Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя
Скачать 1.3 Mb.
|
Міхаіл Гарабурда прывёз з Масквы спіс Бібліі, які потым быў пакладзены ў аснову славутага астрожскага выдання Івана Фёдрава. Слуга Гарабурды, які быў сябрам расійскага першадрукара, склаў паказальнік да “Псалтыры” і “Новага Запавету”, што былі надрукаваны ў Астрозе ў 1580 г. Яго сын Васіль стаў віленскім друкаром. У 20-30-я гг. 16 ст. існаваў кнігазбор Зяновічаў, асабліва славілася бібліятэка Крыштафа Зяновіча ў родавых маёнтках у Глыбокім і Смаргоні. Такім чынам, прыватныя кнігазборы ў XVI ст. на тэрыторыі Беларусі сталі тыповай з’явай, што тлумачыцца з аднаго боку высокай адукаванасцю магнатаў, з другога – наяўнасцю ў іх матэрыяльных магчымасцей на пакупку кніг. Усе бібліятэкі дадзенага тыпу былі вялікімі па аб’ёме (дасягалі 3-4 тыс. экз.) і полілінгвістычнымі (на 3-4 мовах, пераважна на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай). Да 1/3, а то і да 1/2часкі фонда складала рэлігійная літаратура. Цалкам жа можна адзначыць, што змест іх быў разнастайны, вылучаўся энцыклапедычнасцю, была літаратура юрыдычная, гістарычная, геаграфічная, прыродазнаўчая, філасофская і інш. Бібліятэкі навукоўцаў. У XV ст. узнікаюць першыя бібліятэкі навукоўцаў. У параўнанні з Заходняй Еўропай у ВКЛ былі больш спрыяльныя ўмовы – слабейшая інквізіцыя, князі і магнаты выступалі ў ролі мецэнатаў. Вядома бібліятэка астранома Бруздзеўскага (ідэйнага настаўніка Мікалая Каперніка) ў Вільні. У 1495 г. ён падарыў бібліятэцы Ягелонскага універсітэта 13 кніг, што складала толькі частку яго калекцыі. Меў бібліятэку дзяржаўны і культурны дзеяч ВКЛ і Кароны, публіцыст Эразм Вітэлій, які ў 1492–1501 гг. жыў у Вільні, дзе займаў пасаду сакратара вялікакняскай канцылярыі. (Быў, дарэчы, мецэнатам Міколы Гусоўскага). У калекцыі Вітэлія – венецыянскія кнігадрукі, творы італьянскіх класікаў, кірылічныя кнігі. Сярод навукоўцаў былі і духоўныя асобы, як віленскі біскуп – суфраган Юрый Альбін, аўтар прац па гісторыі антычнай літаратуры. Кнігі з яго бібліятэкі, магчыма, паліліся за іх ерытычны змест. У 1570 г. бібліятэка была перададзена Віленскаму езуіцкаму калегіуму. Некалькі кніг з кнігазбору і сёння захозваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага універсітэта. 90 тамоў налічвала бібліятэка прафесара Каралявецкага (Кёнігсбергскага) універсітэта, аднаго з знакаміцейшых дзеячаў Рэфармацыі ў ВКЛ доктара Абрагама Кульвы. У 1529 г. ён адкрыў у Вільні лютэранскую лацінскую школу для баяраў, у якой вучылася 60 чалавек. Кнігі Абрагам Кульва пачаў збіраць яшчэ падчас вучобы ў 1528/1538 гг. ва універсітэтах Кракава і Вітэнберга. Захаваўся інвентар кніг яго бібліятэкі (79 экз.), значную частку якой складалі кнігі навуковыя і вучэбныя, а таксама дапаможнікі па гісторыі, геаграфіі, дыялектыцы,музыцы, астраноміі; падручнікі па лацінскай і грэчаскай мовах, іўрыце; антычная літаратура. Менш было рэлігійных твораў. Бібліятэкі духавенства. Аб прыватных кнігазборах духавенства распавядаць цяжэй, асабліва праваслаўнага. Тым не менш яны былі і асновай дадзеных кнігазбораў служылі выданні, прызначаныя для адпраўлення царкоўных абрадаў і малітваў. Не выключана, што ў зборах былв гістарычная, філасофская, юрыдычная літаратура. Захаваліся лацінскія каталогі калекцый членаў Віленскай капітулы Івана Рашкоўскага, Міколы Карызны, Амбразея Бойнарта, Юзафа Сапегі, Авляр’яна Пратасевіча і інш. Акрамя тэалагічнай былі ў зборах творы Цыцэрона, Лукрэцыя, Арыстоцеля, Флавія – цалкам 241 назва. Бібліятэкі шляхты. Асновай прыватных збораў шляхты станавіліся прывезеныя з-за мяжы кнігі. Яскравым прыкладам можа служыць кнігазбор беларускага шляхціца, паэта-лацініста Саламона Рысінскага, які ў 80-х гг.XVI ст. вучыўся ў Герамніі. 1/3 частку яго збору складалі рэлігійныя творы пратэстанцкага кірунку. Шмат было твораў антычна’ых аўтараў, гуманістычная літаратура (11 выданняў Э.Ратэрдамскага), па гісторыі і філалогіі. Мяркуецца, што пісьменнік-лацініст Венцлаў Мікалаевіч, гуманісты Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, а таксама ўладальнікі шляхецкіх сядзібаў, як Солтаны ў Жыровіцах, мелі свае бібліятэкі. У прыватных бібліятэках шляхты найчасцей сустракаліся кнігі да набажэнства (“Святое пісьмо”), палемічныя выданні на польскай, лацінскай, беларускай мовах, пераклады. Кнігі перамяшчаліся і перадаваліся, выкарыстоўваліся не адным пакаленнем. Напрыклад, Статут ВКЛ (1588), на якім пазначаны прозвішчы яго ўладальнікаў з XVI – да XVIII стст., якім былі Наркевічы, Шалкоўскія, Маркевічы і інш. Бібліятэкі мяшчан. У XVI ст. кнігазборы мяшчан толькі пачынаюць складвацца, што было звязана з праяўленнем прафесійных і інтэлектуальных патрэб адукаваных прадстаўнікоў дадзенага пласта грамадства. Асноўнымі былі бібліятэкі гарадской вярхушкі. Гэта калекцыя віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча – 111 кніг (12 кірылічных, 5 польскамоўных, значная частка – лацінамоўныя). Сярод іх – “Апостал” Ф.Скарыны, астрожская “Біблія” І.Фёдарава. Антычныя і сярэднявечныя аўтары, пераважна філосафская, гістарычная літаратура, слоўнікі, падручнікі. Мяркуецца, што падобныя бібліятэкі мелі і іншыя мяшчане, якія прычыніліся да кнігавыдання ў Вільні – Багдан Онкаў (накладца 6 выданняў Ф.Скарыны), Якуб Бабіч, Юрый Адвернік. Такім чынам, у аснове фарміравання фондаў прыватных кнігазбораў вызначыліся тэндэнцыі: 1) у складзе фондаў пераважала тэалогічная, філасофская, рэлігійная, гуманітарная, прыродазнаўчая і мастацкая літаратура; 2) зборы з’яўляліся полілінгвістычнымі; 3) вызначаліся рэлігійнай талерантнасцю. Літаратура
Пытанні для самакантролю
ЛЕКЦЫЯ 7. Бібліятэкі Расіі (ХIV – XVІІІ cтст.) 7.1. Бібліятэкі Расіі (ХIV – XVІІ стст.) У ХIV – XV стст. адбываецца рост палітычнага, эканамічнага і культурнага значэння Вялікага Маскоўскага княства, вакол якога аб’ядноўваліся іншыя рускія княствы. Галоўным носьбітам кніжна-бібліятэчнай культуры застаецца царква. З ростам манастыроў павялічваюцца і іх кніжныя фонды, бо для распаўсюджання праваслаўнай рэлігіі пры манастырах адкрываліся школы, перапісваліся і перакладаліся кнігі, арганізоўвалася іх захоўванне ў спецыяльных памяшканнях, якія называліся “кніжніцамі”, “кніжнымі палатамі” і інш. Назначаліся кнігазахавальнікі. Манастырскія кніжныя зборы або бібліятэкі з’яўляюцца асноўным тыпам бібліятэк дадзенага часу. Найбольш значнымі зборамі валодалі бібліятэкі Салавецкага манастыра (1478 кніг у 1676 г.), Кірыла-Белазёрскага (каля 1920 у 1664 г.), Іосіфа-Валакаламскага (1150 у 1573 г.), Троіца-Сергіева пад Масквой (623 кнігі ў 1642 г.). Старажытнейшы кірыла-белазёрскі вопіс, які мае бібліяграфічны характар, адносіцца да канца 15 ст. У другой частцы вопіса распісаны больш за 950 артыкулаў з 24 зборнікаў. Кнігі расстаўляліся у бібліятэцы па прымеце зместу, аўтарства і мэтавага прызначэння. У вопісе 1664 г. 120 рубрык, кожная з якіх мела адпаведнае літарнае ці лічбавае абазначэнне і, часцей, загаловак. Напрыклад, “Глава а. Кнігі цудатворцы Кірыла і вучняў яго...” У кожнай рубрыцы кнігі падзяляліся на друкаваныя і рукапісныя. Ранні і Салавецкі вопіс, які адлюстроўвае 126 кніг на 1514 г. Вопіс 1676 г. гэтага ж манастыра і сведчыць, што кнігі у бібліятэцы расстаўляліся ў алфавітным парадку з наступным падзелам па фармату, а таксама на друкаваныя і рукапісныя Бібліяграфічны характар меў “Каталог павучальным чытанням у царкве на кожны дзень усяго года”, складзены ў 16 ст. у бібліятэцы Іосіфа-Валакаламскага манастыра і інш. Вялікую ролю адыграла царкоўная справаздачнасць, зацверджаная Стаглавым саборам 1551 г., а таксама податныя перапісы. У другой палове 16 ст. кніжныя вопісы ўносіліся ўжо, праўда, не ў абавязковым парадку, у пісцовыя кнігі горада ці павета. За часы праўлення Івана Жахлівага захаваліся ўказанні 40 такіх вопісаў, якія былі ўключаны ў зводны вопіс, складзены ў 17 ст. У ім выбарачна ўключаны 2 672 кнігі, якія знаходзіліся ў маскоўскіх, цвярскіх, яраслаўскіх, разанскіх, валагодскіх, растоўскіх і іншых манастырах. Па гэтых вопісах можна скласці пэўнае ўяўленне аб складзе фондаў манастырскіх бібліятэк – гэта пераважна творы дзеячаў царквы, павучанні святых айцоў, богаслужбовая літаратура: псалтыры, служэбнікі, малітоўнікі і г.д. Пэўнае месца ў фондах займала арыгінальная і перакладная жыційная літаратура, царкоўна-палемічныя творы, гістарычныя творы (асабліва старажытнарускія летапісы), а таксама творы філасофскага, прыродазнаўчага і прыкладнога характару. Захоўвалася таксама і іншая свецкая літаратура – судзебнікі, кнігі па паляводству, лячэбнікі, творы старажытнарускай мастацкай літаратуры. Асноўнымі крыніцамі папаўнення манастырскіх бібліятэк былі перапіска, перамяшчэнне з іншых манастыроў, дары прыватных асоб, асабліва ахвяраванні князёў, баяр і духавенства. Кнігі прывозіліся і з-за мяжы. Абслугоўвалі манастырскія бібліятэкі пераважна манахаў і святароў свайго манастыра, а таксама маглі выдавацца і ў карыстанне іншым манастырам. Можна сказаць, што існаваў своеасаблівы кнігаабмен для чытання ці перапісвання паміж рознымі манастырскімі бібліятэкамі (Троіца-Сергіеў манастыр – 100 тамоў раздадзены ў іншыя манастыры і вёскі і 19 адпраўлены ў Маскву). Кніжны склад манастырскіх бібліятэк кантраляваўся духавенствам. Складаліся спісы “ерэтычны” кніг, якія прымяняліся ўжо ў XI-XII стст. Вядомы прыклад Ізборнік Святаслава (1073 г.), у якім пералічваюцца “сапраўдныя” і “ложныя”. У “Кірылаўскай кнізе” (1644) прыводзіцца падрабязны пералік кніг “сапраўдных” і “ложных”, якія неабходна спальваць, а на тых, хто іх чытае – накладваўся царкоўны праклён. Што, зразумела, не спрыяла і адмоўна ўплывала на змест кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк, збядняючы іх. Іван Жахлівы на Стоглавым саборы 1551 г. публічна ўключыў “астраломію” ў склад ерэтычных. Гэта было справай сур’ёзнай, бо ерась, па норавах рускага і не толькі рускага сярэднявечча жорстка праследавалася. Яшчэ і пасля з’яўлення першых друкаваных на Русі ў сярэдзіне XVI ст. (1564 г.), калі яны таксама папаўняць фонды бібліятэк, манастырская бібліятэка застаецца асноўным тыпам бібліятэк. Тое, што захавалася, з’яўляецца каштоўнымі помнікамі старажытнарускага пісьменства і друку, якія захаваліся дзякуючы манастырскім бібліятэкам. Пэўную цікавасць уяўляе Патрыяршая бібліятэка – цэнтральная бібліятэка Рускай праваслаўнай царквы, створаная ў сярэдзіне XVI ст. Размяшчалася ў патрыяршай рызніцы, што была над царквой Дванаццаці апосталаў. У 1654 г. інак Арсеній Суханаў быў пасланы патрыярхам Ніканам у Грэцыю, адкуль прывёз 498 рукапісаў з афонскіх манастыроў. Па вопісе кніг Нікана ў 1658 г. у фондзе было 1300 рукапісаў, у тым ліку творы Гамера, Сафокла, Эўрыпіда і іншых антычных аўтараў. Разам з тым з’яўляюцца значныя зборы свецкай кнігі ў прыватных асоб. Найбольш вядомай з’яўляецца бібліятэка ваяводы, князя Андрэя Міхайлавіча Курбскага (1528-1583). Пасля ўцёку ў 1564 г. з Юр’ева, дзе засталася бібліятэка, А.Курбскі трапіў у лівонскі горад Вольмар, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст прымусіў яго расстацца з кнігамі. Новую бібліятэку ён сфарміраваў у Ковелі, у якой былі галоўным чынам творы “айцоў царквы” і царкоўных гісторыкаў. Захавалася перапіска Курбскага і князя Канстанціна Астрожскага аб набыцці ім кніг Іаана Златавуснага, Грыгорыя Багаслова, Кірылы Александрыйскага, Іаана Дамаскіна і інш. Былі кніжныя зборы і ў іншых феадалаў: князя Дзмітрыя Іванавіча Абаленскага-Нямога (шэраг рукапісаў у 1566 г. трапіў у збор Іосіфа-Валакаламскага манастыра); баярына Івана Іванавіча Хабарава. Вучоныя, пісьменнікі і асветнікі таксама мелі бібліятэкі – саветнік цара Аляксей Фёдаравіч Адашаў, дваранскі публіцыст Іван Сямёнавіч Перасветаў, дыпламат Фёдар Іванавіч Карпаў, пісьменнік і выхавацель царскіх дзяцей Сімяон Полацкі (з 1667 г. у Маскве). Менавіта С.Полацкі раіў адкрываць на Русі школы і бібліятэкі. Пры царскім двары ён заснаваў т.зв. “Верхнюю друкарню”, незалежную ад патрыяршай цэнзуры. Адной з першых кніг быў падручнік для дзяцей “Буквар мовы славенскай”. З драматургічных твораў С.Полацкага пачаўся ў Расіі прафесійны тэатр. За год да смерці працаваў над праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі. Яго бібліятэка змяшчала ў вялікай колькасці кнігі на латыні і польскай мовах: царкоўнаславянскую літаратуру, гістарычныя творы, творы рымскіх класікаў, прапаведнікаў, энцыклапедыі і інш. Многія кнігі з яго бібліятэкі дайшлі да нашага часу. На іх захаваліся паметы, зробленыя ўладальнікам пры чытанні. Памёр у 1675 г. на 51 годзе. Пасля бібліятэка перайшла да яго вучня Сільвестра Мядзведзева. Налічвала больш за 600 назваў: на латыні, грэчаскай, нямецкай, польскай, 18 грэка-славянскіх граматык, шмат лексіконаў. Ёсць звесткі аб бібліятэках у купецкім асяроддзі: багацейшага рода Строганавых. Аніка Фёдаравіч Строганаў паклаў пачатак сямейнай бібліятэцы ў Солі Вычагадскай. “Часоўнік” 1565 г. (Масква) выдання меўся ў 48 экз. Былі творы не толькі рэлігійнай тэматыкі, але і гістарычнай (летапісы, хранографы), забаўляльнай (“Троя”). Налічвалася 208 тамоў (84 назвы). Для прыватнай бібліятэкі значная лічба (у мясцовых царквах – 130). Бібліятэка маскоўскіх цароў была дынастычнай і ўрадавай адначасова. Фарміраванне яе фонду адносяць не пазней, чым да XVI ст. Існуе версія аб багацейшым складзе яе кніжнага фонду, уключаючы кнігі антычных аўтараў на грэчаскай і лацінскай мовах. У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што для разбору багацейшай бібліятэкі і складання яе каталога быў прызваны Максім Грэк. Загадкавы лёс гэтай бібліятэкі: некаторыя сцвярджаюць, што антычная бібліятэка вялікіх рускіх князёў, існаваўшая паўтысячы гадоў назад, да гэтага часу захоўваецца дзесьці ў крамлёўскі падзямеллі. Бібліятэку не адзін раз шукалі розныя рускія і замежныя спецыялісты, але беспаспяхова. Пытанне застаецца спрэчным і да гэтага часу. Наяўнасць у бібліятэцы кніг XV–XVI стст., пераважна рускіх, больш рэальна, але і яны ў большасці не захаваліся. Асабліва вылучаецца бібліятэка цара Івана 4 Жахлівага. Раманаўская ж дынастыя дала для царскай бібліятэкі склад фонду сапраўдны, хаця і вельмі звычайны. У цароў Міхаіла, Аляксея і іншых былі значныя асабістыя бібліятэкі. Аляксей, акрамя таго, сам займаўся “сачыніцельствам”, складаў “віршы”. З царскай бібліятэкі выдаваліся нават кнігі радавітай знаці, прыдворнаму акружэнню. Ёй была больш даступна грамадзянская, свецкая літаратура. Былі паднасныя экземпляры кніг еўрапейскага паходжання. Аднак бібліятэка нават царская не магла раўняцца з бібліятэкай Друкарскага двара, Партыяршай. Але яе прывелігіраванае становішча давала ёй карыстацца ў кіруючых колах асаблівай вядомасцю і нават за межамі Расіі. У XVI–XVII стст. у Расійскай дзяржаве складваецца сістэма урадавых устаноў – прыказаў, пры цары Аляксеі Міхайлавічы (1645–1676) колькасць такіх прыказаў дасягае паўсотні. Пры іх арганізуюцца спецыяльныя бібліятэкі. Першая з іх – Прыказа кнігадрукарскага двара (Тыпаграфская бібліятэка), узнікла ў пачатку XVII ст. У 1649 г. у ёй было 148 кніг, а ў 1679 – 637 на рускай і замежных мовах. Пад канец XVII ст. Тыпаграфская бібліятэка пераўтварылася ў буйнейшае кнігасховішча Расіі, у фондзе якога былі як рэлігійныя, так і свецкія кнігі. Яе карыстальнікамі былі не толькі спраўшчыкі друкарскага двара, але і выкладчыкі Славяна-грэка-лацінскай акадэміі і іншыя асобы. Адной са значных была і бібліятэка Пасольскага прыказа, у якой захоўваліся кнігі, прывезеныя з-за мяжы. Па вопісах 1673 г. налічвалася 112 кніг і 6 рукапісаў, у 1696 – 333 кнігі, у асноўным на замежных мовах. Тэматыка – палітыка, права, гісторыя, філасофія, прыродазнаўства, рэлігія. Былі слоўнікі, карты, планы гарадоў і перыядычныя выданні. Свае бібліятэкі мелі ў XVII ст. Пушкарскі і Аптэкарскі прыказы. Першы прыказ Пушкарскі загадваў вырабам артылерыйскага ўзбраення і будаўніцтвам фартыфікацыйных збудаванняў, у яго бібліятэцы збіраліся рускія і замежныя кнігі па тэхніцы, ваеннай спрвае, архітэктуры, астраноміі, матэматыцы, геаметрыі, геаграфіі і інш. У 1637 г. баярын Б.І.Марозаў, які ў той час кіраваў адукацыяй царэвіча Аляксея Міхайлавіча, распарадзіўся прыняць у царскія харомы з Пушкарскага прыказа 29 замежных кніг. Захаваліся звесткі аб выдачы кніг у 1667 г. майстрам, ліцейшчыкам і іншым асобам, а таксама для навучання царскіх дзяцей. У бібліятэцы Аптэкарскага прыказа захоўваліся медыцынскія кнігі – лячэбнікі, траўнікі, творы па анатоміі, фармакалогіі, біялогіі, батаніцы. Медыцынская літаратура набывалася нярэдка за мяжой. Лёс бібліятэкі невядомы. У 1812 г. быў узарваны Арсенал, дзе знаходзіўся і Пушкарскі прыказ. Такім чынам і старыя кнігі былі большай часткай страчаны. Бібліятэкі спецыяльнага назначэння існавалі ў XVII ст і пры іншых прыказах. Па характару асноўнай дзейнасці яны могуць быць прызнанымі першымі спецыяльнымі бібліятэкамі Расіі. Пушкарская – першая тэхнічная, Аптэкарскага – медыцынскай. |