Главная страница
Навигация по странице:

  • Пергамскае царства

  • Бібліятэкі Старажытнага Рыма

  • Пытанні для самакантролю

  • ЛЕКЦЫЯ 4. БІБЛІЯТЭКІ Ў ЭПОХУ РАННЯГА СЯРЭДНЯВЕЧЧА (V – XIIІ стст.) 4.1. Бібліятэчная справа ў Візантыі, Еўропе, Беларусі і Русі

  • Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя


    Скачать 1.3 Mb.
    НазваниеБібліятэказнаства. Гісторыя
    АнкорЛекции Библиотековед история.doc
    Дата11.09.2018
    Размер1.3 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаЛекции Библиотековед история.doc
    ТипДокументы
    #24413
    страница3 из 21
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21

    Александрыя. Самай значнай бібліятэкай антычнага свету была Александрыйская бібліятэка – бібліятэка Александрыйскага мусейона. Яе нярэдка называюць буйнейшай публічнай бібліятэкай эліністычнага свету. Першыя Пталамеі (правячая дынастыя) стварылі ў Александрыі Мусейон – акадэмію навук старажытнага свету. Гэта была адначасова вышэйшая школа, навуковы інстытут, вялікая бібліятэка. Главой мусейона быў захавальнік бібліятэкі, які адначасова з’яўляўся выхавацелем нашчадка егіпецкага уладара. Па традыці пасаду захавальніка (главы) бібліятэкі займалі вучоныя і паэты – Зенадот Эфескі, Апалоній Радоскі, Калімах, Эрастафен, Арыстафан Візантыйскі, Апалоній Эйдограф, Арыстарх Самафракійскі і інш. У бібліятэкара было шмат памочнікаў, кожны з якіх выконваў свае абавязкі: улік новых рукапісаў, разбор і прагляд манускрыптаў, капіраванне твораў, нагляд за парадкам, зберажэнне рукапісаў ад молі і сырасці.

    Рукапісы захоўваліся ў шафах з гарызантальнымі паліцамі і закрываліся двухстворкавымі дзверцамі.

    Фонд Алесандрыйскай бібліятэкі быў расстаўлены ў сістэматычным парадку. Кнігі падзяляліся на асноўны і запасны фонд Дублікаты захоўваліся не ў цэнтры горада.

    Александрыйская бібліятэка была самай багатай і найбольш поўнай бібліятэкай свету таго часу. Галоўнай задачай бібліятэкі быў збор грэчаскай літаратуры і пераклад іншых твораў на грэчаскую мову.

    Бібліятэка Александрыйскага мусеона была заснавана ў пачатку ІІІ ст. да н.ч. За дзвесце гадоў свайго існавання яе фонды сталі налічваць 700 тыс. скруткаў. Пталамеі былі апантаны ідэяй стварэння космапалітычнага цэнтра свету і таму імкнуліся сабраць усе кнігі (скруткі) свету, выдзяляючы на гэта практычна неабмежаваныя сродкі. Так, была выкуплена бібліятэка Арыстоцеля, арыгіналы твораў Эсхіла, Эўрыпіда, Сафокла.

    У 310–240 гг. да н.ч. у Александрыйскай бібліятэцы працаваў Калімах – вучоны, паэт, аўтар 800 твораў па гісторыі, граматыцы, паэзіі. На пасаду бібліятэкара ён быў запрошаны Пталамеем І. Галоўнай працай Калімаха, якая яго праславіла, – гэта унікальны бібліграфічны паказальнік з анатацыямі – “Pinakes” (Спісы), які складаўся з 120 скруткаў – “Каталог пісьменнікаў, хто праславіўся ва ўсіх галінах ведаў і прац, якія яны напісалі”. Каля адной восьмай часткі фонда бібліятэкі адлюстравана ў працы Калімаха. На той час бібліятэка налічвала прыкладна 40 тыс. скруткаў. Праца Калімаха – гэта адначасова сістэматычны каталог і бібліяграфічны паказальнік. У адпаведнасці з сістэмай Калімаха вылучаюцца

    • мастацкая літаратура падзялялася на 6 раздзелаў – эпасы, элегіі, ямбы, меліка, трагедыі, камедыі;

    • навуковая літаратура – на 5: гісторыя, рыторыка, філасофія, медыцына, заканадаўства;

    • быў выдзелены асобны раздзел – “рознае”.

    Унутры кожнага раздзела кнігі размяшчаліся па імёнах аўтараў, дадавалася кароткая біяграфія аўтараў і спіс яго прац. Каля назвы кожнай работы ўказваліся першыя некалькі слоў тэксту, колькасць скруткаў і лік радкоў ў кожным скрутку. Праца не дайшла да нашага часу, але вядома дзякуючы граматыцы Арыстафана з Візантыі “Аб табліцах Калімаха”.

    Александрыйская бібліятэка была абсталявана сталамі для чытання і пісьма, зручнымі крэсламі і мяккімі ложамі – як для камфартабельнасці, так і для забеспячэння захаванасці кніг. У бібліятэку прыязджалі многія чытачы з розных эліністычных краін.

    Александрыйская бібліятэка не захавалася. У 47 г. да н.ч. большая частка фондаў была падрыхтавана для адпраўкі ў Рым (Юліям Цэзарам), але адбыўся пажар. Тое, што засталося ад бібліятэкі служыла людзям яшчэ да 389–391 гг., калі па распараджэнні хрысціянскага патрыярха Феафіла, яна была амаль знішчана. Прыкончылі яе існаванне арабы, якія занялі Александрыю ў 642 г. і бібліятэчнымі кнігі сталі паліць александрыйскія бані.

    У 1974 г. адзін з прафесараў Александрыйскага універсітэта выступіў з ініцыятывай узнаўлення Александрыйскай бібліятэкі, якая была падтрымана, у тым ліку прэзідэнтам Егіпта, а таксама ЮНЕСКА і ААН. Праект, які атрымаў назву Бібліятэка Александрына (як называлася бібліятэка першапачаткова яшчэ пры заснаванні яе Пталамеямі), быў пачаты ў 1995 г і паспяхова завершаны ў 2001 г. Афіцыйна Александрына была адкрыта 16 кастрычніка 2002 г. У стварэнні бібліятэкі прынялі ўдзел 46 краін і 6 міжнародных арганізацый. Бібліятэка была ўзведзена на сваім былым месцы па спецыяльным праекце нарвежскіх архітэктараў. Сучасная Бібліятэка Александрына – навукова-культурны цэнтр і буйнейшая бібліятэка ў Афрыцы і Пярэдняй Азіі, міжнародны цэнтр па вывучэнні культур Сяродземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Афрыкі.

    Пергамскае царства існавала ў ІІІ – ІІ стст. да н.ч. Пергам – гэта свайго роду “навуковы цэнтр” таго часу. Пергамская ж бібліятэка, створаная царом Эўменам ІІ (197–160 гг. да н.ч.), сапернічала з Александрыйскай бібліятэкай. Згодна легендзе, егіпецкія уладары Пталамеі, забаранілі, баючыся канкурэнцыі з боку Пергама, вывозіць туды папірус, што ў сваю чаргу вымусіла пергамцаў адшукаць альтэрнатыву – пергамен (вырабленая скура казлянят і ягнят).

    Будынак, у якім размяшчаліся фонды бібліятэкі, занаходзіўся на цэнтральнай плошчы горада. Кнігі займалі чатыры вялікія залы. Па словах Плутарха, там змяшчалася 200 тыс. кніг. Пергам быў медыцынскім цэнтрам, і таму бібліятэка спецыялізавалася пераважна на набыцці кнгі адпаведнай тэматыкі. Бібліятэка мела кнігасховішча, у мармуровых сценах якога былі нішы, зробленыя з кедра (абарона ад насякомых), вялікую і малую чытальныя залы. У штаце бібліятэкі былі перапісчыкі, перакладчыкі, работнікі, якія сачылі за захаваннем рукапісаў. Пры бібліятэцы была школа граматыкаў Кратэса з Малоса, складальніка каталога на фонд бібліятэкі.

    У эліністычных дзяржавах існавалі і бібліятэкі навучальных устаноў. Вядома бібліятэка Радоскай гімназіі, на фонд якой захаваўся каталог. Знатныя вяльможы збіралі багатыя прыватныя бібліятэкі.

    У 133 г. да н.ч. Пергам становіцца правінцыяй Рыма, а ў 43 г. да н.ч. Марк Антоній большую частку бібліятэкі падарыў егіпецкай царыцы Клеапатры.

    За караткочасовым росквітам пачынаецца паласа ўпадку эліністычных дзяржаў. Жорсткая эксплуатацыя рабоў, бяднейшага свабоднага насельніцтва, сацыяльныя супярэчнасці сталі прычынай паўстанняў ў ІІ – І стст. да н.ч., якія аслабілі эліністычныя дзяржавы і аблягчылі іх захоп Рымскай імперыяй.

    Бібліятэкі Старажытнага Рыма. Заваяваўшы ў ІІ ст. да н.ч. шэраг дзяржаў, у тым ліку Грэцыю, рымляне атрымалі доступ да багаццяў духоўнай культуры пераможаных народаў. Аднымі з іх трафеяў былі кнігі. Першай вывезенай ў 168 г. да н. ч. стала бібліятэка македонскага ўладара Пярсея. У 86 г. да н. ч. Сула вывез у Рым і бібліятэку Арыстоцеля.

    У Старажытным Рыме кніга атрымала шырокае распаўсюджанне. Былі адкрыты буйныя майстэрні па перапісцы кніг, кніжныя лаўкі, у якіх можна было купіць творы аўтараў з усіх краін антычнага свету.

    Напачатку бібліятэкі ў Рыме выконвалі нават чыста дэкаратыўную функцыю, аднак з часам быў засвоены і бібліятэчны светапогляд грэкаў, узніклі патрэбнасці ў стварэнні бібліятэк.

    Пад уражаннем ад наведвання Александрыйскай бібліятэкі Юлій Цэзар (100–44 гг. да н.ч.) даручэў Марку Тэрэнцыю Варону займацца зборам і стварэннем бібліятэк. Адзін з яго твораў змяшчаў главу, прысвечаную бібліятэкам. Дзякуючы гэтаму матэрыялу, а таксама яшчэ раздзелу з дзесяцітомнага твора архітэктара Вітрувія (І ст. да н.ч.), можна ўявіць, як выглядалі бібліятэкі Старажытнага Рыма.

    Звычайна бібліятэка размяшчалася ў порціках – паблізу храмаў, пры тэрмах (грамадскіх банях) або ў палацы і храмах. Галоўныя фасады бібліятэкі былі звернуты на ўсход. Рымскі архітэктар Вітрувій тлумачыў гэта тым, што ў бібліятэках займаліся раніцай у самы светлы час, а таксама такім размяшчэннем пабудоў перагароджваўся шлях шкодным для рукапісаў вільготным вятрам з поўдня і захаду. У мэтах пажарнай бяспекі кнігасховішчы аддзяляліся ад іншых памяшканняў вялікім калідорам. Чытальная зала была звычайна ў форме прамавугольніка або паўкола. Упрыгожвалі яе бюсты і статуі багоў, партрэты вялікіх людзей, пісьменнікаў. У нішах стаялі скульптуры. Падлога была з цёмнага мармуру. Шафы з кнігамі размяшчаліся ўздоўж сценаў, калі-нікалі ў цэнтры залы. У вялікіх бібліятэках шафы нумараваліся. Паліцы ў шафах падзяляліся вертыкальнымі перагагодкамі на гнёзды для скруткаў і пергаментных кніг, якія захоўваліся гарызантальна ў сістэматычным парадку. У бібліятэках былі каталогі.

    Арганізатарам першай публічнай бібліятэкі прыкладна паміж 39 і 28 гг. да н.ч. стаў адзін з прыбліжаных Цэзара Азіній Паліон, які за свой кошт сабраў фонд сучаснай лацінскай літаратуры. На пачатак IV ст. н.ч. у рымскай дзяржаве налічвалася не менш, чым 30 буйнейшых публічных бібліятэк. У 28 г. да н. ч. па ініцыятыве імператара Аўгуста была створана Бібліятэка храма Апалона, імператарская. Самая знакамітая з бібліятэк рымскіх імператараў – бібліятэка Ульпіна, заснаваная ў Рыме імператарам Траянам (98-117 гг.), сапраўды магла спаборнічаць з Александрыйскай.

    У Рыме з’явіліся бібліятэкі, якія змяшчалі рукапісы па якой-небудзь адной галіне ведаў.

    Чытачы – паэты, вучоныя, чыноўнікі, знатныя і багатыя гараджане аддавалі перавагу працы непасрэдна ў чытальнай зале, чым магчымасці браць кнігі дадому.

    Ствараліся дапаможнікі па камплектаванні бібліятэк такіх вучоных, як Герэній Філон (“Аб набыцці і адборы кніг” у 12 кнігах); граматыка Тэлефаса з Пергамы “Тры кнігі аб веданні кніг, у якіх указваецца, якія кнігі вартыя набыцця”.

    Рымскія імператары вядомы і сваімі прыватнымі біблітэкамі, захапленнем бібліяфільствам.

    Пры Клаўдыі (рымскі імператар 41-54 гг.) складваецца цэнтральнае кіраванне імператарскімі бібліятэкамі з пракуратарам начале. Пасада добра аплочвалася. Яе займалі высокаадукваныя людзі. Падсобны персанал складаўся з дзяржаўных або імператарскіх рабоў, спецыяльна падрыхтаваных для бібліятэчнай работы. У канцы ІІ – пачатку ІІІ ст. з’явіўся спецыяльны чыноўнік, які займаўся гаспадарчымі патрэбамі бібліятэк. Было створана адзінае кіраванне бібліятэкамі і адзіны цэнтр выкарыстання падсобнага бібліятэчнага персанала.

    Бібліятэкі былі адным з абавязковых культурных інстытутаў рабаўладальніцкага грамадства, служылі замацаванню існуючых ў дзяржаве парадкаў, былі даступныя толькі рабаўладальнікам, узначальваліся часцей вучонымі. Складваліся пэўныя нормы папаўнення і арганізацыі фондаў, вядзення каталогаў, рэжыма захоўвання рукапісаў, арганізацыі абслугоўвання чытачоў.

    У IV ст. адбыўся распад Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю. Большасць рымскіх публічных бібліятэк сгарэла, шэраг былі зачынены. Не закранулі варварскія пагромы Усходнюю Імперыю – Візантыю, якая квітнела яшчэ на працягу амаль тысячы гадоў (з 325 г. да яе ўпадку ў пачатку ХІІІ ст. і канчатковага разбурэння крыжаносцамі ў 1453 г.).

    Падсумоўваючы асноўныя вынікі адзначым, што:

    1. У антычным свеце з’яўляецца слова “бібліятэка”.

    2. Ствараюцца першыя працы, прысвечаныя кнігам, іх адбору, камплектаванню; своеасаблівыя бібліяграфічныя паказальнікі, працы па сістэматызацыі бібліятэчных фондаў.

    3. Бібліятэка акрамя функцыі збору і захавання пачынае выконваць і функцыю скрыпторыя (тыражыравання дакументаў).

    4. Бібліятэка антычнасці – галоўнае звяно ў сістэме распаўсюджвання навуковых ведаў і ў сістэме антычнай адукацыі.

    5. Менавіта тое, што дакументы могуць быць тыражыраваны і распаўсюджаны – вызначаюць бібліятэку як самастойную ўстанову. Антычная бібліятэка – гэта ўжо не архіў.

    6. З’яўляецца, развіваецца і замацоўваецца за бібліятэкай функцыя абслугоўвання.

    7. Адбываецца пашырэнне і падзел службовых абавязкаў бібліятэкара. Вызначаецца спецыялізацыя ў працы.

    8. Удасканальваюцца каталогі.

    9. З’яўляюцца структурныя падраздзяленні бібліятэкі: кнігасховішчы і чытальныя залы.

    10. Узнікаюць спецыяльныя бібліятэкі.

    11. Робяцца першыя спробы агульнага кіраўніцтва бібліятэкамі, бібліятэчным персаналам.

    12. Асноўныя тыпы бібліятэк антычнасці – бібліятэкі пры навуковых і навучальных установах; прыватныя і публічныя бібліятэкі.

    Літаратура

    1. Адам А. Римские древности… М., 1824. Ч.2. С.455–478.

    2. Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.24–34.

    3. Дрыбин В. Книжный мир Древнего Рима: историко-культурный экскурс // Бібліятэчны свет. Мн., 2006. №3. С.23–29.

    4. Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.12-19.

    5. Чёрный А.И. Александрийский мусейон и его библиотека – восьмое чудо света // Международный форум по информации. М., 2006. Т.31. №3. С.3–17.

    Пытанні для самакантролю

    1. Якому народу мы абавязаны з’яўленнем слова “бібліятэка”?

    2. Які новы тып бібліятэк ўзнікае ў антычнай Грэцыі?

    3. Як вы разумееце выраз “бібліятэка выконвае функцыю скрыпторыя”?

    4. Якая функцыя бібліятэкі атрымлівае развіццё ў антычным свеце?

    5. Калі і кім была заснавана бібліятэка Александрыйскага мусеона, якая літаратура збіралася ў бібліятэцы?

    6. Што ўяўляла з сябе праца Калімаха “Pinakes”?

    7. На зборы якой літаратуры спецыялізавалася Пергамская бібліятэка?

    8. Які тып бібліятэк узнікае ў Рымскай імперыі?

    9. Назавіце антычных вучоных, якія ўнеслі пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўчай думкі?

    10. Як змянілася арганізацыя працы ў антычнай бібліятэцы, якой была яе структура?

    11. Назавіце асноўныя тыпы бібліятэк антычнасці?

    12. Як распаўсюджваліся кнігі ў антычнасці?

    13. Як звязаны з гісторыяй бібліятэк імёны такіх вядомых дзеячаў антычнасці, як Піфагор, Эўклід, Эўрыпід, Арыстоцель, Пталамеі, Юлій Цэзар, Марк Антоній, Клеапатра, Азіній Паліон, Траян, Клаўдый?

    14. Ці ёсць прэцэдэнты аднаўлення бібліятэк Старажытнага Свету і як вы думуаце чаму?



    ЛЕКЦЫЯ 4. БІБЛІЯТЭКІ Ў ЭПОХУ РАННЯГА СЯРЭДНЯВЕЧЧА

    (V – XIIІ стст.)

    4.1. Бібліятэчная справа ў Візантыі, Еўропе, Беларусі і Русі

    Канец V ст. прынята лічыць пачаткам адліку новай эпохі – сярэднявечча. Еўрапейская культура V – XII стст. мела яскрава выражаны рэлігійны характар. Фарміраванне грамадскіх ідэалаў і светапоглядаў адбывалася пад уздзеяннем рэлігійнай свядомасці. Адзіным, што сярэднявечча ўзяло ад загінуўшага старажытнага свету, было хрысціянства, якое ў антычным грамадстве з формы пратэста прыгнечаных пераўтварылася ў пануючую рэлігію, абараняўшую інтарэсы правячых пластоў грамадства. Духавенства, якое лічылася ў той час самым адукаваным класам, пераўтварыла царкоўную догму “ў зыходны момант і аснову мыслення”. Царква, валодаўшая ў еўрапейскіх краінах амаль трэцяй часткай зямлі, уяўляла з сябе моцную феадальную арганізацыю, якая асвяшчала існуючы дзяржаўны лад. Фактычна яна сканцэнтравала ў сваіх руках не толькі царкоўную, але і свецкую ўладу. Змест усіх навук быў прыведзены ў адпаведнасць з вучэннем царквы. Зыходзячы з прызнання наяўнасці правобразаў усяго існуючага ў свеце і немагчымасці спасцігнуць іх як народжаных Богам, можна было толькі наблізіцца да боскага прататыпу, які лічыўся нязменным Адсюль адметная рыса сярэднявечнага светапогляду – устойлівасць і кананічнасць.

    Неправільна было б думаць, што дзеячы навукі і культуры разглядаемага перыяду поўнасцю ігнаравалі спадчыну старажытнага свету. Адзінымі цэнтрамі кніжнай мудрасці становяцца ў гэты час манастыры і саборы, а адзінымі вучонымі – манахі і іншыя прадстаўнікі культу. Вывучэнне некаторых антычных аўтараў лічылася неабходным, бо царква старалася абаперціся на іх аўтарытэт. У сувязі з тым, што мовай каталіцкай царквы стала латынь , у манастырах і саборных школах на зянятках чыталіся лацінскія тэксты, г.зн. творы антычных аўтараў. І нарэшце, пры манастырах і саборах былі бібліятэкі – адзіныя кніжныя цэнтры ранняга сярэднявечча, у якіх сканцэнтраваліся і захоўваліся ад знішчэння антычныя рукапісы. Такім чынам, манастыры і саборы ранняга сярэднявечча, якія былі і цэнтрамі хрысціянскай адукацыі, з’яўляліся і захавальнікамі рэшткаў антычнай культуры. Аднак трэба адзначыць, што гэта адносілася толькі да абмежаванага кола антычных помнікаў – тых, якія не выклікалі да сябе варожых адносін з боку царквы. Астатняе бязлітасна знішчалася.

    Развіццё феадальных адносін на велізарных тэрыторыях Усходу і Захаду адбывалася нераўнамерна. Таму адзначаецца несупадзенне этапаў развіцця культуры. Звычайна паняцце “сярэнявечная культура” адносіцца да дараманскага (V–Х стст.), раманскага (ХІ–ХІІ стст.) і гатычнага перыядаў (ХІІ–XIV стст.), а таксама да культуры Візантыі (V–XV стст.).

    Візантыя. У IV ст. Рымская імперыя раскалолася на Заходнюю і Усходнюю. Усходняя – Візантыя, створаная ў 395 г., праіснавала амаль цэлае тысячагоддзе, з’яўляючыся прадаўжальніцай эліністычнай культуры. Дзяржаўнай мовай у Візантыі лічылася грэчаская. Кнігай кніг была Біблія. Сярод іншых жанраў – працы гісторыкаў, хронікі, жыція святых, творы аратарскага майстэрства, эпісталярныя творы, трактаты па адміністрацыйным кіраванні, геаграфічныя творы, падарожжы і інш. Адным са знакаміцейшых візантыйскіх вучоных і пісьменнікаў быў Іаан Дамаскін (VIII ст.), які ў сваім творы “Крыніца ведаў” выклаў асновы ўсёй сумы тагачасных ведаў для хрысціянскага свету. Найбольш поўна распрацаваў прынцыпы прыдатнасці антычнай спадчыны для хрысціянскай сістэмы адукацыі Васілій Кесарыйскі – “Аб тым, як юнакам здабываць карысць з паганскіх кніг”. З антычнай навукай была цесна звязана візантыйская філасофія. Цярпімасць да “паганскай” літаратуры стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця кніжнай культуры.

    У сярэдзіне IV ст. у сталіцы Візантыі быў заснаваны імператарам Канстанцінам ІІ дзяржаўны скрыпторый, які ўзначальваў спецыяльны чыноўнік – архонт, у падначаленні якога было мноства каліграфаў. Праца перапісчыкаў аплачвалася дзяржавай. У скрыпторыях былі звычайна вялікія бібліятэкі, у якіх пачалі прымяняць на кнігах шыфр і расстаўляць іх у адпаведнасці з ім.

    Існавалі бібліятэкі пры манастырах у Канстанцінопалі, Афоне, дзе таксама меліся скрыпторыі. Кнігі ранніх сярэднявечных бібліятэк Візантыі былі ў асноўным выкананы на пергамене, які, праўда, меў не танны кошт, што прымусіла перапісчыкаў перайсці да палімпсестаў (на саскрэбленыя старыя тэксты наносілі новы). У VI – VII стст. скруткі замяняюцца “кодэксамі”, у VIII–IX стст., крыху ранней, чым у Заходняй Еўропе, з’яўляюцца кнігі на паперы.

    Мастацтва афармлення кнігі паступова набірае моц і ў ХІ ст. дасягае свайго росквіту. У гэты час канчаткова сфармаваліся ўсе элементы арнаментыкі візантыйскай кнігі: шыкоўныя фронціспісы і віньеткі, застаўкі, раслінны арнамент на палях, арнаментаваныя ініцыялы. У пераплёце часцей пачынаюць выкарыстоўваць (асабліва для літургічных кніг) слановую косць, золата, эмаль, каштоўныя камяні. Кніга была багатым падарункам імператараў і нават прыданым візантыйскіх прынцэсаў.

    У IV – VII стст. у Візантыі былі распаўсюджаны бібліятэкі пры вышэйшых навучальных установах. Некаторы час захоўвалася слава бібліятэк універсітэтаў у Афінах і Александрыі. Школьныя і універсітэцкія установы, вялікая колькасць бібліятэк, майстэрань па перапісванні кніг (скрыпторыяў) былі сканцэнтраваны менавіта ў Канстанцінопалі. Універсітэт у Канстанцінопалі быў заснаваны яшчэ імператарам Феадосіем ІІ у 425 г. як дзяржаўная ўстанова, якая, праўда, у хуткім часе прыйшла да ўпадку. Аднак у ХІ ст. універсітэт быў узноўлены, была ўзноўлена таксама і бібліятэка універсітэта, спаленая ў 726 г. імператарам Львом ІІІ Ісаўрам (змагаўся за паслабенне ўплыву манастыроў, наносячы значныя страты манастырскім бібліятэкам, забараняючы перапісваць кнігі). Бібліятэкай канстанцінопальскага універсітэту загадваў спецыяльны служыцель-“бібліяфіл”.

    У 330 г. у Канстанцінопалі была створана унікальная багатая публічная бібліятэка, вядомая пад назвай бібліятэкі імператара Канстанціна. У шматколькасным штаце бібліятэкі былі перапісчыкі грэчаскіх і лацінскіх кніг, якія капіравалі і ўзнаўлялі тэксты. На 475 г. у бібліятэцы налічвалася 120 тысяч тэкстаў. (напрыклад, для напісання твораў Гамера была выкарыстана змяіная скуры, на якую залатымі літарамі быў нанесены тэкст). Панёсшая значныя страты ад пажару ў 477 г., ад пастаянных рабаванняў крыжаносцамі, бібліятэка ўсё ж была ўзноўлена ў 1361 г. Міхаілам Палеолагам, які аднавіўшы сталіцу ў Канстанцінопалі, у прыбудове да свайго палацу ў чарговы раз пачаў збіраць імператарскую бібліятэку.

    У ХІІ ст. для падрыхтоўкі тэолагаў у Канстанцінопалі была арганізавана вышэйшая патрыяршая школа, пры якой знаходзілася бібліятэка канстантанцінопальскага патрыярха, створаная яшчэ ў VIII ст. У ІХ ст. патрыяршым бібліятэкарам тут працаваў Канстанцін (Кірыл), які таксама выкладаў філасофію ў вышэйшай навучальнай установе Канстанцінопаля. Фонд бібліятэкі акрамя царкоўных рукапісаў, змяшчаў шмат унікальных кодэксаў па розных галінах навук. Ерэрычныя творы захоўваліся ў асобных скрынях. Ёсць некаторыя звесткі аб тым, што шэраг канстанцінопальскіх манастыроў адкрывалі ў сябе і бібліятэкі для міранаў.

    З VI ст. Канстанцінопаль славіўся значнымі бібліяфільскімі зборамі вучоных, прафесараў, настаўнікаў, сярод якіх візантыйскі вучоны Леў Матэматык, збіральнік твораў антычнасці, эцыклапедыст патрыярх Фоцій (820–891 гг.), вядомы сваёй працай “Мірыябібліён” (“Тысячакніжжа”) па бібліяграфічным апісанні калекцый.

    Непапаўняльныя страты візантыйскім кнігасховішчам нанеслі крыжаносцы, якія знішчалі кнігі, рабавалі бібліятэкі (1204 г.). Пасля крыжовых паходаў і турэцкіх заваяванняў Візантыя пала (1453 г.), што мела значныя страты і для бібліятэк, фонды якіх толькі ў нязначнай колькасці былі вывезены ў Заходнюю Еўропу і славянскія краіны, уцякаўшымі вучонымі і бібліяфіламі. Вядома, што да нашых дзён дайшло толькі каля 11 тысяч старажытных кодэксаў з манастырскіх збораў Візантыі. Трэба сказаць, што візантыйская кніжная традыцыя пакінула значны след у развіцці кнігі як у Заходняй Еўропе, так і Усходзе.
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


    написать администратору сайта