Главная страница

Шавель _В.М_ Баранавічы. В. М. Шавель дуа Баранавіцкі дзяржаны ніверсітэт, Баранавічы актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучня на роках беларускай мовы праз выкарыстанне нагляднасці


Скачать 21.69 Kb.
НазваниеВ. М. Шавель дуа Баранавіцкі дзяржаны ніверсітэт, Баранавічы актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучня на роках беларускай мовы праз выкарыстанне нагляднасці
Дата30.07.2019
Размер21.69 Kb.
Формат файлаdocx
Имя файлаШавель _В.М_ Баранавічы.docx
ТипДокументы
#84636

В. М. Шавель

ДУА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт», Баранавічы
АКТЫВІЗАЦЫЯ ПАЗНАВАЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПРАЗ ВЫКАРЫСТАННЕ НАГЛЯДНАСЦІ
Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў — адна з найбольш актуальных праблем на сучасным этапе развіцця педагагічнай тэорыі і практыкі. Тлумачыцца гэта тым, што рашэнне практычных задач з’яўляецца патрабаваннем часу ва ўмовах навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу і патрабуе пошуку новых падыходаў да наступнага ўдасканалення формаў і метадаў навучання. Найважнейшы з такіх падыходаў складаецца ў азначэнні шляхоў, дыдактычных умоў і сістэмы сродкаў, больш поўнай рэалізацыі прынцыпу актыўнасці ў навучанні ў сучасных умовах. Рэалізацыя прынцыпу актыўнасці «мае вызначальнае значэнне, бо навучанне і развіццё носяць цэласны характар і ад якасці вучэння як дзейнасці залежыць вынік навучання, развіцця і выхавання школьнікаў» [3, с. 4].

Перад тэарэтыкамі і практыкамі пастаўлена задача ўдасканалення працэсу навучання школьнікаў як асноўнага віду іх дзейнасці, пошуку шляхоў, умоў, сістэмы дыдактычных сродкаў у мэтах павышэння актыўнасці дзяцей у вучэбным працэсе [1]. Гэтая праблема з'яўляецца складанай і залежыць ад шматлікіх фактараў. Сістэмаўтваральным сярод іх з’яўляецца адпаведнасць сродкаў, метадаў і формаў навучання і выхавання, якія ўскладняюцца патрабаваннем да фарміравання асобы. Усе крыніцы вучэбнай інфармацыі, якія выконваюць функцыі сродкаў навучання, метады і формы арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў удасканальваюцца як з дапамогай педагагічнай навукі, так і школьнай практыкі.У сучасных умовах гэты працэс павінен працякаць у кірунку ўзмацнення ўплыву сродкаў, метадаў і формаў навучання, павышэння ўзроўню ведаў.

Абапіраючыся на даследаванні сучаснай псіхалогіі і педагогікі, даследчыкі вылучаюць узроўні пазнавальнай актыўнасці. У псіхолага-педагагічных даследаваннях (Л. З. Выгоцкага, М. М. Скаткіна і інш.) часцей за ўсё ўводзяцца тры ўзроўні пазнавальнай актыўнасці: рэпрадуктыўны, прадуктыўны і творчы [1, с. 65].

У жывой чалавечай дзейнасці амаль немагчыма падзяліць рэпрадуктыўную, прадуктыўную і творчую дзейнасць. Мэтазгодна казаць толькі аб дамінаванні таго або іншага ўзроўню актыўнасці.

З улікам тэндэнцый змены патрабаванняў грамадства да школы і зыходзячы з разумення сутнасці пазнавальнай актыўнасці, яе ўзроўні даследчыкі звязваюць, «па-першае, са стаўленнем вучня да навучання, якое выяўляецца ў цікавасці да атрымання ведаў і самому працэсу дзейнасці, па-другое, з імкненнем пранікнуцца ў сутнасць з’яў і іх узаемасувязяў, а таксама авалодаць спосабамі дзейнасці. Па-трэцяе, паказчыкам, які характарызуе ўзровень пазнавальнай актыўнасці, з’яўляецца мабілізацыя вучнем маральна-валявых намаганняў на дасягненне вынікаў дзейнасці. Ацэньваць гэты паказчык варта па той паслядоўнасці і настойлівасці, якую выяўляе вучань у працэсе навучання» [4, с. 51].

З дапамогай правільна арганізаванай дзейнасці можна паўплываць ступень падрыхтаванасці вучняў. У працэсе навучання важна не толькі сфарміраваць цікавасць, але і захаваць яе на ўсіх этапах вучэбнага пазнання, на ўзроўнях, адэкватных пэўным дыдактычным мэтам.

Вялікую ролю у вучэбным працэсе адыгрываюць метады, пры дапамозе якіх арганізуецца навучанне і вучні ўключаюцца ў працэс пазнання. Выкарыстанне наглядных дапаможнікаў і тэхнічных сродкаў дае магчымасць засвоіць вучэбны матэрыял больш хутка і трывала, значна павышае цікавасць вучняў да прадмета.

Нагляднае навучанне мове апіраецца на ўспрыманне вучняў — слыхавое, зрокавае або зрокава-слыхавое.

Разнастайныя віды наглядных дапаможнікаў (табліцы, карціны, плакаты, карткі, схемы і інш.) актывізуюць вучэбную дзейнасць, засяроджваюць увагу на пэўных фактах мовы, даюць магчымасць настаўніку лепш раскрыць многія абстрактныя паняцці.

Сваю спецыфіку маюць табліцы, якія выкарыстоўваюцца для тлумачэння складаных пытанняў беларускай мовы, напрыклад: табліцы, якія выкарыстоўваюцца з мэтай развіцця мовы, будуюцца як слоўнікавыя. Іх асноўная задача — спрасціць запамінанне канкрэтнага моўнага матэрыялу, цяжкага з пункту гледжання правапісу, вымаўлення, словазмянення ці ўжывання.

Табліцы дапамагаюць вырашаць разнастайныя задачы: наглядна выдзеліць пэўную моўную з'яву; актывізаваць увагу вучняў і іх успрыманне з’яў мовы; стварыць спрыяльныя ўмовы для хуткага аналізу моўнай з’явы.

Моўны матэрыял табліц можа падавацца ў форме звязнага тэксту, асобных слоў і іх частак, у выглядзе розных схем

Ролю моцнага стымулу выконвае малюнак, які цікава, нярэдка з гумарам ілюструе асаблівасці пэўных граматычных форм і канструкцый. З улікам гэтага распрацаваны новы сродак навучання — раздатачны выяўленчы матэрыял (карткі з малюнкамі і заданнямі да іх для самастойнай работы). Такія карткі могуць зрабіць самі вучні, якія займаюцца ў гуртку роднай мовы.

Вельмі ажыўляе ўрок мовы выкарыстанне такога жанру малюнка, як комікс. Гэта серыя малюнкаў, звязаных і аб’яднаных па сэнсе, сюжэтам, тэкстам. Змест комікса можа быць гумарыстычным і змяшчаць пэўную інфармацыю.

Прымяняць схемы ў навучанні мове настойліва раіць Л. М. Зельманава. Яна сцвярджае, што «схемы дапамагаюць абстрагавацца ад канкрэтнага моўнага матэрыялу», «схематычная пабудова табліц развівае абстрактнае мысленне вучняў, а гэта вельмі важна для вывучэння граматыкі» [3, с. 57].

Апошнім часам усё больш актыўна выкарыстоўваюцца камп’ютарныя навучальныя і дыягнастычныя праграмы па беларускай мове. Выкарыстанне камп’ютара ў навучальным працэсе — прагрэсіўны шлях, які дазваляе індывідуалізаваць навучанне, практычна замацаваць навык, зрабіць вучэбны працэс наглядным, цікавым.

Камп’ютарныя праграмы дамамагаюць, напрыклад, адлюстраваць у дынаміцы працэс словаўтварэння, наглядна праводзіць лінгвістычны эксперымент, структурны аналіз слова, сказа, тэксту і інш.

Спачатку распрацоўваецца сцэнарый урока, на аснове якога ствараецца спецыяльная камп’ютарная праграма. Матэрыял разбіваецца на асобныя блокі.

Пазнаёміўшы вучняў з тэарэтычным матэрыялам, камп’ютар прапануе пытанні ці заданні з мэтай яго замацавання, а таксама для выпрацоўкі практычных навыкаў. Камп’ютар падае вучню пэўныя каманды, кантралюе правільнасць выканання задання (указваючы правільна ці няправільна), дапамагае (адсылае да тэарэтычных звестак), прапануе апорную інфармацыю, улічвае недахопы. Выкарыстанне навучальных праграм карысна ў першую чаргу для фарміравання арфаэпічных, арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў.

Дыягнастычныя камп’ютарныя праграмы дазваляюць выяўляць узровень ведаў і ўменняў школьнікаў, на аснове статыстычных дадзеных назіраць за індывідуальным развіццём вучня на працягу ўсіх гадоў навучання ў школе (фарміруецца інфармацыйны банк індывідуальнага развіцця вучня).

У сучаснай школе ёсць ужо дастатковы вопыт работы з інтэрактыўнай дошкай. Работа з дошкай дазваляе рэалізаваць прынцып нагляднасці і актывізаваць навучанне, бо заахвочвае імправізацыю як з боку настаўніка, так і вучняў, дазваляе маляваць і рабіць запісы паверх любых дадаткаў, захоўваць і раздрукоўваць любыя запісы, зробленыя ў час урокаў, спрашчае праверку засвоенага матэрыялу. Разнастайнасць колераў, даступных на інтэрактыўнай дошцы, дазваляе выдзеліць важныя моманты, звязваць агульныя ідэі.

Вучні атрымліваюць больш магчысцей для актыўнага ўдзелу ў вучэбным працэсе, разумеюць больш складаны матэрыял у выніку эфектыўнай і дынамічнай яго прэзентацыі, з вялікім задавальненнем працуюць на дошцы ў паўрочны час.

У школе найбольш папулярным праграмным забеспячэннем для інтэрактыўнай дошкі з’яўляюцца праграмныя абалонкі «Notebook» і «Lynx4», бо яны простыя ў выкарыстанні, іх зручны інтэрфэйс спрыяе стварэнню інтэрактыўных заданняў. Данае праграмнае забеспячэнне дазваляе адначасова працаваць з тэкстам, графічным адлюстраваннем, відэаматэрыяламі, кіруючы працэсам работы з дапамогай указкі па сенсорнай паверхні дошкі. Магчымасць захоўваць урокі, дапаўняць іх запісамі паляпшае спосаб падачы матэрыялу: старонкі можна праглядаць у любым парадку, вяртацца да вывучанага матэрыялу.

Такім чынам, ад выбару сродкаў актывізацыі і ўмоў навучання залежыць узровень пазнавальнай актыўнасці школьнікаў, а значыць якасць іх пазнавальнай дзейнасці.

Выкарыстанне метаду нагляднасці на ўроках беларускай мовы дапамагае зрабіць вучэбны працэс цікавым, дае магчымасць засвоіць вучэбны матэрыял больш хутка і трывала.У працэсе навучання важна не толькі сфарміраваць цікавасць, але і захаваць яе на ўсіх этапах вучэбнага пазнання.
Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Варановіч, З. Б. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэб. дапам. 2-е выд., выпр. і дап. / З. Б Варановіч — Мінск.: Універсітэцкае, 1995. — 248 с.

2. Верціхоўская, М. І. Беларуская мова: цікава і складана: дапам. для вучняў ст. кл. з паглыбл. вывучэннем бел. мовы / М. І. Верціхоўская, В. У. Верціхоўская — Мінск: Нар. асвета, 2001.— 206 с.

3. Волкова, Н. А. Развитие познавательных способностей детей на уроке / Н. А. Волкова, А.А. Столяр. — Минск: Нар. асвета 1995. — 320 с.

4. Шамова, Т. И. Активизация учения школьников / Т. И. Шамова. — Москва: Педагогика, 1982. — 209 с.


написать администратору сайта