Главная страница

История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі


Скачать 1.84 Mb.
НазваниеПрадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
АнкорИстория Беларуси.doc
Дата24.02.2018
Размер1.84 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаИстория Беларуси.doc
ТипДокументы
#15888
страница5 из 36
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   36

Жалезны век на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне славян і славянская каланізацыя Беларусі


Пачатак I тысячагоддзя да н.э. (VIII – VII стст. да н. э.) з’яўляецца пачаткам жалезнага веку, які доўжыўся да VIII ст. н. э. Жалезны век падзяляюць на дзве часткі: ранні жалезны век (VIII – VII стст. да н.э. – IV ст. н.э.) і позні жалезны век (IV – VIII стст. н.э.). Назва перыяду звязана з новым металам – жалезам, які стаў здабывацца і выкарыстоўвацца для вырабу прылад працы, зброі і інш. У Еўропе жалезныя вырабы з’явіліся ў канцы II тысячагоддзя да н.э., аднак плямёны на тэрыторыі Беларусі ўпершыню зведалі жалеза ў VII – VI стст. да н. э. Яго здабывалі з бурага жалезняку, які сустракаецца паўсюдна ў Еўропе, у тым ліку ў Беларусі. Балотную руду (менавіта яна выкарыстоўвалася ў якасці сыравіны) закладвалі ў спецыяльныя паўшарападобныя печы-домніцы разам з драўняным вуголлем, потым на працягу некалькіх дзён ішоў працэс плаўкі, у выніку на дне печы, якую прыходзілася ламаць, заставалася порыстая жалезная маса – крыца. З яе шляхам коўкі вырабляліся неабходныя прылады. Найбольш старажытная домніца знойдзена каля в. Лабеншчына Мінскага раёну.

Жалезны век стаў часам, калі на тэрыторыю Беларусі прыйшоў новы этнас – славяне. Гэта адбылося пад час другога Вялікага перасялення народаў. Пытанне аб славянскай прарадзіме да гэтага часу застаецца спрэчным. Значная частка даследчыкаў лічыць, што ў пачатку – сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э. на вялікіх прасторах паміж Эльбай, Одэрам і Віслай (а магчыма і да Дняпра) узніклі праславянскія плямёны. Яны займаліся лядна-агнявым земляробставам і пачалі выкарыстоўваць жалезныя прылады працы. Аб гэтых плямёнах есць звесткі ў старажытных грэчаскіх і рымскіх крыніцах, дзе іх называюць венедамі, антамі ці склавінамі. З сярэдзіны I тысячагоддзя да н. э. славянскія плямёна пачынаюць паступова прасоўвацца на поўдзень і ўсход, да гэтага іх падштурхоўвае ціск з боку германскіх плямёнаў, якія суседнічалі з праславянамі на захадзе, а таксама дэмаграфічная сітуацыя, значнае павялічэнне колькасці насельніцтва.

Першая група славян перасялілася на Дунай. Тут яны сутыкнулася з моцным уплывам грэчаскай антычнай цывілізацыі і раманскіх моў. У выніку далейшае развіццё прывяло да з’яўлення тут у I тысячагоддзі нашай эры групы паўднёвых славян, нашчадкамі якіх з’яўляюцца балгары, македонцы, сербы, харваты.

Частка славян перасялілася далей на ўсход, у ніжні басейн Дняпра. У сярэдзіне I тысячагоддзя нашай эры гэтыя плямёны пачалі рухацца з поўдня на поўнач, асвоілі ўсё Падняпроў’е, у тым ліку і тэрыторыю сучаснай Беларусі. У выніку стварылася супольнасць усходніх славян, нашчадкамі якой сёння з’яўляюцца рускія, беларусы і ўкраінцы. У час гэтага перасялення адбываліся этнічныя і моўныя ўзаемадзеянні з народамі, якія пражывалі на шляху руху славян. Так, ніжняе цячэнне Дняпра займалі іранамоўныя народы (скіфы, сарматы), пазней цюркі. На тэрыторыі Беларусі славяне сутыкнуліся з балтамі. Паўночныя і ўсходнія раёны ад Дняпра займалі шматлікія фінна-угорскія плямёны. У выніку ассіміляцыйных працэсаў частка гэтых народаў і некаторыя элементы іх моў і культур сталі субстратамі (праслойкамі) ў славянскім этнасе, мове і культуры.

3-я група славянскіх народаў засталася ў раёне прарадзімы, дзе адчувала моцны ўплыў германскіх плямён. Так з’явіліся заходнія славяне – сучасныя палякі, чэхі, славакі. Калісці тут існавалі і іншыя плямёны – паморскія, палабскія славяне, кашубы, абадрыты. Але яны ў большасці былі германізаваны і страцілі сваю этнічную прыналежнасць, а, магчыма, былі вынішчаны.

Працэс славянскай каланізацыі новых земляў быў працяглым і нераўнамерным, ён заняў амаль тысячагоддзе. Што тычыцца Беларусі, то ў раннім жалезным веку тут пражывалі прадстаўнікі шэрага археалагічных культур. На поўначы і паўночным усходзе змяшчаліся плямёны Днепра-дзвінскай культуры, якіх лічаць балтамі. Цэнтральную, паўночна-заходнюю Беларусь і ўсход сучаснай Літвы займалі культуры штрыхаванай керамікі, якія таксама можна прылучыць да балтаў. А вось поўдзень Беларусі ўжо маглі засяліць плямёны, якія мелі славянскія карані. На захадзе (Заходні Буг, верхняе цячэнне Прыпяці) пасяліліся прадстаўнікі Паморскай культуры, якіх навукоўцы адносяць да славян. Паўднёвы ўсход Беларусі займалі плямёны Мілаградскай культуры. Аб яе этнічнай прыналежнасці няма дакладных звестак, хтосьці лічыць мілаградцаў славянамі, хтосьці балтамі, ёсць падставы меркаваць, што гэта быў балта-славянскі сімбіёз. Аб плямёнах Мілаградскай культуры ведалі старажытныя грэкі. Гісторык Герадот упамінае ў сваіх запісах загадкавае племя “неўраў”, якія і былі, на думку сучасных даследчыкаў, прадстаўнікамі мілаградцаў. Мілаградская культура першая на тэрыторыі Беларусі зазнала жалеза.

Пазней на месцы Мілаградскай культуры ўзнікла Зарубінецкая, якую амаль з упэўненасцю адносяць да славянскай. Зарубінцы мелі шырокія гандлёвыя сувязі з кельтамі, скіфамі і грэкамі, пра што сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі (шкляныя бранзалеты і пацеркі, металічныя вырабы кельтскага тыпу, упрыгожанні і інш.).

У познім жалезным веку славянскае пранікненне стала асабліва масавым, славянскія плямёны поўнасцю засялілі Беларусь, выціснуўшы балтаў на ўзбярэжжа Балтыкі. Да гэтага часу адносіцца існаванне Пражскай, Калочынскай, Банцараўскай і Тушамлінскай культур.

Славяне знаходзіліся на вышэйшай ступені развіцця ў параўнанні з папярэднікамі – балтамі і фінна-уграмі. Валоданне тэхнікай апрацоўкі жалеза дазваляла ім шырока выкарыстоўваць металічныя прылады (балты ж у асноўным карысталіся каменнымі і драўлянымі). Падсечна-агнявое земляробства ўсё часцей пераходзіла ў ворыўнае. Канчаткова замацоўваецца рала і саха як асноўн. земляробчыя прылады (замест матыкі і бараны-сукаваткі, пашыраных у бронз. веку).

Узнікае і новы тып сацыяльнай арганізацыі. Патрыярхальныя сем’і аб’ядноўваліся ў род. Для рода будавалася ўмацаванае паселішча-гарадзішча, што сведчыць пра наяўнасць пастаяннай небяспекі. Але з цягам часу і з пашырэннем ворыўнага земляробства з’яўляюцца малыя (нуклеарныя) сем’і, якія былі аб’яднаны не на аснове роднасных сувязяў, а толькі агульнасцю пражывання і гаспадарчай дзейнасці. Так адбываецца станаўленне суседскай абшчыны.

У славян пачынае складвацца своеасаблівы грамадскі парадак – ваенная дэмакратыя. Усе галоўныя справы роду вырашаліся на агульным сходзе, у якім маглі прымаць удзел усе паўналетнія мужчыны роду. Для бягучага кіраўніцтва выбіралі савет старэйшын, які на калегіяльнай аснове ажыццяўляў адміністрацыйна-гаспадарчую і судовую ўладу. Аднак ў перыяд ваеннай небяспекі ўся ўлада ў племені пераходзіла да князя – ваеннага кіраўніка, які выбіраўся на агульным сходзе. Сам тэрмін “князь” мае аналогіі ў іншых мовах (“king” у англічан, “konung” у скандынаваў), гэта сведчыць пра агульнасць і даўнасць узнікнення гэтай пасады ў германцаў, кельтаў, славян. Князь атрымліваў частку ваенных трафеяў, у мірны час меў утрыманне ад племені. Вакол князя пачала фарміравацца яго дружына – сябры князя, воіны, якія поўнасцю знаходзіліся на яго ўтрыманні. Паступова пасада князя перастала быць выбарнай, а замацавалася як спадчынная. Утрыманне, якое князь атрымліваў ад абшчыны (верві, міра), спачатку было добраахвотным, але з цягам часу пераўтварылася ў абавязковую даніну. Князь, дружына, старэйшыны паступова набываюць статус эліты, з’явілася племянная знаць, якая валодала багаццямі і трымала ў сваіх руках уладу. Пачаўся працэс разлажэння рода-племянного ладу і паступовага пераходу да феадальных адносін.

Т. ч., жалезны век стаў часам, калі на Беларусі з’явіліся этнічныя продкі сучаснага насельніцтва дзяржавы – славяне, пачаўся паступовы працэс разлажэння і эвалюцыі рода-племяннога ладу.

Рассяленне індаеўрапейцаў. Славянскі этап засялення Беларусі

На мяжы трэцяга і другога тысячагоддзяў да н. э. тэрыторыю сучаснай Беларусі пачынаюць засяляць індаеўрапейцы. Гэта вялікая група народнасцяў, якая стаяла на адносна высокай ступені развіцця, вяла паўаседлы вобраз жыцця. Прарадзімай іх, як лічаць большасць даследчыкаў, была Пярэдняя Азія. Частка індаеўрапейцаў (сябе гэтыя плямёны называлі “арыі” або “айран”) паступова выйшла да пабярэжжа Каспійскага мора, ад іх затым сфарміраваліся народнасці іранцаў, курдаў, таджыкаў. Другая частка дайшла да берагоў Інда. Гэтыя арыйскія плямёны змяшаліся з носьбітамі харапскай культуры і сталі заснавальнікамі індыйскай цывілізацыі. Трэцяя група індаеўрапейцаў рухалася ў Еўропу. Менавіта яны, асіміліруючыся з аўтахтонным насельніцтвам, стварылі мікенскую культуру, папярэдніцу антычнай цывілізацыі, паклалі пачатак грэчаскай, італьянскай, германскай, славянскай, балтскай групам народаў. Адно з адгалінаванняў індаеўрапейцаў, балты аселі на большай частцы сучаснай Беларусі і далучылі мясцовае насельніцтва да больш развітых форм вядзення гаспадаркі, сваёй мовы, культуры. Напрыклад, індаеўрапейцы ўжо карысталіся калёсным транспартам, плугам. Яны былі носьбітамі археалагічнай культуры шнуравой керамікі. Яна так названа таму, што пры абпальванні посуду на яго паверхні заставаліся адбіткі шнура, якім звязваліся вырабы. Асноўным заняткам былі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і лоўля рыбы.Хаця прыход індаеўрапейцаў на тэрыторыю Беларусі супаў з бронзавым векам, але гэты метал тут ужываўся вельмі рэдка. Зброя, прылады працы па ранейшаму у асноўным вырабляліся з каменю, косці і дрэва. Ад гэтага часу засталася вялікая колькасць шліфованых сякер, якія, магчыма, мелі не толькі прыкладнае, але і культавае значэнне. Выраблялі таксама кераміку, большай часткай пласкадонны посуд. Пазней, у сярэдні і позні перыяд бронзавага веку, індаеўрапейцы падзяліліся на шэраг асобных, хаця і роднасных паміж сабой культур. Акрамя плямён шнуравой керамікі Панямоння і Палесся, тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў арэал паўночнабеларускай, сярэднядняпроўскай, тшчацінецка-сосніцкай археалагічных культур, а ў канцы эпохі на поўначы Беларусі з’яўляецца тэкстыльная і штрыхаваная кераміка.

З прыходам індаеўрапейцаў звязваецца і паступовая замена мацярынска-родавых адносін патрыярхальнымі. Асновай грамадскай арганізацыі, гаспадарчай ячэйкай становіцца патрыярхальная абшчына, якая складвалася з некалькіх пакаленняў бліжэйшых родзічаў па бацьку. Балты пражывалі на тэрыторыі Беларусі на працягу двух тысячагоддзяў У першым тысячагоддзі да нашай эры тэрыторыю Беларусі засялялі балцкія плямёны трох асноўных археалагічных культур: днепра-дзвінскай (на паўночным усходзе і ўсходзе), культуры штрыхаванай керамікі (яна ахоплівала тэрыторыю сучаснай сярэдняй і заходняй Беларусі) і мілаградскай на поўдні, апошняя паступова змяняецца зарубянецкай, якая існавала і ў першым тысячагоддзі нашай эры і, як лічаць гісторыкі А. Р. Мітрафанаў і Л. Д. Побаль, мела элементы славянскага ўплыву. У гэты перыяд, які атрымаў назву жалезнага веку, з вынаходніцтвам жалеза адбываецца значны прагрэс у развіцці вытворчых сіл. Асновай гаспадаркі сталі земляробства і жывёлагадоўля. Удасканальваліся спосабы апрацоўкі глебы, пачало шырока практыкавацца падсечнае земляробства з прымяненнем рала.Усё гэта садзейнічала павялічэнню вытворчасці прадуктаў харчавання, назапашванню матэрыяльных каштоўнасцей, развіццю абмена, і, як вынік гэтага, з’яўленню асабістай уласнасці, маёмаснага неравенства. Пачасціліся набегі на суседнія абшчыны з мэтай грабяжу. Таму не выпадкова, што асноўным тыпам пасяленняў балтаў сталі ўмацаваныя гарадзішчы. На тэрыторыі Беларусі выяўлена 1200 такіх паселішч, у кожным з іх пражывала ад 50 да 75 чалавек. У гэты час існавала вялікасямейная патрыярхальная абшчына, але паступова назіраецца аслабленне родавых сувязей і на іх змену з цягам часу прыходзяць суседскія тэрытарыяльныя абшчыны, якія, у сваю чаргу, аб’ядноўваюцца ў плямёны і саюзы плямён. Далейшы працэс вёў да дыферэнцыяцыі ўнутры абшчын і плямён. Выдзяляецца племянная вярхушка, а таксама асобныя групы абшчыннікаў, якія ў асноўным займаліся абаронай сваіх умацаваных паселішчаў і набыццём багацця за кошт рабавання іншых плямён. З ліку апошніх паступова фарміравалася ваенная дружына.

Першае тысячагоддзе нашай эры было адзначана важнымі падзеямі ў жыцці народаў Еўропы і Беларусі. Яны былі звязаны з “вялікім перасяленнем народам” і міграцыяй на ўсход славянскіх плямён. Славяне з’яўляюцца адным з адгалінаванняў індаеўрапейцаў, якія дасягнулі Заходняй Еўропы. Старажытныя гісторыкі Тацыт, Пліній Старэйшы і іншыя называлі іх па-рознаму: венеды, анты, склавіны, пазней устанавілася назва славяне. Як лічаць многія даследчыкі, прарадзімай славян была мясцовасць паміж рэкамі Одэр і Віслай, а, магчыма, і Дняпром. Іхняя міграцыя была вызвана некалькімі прычынамі. Гэта перш за ўсё “вялікае перасяленне народаў” – рух ваяўнічых плямён готаў, гунаў, авараў. Яны пачалі выцясняць аседлыя плямёны з цэнтральнай Еўропы. Другой прычынай стала аслабленне Рымскай імперыі, якая да гэтага часу з’яўлялася стрымліваючым фактарам іншаземнай агрэсіі. Цяпер жа, наадварот, яе багатыя абшары сталі вабіць заваёўнікаў. Неабходнасць асваення новых зямель была выклікана і значным павялічэннем колькасці славянскага насельніцтва у выніку развіцця гаспадаркі.

Частка славян пачала рухацца на поўдзень і ў працэсе асіміляцыі з мясцовым насельніцтвам утварыла групу народнасцей, аб’яднаную назвай паўднёвыя славяне. Гэта балгары, сербы, харваты, македонцы і іншыя. Другая частка пачала рухацца на ўсход, на тэрыторыю сучасных Украіны, Беларусі, Расіі, іх затым пачалі называць усходнімі славянамі, у адрозненне ад заходніх, міграцыйны рух якіх быў адносна нязначным. Славянскае засяленне Беларусі працягвалася з шостага па дзевятае стагоддзі нашай эры. Пачалося яно з Палесся, менавіта там знойдзены помнікі найбольш старажытнай славянскай археалагічнай культуры – пражскай. Затым славяне пачалі прасоўвацца на поўнач, змешваючыся з мясцовым балцкім насельніцтвам. Паколькі апошніх было не вельмі шмат, згодна з падлікамі па колькасці гарадзішч, каля ста тысяч, і жылі яны разрэджана, то каланізацыя беларускіх зямель славянамі праходзіла пераважна мірным шляхам. Як паказваюць археалагічныя даследаванні, у балцкім арэале з’яўляюцца тыповыя славянскія прыкметы: жыллё- паўзямлянкі з печамі-каменкамі ў вуглу, у той час як у балтаў ачаг размяшчаўся ў цэнтры памяшкання, каменные жорны, славянскія кераміка, упрыгожанні, звычаі трупаспаленняў у круглых курганах, славянская гідраніміка. Злучэнне славянскіх і балцкіх элементаў характэрна для банцараўскай і калочынскай археалагічных культур, якія ў 5-8 стст. нашай эры займалі большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі. Складаныя працэсы этнічнага ўзаемадзеяння славян і балтаў адбываліся на працягу трох стагоддзяў, у выніку славяне часткова выцяснілі балтаў, часткова асіміліравалісь з імі. Славяна-балцкая мяжа пралегла прыкладна па лініі сучасных гарадоў Дзісна – Будслаў – Рубяжэвічы – Беліца – Слонім – Ваўкавыск. У выніку узаемадзеяння славян і балтаў на тэрыторыі Беларусі стварыліся пераважна славянскія этнічныя супольнасці – крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Крывічы былі найбольш буйным племянным аб’яднаннем, якое падзяляецца на тры групы: пскоўская, смаленская і полацкая. Полацкія крывічы займалі басейн Заходняй Дзвіны. На Палессі аселі дрыгавічы. У басейне р. Сож пасяліліся радзімічы. У культуры гэтых плямён балцкімі элементамі з’яўляліся бранзалеты са змяінымі галовамі на канцах, спіральныя пярсцёнкі, шыйныя грыўны балцкага тыпу, зоркападобныя спражкі. Асноўнымі ж прыкметамі славянскіх элементаў крывіцкай культуры былі бранзалетападобныя скроневыя кольцы, радзіміцкай – сяміпрамянёвыя кольцы, дрыгавіцкай – буйныя металічныя пацеркі, а таксама кераміка. Мова іх, як сцвярджаецца ў “Аповесці часовых гадоў”, была славянскай. Існуе шмат версій, якія растлумачваюць паходжанне назваў гэтых плямён. Найбольш вядомыя з іх выводзяць назву дрыгавічоў ад характару мясцовасці, радзімічаў – ад імя правадыра, крывічоў – ад родственных сувязей. Дрыгавічы, радзімічы і крывічы займалі амаль усю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Але часткова яе закраналі і іншыя усходнеславянскія супольнасці: вяцічы, паляне, драўляне, валыняне, бужане, дулебы. У Панямонні пражывала таксама балцкая група яцвяжскіх плямён – судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў, а на поўначы - балцкія плямёны літвы, аўкштайтаў.

Расцягнутая на стагоддзі славянская каланізацыя тэрыторыі Беларусі праходзіла ва ўмовах разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння раннефеадальных адносін. Прычым характэрнай асаблівасцю гэтага працэса быў непасрэдны пераход усходніх славян ад першабытнасці праз ваенную дэмакратыю непасрэдна к феадалізму, мінуючы рабаўладальніцкі лад. У гэты час асновай сацыяльна-гаспадарчага жыцця заставалася буйная патрыярхальная абшчына, але ў яе недрах з з’яўленнем прыватнай уласнасці пачынаюць праяўляцца элементы сацыяльнага расслаення. Выдзяляецца пласт насельніцтва, які павялічвае сваю ўласнасць, у тым ліку і на сродкі вытворчасці, зямлю. З другога боку, з асяроддзя збяднелых людзей утваралася залежнае сялянства, якое яшчэ не страціла сваёй свабоды, але ўжо стаяла на сацыяльнай лесвіцы ніжэй за многіх сваіх супляменнікаў.

Перасяленні і каланізацыя новых зямель далі штуршок працэсу маёмасна-сацыяльнага расслаення, узвышэнню і узбагачэнню знаці, перш за ўсё ваенна-племянной вярхушкі. Апорай ваенна-племянной арыстакратыі станавілася ваенная дружына – аб’яднаннепрафесійных воінаў. Фарміруецца асобная палітычная арганізацыя з органамі кіравання- правадыром, саветам старэйшын, народным сходам. Пры гэтым народны сход складаўся з свабодных мужчын, здольных насіць зброю. Такая форма арганізацыі грамадства і яго кіравання атрымала назву “ваеннай дэмакратыі” і ўзнікла напярэдадні ўтварэння дзяржаўнасці.

У перш. тысячаг. н. э. больш багатай становіцца матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян. Ускладняецца апрацоўка вырабаў з метала, іх арнаментацыя.Складваецца міфалогія. Славяне абагатваралі прыроду, пакланяліся сонцу, верылі ў замагільнае жыццё. Рэлігія прадстаўлена паганскімі ўяўленнямі, шматбожжам. У паганскі пантэон уваходзілі богі: Пярун (бог маланкі і грому), Сварог (бог неба), Дажбог (бог сонца), Ярыла (бог вясны), Жыжаль (бог агню), Зніч (бог падземнага агню), Стрыбог (бог вятроў), Велес (апякун жывёл), Лёля (багіня вясны). Формамі паганскіх вераванняў былі таксама фетышызм (абагатварэнне неадушаўлённых прадметаў), анімізм (вера ў духаў), татэмізм (вера ў роднасць пэўных груп людзей і тотэмаў – жывёл, раслін)


  1. Язычніцкія вераванні старажытных продкаў беларусаў

Падчас існавання першабытнага грамадства адбываецца зараджэнне рэлігійных уяўленняў і з’яўляюцца першыя ўзоры мастацтва. Рэлігія яшчэ не мела сістэмнага характара, гэта былі адасобленыя культы. Адным з першых пачаў выдзяляцца комплекс татэмістычных уяўленняў. Татэмізм – гэта вера ў роднасць асобнага чалавечага калектыва (рода) з нейкім відам жывёл ці раслін. Татэм паважаўся як родапачынальнік, забаранялася паляваць на татэмных жывёл, у гонар іх ладзіліся святочныя абрады і гульні, асноўная задача якіх заключалася ў павялічэнні жыццёвай сілы татэма (а праз яго і ўсяго племені). Старажытныя людзі верылі, што могуць пераўтварацца ў свайго татэма і, наадварот, жывёлы могуць прыняць чалавечае аблічча і прыйсці на дапамогу свайму роду. З’яўленне дадзеных уяўленняў цесна звязана з паляваннем як асноўным заняткам у першабытную эпоху. У далейшым татэмізм стаў абавязковым элементам усіх рэлігій (не выключаючы і сусветных – будызма, хрысціянства, іслама). На тэрыторыі Беларусі знойдзены выявы жывёл, якія сведчаць пра існаванне тут татэмізма (напрыклад, выявы качак і звязаныя з імі міфалагічныя казанні, выявы лося, змяі). Шмат сведчанняў аб татэмістычных культах захавалася ў фальклоре, напрыклад, у казках.

Далейшае развіццё рэлігійных уяўленняў прывяло да з’яўлення анімізму. Анімізм прадугледжвае веру ў існаванне другога, не фізічнага, а духоўнага свету, які населены духамі (душамі). Кожны чалавек, жывёла, нават рэчы маюць, згодна з анімізмам, двайніка – духа. Паміж мірам духаў і людзей магчыма камунікацыя. Для гэтага выкарыстоўваюцца магічныя абрады, лічыцца, што пры дапамозе загавораў, заклінанняў, строга зафіксаваных рытуалаў можна паўплываць на духаў і прымусіць іх выканаць патрэбныя чалавеку дзеянні. У цеснай сувязі з магіяй знаходзілася мантыка – сістэма гаданняў і прадказанняў, заснаваная на той жа веры ў існаванне асобнага духоўнага свету. Анімістычныя ўяўленні прывялі і да з’яўлення фетышызма – веры ў наяўнасць чароўных якасцяў у асобных неадушаўлённых рэчаў. Гэтыя рэчы (камяні, дрэвы, амулеты, ідалы) станавіліся аб’ектам пакланення. На стаянцы Юравічы, што адносіцца да верхняга палеаліту, знойдзена арнаментаваная пласцінка з біўня маманта, якая лічыцца старажытнейшым узорам мастацтва на тэрыторыі Беларусі. Яе звязваюць з фетышызмам, магчыма, гэта быў нейкі амулет. Праяўленнямі фетышызма таксама з’яўляюцца так званыя “палеалітычныя Венеры” – жаночыя статуэткі, знойдзеныя на верхнепалеалітычных стаянках (у самой Беларусі такіх выяў не знойдзена, але яны выяўлены побач, на тэрыторыі Бранскай вобласці, ля вёскі Елісеевічы, а таксама і ў іншых раёнах ). Яны сімвалізавалі плоднасць зямлі, жанчыну-маці, хавальніцу дамашняга вогнішча. На стаянцы Асавец знойдзены драўляны ідал у выглядзе галавы чалавека, які адносяць да перыяду неаліту.

У далейшым з’явіліся культы продкаў, агню, сонца. Гэта было звязана з новымі заняткамі чалавека – земляробствам і жывёлагадоўляй, пераходам да аседлага жыцця. Культ продкаў праявіўся ў шматлікіх пахаваннях і звязаных з імі рытуалах. Пахавальныя абрады мелі розны характар, практыкавалася трупапалажэнне ў могільніках, а таксама трупаспаленне. Побач з нябожчыкам клалі розныя бытавыя рэчы, зброю, запасы ежы, што павінна было забяспечыць яму існаванне ў замагільным жыцці. Магчыма, пахавальныя абрады суправаджаліся ахвярапрынашэннямі жывёл ці нават людзей (з антрапафагіяй – рытуальным з’яданнем ахвяр ці іх асобных частак). Самыя старажытныя курганы на тэрыторыі Беларусі выяўлены ля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёну, археолагі адносяць іх да эпохі бронзы. Культы агню і сонца, якія, магчыма, генетычна звязаны адзін з другім, атрымалі адлюстраване ў шматлікіх арнаментах, аздабляўшых рытуальныя і бытавыя рэчы. Ёсць меркаванні, што арнамент з’яўляўся своеасаблівай мовай старажытных людзей, у ім зашыфраваны звесткі аб прыродзе і каляндарных перыядах, аб побыце чалавека першабытнай эпохі.

Разам з рэлігіяй нарадзілася і першабытнае мастацтва. Як ужо было сказана, першым яго ўзорам на Беларусі лічыцца арнаментаваная касцяная пласціна, знойдзеная на стаянцы Юравічы. Таксама да старажытнага мастацтва адносяць выявы жывёл і людзей, шматлікія амулеты, упрыгожанні, бытавыя рэчы, аздобленыя арнаментамі. Ужо ў старажытнасці чалавек далучыўся да музычнага мастацтва. Знойдзены рэшткі музычных інструментаў, вырабленыя з косці (рытмічна-ударныя прылады, флейты, дудкі – іх адносяць да каменнага веку), гліняныя свісцёлкі (бронзавы век). Таксама існавалі драўляныя трубы, дудкі з кары альхі ці бярозы.

Т. ч., першабытная эпоха, якая падзяляецца на каменны, бронзавы і жалезны век, стала часам з’яўлення чалавека як істоты, яго рассялення па планеце, у т. л. і на тэрыторыі Беларусі. У гэты перыяд пачынаецца выраб прымітыўных прылад працы, першапачаткова з каменю, а потым з металаў – бронзы і жалеза. Развіваецца прысвойваючая і прымітыўная вытворчая гаспадаркі, эвалюцыяніруе сацыяльная арганізацыя – ад чалавечага статка да суседскай абшчыны.


  1. Зараджэнне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Кіеўская Русь. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   36


написать администратору сайта