История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Бронзавы век на Беларусі. З’яўленне індаеўрапейцаў і “Вялікае перасяленне народаў”. Балты на тэр. БеларусіУ канцы трэцяга – пачатку другога тысячагоддзя да н.э. пачынаецца новы перыяд, які атрымаў назву бронзавага веку. Ён доўжыўся да пачатку першага тысячагоддзя да н.э. Сваю назву гэты перыяд атрымаў таму, што ў гэты час чалавек навучыўся здабываць першы метал – медзь і на яго аснове рабіць бронзавыя прылады працы. На Беларусі гэты перыяд насіў умоўны храктар, бо тут адсутнічалі радовішчы медзі і іншых металаў, неабходных для вырабу бронзы. Тут увесь час па-ранейшаму выкарыстоўваліся каменныя, касцяныя і драўляныя прылады. Тэхніка апрацоўкі каменю дасягнула найвышэйшага ўзроўню, выкарыстоўваліся прыёмы шліфавання, свідравання, пілавання і рэтушы. Бронзавых вырабаў было няшмат, у асноўным яны прадстаўлены зброяй і ўпрыгажаннямі. Яны дастаўляліся на тэрыторыю Беларусі шляхам менавага гандлю з плямёнамі Каўказа і Карпат. Бронзавы век звязаны з пачаткам новага этнічнага этапу ў гісторыі Беларусі. У гэты час адбываецца рассяленне індаеўрапейцаў. Індаеўрапейская супольнасць узнікла прыкладна ў V–IV тыс. да н.э. Наконт яе прарадзімы да гэтага часу вядуцца навуковыя спрэчкі. У XIX ст. была пашырана версія пра Германію як магчымае месца нараджэння індаеўрапейцаў. Пазней узнікла версія, што рассяленне гэтай супольнасці адбывалася з поўдня Еўропы на поўнач, у выніку ўзнікла канцэпцыя яе Балканскага паходжання. Аднак на сёняшні час найбольш абгрунтаванай з’яўляецца тэорыя, распрацаваная савецкімі навукоўцамі В. Івановым і Т. Гамкрэлідзэ, у аснову якой пакладзены лінгвістычныя даследаванні, падмацаваныя археалагічнымі матэрыяламі. Згодна з ёй, прарадзіма індаеўрапейцаў знаходзілася ў межах Усходняй Анатоліі, Паўднёвага Каўказа і Паўночнай Месапатаміі. У IV тысячагоддзі да н.э. качавыя індаеўрапейскія народы ў выніку дэмаграфічнага выбуху пачалі рассяленне праз Іранскае пласкагор’е ў бок Афганістана і Індыі. Гэта былі інда-іранскія плямёны (арыйцы). Частка індаеўрапейцаў прайшла праз Сярэднюю Азію і рушыла на Захад, у Паўночнае Прычарнамор’е і ў Прыкаспійскія стэпы. У той жа час другая іх частка пайшла з Анатоліі на захад, праз Малую Азію выйшла да Эгейскага мора і перасялілася на Балканы, дзе заняла тэрыторыі Прычарнамор’я аж да правабярэжжа Дняпра. Так склаліся першыя самастойныя моўныя групы індаеўрапейцаў: грэка-армянская, анаталійская, іранская (арыйская). Пазней адбылося рассяленне індаеўрапейцаў па ўсёй Еўропе. Па сваіх занятках індаеўрапейскія плямёны былі жывёлаводамі – качэўнікамі, яны вынайшлі кола для ажыццяўлення далёкіх вандраванняў. Індаеўрапейцы перайшлі да новай сац. арганізацыі – патрыярхальнай сям’і, пачалося вядзенне радаводаў па мужчынскай, а не па жаночай, лініі. На рубяжы III – II тысячагоддзяў да н. э. з Балкан і Прычарнаморскіх стэпаў пачынаецца масавая міграцыя індаеўрапейскіх плямёнаў у Заходнюю, Цэнтральную і Усходнюю Еўропу (так званае першае Вялікае перасяленне народаў). На гэтых землях пражывала аўтахтоннае насельніцтва, якое асіміліравалася ці выцяснілася ў перыферыйныя раёны. У выніку складаных і шматвяковых міжэтнічных стасункаў адбыўся далейшы падзел індаеўрапейцаў на моўныя групы. Тэрыторыю Заходняй Еўропы занялі плямёны германскай моўнай супольнасці; на поўначы адбылося нараджэнне кельтскіх плямён; паміж Віслай, Одэрам і Эльбай закладваецца ядро славянскіх народаў (праславяне). Тэрыторыя Беларусі, паміж Заходняй Дзвіной, Днепром і Прыпяццю, стала прарадзімай для балтаў. Балты – першыя індаеўрапейцы на тэрыторыі нашай краіны. У далейшым яны будуць выціснуты на поўнач, на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, славянамі. Сучасныя нашчадкі балтаў – літоўскі і латышскі этнасы. Увесь бронзавы век балты панавалі на тэрыторыі Беларусі, яны не мелі моцных ворагаў, таму іх жыццёвы ўклад быў даволі мірным. Пасяленні балтаў – у асноўным неўмацаваныя адкрытыя селішчы. Балты вялі аседлы вобраз жыцця, аб чым сведчыць пласкадонны посуд, які можна ставіць на плоскую паверхню стала. У папярэднія часы посуд быў вострадонным, каб яго было зручна замацоўваць на зямлі падчас вандровак. Посуд балтаў меў адметную рысу – адбітак шнура, таму балтскія археалагічныя культуры называюць культурамі шнуравой керамікі. Другая адметная рыса балтаў – наяўнасць вялікай колькасці каменных добраапрацаваных сякер, знойдзеных падчас археалагічных раскопак. Таму балтскія культуры таксама называюць культурамі баявых сякер. Балты займалі большую частку Беларусі, на паўднёвым усходзе імі была створана Сярэднедняпроўская культура, на захадзе Палесся – культура шнуравой керамікі, у раёне Панямоння – Прыбалтыйская (Вісла-Нёманская) культура. Аб іх балтскай этнічнай прыналежнасці сведчаць не толькі археалагічныя матэрыялы, але і дадзеныя лінгвістыкі, у асаблівасці тапаніміка. Асноўная частка гідронімаў (водных аб’ектаў – рэк, азёраў, балот) з’яўляецца балтскай па свайму паходжанню, а гідронімы з’яўляюцца найбольш старажытнай часткай геаграфічных назваў, яны замацоўваюцца і передаюцца іншым этнічным супольнасцям амаль у нязменным выглядзе, таму вельмі часта страчваецца іх першапачатковы сэнс. Менавіта тапаніміка дае нам падставы меркаваць, што балты засялілі не ўсю Беларусь. На поўначы, у раёне Віцебскага Паазер’я, у бронзавым веку захаваліся старажытныя народы фінна-угорскай моўнай групы, якія стварылі там Паўночнабеларускую археалагічную культуру. Частка гідронімаў на поўначы Беларусі мае фінна-угорскае паходжанне, тут знойдзены гладкасценны посуд, што сведчыць аб сур’ёзных адрозненнях гэтых народаў ад балтаў. У канцы бронзавага веку на поўдні Беларусі, у арэале папярэдніх культур шнуравой керамікі Палесся і на ўсходзе сярэднедняпроўскай культуры з’явілася Тшцінецкая культура, а на усходзе Беларусі – Сосніцкая археалагічная культура. Цюльпанападобны посуд тшцінецкай культуры дае падставу некаторым навукоўцам меркаваць пра яе славянскі характар. Самі балты вялі аседлы лад жыцця, займаліся земляробствам лядна-агнявога тыпу. Яны перыядычна расчышчалі ад лесу зямельныя участкі, выкарыстоўвалі іх на працягу некалькіх год, а потым, калі ураджайнасць з-за адсутнасці агратэхнікі падала, пераходзілі на новыя землі. Таксама значную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Паляванне і рыбалоўства мелі ўжо толькі дапаможны характар. Важная роля адводзілася рамёствам. З бронзай першымі на Беларусі пазнаёміліся плямёны Сярэднедняпроўскай культуры. Сац. арганізацыяй балтаў стала класічная патрыярхальная сям’я. Вылучаўся адзін мужчына – бацька, вакол якога групіраваліся яго родныя: жонка, дзеці і ўнукі. Сыны да смерці бацькі працягвалі жыць разам з ім пад адным дахам, толькі дачкі маглі перайсці жыць да сваіх мужоў. Некалькі вялікіх патрыярхальных сем’яў, аб’яднаных шлюбнымі сувязямі, складалі род. |