курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
Скачать 1.91 Mb.
|
Пытанні і заданні1. Да якіх сацыяльна-эканамічных і палітычных змен прывяла рэформа 1861г.? 2.Чаму паўстанне 1863-1864гг. На Беларусі пацярпела паражэнне? 3.Як выяўлялася палітыка царскага ўрада ў адносінах да Беларусі пасля паўстання 1863г.? 4. Якія змены адбыліся ў спецыялізацыі сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі пасля адмены прыгоннага права і да пачатку ХХ ст.? 5.Якую ролю адыграў чыгуначны і рачны транспарт у развіцці сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці Беларусі ў 60-я гады ХІХ ст. – першыя гады ХХ ст.? 6. Калі пачалася і якія асаблівасці мела імперыялістычная стадыя капіталізму ў эканоміцы Беларусі? 7.Што дадатнага і адмоўнага прынесла Беларусі палітыка Пятра Сталыпіна? 8. З чаго пачынаўся і якімі арганізацыямі быў прадстаўлены беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.? 9.Што абумовіла ўзнікненне ці актывізацыю дзейнасці на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. палітычных партый і арганізацый з яўна акрэсленай нацыянальна-рэлігійнай арыентацыяй? 10.Ахарактарызуйце падзеі рэвалюцыі 1905-1907гг. на Беларусі 11. Якім чынам Першая сусветная вайна паўплывала на стан сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі? 12. Як развіваўся беларускі нацыянальны рух у гады першай сусветнай вайны? 13. Якія змены ў грамадска-палітычнай сітуацыі на Беларусі выклікала перамога Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе? 14Якія факты сведчаць аб фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў? 15. Як нацыянальны склад насельніцтва Беларусі адбіўся на працэсе фарміравання тут сацыяльнай структуры буржуазнага грамадства? 16. Якую ролю ў станаўленні беларускай нацыі адыгралі навуковае беларусазнаўства, мастацкая літаратура і перыядычны друк? БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ І ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ.СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ 1. Беларусь пасля звяржэння царызму . 2. Кастрычніцкая рэвалюцыя.Устанаўленне савецкай улады ў Беларусі. 3.1-ы Усебеларускі з’езд. 4.Становішча Беларусі ў перыяд германскай акупацыі.Абвяшчэнне БНР,стварэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР. 1.Беларусь пасля звяржэння царызму Пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі адбыліся значныя змены ў палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Расія стала адной з самых дэмакратычных краін свету. Яна стаяла перад выбарам шляху далейшага развіцця. Абвастрылася пытанне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Расіі. Розныя класы, палітычныя плыні і партыі па-рознаму ўяўлялі далейшае развіццё краіны. Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі знаходзілася на ваенным становішчы, была тэатрам ваенных дзеянняў, прыфрантавой зонай. У расстаноўцы палітычных сіл адыгрывала сваю ролю і сацыяльна-класавая структура насельніцтва. Ажывілася дзейнасць кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, актывізавалі сваю дзейнасць бальшавікі, узнікалі новыя палітычныя партыі. Значна ўзмацніўся беларускі нацыянальны рух. Вясной 1917 г. узнавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная Грамада (БСГ). У канцы сакавіка ў Мінску адбыўся першы з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім прысутнічала каля 150 дэлегатаў. Мэта з’езда – выпрацоўка ў новых умовах праграмы беларускага нацыянальнага руху. Быў выбраны Беларускі нацыянальны камітэт. 8–12 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся другі з’езд беларускіх партый і арганізацый. На з’ездзе замест скасаванага Беларускага нацыянальнага камітэта была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (з кастрычніка 1917 г. яна стала называцца Вялікай беларускай радай). Рада была абвешчана адзіным кіруючым органам усяго беларускага нацыянальнага руху. Асноўнымі праграмнымі патрабаваннямі Рады з’яўляліся прызнанне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, развіццё нацыянальнай культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска. На сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый (15 кастрычніка 1917 г.) прадстаўнікі левага крыла БСГ у знак пратэсту супраць палітыкі правых адмовіліся ад удзелу ў сесіі. БСГ раскалолася на дзве часткі. Такім чынам, напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыўся раскол у беларускім нацыянальным руху на правую і левую плыні. Калі правыя былі задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі, прасілі ў Часовага ўрада аўтаноміі для Беларусі, то левыя патрабавалі ажыццяўлення ў краіне радыкальных пераўтварэнняў. На чале барацьбы за развіццё рэвалюцыі стаяў рабочы клас. Ён прымаў удзел у арганізацыі Саветаў, народнай міліцыі, узброеных дружын. Рабочыя працягвалі ствараць свае прафесійныя саюзы. Паспяхова працавалі прафсаюзы чыгуначнікаў, друкароў, пекараў, краўцоў. У маі 1917 г. у Мінску было арганізавана 20 прафсаюзаў, якія аб’ядналі каля 10 тыс. рабочых. Прафесійныя саюзы былі створаны ў Гомелі, Віцебску, Оршы, Полацку, Рагачове і іншых гарадах Беларусі. Складаным было палітычнае становішча на Заходнім фронце, дзе салдаты выказвалі незадавальненне вайной. Сярод салдат расла рэвалюцыйная актыўнасць і свядомасць. Яны сталі ствараць свае салдацкія камітэты. Да верасня 1917 г. у арміях Заходняга фронту дзейнічалі 7284 такія камітэты ўсіх ступеняў – ротных, батальённых, палкавых, армейскіх, якія аб’ядноўвалі больш за 55 тыс. салдат. Першапачаткова камітэты складваліся ў асноўным з меншавікоў і эсэраў. Гэта абумоўлена тым, што рэвалюцыя выклікала да актыўнай палітычнай дзейнасці вялікую колькасць салдат, пераважна з сялян. Падзеі 3–4 ліпеня 1917 г. (правал наступлення на фронце, расстрэл мірнай дэманстрацыі ў Петраградзе) змянілі сітуацыю ў краіне. Двоеўладдзе скончылася поўнай перамогай буржуазіі. Перыяд мірнага развіцця рэвалюцыі (27 лютага – 4 ліпеня 1917 г.) быў завершаны. Важную ролю ў згуртаванні і арганізацыі рэвалюцыйных сіл, выпрацоўцы новай тактыкі адыграў VI з’езд РСДРП(б), які праходзіў паў-легальна з 26 ліпеня па 3 жніўня ў Петраградзе. Ён вылучыў лозунг поўнай ліквідацыі дыктатуры контррэвалюцыйнай буржуазіі і прыняў курс партыі на падрыхтоўку ўзброенага паўстання. Кіруючыся рашэннямі VI з’езда партыі, бальшавікі Беларусі актывізавалі сваю палітычную і арганізацыйную работу ў масах. Асабліва актыўна дзейнічалі яны ў Мінску, які стаў усебеларускім палітычным цэнтрам. Бальшавікі мелі свае фракцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гарадской думе, галіновых праўленнях, цэнтральным гарадскім бюро прафсаюзаў. Вераснёўскія перавыбары Саветаў таксама сведчылі аб узрастанні ролі бальшавікоў. У мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абрана 184 бальшавікі, што склала 54,6 %. Гэта дало ім магчымасць атрымаць 23 месцы (63,9 %) у выканкоме. У выніку перавыбараў бальшавікі пачалі праводзіць праз Мінскі Савет свае рэзалюцыі і рашэнні. Такі ж працэс праходзіў і ў іншых Саветах Беларусі. Спробай астанавіць рэвалюцыю з’явіўся карнілаўскі мяцеж, накіраваны на ўсталяванне ваеннай дыктатуры (канец жніўня 1917 г.). Разгром карнілаўскага мяцяжу з’явіўся моцным штуршком у далейшым развіцці рэвалюцыі. У краіне вызначыліся новыя суадносіны класавых і палітычных сіл. З кожным днём узрастаў уплыў бальшавікоў на насельніцтва. Нежаданне меншавікоў і эсэраў выйсці з блока з кадэтамі паставіла перад бальшавікамі пытанне аб неабходнасці замацаваць пагадненне з левымі плынямі дробнабуржуазнай дэмакратыі. Гэта тактыка паспяхова ажыццяўлялася бальшавікамі Беларусі. Яны рашуча падтрымлівалі левых эсэраў. У кастрычніку 1917 г. у Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі эсэраў склалася даволі буйная фракцыя левых эсэраў, ці, як яны сябе называлі, эсэраў-інтэрнацыяналістаў. Да іх перайшла значная і даволі актыўная частка эсэраўскай арганізацыі. Ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму ў Мінску 5–7 кастрычніка адбылася ІІ Надзвычайная Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя РСДРП(б). Прыбыўшыя дэлегаты прадстаўлялі 28 591 члена партыі. За кароткі тэрмін пасля І Паўночна-Заходняй абласной партыйнай канферэнцыі (прайшло толькі 20 дзён) колькасць бальшавікоў павялічылася больш чым у тры разы. Гэта з’явілася яскравым сведчаннем няўхільнага росту ўплыву бальшавікоў, іх аўтарытэту сярод працоўных мас і салдат Заходняга фронту. Уся работа канферэнцыі праходзіла пад лозунгам непасрэднай падрыхтоўкі да сацыялістычнай рэвалюцыі. Ва ўмовах далейшага паглыблення агульнанацыянальнага крызісу барацьба народных мас супраць буржуазіі дасягнула небывалага размаху. У цэнтры яе стаяў пралетарыят – авангард рэвалюцыі. Пераважна палітычны характар яго выступленняў суправаджаўся прымяненнем магутных і эфектыўных сродкаў пралетарскай барацьбы – устанаўленнем рабочага кантролю над вытворчасцю, правядзеннем забастовак. Рабочыя арыштоўвалі і адхілялі ад кіравання заводскую адміністрацыю. Агульнанацыянальнае палітычнае значэнне восенню 1917 г. набыла барацьба сялянства за зямлю, якая прымала ўсё больш масавы і востры характар. Сяляне захоплівалі памешчыцкія землі, палілі маёнткі. Калі ў жніўні было разгромлена 38 памешчыцкіх двароў, то ў верасні ўжо 67. У кастрычніку сялянскі рух ахапіў 40 паветаў Беларусі. Да агульнай плыні рэвалюцыйнага руху Беларусі далучаліся выступленні салдат Заходняга фронту. Салдацкія масы рашуча выступалі супраць працягвання вайны, павялічылася колькасць дэзерціраў з фронту, узмацнілася братанне сярод рускіх і нямецкіх салдат. Такім чынам, пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Беларусі, як і па ўсёй краіне, значна ўзмацнілася палярызацыя сіл. 2. Кастрычніцкая рэвалюцыя.Устанаўленне савецкай улады ў Беларусі. 24 – 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе перамагла сацыялістычная рэвалюцыя. Часовы ўрад быў скінуты. ІІ Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў стварыў новы ўрад – Савет Народных Камісараў на чале з У. Леніным. 25 кастрычніка аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе стала вядома ў Мінску. Улада ў горадзе перайшла ў рукі Савета. 27 кастрычніка 1917 г. у Мінску быў створаны “Камітэт выратавання рэвалюцыі” на чале з эсэрам Т. Калатухіным. У яго склад увайшлі прадстаўнікі франтавога камітэта, пераважна меншавікі і эсэры, а таксама прадстаўнікі, якія не прызналі ўлады Саветаў. 1 лістапада 1917 г. у Мінск прыбылі атрады рэвалюцыйных салдат 2-й арміі, а таксама браняпоезд на чале з бальшавіком У. Пралыгіным, членам ВРК 2-й арміі. У Мінск былі накіраваны зводны атрад салдат 2-й Сібірскай дывізіі і 1-ы рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета. Хутка да Мінска падышлі і іншыя вайсковыя часці з фронту. Іх прыбыццё змяніла суадносіны сіл на карысць бальшавікоў. 2 лістапада прайшоў пашыраны сход Мінскага Савета з удзелам вайсковых і фабрычна-заводскіх камітэтаў. Сход прыняў рэзалюцыю аб устанаўленні савецкай улады ў Мінску. ВРК Заходняга фронту дапоўнены прадстаўнікамі ад рэвалюцыйных арганізацый, узяў усю ўладу ў свае рукі і стаў найвышэйшым паўнамоцным органам улады на ўсёй свабоднай ад немцаў тэрыторыі Заходняга краю. “Камітэт выратавання рэвалюцыі” быў распушчаны, а яго старшыня Т. Калатухін і камісар Заходняга фронту У. Жданаў арыштаваны. Такім чынам, барацьба з контррэвалюцыяй у Мінску завяршылася перамогай рэвалюцыйных сіл. Тут, у цэнтры палітычнага жыцця Беларусі і Заходняга фронту, устанавілася савецкая ўлада. Значна пазней перамагла савецкая ўлада ў Магілёве. Гэта тлумачыцца тым, што вакол Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага былі сканцэнтраваны контррэвалюцыйныя арганізацыі, кіруючыя органы буржуазных і дробнабуржуазных партый, іх лідэры. Контррэвалюцыйныя намеры Стаўкі падтрымлівала эсэра-меншавіцкая большасць Магілёўскага Савета. 28 кастрычніка 1917 г. адбылася нарада палітычных і грамадскіх арганізацый горада. Меншавікі і эсэры асудзілі ўзброенае паўстанне ў Петраградзе і патрабавалі стварэння “дэмакратычнага міністэрства”. Бальшавікі, якія таксама прынялі ўдзел у рабоце нарады, заявілі, што яна контррэвалюцыйная, і пакінулі яе. Кадэты пры актыўнай падтрымцы дробнабуржуазных партый на гэтай нарадзе арганізавалі “Грамадскі камітэт выратавання рэвалюцыі” і сталі цэнтрам усіх контррэвалюцыйных сіл Магілёва. Для ліквідацыі контррэвалюцыйнай Стаўкі савецкі ўрад прыняў шэраг рашучых мер: назначыў новага галоўнакамандуючага бальшавіка М. Крыленку, накіраваў з Петраграда салдат Літоўскага палка, матросаў Балтыйскага флоту. ВРК Заходняга фронту сфарміраваў атрад з салдат 1-га палка імя Мінскага Савета. Для барацьбы са Стаўкай былі сфарміраваны рэвалюцыйныя атрады ў Віцебску, Гомелі, Оршы, Полацку і іншых гарадах Беларусі. Усе спробы Стаўкі аказаць супраціўленне заканчваліся правалам. Салдаты Магілёўскага гарнізона адмовіліся змагацца з бальшавікамі. Гэта змяніла суадносіны сіл у горадзе. 18 лістапада выканком Магілёўскага Савета прыняў рашэнне аб прызнанні савецкай улады, тут жа быў створаны і ВРК, які ўстанавіў кантроль над Стаўкай. 19 лістапада рэвалюцыйныя атрады рабочых, салдат і матросаў уступілі ў горад. З імі ўвайшоў і новы галоўнакамандуючы М. Крыленка, 20 лістапада ў Магілёве пачала дзейнічаць савецкая ўлада. На працягу кастрычніка – лістапада 1917 г. савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй свабоднай ад ворагаў тэрыторыі Беларусі. З’езды Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якія адбыліся ў лістападзе 1917 г., сваімі рашэннямі замацавалі перамогу савецкай улады на Беларусі. 27 лістапада 1917 г. выканаўчыя камітэты, абраныя з’ездамі Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, Заходняга фронту, аб’ядналіся і ўтварылі выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкомзах). Яго старшынёй быў абраны бальшавік М. Рагазінскі. Для кіравання вобласцю і фронтам быў створаны абласны Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з бальшавіком К. Ландарам. Трэба адзначыць, што ў склад гэтых органаў увайшлі ў асноўным людзі не мясцовыя, далёкія ад разумення нацыянальных патрэб краю. Таму з боку гэтых органаў адразу ж выявіліся абыякавыя адносіны да пытанняў нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа, яго нацыянальна-культурнага адраджэння. Разам з утварэннем на Беларусі новых савецкіх органаў улады былі ліквідаваны органы, створаныя Часовым урадам. Аднак фарміраванне новых органаў улады ў Заходняй вобласці не было завершана. Справа ў тым, што ў стварэнні Аблвыканкомзаха і СНК вобласці і фронту Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў не ўдзельнічалі. З’езды Саветаў указаных губерняў адбыліся ў снежні 1917 г. – студзені 1918 г. і не прымалі рашэнняў аб злучэнні выбраных імі выканаўчых органаў з Аблвыканкомзахам, не выбіралі сваіх прадстаўнікоў у выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і ў склад абласнога СНК. Завяршальным этапам гэтай працы павінен быў стаць Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Аднак з’езд не быў скліканы. Першым крокам на шляху зацвярджэння савецкай улады было ўвядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем. Галоўная задача гэтага органа заключалася ў тым, каб забяспечыць бесперабойную работу прамысловасці як асноўнай эканамічнай базы дыктатуры пралетарыяту. Напрыканцы 1917 г. на Беларусі былі сфарміраваны мясцовыя органы рабочага кантролю. Яны прымалі актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў найму і звальнення рабочых, уводзілі новыя расцэнкі, змагаліся з сабатажам, патрабавалі ўстанаўлення 8-гадзіннага рабочага дня і інш. Органы рабочага кантролю вырашалі складаную і цяжкую задачу па арганізацыі фінансавай дзейнасці. На тэрыторыі Заходняй вобласці кантроль праводзіў банкаўска-крэдытны аддзел Аблвыканкомзаха. Ён кантраляваў сродкі бягучых рахункаў прадпрыемстваў, банкаўскія пазыкі, выдачу грошай з казначэйства. На Беларусі нацыяналізацыя буйных прамысловых прадпрыемстваў ажыццяўлялася, як і па ўсёй краіне, у адпаведнасці з дэкрэтам УЦВК, прынятым у снежні 1917 г. Усе нацыяналізаваныя Саветамі заводы і фабрыкі пераходзілі ва ўласнасць дзяржавы і паступалі ў падпарадкаванне савецкіх дзяржаўных органаў. Ужо ў снежні 1917 г. былі нацыяналізаваны фабрыка “Везувій” у Навабеліцы Магілёўскай губерні, суконная фабрыка ў маёнтку Якаўлевічы, друкарня Кагана ў Магілёве, лесапільныя заводы ў Полацкім, Аршанскім, Быхаўскім паветах і інш. Былі нацыяналізаваны і буйныя майстэрні Лібава-Роменскай, Маскоўска-Брэсцкай і Паўночна-Заходняй чыгунак. Пачалі праводзіцца рэвалюцыйныя пераўтварэнні і ў вёсцы. На Беларусі, дзе сялянства складала пераважную большасць насельніцтва, гэта было адным з найвастрэйшых пытанняў. Першым крокам у гэтым напрамку былі канфіскацыя ўсёй зямлі. Была разгорнута вялікая агітацыйная работа сярод сялянства. ВРК Заходняй вобласці распрацаваў спецыяльную інструкцыю для ўпаўнаважаных, у якой рэкамендаваў ім надаваць асабістую ўвагу рабоце па ўліку памешчыцкіх маёнткаў, інвентару, збожжа, арганізацыі аховы маёмасці. У сярэдзіне лютага 1918 г. на Беларусі былі ў асноўным завершаны канфіскацыя прыватных гаспадарак і ўлік маёмасці ў памешчыцкіх маёнтках. Паводле няпоўных звестак, было канфіскавана 13 тыс. прыватных гаспадарак. Сяляне Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў атрымалі 1645,8 тыс. дзесяцін зямлі і амаль на 33 % павялічылі сваё землеўладанне. Была анулявана штогадовая арэндная плата памешчыкам у памеры 50 млн рублёў золатам. У снежні 1917 г. – лютым 1918 г. на тэрыторыі Беларусі з’явіліся першыя калектыўныя гаспадаркі сялян. У асноўным яны ствараліся на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. Адной з першых на Беларусі была камуна “Бярэзна” Вышацкай воласці Гарадоцкага павета. У гэты час з’явіліся камуны і ў маёнтках Мінскага, Віцебскага, Аршанскага, Лепельскага і іншых паветаў. У канцы кастрычніка 1917 г. былі ажыццёўлены меры, накіраваныя на паляпшэнне становішча працоўных Беларусі. Была прынята пастанова аб устанаўленні 8-гадзіннага рабочага дня. Уводзілася страхаванне, паляпшаліся бытавыя і жыллёвыя ўмовы рабочых, забаранялася дзіцячая праца. Вялікая ўвага надавалася барацьбе з беспрацоўем. Ствараліся спецыяльныя фонды беспрацоўных, праводзілася арганізацыя грамадскіх работ, бірж працы. Нямалую дапамогу аказвалі касы беспрацоўных і арганізацыя грамадскага харчавання. Была ўстаноўлена бясплатная медыцынская дапамога. Вялікую ўвагу савецкая дзяржава надавала пытанням культурнага будаўніцтва, арганізацыі школьнай справы, падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Аблвыканкомзах нацыяналізаваў тэатры, а пры аддзелах асветы губвыканкомаў стварыў тэатральныя камісіі. Асаблівай папулярнасцю карысталася Першае беларускае таварыства драмы і камедыі. Такім чынам, перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўстанаўленне савецкай улады паклалі пачатак рэвалюцыйным пераўтварэнням ва ўсіх сферах грамадскага жыцця беларускага народа. Аднак ужо першыя крокі свецкай улады на Беларусі паказалі, што нават для правядзення ў жыццё задач агульнадэмакратычнага характару не хапала кваліфікаваных кадраў. Рабочыя, сяляне, салдаты былі не падрыхтаваны да кіравання дзяржавай. Сярод іх пераважная большасць з’яўлялася непісьменнай. Для ажыццяўлення самых простых сацыялістычных мерапрыемстваў яшчэ не былі створаны ў дастатковай ступені ні матэрыяльныя, ні культурныя перадумовы. Таму не ўсе гэтыя мерапрыемствы былі зразумелыя для рабочых і сялян, не ўсе працоўныя станоўча іх успрымалі. На развіццё рэвалюцыйных пераўтварэнняў на Беларусі адмоўна ўплывалі спецыфічныя фактары: акупацыя значнай часткі яе тэрыторыі нямецкімі захопнікамі; створаныя на Беларусі органы савецкай улады паводле свайго складу былі ў асноўным салдацкімі; Беларусь лічылася калідорам для праходу галоўных рэвалюцыйных сіл на Захад для ажыццяўлення сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Адзначаныя фактары стрымлівалі развіццё рэвалюцыйных пераўтварэнняў, ускладнялі і без таго цяжкае эканамічнае становішча на Беларусі, садзейнічалі размежаванню палітычных сіл. |