Главная страница
Навигация по странице:

  • Ефрасіння Полацкая

  • Кірыла Тураўскі

  • Рышард дэ Фурнэвіль

  • Рычард дэ Бёры

  • Пытанні для самакантролю

  • АРАБСКІ ХАЛІФАТ

  • Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя


    Скачать 1.3 Mb.
    НазваниеБібліятэказнаства. Гісторыя
    АнкорЛекции Библиотековед история.doc
    Дата11.09.2018
    Размер1.3 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаЛекции Библиотековед история.doc
    ТипДокументы
    #24413
    страница5 из 21
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21

    4.2. БІБЛІЯТЭЧНАЯ ДУМКА ЭПОХІ СЯРЭДНЯВЕЧЧА. Флавій Магн Аўрэлій Касідор Сенатар (каля 487 г. – пасля 578 г.) – пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, культурны і царкоўны дзеяч остготскай дзяржавы. Служыў пры двары готскіх каралёў. Пасля заканчэння службы стаў заснавальнікам манастыра Віварыум і скрыпторыя пры ім. Арганізаваў першую сярэднявечную школу пісьма ў антычных традыцыях і багацейшую бібліятэку, у якой захавалася мноства антычных кніг. У каментарыях да Псалмоў Касідор выказваў думку аб неабходнасці для лепшага разумення Бібліі вывучаць антычную спадчыну, чым садзейнічаў захаванню яе кніжнасці.

    Вядомы як біблітэказнаўца сваёй працай “Парады (настаўленні) па духоўным і свецкім чытанні” або “Кіраўніцтва да вывучэння боскай і свецкай літаратуры”, якое мае шырокі тэматычны дыяпазон. Гэта быў своеасаблівы энцыклапедычны звод, які быў адным з асноўных школьных твораў, што перадаваў “простым и неотесанным братьям” назапашанае Рымам багацце культуры. У першую чаргу гэта таксама – дапаможнік па камплектаванню фондаў манастырскіх бібліятэк, своеасаблівая рэкамендацыйная бібліяграфія, у сучасным успрыняцці, якая была зарыентавана на чытачоў-манахаў і, найболей на манахаў-перапісчыкаў. Дададзім, што “Кіраўніцтва” – гэта і каталог першай сярэднявечнай бібліятэкі Еўропы. Клапаціўся Касідор і аб высокім узроўні перапіскі кніг, дакладным парадку і ў срыпторі, і ў бібліятэцы, якую разглядаў як скарбніцу манастыра. У яго працы можна знайсці рэкамендацыі аб тым, як загалоўкі рабіць чырвоным колерам, у якую аправу пераплесці кнігу, як арганізаваць майстэрні пісьма і кнігасховішчы. Касідорам распрацоўваюцца таксама пытанні граматыкі і рыторыкі; ён уводзіў чытача ў вывучэнне сямі свабодных мастацтваў. Акрамя звестак па сутнасці таго ці іншага “мастацтва” прыводзілася бібліяграфічная інфармацыя. “Кіраўніцтвамі”, асабліва яго першай часткай, карысталіся не адно стагоддзе. Яно дайшло да нас у многіх спісках.

    Касідор быў пачынальнікам шматлікіх пакаленняў “антыкварыяў”, “лібрарыяў”, “скрыпторыяў”. Некаторыя з унікальных кодэксаў Віварыя захаваліся ў арыгіналах да сучаснасці.

    Фоцій (820–891 гг.) – збіральнік твораў антычнасці, эцыклапедыст, візантыйскі патрыярх. Аўтар “Мірыабібліёна” (“Тысячакніжжа”) – спроба бібліяграфічнага апісання калекцый. У працы прыведзены каля 300 антычных і хрысціянскіх твораў, якія былі прачытаны ў літаратурным гуртку пад кіраўніцтвам Фоція. Яго праца – адзін з першых сярэднявечных вопытаў бібліяграфічнага апісання антычных і візантыйскіх, язычніцкіх і хрысціянскіх кніг. Дзякуючы гэтаму мы ведаем аб многіх творах, якія да нас не дайшлі ў арыгінале, а вядомы толькі па Фоціевым спісе. Гэта працы гісторыкаў, серыі хронік, жыція святых і іншая багаслоўская літаратура, творы аратарскага майстэрства, эпісталярныі, трактаты па адміністратыўнаму будаўніцтву, геаграфіі, заканадаўчыя дакументы. Асноўнай кнігай была Біблія.

    Ефрасіння Полацкая (каля 1110 – 1173 гг.). Звесткі аб жыцці і дзейнасці Ефрасінні дайшлі да нас дзякуючы “Жыціі Ефрасінні Полацкай”, якое было створана, верагодна, неўзабаве пасля яе смерці. Старэйшы спіс датуецца XIV ст. Арыгінальнасць гэтага твора – у сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадданым служэнні вышэйшым маральным ідэалам. Ідэал ведаў і асветы, любоў да кнігі і найперш да Бібліі ў сярэднявеччы былі шляхам спасціжэння Божай мудрасці, твораў тэалагічнага характару. Шлях дасягнення ідэалу неадлучны ад боскага слова і ведаў, занатаваных у кнігах Свяшчэннага пісання. Перапіска, распаўсюджанне кніг – адна з найважнейшых і богаўгодных місій чалавека. У гэтым сэнс дзейнасці Ефрасінні па перапісванні кніг.

    Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасля 1190 гг.) – пісьменнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Аб тым, што Кірыла Тураўскі сваёй перапісваў кнігі, непасрэднага сведчання не захавалася. Аднак ён быў чытачом розных аўтараў, якіх ён адлюстраваў у сваіх творах: Іана Златавуснага, Грыгорыя Назіяніна, Епіфанія Кіпрскага, Феафілакта Балгарскага, Сімяона Лагафета, Ціта Байстрыйскага. Акрамя гэтага карыстаўся апакрыфічнай кнігай Эноха, якая была ў спісах забароненых царквой кніг. Напісаў 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, 2 казанні пра манаскі чын, 2 пасланні, 2 каноны і каля 30 малітваў, якія дайшлі да нас у спісах ХІІІ ст. 2 словы прысвечаны чытанню. Так, “Слове святога Кірылы аб кніжным чытанні і навуцы” гаворыцца:

    Паслухайце, братове, і ўразумейце, дзеці, як належыць нам вераваць у адзінага Бога, у Тройцы існага, – у Бацьку і сына Духа Святога, – і спадзявацца на яго аднаго і павучацца, схіліўшыся да святых кніг – Евангелля, Апостала, Парамійніка, Псалтыра і іншых, а да адрочаных кніг не звяртацца ніколі. Адрочаныя ж: Астраномія і Зоралік, Соннік, Зёльнік, Чароўнік, Птушыныя Чары, Громнік, Каляднік і Жэрабнік. Бо прароцтвы лжывыя ў іх, на святых паклёпы ўзводзяцца. Кнігамі гэтымі д’яблаў прывабліваюць і гутараць з імі. У параўнанні са святымі кнігамі гэтыя маняць і невукаў дураць. А ім падобныя кнігі халдзейскія і элінскія байкі – таксама кашчунныя...” (Асветнікі і мысліцелі Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995. С.626–627). Прыведзеныя словы можна, ў пэўнай ступені лічыць і першым беларускім кіраўніцтвам па чытанні.

    У ХІІІ ст. з’яўляецца першы дапаможнік па арганізацыі бібліятэкі. Яго аўтар – Рышард дэ Фурнэвіль (1201–1260). Яго праца “Кнігаведанне” характарызуе магчымасці бібліятэкі ў абслугоўванні чытачоў. Аднак гэта праца не ўлічвала новых дасягненняў па сістэматызацыі ведаў і перадавых поглядаў. Не супадалі погляды Фурневіля з поглядамі Роджэра Бэкана (каля 1214-1294). У Бэкана класіфікацыя будавалася на прызнанні раўнапраўя тэарэтычных і практычных дысцыплін. Аднак яго ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў XVII ст.

    Рычард дэ Бёры (сапраўднае прозвішча Онжэрвіль, 1286–1345) – англійскі дзяржаўны дзеяч, епіскап і бібліяфіл. Сабраў багатую калекцыю старажытных манускрыптаў, якую завяшчаў Оксфардскаму універсітэту (бібліятэка не захавалася, рассеяна па розных прыватных калекцыях). Вядомасць дэ Бёры прынёс трактат, напісаны на латыні – “Філабібліён” (“Любакніжжа”, 1345) – арыгінальнае даследаванне аб карысці чытання і любові да кніг. Упершыню твор быў надрукаваны ў Германіі, у Кёльне (1473). На рускай мове поўнасцю апублікаваны ў 1984 г. “Філабібліён” быў задуманы як завяшчанне, першае бібліяфільскае завяшчанне, і своеасаблівая інструкцыя карыстання бібліятэкай. Адначасова гэта гімн кнізе, аўтабіяграфічная аповесць, а таксама бібліятэказнаўчая работа сярэднявечча. “Філабіблон” у шматлікіх спісах разыўшоўся па Еўропе. 7 з іх ёсць зараз у Брытанскім музеі, па два – у Бруселі, Мюнхене, па аднаму – у Дарэме, Базелі, Рыме, Венецыі, Капенгагене, Гётынгеме. Ужо ў 1353 г. Урыўкі “Філабіблона” былі выкарыстаны ў універсітэцкім статуце Оксфарда. З 1473 г. “Філабібліён” выдаваўся 35 раз на 10 мовах. Рычарда дэ Бёры сталі лічыць бацькам еўрапейскай бібліяфіліі.

    Літаратура

    1. Владимиров Л.И. Всеобщая история книги. М., 1988. С.36–51.

    2. Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.65-74.

    3. Колмаков П.К. Бёри // Книга: Энцикл. М., 1999. С.61.

    4. Кунин В.В. Библиофилы и библиоманы. М., 1984. С.409-438.

    5. Лаўрык Ю. Найдаўнейшыя беларускія кніжніцы // Роднае слова. 2006. №4. С.80.

    6. Солонская Н.Г. Реконструкция фонда библиотеки Ярослава Мудрого // Весник БАЕ. 2004. №2. С.44–47.

    7. Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.30-36.

    8. Шамурин Е.И. Очерки по истории библиотечно-библиографической классификации. М., 1955. Т.1. С.36–56.

    9. Шульц Ю.Ф. Кассидор // Книга: Энцикл. М., 1999. С.277.

    Пытанні для самакантролю

    1. Што складала аснову светапогляду ў сярэднявеччы?

    2. Вызначце ролю Візантыі ў развіцці бібліятэчнай справы?

    3. Як вы лічыце, у чым адрозненне сярэднявечных бібліятэк Візантыі і Заходняй Еўропы?

    4. Што вы ведаце аб працы візантыйскага патрыярха Фоція “Мірыябібліён” (“Тысячакніжжа”)?

    5. Які новы тып бібліятэк з’явіўся ў сярэднявечнай Еўропе?

    6. Што такое Віварый?

    7. У чым заключалася ідэя стварэння ўзорнай манастырскай бібліятэкі Касідора?

    8. Дзе ў Заходняй Еўропе ўзніклі першы універсітэцкія бібліятэкі?

    9. Які ўклад унёс Рычард дэ Бёры ў бібліяфільства?

    10. Назавіце асноўныя кніжныя цэнтры Балгарыі?

    11. Якім часам датуецца ўзнікненне першых бібліятэк у Беларусі і з чым гэта было звязана?

    12. Вызначце ролю Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага ў кніжнай культуры Беларусі?

    13. Назавіце першыя бібліятэкі Кіеўскай Русі?

    14. Каго з рускіх князёў вы можаце як асветніка і заснавальніка бібліятэк?

    15. Якія пасады з’явіліся ў бібліятэках і скрыпторыях сярэднявечча?

    16. Што вы можаце сказаць пра інвентарныя вопісы манастыроў?

    17. Асноўныя дасягненні бібліятэчнай думкі сярэднявечнай Візантыі і Еўропы?


    4.3. Бібліятэчная справа феадальнага Усходу

    Па часе ўзнікнення больш раннім, па перыяду існавання найбольш доўгатэрміновым былі феадальныя парадкі ў краінах Усходу.

    Кітай. Станаўленне феадалізма ў Кітаі было звязана з распаўсюджваннем буддызму. У VI ст. у Кітаі налічвалася 50 тыс. буддысцкіх манастыроў, да 2 мільёнаў манахаў, якія садзейнічалі ўмацаванню свецкай улады. Бібліятэка як грамадскі інстытут фарміруецца і развіваецца ў першую чаргу ў Кітаі. Менавіта Кітай адыграў у адносінах да краін Паўднёва-Усходняй Азіі тую ролю, якую адыграла ў адносінах да Заходняй цывілізацыі Грэцыя. Таму і Кітай, і Грэцыя – гэта прарадзімы бібліятэк.

    Важную ролю ў распаўсюджанні бібліятэк адыграла развіццё пісьменства, а таксма шэраг вынаходніцтваў, звязаных з гэтым. Матэрыялам для пісьма ў Кітаі служылі панцыр з чарапахі – найбольш старажытны матэрыял (прыкладна 1500 г. да н.ч.), а таксама бамбук і шоўк (770 – 476 гг. да н.ч.). Паперу першапачаткова кітайцы выраблялі з бамбукавай масы (бамбака, бамбіцына). У ІІ тысячагоддзі да н.ч. у Кітаі вынайшлі паперу. Дынастыя Хань увайшла ў гісторыю Кітая прымяненнем для пісьма паперы (з 76 г.). Цай Лунь у 105 г. удасканаліў спосаб вытворчасці паперы (з драўлянага луба, пянькі, ануч).

    У IV – VI стст. шырокае распаўсюджанне ў Кітаі атрымалі манастырскія бібліятэкі, у фондах якіх асноўнае месца займала буддысцкая літаратура, былі таксама творы па медыцыне, матэматыцы, астраноміі, граматыцы. Некаторыя з вопісаў фондаў гэтых бібліятэк, якія дайшлі да нашага часу, утрымліваюць звесткі аб назвах, імёнах аўтараў, перакладчыкаў, колькасці скруткаў (цзюаней) кожнага твора. Кнігі мелі шыфры. Складаліся вопісы страчаных кніг, рабіліся паметкі аб захаванасці рукапісаў. Былі спецыльныя людзі, якія займаліся ўзнаўленнем страчаных кніг.

    Бібліятэкі былі арыентаваны на выкананне асноўнай функцыі – фондаўтварэння. Кнігі беражліва захоўваліся, выносіліся ў пэўны час на прасушку. Іх зберагалі для наступных пакаленняў. Папаўняліся бібліятэкі за кошт перапіскі, ахвяраванняў, перамяшчэння кніг з аднаго манастыра ў другі, пакупкі. Буйнейшым кніжным рынкам у Кітаі быў манастыр у Сянго.

    У Кітаі былі багатыя палацавыя кнігасховішчы. Асаблівы інтарэс да збору старажытных прац праяўлялі Суйскія і Танскія імператары. За дастаўку ў імператарскую бібліятэку старажытных класічных твораў было ўстаноўлена ўзнагароджанне шоўкам. Кітайскія бібліятэкі мелі сотні тысяч рукапісаў, ксілаграфічныя (выразаныя на дрэве) выданні. Апошнія ўзніклі і пачалі распаўсюджвацца ў Кітаі пачынаючы з VIII – ІХ стст. Гэта знізіла кошт на кнігі. Першая захаваная друкаваная кітайская кніга – буддыйскі канон “Алмазная сутра” 868 г., створаная майстрам Ван Чы. У Х – ХIV стст. друкаваная кніга пачынае займаць пануючае становішча.

    Пры імператары Чэн-дзі (26 г. да н.ч.) быў створаны каталог палацавай бібліятэкі. Яго аўтар захавальнік бібліятэкі Лю Сянь і яго сын Лю Сінь. Назва – “Сем кароткіх каментарыяў”: “Можна чытаць усю”, “Можна чытаць часткова”, “Можна прапанаваць для яго вялікасці”). Першапачаткова кнігі ў каталогу былі падзелены на 7 раздзелаў, многія апісанні кнігі змяшчалі прадмовы з біяграфіямі аўтараў, кароткім зместам кніг і звесткамі аб працэсе перапісвання і рэдагавання.

    Да нашага часу захаваліся значныя зборы бібліятэкі манастыра ў Дуньхуані (IV – пачатак ХІ стст.).

    Знешне нязменнымі заставаліся ў Кітаі (аж да пачатку ХХ ст.) і тыпы бібліятэк з тых далёкіх часоў – “Мэн-фу” (“Саюзныя палаты” – кітайскі варыянт палацавых бібліятэк); “Шу юань” (“Кніжныя двары” – аналаг бібліятэкі дзяржаўнага навуковага цэнтра) і прыватныя бібліятэкі. Гэта таксама бібліятэкі, а не архівы, бо развіваецца функцыя даступнасці. Найбольш важную ролю ў жыцці феадальнага Кітая адыгралі дзяржаўныя палацавыя “Саюзныя палаты”, якія ўзначальваў летапісец, напрыклад старажытнакітайскі філосаф Лао-цзы (VI – V стст. да н.э., сучаснік Канфуцыя). Гэты тып бібліятэк заставаўся вядучым да пач. ХХ ст.

    У VII – Х стст. у Кітаі ўзнікае навуковая ўстанова – “Кніжны двор”. Дзейнасць гэтай установы будавалася як і мусеона на аснове бібліятэкі, таму дадзеную ўстанову можна разглядаць менавіта як бібліятэку. Функцыі захоўвання, абслугоўвання, гарантавалася атрыманне кніг. На аснове кнігі будавалася сістэма выхавання, адукацыі, самаадукацыі. Росквіт “кніжных двароў” прыходзіцца на 960 – 1279 гг. (дынастыя Сун) і час дынастый Мінь (1368–1644) і Цынь (1644–1911), калі “кніжны двор” стаў месцам падрыхтоўкі да дзяржаўных экзаменаў, якія неабходныя былі, каб атрымаць дзяржаўную службу.

    Не менш важную ролю у Кітаі ігралі і прыватныя бібліятэкі. Найбольш актыўны час – перыяд 770–476 гг. да н.ч., перыяд “Вясны і восені”. Прыватнымі бібліятэкамі валодалі: гісторык і дзяржаўны дзеяч Сыма Гуан (1017 або 1019–1086). Сабраў 10 тысяч кніг пераважна па гісторыі. Яго бібліятэка мела назву “Сад самотнай радасці” (у пер. на рускую мову – “Сад уединенной радости”). Аб кнігах, якія захоўваліся ў бібліятэках ніхто не павінен быў ведаць. Доўгі час прыватныя бібліятэкі служылі ў мэтах калекцыяніравання.

    Кітайскія бібліятэкі адрозніваліся перш за ўсё тым, што кнігадрукаванне тут атрымала распаўсюджанне значна ранней, і бібліятэка ніколі не выконвала функцыя скрыпторыя. Функцыя даступнасці доўгі час была абмежаванай, або зусім адсутнічала аж да ХІХ ст.

    Японія. Кітайскія кнігі вывозіліся ў Карэю, Японію. Да вынаходніцтва складовага пісьменства ў справаводстве Японіі панавала кітайская мова. З Японіі ў Кітай пасылаліся студэнты, святары. Пачынаючы з VII ст. сувязі паміж Кітаем і Японіяй ажывіліся. Фонды японскіх бібліятэк напачатку складаліся адпаведна з кітайскай буддысцкай літаратуры. Карысталіся бібліятэкамі нешматлікія прадстаўнікі знаці, імператарскі двор, зямельная арыстакратыя, буддысцкае духавенства. Захаванне кнігі як і ў Кітаі.

    З Кітая ў ХІ ст. буддыйская літаратура распаўсюдзілася і ў Паган (пазней – Бірма, а зараз М’янма), сталіцу Паганскай дзяржавы. У ХІ ст. падчас ваеннага паходу цара Пагана было захоплена шмат буддысцкіх твораў, для якіх у цэнтры сталіцы было пабудавана спецыяльнае памяшканне “Пітака-тайк” (свяшчэнная бібліятэка). Гэта бібліятэка размяшчалася ў шматярусным будынку, які захаваўся і да нашых дзён. У ХІ ст. было створана бірманскае пісьменства, пачалі з’яўляцца ўласныя кнігі, матэрыялам для якіх служылі пальмавыя лісты, а для пераплёту – дошчачкі з рэдкіх пародаў дрэў. Была пабудавана яшчэ адна буйная бібліятэка на беразе возера Мракаі.

    Будынкі бібліятэк захаваліся да нашых дзён у іншых краінах Індакітаю, напрыклад у Камбоджы.

    В’етнам. Пасля вызвалення з-пад ярма Танскай імперыі актывізуецца развіццё культуры В’етнама. Самай першай бібліятэкай у В’етнаме лічыцца сховішча Дайхынг, аснову якога складалі таксама буддысцкія кананічныя творы. У гэтым жа сховішчы кнігі друкаваліся і распаўсюджваліся па краіне. У 1070 г. у Ханоі быў закладзены Храм літаратуры. Спачатку гэта гэта было месца багаслужэнняў, школа для заняткаў, цэнтр друкавання кніг ксілаграфічным спосабам, сховішча друкаваных дошчак, а потым пры храме ўзнікла і бібліятэка. Яе чытачамі былі выкладчыкі і навучэнцы школаў. У 1464 г. па каралеўскаму загаду падобныя храмы літаратуры будуюцца і ў правінцыях. У фондах бібліятэк пачынаюць сустракацца ўжо навуковыя, гістарычныя і паэтычныя творы, фальклорныя зборнікі.

    У ХІІ ст. ад мангольскага нашэсця гінуць культура і бібліятэкі Кітая, Пагана і іншых краін. Надоўга затрымліваецца іх развіццё ў Японіі, бо краіну раздзіраюць феадальныя войны.

    АРАБСКІ ХАЛІФАТ. У VII – VIII стст. арабы Аравійскага паўвострава заваёўваюць тэрыторыі Пярэдняй і Цэнтральнай Азіі, Закаўказзя, Паўночна-Заходняй Індыі, паўночнай Афрыкі і Пірынейскага паўвострава і ўтвараюць адзіную дзяржаву – Халіфат. Арабы, як і візантыйцы, прадоўжылі антычную традыцыю, вывучаючы і перакладаючы на арабскую мову творы Старажытнай Грэцыі і Рыма.

    Па ўмовах і часе ўзнікнення, характары дзейнасці арабскія бібліятэкі былі неаднароднымі. Існавалі наступныя бібліятэкі:

    • “Дамы мудрасці”;

    • “Дамы навукі”;

    • далучаныя бібліятэкі: пры школах (медрэсэ); мячэцях, маўзалеях, бальніцах, абсерваторыях.

    Дамы мудрасці” – найбольш раннія бібліятэкі Арабскага халіфата. Яны засноўваліся і ўтрымліваліся на сродкі халіфаў і размяшчаліся звычайна ў палацах. Іх чытачы – вучоныя, паэты, правазнаўцы. Яны павінны былі вывучаць Каран, арабскую мову, ствараць новыя паэтычныя і навуковыя работы. Адной з першых бібліятэк гэтага тыпу была заснаваная ў VII ст. бібліятэка халіфаў ў Дамаску, які лічыцца першым навуковым цэнтрам мусульманскага свету. У 689 г. ад бібліятэкі быў аддзелены архіў. У бібліятэку паступалі копіі з розных канцоў свету. Аснова фонда – каранічная літаратура, калекцыі па алхіміі, медыцыне, астраноміі, гісторыі, філасофіі, літаратуры. У VIII ст. бібліятэка была перанесена ў новую сталіцу – Багдад.

    На іспанскай тэрыторыі Арабскага халіфата славілася бібліятэка, сабраная эмірам Аль-Хакамам ІІ у Кардове. Фонд – 400 тыс. кніг, каталог складаўся з 44 тамоў па 50 лістоў у кожным. У эміра былі свае агенты, якія адшуквалі і дастаўлялі кнігі ў Кардову. Шматлікія пісцы іх перапісвалі. Штогод перапісвалася 60-80 тысяч экземпляраў копій. Толькі ва ўсходнім прадмесці сталіцы працавала 170 жанчын, якія спецыялізаваліся на вырабе копій каранічных кодэксаў. Эмір акрамя таго клапаціўся аб набыцці менавіта першага арыгінальнага экземпляра кнігі ад аўтара, таму і аўтары былі зацікаўлены ў продажы сваіх твораў і шмат пісалі прац, якія праслаўлялі Аль-Хакама ІІ. Пасля ж яго смерці бібліятэку “пачысцілі”, спаліўшы ерэтычныя працы па філасофіі і астралогіі, па рэлігійных спрэчках.

    У Пярэдняй Азіі вылучалася бібліятэка “Дома мудрасці” ўладара Адуд ад-Даула. Ёю кіраваў вакіл, быў бібліятэкар – хазін і інспектар – мушрыф. У ёй былі сабраныя ўсе вядомыя на той час кнігі. памяшканне бібліятэкі ўяўляла сабой доўгую залу са шматлікі прыстройкамі з боку, вялікі вестыбюль. Уздоўж сцен стаялі драўляныя шафы з дзверцамі, якія адчыняліся зверху ўніз. Кнігі пэўнай галіны ведаў займалі асобную шафу. Карысталіся бібліятэкай знатныя асобы, вучоныя, паэты, чыноўнікі, прыязджалі вучоныя з розных гарадоў халіфата, якіх забяспечвалі харчаваннем і жыллём.

    З канца ІХ ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі “Дамы навукі”, у якіх захоўванне кніг і абслугоўванне чытачоў спалучыліся з выкладаннем і навучаннем. Багдад, Кордава, Каір, Масул, Іерусалім, Халеб, Дамаск і іншыя гарады халіфата мелі такія бібліятэкі, якімі мелі права карыстацца слынныя граматныя мусульмане. “Дом навукі” ў Масуле, заснаваны каля 890 г., быў асабліва багаты рукапісамі па астраноміі і старажытнагрэчаскай філасофіі. Пры “Доме навукі” працавалі навуковыя гурткі. “Дом навукі” ў Багдадзе (з 993 г.) – навуковы цэнтр і першы мусульманскі універсітэт Ірака. У яго фондзе былі кнігі па філасофіі, геаметрыі, астралогіі, медыцыне, літаратуры. Фонд быў адлюстраваны ў сістэматычным каталогу. Кіравалі бібліятэкай вучоныя, а абслугоўвалі вучоных, пісьменнікаў і філосафаў з розных гарадоў – бібліятэкары. У 1059 г. бібліятэка была спалена перасамі.

    Каля палаца халіфаў ў Каіры (з 1005 г.) знаходзілася яшчэ адна бібліятэка падобнага тыпу, якую шчодра фінансавалі ўладары. Спачатку гэта была палацавая бібліятэка, якую заснаваў другі халіф дынастыі аль-Азіз у канцы Х ст. У фондах бібліятэкі налічвалася акрамя значнай часткі рэлігійнай літаратуры і 18 тыс. навуковых прац. Бібліятэкар Алі бен Мухамад аль-Шабушці сачыў за расстаноўкай і забеспячэннем захаванасці фонда, які размяшчаўся ў 40 памяшканнях. Пры наступным пераемніку халіфа бібліятэка значна павялічылася і змянілася яе роля. Яна стала асновай цэнтра “Дар аль-ільм”. Асноўнай задачай арабскіх цэнтраў “дар аль-ільма” было распаўсюджванне рэлігійных ідэй, але ён першапачаткова быў і цэнтрам навуковых дыскусій. Сюды запрашаліся разам з мусульманамі і іудзеі, і хрысціяне, а бібліятэка была адкрыта для ўсіх жадаючых. Акрамя шматлікіх чытальных залаў, у бібліятэцы былі памяшканні для збораў вучоных. Па прыкладу каірскага “Дома навукі” былі пазней створаны аналагічныя цэнтры ў Іерусаліме, Масуле, Трыпалі і іншых гарадах арабскага свету.

    Самым вялікім фондам ў канцы ХІ ст. валодала бібліятэка “Дома навукі” ў Трыпалі. Яе фонд – 3 мільёны кніг, у іх ліку 50 тыс. экз. Карана. Працавала 180 супрацоўнікаў. Загінула ад пажару ў час нашэсця крыжаносцаў.

    У ІХ – ХІ стст. у Арабскім халіфаце бібліятэку мела кожная больш менш значная мячэць. У ХІ ст. амаль усе школы (мердрэсэ), маўзалеі і бальніцы таксама мелі бібліятэкі. Адзін з буйнейшых кніжных збораў склаўся ў Багдадзе пры медрэсэ Нідамійя (1064 г.). У Нацыянальным музеі ў Дамаску захоўваецца частка фонду сярэднявечнай бібліятэкі мячэці Ан-Нуры, заснавальнікам якой быў султан Нуры-і-Дзін Занкі. Вядомай па сваім часе была бібліятэка медрэсэ Мустансірыйя (з 1233 г.). Быў штат бібліятэкі, у які ўваходзілі дырэктар, памочнікі бібліятэкара, падносчыкі кніг. Чытачы – прафесары, студэнты, якія слухалі лекцыі. Прафесары і студэнты, супрацоўнікі бібліятэкі забяспечваліся харчаваннем і штомесячнай стыпендыяй.

    Набыццё кніг ў Халіфаце стала пэўнай модай, а наяўнасць прыватнай бібліятэкі – знакам высокага сацыяльнага статуса, што напамінала адносіны да кніг і кніжнага калекцыяніравання ў Рымскай імперыі. Арабскія бібліяфілы валодалі калекцыямі кніг, якія налічвалі тысячы тамоў. Арабскія пісьменнікі апісвалі прыватныя бібліятэкі, якія змяшчалі нібыта больш за 5 тыс. тамоў, а для іх перавозкі патрабавалася 700 вярблюдаў. З часам гэтыя бібліятэкі паступова развіваліся і пераўтвараліся ў самастойныя. Некаторыя з іх сталі нацыянальнымі.

    У ХІ – ХІІІ стст. большасць бібліятэк Арабскага халіфата загінула – падчас барацьбы арабаў з хрысціянамі-крыжаносцамі, так і ў выніку разрабавання мангольскімі заваёўнікамі. У 1236 г. па загаду кардынала Хіменеса была датла спалена Кардоўская бібліятэка. Бібліятэка Багдада была разбурана падчас захопу яе манголамі ў 1258 г.
    1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


    написать администратору сайта