Главная страница

История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі


Скачать 1.84 Mb.
НазваниеПрадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
АнкорИстория Беларуси.doc
Дата24.02.2018
Размер1.84 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаИстория Беларуси.doc
ТипДокументы
#15888
страница8 из 36
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   36

Феадальная раздробленасць. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і набегамі татара-манголаў


Пасля смерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У канцы ХІ – першай палове ХІІ стст. узніклі Менскае, Віцебскае, Друцкае, Лагойскае і іншыя княствы. У шасці з іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі паміж сабой барацьбу. Такім чынам, напачатку ХІІ ст. у беларускіх землях пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Феадальная раздробленасць была, дарэчы, заканамерным працэсам, працэсам прагрэсіўным адносна станаўлення і наступнага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Такія працэсы праходзілі практычна ва ўсёй Заходняй Еўропе. Самастойныя каралеўствы з феадальнымі сеньёрамі на чале з’явіліся ў Італіі, Францыі, Нямеччыне і інш.

Полацк па-ранейшаму лічыўся важнейшым палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам. Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэння межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаянне з кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.

Падчас паходу на нашы землі ў 1119 годзе Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладанняў ажно да сярэдзіны ХІІ – пачатку ХІІІ стст. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе і памёр.

Летапісы сведчаць, што феадальную раздробленасць перажывалі ў ХІІ – ХІІІ стст. і іншыя беларускія землі. Тураўская зямля, якая набыла самастойнасць у час княжання Юрыя Яраславіча, падзялілася на Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае княствы. Паступова яны трапілі пад уплыў Кіева і Галіцка-Валынскай Русі.

Усходнія землі нашай Бацькаўшчыны ў той час знаходзілся ў складзе Смаленскага княства – гэта Орша, Копысь, Крычаў, Мсціслаў і інш. Траплялі яны і пад залежнасць ад Менскага княства, а потым зноў падпарадкоўваліся Смаленску. У складзе ўладанняў чарнігаўскіх князёў былі Гомель, Чачэрск і Рэчыца. Мазырская і Брагінская землі належылі Кіеву.

У сярэднім цячэнні Заходняга Буга знаходзілася Берасцейская зямля. Яе галоўнымі гарадамі ў ХІ – ХІІ стст. былі Бярэсце, Кобрын, Камянец і інш. Спачатку яна была ў сферы ўладанняў кіеўскіх і валынскіх князёў, пэўны час (канец ХІ – сярэдзіна ХІІ стст.) – пад уладай Тураўскага княства. А ў верхнім і сярэднім Панямонні ў пачатку ХІІ ст. ўтварылася Гродзенскае княства, а потым з’явіліся і пачалі сваё развіццё гарады Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск, праз якія пралягалі гандлёвыя шляхі ў Прыбалтыку.

Навагрудскае княства, як самостойнае, ўзнікла, відавочна, пазней. Навагрудскі князь Усяслаў упершыню прыгадваецца ў летапісе толькі ў 1235 годзе.

Такім чынам, першапачатковая дзяржаўнасць, якая ўзнікла найперш у Полацкім і Тураўскім княствах, пацярпела на працягу ХІІ – пачатку ХІІІ стст. драбленне і стала свайго роду стартавай пляцоўкай для кансалідацыі ўлады і непасрэдна геаграфічных тэрыторый на больш высокім узроўні – у межах Вялікага княства Літоўскага.

Закладзеныя ў Х-ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай землі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвала свае межы. У пачатку ХІІІ ст. нашы продкі сталі на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіў у цяжкую барацьбу з крыжакамі.

Крыжовы паход германскіх рыцараў і каталіцкага духавенства спачатку быў накіраваны ў Прыбалтыку, дзе ў 1201 г. была заснавана Рыга. Рыцары-мечаносцы амаль знішчылі плямёны ліваў, пагражалі жамойтам і латгалам. Для далейшай экспансіі рыцары будавалі невялікія мураваныя крэпасці і т. чынам прасоўваліся ўверх па Западнай Дзвіне, пагражаючы Полацку.

Здарылася так, што палачане першымі з усходніх славян сутыкнуліся з крыжакамі. Атрады з Полацка і іншых гарадоў дапамагалі насельніцтву сучасных Латвіі і Эстоніі адбіваць напады рыцараў-тэўтонаў. Так, дружыны полацкага князя Уладзіміра летам 1203 года асадзілі дзве нямецкія крэпасці Гольм і Укскуль, але значнага поспеху не мелі.

У 1205 годзе рыцары сабралі вялікія сілы і накіраваліся далей на ўсход, пры гэтым яны разбуралі і знішчалі ў пажарах усё на сваім шляху. Каб спыніць пранікненне крыжакоў на свае землі, полацкі князь Уладзімір у 1206 годзе зноў асадзіў нямецкі замак Гольм, які знаходзіўся ў ніжнім цячэнні р. Даўгавы. Узяць крэпасць полацкія дружыны не змаглі.

Тым часам у 1208 годзе нямецкія рыцары асадзілі полацкі фарпост ў нізоўях Заходняй Дзвіны горад Герцыке. Абаронцы горада на чале з князем Вячкай мужна адбіваліся ад захопнікаў. Але сілы былі няроўныя. Вячка вымушаны быў спаліць горад і з дружынай у 200 чалавек пакінуў свае землі. Праз год той жа лёс напаткаў горад Герцыке.

У 1210 г. паміж рыжскім епіскапам Альбертам і полацкім князем Уладзімірам быў заключаны мірны дагавор. Паводле яго Полацк захоўваў сваё права на атрыманне даніны з ліваў. Праз два гады адбыліся новыя перагаворы. На іх крыжакі прымусілі полацкага князя адмовіцца ад Ніжняга Падзвіння, што было для Полацка цяжкай стратай. Дамовіліся яшчэ аб тым, што купцам будзе адкрыты свабодны шлях па Заходняй Дзвіне. Але рыцары парушылі пагадненне і ўварваліся ў землі эстаў.

У 1216 г. палачане сумесна з эстамі і літоўцамі рыхтаваліся да сумеснага пахода супраць крыжакоў. Аднак у дзень адпраўлення з Полацка князь Уладзімір раптоўна памёр і паход не адбыўся.

Полацк, першым з усходніх славян уступіўшы ў процістаянне з крыжакамі, саступіў ім вусце Дзвіны і некаторыя іншыя землі, аднак межы свайго княства абараніў. З цягам часу палачанамі разам з Псковам і Ноўгарадам быў утвораны сапраўдны антыкрыжацкі фронт, і рыцары не змаглі перанесці сваю экспансію на славянскія землі. Вынікам гэтых падзей стала бітва наўгародцаў на чале з князем Аляксандрам Яраславічам (Неўскім) на раке Няве ў 1240 годзе, дзе праславіўся сваёй адвагай Якаў Палачанін. А ў бітве на лёдзе Чудскага возера ў 1242 годзе Аляксандр ушчэнт разбіў войска крыжакоў. Усе гэтыя здарэнні прыпынілі рух захопнікаў у старажытнарускія землі.

Другой небяспекай для нашых продкаў гэтага перыяда былі мангола-татары. У пачатку ХІІІ ст. ў стэпах Центральнай Азіі склалася моцная мангольская дзяржава і пачалася паласа заваяванняў манголаў, якая закранула ўсю Азію і многія краіны Еўропы.

Унук заснавальніка дзяржавы Чынгісхана – Батый пачаў заваёўніцкі паход на захад. Зімой 1237 – 1238 гг. мангола-татары захапілі і разрабавалі Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір. У бітве на раке Сіці былі разбіты аб’яднаныя сілы старажытнарускіх князёў.

У 1238 годзе захопнікі накіраваліся далей на поўнач, але не дайшлі да Ноўгарада і Смаленска і чамусьці павярнулі назад у стэпы. Ужо зімой 1239 года мангола-татары ўварваліся ў паўднёварускія землі, знішчаючы ўсё на сваім шляху.

Насельніцтва Беларусі аказалася пад вялікай пагрозай татарскага зняволення ў 1239-1240 гг., але заваёўнікі павярнулі на поўдзень. Яны прайшлі па тэрыторыі Чарнігаўскай зямлі, у склад якой уваходзілі паўднёва-усходнія раёны сучаснай Беларусі. Верагодна, тады быў знішчаны Гомель. А ў Іпацьеўскім летапісе пад 1240 годам паведамляецца аб разбурэнні Бярэсця.

Трэба адзначыць, што большая частка тэрыторыі Беларусі не зведала мангола-татарскай навалы ў 1238-1240 гг. У навукоўцаў ёсць шэраг версій на гэты конт. Адны з іх лічаць, што войска Батыя было аслаблена барацьбой з паўночна-усходнімі рускімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не хацелі ісці ў беларускія лясы і балоты. Існуюць і іншыя меркаванні. Але прымальнага тлумачэння, чаму мангола-татары абмінулі нашы землі, пакуль не існуе.

У 1241 годзе мангольскае войска з цяжкімі баямі прайшло па Польшчы і левабярэжнай Венгрыі, Малдавіі, Румыніі, Славакіі, Сербіі і інш. краінам. Наступленне мангола-татараў, якое пачалося з Ніжняга Паволжжа, спынілася каля межаў Італіі. Вялікія страты прымусілі захопнікаў ў 1242 годзе павярнуць назад.

Такім чынам, як было ўжо вышэй сказана, асноўная тэрыторыя не падверглася мангола-татарскаму пагрому ў 1237 – 1241 гг. і беларускія землі пазбеглі ярма Залатой Арды. Але пагроза такога зняволення не знікла.


  1. Прыняцце і распаўсюджане хрысціянства. Культура беларускіх зямель у IX-XIII стст

На развіццё культуры Беларусі ранняга сярэднявечча вялікі ўплыў аказала прыняцце хрысціянства. Яно прыйшло на тэрыторыю Беларусі з Захаду і Усходу, уводзілася мірнымі і нямірнымі сродкамі, часам паралельна, у форме двухвер’я, часам у барацьбе з старымі паганскімі вераваннямі. Хрысціянства супала па часе з зараджэннем асноў дзяржаўнасці на Полаччыне і Тураўшчыне, ідэя адзінага бога адпавядала цэнтралізацыі княжацкай улады, царква стала духоўнай асновай раннесярэднявечнай дзяржавы. У выніку хрысціянізацыі значна ўзрос міжнародны аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, перш за ўсё з Канстанціновалем, садзейнічалі развіццю рамёстваў, гандлю, а яшчэ больш культурнаму прагрэсу. Шырокі размах атрымалі мураванае дойлідства, манументальны жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прыняцце хрысціянства садзейнічала развіццю асветы і пісьменнасці, літаратурнай справы.

Пісьменнасць на землях Беларусі была вядома і раней, але ў больш прымітыўнай форме “чэртаў і рэзаў” і не была прыстасавана для запісу складаных тэкстаў. З Х стагоддзя пачала распаўсюджвацца кірыліца, азбука, створаная візантыйцамі, славянамі па паходжанню Кірылам і Мяфодзіем. Праз Балгарыю гэтая старажытнаславянская мова перайшла да ўсходніх славян. На ёй зроблены надпісы на пячатках полацкага князя Ізяслава канца Х ст., тураўскага князя Ізяслава Яраслававіча XI стагоддзя, так званых “Барысавых“, ”Рагвалодавых” камянях, знойдзеных на рэках Заходняя Дзвіна іДняпро, самшытавым грэбені, камнях у падмурку Полацкага Сафійскага сабора, прасліцах з археалагічных раскопак у Пінску, Віцебску, берасцяных граматах XI-XIII стст., надпісу на крыжы Лазара Богшы, якія датуецца XII ст. З грэчаскай настараславянскую перакладаліся царкоўныя кнігі.

Найбольш старажытнымі літаратурнымі помнікамі з’яўляюцца “Тураўскае евангелле” канца XI стагоддзя. Аршанскае евангелле канца XII- пач. XIII стст.. Вядома, што ў старажытным Полацку была вялікая бібліятэка, якая загінула ў час Лівонскай вайны. Да нас дайшлі толькі некалькі лістоў Полацкага евангелля канца XII стагоддзя. Кнігі пісаліся ўручную, асобым шрыфтам – “уставам” на пергаменце ў свайго рода майстэрнях – скрыпторыях. Асобныя раздзелы паддзяляліся каляровымі застаўкамі. Вокладкі рабіліся з дрэва і ўпрыгожваліся золатам і каштоўнымі камянямі. У юрыдычных дакументах таго часу – граматах полацкага князя Ізяслава, дагаворнай грамаце паміж Полацкам, Смаленскам і Рыгай, якія датуюцца пачаткам XIII стагоддзя, ужо ёсць асобныя элементы старабеларускай мовы.

Да нас дайшлі таксама і асобныя творы – “Словы”, малітвы, лісты, створаныя вядомымі асветнікамі таго часу Кірылам Тураўскім і Кліментам Смаляцічам, а таксама агіяграфічные аповесці – “Жыціе Ефрасінні Полацкай” аб аднайменнай выдатнай асветніцы, “Памяць святога айца нашага Кірыла, епіскапа Тураўскага”. Асобнае месца сярод помнікаў пісьменнасці разглядваемага перыяду займаюць Іпацьеўскі летапісны звод, які ўключае тры летапісы: “Аповесць мінулых гадоў”, Кіеўскі летапіс і Галіцка-Валынскі летапіс, і “Слова аб палку Ігаравым”, у якіх змешчаны звесткі па старажытнай гісторыі плямён і княжаств, якія існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Распаўсюджанне пісьменнасці, асветы на беларускіх землях цесна звязана з імёнамі дзеячоў культуры Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча. Ефрасіння Полацкая (Прадслава) была ўнучкай князя Усеслава Брачыслававіча (Чарадзея). Дабраахвотна выбраўшы дарогу ў манастыр, яна ўсё сваю жыццё прысвяціла асвеце, займалася перапіскай кніг, заснавала два манастыры і дзве царквы, па яе заказу ў 1161 годзе быў зроблены крыж – узор мясцовага мастацкага майстэрства.

Кірыла Тураўскі, выхадзец з заможнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю ў Тураве. Пастрыгшыся ў манахі, ён заняўся літаратурнай дзейнасцю. Выдатнай красамоўнасцю выдзяляюцца яго восем “Слоў”(павучанняў), тры прытчы, каля 30 малітваў і некалькі канонаў.

Клімент Смаляціч таксама жыў у манастыры, дарэчы, у той час менавіта манастыры былі цэнтрамі асветы, займаўся перапіскай. У сваім лісту смаленскаму святару Фаме ён даказваў, што разумець біблію трэба з дапамогай навуковых ведаў, у прыватнасці, вывучаючы творы антычных аўтараў.

Візантыйскі ўплыў на беларускіх зямлях Х-XIII стст. Асабліва адчуваўся ў развіцці матэрыяльнай культуры: дойлідстве, дэкаратыўна-прыкладном мастацтве. У IX – XIII ст.ст. тут ужо існавала 35 гарадоў, прычым, як паказваюць раскопкі ў Бярэсці, Мінску, Наваградку,Гародні, яны ні ў чым не саступалі еўрапейскім. Напрыклад, у Бярэсці XII стагоддзя ўжо існавалі драўляныя маставыя, рыначная плошча.

Менавіта з Х стагоддзя, пасля прыняцця хрысціянства, у Русі пачынаецца будаўніцтва мураваных будынкаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі выяўлена і даследавана 25 мураваных помнікаў культавай і грамадзянскай архітэктуры IX-XIII стст. З іх поўнасцю або часткова захаваліся невялікая частка, але па выніках раскопкаў іх фундаментаў можна вызначыць форму, тэхніку збудавання. Помнікі архітэктуры можна падзяліць на культавыя і абаронныя збудаванні. У культавых пабудовах выразна адчуваўся ўплыў Канстанцінопаля, у абарончых жа, старажытных замках – больш заходнееўрапейскі.

Як і ў Візантыі, на Беларусі пачалі будаваць храмы крыжовакупальнага тыпу. Яны былі, як правіла, выцягнутыя ў плане, з шырокім выкарыстаннем колеру для аздаблення пабудоў, керамікі, пірамідальнай формы або з адным купалам. Вядомы 13 культавых пабудоў IX-XIII стст. у Полацку, але зберагліся толькі два – Сафійскі сабор і Спаса-Прэабражэнская царква Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра. Гэтыя культавыя пабудовы, а таксама ансамбль Бельчыцкага манастыра, Дабравешчанская царква ў Віцебску і іншыя дазваляюць выдзяліць полацкую архітэктурную школу. Для яе характэрны тэхніка муравання са схаваным радам плінф, выцягнуты падкупальны барабан. Маючы свае самабытныя рысы, полацкая школа дойлідства тым не менш абапіралася на візантыйскія традыцыя, але увядзенне пры пабудове Полацкага сафійскага сабора контрфорсаў сведчыць і аб нейкім уплыве раманскага стылю.

Другая архітэктурная школа-Гродзенская прадстаўлена перш за ўсё Ніжняй царквой у Гродне і Барысаглебскай (Каложскай) царквой. Для іх характэрны большая дэкаратыўнасць, чаргаванне кладкі з мураванымі рознакаляровымі камянымі і маёлікавымі пліткамі, наяўнасць у сценах галаснікоў для паляпшэння акустыкі. Абарончыя збудаванні гэтага перыяду прадстаўлены Камянецкай вежай, рэшткамі Навагрудскага, Лідскага замкаў. Тут ужо больш адчуваецца заходнееўрапейскі уплыў, раманскі архітэктурны стыль.

Фрэскавыя роспісі ў культавых пабудовах, перш за ўсё ў Полацкім Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіньеўскай царкве, напрыклад, “Невядомая святая”, “Васіль Вялікі” і інш. Даюць прадстаўленне аб манументальным жывапісу ранняга сярэднявечча, які быў асновай мастацтва таго часу. Другой формай яго былі кніжныя мініяцюры. У манументальным жывапісу, кніжнай графіцы адчуваецца моцны візантыйскі ўплыў. Гэта выражаецца ў падчэрчванні аскетызму, адсутнасці аб’ёмнасці вобразаў. Значна больш у параўнанні з выяўленчым было развіта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У старажытным Полацку былі вядомыя больш за 60 розных відаў мастацтва.

Асабліва цікавымі з’яўляюцца ювелірныя вырабы. Шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачатку 12 ст. з’яўляецца багата арнаментаваны крыж, створаны Лазарам Богшай па заказу Ефрасінні Полацкай.

Акрамя крыжа Лазара Богшы, месцазнаходжанне якога ў цяперашні час невядома, практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, як паказалі археалагічныя раскопкі, знойдзены сляды залатарства і рэшткі ювелірных майстэрняў.

З залатарствам цесна звязана мастацкая апрацоўка каменю. Найбольш цікавым відам каменнай пластыкі XII-XIII стст. з’яўляюцца абразкі, якіх выраблялі з бронзы, косці і каменю. Іх знаходзілі пры раскопках ў Полацку, Мінску, Навагрудку, Ваўкавыску, Віцебску і інш. Напрыклад, зроблены з гліны абразок з выявай святых Канстанціна і Алены з Полацка аб’ядноўвае візантыйскі, раманскі і мясцовы уплывы. Выключнай рознабаковасцю вызначаюцца і іншыя вырабы з косці, каменю, зноўдзеныя у час археалагічных раскопках, у тым ліку арыгінальныя высокамастацкія шахматныя фігуркі.

Такім чынам, развіццё кніжнай справы, дойлідства, манументальнага жывапісу, кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дробнай пластыкі старажытных зямель Беларусі Х-XIII стагоддзяў адбывалася ў рэчышчы візантыйскай традыцыі з адначасовым засваеннем раманска-гаіычных рыс. Але на гэтай аснове у гэты час ужо паступова вызначалася самабытная своеасаблівая культура, характэрная, нягледзячы на наяўнасць асобных княстваў, у цэлым для регіёна зямель сучаснай Беларусі.


  1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага: асноўныя падыходы і канцэпцыі. Роля беларускіх зямель ў станаўленні беларуска-літоўская дзяржавы
Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Канцэпцыі этнічнага паходжання дзяржавы. Федэратыўны прынцып пабудовы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
У ХІІІ–ХVІ стст. краіны Заходняй і Усходняй Еўропы ўступілі ў стадыю феадалізма, для развіцця якога былі характэрнымі наступныя акалічнасці: аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, у якой усталяваліся феадальныя адносіны; таварна-грашовые адносіны былі слабымі, але з цягам часу з пашырэннем ролі гарадоў, развіццём рамёстваў і гандлю яны сталі больш развітымі. Асабліва гэта было характэрна для краін, якія былі звязаны з морам – Італіі, Англі.

Жыццё ўсяго грамадства знаходзілася пад моцным уплывам царквы. Хрысціянская ідэалогія была пакладзена ў аснову светапогляду насельніцтва.

Ішоў працэсс фарміравання нацыянальных дзяржаў, якія ўтвараліся ў форме манархій, як саслоўна-прадстаўнічых, так і абсалютных. Так, саслоўна-прадстаўнічая манархія пачала стварацца ў Англіі: з 1265 года тут пачаў дзейнічаць парламент. У ХІІІ стагоддзі адбылося аб’яднанне Францыі пад уладай дынастыі Капетынгаў. Германія з цягам часу ў выніку міжусобнай барацьбы ўвайшла ў XIV стагоддзі ў стадыю феадальнай раздробленнасці. Польшча ў пачатку ХІІІ стагоддзя таксама была раздроблена і адчувала небяспеку з боку нямецкіх феадалаў, утварыўшых у Прыбалтыцы ў 1237 года Тэўтонскі ордэн. З узмацненнем знешней пагрозы нямецкіх з боку крыжаносцаў з 1320 года князь Уладзіслаў Лакетка актывізіраваў у Польшчы аб’яднальную палітыку. Найбольшай магутнасці каралеўская ўлада ў гэтай дзяржаве набыла пры Казіміры ІІІ Вялікім (1337 – 1370 гг.). У гады яго кіравання выдадзены зводы судовых законаў (Вісліцкі, Петрыкоўскі статуты), умацаваны апарат кіравання. Але з цягам часу Польшча ператварылася ў саслоўна – прадстаўнічую манархію, дзе перавагу ў кіраванні набыло феадальна – шляхецкае саслоўе.

На ўсходе паступова ўзмацнялася Маскоўская дзяржава. Пачатак яе ўзвышэння пакладзены пры Іване І Каліце (1325 – 1340 гг.), затым пры яго яго ўнуку Дзмітрыі Іванавічу, у далейшым названым Данскім (1350 – 1389 гг.).

У гэтых абставінах паступова ўзнікла і пачало развівацца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (далей ВКЛ).

Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя прадумовы фарміравання ВКЛ былі наступнымі.

1. Развіцце сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства, гандлю, рост гарадоў і іх размяшчэнне на важных гандлёвых шляхах.

2. Паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, сацыяльных супярэчнасцей паміж саслоўямі.

3. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай, якая была адным з асноўных фактараў для ўтварэння дзяржавы.

Стварэнне ВКЛ – складаная палітычная праблема, ад вырашэння якой залежыць і характарыстыка этнічнай дзяржаўнасці. У гістарычнай навуцы існуюць розныя тэарэтычныя падыходы да гэтай праблемы, якія ў значнай ступені залежаць ад палітычных прыхільнасцей навукоўцаў і кан’юнктуры, а больш за ўсё ад геапалітычных рэалій. Разгледзім некаторыя з іх.

Канцэпцыя “літоўскага заваявання”, ў адпаведнасці з якой заходнія землі старажытнай Русі былі захоплены літоўскімі князямі падчас аслаблення Русі міжусобіцамі і татара-мангольскімі заваяваннямі. Узнікшая ў ХVІІ ст., яна абгрунтоўвала неабходнасць “вызвалення спрадвечна рускіх зямель” Масковіяй, а потым Расіяй ад літоўскіх і польскіх заваёўнікаў. Гэтая канцэпцыя засталася пануючай у савецкія часы, яна падтрымліваецца літоўскімі навукоўцамі.

Канцэпцыя “Літоўска-рускай дзяржавы” не выключала літоўцаў з працэсу ўтварэння і развіцця ВКЛ, але, па сутнасці, ігнаравала наяўнасць ў складзе ВКЛ беларускага этнасу і ролю яго продкаў ва утварэнні дзяржавы.

Канцэпцыя “Беларуска-літоўскай дзяржавы” абгрунтавана ў 20-я гады ХХ стагоддзя У. Ігнатоўскім. Беларускі ўплыў, па гэтай канцэпцыі, пераважаў па тэрыторыі, насельніцтву, узроўню эканамічнага і культурнага развіцця беларускіх зямель, праяўляўся ў афіцыйным статусе старажытнай беларускай мовы. Літоўскі ўплыў пераважаў у палітычным жыцці (літоўская княжацкая дынастыя).

Канцэпцыя “беларускай дзяржавы” сцвярджае, што з самага пачатку ВКЛ фарміравалася як дзяржава продкаў беларусаў, якія ў той час называліся ліцвінамі. (Прыхільнікі яе В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі). Найбольш поўна яе абгрунтаваў М. Ермаловіч. На яго думку, значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з’яўляецца атаясамляванне сучаснай тэрыторыі Літвы з летапіснай Літвой, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі паміж Слонімам, Мінскам і Маладзечна і была часткай тэрыторыі, на якой фарміраваўся беларускі этнас.

Прыхільнікі канцэпцыі “поліэтнічнай дзяржавы” імкнуцца пераадолець крайнасці іншых тэорый. Але і сёння ў дыскусіі па праблемах утварэння і этнічнай прыналежнасці ВКЛ апошняя кропка яшчэ не пастаўлена.

Працэс станаўленя Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель быў працяглым і складаным. Кіеўская Русь, у склад якой уваходзілі раней і старажытнабеларускія землі, праіснавала два с паловай стагоддзі. Пасля доўгага перыяду феадальнай раздробленасці і міжусобных войн яна стала здабычай татара-мангольскіх орд, якія давяршылі знішчэнне былога палітычнага арганізма. У далейшым пастаянная агрэсія з усхода качэўнікаў – татара-манголаў, а з захаду – германскіх крыжакоў падштурхнулі ўсходніх славян да стварэння цэнтралізаванай дзяржавы. Ва ўсходніх землях цэнтрам аб’яднання стала тэрыторыя, дзе спачатку было ўтворана Уладзіміра-Суздальскае княства, потым пачала ўзвышацца Маскоўская Русь, будучая Расійская дзяржава.

У старажытнабеларускіх землях цэнтрам аб’яднання стала Верхняе Панямонне з цэнтрам у Навагародку (цяперашні Навагрудак). Першае паведамленне аб Навагародку ў летапісу адносіцца да 1252 г., а пад 1253 г. названа яго “зямля”. На гэтай тэрыторыі пражывалі сумесна славянскія і балцкія плямёны. У пісьмовых крыніцах пачатку ХІ стагодзя (1009 год) упамінаецца і Літва. Адкуль паходзіць гэтая назва, канчаткова яшчэ не высвятлена. Няма нават адзінай думкі сярод даследчыкаў аб тэрыторыі, якую займала тады Літва. Адны лічаць, што гэтая зямля размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай Рэспублікі, якая завецца сёння Літва, другія прытрымліваюцца думкі, што яна была на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (паміж Мінскам, Навагрудкам і Слонімам), трэція сцвярджаюць, што летапісная Літва займала значную плошчу на тэррыторыі сучаснай Літвы і тэрыторыі сучаснай Беларусі. У старажытных крыніцах гаворыцца пра Літву, якая разам з Латгаліяй, Земгаліяй і зямлёй куршаў, якія пражываюць сёння на тэррыторыі сучаснай Латвійскай Рэспублікі, плацілі даніну суседнім усходнеславянскім княствам. Ёсць звесткі аб ваенных паходах старажытнарускіх і польскіх князёў на Літву. Магчыма, Літва ўяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічнароднасных плямён – дзяволтву, нальшаны, ўпіту, жэмайтаў, аўкштайтаў і інш. Гэтыя балцкія плямёны жылі ў частковым асяроддзі славянскіх плямён, трымаючыся язычніцкай веры і патрыярхальнага ладу жыцця. На чале іх стаялі племянныя князі (кунігасы). У час ваенных паходаў яны стваралі паміж сабой саюзы – канфэдэрацыі. Пра гэта ўспамінаецца ў летапіснным паведамленні аб заключэнні літоўскімі князямі ў 1219 г. пагаднення з Валынскім княствам. Яго падпісалі некалькі груп князёў: “старэйшыя,” у тым ліку Міндоўг (“Мендог”), Рушкавічы, Булевічы і іншыя. Пазней пад 1235 г. летапіс прыгадвае “Літву Мендога”. Міндоўг, напэўна, да гэтага часу змог выйсці на першае месца сярод сваіх суродзічаў у агульналітоўскім палітычным саюзе – канфедэрацыі. Як паведамляе Іпацьеўскі летапіс, Міндоўг адных сваіх сапернікаў забіў, другіх выгнаў з Літвы “ і нача княжыці адзін во всей земле літовской”. Неўзабаве ён са сваёй дружынай накіраваўся ў Навагарадак, дзе прыняў праваслаўе. Гэтая акалічнасць дае падставу меркаваць, што ў гэтым рэгіёне пражывала большасць славянскага праваслаўнага насельніцтва. Яшчэ ёсць меркаванне, што Міндоўг увайшоў у горад не сілай, а са згоды мясцовых жыхароў. Неўзабаве Міндоўг захапіў землі ў Верхнім Панямонні, далучыўшы іх да Навагарадка. Ён стаў, такім чынам, першым вялікім князем дзяржавы, якая пачалася фактычна з навагарадскай зямлі, і яе першай сталіцай стаў Навагародак з усходнім славянскім насельніцтвам і культурай.

Перыяд з’яўлення на палітычнай арэне новай дзяржавы быў вельмі цяжкім. У першай палове ХІІІ стагоддзя з-за Урала ў Еўропу ўварвалася вялікая армія манголаў. У дадатак да гэтага на захадзе ўзмацніўся Тэўтонскі ордэн. Крыжаносцы агнём і мячом пачынаюць ахрышчваць язычнікаў. Паступова межы ордэна набліжаюцца да Нёмана. З поўдня пагражалі галіцка-валынскія князі, якія патрабавалі даніну з Навагарадка, Бярэсця і Пінска.

Міндоўг паступова ўсталяваў кантроль над суседнімі землямі – Літвой, Берасцейшчынай, Жмуддзю і інш. Імкнучыся пашырыць тэрыторыю сваёй зямлі, ён ідзе на пагадненне з Тэўтонскім ордэнам, прымае ў 1251 годзе каталіцкую веру, а ў 1253 г. карануецца каралеўскай каронай, прысланай ад імя Папы Рымскага Інакенція ІV (Міндоўг – адзіны кароль ВКЛ). Аднак паколькі саюз з Рымам быў нетрывалым, Міндоўг у 1261 годзе адмовіўся ад хрысціянства, пасля чаго яго ўлада была прызнана язычніцкай Жамойціяй.

Становішча маладой дзяржавы было даволі хісткім ў акружэнні Галіцка-Валынскай зямлі і Тэўтонскага ордэна. У 1263 годзе Міндоўг памірае не сваёй смерцю. Верагодна, гэта смерць была санкцыяніравана ордэнам і выканана рукамі мясцовых літоўскіх феадалаў, ў якіх быў яшчэ моцны сепаратысцкі настрой.

Цэлае стагоддзе, нават крыху больш, Літоўская дзяржава станавілася Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых зямель. У тэрытарыяльным збіранні пазней вылучыўся князь Віцень (каля 1295 – 1316 гг.). Да Літоўскай дзяржавы былі далучаны Гродзенская, Пінская, Полацкая землі. Пры Віцені быў зацверджаны герб “Пагоня”.

У далейшым роль кансалідатараў старажытнабеларускіх зямель узяліся выконваць князі з роду Гедымінавічаў Гедымін (1316 – 1341 гг.) рашуча ўсталяваў сваю ўладу па ўсёй Літве, да якой адносілася таксама і тэрыторыя верхняга і сярэдняга Панямоння. Пры ім былі далучаны Мінскае, Віцебскае і Тураўскае княствы. землі Падзвіння. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню.

Пераемнік Гедыміна – яго сын, князь Альгерд (1345 – 1377 гг.) далучыў да Вялікага княства ўсходнія землі Беларусі з гарадамі Орша, Мсціслаў, Прапойск. Рагачоў, Гомель, Чарнігаўскую, Северскую землі, Кіеўскае княства, Падолле, устанавіў кантроль над Смаленскім княствам, Жамойцкімі землямі. Пры ім адбыўся падзел дзяржавы на дзве часткі. Альгерд правіў ва ўсходняй палове з цэнтрам у Вільні. Яго суправіцелем быў брат Кейстут. Цэнтрам уладання Кейстута сталі Трокі (сучасны Тракай). Пры гэтым Альгерд быў вярхоўным князем. У далейшым працяг пашырэння ВКЛ быў здзейснены Вялікім князем Вітаўтам (1392 – 1430 гг.). У 1406 г. ён замацаваў сваю ўладу ў Смаленску, а ў 1414 годзе пераможна ўехаў вярхом на кані ў воды Чорнага мора, сімвалізуючы гэтым веліч сваёй дзяржавы.

З другой паловы ХІV стагодзя Вялікае Княства Літоўскае з двухэтнічнага беларуска-літоўскага ператвараецца ў шматэтнічную дзяржаву, у межах якой пражывалі 4 асноўныя этнасы – беларусы, маларусы (украінцы), рускія і літоўцы, прычым этнічныя літоўцы былі у меньшасці (каля 10% насельніцтва), а большасць насельніцтва складаў славянскія этнасы.

Шматэтнічны характар ВКЛ абумовіў і палітычнае ўладкаванне дзяржавы. Яна паўстала ў форме своеасаблівай федэрацыі зямель “Літвы” і “Русі”, у межах якой захоўвалася аўтаномія асобных княстваў – зямель. Так, аўтаноміяй ва ўнутраных справах карысталіся Полацк і Віцебск, Мсціслаўскае, Клецкае, Кобрынскае, Слуцкае княствы. Вітаўт паспрабаваў правесці адміністрацыйную рэформу і ўмацаваць цэнтральную ўладу, стварыўшы ўнітарную дзяржаву. Ён пачаў скасоўваць аўтаномныя княствы і ўводзіць намесніцтвы на чале са сваімі намеснікамі. Але супрацьстаянне князёў з цэнтральнай уладай прымусіла яго пайсці на замірэнне і выдаць устаўныя граматы, сутнасць якіх заключалася ў прынцыпе “старыны не рушым, навіны не ўводзім”.

Унутрыпалітычная стабільнасць і адзінства поліэтнічнага дзяржаўнага аб’яднання, якім з’яўлялася ВКЛ, залежыла ад палітычнага напрамку, якога прытрымліваліся вялікія князі Літоўскія. Пачынаючы збіранне Вялікага княства Літоўскага (з далучэннем Русі княства атрымала назву Вялікае княства Літоўскае і Рускае) вялікі князь Альгерд прыняў праваслаўе. У сваёй знешнепалітычнай дзейнасці ён ажыццяўляў так званую “агульнарускую” праграму – межы сваёй дзяржавы пашырыў далёка на ўсход і поўдзень.

Утварыўшы моцную дзяржаву, Альгерд звярнуўся да Канстанцінопальскага патрыярха з просьбай заснаваць у Навагародку праваслаўную мітраполію. Трэба адзначыць, што з такой жа просьбай у Канстанцінопаль звярнуўся і князь Маскоўскі. Канстанцінопальскі патрыярх задаволіў і той, і другі бок, пасля чаго пачалося доўгае спаборніцтва паміж Літвой і Масквой за рэлігійную і палітычную ўладу ва Усходняй Еўропе.

Пасля смерці Альгерда па спадчыне ўлада ў ВКЛ перайшла да яго старэйшага сына ад другой жонкі Ульяны Цвярской – Ягайлы (1377 – 1392 гады). Ён не стаў пераемнікам у ажыццяўленні праграмы збірання ўсіх рускіх зямель вакол Вільні. Зацвярджэнне сваёй улады ён пачаў з барацьбы супраць брата Альгерда Кейстута, які быў суправіцелем Альгерда ў свой час. Пасля знішчэння Кейстута і яго сям’і барацьбу супраць Ягайлы пачаў сын Кейстута Вітаўт. Склаўшаяся сітуацыя ўнутры княства была абцяжарана захопніцкай палітыкай Лівонскага ордэна. Да таго ж набіраючы моц Маскоўскі князь робіць спробу далучыць да сваёй дзяржавы шэраг зямель былой стражытнай Русі, якія ў той час знаходзіліся ў межах ВКЛ. У выніку гэтых абставін Ягайла змяніў знешнюю палітыку ВКЛ у напрамку збліжэння з Польскім Каралеўствам. У 1385 годзе паміж ВКЛ і Польшчай была заключана Крэўская ўнія, паводле якой Ягайла, уступіўшы ў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, пераходзіць у каталіцкую веру і становіцца адначасова Вялікім князем ВКЛ і Польскім каралём. З 1387 года ён, прыняўшы каталіцтва, стаў Уладзіславам і, як адзначаюць даследчыкі, гэты год можна лічыць годам змянення сацыяльна-прававога становішча беларускіх зямель у Вялікім княстве. Паводле граматы ад 20 лютага 1387 года феадальная знаць каталіцкага веравызнання, якая была ў большасці літоўскага паходжання, атрымлівала неабмежаваныя правы валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўных феадалаў, што вялі свой радавод з беларускіх, украінскіх, рускіх зямель, гэты прывілей не распаўсюджваўся.. Гэты дыскрымінацыйны для знаці ўсходнеславянскага паходжання закон выклікаў ў іх асяродзі рэзкае нездавальненне палітыкай вярхоўнай улады Вялікага княства, нарадзіў сепаратысцкія “антылітоўскія” настроі. Першым, хто выступіў супраць палітыкі Ягайлы, стаў Вітаўт, які ў 90-х гадах ХІV стагоддзя прапанаваў праграму стварэння самастойнага “Руска-Літоўскага” каралеўства, якое супрацьстаяла б, з аднаго боку, Польшчы, з другога – Маскве. У сваіх намаганнях Вітаўт абапіраўся ўнутры дзяржавы на праваслаўную знаць, за межамі ў саюзнікі ўзяў нават ордэн. Баючыся вайны паміж Польшчай і Літвой, Ягайла прызнаў Вітаўта Вялікім князем Літоўскім. Востраўскае пагадненне 1392 года ўзаконіла Вітаўта як главу Вялікага княства Літоўскага.

Але на гэтым супрацьстаўленне феадалаў каталіцкага веравызнання “рускім”–праваслаўным не скончылася: па Гарадзельскай уніі 1413 года праваслаўная знаць княства ставілася практычна ў дыскрымінацыйнае становішча. Так, трэці параграф Гарадзельскай пастановы устанаўліваў, што толькі “католікі рымскай царкве падуладныя” могуць карыстацца эканамічнымі і палітычнымі прывілегіямі. Так быў зроблены яшчэ адзін крок у напрамку змянення сацыяльна-прававога становішча беларускіх зямель у ВКЛ.

Сваю роль тут адыграла палітыка Рыма. Дзеля аслаблення Вялікага княства Літоўскага Ватыкан пачаў націск на яго з захаду: актывізіравалася захопніцкая палітыка Лівонскага ордэна.

Пасля смерці Вітаўта ў ВКЛ пачалася грамадзянская вайна – барацьба праваслаўных феадалаў за ўраўнанне правоў з католікамі. Да ўлады прыйшоў прадстаўнік “праваслаўнай партыі” Свідрыгайла (1430 – 1432 гг.). Але ў выніку змовы з боку “каталіцкай партыі” ён у 1432 годзе быў пазбаўлены ўлады і на чале дзяржавы стаў Жыгімонт Кейстутавіч (1432 – 1440 гг.) – малодшы брат Вітаўта. Частка ВКЛ прызнала яго ўладу, частка захавала вернасць Свідрыгайле. Гэта прывяло да грамадзянскай вайны (1432 – 1436 гг.), расколу ВКЛ і ўтварэння Вялікага Княства Рускага. Жыгімонт вымушаны быў падпісаць у 1434 годзе прывілей аб ураўнанні ў эканамічных правах баяр-католікаў з праваслаўнымі. Атрымаўшы перамогу над Свідрыгайлам, Жыгімонт пазбавіўся ад залежнасці з боку Польшчы. Пасля яго смерці на трон быў абраны Казімір Ягайлавіч (1440 – 1442 гг.). Пасля гібелі караля Польшчы Казімір быў абраны таксама і польскім каралём. Пасля смерці Казіміра вялікім князем стаў яго сын Аляксандр (1492 – 1506 гг.). У час яго княжання пачало абмежаванне вялікакняжацкай улады з боку паноў-рады. Дзейнасць далейшых князёў ВКЛ – Жыгімонта І Старога (1506 – 1548 гг.). Жыгімонта ІІ Аўгуста (1548 – 1572 гг.) была звязана з бясконцымі войнамі з Маскоўскім княствам, што прывяло да страты часткі земляў ВКЛ.

У першай палове XIII стагоддзя ў Еўропе дамінавалі некалькі буйных дзяржаўных фарміраванняў – Свяшчэнная Рымская імперыя, Францыя, Іспанія. Гэтыя каталічныя дзяржавы, асабліва Германія, прызнавалі верхавенства Ватыкана. Менавіта папства заахвочвала духоўна-мілітарысцкую актыўнасць манаскіх і рыцарскіх ордэнаў, члены якіх рэкруціраваліся пераважна на нямецкіх землях, спачатку супраць Палесціны, а затым і супраць хрысціянскіх краін, якія прытрымліваліся праваслаўя або паганскай веры. Гэтая ваенная экспансія пад выглядам абароны і распаўсюджвання каталіцызма галоўным чынам правадзілася ў прыбалтыцы, дзе дзейнічаў лівонскі ордэн. Перамога на крыжаносцамі ў 1240 і 1242 гг кааліцыі наўгародскага і полацкага княстваў на некаторы час прыпыніла яе, але пагроза засталася. Крыжаносцы працягвалі рабіць шматлікія набегі на суседнія землі. Перад раздробленымі балцкамі плямёнамі і рускімі княствамі паўстала альтэрнатыва кансалідацыі і барацьбы з захопнікамі або прызнання іх улады.

Ваенна-палітычная сітуацыя ва Ўсходняй Еўропе яшчэ больш абвастрылася ў сувязі з паходам мангольскага хана Батыя на Русь у 1237-1240 гг. Татара-манголы заваявалі і спустошылі землі Паўднёвай Русі. Хаця яны закранулі толькі ўскрайкі беларускай тэрыторыі, зрабіўшы набегі на гарады Гомель, Магілёў, Драгічын, па няпоўным звесткам, Бярэсце, Пінск, але гэта не выключала пагрозы іх далейшай экспансіі.

На захадзе, ў Польшчы, дзе манархія Пястаў распалася на тры асноўных дзяржаўных утварэнні: Вялікапольскае, Малапольскае і Мазавецкае, у гэты час назіраўся спад знешняй ваеннай актыўнасці, але ўзаемные набегі на пагранічныя тэрыторыі прадаўжаліся.

Такім чынам, прыбалтыйскія плямёны і княствы на тэрыторыі Беларусі аказаліся ў складанай геапалітычнай сітуацыі, калі практычна з усіх бакоў можна было чакаць агрэсіі. Гэта стала асноўнай знешнепалітычнай прычынай для аб’яднання ў адно дзяржаўнае ўтварэнне.

Унутранымі перадумовамі аб’яднання сталі развіццё феадальных адносін, эканамічных зносін, асаблівасці палітычнай сістэмы Русі, працяглы вопыт міжэтнічных кантактаў з суседнімі землямі, пачатак цэнтралізацыі і выкліканае гэтым з’яўленне моцных уладароў у суседняй Літве.

Гаспадарчае развіццё, рост гарадоў садзейнічала ўзмацненню гаспадарчых сувязей паміж асобнымі княствамі і землямі. Акрамя таго, пашырэнне права ўласнасці на нерухомасць вяло да абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў, што таксама спрыяла зацікаўленнасці землеўладальнікаў у моцнай дзяржаўнай уладзе.

У першай палове XIII стагоддзя на абсягах Кіеўскай Русі існавала вялікая колькасць раздробленых княстваў. На тэрыторыі сучаснай Беларусі Полацкае і Тураўскае княствы таксама распаліся на больш дробныя ўдзелы, утварыліся новыя княствы, у тым ліку Гарадзенскае, Новагародскае. Яны былі аслабленымі ў ваенных адносінах, але даволі развітымі ў эканамічных, культурных адносінах, пры гэтым ў аснроўным захаваліся агульныя рысы ў развіцці эканомікі, культуры, духоўнай сферы. Захавалася і развітая сістэма кіравання.

Балцкія плямёны ў пачатку XIII стагоддзя знаходзіліся на больш нізкай ступені палітычнага і культурнага развіцця.Тут існавалі плямёны, якія паступова аб’ядноўваліся ў саюзы на чале з старэйшымі князямі. Такі саюз, дзе ў ліку старэйшых адзначаецца будучы заснавльнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг, быў утвораны ў 30-я гады XIII ст.

Гэта была пераддзяржаўная стадыя палітычнай эвалюцыі. Племянныя князі мелі ўласныя дружыны, з якімі ажыццяўлялі грабежніцкія набегі на суседзяў, але без захопу на працяглы тэрмін тэрыторый. У XI і XII стагоддзях балцкія плямёны былі даннікамі рускіх княстваў. Да сярэдзіны 1230-х гадоў землі балцкіх плямён куршаў, латыголі і прусаў трапілі пад уладу Ордэна мечаносцаў і Тэўтонскага ордэна. Але плямёны Дзяволтва, Нальшчаны, Жамойць, Аўкштайты, Літва распачалі барацьбу з рыцарамі. Менавіта яны ў 1219 г. скансалідзіраваліся ў кааліцыю, якая затым у гістарычных крыніцах стала называцца “літвой” у шырокім сэнсе і ў асноўным адпавядала этнічнай тэрыторыі сучаснай Літвы. Гэтае аб’яднанне было даволі стабільным і менавіта з 1210 года, наадварот, назіраецца ваенная актывізацыя літоўскіх князей. Яны робяць паходы на Ноўгарад, Смаленск, Полацк (аб гэтым у паэтычнай форме нават згадваецца ў “Слове аб палку Ігаравым”), Польшчу, Валынь праз Пінскае княства. У Пскове, Полацку, Друцку, Віцебску пачынаюць правіць князі літоўскай дынастыі. Паходы, якія былі здзейснены ў 40-е гады XII стагоддзя, ужо узначальваў Міндоўг, сын кернаўскага ўладара Рынгольда, згодна з “Ліфляндскай рыфмованай хронікай”, вялікага князя, “які не меў сабе роўных у Літве”. Міндоўг атрымаў ад бацькі ўдзел, які затым пачаў называцца “Літва Міндоўга”, а пасля яго смерці ўзначаліў літоўскую кааліцыю. Прыкладна ў 1244-1246 гг. Міндоўг ужо характарызуецца “Ліфляндскай рыфмованай хронікай” як “магутны кароль” і “уладар Літоўскай зямлі”. Менавіта ён, абапіраючыся не толькі на мясцовае баярства і сваю вотчыну, але і на весь ваенны патэнцыял Літвы ў шырокім сэнсе, стаў заснавальнікам ВКЛ.

Аб’яднанне літоўскіх і рускіх зямель было выгадным абодвум бакам. Літва атрымала ўжо сфарміраваны і развіты апарат кіравання, больш высокую культуру, рускія ж княствы маглі абаперціся на ваенную моц літоўцаў.

Пачатак утварэнню ВКЛ быў пакладзены аб’яднаннем Навагародскай зямлі і Літвы пад уладай Міндоўга. Гэта амаль адразу выклікала супрацьдзеянне як з боку Жамойці, якая таксама прэтэндавала на ролю аб’яднальніка зямель, так і з боку суседзяў – Галіцка-Валынскага княства, Лівонскага ордэна і нават татара-манголаў, якія не адмовіліся ад намераў падпарадкаваць усю Русь. Галіцка-Валынскі князь Даніла тройчы рабіў паходы на Наваградак і Гародню. У такіх складаных умовах Міндоўг папрасіў заступніцтва ў Папы Рымскага, прыняў хрышчэнне па каталіцкаму абраду і ў 1253 г. каранаваўся. Саступіўшы частку Жамойці крыжаносцам, а Наваградак, Слонім і Ваўкавыск – Галіцка-Валынскаму княству, Міндоўг гэтым самым нейтралізаваў сваіх галоўных ворагаў, затым здолеў перамагчы сваіх праціўнікаў у Літве і адбіць напад татарскага войска пад кіраўніцтвам ваяводы Бурундая ў 1258 г. Умацаваўшы сваё становішча, Міндоўг парваў з каталіцтвам і падтрымаў барацьбу Жамойці супраць крыжаносцаў, але ў 1263 г. быў забіты у выніку змовы літоўскіх удзельных князей. Аб’яднаўчы працэс прадоўжыў сын Міндоўга Войшалк, які з дапамогай пінскай дружыны і войска Галіцка-Валынскага князя здолеў у 1264 г. стаць на чале ВКЛ. Ён заваяваў землі змоўшчыкаў – Нальшчаны і Дзяволтву, пашырыў уплыў княства на Полацк і Віцебск. У 1267 г. ён перадаў уладу галіцкаму князю Шварну, які праз тры гады памёр. На працягу наступных трыццаці гадоў, перш за ўсё у час праўлення Трайдзеня, да ВКЛ былі далучаны землі яцвягаў, адбіты спробы экспансіі з боку татара-манголаў і крыжаносцаў. У канцы XIII – пачатку XIV стст. пры вялікім князе Віцене прадаўжалася барацьба з крыжаносцамі, у 1307 годзе за княствам быў канчаткова замацаваны Полацк, уведзены княжацкі герб “Пагоня”. У час праўлення Гедыміна тэрыторыя ВКЛ значна пашырылася за кошт Віцебскай, Берасцейскай зямель, Мінскага і Пінскага княстваў, гарадоў Гомеля і Мсціслаўля і стала называцца Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. Сталіцай яго з 1323 года стала Вільня. Пры Альгердзе і Вітаўце былі далучаны сучасные ўкраінскія землі, Смаленскае і Бранскае княствы. У склад ВКЛ канчаткова ўвайшла і Жамойцкая зямля, а княства з 1442 года стала афіцыйна звацца Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Яно займала тэрыторыю ад Польшы і Венгрыі на захадзе да Падмаскоўя на ўсходзе, ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні і па свайму памеру раўнялася буйнейшым еўрапейскім краінам. Па этнічнаму складу ВКЛ на першай стадыі фарміравання была літоўска-беларускім утварэннем, дзе на балцкія землі прыпадала каля 65% тэрыторыі, у перыяд праўлення Гедыміна і Альгерда – літоўска-беларуска-украінскім і у час канчатковага фарміравання – ўжо політэтнічным, у асноўным літоўска-беларуска- украінска-рускім, у якім тэрыторыя Беларусі склала каля 20% агульнай плошчы.

Шляхі ўваходжання ў ВКЛ беларускіх і іншых зямель былі рознымі: акрамя ваенных захопаў, праз дабраахвотнае ўключэнне на дагаворнай аснове, напрыклад, рашэнне Полацкага веча; шлюбныя сувязі, прыкладам можа быць далучэнне Віцебшчыны шляхам шлюбу Альгерда з мясцовай княжной; міждяржаўныя саглашэнні, такім чынам шляхам дамоў з Польшай было далучаны Валынь і Падляшша; у выніку вызвалення ад іншаземных захопнікаў, як гэта было з украінскімі землямі пасля перамогі Альгерда над татарамі ў бітве на рацэ Сінія Воды. Такім чынам, аб’яднанне зямель у адзіную дзяржаву ажыццяўлялася пераважна мірным шляхам, паколькі ў большасці выпадкаў гэта было выгадна абодвум бакам. Гэтаму садзейнічала і ўзважаная палітыка князёў, якія прытрымліваліся правіла “старае не рушыць, новае не ўводзіць”. На далучаных землях спачатку захоўвалася старая сістэма кіравання, розныя пласты насельніцтва практычна не прыніжаліся ў правах, не рабілася ломка форм уласнасці.


  1. Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Статуты ВКЛ
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   36


написать администратору сайта