курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
Скачать 1.91 Mb.
|
3. Беларусь напярэдадні Першай сусветнай вайны. У пачатку ХХ ст. расiйскi капiталiзм уступiў у новую стадыю свайго развiцця – iмперыялiстычную. Прамысловасць Беларусi развiвалася на базе iнтэнсiўнага выкарыстання лясных багаццяў краю i перапрацоўкi мясцовай сельскагаспадарчай сыравiны. Эканамiчны крызiс 1900–1903 гг. паскорыў стварэнне на Беларусi манапалiстычных аб’яднанняў з удзелам мясцовага, расiйскага i замежнага капiталаў, якiя паступова выцяснялi дробную вытворчасць. Акцыянерным таварыствам належалi такiя буйныя прадпрыемствы Беларусi, як Вiцебская льнопрадзiльная фабрыка “Дзвiна” (Руска-Бельгiйскае акцыянернае таварыства), трамвай i электрычная станцыя ў Вiцебску (Бельгiйскае акцыянернае таварыства), Шклоўская папяровая фабрка (Рускае акцыянернае таварыства карданажна-папяровай вытворчасцi). У гэты час былi створаны i мясцовыя манапалiстычныя аб’яднаннi: акцыянерныя таварыствы тытуневай фабрыкi “Нёман” (былая Шарашэўскага) у Гродне, запалкавых фабрык “Прагрэс-Вулкан” у Пiнску i “Маланка” у Мазыры. У 1900–1913 гг. у эканомiцы Беларусi значна ўзрасла роля банкаў. Акрамя губернскiх аддзяленняў цэнтральных расiйскiх банкаў (Дзяржаўнага, Сялянскага i Дваранскага), на Беларусi дзейнiчалi шмат камерцыйных банкаў – Мiнскi, Магiлёўскi, а таксама губернскiя i павятовыя аддзяленнi Руска-Азiяцкага, Азова-Данскога, Руска-Французкага, Вiленскага, Беластоцкага банкаў. У вынiку развiцця прамысловасцi, транспарту, гандлю на Беларусi паскорыўся рост гарадоў, якiя ператваралiся ў фабрычна-заводскiя цэнтры. У 1913 г. самым буйным гарадам быў Мiнск, другiм па значэннi – Вiцебск, трэцiм – Гродна, потым iшлi Пiнск, Гомель, Магiлеў, Бабруйск, Барысаў, Рэчыца. Тым не менш, па ўзроўню манапалiзацыi i канцэнтрацыi прамысловасцi Беларусь значна адставала ад агульнарасiйскiх пакажчыкаў. Тут па-ранейшаму вялiкую ролю працягвалi адыграваць дробныя і рамесна-саматужныя прадпрыемствы, якiя ў 1913 г. давалi 50 % валавой прадукцыi прамысловасцi. Тым не менш Беларусь па-ранейшаму заставалася адным з аграрных раёнаў Расii. У 1913 г. яе сельская гаспадарка давала 56,9 % даходу, а прамысловасць толькi 15 %. Пад уплывам попыту рынку сельская гаспадарка Беларусi рабiлася ўсе больш гандлёвай, яшчэ выразней праявiлася яе спецыялiзацыя на вытворчасцi малака, малочнай прадукцыi i мяса. Хутка пашыралiся плошчы пад тэхнiчныя i кармавыя культуры, асаблiва бульбу i травасеянне. Да 1913 г. iстотна вырасла выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнiкi (малатарняў, веялак, сеялак, жняярак, сенакасiлак) у памешчыцкiх гаспадарках i ў заможных сялян. У пачатку ХХ ст. паскорыўся працэс распаду феадальнай i фармiраванне буржуазнай зямельнай уласнасцi. Да 1914 г. 2/3 памешчыцкiх зямель былi закладзены ў банках. Зямлю iнтэнсiўна прадавалi дваране, чыноўнiкi, афiцэры, а куплялi пераважна заможныя сяляне, купцы, мяшчане. У 1914 г. заможных сялян на Беларусi стала 12 %, а беднякоў – 68 %. Росту капiталiзму ў сялянскай гаспадарцы Беларусi i класаваму расслаенню вескi ў значнай ступенi садзейнiчала сталыпiнская (П.А. Сталыпiн – прэм’ермiнiстр i мiнiстр унутраных спраў) аграрная рэформа. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. вiдавочна паказала, што для захавання самадзяржаўнага ладу падтрымкi толькi з боку памашчыкаў недастаткова. Трэба было знайсцi ў грамадстве больш моцную сацыяльную апору. Такой апорай магло стаць заможнае сялянства. А дзяля гэтага неабходна было лiквiдаваць сярэдневяковыя формы землеўладання, галоўнай з якiх была сялянская абшчына. У адпаведнасцi з указам ад 9 лiстапада 1906 г. кожны селянiн мог выйсцi з абшчыны i атрымаць зямлю, якой карыстаўся, у асабiстую ўласнасць, прычым на адным участку, на хутары ці водрубе. Рэформа прадугледжвала таксама перасяленне сялян з еўрапейскай частцы Расii, дзе зямлi не хапала, у азiяцкую. У беларускiх губернях разбурэнне сялянскай абшчыны і замацаванне надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць сядян праходзіла больш хуткімі тэмпамі. Напрыклад, калі ў Вiцебскай i Магiлеўскай губернях, дзе было распаўсюджана абшчыннае землеўладанне, да 1915 г. выйшлі з абшчыны і замацавалі надзельную зямлю ў асабістую ўласнасць 48 % двароў, то па Расii ў цэлым – толькi 22 %. Існаванне ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях падворна-спадчыннага сялянскага землеўладання таксама аблягчала працэс замацавання зямлі ў асабістую залежнасць. На Беларусi быў большым i працэнт створаных хутароў (12 % супраць 10 % ва ўсей Расii), хаця вялікай актыўнасці сялянства не праяўляла. Перасяленчай палiтыцы ў Беларусi спрыяла сялянскае малазямелле. Сяляне-беднякi ахвотна выходзiлi з абшчыны, прадавалi свой надзел i многiя з iх уключалiся ў перасяленчы рух (з 1907 г. па 1914 г. з Беларусi перасялiлiся 335 тыс. чалавек). Разам з тым у заходнiх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казенных зямель быў створаны спецыяльны фонд для рускiх пасяленцаў, адпаведную фiнансавую палiтыку праводзiў i Сялянскi банк. У дадатак да аграрных пераўтварэнняў у Вiцебскай, Магiлеўскай i Мiнскай губернях 14 сакавiка 1911 г. уводзiлiся земскiя ўстановы. Уводзячы земствы, П.А. Сталыпiн iмкнуўся аблегчыць правядзенне зямельнай рэформы i ўзняць палiтычную ролю заможнага сялянства ў сiстэме мясцовага кiравання. Выбары ў земскiя ўстановы ажыццяўлялiся па “рускай” i “польскай” курыям, пры гэтым праваслаўных сялян залiчвалi ў “рускую”, а католiкаў – у “польскую”. Гэта павiнна было аслабiць у краi палітычны ўплыў памешчыкаў польскага паходжання, якія эканамічна былі значна мацней за рускіх памешчыкаў і праваслаўных сялян. Увядзенне земстваў адыграла таксама значную ролю ў павышэннi культуры земляробства i жывёлагадоўлi. Земствы арганiзоўвалi заатэхнiчныя i ветэрынарныя службы, садзейнiчалi продажу i пракату сельскагаспадарчай тэхнiкi. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ БЕЛАРУСІ. Паўстанне 1863г. і яго сацыяльна-палітычныя вынікі. Фарміраванне палітычных партый. Нацыянальнае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі перыяд” беларускага нацыянальнага.Беларусь у часы рэвалюцыі 1905-1907 гг. 1. Паўстанне 1863г. і яго сацыяльна-палітычныя вынікі. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі амаль самым вострым было польскае пытанне. З часоў падзелу Рэчы Паспалітай польскі патрыятычны рух не даваў спакою расійскім уладам. Польскі патрыятычны лагер падзяліўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў – прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы. Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалi назву “чырвоныя”. Фактычна яны ўяўлялi сабой шырокi i разнастайны дэмакратычны блок, у якi ўваходзiлi дробная i беззямельная шляхта, афiцэры, дробная гарадская буржуазiя, iнтэлiгенцыя, студэнцтва. Сярод “чырвоных” не было адзiнства наконт метадаў дасягнення сваiх мэт. Яны падзялялiся на правых – памяркоўных i левых – прадстаўнiкоу рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Першыя рабiлi стаўку на шляхту i асцерагалiся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалi роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, лiтоўцаў, украiнцаў з палякамi, але выступалi за адзiную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалi надзяленне сялян зямлёй за кошт яе частковай канфiскацыi ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыi. Левыя разлiчвалi на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на iх думку, быў гарантаваны толькi ў саюзе i адзiстве дзеянняў з расійскімі рэвалюцыянерамi. Яны прызнавалi права на нацыянальнае самавызначэнне лiтоўцаў, украiнцаў i беларусаў. Аграрнае пытанне планавалася вырашыць шляхам лiквiдацыі памешчыцкага землеўладання. Працiўнiкаў паўстання называлi “белымi”. Гэта былі пераважна памешчыкi, сярэдняя буржуазiя, частка iнтэлiгенцыi. Белыя не жадалi нiякiх сацыяльна-эканамiчных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялi права на нацыянальна-палiтычнае самавызначэнне лiтоўцаў, украiнцаў i беларусаў. Дабiцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. яны хацелi выкарыстоўваючы нацiск заходнееўрапейскiх краiн на расiйскiя ўлады. Гэтыя палiтычныя плынi сфарміраваліся і iснавалi не толькi ў Польшчы, але i на тэрыторыi Беларусi i Лiтвы. Восенню 1861 г. у Варшаве з разнастайных рэвалюцыйных груповак быў арганiзаваны паўстанцкi гарадскi камiтэт, перайменаваны ў 1862 г. у Цэнтральны нацыянальны камiтэт (ЦНК). Камiтэт здолеў наладзiць шырока разгалiнаваную агульнапольскую арганiзацыю. Рэвалюцыйныя сiлы Варшавы ўзначалiў прадстаўнiк левага крыла “чырвоных” Яраслаў Дамброўскi. З мэтай падрыхтоўкi паўстання ў Беларусi i Лiтве ўлетку 1862 г. у Вiльнi быў створаны Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт (ЛПК). “Левых” ў Беларусi ўзначальваў Канстанцiн Калiноўскi (1838–1864). Ён паходзiў з сям’i збяднелага шляхцiца Гродзенскай губернi, скончыў Пецярбургскi ўнiверсiтэт, актыўна ўдзельнiчаў у тайным гуртку польскага рэвалюцыянера З. Серакоўскага. Вярнуўшыся ў 1861 г. на радзiму, К. Каліноўскі пры дапамозе В. Урублеўскага стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйную арганiзацыю з разначыннай iнтэлiгенцыi, якая мела сувязь з арганiзацыямi Вiльні, Масквы, Пецярбурга. У 1862–1863 гг. ён разам з В. Урублеўскiм i Ф. Ражанскiм выдаў 7 нумароў падпольнай рэвалюцыйнай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (друкавалася лацiнкай). Газета была прасякнута рэвалюцыйна-дэмакратычнымi iдэямi, заклiкала беларускi народ да ўзброенай барацьбы супраць самадзяржаўя i паноў, iдэалiзавала мiнулае беларускага народа, паказвала агульнае ў жыццi i марах беларускага i польскага сялянства, заклiкала беларускiх сялян падтрымаць польскi нацыянальна-вызваленчы рух, брала пад абарону ўнiяцкую царкву i заклiкала да барацьбы з праваслаўем. Пачынаючы выданне “Мужыцкай праўды” К. Калiноўскi i яго сябры, выхаваныя на iдэях Герцэна, Дабралюбава i Чарнышэўскага, мелi на мэце перш за ўсе прыцягненне да паўстання сялян, якiх яны лiчылi галоўнай рэвалюцыйнай сiлай. А каб сяляне лепш зразумелi iх, i была выкарыстана беларуская мова. Падрыхтоўка да паўстання яшчэ не была завершана, калi ў канцы 1862 г. стала вядома пра намер расійскага ўрада правесцi ў Польшчы масавы рэкруцкi набор. Набору падлягалі якраз тыя групы насельніцтва, з якіх вербаваліся члены будучых паустанцкіх атрадаў. Гэта паведамленне прымусiла ЦНК прызначыць паўстанне на студзень 1863 г. 22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясцiў сябе Часовым нацыянальным урадам i заклiкаў паўстанцкiя атрады да нападзення на расійскія войскi ў правiнцыяльных гарнiзонах. У манiфесце i двух аграрных дэкрэтах Часовага нацыянальнага ўрада была выкладзена праграма паўстання: Польшча абвяшчалася незалежнай краiнай з роўнымi правамi ўсiх яе грамадзян перад законам, дазвалялася дзейнасць ўнiяцкай царквы, планавалася перадаць сялянам iх зямельныя надзелы ў поўнае ўладанне, а памешчыкам выплацiць кампенсацыю з дзяржаўнай казны, пасля перамогi было паабяцана надзялiць зямлёй беззямельных удзельнiкаў паўстання. Спецыяльны зварот да насельнiцтва Беларусi i Лiтвы заклiкаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы, але ў iм нiчога не гаварылася аб нацыянальна-палiтычным самавызначэннi гэтых тэрыторый. Падзеi ў Варшаве былi нечаканымi для ЛПК, але ён вырашыў падтрымаць польскiх паўстанцаў. ЛПК, перайменаваны ў Часовы ўрад Лiтвы i Беларусi на чале з К. Калiноўскiм, 1 лютага 1863 г. звярнуўся да насельнiцтва Беларусi i Лiтвы з манiфестам, у якiм заклiкаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Каб не парушаць адзiнства дзеянняў, ЛПК вымушаны быў падтрымаць у сваiм манiфесце i праграму паўстання, прынятую ў Варшаве. У студзенi–лютым 1863 г. ў Беларусi з’явiлiся першыя паўстанцкiя атрады, якiя прыйшлi з Польшчы. Мясцовыя атрады пачалi дзейнiчаць у сакавiку–красавiку i былi падначалены Вiльні. Яны складалiся з дробнай шляхты, афiцэраў, рамеснiкаў, студэнтаў, гiмназiстаў старэйшых класаў, сялян. Аднак адзiнага плана баявых дзеянняў у паўстанцаў не было. Асобныя спробы ўзаемадзеяння паўстанцкiх атрадаў заканчвалiся беспаспяхова. Многiя з iх былi разбiты ў самым пачатку фармiравання. Паўстанцам не ўдалося авалодаць якiмi-небудзь значнымi стратэгiчнымi пунктамi. Толькi атрад Л. Звяждоўскага пры падтрымцы студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага iнстытута ў красавiку 1863 г. на кароткi тэрмiн здолеў захапiць павятовы горад Горкi (Магiлёўская губерня). Найбольш актыўна паўстанцы дзейнiчалi ў Гродзенскай губернi, дзе ваяводскiм камiсарам быў К. Калiноўскi. Паўстанне 1863–1864 гг. адбывалася ва ўмовах правядзення аграрнай рэформы ў Расii. Самыя радыкальныя з кiраўнiкоў паўстанцкiх атрадаў – В. Урублеўскi, Ф. Ражанскi, М. Чарняк, З. Серакоўскi, А. Мацкявiчус, А. Трусаў, Л. Звяждоўскi – спадзявалiся на незадаволенасць сялян умовамi рэформы i iмкнулiся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстаннi як мага больш сялян. Левыя “чырвоныя” у ЛПК, асаблiва К. Калiноўскi, планавалi распаўсюдзiць паўстанне на прыбалтыйскiя i расійскія губернi. Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявiлiся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асаблiва ва ўсходнiх губернях Беларусi: ў Вiцебскай – 7 %, Магiлёўскай – 13 %, Мiнскай – 20 %. Толькi ў Вiленскай i Гродзенскай губернях сяляне складалi больш за чвэрць паўстанцаў – адпаведна 27 i 33 %. Для сялян Беларусi былi незразумелымi лозунгi Варшаўскага ЦНК аб адраджэннi Рэчы Паспалiтай у межах 1772 г. Не змагла iх задаволiць i вельi абмежаваная аграрная праграма паўстанцаў. Значнай перашкодай распаўсюджанню паўстання з’явiлася далучэнне да паўстанцаў “белых”. Больш таго, паступова яны ўзялi кiраўнiцтва паўстаннем у свае рукi. Спадзяючыся на англа-французскае выступленне супраць Расii, “белыя” жадалi толькi пратрымацца некаторы час. У сакавiку 1863 г. па загаду Часовага нацыянальнага ўрада ў Варшаве Вiленскi Часовы ўрад Лiтвы i Беларусi быў распушчаны i створаны Аддзел кiраўнiцтва правiнцыямi Лiтвы, у якi ўвайшлi “белыя”. Аддзел узначалiў ковенскi памешчык Якуб Гейштар. К. Калiноўскi спрабаваў супрацiўляцца, але каб не ўносiць раскол у рады паўстанцаў, вымушаны быў падпарадкавацца. Ён заняў пасаду ваяводскага камiсара на Гродзеншчыне. Спадзяваннi “белых” на падтрымку Ангii i Францыi не спраўдзiлiся. Гэтыя дзяржавы асаблiва не жадалi ды i не мелi неабходных сiл, каб ваяваць з Расiяй з-за Польшчы, а iх дыпламатычныя захады Пецярбург рашуча адхiлiў. Ужо ў маi 1863 г. паўстанне ў Вiцебскай, Магiлеўскай i Мiнскай губернях было падаўлена, а летам расійскае камандаванне накiравала буйныя вайсковыя сiлы ў Польшчу. Поспеху ў барацьбе з паўстаннем расійскiя ўлады дасягнулi не толькi дзякуючы вайсковай сiле. У маi 1863 г. Вiленскiм генерал-губернатарам быў назначаны М.М. Мураўёў. Гэта быў энергiчны дзяржаўны дзеяч, якi з веданнем справы рабiў тое, да чаго быў заклiканы. У Вiльню ён прыехаў з планам дзеянняў i з неабмежаванымi паўнамоцтвамi. Галоўную ўвагу ён звярнуў на цывiльнае кiраванне, маючы на мэце знайсцi ў краi тыя элементы, на якiя рускiя ўлады маглi б абаперцiся. Перш за ўсе, гэта было беларускае сялянства. М.М. Мураўёў дабiўся, каб у краi не толькi выконвалiся нормы “Палажэнняў” 1861 г., але i значнага iх паслаблення: было лiквiдавана “часоваабавязанае” становiшча сялян і уведзены абавязковы выкуп сялянскiх надзелаў, у поўным аб’ёме вярталася зямля, адабраная з 1857 г. (“адрэзкі”), на 20 % зменшаны выкупныя плацяжы, беззямельныя сялянскія сем’і надзялялiся трыма дзесяцiнамi зямлi. Больш таго, сялянам перадавалася зямля ўдзельнiкаў паўстання. М.М. Мураўёў абавязаў сельскiя таварыствы наглядаць за мясцовай шляхтай, арганiзаваў спецыяльныя сялянскiя каравулы, якiя павiнны былi весцi барацьбу з паўстанцамi; разгарнулася шырокая антыпаўстанцкая i антыпольская агiтацыя. Усе гэтыя меры звужвалі раён дзеянняў паўстанцаў i адштурхоўвалі ад iх сялян. М.М. Мураўёў таксама зрабiў захады для замены польскiх чыноўнiкаў расійскімі (праваслаўнымi), зачыняў каталiцкiя кляштары i касцёлы, спрабаваў узмацнiць значэнне праваслаўнага духавенства i падняць яго матэрыяльны дабрабыт. У навучальных i грамадскiх установах была ўведзена руская мова як абавязковая, забаронена выкладанне польскай мовы ў сельскiх школах, зачынялiся польскiя бiблiятэкi. Прадчуваючы хуткае паражэнне паўстання, “белыя” пачалi пакiдаць свае пасады ў кiраўнiцтве. Да ўлады iзноў прыйшлi “чырвоныя”. У чэрвенi 1863 г. ў Вiльню вярнуўся К. Калiноўскi, а ў лiпенi ён стаў старшынёй Вiленскага аддзела. Да канца лета ў руках К. Калiноўскага сканцэнтравалася ўсё кiраўнiцтва паўстанцкiмi атрадамi на тэрыторыi Лiтвы i Беларусi, сваiх прыхiльнiкаў ён назначаў на галоўныя пасады, паспрабаваў аднавiць сувязi з рэвалюцыйнай арганiзацыяй “Зямля i воля”. Аднак выратаваць паўстанне ўжо не удалося. Мясцовыя памешчыкi канчаткова адышлi ад паўстання. 28 жнiўня Польскi нацыянальны ўрад загадаў спынiць ваенныя дзеяннi. У вераснi 1863 г. узброеныя паўстанцкія атрады ў заходнiх губернях Беларусi i Лiтве былі разбіты, а летам 1864 г. лiквiдавана апошняя рэвалюцыйная арганiзацыя ў Навагрудскiм павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкiя атрады дзейнiчалi яшчэ да восенi 1864 г., але таксама былi разбiты. К. Калiноўскi быў арыштаваны ў студзенi 1864 г. i 22 сакавiка таго ж года павешаны ў Вiльнi. Увогуле за ўдзел у паустаннi 128 чалавек былi пакараны смерцю, 853 сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. выселены, у тым лiку 504 – у Сiбiр. Рэвалюцыянеры ўсiх краiн сачылі за барацьбой палякаў з глубокiм спачуваннем. Рэвалюцыйныя дэмакраты ў Расii, прадстаўнiкi расійскай палiтычнай эмiграцыi лiчылi справу Польшчы сваёй кроўнай справай. У абарону паўстанцаў выступiў “Колокол” А. Герцэна. М. Бакунiн апублiкаваў адозву “Да рускага, польскага i да ўсiх славянскiх народаў”, дзе заклiкаў падтрымаць польскiх патрыётаў. Нямала расійскіх рэвалюцыянераў змагалася ў радах паўстанцаў. У заходнееўрапейскай прэсе распаўсюджвалася iнфармацыя аб ходзе паўстання, сабiралася i накiроўвалася ў Польшчу зброя, з эмiгрантаў вербавалiся добраахвотнiкi. З дапамогай цэнтра “Маладая Еўропа” i асабiста Д. Гарыбальдзi рыхтавалiся палiтычныя i ваенныя кiраўнiкi паўстанцаў. Пры непасрэдным удзеле К. Маркса i Ф. Энгельса, якiя лiчылi польскае пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыi, арганiзоўвалiся акцыi салiдарнасцi заходнееўрапейскiх рабочых з польскiм народам. Народніцкія і сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на Беларусі Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. на Беларусi адбыўся рэзкi спад сялянскiх выступленняў i на працягу наступных 40 год сялянскi рух нiколi не дасягаў таго ўзроўню, якi назiраўся на рубяжы 50–60 гг., у час падрыхтоўкi i правядзення рэформы 1861 г. У 1864–1880 гг. рэрiстравалася ў сярэднiм толькi 8–10 сялянскiх хваляванняў штогод. У 80-я гады адбыўся адносны ўздым сялянскага руху (амаль падвоiўся ў параўнаннi з папярэднiм дзесяцiгоддзем), але ў 90-я гады наступiў чарговы спад. Xваляваннi сялян былi паасобнымi i неарганiзаванымi. Арганiзаваны рэвалюцыйны рух на Беларусi пачаў адраджацца толькi ў сярэдзiне 70-х гг. У той час самым радыкальным накiрункам апазiцыйнай грамадскай думкi ў Расii было народнiцтва. Iдэалагiчна яно грунтавалася на тэорыi сялянскага сацыялiзму, заснавальнiкамi якой былi Герцэн i Чарнышэўскi. Народнiкi верылi ў асаблiвы шлях развiцця Расii. Iм вельмi не падабаўся капiталiзм, якi суправаджаўся пралетарызацыяй дробных уласнiкаў. Народнiкi спадзявалiся, што Расiя мае магчымасць пазбегнуць капiталiстычнай стадыi i абапiраючыся на сялянскую абшчыну, перайсцi адразу да сацыялiзму. Сваiх прыхiльнiкаў народнiцтва знайшло, перш за ўсе, сярод разначыннай iнтэлiгенцыi. З самага пачатку ў народнiцтве iснавалi дзве плынi – рэвалюцыйная i рэфарматарская. Прадстаўнiкi першай асноўным сродкам дасягнення сваiх мэт лiчылi сялянскую рэвалюцыю i рабiлi ўсе магчымае, каб падштурхнуць сялян да рашучай барацьбы супраць самадзяржаўя i перажыткаў прыгоннiцтва. Памяркоўныя народнiкi хацелi перайсцi да сацыялiзму шляхам паступовага рэфармавання iснуючага ладу Расii. У 70-я – пачатку 80-х гг. найбольш папулярным было рэвалюцыйнае народнiцтва, якое выпрацавала тры праграмы дзеянняў: прапагандысцкую (П.Л. Лаўроў), бунтарскую (М.А. Бакунiн) i змоўнiцкую (П.М. Ткачоў). Народнiцкi рух на Беларусi быў iдэйна i арганiзацыйна звязаны з агульнарасiйскiм. Сярод вядомых расiйскiх народнiкаў 70-х былi ўраджэнцы Беларусi – М. Судзiлоўскi, С. Кавалiк, I. Грынявiцкi, Р. Iсаеў, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскi. У другой палове 70-х – пачатку 80-х у Мiнску, Магiлеве, Гродне, Вiцебску, Пiнску, Оршы, Слуцку i iншых гарадах Беларусi дзейнiчалi народнiцкiя гурткi. Калi летам 1879 г. пецярбургская арганiзацыя “Зямля i воля” раскалолася на “Народную волю” i “Чорны перадзел”, большасць народнiкаў на Беларусi падтрымала апошннюю, якая прытрымлiвалася старой прапагандысцкай тактыкi. У 1879 i 1880 гг. на Беларусь двойчы прыязджаў лiдэр “Чорнага перадзелу” Г.В. Пляханаў. У Мiнску была арганiзавана цэнтральная падпольная друкарня “Чорнага перадзелу”, якая ў пачатку 1881 г. выпусцiла тры нумары цэнтральнага органа арганiзацыi газеты “Черный передел”, столькi ж нумароў газеты для рабочых “Зерно” i дзве пракламацыi. Мiж тым, “Чорны перадзел” праiснаваў нядоўга, у 1882 г. арганiзацыя распалася. Яе былыя прыхiльнiкi пачалi пераходзiць на пазiцыi “Народнай волi”. У сваей дзейнасцi нарадавольцы рабiлi стаўку на iндывiдуальны палiтычны тэрор супраць прадстаўнiкоў улады. 1 сакавiка 1881 г. пасля некалькiх няўдалых спроб, яны забiлi Аляксандра II. Бомбу ў цара кiнуў ураджэнец Мiнскай губернi I.Грынявiцкi. Кiраўнiкi “Народнай волi” спадзявалiся, што забойства цара з’явiцца сiгналам да народнага паўстання ў Расii. Аднак нiякага паўстання не адбылося, а рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў у хуткiм часе прывялi да знiшчэння цэнтральных i многiх правiнцыйных аргаiзацый “Народнай волi”. Рэвалюцыйнае народнiцтва апынулася ў глыбокiм iдэйна-арганiзацыйным крызiсе. Народнiкi на Беларусi спрабавалi аб’яднацца ў адзiную арганiзацыю. У пачатку 1882 г. у Вiльне была створана “Паўночна-заходняя арганiзацыя “Народнай волi”. Праiснавала яна нядоўга. Ужо ў канцы года палiцыi ўдалося арыштаваць членаў цэнтральнай групы. На Беларусi засталiся дзейнiчаць толькi некаторыя мясцовыя гурткi: ў Гродне, Мiнску, Вiцебску, Пiнску, Магiлеве, Горках. У першай палове 80-х гг. у Пецярбургу iснавалi гурткi студэнтаў-выхадцаў з Беларусi нарадавольнiцкага i лiберальна-асветнiцкага накiрункаў. Падпольна яны выдалi некалькi публiцыстычных твораў, напiсаных на рускай мове. У 1884 г. члены групы “Гоман” (А.Марчанка, Н.Ратнер i iнш.) выступiлi з iнiцыятывай аб’яднання ўсiх народнiцкiх гурткоў Беларусi. Iмi было выдадзена два нумары гектаграфiчнага часопiса “Гоман” (на рускай мове). Iх iдэалам была вольная ад сацыяльнага i нацыянальнага прыгнету Расiя, пабудаваная на аснове федэрацыi самакiруючых абласцей. Гоманаўцы аб’явiлi сябе “Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай”. Яны мелi сувязi з народнiцкiмi гурткамi Мiнска, Вiцебска, Магiлева, але аб’яднаць усiх рэвалюцыйных народнiкаў Беларосi ў той час не былi здольны. Як i iншыя арганiзацыi рэвалюцыйнага народнiцтва Расii, беларускiя народнiкi перажывалi значны крызiс. У другой палове 80-х – 90-я гг. пануючым накiрункам у народнiцтве становiцца лiберальны. Лiберальныя народнiкi адмовiлiся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы i галоўную ўвагу звярнулi на рэфармаванне зямельнага заканадаўства з мэтай павялiчыць сялянскае землеўладанне i захаваць абшчыну ў весцы. Гэтым яны спадзявалiся вырашыць аграрную праблему. Разам з тым, беларускiя лiберальныя народнiкi цiкавiлiся гiсторыяй i культурай свайго краю, спрыялi развiццю нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў. Пасля рэформы 1861 г. на Беларусi значна паскорыўся працэс фармiравання класа наемных рабочых. Асаблiвасцi сацыяльна-эканамiчнага развiцця беларускiх губерняў – адсутнасць буйных i перавага дробных рамеснiцкiх прадпрыемстваў з невялiкай колькасцю працуючых на iх рабочых, сялянскае малазямелле i мноства яўрэйскай беднаты ў горадзе – стваралi лiшак рабочай сiлы i пашыралi магчымасцi эксплуатацыi пралетарыяту. Так, заработная плата беларускiх рабочых у параунаннi з агульнарасiйскiмi паказчыкамi канца XIX – пачатку XX ст. была амаль на 1/3 нiжэй. У першыя два дзесяцiгоддзi пасля адмены прыгоннiцтва ўмовы працы рабочых нiяк не рэгламентавалiся, адсутнiчала ўсялякая сацыяльная забяспечанасць. Тым не меньш, выступленняў рабочых на Беларусi было ня шмат. У 70-я гады iх зарэгiстравана 7, у 80-я – 10. Толькi ў 90-я гады назiраецца ўздым стачачнай барацьбы – адбылося ўжо 59 выступленняў, прычым 53 з iх у другой палове. Паступова рабочы рух набывае ўсе большую арганiзаванасць i ў канцы ХIХ ст. вылучаецца ў самастойную плынь. У гэты ж час iдэалогiя народнiцтва пачынае саступаць месца марксiзму. Першае знаемства з марксiсцкай лiтаратурай адбылося яшчэ ў гуртках народнiкаў. Узнiкненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусi звязана з дзейнасцю польскай партыi “Пралетарыят” (утварылася ў 1882 г.) i асаблiва пляханаўскай групай “Вызваленне працы” (утворана ў 1883 г. у Швейцарыi). У дугой палове 80-х – пачатку 90-х гг. у некаторых гарадах Беларусi былi арганiзаваны гурткi, у якiх вывучалiся працы К. Маркса, Ф. Энгельса i iх паслядоўнiкаў. Першыя марксiсцкiя гурткi на Беларусi былi нешматлiкiя i амаль не звязаныя з масавым рабочым рухам. Аднак ужо з сярэдзіны 90-х гадоў у сацыял-дэмакратычным руху Расіі адбываюцца значныя змены. Пачынаецца пераход ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі. На Беларусі гэтаму пераходу шмат садзейнічала рукапісная брашура А.Крэмера “Аб агітацыі” (1893). У той час сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Смаргоні, Брэст-Літоўску, Гродне, Ашмянах. Так, у Мiнску ў гэты час аформiлiся дзве сацыял-дэмакратычныя групы. Адну ўзначальвалi Я.Гурвiч i П.Берман. Яны разгарнулi агiтацыю сярод яўрэйскiх рабочых дробнакапiталiстычнай i рамеснай вытворчасцi. Другая група, пад кiраўнiцтвам С. Трусевiча вяла прапаганду на буйных прадпрыемствах Мiнска. У красавіку 1896 г. С. Трусевiч удзельнiчаў у рабоце ўстаноўчага з’езда Лiтоўскай сацыял-дэмакратычнай партыi (ЛСДП) у Вiльнi, але не пагадзiўся з яе сепаратызмам i ў маi 1896 г. стварыў Рабочы саюз Лiтвы (РСЛ), якi аб’яднаў iнтэрнацыянальныя рабочыя арганiзацыi Вiльнi, Мiнска i Смаргонi. |