    1. Фарміраванне беларускай нацыі

    Нацыя (ад лац. паtio – племя, народ) – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, самасвядомасці. Нацыі ўзнікаюць на базе феадальных народнасцей у перыяд станаўлення капіталістычнага спосабу вытворчасці. Рашаючую ролю ў пераўтварэнні народнасцей у нацыі адыгрываюць капіталістычныя эканамічныя сувязі, фарміраванне ўнутранага рынку. Непасрэдна звязаны з эканамічным фактарам пры кансалідацыі нацый сацыяльны, палітычны, дэмаграфічны.

    Рэформа 1861 г., вызваліўшы сялян ад прыгоннай залежнасці, стварыла ўмовы для капіталістычнай перабудовы памешчыцкай і сялянскай гаспадарак з арыентацыяй на рынак. Рабочая сіла стала таварам, пашырыліся магчымасці яе міграцыі.

    На аснове зрухаў у станаўленні капіталістычнай рыначнай эканомікі адбывалася разлажэнне саслоўяў феадальнага грамадства – дваран, сялян, рамеснікаў, гандляроў, купцоў і фарміраванне асноўных класаў капіталістычнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі. Сацыяльнай базай для фарміравання пралетарыяту з’яўляліся сялянская бедната, якой на Беларусі ў канцы XIX ст. налічвалася 2,8 млн чалавек, дробныя рамеснікі і гандляры, збяднелыя мяшчане і шляхта. На рубяжы XIX – XX стст. у прамысловасці Беларусі працавала 237 тыс. рабочых, на чыгунцы – каля 25 тыс., у іншых сферах гаспадаркі (рачны і гужавы транспарт, будаўніцтва, гандаль, сельская і лясная гаспадарка і г.д.) – каля 200 тыс., усяго колькасць наёмных рабочых перавышала 460 тыс. чалавек. Прамысловы пралетарыят Беларусі характарызаваўся шматнацыянальнасцю і адносна невысокай канцэнтрацыяй.

    Гандлёва-прамысловая буржуазія Беларусі была таксама шматнацыянальнай, прычым большую яе частку складалі прадстаўнікі небеларускага этнічнага насельніцтва (яўрэйскія, польскія і рускія прамыслоўцы і купцы). Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 84,5 % купцоў 5 заходніх губерняў складалі яўрэі, 10,7 % – рускія і толькі 1,7 % былі беларусамі. Больш чым палова фабрык і заводаў (51 %) з’ўлялася ўласнасцю яўрэйскай буржуазіі.

    Беларуская нацыянальная буржуазія амаль цалкам складалася з заможных сялян і выхадцаў з дробнай шляхты. Яна была нешматлікай (у канцы XIX ст. у беларускай вёсцы налічвалася толькі каля 50 тыс. заможных гаспадароў), асноўныя капіталы краю – прамысловы, зямельны, гандлёвы, банкаўскі – знаходзіліся не ў яе руках, а ва ўласнасці яўрэйскіх, польскіх і рускіх прамыслоўцаў, памешчыкаў і купцоў. Раскіданая па вёсках, расколатая паводле канфесійнай прыналежнасці (праваслаўныя і католікі), беларуская нацыянальная буржуазія не ўсведамляла сваёй ролі ў нацыянальна-культурным адраджэнні і абыякава, іншы раз варожа, ставілася да яго.

    Слабасць нацыянальнай буржуазіі ў пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвала і тое, што ў шматгранным жыцці беларускага горада ў XIX ст. не выкарыстоўвалася, за нязначнымі выключэннямі, беларуская мова.

    У канцы XIX ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Асновай утварэння тэрытарыяльнай супольнасці нацыі з’яўляецца наладжванне і развіццё гаспадарчых сувязей, якія пераадольваюць эканамічную замкнёнасць асобных раёнаў і сцягваюць іх у адно кампактнае цэлае. Этнічная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы 5 заходніх губерняў Расійскай імперыі. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні; Лідскі, Ашмянскі і паўднёвую частку Свянцянскага павета ў Віленскай губерні; Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай губерні; Брэсцкі, Ваўкавыскі, Пружанскі і Слонімскі паветы Гродзенскай губерні.

    Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных адносінах у параўнанні з іншымі раёнамі. Тут пражывала амаль палова пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія гаворкі склалі дыялектную аснову беларускай літаратурнай мовы.

    Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся, якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш замаруджана, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў.

    Паводле перапісу 1897 г., на тэрыторыі 5 заходніх губерняў пражывала 5 млн 408 тыс. беларусаў, 3,1 млн рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Польскае і літоўскае насельніцтва канцэнтравалася ў асноўным у заходніх паветах Гродзенскай і Віленскай губерняў, рускае і латышскае – у паўночных паветах Віцебскай губерні, украінскае – у Кобрынскім і Брэсцкім паветах Гродзенскай губерні. Яўрэйскае насельніцтва пражывала на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у гарадах і мястэчках. Сярод гараджан 5 заходніх губерняў яўрэі складалі 53,5 %, а ва ўсім насельніцтве – 13,8 %.

    Абсалютная большасць беларусаў жыла ў сельскай мясцовасці (больш за 90 %). Доля тых беларусаў-гараджан, якія гаварылі на роднай мове, складала ў сярэднім толькі 14,5 %. Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле канфесійнай прыналежнасці на праваслаўных і католікаў. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл не прызнавалі існавання беларускага этнасу, зыходзячы з таго, што праваслаўныя беларусы ёсць рускія, а беларусы-католікі – палякі. У 1897 г. праваслаўныя сярод беларусаў складалі 81,2 %.

    За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў Беларусі падвоілася. У пачатку XX ст. прырост насельніцтва некалькі паменшыўся. Гэта было звязана з развіццём міграцыйных працэсаў у выніку класавай дыферэнцыяцыі і аграрнай перанаселенасці беларускай вёскі.

    У другой палове ХІХ – пачатку XX ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак.

    На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з XVIII ст. фактычна стала мёртвай. Таму ў новых гістарычных абставінах крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’явілася вусная паэтычная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.

    Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала бытавая лексіка, слаба была прадстаўлена вытворчая, юрыдычная, адміністрацыйна-канцылярская тэрміналогія. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы.

    У сувязі са слабым развіццём прафесійнага мастацтва галоўную сферу духоўнай культуры беларускай нацыі перыяду фарміравання капіталізму складалі народныя формы мастацтва, традыцыйныя абрады і звычаі. Працягвалі існаваць такія віды фальклору, як абрадавая паэзія каляндарна-вытворчага і сямейна-абрадавага цыклаў, апавядальны жанр, лірычная паэзія. Паступова трацілі сваё былое значэнне быліны, балады, рознага роду замовы і магічныя дзеянні. Фальклор адлюстроўваў і становішча ў грамадстве, надаючы сацыяльную вастрыню прыпеўкам, песням, казкам і апавяданням. Узнікаў т.зв. рабочы рэвалюцыйны фальклор. Развівалася народнае тэатральнае мастацтва, захоўваючы традыцыі батлейкі. Працоўная дзейнасць народа знайшла сваё адлюстраванне ў танцах “Лянок”, “Бульба”, “Бычок”, “Крыжачок” і інш. У тэатралізаваных прадстаўленнях і на абрадавых святах народныя музыкі на дудках, свірэлях, дудах, гуслях, цымбалах, скрыпках, бубнах выконвалі шматлікія песні і прыпеўкі.

    Адметнасць беларускага этнасу адлюстроўвалася ў своеасаблівым народным выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Па-мастацку аздобленыя рэчы з глыбокай даўніны шырока ўкараніліся ў побыт народа. Мелі распаўсюджанне ўзорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, пляценне з лазы, саломкі і карэнняў. Своеасаблівай рысай беларускіх тканін было выкарыстанне ў арнаменце пераважна геаметрычных форм – чатырохвугольніка, ромба, квадрата і іх частак. Выдатныя ўзоры беларускага мастацкага ткацтва ўяўлялі паясы. У афармленні жылых памяшканняў таксама выкарыстоўвалася мастацкае аздабленне: набылі распаўсюджанне разьбяныя і размаляваныя ліштвы, фрызы, франтоны, канькі.

    Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. 3 другой паловы XIX ст. усё больш актыўна ўжываюцца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 г., беларускую мову роднай лічыла 74 % насельніцтва Беларусі. Этнонім “беларусы” паступова выцясняў лакальныя тэрміны тыпу “літвіны”, “чарнарусы”. Аднак ён не меў яшчэ агульнаэтнічнага зместу. Існавалі рэгіянальныя назвы (палешукі), канфесіянізмы (рускія і палякі). Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу. Працы І.І. Насовіча, М.А. Дзмітрыева, Ю.Ф. Крачкоўскага, А.М. Семянтоўскага, М.Я. Нікіфароўскага, Я.Ф. Карскага, Е.Р. Раманава і іншых аўтараў аб’ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы В. Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаецца як суб’ект гістарычнага працэсу.

    2. Развіццё адукацыі, навукі, друку

    Капіталістычнае развіццё краіны пасля адмены прыгоннага права патрабавала ўдасканалення сістэмы народнай адукацыі. Таму разам з іншымі буржуазнымі рэформамі ў 60–70-я гг. XIX ст. быў праведзены шэраг рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі, якія закранулі і Беларусь.

    Да 60-х гг. ХІХ ст. сістэма адукацыі характарызавалася рознатыповасцю навучальных устаноў. У мэтах уніфікацыі іх дзейнасці большасць навучальных устаноў перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства народнай асветы. Былі закрыты дваранскія павятовыя вучылішчы, якія існавалі ў заходніх губернях. Пачатковымі школамі ў вёсках сталі народныя вучылішчы, у гарадах – гарадскія вучылішчы. Асноўнымі тыпамі сярэдніх навучальных устаноў сталі класічныя гімназіі і рэальныя вучылішчы, прызначаныя для мужчын, а таксама жаночыя гімназіі. Школьныя рэформы рэгламентавалі дзейнасць не толькі дзяржаўных навучальных устаноў, але і дазвалялі адкрыццё школ на сродкі грамадскіх арганізацый ці прыватных асоб. Гэта садзейнічала дынамічнаму развіццю прыватнай адукацыі.

    Ажыццяўленне школьных рэформ супала з правядзеннем палітычнага курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. Былі ліквідаваны польскія школы, у навучальных установах забаранялася выкладанне польскай мовы. Усім выкладчыкам загадвалася клапаціцца, каб у сценах школ гутарковай мовай была руская.

    Змены ў сістэме адукацыі Беларусі прывялі да ўстойлівага росту колькасці навучальных устаноў на працягу другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Калі ў канцы 50-х – пачатку 60-х гг. ХІХ ст. ва ўсіх навучальных установах Беларусі навучалася прыкладна 16,5 тыс. чалавек (0,5 % усяго насельніцтва), то ў 1900 г. у Віленскай навучальнай акрузе было 248 тыс. навучэнцаў, а ў 1914 г. іх лічба дасягнула 490 тыс. чалавек.

    Аднак, нягледзячы на станоўчыя дасягненні народнай асветы, як Расійская імперыя ў цэлым, так і Беларусь адставалі ад краін Заходняй Еўропы па асноўных паказчыках развіцця адукацыі. Так, па перапісу 1897 г. агульная колькасць пісьменных у Беларусі складала толькі 25,7 %. Працэнт навучэнцаў сярод дзяцей школьнага ўзросту быў невысокі.

    У галіне пачатковай адукацыі ўрадавая палітыка была накіравана на тое, каб значную частку затрат на ўтрыманне народных вучылішч перакласці на сялян. Шырока практыкаваўся збор сельскай грамадой грашовых сродкаў на будаўніцтва і ўтрыманне народных вучылішч. У выніку большая частка школ знаходзілася ў непрыстасаваных для заняткаў сялянскіх хатах, адчуваўся недахоп вучэбных дапаможнікаў, а таксама кваліфікаваных настаўніцкіх кадраў. Акрамя гэтага, рознатыповасць пачатковых школ, розныя навучальныя праграмы і тэрміны навучання зніжалі якасць падрыхтоўкі, ставячы вучняў у нераўнапраўнае становішча. Толькі выпускнікам гарадскіх чатырохкласных вучылішч дазвалялася паступаць у сярэднія навучальныя ўстановы, але пры ўмове дадатковай падрыхтоўкі па замежных мовах. Выхаванцы астатніх пачатковых школ такога права не мелі.

    Сярэдняя адукацыя заставалася прывілеяй пануючых класаў. Навучанне ў сярэдніх навучальных установах з’яўлялася платным. Плата за навучанне ў прыватных школах была значна вышэйшай, чым у дзяржаўных навучальных установах. Сацыяльны склад навучэнцаў сярэдніх школ быў абумоўлены абмежаванасцю колькасці асоб з неабходнай адукацыяй, даволі высокай платай за навучанне, некаторымі пастановамі ўрада. Напрыклад, цыркуляр ад 1887 г., празваны “цыркулярам пра кухарчыных дзяцей”, прадпісваў не прымаць у гімназіі і прагімназіі дзяцей кучараў, лакеяў, павароў, прачак, дробных крамнікаў.

    Класічныя мужчынскія гімназіі давалі грунтоўную гуманітарную падрыхтоўку, асаблівая ўвага надавалася выкладанню так званых класічных моў – грэчаскай і лацінскай. Толькі выпускнікі гімназій мелі выключнае права паступлення ва універсітэты. У рэальных вучылішчах галоўнае месца адводзілася дысцыплінам прыродазнаўча-матэматычнага цыкла. Выпускнікі рэальных вучылішч маглі паступаць у тэхнічныя, гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выхаванкі жаночых гімназій атрымлівалі атэстат на званне настаўніцы пачатковай школы. Выпускніцам восьмага педагагічнага класа жаночых гімназій давалася права працаваць у якасці дамашніх настаўніц.

    Складвалася сістэма прафесійнай адукацыі. У Беларусі ствараліся рамесныя, сельскагаспадарчыя, камерцыйныя, медыцынскія, музыкальныя, мастацкія навучальныя ўстановы. Падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў ажыццяўлялася ў настаўніцкіх семінарыях і настаўніцкіх інстытутах. Вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не было. Расійскія ўлады неаднаразова адхілялі хадайніцтвы грамадскасці Беларусі аб адкрыцці універсітэта ці політэхнічнага інстытута.

    З другой паловы ХІХ ст. пачалося свядомае вывучэнне гісторыі, мовы і культуры беларускага народа, якое паступова станавілася справай мясцовай інтэлігенцыі.

    У 1855 г. на аснове ўласнай археалагічнай калекцыі Яўстафій Тышкевіч з дапамогай свайго братка Канстанціна Тышкевіча стварыў Віленскі музей старажытнасцей. Браты таксама працавалі ў Віленскай археалагічнай камісіі.

    Адным з першых буйных даследчыкаў Беларусі быў настаўнік І.І.Насовіч. У 1852–1869 гг. ён надрукаваў некалькі зборнікаў беларускіх прымавак і загадак, а ў 1873 г. – сабраныя ім “Беларускія песні”. Асноўная праца І.І. Насовіча, якой ён аддаў 16 гадоў, – “Словарь белорусского наречия”, выдадзены ў 1870 г. у Санкт-Пецярбургу.

    У 80–90-я гг. ХІХ ст. пашырылася кола збіральнікаў і даследчыкаў побыту і культуры беларускага народа. Адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай этнаграфіі гэтага перыяду з’яўляецца Мікалай Нікіфароўскі – аўтар шматлікіх прац па этнаграфіі, фалькларыстыцы і гісторыі Віцебшчыны. Беларускі даследчык Еўдакім Раманаў ажыццявіў некалькі экспедыцый, падчас якіх збіраў матэрыял для свайго “Беларускага зборніка” – своеасаблівай энцыклапедыі побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. Гісторык і краязнаўца Аляксей Сапуноў рыхтаваў публікацыі старажытных актаў і дакументаў па гісторыі Віцебскага краю ў зборніках “Витебская старина”. У 90-я гг. пачынае публікаваць свае этнаграфічныя і гістарычныя работы Мітрафан Доўнар-Запольскі. У гэты ж час з’яўляюцца этнаграфічныя працы Адама Багдановіча (бацькі паэта Максіма Багдановіча).

    Сярод даследаванняў пачатку ХХ ст. вылучаюцца працы заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа і фалькларыста Яўхіма Карскага. Вынікі шматгадовай працы ён апублікаваў у трохтомніку “Беларусы”, які і сёння не страціў сваёй навуковай каштоўнасці.

    У пачатку ХХ ст. узрастае грамадская актыўнасць у вывучэнні Беларусі, ствараецца шэраг музеяў і таварыстваў, якія ажыццяўлялі гістарычныя, этнаграфічныя, мовазнаўчыя і краязнаўчыя даследаванні.

    Перыядычны і кніжны друк у Беларусі развіваўся ва ўмовах даволі жорсткай цэнзуры. У мясцовых выдавецтвах выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове.

    Перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены афіцыйнымі выданнямі. Сярод іх вылучаліся “Губернские ведомости”, “Епархиальные ведомости”. “Губернские ведомости” складаліся з 2 частак: афіцыйнай і неафіцыйнай. У афіцыйнай частцы публікаваліся розныя ўрадавыя паведамленні. У неафіцыйнай частцы маглі змяшчацца паведамленні аб кірмашах, рыначных цэнах, здарэннях, аб стане сельскай гаспадаркі, фабрык і заводаў, аб некаторых падзеях у міжнародным жыцці. Існавала магчымасць публікаваць асобныя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Але катэгарычна забаранялася змяшчаць тут крытычныя меркаванні аб фактах грамадскага жыцця, крытычныя заўвагі аб дзейнасці мясцовых улад.

    У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты “Минский листок”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. Тут друкавалася паэма “Тарас на Парнасе”, змяшчаліся творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца, публікаваліся артыкулы беларускага этнографа М. Янчука, работы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі М. Доўнар-Запольскага. У якасці літаратурна-краязнаўчага дадатка да “Минского листка” публікаваўся “Северо-Западный календарь”, які змяшчаў шмат этнаграфічных матэрыялаў. З 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. Менавіта на яе старонках з’явіўся першы друкаваны верш Янкі Купалы.

    У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. пачынаюць больш шырока друкавацца беларускамоўныя творы. Некалькі асобных выданняў вытрымала паэма “Тарас на Парнасе”, у Пецярбурку выйшаў з друку зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” і некаторыя іншыя творы. У 1906 г. у першым легальным беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” у Пецярбургу былі выпушчаны “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” Каруся Каганца і “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі. За выданне зборнікаў вершаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Багушэвіча і “Жалейка” Купалы Пецярбургскі камітэт па справах друку распачаў крымінальнае праследаванне выдавецтва.

    У перыяд рэвалюцыі 1905–1907 гг. з’явілася шмат новых газет і часопісаў розных палітычных напрамкаў, зарадзіўся легальны перыядычны друк на беларускай мове. Выключную ролю ў развіцці культуры беларускай нацыі адыгралі газеты “Наша доля” і “Наша ніва”.

    3. Мастацтва і архітэктура

    Літаратура. У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, станавіліся на шлях стварэння развітой літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне.

    Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма твораў Ф. Багушэвіча – жыццё паднявольнага сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.

    На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.

    Тэатр. У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы.

    Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. На “вечарынках” звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

    На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства. У 1911 і 1912 гг. трупа І. Буйніцкага выступіла ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў наведаў Варшаву. Такім чынам, І. Буйніцкі знаёміў гледачоў з мастацкай культурай беларускага народа, звяртаў увагу на яе своеасаблівасці і непаўторны нацыянальны каларыт. Аднак матэрыяльныя цяжкасці прымусілі І. Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.

    Пераемнікам “Першай беларускай трупы” у працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”. Яно ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Творчыя магчымасці Таварыства былі даволі абмежаваныя, таму што яно трымалася толькі на энтузіязме ўдзельнікаў. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.

    Выяўленчае мастацтва. Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём. Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам. Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Трайццякоўскай галерэі.

    Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак выканаў карціну “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.

    Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч. Мастак прымаў удзел у паўстанні 1863–1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі ён жыў за межамі Беларусі, аднак сюжэтамі сваіх палотнаў нязменна выбіраў гістарыны лёс роднага народа. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”. К. Альхімовіч стварыў цэлы шэраг гістарычных палотнаў, якія з поспехам выстаўляліся ў Мюнхене і Парыжы.

    У канцы ХІХ ст. пачынаецца творчая дзейнасць таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У сваёй творчасці ён развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “З аколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І. Рэпіным.

    Архітэктура. Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне ХІХ ст. Да канца ХІХ ст. у беларускім дойлідстве пануе эклектыка (або “архітэктура гістарызму”). Яна вызначалася некрытычным выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.). Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесанс, тэатры – пад барока, касцёлы – пад готыку, праваслаўныя цэрквы будаваліся ў псеўдавізантыйскім, ці псеўдарускім, стылі.

    У другой палове ХІХ ст. наглядаецца росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы ў Беларусі. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся, найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс.

    Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль, у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц XIV і XVII стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Цэрквы, пабудаваныя ў псеўдарускім стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі. Найбольш значнымі пабудовамі гэтага напрамку з’яўляюцца мемарыяльны храм у вёсцы Лясная, створаны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войск над шведамі, капліца князёў Паскевічаў у Гомелі, Уваскрасенскі сабор у Барысаве.

    У культавым дойлідстве Беларусі склаўся і неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены).

    Побач з “архітэктурай гістарызму” у канцы ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага Стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Прыкладам архітэктуры мадэрна з’яўляюцца будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне, Гомелі, Магілёве. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў
    1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   31


    написать администратору сайта