Главная страница
Навигация по странице:

  • Прамысловасць. Гарады. Гандаль. Шляхі зносін.

  • КУЛЬТУР НАЕ ЖЫЦЦЕ БЕЛАРУСІ КАНЦА XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XIX ст.

  • 1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі. Адукацыя і навука. Беларусазнаўства – частка славістыкі

  • 2. Літаратура. Музычна-тэатральная культура. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура

  • курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi


    Скачать 1.91 Mb.
    НазваниеГ. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
    Анкоркурс лекций по истории беларуси
    Дата07.11.2020
    Размер1.91 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаКурс лекций.doc
    ТипДокументы
    #148668
    страница11 из 31
    1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   31

    2.Эканамічнае развіцце Беларусі ў першай палове 19ст.

    Адной з асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі было панаванне буйнога дваранскага землеўладання. У сярэдзіне 30-х гг. ХІХ ст. 3,6 % буйных памешчыкаў валодалі 50 % прыгонных сялян. Дробныя і сярэднія памешчыкі (да 100 душ прыгонных), якія складалі 80 % агульнай колькасці, валодалі ўсяго 15,8 % сялян.

    У сваіх маёнтках памешчыкі будавалі прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя. Вельмі важнай галіной даходу быў продаж лесу.

    Асновай сельскай гаспадаркі з’яўлялася земляробства, ад якога памешчыкі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. Яны імкнуліся павялічваць плошчу ворных зямель. З канца XVIII да сярэдзіны ХІХ ст. плошча ворных зямель павялічылася ў 3–4 разы. Вырошчвалася жыта, авёс, ячмень. Папулярнай культурай стала бульба. У сувязі з пераўтварэннем бульбы з агароднай культуры ў палявую яе пасевы з пачатку ХІХ ст. да канца 30-х гг. узраслі ў 20–25 разоў. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыралася вытворчасць ільну. Раслі пасевы канапель, пянькі, цукровых буракоў.

    Важнейшым напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, становіцца танкарунная авечкагадоўля. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў той час спецыялізаваліся толькі асобныя памешчыкі, якія мелі ў сябе вінакурныя заводы.

    Некаторыя памешчыкі ў мэтах павелічэння таварнасці гаспадаркі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольны севазварот, паляпшалі пароды жывёлы. У памешчыцкіх гаспадарках стала шырэй выкарыстоўвацца наёмная праца, галоўным чынам на прамысловых прадпрыемствах, на будаўнічых работах. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 г. у Віцебску. Развіццю капіталістычных адносін спрыяла і тое, што мясцовае дваранства атрымала доступ да пазык у цэнтральных банках з правам закладу маёнткаў разам з сялянамі. Перад адменай прыгоннага права ў банках было закладзена каля 68 % беларускіх сялян. Так феадальная памешчыцкая ўласнасць пераўтваралася ў капіталістычную ўласнасць банкаў і крэдытных устаноў.

    Асноўнай вытворчай базай маёнтка памешчыка з’яўлялася сялянская гаспадарка. Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай, за выключэннем інфлянцкіх (латышскіх) паветаў, і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Размеркаванне зямельных надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. Так, у канцы 50-х гг. сярэдні надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны (дзесяціна – 1,09 га), у Магілёўскай – 7,3 дзесяціны. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (каля 21 га сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі). Гэтых надзелаў ледзьве хапала для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялянскай сям’і. Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай ад 3 да 5. Гаспадарка сялян, як дзяржаўных, так і памешчыцкіх, была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася рэдка, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду невялікая частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.

    Аднак, нягледзячы на панаванне баршчыннай сістэмы, сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам. З пачатку ХІХ ст. развівалася і прамысловая дзейнасць сялян. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну, хатнія драўляныя вырабы.

    Пашыралася маёмасная дыферэнцыяцыя сярод сялян. З’явіліся заможныя сяляне. Многія з іх арандавалі млыны, займаліся дробным гандлем, карысталіся ў сваіх гаспадарках рознымі механічнымі прыстасаваннямі. У той жа час у беларускай вёсцы расла колькасць беззямельных сялян (бабылёў, кутнікаў і інш.). Сяляне ў масе сваёй усё больш разараліся і не маглі, як раней, несці павіннасці. Паншчына ў большасці маёнткаў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі складала 6 чалавека-дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі.

    Адным з яскравых паказчыкаў крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы было нарастанне сялянскага руху. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці, – больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.

    Своеасаблівай формай пратэсту сялян было тое, што некаторыя з іх пакідалі родныя мясціны ў пошуках “вольных зямель”. Так, напрыклад, у пачатку 40-х гг. 1200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі свае вёскі і групамі накіраваліся на пасяленне ў Херсонскую, Екацярынаслаўскую губерні і Бесарабію. Для таго каб затрымаць і вярнуць іх на радзіму, была паслана ваенная каманда.

    У канцы 40-х гг. сярод сялян Беларусі пашырыліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. У 1847 г. каля 10 тыс. сялян Віцебскай губерні групамі па 200 чалавек накіраваліся на будаўніцтва Мікалаеўскай чыгункі, спадзеючыся, што, адпрацаваўшы там 3 гады, яны будуць вызвалены ад прыгоннай залежнасці.

    Але найбольш распаўсюджанымі формамі сялянскага руху з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей, падача “іскаў аб вольнасці” на імя цара і забойства прыгоннымі сваіх гаспадароў.

    З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў.

    У гэтых умовах урад праводзіць рэформы, мэтай якіх было захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўняць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў граф П.Д. Кісялёў – кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.

    Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі інстытут “дзяржаўнага феадалізму” выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства. Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян тут абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.

    Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. У Расіі з паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Яны былі абвешчаны вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, мяняць накірунак дзейнасці, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававое становішча дзяржаўных сялян нічым не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх. Часовы ўладар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Але галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі былі на падушным аброку, у Беларусі – на паншчыне.

    Рэформа дзяржаўнай вёскі пачалася з перабудовы яе апарату кіравання. Дагэтуль агульнакіраўнічыя функцыі былі сканцэнтраваны ў Дэпартаменце дзяржаўных маёмасцей Міністэрства фінансаў. З 1 студзеня 1836 г. яны перадаваліся новаму Міністэрству дзяржаўных маёмасцей, першым міністрам якога быў назначаны П.Д. Кісялёў. У Расіі ўводзілася чатырохярусная сістэма мясцовага кіравання, а ў Беларусі ўстанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерня – акруга – сельская ўправа. У выніку рэформы П.Д. Кісялёва абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору.

    Другой часткай рэформы П.Д. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам на выпадак неўраджаяў і масавых эпідэмій, падзяжу жывёлы і высокай смяротнасці людзей. Акрамя гэтага, ставілася пытанне аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказання медыцынскай дапамогі, правядзення розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцця сістэмы страхавання, барацьбы з п’янствам. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі быт цалкам за кошт сялян перашкаджалі ажыццяўленню планаў рэфарматараў.

    Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Д, Кісялёва – люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта было мерапрыемства, якое ставіла тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннаснага прыгнёту, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян.

    У працэсе люстрацый у Беларусі знішчаюцца фальваркова-прыгонная сістэма і сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя сяляне паскоранымі тэмпамі пераводзяцца на пазямельны аброк. З фальварковых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў.

    Адмова ад фальваркова-прыгоннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе буржуазна-прагрэсіўны характар. Агульная плошча надзельнага фонду ў выніку рэформы П.Д. Кісялёва павялічылася на 10,73 %. І хоць гэта мала што змяніла ў забяспечанасці сялян зямлёй (за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5 %), але затое было некалькі ўраўнавана становішча сялян, знізіўся іх павіннасны прыгнёт. Асабліва значныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян. Прынцыповае значэнне мелі правы ўступлення ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промысламі.

    З 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў займацца падрыхтоўкай інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. Памешчыкі рашуча сталі на абарону сваёй уласнасці. Паступова рэфармісцкія памкненні “Асобага камітэта па справах заходніх губерняў” пачалі прыглушацца. У выніку інвентарная рэформа, праведзеная ў памешчыцкай вёсцы, была значна менш радыкальнай.

    Інвентарная рэформа некалькі паслабіла павіннасны прыгнёт сялян шляхам увядзення ў памешчыцкіх маёнтках абавязковых інвентароў па адзіных правілах. Яна, па сутнасці, мала што змяніла ў становішчы сялян. У адрозненне ад дзяржаўнай вёскі, пераведзенай на аброк, у памешчыцкай засталіся многія ранейшыя павіннасці: паншчына (штодзённая), згоны, шарваркі, жаночая праца, старажоўства, даніна. Агульны памер павіннасцей складаў 1/3 частку валавога даходу з надзелу.

    Інвентарная рэформа не вырашыла найважнейшага пытання – аб сялянскім землекарыстанні. Сцвярджалася толькі, што сялянскія надзелы не павінны змяншацца, але гэта з самага пачатку не было замацавана заканадаўча. Толькі 14 мая 1855 г. Аляксандр ІІ зацвердзіў перагледжаныя ў інвентарных камітэтах правілы для маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у якіх вызначаўся мінімальны сялянскі надзел у 4,75 дзесяціны на рэвізскую душу, а паншчына – 3 дні ў тыдзень.

    У цэлым рэформы 30–50-х гг. мелі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі занадта радыкальнымі, а сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала. Феадальная ўласнасць засталася некранутай.

    Прамысловасць. Гарады. Гандаль. Шляхі зносін. Да сярэдзіны ХІХ ст. прамысловая вытворчасць у Беларусі знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай ступенях развіцця. Асноўнымі прадпрыемствамі гэтага часу былі прыгонныя мануфактуры, гаспадарамі якіх з’яўляліся памешчыкі. Яны прымушалі працаваць на мануфактурах сваіх сялян. Перавага прыгонніцкай працы на прамысловых прадпрыемствах Беларусі была адной з асаблівасцей яе эканамічнага развіцця.

    Акрамя таго, у гарадах і мястэчках мелася шмат розных дробных прадпрыемстваў і майстэрань з 1–3 рабочымі, гаспадарамі якіх былі купцы і мяшчане. Сярод прадпрыемстваў, якімі яны валодалі, былі скураныя, медныя, цагельныя, капялюшныя. Вырабы гэтых прадпрыемстваў збываліся ў асноўным на мясцовых рынках.

    Былі ў Беларусі і прадпрыемствы, заснаваныя на вольнай працы. Большасць “вольнанаёмных” складалі прыгонныя, якіх паны на кароткі тэрмін адпускалі на заробкі. Па сканчэнні гэтага тэрміну яны пакідалі прадпрыемства. Часовыя рабочыя-прыгонныя не маглі задаволіць прамысловасць, якой былі патрэбны кваліфікаваныя майстры і працоўныя. Прыгоннае права ставіла сур’ёзныя перашкоды для развіцця капіталістычнай прамысловасці.

    Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах машын і паравых рухавікоў. Аднак колькасць прадпрыемстваў, якія мелі машынную тэхніку, была нязначнай. Уладальнікамі большасці такіх прадпрыемстваў спачатку былі памешчыкі, хаця ўжо з 30-х гг. больш за палову іх належала купцам і мяшчанам.

    Па колькасці занятых у прамысловасці рабочых сярод беларускіх губерняў першае месца займала Гродзенская губерня. У канцы 50-х гг. на яе прадпрыемствах працавала 5112 рабочых з 9714. Другое месца са значным адставанем належала Магілёўскай губерні, дзе ў гэты час на прадпрыемствах было занята 1882 рабочыя. На апошнім месцы знаходзілася Мінская губерня, на прадпрыемствах якой працавала ўсяго 815 рабочых.

    У Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя.

    Вядучай галіной прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. У цыркуляры міністра ўнутраных спраў за 1808 г. указвалася на неабходнасць павелічэння колькасці суконных мануфактур у Беларусі. З мэтай заахвочвання стваральнікам суконных прадпрыемстваў даваліся дзяржаўныя пазыкі, аказвалася дапамога ў найме працоўнай сілы. У выніку ў 1861–1863 гг. у Беларусі налічвалася ўжо 64 суконныя прадпрыемствы, на якіх працавала звыш 51 тыс. рабочых. Суконная прамысловасць была ў асноўным сканцэнтравана ў Гродзенскай губерні, дзе ў гэты час размяшчалася 55 прадпрыемстваў.

    Другое месца ў прамысловасці Беларусі займала вытворчасць шарсцяных вырабаў. У 1857 г. тут было 7 прадпрыемстваў, на якіх працавала 1444 рабочыя. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні.

    Сярод прадпрыемстваў Беларусі значная доля належала папяровым, шкляным, чыгунным, медзеплавільным, жалезаапрацоўчым, цагельным і інш. Жалезаробчыя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне. Жалеза здабывалі з балотнай руды. Шкляная прамысловасць была найбольш развітой у Магілёўскай губерні, дзе знаходзілася 8 з 14 заводаў.

    Фабрыкі ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 20-х гг. ХІХ ст. Першымі былі пабудаваны суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомску Кобрынскага, Косаве Слонімскага паветаў. На металаапрацоўчым прадпрыемстве Бенкендорфа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага ўезда працавала каля 900 рабочых. Ствараліся ў Беларусі цукровыя прадпрыемствы. У 1857 г. было 13 цукровых заводаў, якія мелі паравыя рухавікі і штогод выраблялі 12,5 тыс. пудоў цукру. На іх працавала 1164 вольнанаёмныя рабочыя. Цукар, які вырабляўся на прадпрыемствах Беларусі, прадаваўся не толькі на мясцовых рынках, але вывозіўся і ў Маскву. Аднак “цукровая гарачка” працягвалася нядоўга. Цукровыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы з больш буйнымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Польшчы і ў сярэдзіне 60-х гг. спынілі сваё існаванне.

    Тым не менш, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі першай паловы ХІХ ст., яе памеры ў параўнанні з агульнарасійскай былі нязначнымі, а тэмпы развіцця – надзвычай маруднымі. Пры гэтым дробнатаварная і мануфактурная вытворчасць у Беларусі з пачатку 30-х гг. перажывала крызіс, які быў звязаны з паглыбленнем крызісу ўсёй прыгонніцкай сістэмы.

    У першай палове ХІХ ст. адбыліся пэўныя зрухі ў складзе насельніцтва Беларусі, што знайшло адлюстраванне галоўным чынам у росце гарадскога насельніцтва. Колькасць гарадскога насельніцтва расла як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з сельскай мясцовасці, якія неўзабаве склалі пераважную колькасць гарадскога насельніцтва і якія засяродзілі ў сваіх руках рамяство і гандаль. 70–90 % гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры). У сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 40 гарадоў і больш чым 300 мястэчкаў. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Аднак у першай палове ХІХ ст. гарады яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці, у іх працягвалі развівацца гандаль і рамяство.

    Развіццё прамысловасці, рост гарадскога насельніцтва стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. Гандаль Беларусі развіваўся пераважна ў форме кірмашоў, часцей з вялікім гандлёвым абаротам. Напрыклад, у Гродзенскай губерні налічвалася 43 кірмашы. На самым буйным з іх – Зэльвенскім – гадавы абарот перавышаў 1 млн руб. Сярод буйных кірмашоў былі таксама Любавіцкі ў Магілёўскай губерні і Мінскі. Усяго ў Беларусі штогод праходзіла каля 200 кірмашоў. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя, прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але таксама з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай губерняў, з Украіны, Польшчы, Прусіі і інш.

    Важнае значэнне ў Беларусі набыў вывазны гандаль. Прадметамі экспарту былі збожжа, лён, пянька, каноплі, лес, спірт, смала, паташ і г.д. У Беларусь завозілі шэрсць, металічныя вырабы, галантарэю, прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г.д.

    У развіцці гандлю важную ролю адыгралі суднаходныя рэкі: Бярэзіна, Прыпяць, Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія звязвалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. У 1804–1805 гг. скончылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Днепр з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. Хоць прапускная магчымасць гэтых каналаў была малой, яны ўсё ж мелі вялікае транспартнае значэнне. На беларускіх рэках і каналах знаходзілася каля 85 прыстаней. Праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг з Беларусі адпраўляліся вялікія баржы з таварамі за мяжу. Гэтаму спрыяла будаўніцтва новых і паляпшэнне старых дарог. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз 3 беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую.

    Але развіццё гандлю было самым цесным чынам звязана з развіццём прамысловасці і сельскай гаспадаркі, са станам плацежаздольнасці насельніцтва. Феадальна-прыгонніцкая сістэма скоўвала развіццё ўсіх галін гаспадаркі, тым самым абмяжоўвала і пашырэнне ўнутранага рынку. Знішчэнне прыгонніцкіх адносін з’яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця.

    КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЕ БЕЛАРУСІ КАНЦА XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XIX ст.

    1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі. Адукацыя і навука. Беларусазнаўства – частка славістыкі

    2. Літаратура. Музычна-тэатральная культура. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура

    1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі. Адукацыя і навука. Беларусазнаўства – частка славістыкі

    У беларускай савецкай гістарыяграфіі, а таксама ў публікацыях 90-х гадоў шырока выкарыстаны тэзісы аб т.зв. “забароне” Мікалаем І назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Ля вытокаў гэтых тэзісаў знаходзіліся складальнікі 2-га тома дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі акадэмік М.М. Нікольскі, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель і інш. Яны, перадрукоўваючы ўказ ад 18 ліпеня 1840 г. з “Хронологического указателя указов и правительственных распоряжений...”, на што зроблена адпаведная спасылка, замянілі яго назву: замест “06 именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилёвскою, Виленскою и Гродненскою” назвалі гэты дакумент так: “Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва” (гл.: Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772–1903). Мн.: Выдавецтва АН БССР, 1940. Т.2. С.369). Аналагічным чынам зрабілі і складальнікі 4-га тома зборніка дакументаў і матэрыялаў “Белоруссия в эпоху феодализма”, якія далі такі загаловак указу ад 18 ліпеня 1840 г.: “Указ Сената о запрещении употребления терминов “Белоруссия и Литва” (гл.: Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1979. Т.4. С.131).

    Усё гэта было зроблена па палітыка-ідэалагічных матывах. На самой справе ніякай “забароны” расійскім урадам назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, беларускай мовы і беларускага друкаванага слова на працягу ўсяго часу ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі ніколі не было (падрабязныя доказы гл.: Гісторыя Беларусі: Вуч. дапам. У 2 ч. Ч.1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. 2-е выд., перапрац. і дап.–Мн.: 2000. С.285–288.).

    Перыяд з канца XVIII па 10-я гг. ХІХ ст. адносіцца да эпохі Асветніцтва ў Беларусі. Ідэйнай асновай дадзенай эпохі сталі працы філосафаў-асветнікаў, якія заклікалі да пераўтварэння грамадскага ладу на рацыянальных, гэта значыць разумных, пачатках. Яны лічылі, што прычына ўсіх пакут народа – невуцтва, таму дасягнуць “Царства розуму” на Зямлі магчыма толькі шляхам развіцця навукі і шырокай асветы народных мас. Менавіта адсюль і ўтварылася сама назва эпохі.

    У эпоху Асветніцтва ў Беларусі набыў распаўсюджанне своеасаблівы мастацкі стыль – класіцызм (ад лац. classicus – узорны). Рацыяналізму асветніцкай філасофіі найбольш адпавядала антычная спадчына. Яна разглядалася ў рамках класіцызму як ідэальны ўзор. Творчая перапрацоўка набыткаў антычнага мастацтва прывяла да ўзнікнення непаўторных помнікаў літаратуры, выяўленчага мастацтва, архітэктуры.

    Прыкладна з 10-х гг. ХІХ ст. у культуры Беларусі ўзнікаюць парасткі новага ідэйнага і мастацкага напрамку – рамантызму. У Заходняй Еўропе рамантызм узнік раней. Ён адлюстраваў расчараванне тымі вынікамі, якімі скончылася французская буржуазная рэвалюцыя канца XVIII ст. Пераўтварэнне грамадства шляхам, прапанаваным філосафамі, не прывяло да стварэння “Царства розуму” на Зямлі. У процівагу асветніцкаму рацыяналізму светапогляд эпохі рамантызму прасякнуты сцвярджэннем перавагі духоўнага пачатку над розумам. Рамантызм не з’яўляўся акрэсленым мастацкім стылем, але ў некаторых сферах мастацкай культуры ён выступаў як альтэрнатыва класіцызму (у літаратуры, жывапісе). Расчараваныя ў рэчаіснасці, рамантыкі звярнуліся да гістарычнага мінулага. Гэта выклікала шырокае распаўсюджанне ў выяўленчым мастацтве і літаратуры гістарычнага жанру. Рамантызм прыўнёс у мастацтва ідэі народнасці, каштоўнасці нацыянальных традыцый і быту.

    З пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта абумовіла правядзенне ў апошняй трэці XVIII – пачатку ХІХ ст. шэрагу рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі.

    У 1802 г. было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з якіх узначальваў папячыцель. Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат Адам Чартарыйскі. Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт, створаны ў 1803 г. Паводле Статута 1804 г., які складзены ў адпаведнасці з французскай асветніцкай філасофіяй XVIII ст., школьная сістэма будавалася па прынцыпе адзінства і пераемнасці: кожная школьная ступень была звязана з папярэдняй і наступнай, пераход у школу ажыццяўляўся без экзамена, на падставе дакумента аб заканчэнні папярэдняй школы. Навучанне аб’яўлялася бясплатным. Сістэма адукацыі ўключала ў сябе прыходскія вучылішчы з гадавым тэрмінам навучання (пачатковая школа), двухгадовыя павятовыя вучылішчы, чатырохгадовыя гімназіі і універсітэты. Станоўчымі вынікамі рэформы на Беларусі з’явіліся рост свецкіх агульнаадукацыйных школ і колькасці навучэнцаў, увядзенне ў навучальныя планы прыродазнаўчых дысцыплін, развіццё жаночай адукацыі.

    У 1828 г. быў выдадзены новы статут навучальных устаноў. Замест адзінай сістэмы пераемна звязаных паміж сабой тыпаў школ, створанай паводле Статута 1804 г., уводзіліся дзве сістэмы, сфарміраваныя па саслоўным прынцыпе: адна з іх павінна была даваць элементарную адукацыю для ніжэйшых саслоўяў (прыходскае вучылішча з 1 – 2 гадамі навучання, затым трохгадовае павятовае вучылішча), другая – сярэдняй і вышэйшай адукацыі – пераважна для дваран (дамашняе навучанне, сямігадовая гімназія, універсітэт).

    Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка іх навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1818–1820 гг. дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія, якая мела правы вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскі настрой. Мовай навучання была польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта спрыяла паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі.

    Расійскі ўрад добра разумеў небяспечнасць такой сітуацыі ў галіне адукацыі, асабліва пасля паўстання 1830–1831 гг. У шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне рускага ўплыву ў краі, было закрыццё ў 1832 г. Віленскага універсітэта і часовая ліквідацыя Віленскай навучальнай акругі (да 1850 г.). У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове. Аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў.

    Адбывалася зараджэнне прафесіянальнай адукацыі на Беларусі. У 1840 г. пачала дзейнічаць Горы-Горацкая земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

    Першая палова ХІХ ст. – час узнікнення навуковага беларусазнаўства. Вывучэнне Беларусі ажыццяўлялі Расійская акадэмія навук, Рускае геаграфічнае таварыства, Віленскі універсітэт, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей расійскіх, створаныя па ініцыятыве Я. Тышкевіча Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія.

    Гісторыю, этнаграфію, фальклор беларусаў яшчэ ў 1780 г. пачала вывучаць экспедыцыя рускага акадэміка І.І. Ляпёхіна. Гэта было знаёмства рускіх вучоных з Беларуссю пасля далучэння яе да Расійскай імперыі. Праца рускага вучонага К.Ф. Калайдовіча “Пра беларускую гаворку” (1822) уяўляла сабой першую спробу навуковага даследавання мовы беларусаў.

    Вялікі інтарэс да Беларусі праявілі польскія вучоныя. Лінгвіст С. Ліндэ і гісторык Т. Чацкі першымі загаварылі пра самабытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе вывучэння.

    У першай палове ХІХ ст. убачылі свет шматлікія дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі: “Беларускі архіў” І.І. Грыгаровіча, “Летапісец Літвы і руская хроніка” І. Даніловіча, “Акты Заходняй Расіі”, “Кнігі пасольскія Метрыкі Вялікага княства Літоўскага” і інш. Выдадзены “Помнікі гісторыі Літвы” Т. Нарбута, выйшлі ў рускім друку Статуты Вялікага княства Літоўскага.

    Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі Іван Грыгаровіч, Ігнат Даніловіч, аўтар дзевяцітомнай “Гісторыі літоўскага народа” Тэадор Нарбут, Міхаіл Без-Карніловіч, які ў 1855 г. выдаў у Пецярбургу “Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах у Беларусі”, лінгвісты Іван Насовіч і Станіслаў Мікуцкі. Пісьменнік-этнограф Павел Шпілеўскі з’яўляўся аўтарам навукова-пазнавальных твораў “Падарожжа па Палессі і беларускім краі” і “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. На карысць беларускай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства працавалі браты Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, вучоны і грамадскі дзеяч Адам Кіркор, публіцыст і адзін з першых даследчыкаў беларускай літаратуры Рамуальд Падбярэзскі.

    2. Літаратура. Музычна-тэатральная культура. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура

    Беларуская літаратура першай паловы ХІХ ст. адлюстравала перапляценне ідэй Асветніцтва і рамантызму, хаця вызначальнымі былі рамантычныя прынцыпы. Менавіта рамантычны светапогляд з яго ўвагай да нацыянальнай культуры спрыяў развіццю фалькларыстыкі, выкарыстанню ў мастацкай творчасці народных песень, казак, паданняў, што і прывяло да ўзнікнення першых твораў на беларускай мове.

    Праблемы народнасці, нацыянальнай самабытнасці ставіліся лепшымі літаратурнымі творамі таго часу, у прыватнасці ананімнымі паэмамі “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. У першым творы ў сатырычным выглядзе паказаны прыгонніцкі лад, упершыню загучала жывая гутарковая беларуская мова, у другім – адлюстравана жыццё беларускай вёскі: антычныя героі і багі паводзілі сябе, апраналіся, весяліліся і бедавалі, як беларускія сяляне і збяднелыя шляхціцы.

    Частка ўраджэнцаў Беларусі працавала на карысць польскай культуры. Найбольш вядомай постаццю сярод іх з’яўляецца Адам Міцкевіч. Свае творы ён пісаў на польскай мове, выкарыстоўваючы сюжэты беларускай гісторыі і фальклору. Як прадстаўнік рамантызму ў польскай літаратуры Адам Міцкевіч паўплываў на творчую дзейнасць пачынальнікаў беларускай літаратуры.

    У першай палове ХІХ ст. з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты з’яўляюцца паэты і празаікі, якія ствараюць беларускамоўныя творы. Так, паэт і фалькларыст Ян Чачот у 1837–1846 гг. выдаў 6 фальклорных зборнікаў “Вясковыя песні”, дзе змясціў беларускія песні ў польскім перакладзе і арыгінале. На іх узор ён і сам пісаў вершы на беларускай мове, у якіх заклікаў гуманна адносіцца да прыгонных сялян. Ян Баршчэўскі амаль усё сваё жыццё прысвяціў збіранню народнай творчасці. Ён стварыў некалькі вершаў на беларускай мове і паэму “Рабункі мужыкоў”. У сваім галоўным творы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял. Сюжэты і вобразы беларускага фальклору шырока выкарыстоўваў Уладзіслаў Сыракомля. Большасць яго твораў напісана на польскай мове, аднак захаваліся і некаторыя беларускамоўныя вершы паэта. Менавіта Сыракомля падтрымаў імкненне Дуніна-Марцінкевіча пісаць па-беларуску.

    Паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Пры стварэнні беларускамоўных твораў перад аўтарам паўставала пытанне, для каго ён піша па-беларуску. Ва ўмовах, калі шляхта грэбавала “мужыцкай” мовай, а асноўная маса насельніцтва была непісьменнай, паэт усё ж стаў на шлях выкарыстання беларускага слова як мастацкага сродку. Вершаваныя аповесці “Вечарніцы”, “Гапон”, “Купала”, “Шчароўскія дажынкі”, “Халімон на каранацыі” і іншыя склалі сапраўдны вершаваны эпас. У іх пісьменнік паказаў духоўную прыгажосць і высакароднасць беларускага селяніна, яго побыт, лад жыцця і думкі, а таксама гістарычнае мінулае свайго краю. Дунін-Марцінкевіч з’яўляецца аўтарам славутых драматычных твораў: камедыі “Пінская шляхта” і “Залёты”.

    У музычна-тэатральнай культуры канца XVIII – першай паловы XIX ст. вылучаецца сваёй адметнасцю прыгонны прафесійны тэатр магнатаў, у якім адпаведна тагачасным дваранскім густам вялікае месца адводзілася спектаклям. Гэты тэатр меў змешаныя оперна-драматычныя трупы, у якіх адны і тыя ж акцёры выконвалі ролі ў оперы, драме, камедыі. Оперы ставілі ў Нясвіжскім і Слуцкім тэатрах Радзівілаў, Ружанскім і Дзярэчынскім (Зэльвенскі р-н) тэатрах Сапегаў і інш.

    Значную частку рэпертуару Гродзенскага, Слонімскага і Шклоўскага тэатраў складалі балеты. Пры некаторых магнацкіх тэатрах існавалі балетныя школы. Высокае прафесійнае майстэрства беларускіх артыстаў балета пацвярджаецца тым, што яны папаўнялі трупы варшаўскіх і пецярбургскіх тэатраў. У 1785 г. гродзенская трупа стала асновай польскага “Таварыства танцораў Яго Каралеўскай Вялікасці”, а 14 прыгонных танцораў Шклоўскага тэатра графа С.Зорыча ўвайшлі ў склад пецярбургскіх тэатраў.

    Прыватныя магнацкія тэатры дзейнічалі таксама і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі: В.Тышкевіча – у Свіслачы і Плешчаніцах, Л.Ракіцкага – у Гарадзішчы пад Мінскам, А.Буйніцкага – у Забор’і, А.Галіцына – у Віцебску, З.Чарнышова – у Магілёве. Пры многіх магнацкіх тэатрах, у панскіх сядзібах існавалі аркестры, харавыя капэлы і іншыя музычныя калектывы. Напрыклад, маёнтак Гарадзец у Магілёўскай губерні, які належаў рускаму арыстакрату, кампазітару-аматару У.Р.Кастрыёту-Скандэрбеку, сябру М.І.Глінкі і А.С.Даргамыжскага, славіўся адным з лепшых у Расіі прыгонным квартэтам.

    Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў папулярны ў шляхецкім, чыноўніцкім і афіцэрскім асяроддзі. На аматарскай сцэне рабіў першыя крокі беларускі нацыянальны тэатр. Ля яго вытокаў стаялі В.Дунін-Марцінкевіч і тыя мінскія акцёры і музыканты-аматары, якія гуртаваліся вакол гэтага выдатнага драматурга, рэжысёра і акцёра. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм’ера аматарскага спектакля – камічнай оперы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, музыку для якой напісалі С.Манюшка і К.Кжыжаноўскі, а лібрэта – В.Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. мінскія аматары паставілі “Ідылію” Дуніна-Марцінкевіча на музыку С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага.

    Глыбокі след у беларускай музычнай культуры пакінуў класік польскай музыкі, ураджэнец Ігуменскага (цяпер Чэрвеньскі р-н) павета Мінскай губерні Станіслаў Манюшка. У Мінску ў таленавітага музыканта і выкладчыка Д.Стэфановіча ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю. 3 Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. Творчая дружба С.Манюшкі з В.Дуніным-Марцінкевічам прынесла вялікі плён: на лібрэта апошняга былі напісаны оперы “Спаборніцтва музыкантаў”, “Чарадзейная вада”, “Сялянка”, пастаўленыя ў Мінску і іншых беларускіх гарадах. Беларускія народныя песні і мелодыі арганічна ўвайшлі ў творы С.Манюшкі.

    Сярод вядомых дзеячаў музычнай культуры, якія працавалі на Беларусі, Міхал Клеафас Агінскі, аўтар славутага паланеза “Развітанне з Радзімай”; Фларыян Міладоўскі, аўтар пастаўленай у Мінску аперэты “Канкурэнты”; Міхаіл Ельскі, мінскі скрыпач і кампазітар; І.Глінскі, гродзенскі спявак і кампазітар; Тэафіля Юзафовіч, скрыпачка; дзеці Дуніна-Марцінкевіча Каміла і Міраслаў, бліскучыя піяністы; Міхаіл Гузікаў, ксілафаніст з еўрапейскім імем; браты Дамінік і Вікенцій Стэфановічы, дырыжоры мінскага духавога аркестра, кіраўнікі фартэпіянных класаў і інш.

    У выяўленчым мастацтве Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму.

    Перапляценне рысаў класіцызму і рамантызму наглядаецца ў творчасці беларускага мастака Іосіфа Аляшкевіча. Мастак жыў у Пецярбургу, аднак часта прыязджаў у Беларусь. Тут ён стварыў шэраг партрэтаў. Некаторыя з іх выкананы ў стылі класіцызму (партрэт А. Чартарыйскага). Асобныя творы Аляшкевіча адлюстравалі рамантычныя павевы.

    Валенцій Ваньковіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як прадстаўнік рамантызму. Майстэрня Ваньковіча ў Мінску была цэнтрам, вакол якога групаваліся лепшыя мастацкія сілы горада. Яе часта наведвалі мастакі Дамель, Кулеша. Сярод знаёмых і сяброў Ваньковіча было шмат дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі, Літвы, Польшчы, у тым ліку і Адам Міцкевіч. Мастак стварыў шэраг іх партрэтаў у стылі рамантызму. Палатно Ваньковіча “Міцкевіч на скале Аюдаг” з’яўляецца тыповым прыкладам рамантычнага партрэта.

    Таленавіты мастак, этнограф і кампазітар Н.Орда абышоў і аб’ездзіў амаль усю Беларусь, Польшчу і Літву, зрабіў каля 500 акварэляў і малюнкаў з натуры, захаваўшы такім чынам для нашчадкаў аблічча цудоўных помнікаў архітэктуры, замкаў, палацаў, вуліц гарадоў, гістарычных мясцін. Яго акварэлі і малюнкі пераводзіліся ў літаграфіі, выдаваліся альбомамі, графічнымі серыямі. Вялікае грамадскае прызнанне атрымалі карціны Н.Орды “Лагойск”, “Крыжоўка”, “Руіны замка ў Лідзе”, “Мір”, “Нясвіж”, “Белая вежа” і інш.

    Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы ён як майстар гістарычнага жанра. Ян Дамель добра ведаў айчынную і антычную гісторыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця краю. Мастак стварыў такія карціны, як “Смерць князя Панятоўскага”, “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Акрамя гістарычных палотнаў, Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажаў.

    Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, сябрам якога ён быў (“Возера Свіцязь”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Заход сонца” і інш.).

    Аўтарам класічных твораў беларускага жывапісу з’яўляецца Іван Хруцкі. У 1839 г. за нацюрморт “Кветкі і садавіна” ён атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Хруцкі напісаў шмат нацюрмортаў, пейзажаў і партрэтаў.

    Прадстаўнікамі бытавога жанру ў выяўленчым мастацтве былі выхаванцы Віленскай школы жывапісу К.Кукевіч, К.Русецкі, Ю.Карчэўскі, Ц.Бычкоўскі і інш. Выразнай манерай пісьма вылучаюцца творы К.Русецкага: “Жняя”, “Вербная нядзеля”, пейзажы ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы.

    У першай палове XIX ст. у мастацтве Беларусі вырасла папулярнасць графікі. Гэта было выклікана развіццём паліграфічнай вытворчасці, выданнем масавымі тыражамі друкаваных твораў. Звярталіся да мастацкага прыёму графікі ілюстратары, картографы. Найбольш вядомымі графікамі былі М.Падалінскі, Ю.Главацкі, Ю.Азямблоўскі, Б.Клямбоўскі.

    З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры. Архітэктары паступова адмаўляліся ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы. Набывалі распаўсюджанне антычная ордэрная сістэма і простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні. Класічны ордэрны порцік станавіўся характэрнай часткай палацаў, сядзіб і некаторых культавых пабудоў.

    Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярый, бальніц, гімназій), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва стала разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. Горадабудаўніцтва станавілася дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў.

    Найбольш значная з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі – Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, створаны ў 1809–1819 гг. Ён сведчанне таго, што ідэі класіцызму атрымалі перавагу над тымі традыцыямі будаўніцтва праваслаўных храмаў, якія дагэтуль існавалі на працягу стагоддзяў. Выкарыстанне тыповых прыёмаў класіцызму пры будаўніцтве сабора ў Гомелі дазволіла стварыць велічную прынцыпова новую архітэктурную пабудову.

    Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі – ад невялікіх сядзіб дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца палац-рэзідэнцыя графа М.Румянцава (з 30-х гадоў XIX ст. перайшоў да фельдмаршала І.Паскевіча) у Гомелі, палацавы комплекс у Снове Нясвіжскага раёна, Крычаўскі і Жыліцкі палацы, палацы генерал-губернатара ў Віцебску і віцэ-губернатара ў Гродне.

    Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве. Рамантычныя пейзажныя паркі ствараліся па прынцыпе свабоднай кампазіцыі, аздабляліся штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі (Гомельскі, Лагойскі, Жыліцкі, Савейкаўскі паркі).
    1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   31


    написать администратору сайта