Главная страница
Навигация по странице:

  • Моўная інтэрферэнцы

  • Навроцкая. Змест


    Скачать 468.23 Kb.
    НазваниеЗмест
    АнкорНавроцкая
    Дата16.12.2021
    Размер468.23 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаbelaruskaya_mova_kultura_maulennya.docx
    ТипДокументы
    #305790
    страница6 из 24
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

    2.2. Інтэрферэнцыя. Трасянка



    У сітуацыі білінгвізму мовы, як правіла, узаемадзейнічаюць. Такое кантактаванне моў у большасці выпадкаў вядзе да інтэрферэнцыі – працэсу змешвання, накладання моў. Увогуле, навукоўцы на падставе шматлікіх назіранняў прыйшлі да думкі, што ідэальнага білінгвізму, каб чалавек аднолькава дасканала валодаў некалькімі мовамі, або наогул не існуе, або сустракаецца досыць рэдка, а таму моўная інтэрферэнцыя – гэта заканамернасць ва ўмовах білінгвізму.

    Моўная інтэрферэнцыя – з’ява, якая ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння моў у сітуацыі двухмоўя. Гэта значыць, што пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой. Усё гэта прыводзіць да парушэння моўных нормаў, мова засмечваецца тымі элементамі, якія ёй не ўласцівы.

    Тым меншы ўзровень інтэрферэнцыі, чым лепш моўная асоба валодае тымі мовамі, якія выкарыстоўвае, чым больш адрозненняў адной мовы ад другой яна ўсведамляе. І наадварот – чым горшае веданне моў, тым большая будзе інтэрферэнцыя. Такім чынам, ступень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені валодання мовамі, ад навыку свабодна адрозніваць з’явы розных моў і г.д.

    Трэба дадаць, што памеры інтэрферэнцыі прамапрапарцыянальныя генетычнай блізкасці моў. Гэта значыць, што ў выніку блізкай роднасці моў іх інтэрферэнцыя больш інтэнсіўная і глыбокая, носьбіты моў менш усведамляюць адрозненні адной моўнай сістэмы ад другой. Адзначанае палажэнне з’яўляецца вельмі актуальным для моўнай сітуацыі Беларусі, паколькі беларуская і руская мовы ўваходзяць паводле генеалагічнай класіфікацыі не толькі ў адну моўную групу, але і падгрупу, з’яўляюцца блізкароднаснымі. Гэта ўплывае на тое, што беларуска-рускае і руска-беларускае двухмоўе з’яўляецца вельмі распаўсюджаным, пранізвае ўсю моўную сістэму, закранае ўсе яе ўзроўні:

    - графічны (графічная інтэрферэнцыя), калі ў тэксце, напісаным па-беларуску, будзе сустракацца літара и;

    - фанетычны (фанетычная інтэрферэнцыя), калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнай асобы сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р’] і [ч’], дзеканне і цеканне, фрыкатыўны [г] і г.д.;

    - акцэнталагічны (акцэнтная інтэрферэнцыя), калі блытаюцца правілы пастаноўкі націску ў розных мовах (гліняны - глиняный, адзінаццаць -одиннадцать, спіна - спина і г.д.);

    - словаўтваральны (словаўтваральная інтэрферэнцыя), калі ў беларускім маўленні ўжываюцца неўласцівыя адзінкі, але падобныя да адпаведных рускіх (ахрыпшы (бел. ахрыплы), кантраліраваць (бел. кантраляваць), сумніцельны (бел. сумніўны), Васін (бел. Васеў), прыгваздзіць (бел. прыгваздаць) і інш.);

    - лексічны (лексічная інтэрферэнцыя), напрыклад, калі рускія словы толькі перадаюцца сродкамі беларускай фанетыкі і графікі (у беларускай мове словы тыпу васкрасенне, благадару, сенцябрь, следуюшчый і інш.). Лексічная інтэрферэнцыя ўзнікае і тады, калі ў працэсе перакладу тэксту з рускай мовы на беларускую ці наадварот магчымы непажаданыя ўзаемазамены міжмоўных амонімаў3, што прыводзіць да непаразумення: рус. диван (бел. канапа)– бел. дыван (рус. ковёр); рус. сварка ‘злучэнне металічных частак шляхам сплаўлівання’ – бел. сварка ‘спрэчка’. Асабліва ярка гэты працэс выяўляецца пры выкарыстанні камп’ютарных праграм для перакладу, якія не ўлічваюць спалучальнасць слоў, і тады, напрыклад, спалучэнні желудочно-кишечный тракт, жесткий диск могуць перакладацца як страўнікава-кішачны гасцінец, жорсткі дыск і пад.;

    - марфалагічны (марфалагічная інтэрферэнцыя), калі граматычныя асаблівасці рускіх і беларускіх слоў не ўлічваюцца моўцамі (вялікая цень, горкая палын, збіраць клубніку і інш.);

    - сінтаксічны (сінтаксічная інтэрферэнцыя), калі пры карыстанні беларускай мовай у ёй ужываюцца сінтаксічныя канструкцыі рускай мовы (ажаніцца на Таццяне, два мільёна, прабачыць сябра, падобны на бацьку і інш.).

    З прычыны таго, што беларуская і руская мовы генетычна блізкія, інтэрферэнцыя характарызуецца шматлікасцю і ўстойлівасцю памылак. Аднак гэтыя памылкі змешанага маўлення не ўплываюць на працэс разумення выказванняў беларусамі. Таму праблема інтэрферэнцыі – гэта праблема культуры маўлення, як беларускага, так і рускага.

    Ад канструктыўнага вырашэння актуальнай праблемы інтэрферэнцыі залежыць не толькі правільнасць маўлення, што з’яўляецца важным складнікам станоўчага іміджу асобы, але і сам факт захавання і далейшага развіцця беларускай мовы, і беларусаў як самастойнай адметнай нацыі.

    Калі білінгвізм – гэта сітуацыя двухмоўя, інтэрферэнцыя – працэс накладання моў у гэтай сітуацыі, то прадукт такога накладання – змешанае маўленне.

    За беларуска-рускім змешаным маўленнем замацавалася вызначэнне “трасянка”, якое з’яўляецца тэрміналагічнай метафарай, перанясеннем бытавой назвы ў сферу навукі. Так, першапачаткова трасянкай называлася стрэсенае сена з саломай для корму свойскай жывёлы. Як мяркуюць лінгвісты, паняцце “трасянка” магло ўтварыцца на ўзор украінскай мовы, дзе змешанае ўкраінска-рускае маўленне называецца суржык.Першапачаткова гэта словаазначала сумесь жыта, пшаніцы, ячменю, аўса або нізкаякасную муку з рознага збожжа [52, с. 83]. Такім чынам, ідэя змяшэння і нізкай якасці падкрэсліваецца ў абодвух тэрмінах.

    Трасянка – гэта моўны прадукт, што ўзнік шляхам механічнага змяшэння ў розных прапорцыях элементаў дзвюх моваў – рускай і беларускай. Трасянка ўяўляе сабой гібрыд беларускай літаратурнай мовы, яе розных тэрытарыяльных і сацыяльных разнавіднасцей і рускай літаратурнай мовы.

    Трасянку складаюць стыхійна русіфікаваныя варыянты нацыянальнай мовы. Яны выяўляюцца на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы. Усё гэта абумоўлівае немагчымасць прадказання з’яўлення трасянкі ў маўленні. На Беларусі трасянка набыла масавы характар. Большасць тых беларусаў, што лічаць сябе рускамоўнымі, ужываюць менавіта трасянку, у іх спантанным маўленні беларускамоўныя рысы (у першую чаргу фанетычныя) выяўляюцца вельмі выразна і рэгулярна. Такое маўленне выглядае непрыгожым і непрывабным.

    Як адзначае даследчык змешанага руска-беларускага маўлення Г. Цыхун, “трасянка ўзнікла першапачаткова з неабходнасці падтрымання камунікацыі паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і расійскамоўным адміністрацыйна-партыйным чыноўніцтвам, што мела больш высокі грамадскі статус, з другога” [52, с. 86].

    Трасянка выклікае вялікую цікавасць у моваведаў, якія актыўна яе вывучаюць і лічаць лінгвістычным феноменам (даследаванні праводзяцца не толькі беларускімі, але і нямецкімі, амерыканскімі, польскімі лінгвістамі). Не толькі сярод славянскіх краін, але і ў Еўропе ў цэлым трасянка з’яўляецца ўнікальнай з’явай. Па сваім характары яна нагадвае крэольскія мовы, якія распаўсюджаны ў былых калоніях на афыканскім, азіяцкім кантенце і прадстаўлены змешанымі кампанентамі мовы тубыльцаў і мовы былых каланізатараў.

    Аднак гэты феномен нясе з сабой пагрозы для нацыянальнай беларускай мовы. Пра праблему трасянкі слушна выказаўся Адам Мальдзіс: “Сённяшні грамадзянін нашай краіны павінен аднолькава добра ведаць не толькі рускую, але і беларускую мову. На жаль, ён часцей за ўсё не ведае добра ніякай, гаворыць на “трасянцы”, густа перасыпанай матам (“мататрасянцы”)” [52, с. 88]. Трасянка пры дзяржаўным двухмоўі не толькі перашкаджае ў выхаванні культуры беларускага маўлення, але і можа набыць самастойны статус мовы. У такім выпадку ставіцца пад сумненне існаванне асобнай беларускай мовы. Да таго ж неапраўданае змешванне рускай i беларускай мовы ўспрымаецца як паказчык нізкай маўленчай культуры.

    1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24


    написать администратору сайта