СЕМ КРОКАЎ ДА СУМЕСНАГА ПОСПЕХУ ПЕДАГОГА І ВУЧНЯЎ У ПРАЕКТНАЙ І ДАСЛЕДЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ. 18.12.2018_ сем крокаў да поспеху. Сем крока да сумеснага поспеху педагога і вучня у праектнай і даследчай дзейнасці
Скачать 34.21 Kb.
|
СЕМ КРОКАЎ ДА СУМЕСНАГА ПОСПЕХУ ПЕДАГОГА І ВУЧНЯЎ У ПРАЕКТНАЙ І ДАСЛЕДЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Г.А.Альшэўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Бердаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш… У.Караткевіч. Ладдзя роспачы Пошук і падтрымка таленавітых і адораных дзяцей – адзін з асноўных накірункаў сучаснага адукацыйнага працэсу. І місія настаўніка ў ім – разглядзець і раскрыць геній дзіцяці, актывізаваць пазнавальны яго інтарэс і падвесці да дасягнення высокіх вынікаў у вучобе. Калі ў дзіцяці ёсць пэўныя прыродныя дадзеныя: добра развітая логіка, чэпкая памяць, ён мае больш высокія ў параўнанні з астатнімі інтэлектуальныя здольнасці, мае дамінуючую, актыўную пазнавальную патрэбу, адчувае радасць ад разумовай працы і валодае вялікай працавітасцю, – яго можна навучыць перамагаць. І гэта значыць, што пры наяўнасці гэтых якасцяў дзіця можа стаць патэнцыйным удзельнікам алімпіяд, навукова-даследчых канферэнцый, інтэлектуальных конкурсаў і спаборніцтваў. У такім выпадку акцэнт пераносіцца на выхаванне сапраўды свабоднай асобы, на фарміраванне ў дзяцей здольнасці самастойна думаць, здабываць і прымяняць веды, старанна абдумваць рашэнні, што прымаюцца, і дакладна планаваць дзеянні, эфектыўна супрацоўнічаць у разнастайных па складзе і профілі групах, быць адкрытымі для новых кантактаў і культурных сувязяў. Гэта патрабуе шырокага ўкаранення ў адукацыйны працэс альтэрнатыўных формаў і спосабаў вядзення адукацыйнай дзейнасці. Чым і абумоўлена ўвядзенне ў адукацыйны працэс метадаў і тэхналогій на аснове даследчай дзейнасці вучняў – праектнай і даследчай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. Праектная дзейнасць вучняў – сумесная вучэбна-пазнавальная, творчая або гульнявая дзейнасць вучняў, якая мае агульную мэту, узгодненыя метады, спосабы дзейнасці, накіраваная на дасягненне агульнага выніку дзейнасці. Абавязковай умовай праектнай дзейнасці з'яўляецца наяўнасць загадзя выпрацаваных уяўленняў пра канчатковым прадукт дзейнасці, этапаў праектавання (выпрацоўка канцэпцыі, вызначэнне мэтаў і задач праекта, даступных і аптымальных рэсурсаў дзейнасці, стварэнне плана, праграм і арганізацыя дзейнасці па рэалізацыі праекта) і рэалізацыі праекта, у тым ліку яго асэнсаванне і рэфлексію вынікаў дзейнасці. Навукова-даследчая дзейнасць вучняў – дзейнасць, якая звязана з рашэннем творчай, даследчай задачы з загадзя невядомым рашэннем і якая прадугледжвае наяўнасць асноўных этапаў, характэрных для даследавання ў навуковай сферы, пастаноўку праблемы, вывучэнне тэорыі, прысвечанай дадзенай праблематыцы, падбор методык даследаванні і практычнае авалоданне імі, збор ўласнага матэрыялу, яго аналіз і абагульненне, навуковы каментар, уласныя высновы. У навукова-даследчай супрацы з вучнем настаўніку неабходна самому дакладна прадстаўляць мэты і задачы такой дзейнасці. Толькі тады ён зможа правільна арганізаваць сваю педагагічную дзеяйнасць і дамагчыся жаданых вынікаў. Справа ў тым, што навуковае даследаванне і вучнёўскае даследаванне маюць шэраг адрозненняў. Галоўным сэнсам даследавання ў школе з'яўляецца тое, што яно навучальнае. Гэта азначае, што яго галоўнай мэтай з'яўляецца развіццё асобы, а не атрыманне аб'ектыўна новага выніку, як у «вялікі» навуцы. Калі ў навуцы галоўнай мэтай з'яўляецца вытворчасць новых ведаў, то мэта даследчай дзейнасці ў школе – у набыцці вучнем функцыянальнага навыку даследавання як універсальнага спосабу асваення рэчаіснасці, у развіцці здольнасці да даследчага тыпу мыслення, актывізацыі асобаснай пазіцыі вучня на аснове набыцця ведаў, якія самастойна атрымліваюцца і з'яўляюцца новымі і асобасна значнымі для канкрэтнага навучэнца. Галоўная мэта навукова-даследчай работы школьнікаў – паэтапнае ажыццяўленне пазнавальнага працэсу шляхам непасрэднага ўдзелу ў ім вучня. Усе этапы гэтай дзейнасці павінны ажыццяўляцца школьнікам самастойна. Настаўнік у дадзеным выпадку выступае ў ролі кансультанта. Асаблівым з'яўляецца тое, што школьнае даследаванне не ставіць перад сабой мэтай ўсталяваць якія-небудзь новыя навуковыя ісціны і факты, хоць вопыт паказвае, што вучнёўскія адкрыцці бываюць вельмі цікавымі і з пункту гледжання прафесійных вучоных. Галоўным у вучнёўскіх працах з'яўляецца рашэнне вучнямі творчай задачы з невядомым загадзя рашэннем. Настаўнік-кіраўнік даследавання павінен памятаць: у працэсе работы самым важным для вучняў застаецца авалоданне метадамі самастойнага здабывання ведаў, радасць уласных адкрыццяў. Адсюль выцякаюць тыя задачы школьнай навукова-даследчай дзейнасці, якія я для сябе ўмоўна называю “Сем крокаў да сумеснага поспеху педагога і вучняў”. Сістэмная праца на перспектыву. Акцэнт робіцца на тым, што навыкі, атрыманыя ў ходзе даследчай дзейнасці спатрэбяцца ў далейшым жыцці. Напрыклад, падчас вучобы ў ВНУ. Для эфектыўнай падрыхтоўкі вучня вельмі важна, каб любы іспыт не ўспрымаўся як разавае мерапрыемства, пасля праходжання якога ўся дзейнасць хутка згасае. Узаемадзеянне павінна быць сістэматычным, круглагадовым. Канікулаў у такой дзейнасці (як і ва ўсім жыцці) няма! Выхаванне пачуцця ўласнай значнасці, або псіхалагічны прынцып. Удзел у навуковым даследаванні дазволіць школьніку адчуць сябе самастойным, асаблівым, не падобным на большасць аднагодкаў. У падлеткавым узросце гэта вельмі важна. Прадметныя конкурсы любога ўзроўню даюць унікальны шанец дамагчыся прызнання ў сям'і, у настаўніцкім асяроддзі і ў коле аднакласнікаў. Гэта свайго роду спецыялізаваны IQ для нашых вучняў. Тут жа важна памятаць, што непрымальны прынцып «адміністрацыйнага ціску» з мэтай утрымаць перспектыўнага вучня, прымусіць яго ўдзельнічаць у рабоце даследчай секцыі. Гэта ў выніку не прынясе належнага… выніку. Выпрацоўка ўмкнення перамагаць. Часта праводзяцца конкурсы навукова-даследчых работ, канферэнцыі школьнікаў. Такім чынам, стымулам можа стаць перамога ў канферэнцыі-конкурсе або выступ на сур’ёзнай навуковай канферэнцыі, напрыклад, у ВНУ. Лічу неабходным выхоўваць у сваім вучні пачуццё здаровай амбітнасці, імкнення да перамогі. Пераможца заўсёды валодае байцоўскімі якасцямі. Гэта важна для дарослага жыцця! Трэба ўбачыць задаткі ў дзіцяці і вырошчваць гэтыя якасці. Навучыць верыць у свае сілы, упэўніць, што ён здольны перамагаць. Аднак важна падкрэсліць, што пераможцамі ўсе не бываюць. І – не трэба занадта хвалявацца (у мерапрыемствах бяруць удзел такія ж вучні, як і вы, усе знаходзяцца ў роўных умовах, вынік залежыць толькі ад цябе, усе перамагчы не могуць! не трэба хвалявацца, а трэба працаваць, працаваць і працаваць!) Хоць і тут усё вельмі індывідуальна. Напрыклад, Міхаловіч Мілена, якая з'яўляецца неаднаразовым прызёрам і пераможцам вучнёўскіх канферэнцый даследчых работ, спачатку дазваляла сабе кіравацца прынцыпам “Не кожны можа стаць пераможцам”. Аднак з набыццём вопыту ўдзелу ў розных конкурсных мерапрыемствах у апошні час пераважна мае на мэце перамогу. Прынцып «Галоўнае не перамога, а ўдзел» для яе ўжо не ідэальны і не актуальны. Зацікаўленасць тэмай. Вучань можа сам выбраць цікавую для яго тэму. Настаўнік можа прапанаваць спіс тэм на свой погляд ці падабраць актуальную тэму з улікам інтарэсаў вучня. Кантакт з вучнем. Наладжаныя добразычлівыя адносіны вучань-настаўнік спрыяюць дасягненню станоўчага выніку ў любой школьнай дзейнасці. Як дасягнуць гэтага, на мой погляд? Тут актуальна, каб сам настаўнік быў узорам для дзіцяці. Педагог абавязаны ўвесь час расці ў прафесійным сэнсе, быць цікавым школьніку, карыстацца аўтарытэтам, не лічыцца з асабістым часам для справы. Тады вучань будзе імкнуцца не падвесці свайго настаўніка. І ў гэтым – самы асноўны залог перамогі. Трыяда “педагог-вучань-бацькі”. Эфектыўная падрыхтоўка высокаматываваных вучняў магчымая толькі ў выпадку пастаяннага ўзаемаразумення паміж усімі ўдзельнікамі гэтага трохкутніка. Зацікаўленасць бацькоў з’яўляецца вельмі неабходным дадатковым стымулюючым фактарам да пазнаваўчай і даследчай вучнёўскай дзейнасці, а таксама падтрымкай пазітыўнага настрою на супрацу і заваяванне новых вяршынь. Педагагічная «кропка росту». Работа з адоранымі вучнямі (карпатлівая, складаная і займальная адначасова), па сутнасці, з'яўляецца для педагога своеасаблівым іспытам у прафесійных, асабістых і нават у духоўна-маральных адносінах. Канечне, у выпадку няўдачы яна прыносіць адмоўныя эмоцыі і перажыванні, у выпадку ж поспеху – ні з чым не параўнальныя станоўчыя. Але ў абодвух выпадках гэта дае магчымасць перажыць «кропку росту», прасоўвання на шляху прафесійнага і асобаснага станаўлення. Поспехі і пэўныя дасягненні ў даследчай і праектнай дзейнасці апошніх двух-трох год, на маю думку, не такія ўжо і шматлікія. Магчыма, для буйной школы з вялікай напаўняльнасцю высокаматываванымі вучнямі не зусім і значныя. Тым не менш, некалькі год запар мы маем адносна паспяховае выступленне вучняў нашай школы на даследчых канферэнцыях розных узроўняў. Асабіста мая гордасць апошніх гадоў – адзінаццацікласніца Міхаловіч Мілена. Трошку нясмелая, сарамлівая ў першыя гады заняткаў, не зусім, як мы часта гаворым, кантактная з чужымі, сёння яна – унутрана высокаматываваная, упэўненая ў сваіх памкненнях і здольнасцях. Прыемна, што мінулы год канчаткова падарыў мне яшчэ адну матываваную прыхільніцу роднай мовы і літаратуры – сёлета вучаніцу ІХ класа Комлач Інэсу. Дзяўчына з высокай пазнавальнай актыўнасцю, імкнецца да павышэння свайго інтэлектуальнага ўзроўню, з выдатнымі здольнасцямі ў засваенні праграмнага матэрыялу, з цудоўнымі аналітычнымі задаткамі. На мой погляд, Іна мае рэальныя шансы працягнуць і памножыць перамогі сваіх папярэднікаў. Самы любімы для мяне накірунак у рабоце са здольнымі вучнямі пры карпатлівай працы дае свае станоўчыя вынікі. Не заставаліся не адзначанымі на розных узроўнях работы даследчага характару, якія рыхтаваліся і прадстаўляліся з удзелам маіх вучняў. Работа “Бласлаўлёны роднай зямлёй” (творчасць вядомага лідскага скульптара і мастака Рычарда Грушы) – Тучкоўскі Яўген і Тонка Анастасія, выпускнікі 2018 г. Канчатковы вынік – дыплом лаўрэатаў на заключным (рэспубліканскім) этапе конкурсу “Мае землякі – мой гонар” у межах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (2016 г.). Да слова, гэта першая даследчая работа ў межах аднайменнага краязнаўчага даследчага праекта. Работа Міхаловіч Мілены “Радзіму з гонарам шаную …” (творчасць лідскага паэта-песенніка Рычарда Баляслававіча Грушы) – неаднаразовая ўдзельніца канферэнцый даследчых вучнёўскіх работ 2016 года. У Ваўкавыску – сертыфікат удзельніка, у Слоніме і Лідзе – Грамата за ІІ месца. На сённяшні дзень гэтая дапрацаваная работа была прадстаўлена ў рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых і творчых работ на тэму “Тут родныя трымаюць карані”, прымеркаваным да Года Малой Радзімы (арганізатар – «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”). Літаральна перад зімовымі канікуламі, 14 снежня 2018 г., у актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі адбылося падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў, дзе вучаніцай атрыманы Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Край мой родны, край прыгожы”, а мной Грамата за плённую працу па развіцці ў вучняў творчых і навукова-даследчых здольнасцей. Даследаванне Міхаловіч Мілены “Вобраз мысляра-асветніка ў манументальнай і мемарыяльнай Скарыніяне” было рэкамендавана да ўдзелу ў рабоце навуковай секцыі “500-годдзе беларускай друкаванай кнігі” на “Каложскіх абласных навукова-адукацыйных чытаннях” у снежні 2017 г.. Прэзентаваная Міхаловіч Міленай работа “Чалавек, які прынёс славу цэлай нацыі, праз прызму сучаснай эпіграфікі” (даследаванне надпісаў на скульптурных помніках, памятных знаках і мемарыяльных дошках, прысвечаных Францыску Скарыну) у красавіку бягучага года стала пераможцай у VІ адкрытай раённай канферэнцыі даследчых работ вучняў устаноў адукацыі сярэдняй агульнай адукацыі «Ступені да навукі» ў секцыі “Беларуская філалогія”. 30 кастрычніка 2018 года Мілена абараняла нашу даследчую работу на абласной канферэнцыі “Крыштальная Альфа-2018” у Гродна. Вынік – Дыплом ІІІ ступені. Зусім нядаўна, 4-5 снежня 2018 г., гэтая наша работа стала безумоўным пераможцам (Дыплом за І месца з першай пазіцыяй) у секцыі "Мовазнаўства. Літаратуразнаўства. Этыка і эстэтыка" на Міжнародным навукова-практычным форуме студэнцкай і навучэнцкай моладзі ў рамках Міжнароднага навукова-практычнага інавацыйнага форуму INMAX'18. Акрамя таго, навуковы артыкул "Чалавек, які прынёс славу цэлай нацыі, праз прызму сучаснай эпіграфікі" (даследаванне эпіграфічных надпісаў, прысвечаных Францыску Скарыну) надрукаваны ў І частцы зборніка матэрыялаў форуму "Секцыйныя паседжанні вучняў. Першы крок у навуку-2018" (стар.86-89). У бягучым годзе мы прынялі ўдзел і ў рэспубліканскім экалагічным конкурсе ідэй “Прырода малой радзімы”, на які намі быў прадстаўлены практыка-арыентаваны экалагічны праект “Крыніцы жыватворнай чысціня – агульны клопат наш штодня”. Праект распрацаваны з групай дзевяцікласнікаў (Комлач Інэса, Руднікава Ульяна, Тучкоўская Юлія). Тэрмін яго рэалізацыі – верасень 2018-жнівень 2019. На сёння на стадыі завяршэння даследчая праектная частка. Усё адзначанае вышэй – галоўны фактар на шляху да высокіх дасягненняў. Але, як думаецца мне ў апошні час усё часцей, прычына пэўных поспехаў у маёй уласнай прафесійнай дзейнасці крыецца ўсё ж і ў іншым. Калісьці я зрыфмавала такія радочкі: Я нарадзілася далёка, Не ў Беларусі сінявокай, Хоць беларусы ўся радня, Мне прыбалтыйская зямля Радзімай пэўны час была… А вось у шэсць маіх год маёй другой радзімай стала Бердаўка, якую на сёння лічу самым родным месцам на зямлі, сваёй малой (гэта самая вялікая!) радзімай. Тут я скончыла Бердаўскую СШ. Тут стварылася мая сям’я (муж таксама настаўнік нашай школы). Тут выраслі нашы дзеці – сыны Аляксандр і Аляксей. У верасні пачаўся адлік 30-га года, як я працую настаўнікам цяпер ужо ў Бердаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Спадзяюся, у хуткім часе буду вучыць унукаў сваіх першых выпускнікоў. Педагогіка – гэта асноўнае, чым мне падабаецца займацца. Родная мова і выхаванне будучых годных грамадзян Беларусі заўсёды ў прыярытэце. І, напэўна, таму малая радзіма мне дзячыць за гэта, адорваючы таленавітымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі, адорваючы магчымасцю працаваць з цудоўнымі бацькамі гэтых дзяцей. Як найвялікшы падарунак лёсу – шматгадовая праца ў коле выдатных калег, бліскучых прафесіяналаў, тых, хто выслухае, параіць, паверыць у цябе і падтрымае нават у самай, на першы погляд, неверагоднай і нерэальнай ідэі. У заключэнні хачу адзначыць, што даследчая філалагічная секцыя па-ранейшаму мае сваіх прыхільнікаў. І сёння ў ёй ідзе распрацоўка дзвюх новых тэм. На стадыі дапрацоўкі сацыяльны моладзевы праект “Фестываль беларускай калыханкі”. На гарызонце новыя ідэі, планы і, будзем спадзявацца, поспехі. Прытча пра тое, як талент сябра шукаў Хадзіў па свеце талент. Шмат хто хацеў пасябраваць з ім. Розум казаў: – Талент, давай жыць разам. Ты дапаможаш мне таленавіта ўжываць розум. Глупства прапаноўвала: – Талент, ідзі да мяне жыць. Убачыўшы цябе побач, людзі не будуць смяяцца з мяне. Багацце ўгаворвала: – Талент, з тваёй дапамогай я яшчэ больш разбагацею. Беднасць прасіла: – Талент, дапамажы мне вынесці патрэбу. Толькі талент шукаў адмысловага сябра, які дапамог бы яму стаць яшчэ лепшым і служыць людзям. – Шукай сябра, пакуль не знойдзеш. Калі хочаш чагосьці дамагчыся, трэба ўпарта ісці да мэты, нягледзячы ні на што, – сказала таленту настойлівасць. І талент у адказ на гэта ўсклікнуў: – Мне патрэбны менавіта такі сябар! Без настойлівасці любы талент бясплодны. [20.02.2019 12:10] Александр Овсейчик: РОДНАЯ МОВА Беларуская мова! Родная мова! На ёй размаўлялi сябры i сям’я, I я ганаруся, што ведаю мову, Ты ў сэрцы маiм, Радзiма мая! На ёй размаўлялi Купала i Колас, Быкаў, Мiцкевiч, Кандрат Крапiва, Мне родная мова з дзяцiнства знаёма, Бо Беларусь – Радзiма мая! Я жыў у Беларусi, я тут нарадзiўся, Дзяцiнства, юнацтва с табою прайшлi. Цябе ўспамiнаю, родная мова, Куды б мае сцёжкi-дарожкi нi iшлi. А. Овсейчик |