Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя
Скачать 1.3 Mb.
|
КУРС ЛЕКЦЫЙ “БІБЛІЯТЭКАЗНАЎСТВА. ГІСТОРЫЯ” ЛЕКЦЫЯ 1. Уводзіны. Прадмет і задачы курса, асноўныя падыходы і паняцці “Бібліятэказнаўства: Гісторыя” раскрывае сусветную гісторыю бібліятэчнай справы, вывучае патрэбнасці грамадства ў бібліятэцы, яе ролю ў вытворчым і культурным жыцці. Вывучэнне сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы як састаўной часткі сусветнай культуры неабходна для разумення агульных заканамернасцей развіцця культуры і спецыфічных праблем бібліятэчнага працэсу. Курс “Бібліятэказнаўства: Гісторыя” абапіраецца на законы і катэгорыі філасофіі, тэорыі бібліятэказнаўства і сусветнай гісторыі кнігі. У ім разглядаецца
Гісторыя бібліятэк мае пэўную кропку адліку. З’яўленне першых бібліятэк, як устаноў па збору і захоўванні дакументаў пісьменства, абумоўлена пэўнымі зменамі ў жыцці чалавека і з’яўленнем патрэбнасці ў пісьмовай фіксацыі і перадачы моўнай інфармацыі. Адсюль і першая зыходная функцыя бібліятэкі – збор і захоўванне дакументаў або функцыя фондаўтварэння. Другая – гэта функцыя забеспячэння доступу да фондаў або функцыя абслугоўвання. Сусветная гісторыя бібліятэк – гэта, у першую чаргу, гісторыя даступнасці фондаў бібліятэк для карыстальнікаў. Сусветная гісторыя бібліятэчных устаноў – гэта і гісторыя прафесійнай бібліятэчнай дзейнасці. Мы будзем з вамі разглядаць развіццё бібліятэкі як установы ў гістарычным аспекце, бібліятэкі, якая мае пэўную матэрыяльную аснову для арганізацыі яе дзейнасці (будынкі, памяшканні, абсталяванне). Адносіны паміж дзвюмя пярвічнымі функцыямі – функцыяй фондаўтварэння і функцыяй абслугоўвання, змены ў іх узаемадзеянні складаюць галоўны прадмет гісторыі бібліятэк. Гісторыя бібліятэк – гэта і гісторыя “запатрабаванасці” бібліятэкі грамадствам. Вывучэнне гісторыі бібліятэк менавіта як часткі сусветнай гісторыі культуры дазваляе выявіць і асэнсаваць тыя з’явы, якія найбольш моцна паўплывалі на іх развіццё і сталі пачаткам новага этапу іх эвалюцыі. Такім чынам, эвалюцыя бібліятэкі разглядаецца не як нейкі бесперапынны працэс “прагрэсіўных” змен, а як працэс, які складаецца з шэрагу этапаў развіцця бібліятэкі. Пачатак кожнага новага этапа абумоўлены зменамі ў жыцці грамадства, што ў адносінах да бібліятэкі як да грамадскага інстытута праявілася ўпершыню ў той ці іншай частцы свету (краіне, рэгіёне), а затым шырока распаўсюдзілася далей у часе і прасторы. У сувязі з гэтым прынцыпова важна разглядаць гісторыі бібліятэк у больш шырокім кантэксце, г.зн. як гісторыю культурнай спадчыны, гісторыю жыцця грамадства і гісторыю культуры, гісторыю адукацыі і сацыяльную гісторыю. Асабліва важна разглядаць гісторыю бібліятэк праз прызму гістарычнай навукі. Гэта дазваляе зразумець тую ролю, якую адыгралі бібліятэкі ў жыцці чалавецтва. Акрамя таго, курс мае і практычнае значэнне, якое заключаецца ў развіцці гісторыка-бібліятэчнага мыслення, у разуменні асноўных тэндэнцый развіцця бібліятэчнай справы, якія дапамогуць вызначыць яе далейшыя перспектывы. Перыядызацыя. За аснову перыядызацыі сусветнай гісторыі бібліятэк узята агульнапрызнаная гістарычная перыядызацыя. Адпаведна курс складаецца з сямі асноўных тэм, якія адпавядаюць гэтай перыядызацыі: 1. Бібліятэкі Старажытнага свету (ІV тыс. год. да н.ч. – V ст. н.ч.); 2. Бібліятэкі Сярэднявечча (V – ХІІІ стст.); 3. Бібліятэкі эпохі Адраджэння (ХІІІ – пер. пал. ХVII ст.); 4. Бібліятэкі эпохі Асветніцтва (ХVII ст. – пач. ХІХ ст.); 5. Бібліятэчная справа ў перыяд ХІХ – пач. ХХ стст.; 6. Бібліятэчная справа 1917 г. – 1991 г.; 7. Бібліятэчная справа на сучасным этапе (пасля 1991 г.). Што тычыцца той самай перыядызацыі, то неабходна адзначыць, што для кожнай краіны яна мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, межы эпохі Адраджэння для некаторых краін Заходняй Еўропы, як Італія, пачынаецца вельмі рана, у ХІІІ ст., а для Беларусі – гэта XVI – XVII стст. У кожнай краіне, у кожнага народа Асветніцтва таксама мела свае асаблівасці і храналогію: найранней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў XVI ст. перамагла першая ў свеце буржуазная рэвалюцыя; у Англіі – у XVII ст.; у Беларусі – 2-я палова XVIII – пач. ХІХ ст. Міфы ў гісторыі бібліятэк. Разгляд гісторыі бібліятэк старажытнага свету патрабуе своеасаблівай агаворкі не толькі ў плане раскрыцця асаблівасцей перыядызацыі, але і ў плане раскрыцця падыходаў, характэрных для вывучэння гісторыі бібліятэк таго часу. Дакладна ахарактарызаваў гэтыя асаблівасці французскі гісторык Хрысціян Жакоб: “Гісторыя бібліятэк жыве міфам”. Галоўнымі ж полюсамі ўяўлення, па яго меркаванні, з’яўляюцца Вавілон і Александрыя. Гэты перыяд здаецца добра вывучаням у сілу таго, што асвятляецца ў вялікай колькасці работ, але пры больш глыбокім іх вывучэнні высвятляецца, што ў шырокі навуковы ўжытак уведзены “факты”, якія не маюць пацвярджэння і нагадваюць найбольш міфы. Эвалюцыя тыпаў бібліятэк. На працягу шматлікіх стагоддзяў свайго існавання бібліятэкі служылі навуцы, адукацыі, культуры. На пэўных этапах грамадскага развіцця ўзнікалі разнастайныя тыпы бібліятэк, якія з цягам часу фарміраваліся ў пэўныя бібліятэчныя сістэмы. У сучаснасці – гэта публічныя, навуковыя і нацыянальныя бібліятэкі, якія вызначаюць бібліятэчную сістэму практычна любой дзяржавы. Асноўнымі тыпалагічнымі прыметамі з’яўляюцца: тэрыторыя або значэнне бібліятэк (напрыклад, для Беларусі – нацыянальная, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, раённыя, гарпасялковыя), змест фондаў (бібліятэкі універсальныя і галіновыя), чытацкае назначэнне – публічныя і спецыяльныя. Сёння бібліятэка (грэч. bibliotheke ад biblion – кніга, theke – сховішча) – гэта інфармацыйная, культурная, адукацыйная ўстанова, якая валодае арганізаваным фондам дакументаў і дае іх у часове карыстанне абанентам, а таксама ажыццяўляе іншыя бібліятэчныя паслугі. Ці заўжды было так? Бібліятэка як грамадскі інстытут з’яўляецца ўстановай, воблік якога, змест работы і маштабы не з’яўляюцца нечым пастаяныым і нязменным, а наадварот, пастаянна мяняюцца. Змяняюцца адпаведна і тыпы бібліятэк. З пазіцый сусветнай гісторыі бібліятэк не можа быць абстрактна-часавай тыпалогіі бібліятэк. Трэба ведаць, што гістарычны падыход да тыпалогіі прынцыпова адрозніваецца ад падыходаў, прынятых у сучаснасці. У адрозненні ад сучаснага бібліятэказнаўства (у тым ліку, курс “Бібліятэказнаўства: Тэорыя”), якое прапаноўвае шматлікасць падыходаў да тыпалагізацыі бібліятэк (а гэта не ў апошнюю чаргу абумоўлена тым, што практычна любая сучасная бібліятэка з’яўляецца політыпалагічнай, г. зн. можа і нават павінна разглядацца з розных пазіцый), гістарычны падыход прадвызначае неабходнасць уліку асаблівасцей пэўнай эпохі, у якой фармаваўся той ці іншы тып бібліятэкі. Фармаванне і развіццё тыпаў бібліятэк абумоўлена ўсталяваннем пэўных адносін паміж бібліятэкай як установай, якая выконвае свае пярвічныя функцыі (фондаўтварэння і абслугоўвання), і іншай установай (манастыром, музеям, універсітэтам і г.д.), з якімі яна можа быць звязана асабліва цеснымі адносінамі, будучы адначасова іх часткай. Характар гэтых узаемаадносін вызначаны той роляй, якую адыгрываў і / або адыгрывае ў жыцці грамадства той ці іншы грамадскі інстытут у пэўны гістарычны перыяд, і заўсёды – у пэўнай сацыякультурнай сітуацыі. Ролю грамалскіх інстытутаў могуць адыгрываць акрамя названых устаноў, таксама інстытут манархіі, інстытут дзяржавы, грамадска-ассветніцкія рухі, інстытут навукі і г.д. Гэта роля – актыўнага грамадскага інстытута – вызначана не абстрактнымі грамадскімі задачамі, патрэбамі грамадства ў развіцці навукі, адукацыі і культуры; патрэбамі ў фармаванні і развіцці бібліятэк як самастойнага грамадскага інстытута, які не будзе заключаны ў рамкі “ведамства”. Вывучэнне гісторыі эвалюцыі тыпаў бібліятэк “у прасторы” азначае аналіз таго, як у межах той самай эпохі з’яўляюцца і развіваюцца розныя іх віды, што ў сваю чаргу абумоўлена сацыяльнымі, культурнымі і іншымі асаблівасцямі той ці іншай дзяржавы ці групы дзяржаў. Сусветная гісторыя бібліятэк у Беларусі. Паняцце “бібліятэказнаўства: гісторыя” з’яўляецца складовай часткай бібліятэказнаўства як навукі, у якую у сваю чаргу ўваходзяць як тэорыя, так і адзначаная гісторыя. Кожная навуковая дысцыпліна развіваецца ў цеснай сувязі з практыкай, абагульненне вопыту якой дае пэўныя навуковы вынікі. У сваю чаргу тэарэтычныя распрацоўкі аказваюць свой уплыў на развіццё практыкі. Паняцце “бібліятэказнаўства: гісторыя”, а таксама агульнапрынятае паняцце “сусветная гісторыя бібліятэк” (у нашым выпадку выступаюць, як сінонімы) з’яўляюцца прынцыпова важнымі, бо гэта спроба разгледзець гісторыю бібліятэчнай справы як адзіную навуковую і вучэбную дысцыпліну. У адрозненні ад іншых краін (асабліва Германіі, дзе апублікавана шмат прац па сусветнай гісторыі бібліятэк) у Беларусі сусветная гісторыя бібліятэк не атрымала развіцця (выключэнне складаюць толькі некаторыя публікацыі, у большасці сваёй, прысвечаныя кнігазборам тых ці іншых замежных бібліятэк у беларускіх фондасховішчах). Гісторыя бібліятэчнай справы як вучэбны курс за савецкім часам была падзелена на замежную і савецкую. Адзінай публікацыяй па гісторыі бібліятэчнай справы за мяжой быў падручнік Вольгі Іванаўны Талалакінай “История библиотечного дела за рубежом” (М., 1982), які адыграў у свой час важную ролю, аднак і адлюстраваў не толькі характэрны таму часу падзел бібліятэчнай справы на “сваю” і “чужую”, але і непазбежныя для таго часу ідэалагічныя ўстаноўкі. У 2002 г. выйшла праца пецярбуржца Барыса Фёдаравіча Валодзіна “Всемирная история библиотек” (у 2004 г. – 2-е выданне), у якой гісторыя бібліятэк Расіі раскрываецца на фоне сусветнай бібліятэчнай гісторыі. Значная ўвага нададзена аўтарам тым падзеям, якія адбываліся на стыку гісторыі расійскай і замежнай; асобам, дзякуючы якім стваралася гісторыя бібліятэчнай справы. Аднак, зразумела, гісторыя бібліятэчнай справы Беларусі ў дадзеным выданні не адлюстравана (акрамя агульных звестак перыяду Расійскай імперыі ці савецкага часу). Адной з важнейшых нашых задач з’яўляецца вывучэнне гісторыі бібліятэчнай справы Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі бібліятэк. Адной з дапаможных вучэбных крыніц служыць “История библиотечного дела в БССР” Марыі Іванаўны Пакала (Мн., 1986). У выданні зроблена спроба разгляду бібліятэчнай справы ад пачатку яго зараджэння на тэрыторорыі Беларусі да сярэдзіны 1980-х гг. Як і названая папярэдне праца В.І. Талалакінай, яна мае вялізную колькасць “белых плям”, “запраграмаваных” адпаведным часам. Праўда, у дапамогу вывучэнню гісторыі бібліятэк Беларусі служаць выданні літоўскіх і польскіх аўтараў, сярод якіх грунтоўныя працы Льва Іванавіча Уладзімірава “Всеобщая история книги” (М., 1988), М.Тапольскай “Czytelniki i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renesansu I Baroku” (Wrocław etc, 1984). Апошнім часам (асабліва ў 1990-я – пач. 2000-х гг.) з’явілася ў друку пэўная колькасць новых публікацый, у якіх крок за крокам раскрываюцца тыя “белыя плямы” ў гісторыі бібліятэчных збораў Беларусі, сярод якіх асабліва неабходна адзначыць даследаванні Міколы Нікалаева (“Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў X – XVIII ст.”. Мн., 1993), Юрыя Лаўрыка (артыкул “Найдаўнейшыя беларускія кніжніцы” ў часопісе “Роднае слова” за 2006 г., №4, с.80–83). Аднак абагульняючай працы мы пакуль што па гісторыі бібліятэк Беларусі не маем. Трэба сказаць, што шэраг прац замежных, прысвечаных сусветнай гісторыі бібліятэк таксама не пазбаўлены сваіх недахопаў. Звычайна, сюжэты сусветнай гісторыі бібліятэк прысутнічаюць у іх працах як перадгісторыя гісторыі бібліятэк ўласнай краіны (пераважаюць сюжэты, звязаныя з Старажытным і Антычным светам, затым пытанні “чужой” гісторыі або адступаюць на другі план, або займаюць даволі сціплае месца). Яшчэ адной асаблівасцю падобных работ з’яўляецца разгляд сусветнай гісторыі бібліятэк як гісторыі бібліятэк заходняга свету, г.зн. Старога і Новага свету (Еўропы і Паўночнай Амерыкі), якой, дарэчы, варта было б прытрымлівацца і нам. Прынцыпова важным з’яўляецца асэнсаванне пройдзенага бібліятэкамі шляху, у тым ліку беларускімі бібліятэкамі, тым болей, неабходна асэнсаваць гэта ва ўмовах глабальнай інфарматызацыі, калі перад бібліятэкамі (асабліва былога СССР) адкрыліся новыя магчымасці міжнароднага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. Таму важна зразумець не толькі тое, што ўжо пройдзена і засвоена бібліятэкамі Беларусі з моманту іх з’яўлення, але і тое, што па тых ці іншых прычынах часткова ці поўнасцю не пройдзена і не засвоена. ЛЕКЦЫЯ 2. Бібліятэкі Старажытнага Свету (ІV тысячагоддзе да н.ч. – V стагоддзе) 2.1. Зараджэнне бібліятэк у дзяржавах старажытных цывілізацый Бібліятэка стала своеасаблівым сацыяльным вынаходніцтвам і з’явілася тады, калі назапашаная маса вопыту аказалася настолькі вялікай, што перавысіла магчымасці чалавечай памяці, а захаванне гэтага вопыту больш не магло забяспечвацца вуснай традыцыяй. Са стагоддзя ў стагоддзе кожная эпоха фармавала і выкарыстоўвала зборы пісьмовых дакументаў, каб захаваць і ўзмацніць свае інтэлектуальныя дасягненні і традыцыйныя каштоўнасці. Развіццё ж культуры, якое складае аснову гісторыі цывілізацыі, было вызначальным фактарам фарміравання бібліятэкі – характара яе фондаў, спосабаў іх арганізацыі і вядзення – і відаў абслугоўвання, якія давала бібліятэка. Прайшоўшы шлях ад гліняных таблічак Шумера і Асіра-Вавілоніі, папірусаў Старажытнага Егіпта, праз скупое абсталяванне сярэднявяковых манастыроў да збораў падручнікаў для першых школ, а ад іх – да бясплатнай публічнай бібліятэкі нашага часу, бібліятэка працярпела доўгі шэраг пераўтварэнняў, кожнае з якіх было абумоўлена патрэбнасцямі сучаснага ёй грамадства. Любая буйная перамена ў грамадскім ідэале перш за ўсё параджала змены ў бібліятэцы. Таму і рукапісная спадчына старажытных бібліятэк стала ключом да разумення ўсёй культуры Старажытнага Усходу і разам з іншымі археалагічнымі знаходкамі дазволіла ўзнавіць гісторыю старажытных цывілізацый Месапатаміі. Можна меркаваць, што ўзнікненню бібліятэк як сацыяльнага інстытута папярэднічала: 1. Фармаванне патрэбнасці ў стварэнні матэрыяльных носьбітаў інфармацыі. Гэта патрэбнасць у сваю чаргу з’яўлялася вынікам узнікнення на пэўным этапе развіцця чалавецтва патрэбнасці ў пазнанні фізічнага і матэрыяльнага свету і фіксацыі ў пісьмовым выглядзе інфармацыі аб ім; 2. Складанае дзяржаўнае і гаспадарчае справаводства магло дакладна функцыянаваць толькі пры наяўнасці дакладных справаздач і ўпарадкаванай пісьмовай дакументацыі; 3. Не менш важным стымулам былі патрэбнасці ідэалагічнага парадку – для праслаўлення ўладароў, іх абагаўлення; 4. Вынаходніцтва пісьменства і распаўсюджанне першых рукапісных кніг. Узрастаючая патрэбнасць грамадства ў ведах садзейнічала назапашванню кніжных збораў і іншых помнікаў пісьменства; 5. Менавіта старажытны горад быў цэнтрам кіраўніцтва дзяржавай, рэлігійна-культавымі справамі, месцам сканцэнтравання гаспадарчых, рэлігійных, дыпламатычных дакументаў, а таксама магутным цэнтрам культуры. Першыя бібліятэкі ўзнікалі пераважна ў гарадах і буйнейшых населеных пунктах. У розных музеях і бібліятэках свету захоўваецца мноства помнікаў пісьменства Старажытнага Усходу – гэта ў першую чаргу гліняныя клінапісныя таблічкі (іх мільёны), частка якіх праілюстравана і ў сучаснай літаратуры. Рэшткі старажытных збораў, дайшоўшыя да нас, сведчаць, што першыя сістэмы пісьма, першыя кнігі і бібліятэкі з’явіліся ў Шумеры, Акадзе, Асіра-Вавілоніі, дзяржаве Хетаў, Егіпце. Там, дзе сфарміраваліся старажытныя рабаўладальніцкія дзяржавы. 2.2. Шумер і Акад Першыя звесткі аб існаванні бібліятэк у Старажытным свеце адносяцца да часоў росквіту культур народаў Двухрэчча, якія калісьці жылі на тэрыторыі сучаснага Ірака, а менавіта да часоў існавання дзяржаваў ШУМЕР і АКАД. Падчас першых раскопак на тэрыторыі гэтых дзяржаў, на берагах ракі Еўфрат, якія пачаліся яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст., было знойдзена мноства гліняных таблічак з ананімнымі творамі, гэта – старажытныя карты, літаратурныя тэксты, работы па матэматыцы, сельскай гаспадарцы і іншых галінах ведаў. Старажытныя тэксты былі напісаны на прамавугольных плітках памерам ад 2,4х2 да 37х22 см і таўшчынёй 2,5 см. Датуюцца яны прыкладна 3000 г. да н.ч. Адно са старажытных кнігасховішчаў было знойдзена сярод развалінаў Сіпара. Паблізу храма была выяўлена асобая пабудова, у якой у спецыяльным пакоі размяшчалася, як мяркуецца, бібліятэка. У ёй налічвалася звыш 50 тысяч таблічак з гліны, якія змяшчалі рэлігійныя і дыдактычныя творы, падручнікі па вершаскладанні, трактаты. Мяркуецца, што гэта была бібліятэка пры школе храма. Ёсць звесткі пра вялікую бібліятэку, заснаваную царом старажытнага Акада Сарагонам І (каля 2750 г. да н.ч.) у горадзе Акадзе. Бібліятэка цара, якая некаторымі даследчыкамі лічыцца самай ранняй буйнай бібліятэкай Азіі, быццам бы мела каталог, у якім змяшчаліся ўказанні чытачу як ён можа атрымаць неабходную яму кнігу. Існавала багацейшая бібліятэка ў горадзе Кіш, займаўшая 20 пакояў. Звыш 54 тысяч гліняных таблічак з рэлігійнымі тэкстамі былі знойдзены ў храме бога Энлія ў Ніпуры. Яны датуюцца прыкладна 1700 г. да н. э. Ніпурская бібліятэка размяшчалася ў 62 (або 80) адведзеных для яе памяшканнях. У Лагашы знойдзена больш за 20 тыс. сістэматызаваных па змесце таблічак. Збор тэкстаў з бібліятэкі ў Шурупаку дазволіў вучоным скласці і выдаць спіс архаічных клінапісных знакаў. Знойдзеныя таблічкі сведчаць пра тое, што ўжо тады прымянялася сістэматызацыя бібліятэчных фондаў. Былі і таблічкі, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя каталогі з паметкамі аб страце тэкстаў. У гарадах Шумера існавалі школы пісцоў, якія называліся “дамамі таблічак”. Найбольш старажытныя пісьмовыя тэксты Месапатаміі (2900–2500 гг. да н. ч.) напісаны на шумерскай мове. Сярод іх і так званы “царскі спісак” – спіс уладароў Шумера, у якім упамінаецца імя Гільгамеша. Эпас пра Гільгамеша лічыцца старажытнейшым творам старажытнай паэзіі, першым старажытным эпасам. Бібліятэкі Шумера валодалі мастацтвам захоўвання тэкстаў. Гліняныя таблічкі змяшчалі ў закрытыя гліняныя чаны, драўляныя скрынкі або плеценыя кашы, на іх навешваліся этыкеткі аб змесце і характары тэксту. Такім чынам, першыя бібліятэкі ўзніклі як зборы разнастайных дзяржаўных, гаспадарчых і іншых дакументаў. Іх можна лічыць і архівамі і бібліятэкамі. Узнікненне такой установы было абумоўлена: – высокім узроўнем шумерскай культуры, калі чалавек пачаў адчуваць патрэбнасць у самапазнанні, у адчуванні сваіх сувязей з Зямлёй, зямным жыццём; – з’яўленнем патрэбнасці не толькі ў перадачы паведамленняў у выглядзе пісьма, але і ў захаванні саміх дакументаў, якія змяшчалі гэтыя паведамленні; – узнікненні патрэбнасці пакідаць своеасаблівыя помнікі, якія апавядалі пра падзеі ў пісьмовай форме. Аднак гэта была яшчэ не памяць пра час і “часавая памяць”, і тым болей, яшчэ не адносіны да свету з пазіцый гісторыі. У Шумеры і Акадзе бібліятэкі, як мяркуецца, існавалі пры храмах, пры школах храмаў. |