Ефросинья Полоцкая. Уклад ефрасінні полацкай у развіццё асветы беларусі змест уводзіны
Скачать 62.62 Kb.
|
Заключэнне У кожнай нацыі ёсць свае знакавыя постаці, без якіх немагчыма ўявіць гісторыю ўсяго народа. Княжна, манахіня, а ў першую чаргу асветніца Еўфрасіння Полацкая – першая жанчына на тэрыторыі старажытнай Русі, прылічаная да ліку святых. Гісторыя педагагічнай думкі Беларусі – гэта адлюстраванне жыцця беларусаў на працягу стагоддзяў: працоўных намаганняў народа, барацьбы за справядлівасць. Асветніцкая дзейнасць Еўфрасінні Полацкай стаяла ля вытокаў беларускай педагогікі. Трэба адзначыць, што XII стагоддзе стала перыядам, калі насельніцтва старажытнай Русі, а таксама і Беларусі, пачало прымаць хрысціянства, адбывалася хрышчэнне паганскіх капішчаў. Гэты працэс аказаў уздзеянне і на выхаванне – з’явілася новая сістэма адукацыі. Для Полацкага княства ў XII стагоддзі асноўнымі падзеямі, якія паўплывалі на развіццё асветы, можна лічыць з’яўленне двух манастыроў: жаночы – святога Спаса, мужчынскі – святой Багародзіцы. Заснавала гэтыя храмы асветы і богалюбства Ефрасіння Полацкая. У той час кнігі збіраліся і захоўваліся ў царквах і манастырах пры іх. Менавіта храмы сталі тагачаснымі цэнтрамі культуры і асветніцтва. Праваслаўная вера аказвала ўздзеянне на ўсю культуру, у тым ліку і на сістэму адукацыі. Горад Полацк, які быў цэнтрам Полацкага княства, стаў тым месцам, дзе выраблялі кнігі і давалі адукацыю для ўсіх жадаючых. Біяграфія Еўфрасінні Полацкай сама па сабе мае вялікае выхаваўчае значэнне. Прыцягваюць увагу ў яе вобразе настойлівасць і ўпэўненасць у правільнасці выбару ўласнага жыццёвага шляху, высокая чысціня ўчынкаў і душы. Пры Еўфрасінні Полацкае княства становіцца цэнтрам кніжнай навукі, набывае палітычную і эканамічную самастойнасць. Усё жыццё іегумення перапісвала і перакладала кнігі, стварала ўласныя творы. Яна актыўна далучала да гэтай важнай для адукацыйага працэса справы сапраўдных спецыялістаў па перапісванні кніг. Князёўна збірала бібліятэку Сафійскага сабора, вяла летапісанне Полацкай зямлі. Еўфрасіння клапацілася, каб разам з навукаю вучні авалодалі духоўнаю чысцінёю. Мудрая асветніца не баролася з мясцовымі традыцыямі. Менавіта за сваю педагагічную дзейнасць іегумення Еўфрасіння была прылічана да ліку святых. Таксама Еўфрасіння Полацкая была прызнана апякункай святой Полацкай зямлі. Яе дзейнасць пакінула значны след у гісторыі беларускай зямлі, Полацкага княства. Е.Полацкая стала сімвалам адданага служэння сваёй справе, Радзіме, народу, гісторыю якога яна звязала з кнігай – сімвалам адукаванасці, мудрасці, ведаў, якімі яна запаліла сэрцы сваіх сучаснікаў, дала вектар далейшага развіцця адукацыі на беларускай зямлі. Вялікая колькасць сучасных беларускіх даследчыкаў педагогікі пры вывучэнні гісторыі навукі звярталіся да асобы Еўфрасінні Полацкай. Гэта такія навукоўцы як І.Ф. Харламаў, В.Л. Жук, Р.І. Таран, С.М. Сірэнка, С.М. Захарава, Ф.В. Кадол, Т.В. Варэнава і інш. Зварот сучаснага педагога да біяграфіі, дзейнасці такіх выбітных асоб беларускай асветы як Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына і Кірыла Тураўскі дапаможа паслужыць выхаванню высокамаральнай, духоўнай асобы. Спіс выкарыстаных крыніц Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, альбо Адкуль ёсць, пайшла Полацкая зямля / А. Марціновіч. — Мінск : Беларусь, 2008. — 111 с. Житие Евфросинии Полоцкой // Словарь книжников и книжности Древней Руси. XI — первая половина XIV в. — Л., 1987. — 348 с. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння Полацкая / Д. Нікалаюк. – Hajnówka : Bratczyk, 2010. – 80 с. Авакян Г. С. Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі / Г. С. Авакян, М. В. Кузняцоў, М. П. Сінькевіч. — Мн.: Элайда, 2002. — 96 с. Житие блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке : в 2 кн. / науч. ред., предисл., воспр. ц.-слав. текста, пер. на рус. и белорус. яз., коммент. Э.В. Ермоленко; пер. на англ. яз. Т.В. Сальникова. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2012. – 128 с. Мельнікаў А. «Жыціе» і жыціё Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1. / Склад. і на- I вук. рэд. А. П. Грыцкевіч.— Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с. Варенова Т. В. Краткая история педагогики: Учеб. Пособие / Т. В. Варенова. – Мн.: ООО «Асар», 2004. – 256 с. Джуринский А. Н. История российской педагогики: Учеб пособие / А. Н. Джуринский. – Южно-Сахалинск: Издательство Сахалинского государственного университета, 2010. – 232 с. Латышина Д. И. История педагогики (История образования и педагогической мысли): Учеб. пособие / Д. И. Латышина. — М.: Гардарики, 2005. — 603 с. Арлоў У. А. Еўфрасіння Полацкая / У. А. Арлоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 220 с., [13] л. іл. — (Святыя зямлі Беларускай). Дадатак 1. АПОВЕСЦЬ ЖЫЦЦЯ І СМЕРЦІ СВЯТОЙ І БЛАЖЭННАЙ І НАЙПАДОБНЕЙШАЙ ЕЎФРАСІННІ, ІГУМЕННІ МАНАСТЫРА СВЯТОГА СПАСА І НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЯГОНАЙ МАЦІ, ШТО Ў ГОРАДЗЕ ПОЛАЦКУ БАГАСЛАВІ, ОЙЧА! Пахвалёны Госпад Бог Ізраіля, Бог Аўраама, Бог Ісаака, Бог Іакава, не мёртвых Бог, але жывых. Праведный бо і пасля смерці жывуць; як кажа Саламон у прыповесцях: "Праведнікі ў вяках жывуць, і ад Госпада іх узнагарода, і клопат пра іх ад Усявышняга". Таму атрымаюць яны вянец з рукі Госпада". Так і ёсць. I яшчэ скажам пра іх: "Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыццём у пустэльнях і ў гарах: старыя — адкінуўшы немач, маладыя — скачучы, быццам алені,— сыдзіцеся ўсе". Хачу бо даць вам трапезу з такіх страваў, каб, паеўшы, узвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапеза ад страваў нятленных — не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі. Калі будзе хто есці яе, дык, насыціўшыся, болей не ўжадае, як мовіць Пісанне: "Не заморыць голадам Госпад праведных душы". Але вернемся да таго, з чаго пачалі мы аповесць. Вы ж, дабрачынныя слухачы — князі і баяры, царкоўнікі і пачэсныя сонмы святых, што жывуць у манастырах, і простыя людзі,— прыйдзіце на гэтую казань, паслухайце ўважліва, адкрыўшы вушы свае, памякчыўшы нівы сэрцаў вашых, і прыміце ў іх насенне ўратавальнага жыцця найпадобнейшай той, яе подзвігі й працу святую, і любоў да Бога. Скажам спярша пра тое, як яна нарадзілася і гадавалася, як узрасла і як пайшла следам за сваім жаніхом Хрыстом. Быў у горадзе Полацку князь Усяслаў, і меў жа ён многа сыноў. I быў у яго меншы сын імем Георгій, ад якога і нарадзілася шчаснае тое дзяўчо. I ўзрадаваліся бацькі яе нараджэнню разам з усімі роднымі. А праз колькі дзён наказалі хрысціць яе, і хрысцілі яе ў імя Айца, Сына і Духа Святога. I гадавала яе карміцелька, і расло дзень за днём немаўля, жывячы малаком цела, а душу напаўняючы Духам Святым. I дзяўчына была вельмі здольная да кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы яшчэ паўналецця, і было гэта плёнам малітвы. Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. I па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам. Хараство ж яе многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе: хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму. I многія часта прасілі згоды на гэта ў бацькі яе, але адказваў той: "Няхай спраўдзіцца воля Госпада!" Адзін жа з князёў, найбольш слаўны княжэннем сваім і багаццем, паслаўшы да бацькі яе, папрасіў выдаць дачку за сына свайго. I калі споўнілася дзяўчыне дванаццаць гадоў, пачаў казаць бацька яе да княгіні: "Варта аддаць ужо за князя Прадславу" (так бо назвалі яе да хрышчэння). Яна ж адказала: "Хай спраўдзіцца воля Бога і твая, княжа!" Прадслава ж, пачуўшы ўсё тое, падумала,— ці праўдзівей сказаць: Святым Духам напоўніўся розум яе,— і сказала сабе: "Што будзе, калі бацька надумае аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!" I яшчэ казала сабе: "Што ж учынілі нашыя роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула, іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мечам духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню і малітоўнаму кленчанню, і ляжанню зямельнаму — тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаныя на нябёсах, дзе яны з ангеламі Бога ўсхваляюць. А слава гэтая — пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!" Так яна думала ў сэрцы сваім, а розум яе больш узмацняўся на любоў Божую. I адзіная думка легла на сэрца яе, бо казала сабе: "Ці не было б лепей за гэтае жыццё пастрыгчыся ў манашкі і быць пад ігуменняй, і слухацца сёстраў, і вучыцца, як Божы страх сцвердзіць у сэрцы сваім і як скончыць жыццё? " I гэтак вырашыўшы, пайшла ў манастыр пакрыёма ад бацькі і маці і ад усіх родных. У тыя гады ігуменняю была княгіня Раманава. Прыйшоўшы да яе, Еўфрасіння прасіла, каб дазволіла тая прыняць ёй ангельскі воблік і далучыцца да інакіняў, што жылі там, і быць пад Хрыстоваю ўладай. I ўгледзела шчасная тая жанчына яе маладосць і квітучы ўзрост, і сумелася, і стала пакутаваць целам, і сэрцам жахнулася, і схіліла твар да зямлі, і надоўга ўкленчыла, і схілілася, і ўбачыла маладосць яе, уздыхнула і, плачучы, гэтак сказала: "Дзіця! Як магу я такое ўчыніць? Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву. Ды і маладая ты яшчэ векам, каб несці цяжар манаскага жыцця. I як здолееш ты пакінуць княжэнне і славу гэтага свету?" I адказвала ёй шчасная тая дзяўчына: "Панна і маці! Усё відочнае на гэтым свеце прыгожае і слаўнае, але хутка мінае, як сон, альбо вяне, бы квет; вечнае ж і невідочнае ў вяках жыве, як гаворыць Пісанне: Вока не бачыць, і вуха не чуе, і на сэрца чалавеку не прыйдзе, што рыхтуе Бог тым, хто любіць Яго. Ці дзеля бацькі майго не хочаш пастрыгчы мяне? Не яго бойся, панна мая, а Бога пабойся, Які ўладарыць над усімі стварэннямі; не пазбаў мяне ангельскага чыну!" Шчасная ж тая княгіня здзівілася розуму дзяўчыны і яе любові да Бога і загадала выканаць волю яе. I абвясціў яе іерэй, і пастрыг яе, і даў ёй імя Еўфрасіння, і апрануў яе ў чорныя рызы. I багаславіла яе ігумення багаславеннем святых айцоў, гэтак мовячы: "Наследуй, дзіця, жанчынам, што жылі раней цябе: Фяўронні і Еўпраксіі і многім іншым, якія цярпелі дзеля Хрыста, і дасць Госпад табе перамогу і сілу на супраціўніка нашага д'ябла!" I так ёй сказаўшы, адпусціла яе ў сваю келлю. I калі ўведаў усё тое бацька яе, адразу ж пайшоў у манастыр, і ў роспачы рваў на сабе валасы, і цалаваў дачку замілавана, і казаў: "Гора мне, дзіця маё! Што ж ўчыніла ты мне, прынёсшы душы маёй смутак! Што ж раней не сказала ты мне намеру свайго? Дзіця маё салодкае, жаль агортвае сэрца маё! О гора мне, дзіця маё мілае! Як абміне твая дабрыня спакусы варожыя? Ужо трэба мне плакаць душою маёю аструпянелай да Госпада Бога майго, каб увайшла ты ў Царства Яго!" I смуткаваў па ёй увесь дом яго. Найпадобнейшая ж Еўфрасіння не зважала на смутак бацькі свайго, але, як добры ваяр, узброілася супраць ворага свайго д'ябла, і стала жыць у манастыры ў паслушэнстве ігуменні і ўсім сестрам, і ўсіх пераўзыходзіла ў посце, малітвах, чуйнаванні начным. I з тога часу яшчэ руплівейшаю стала, збіраючы дабрачынныя думкі ў сэрцы сваім, як пчала — мёд у соты. Так жыла яна нейкі час у манастыры, а пасля папрасіла епіскапа Ілью, што кіраваў пасадам Святой Сафіі ў Полацку, каб той дазволіў ёй жыць у царкве Святой Сафіі ў мураванай келлі. I ён дазволіў ёй жыць там. I яна увайшла туды, і ўчыніла найпадзвіжнейшы подзвіг посту, і пачала пісаць кнігі сваімі рукамі, і прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы. Так жыла яна там пэўны час. I ў адну ноч легла яна адпачыць пасля доўгіх стаянняў на малітве да Бога, і ўбачыла праяву: узяў яе ангел і павёў туды, дзе была цэркаўка Святога Спаса, метохія Святой Сафіі, што людзі завуць Сяльцом. I паказаў яе ангел Госпадавы, кажучы так: "Еўфрасіння! Тут належыць быць табе!" Яна ж, абудзіўшыся, вельмі здзівілася, кажучы: "Што гэта значыць?" I ў тую ж ноч бачыла гэтае тройчы. I, абудзіўшыся ад сну, узнялася са страхам, славячы Бога й гаворачы: "Слава Табе, Божа, слава Табе, што даў мне ў гэтую ноч бачыць светлае аблічча ангелава!" I пачала пасля чытаць псалам: "Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё! Зноў да Цябе прыбягаю ад чэрава маці маёй! Ты — Бог мой; паводле жадання Свайго ўчыні мне, рабе Сваёй!" I скончыла ютрань. Той жа ночы явіўся той ангел епіскапу Ілью, кажучы: "Увядзі рабу Божую Еўфрасінню ў цэркаўку Святога Спаса на святым месцы, званым Сяльцом, бо яна вартая Царства Нябеснага; як духмянае міра, узыходзіць да Госпада малітва яе, як вянец на галаве царавай, спачывае на ёй Дух Святы, і як сонца ззяе над усёю зямлёю, так праззяе жыццё яе прад Божымі ангеламі! "Епіскап жа ўзняўся хутка са страхам і трымценнем і прыйшоў да Еўфрасінні. Тая ж, пабачыўшы епіскапа, пакланілася яму і сказала: "Багаславі, святы Уладыка!" Ён жа адказвае: "Бог няхай багаславіць цябе, дзіця, і надасць табе цярпення і сілы на ўсіх ворагаў відочных і невідочных!" Яна ж пакланілася і сказала: "Амін. Хай учыніцца мне паводле слова твайго, святы ўладыка!" I села. Адкрыў жа той шчасны епіскап вусны свае і пачаў з ёю гутарыць пра ратунак душы. Шчасная ж Еўфрасіння прымала словы яго ў жытніцу душы сваёй, быццам насенне, якое радзіла: адно — 30, другое ж — 60 альбо 100. I доўга гутарыў з ёю епіскап, і пасля сказаў так: "Дачка! Хачу слова мовіць табе; ты ж прымі з любоўю яго!" Яна ж кажа: "3 радасцю, найпадобнейшы ойча, прыму слова тваё, быццам дар шматкаштоўны!" I гаворыць епіскап: "Ведаеш, дзіця, што царква, дзе жывеш ты,— саборная; тут усе людзі збіраюцца, і нядобра табе быць тут. Але ж ёсць цэркаўка Святога Спаса ў Сяльцы, дзе брація наша ляжыць — епіскапы, што былі да нас. Калі Бог успаможа, дык малітвамі іх і працай тваёю ўзвялічыцца гэтае месца!" Еўфрасіння, пачуўшы словы епіскапа, узрадавалася душою і ўзвесялілася сэрцам, веры даўшы яўленню ангела і таму, што бачыла і чула ад яго. I прамовіла да епіскапа: "Хай паможа мне Бог тваімі святымі малітвамі, ойча!" I паклікаў тады епіскап князя Барыса, дзядзьку яе, і бацьку яе Георгія, і найпадобную Еўфрасінню, і пачэсных мужоў, і, зрабіўшы іх сведкамі, мовіў: "Вось, аддаю Еўфрасінні месца Святога Спаса пры вас, каб пасля маёй смерці ніхто не судзіўся за гэты дарунак мой". I чулі гэта абодва князі і баяры ўсе ад епіскапа, і пакланіліся яму, кажучы гэтак: "Сапраўды, уладыка святы: сам Бог уклаў у тваё сэрца клопат апекавацца над гэтай дзяўчынаю". Еўфрасінні ж казалі: "Ідзі і паслухай епіскапа, учыні, што ён табе скажа, бо ён усім нам айцец, і трэба слухаць яго". Еўфрасіння ж, узняўшы з усмешкаю твар на іх, мовіла: "Іду з радасцю; як Бог мне накажа, так і будзе; хай будзе на мне воля Госпада!" Князі ж і баяры ўсе, пачуўшы гэтыя словы найпадобнейшае Еўфрасінні, узрадаваліся і, атрымаўшы багаславенне епіскапа, пакланіліся Еўфрасінні, цалавалі з любоўю яе і раз'ехаліся па дамах. А Еўфрасіння, памаліўшыся ў Святой Сафіі, атрымаўшы багаславенне епіскапа, тае ж ночы ўзнялася і, узяўшы з сабою адну манашку, прыйшла на месца, званае Сяльцом, дзе стаяла царква Святога Спаса. I ўвайшла ў царкву, і пакланілася, і прамовіла так: "Ты, Госпадзе, даючы святым Сваім апосталам запавет, казаў: "Не насіце з сабою нічога, апрача посаха". Я ж, слухаючыся слова Твайго, прыйшла на гэтае месца, нічога не ўзяўшы з сабою, маючы ў сабе толькі слова Тваё: Госпадзе, памілуй! А з маёмасці ўсяе ёсць у мяне адно гэтыя кнігі, з якіх мае ўцеху душа і ўзвесяляецца сэрца. I, апрача трох хлябоў, больш не маю нічога, толькі Цябе, успаможніка і карміцеля. Бо Ты — Айцец убогім, адзенне распранутым, памочнік пакрыўджаным, надзея расчараваным. Хай жа нахвалена будзе імя Тваё на рабе Тваёй Еўфрасінні ад сёння й давеку! Амін". Сказаўшы гэта, пайшла з царквы і пачала руплівейшай быць на малітву да Бога. Пажыўшы тут пэўны час, паслала яна да бацькі свайго з такімі словамі: "Пусці да мяне сястру маю Градзіславу, — так назвалі яе бацькі, — каб навучылася грамаце". I пусціў яе бацька. I Еўфрасіння рупна вучыла яе ратаванню душы, а тая рупна прымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё і кажучы гэтак: "Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна!" Так казала яна. Найпадобнейшая ж Еўфрасіння, прывёўшы яе ў царкву, наказала іерэю, каб той, абвясціўшы, апрануў яе ў рызы манаскія, і дала ёй імя Еўдакія. Праз колькі дзён прыслаў па яе бацька, кажучы: "Адпусці ўжо сястру да мяне". Тая ж гэтак адказвала: "Не навучылася яшчэ ўсёй грамаце". Бацька ж, даведаўшыся, што ад яго ўпотай пастрыгла сястру, раз'юшыўся на найпадобнейшую Еўфрасінню і, палаючы сэрцам, прыехаў да манастыра і казаў: "Дзіця маё, што ты ўчыніла! Дадала ты сэрцу майму жалю да жалю і смутку да смутку!" I так мовіў ён ад гаротнага сэрца свайго, і рэкі слёзаў ліліся з вачэй яго. I казаў ён, з любоўю абдымаючы Еўдакію: "Дзеці мае! Ці ж дзеля гэтага вас нарадзіў я, ці ж на тое ўзгадавала вас маці? Дзеля чаго шлюб вам рыхтаваў? I няўжо палац і шлюбныя шаты вашыя ператворацца ў гора маё! Дзеці мае любасныя, што вы мне ўчынілі? Заместа радасці сэрца маё вы напоўнілі горкім смуткам!" I усе баяры, чуўшы жаль князя свайго, горка плакалі аб яго марным смутку. Шчасная ж Еўфрасіння адказвала бацьку: "Што турбуешся ты пра нас? Маем бо мы заступніка і ўспаможніка адзінага — Бога!" Але, мала суцешаны гэтымі словамі найпадобнейшае Еўфрасінні, паехаў бацька яе да свайго дому. А Еўдакія жыла ў манастыры сястры сваёй у паслушэнстве. Шчасная ж Еўфрасіння нястомна малілася Богу, каб зладзіў Ён тое месца. Была ж у месце Полацкім князёўна Звеніслава Барысаўна, якая прынесла аднойчы ўсе свае рэчы залатыя і шматкаштоўныя шаты да Еўфрасінні і сказала: "Панна і сястра! Не патрэбная мне гожасць гэтага свету. Аддаю ўсё Святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву сваю пад Хрыстова ярмо!" Яна ж прыняла сястру з радасцю і наказала іерэю пастрыгчы яе, і назвала яе Еўпраксіяй. I пачала тая жыць у манастыры ў малітвах, з адзінаю думкаю пра Бога. I былі яны, як адна душа ў двух целах. Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву каменную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў. |