Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя
Скачать 1.3 Mb.
|
ФРАНЦЫЯ. Галоўным цэнтрам французскага Адраджэння сталі Парыж, Ліён, некаторыя гарады Навары. У 1530 г. у Парыжы ствараецца новы свецкі універсітэт (насуперак Сарбоне) Каледж дэ Франс. У 1635 г. – французская Акадэмія навук; збіраюцца прыватныя бібліятэкі літаратуразнаўцамі, гісторыкамі. Асабліва вызначаюцца стваральнікі нацыянальнай бібліяграфіі Францыі Франсуа Дэлакруа і дзю Вердзье. Іх працы і да нашага часу маюць значную каштоўнасць і з’яўляюцца важнейшымі крыніцамі старой французскай літаратуры XVI ст. Так, да работы Дэлакруа па бібліяграфіі прыкладалася праца па арганізацыі каралеўскай бібліятэкі. У 1583 г. была паказана каралю Генрыху ІІІ. Кнігі прапаноўвалася размясціць па 100 шафах, па 100 кніг на 10 паліцах у кожным, што складала 10 тыс. тамоў (праект– аддалены продак дзесяцічных класіфікацый ХІХ–ХХ стст.). У кожнай шафе – пэўная тэматыка, якая павінна была быць адлюстравана у надпісе на шафе. Склаў пералік усіх загалоўкаў для 100 шафаў, якія забяспечыў лічбавым індэксам. 100 шафаў падзялялася на сем вялікіх тэматычных комплексаў або разрадаў: першы разрад, “які адносіўся да ўсіх свяшчэнных прадметаў і да ўсяго, што залежала ад іх” (шафы 1-17); другі – “тычыўся навук і мастацтва” (шафы 18–41); трэці разрад, які “змяшчаў апісанне Сусвету, як цалкам, так і ў прыватнасцях” (шафы 42–62); чацвёрты разрад – “прадметаў, якія адносіліся да чалавечага роду” (шафы 63–72); пяты – “людзей, якія праславіліся на вайне” (шафы 73–81); шосты – “тычыўся тварэнняў бога” (шафы 82–96); сёмы – “тычыўся сумесі з розных мемуараў (шафы 97–107). Кожны з разрадаў меў свае рубрыкі. У класіфікацыі знайшлі адлюстраванне новыя адкрыцці і вынаходніцтвы. Падрабязная дэталізацыя класіфікацыі, арыгіальнае дэцымальнае дзяленне матэрыяла, хоць і не да канца выражанае, робяць праект цікавейшым дакументам XVI ст. Першая публічная бібліятэка Францыі – бібліятэка кардынала Джуліо Мазарыні (1634 г.). Пэўны час у біблятэцы працаваў кнігазнаўца, публіцыст, прафесар медыцыны, прыдворны ўрач Людовіка ХІІІ Габрыэль Надэ (1600–1653). Быў знаёмы з буйнейшымі бібліятэкамі Еўропы. Пасля смерці Мазарыні бібліятэка стала ўласнасцю каралеўскай сям’і. Надэ ж пераехаў у Стакгольм, дзе стаў бібліятэкарам каралеўскай бібліятэкі Швецыі. Надэ – аўтар дапаможніка “Парады для наладжвання бібліятэкі” (1627). У выданні даваліся рэкамендацыі па паўнаце кніжных збораў, гаварылася аб разнастайнасці ў падборы літаратуры пры камплектаванні фондаў, уважлівых адносінах да “маленькіх” аўтараў і кніг. Надэ надае вялікае значэнне мэтазгоднай растаноўцы фондаў (па факультэтах): Багаслоўе, Медыцына, Юрыспрудэнцыя, Гісторыя, Філасофія, Матэматыка, Гуманітарныя навукі і іншыя, якія неабходна падраздзяляць кожную ў адпаведнасці з іх асаблівасцямі. Унутры павінны быць рубрыкі. Упачатку неабходна ставіць кнігі найбольш старажытных аўтараў і на больш агульныя тэмы. Падкрэслівае неабходнасць двух каталогаў: сістэматычнага і аўтарскага алфавітнага. У Францыі ідэі гуманізма і Рэфармацыі распаўсюджваліся ў жорсткай барацьбе з царквой. Нялёгкім было супрацьстаянне інквізіцыі. Спецыяльныя манаскія ордэны вялі барацьбу з ерассю (езуіты таксама). У спецыяльных навучальных установах рыхтавалі барацьбітоў за чысціню царквы: каралеўская калегія Каледж Руайяль, заснаваная езуітамі са згоды Генрыха IV. Фамільны каралеўскі замак Шатанеф. Бібліятэка дадзенай установы багата фінансавалася. Выдзяляліся асобна зборы ерытычнай літаратуры. АНГЛІЯ. Распаўсюджанне гуманізма ў Англіі наспупіла тады, калі ў большасці краін Еўропы адбываўся іх крызіс, у пачатку XVI ст. Цэнтармі становяцца Оксфардскі і Кембрыджскі універсітэты. Асабліва Оксфардскі універсітэт. У Англіі напачатку Адраджэння вядучае месца працягвалі займаць манастырскія бібліятэкі. Нават бібліятэкі названых універсітэтаў не мелі значных кніжных збораў. Толькі пры Генрыху 8, калі адбылася секулярызацыя манастыроў, адбыліся пэўныя змены і ў кніжных зборах. Праўда, яшчэ да аб’яўлення аб секулярызацыі ў 1533 г. захавальніку асабістай каралеўскай бібліятэкі Джону Леленду было даручана адабраць рукапісы з усіх бібліятэк абацтваў, сабораў, каледжаў для караля. Аднак у большасці выпадкаў апусцеўшыя манастырскія бібліятэкі былі разрабаваны яшчэ да прыезду Леленда. Яму ўдалося сабраць усяго некалькі соцен кніг. Напрацягу 1536–1539 гг. было секулярызавана 800 манастыроў. Аднак большая частка іх фондаў была спалена або парвана. Захаваліся фонды толькі Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў. У 1549 г. універсітэцкія бібліятэкі ўсё ж не мінула “чыстка”. І бібліятэка оксфардскага універсітэта перастала існаваць Каля 50 гадоў унівесітэт не меў сваёй бібліятэкі. Толькі ў канцы XVI ст. Томас Бадлей, англійскі дыпламат і вучоны, на свае сродкі ўзнавіў кнігасховішча, падарыў шмат кніг. У 1602 г. бібліятэка была ізноў адкрыта. У яе фондах захоўваліся рукапісы III–II стст. да н.ч. на грэчаскай і лацінскай мовах, калекцыя першых друкаваных выданняў Англіі, першыя п’есы В.Шэкспіра. Універсітэцкія бібліятэкі Англіі ў XV–XVI стст. мелі прадуманую сістэматызацыю літаратуры: кнігі расстаўляліся ў парадку, які быў блізкі да класіфікацыі ведаў Арыстоцеля. У царкоўных бібліятэках кнігі, як і ў Германіі, якія былі адобраны царквой, перапляталіся ў светлыя пераплёты і размяшчаліся направа ад уваходу, а ерытычныя наадварот – у цёмныя, размяшчаліся злева. У 1595 г. выйшаў “Каталога англійскіх друкаваных кніг” (Т.1–2) Эндру Маўнсэла, бібліёграфа, кнігапрадаўца. У прадмове – новыя тэндэнцыі правіл складання каталогаў: непасрэднае дасканалае знаёмства з кнігай, шматаспектнае адлюстраванне кнігі, пры групіроўцы – вынясенне на першы план найбольш неабходных чытачам, а імі, як ён лічыў, былі кнігі па прыродазнаўстве і толькі потым гуманітарныя. Пры жыцці Маўнсела выйшлі 1 і 2 тамы яго працы: у першым – выдзелена багаслоўская літаратура і кнігі па пытаннях рэлігіі; у другім – арыфметыка, геаметрыя, астраномія, астралогія, музыка, ваенна мастацтва, а таксама – фізічныя навукі і хірургія. Трэці том павінен быў змяшчаць “кнігі на нашай уласнай мове па грматыцы, логіцы, рыторыцы, праву, гісторыі, паэзіі, палітыцы і інш., якія ў большай ступені заключалі матэрыял для асалоды і задавальнення...”. Нягледзячы на некаторае пашырэнне тэматыкі літаратуры і рост ўдзельнай вагі свецкай кнігі, у манастырскіх і саборных бібліятэках XV–XVI стст. па-ранейшаму вядучае месца займае багаслоўская кніга. У каталогах яна (як і папярэдні час) – на першым месцы. У XVI ст. з’яўляецца праца швейцарца Конрада Геснера (1516–1565), прафесара грэчаскай мовы і філасофіі ў Лазане і Цюрыху, аднасасова, урача, заолага, батаніка, юрыста, гісторыка і бібліёграфа, за якім замацавалася слава “бацькі заходнееўрапейскай бібліяграфіі” – “Усеагульная бібліятэка” (1545). Выданне ўяўляе з сябе бібліяграфічнае апісанне вядомых у часы Геснера кніг, напісаных на грэчаскай, лацінскай і яўрэйскай мовах. Першы том – у алфавіце аўтараў, другі – змяшчае тую самую літаратуру, размешчаную ў сістэматычным парадку па 21 раздзелу. Для другога тома Геснерам была складзена класіфікацыя, каштоўнасць якой заключаецца ў тым, што ён паспрабаваў злучыць у ёй патрабаванні тагачаснай навукі з патрэбнасцямі бібліяграфічнай практыкі. Традыцыйна ён вылучыў тры асноўныя комплексы: сем свабодных навук (кнігі І–ХІІІ), механічныя мастацтвы (кніга ХІІІ), філасофія (кнігі XIV–ХХІ). Навукі размясціў у паслядоўнасці іх вывучэння ў еўрапейскіх школе і універсітэце. Кожны аддзел пачынаўся з падраздзялення “агульнае”, прызначанага для кніг комплекснай тэматыкі, якія ахопліваюць навуку цалкам. Геснер прадугледзеў у сваёй класіфікацыі падраздзяленні для новых тэорый і адкрыццяў таго часу. Шырока выкарыстоўваў сістэму спасылак і адсылак. Галоўныя вартасці працы – гэта новае для таго часу навуковае вырашэнне асноўных пытанняў класіфікацыі, адлюстраванне навуковых праблем сучаснасці, дакладная сістэматызацыя матэрыялу, небывалая да таго дробнасць бібліятэчнай класіфікацыі, прыстасаванасць яе да практычных патрэб чытачоў і інш. Геснер арыентаваў сваю класіфікацыю на патрэбнасці вучоных. Значны ўклад у развіццё бібліятэчнай класіфікацыі зрабіў англічанін Фрэнсіс Бэкан (1561–1636), які ў 1623 г. надрукаваў сваю працу “Аб вартасцях і удасканаленні навук”. Асноўныя ідэі Фрэнсіса Бэкана тычыліся агульнай структуры класіфікацыі навук. У аснову сваёй класіфікацыі ведаў ён паклаў разнастайныя духоўныя здольнасці чалавека, якія з’яўляюцца крыніцай пазнання. Ён лічыў, што існуюць тры асноўныя здольнасці: Памяць, Уяўленне і Рассудак. Адпаведна гэтаму ўсе веды падзяляюцца на тры групы: Гісторыя, Паэзія і Філасофія або Навука. Галоўнай Бэкан лічыў Навуку. Бэкан дапускаў дваістасць ісціны – адна, пазнаваемы вопыт і назіранне; другая – боскае, спасцігаемае адкравеннем або натхненнем. Адной з асаблівасцяў класіфікацыі Бэкана з’яўлялася ўвядзенне ў агульны класіфікацыйны рад некаторых навук, у яго час не існаваўшых, але якія ў будучым павінны быць створаны. Бэкан стаў першым, хто так падрабязна распрацаваў класіфікацыю ведаў, кіруючыся тым, што ў аснове ўсялякага пазнання ляжыць практычны вопыт. Што тычыцца прафесіі бібліятэкара, бібліятэкара як прафесіянала, то ў эпоху Адраджэння гэта пытанне паўстае прынцыпова ў іншым ракурсе. Так, урбінскі герцаг Федэрыга да Монтэфельтра (1422–1482), які сабраў бібліятэку ў 1120 тамоў, распрацаваў інструкцыю, у якой сфармуляваў патрабаванні да бібліятэкара. У адпаведнасці з інструкцыяй у абавязкі бібліятэкара ўваходзілі нагляд за парадкам, вядзенне каталога, ахова фонда ад пашкоджанняў, забеспячэнне доступу да фондаў і прастаўленне ў спецыяльным журнале адзнак аб выданых манускрыптах. Монтэльфельтра падае таксама і якасці, якімі павінен валодаць бібліятэкар: вучонасцю, прыемным характарам, прадстаўнічаў знешнасцю, прыгожым словам. Найбольш жа ў сапраўднасці цанілася адукаванасць. Своеасаблівым сімвалам бібліятэкара італьянскага Адраджэння стаў захавальнік Лаўрэнцыяны Антоніо Мальябекі (1633-1715). Ён не надаваў ніякага значэння адзенню, і яго знешні выгляд быў далёкі ад “прыемнага”, бо ён насіў адзенне да тых пор, пакуль яно на ім не згнівала. Эканоміў час на мыцці, адзяванні, ядзе, але напамяць ведаў каталогі ўсіх еўрапейскіх бібліятэк – нават да таго, што мог указаць месцазнаходжанне той ці іншай кнігі на паліцы. Значную ўвагу ў эпоху Адраджэння надаюць як будове, так і абсталяванню бібліятэк. Ідэальная мадэль бібліятэкі Барока была распрацавана французскім вучоным-езуітам Клодам Клеманам (1596–1642). Клеман абгрунтаваў падыходы да камплектавання бібліятэк, сістэматызацыі літаратуры, абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання ў бібліятэцы помнікаў матэрыяльнай культуры, раскрыў асноўныя элементы візуальнага афармлення бібліятэкі і яе назначэння. Бібліятэка павінна садзейнічаць навуковым заняткам, адукацыйным мэтам. Вучоных-бібліятэкараў Клеман параўноўваў з капітанамі караблёў. Вынікі:
Літаратура
Пытанні для самакантролю
ЛЕКЦЫЯ 6. Бібліятэкі Беларусі (ХIV – XVІІІ cтст.) 6.1. Манастырскія і царкоўныя бібліятэкі Утварэнне ў ХІІІ – XIV стст. на беларускіх землях новай дзяржавы – ВКЛ, якое ішло ва ўмовах пастаяннай жорсткай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця, дало магчымасць народам гэтага рэгіёну адстаяць сваю незалежнасць і стварыла ўмовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця. Уключэнне беларускіх зямель у склад новастворанай дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася шляхам пагадненняў вялікіх князёў літоўскіх з феадаламі беларускіх, а потым і ўкраінскіх зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання. Развіццё культуры на тэрыторыі Беларусі пасля ўключэння яе ў склад ВКЛ цесна звязана з фармаваннем беларускай народнасці (XIV – першая палова XVII ст.). Насельніцтва беларускіх зямель захоўвала і развівала тыя традыцыі культуры, якія склаліся яшчэ ў старажытнарускі перыяд. Беларуская культура мела цесныя сувязі як са старажытнарускай культурай, усходнеславянскай, так і з агульнаславянскай і еўрапейскай. Параўнальна высокі ўзровень развіцця беларускіх зямель спрыяў вызначэнню важнай ролі і беларускай культуры ў ВКЛ: 1 – з XIII ст. сталі складвацца характэрныя рысы беларускай мовы, адрозніваўшыя яе ад старажытнарускай, рускай, украінскай; 2 – з 2-й паловы XIV ст. беларуская мова становіцца дзяржаўнай мовай ВКЛ. Яна выкарыстоўвалася як мова справаводства і судовай справы, на ёй пісаліся статуты, пастановы сейма, ствараліся летапісы і хронікі, мастацкія і царкоўныя творы; 3– у XIV – XVI стст. кніжнае пісьменства Беларусі характарызавалася высокім для таго часу узроўнем развіцця, што не магло не адбіцца на развіцці бібліятэк. Манастырскія бібліятэкі. Як мы з вамі ўжо гаварылі, аднымі з першых бібліятэк Беларусі з’яўляліся манастырскія. Яны ўзнікалі пры праваслаўных манастырах, якія будаваліся беларускімі феадаламі для ўмацавання сваіх пазіцый у ВКЛ; а таксама пры каталіцкіх кляштарах (з 1385 г. пасля заключэння Крэўскай уніі па аб’яднанню ВКЛ і Польскага каралеўства для барацьбы з Тэўтонскім ордэнам, каталіцызм быў адной з умоваў уніі, стаў актыўна распаўсюджвацца на тэрыторыі ВКЛ). Буйнейшымі бібліятэкамі ў гэты перыяд былі бібліятэкі Полацкага дамініканскага Рымска-каталіцкага кляштара, Слуцкага Троіцкага, Супрасльскага, Віцебскага Маркаўскага і Жыровіцкага манастыроў. Самы ранні з вядомых вопісаў не толькі Беларусі, але і Расіі, гэта “Вопіс Слуцкага Троіцкага манастыра архімандрыта Іосіфа, нарачонага епіскапа Смаленскага, пры здачы яго маёмасці” адносіцца да 1494 г. У вопісе адзначаны 45 рукапісаў манастырскай бібліятэкі. Вядомы таксама вопіс Супрасльскага манастыра, складзены ігуменам Сергіем Кімбарам 1557 г., па якім у бібліятэцы налічвалася 209 кніг, у тым ліку на грэчаскай і лацінскай мовах. “Рэеестр спісання рускіх кніг у скарбніцу манастыра Супрасльскага” 1645 г. можна лічыць спецыяльным бібліяграфічным спісам. Вопісы маёмасці Віцебскага Маркаўскага і некаторых іншых манастыроў адносяцца да больш позняга часу. У іх пераважалі спіскі друкаваных кніг з больш поўным апісаннем (указаннем фармату, месца і года выдання, мовы) і больш сціплай характарыстыкай афармлення (“у скураным пераплёце”, “у пергаменным пераплёце”, “у папяровым пераплёце”). Значная частка кніг, якая належала названым манастырам, захоўваецца сёння ў фондах бібліятэкі АН Літвы і ў Вільнюскай публічнай бібліятэцы. Так, у “Апісанні рукапісаў Віленскай публічнай бібліятэкі” гісторыка Ф.Дарбранскага пазначаны першапачатковыя месцы іх захоўвання. Кніжныя фонды манастырскіх бібліятэк у Беларусі ў многім былі ідэнтычнымі з фондамі адпаведных бібліятэк у Расіі, але і мелі свае асаблівасці, якія былі абумоўлены нацыянальна-гістарычнымі ўмовамі развіцця беларускіх зямляў. Аснову фондаў складалі рэлігійныя кнігі, якія выкарыстоўваліся пад час царкоўнага багаслужэння. Іх было па некалькі экземпляраў ці нават значная колькасць. Адзінкавымі экземллярамі былі прадстаўлены “творы святых айцоў”, жыццяапісанні вышэйшага духавенства. Значнае месца займала і гістарычная літаратура – заснаваныя на мясцовым матэрыяле летапісы, хронікі, памінальнікі (сінодыкі). У “Слуцкім памянніку” (1517) даецца пералік памерлых асоб царскага і княжацкага родаў і духавенства, у “Памянніку, або Сінодыку Супрасльскай Лаўры” (1631) – пералік амаль усіх вядомейшых на той час літоўскіх і беларускіх княжацкіх родаў, “Памяннік, або Сінодык Жыровіцкі” (1763) утрымлівае радавод духавенства. Асабліва важнае месца ў фондах займала палемічная літаратура. У XIV – XVI стст. беларуская культура развівалася ва ўмовах жорсткай барацьбы каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Разам з тым з другой паловы XVI ст. у Беларусі шырыўся рэлігійна-палітычны рух, распаўсюджваліся ідэі гуманізма, звязаныя з еўрапейскім Адраджэннем, Рэфармацыяй. У 1596 г. была прынята Брэсцкая унія, аб’яднаўшая праваслаўную і каталіцкую цэрквы. Многія феадалы падтрымалі унію. Пад канец XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі амаль 80% насельніцтва было уніятамі. Шэраг праваслаўных храмаў былі пераўтвораны ў уніяцкія: з 1636 па 1755 гг. 164 праваслаўныя цэрквы і 5 манастыроў сталі уніяцкімі. Хаця заставаліся яшчэ 130 праваслаўных. Нярэдка кнігі з праваслаўных бібліятэк ізымаліся, рабіліся падчысткі, прыпіскі, палемічныя заўвагі. У буйных гарадах Беларусі: Полацку, Віцебску, Гродне, Брэсце, Менску, Новагродку і інш., асабліва ў пачатку XVII ст., распаўсюдзілася будаўніцтва касцёлаў, каталіцкіх кляштараў і школаў бернардынцаў, бенедыкціянцаў, дамініканцаў, кармелітаў, базыльян. Умацаваліся пазіцыі езуітаў. З апошняй чвэрці XVI ст. каталіцкая царква выступае ў ролі цэнзара. У 1575 г. на аснове булы папы Грыгорыя 13 езуіты атрымалі права цэнзуры кніг і прагляду бібліятэк. Першае публічнае спальванне кніг было ажыццёўлена езуітамі ў Вільні ў 1581 г., калі былі спалены кнігі з бібліятэк 13 полацкіх манастыроў, аддадзеных у 1580 г. Стэфанам Баторыем езуітам. У 1603, 1617 гг. каталіцкае духавенства склала каталогі забароненых кніг, у адпаведнасці з якімі праводзіліся чысткі і знішчэнне кніг з манастырскіх бібліятэк. Асабліва узмацнілася дзейнасць езуітаў і уніятаў, калі ў 1696 г. канфедэрацыя саслоўнай Рэчы Паспалітай забараніла беларускую мову, а дзяржаўнай мовай стала польская. У другой палове XVIII ст. на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай засталася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, якая аб’ядноўвала прыкладна 6,5% беларускага насельніцтва. На развіццё адукацыі і бібліятэчнай справы сур’ёзны ўплыў аказвалі і працяглыя войны: руска-польская 1654–1667 гг., Паўночная вайна 1700–1721 гг. Манастыры і саборы разбураліся, кнігі станавіліся ваеннай здабычай. Гэтым тлумачыцца наяўнасць значных калекцый кніг польскага, літоўскага, беларускага паходжання, напрыклад, у бібліятэцы Лундскага універсітэта ў Швецыі. Асноўнай крыніцай папаўнення бібліятэк была перапіска рукапісных кніг. Менш кніг ахвяравалася духоўнымі асобамі, феадаламі, мяшчанамі. Кнігамі карысталіся ў асноўным манахі і вышэйшае духавенства манастыра. Росту кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк у значнай ступені садзейнічала развіццё кнігадрукавання і заснаванне друкарняў. Гэта спрыяла папаўненню фондаў бібліятэк свецкай літаратурай, дазволенай царквой. У XVIII ст. выключнае значэнне мела пранікненне ў Беларусь ідэй Асветніцтва, калі скарачаецца выпуск рэлігійнай літаратуры з 88 да 45%. Пасля таго, як было падаўлена паўстанне 1863 г., у Беларусі былі зачынены многія каталіцкія кляштары і ліквідаваны польскія бібліятэкі. 26 з зачыненых манастыроў Гродзенскай і Мінскай губерняў мелі багатыя бібліятэкі. Але самай багатай была бібліятэка ў Полацкім дамініканскім рымска-каталіцкім кляштары: 10 302 кнігі сярод якіх 1949 на польскай, 2563 на французскай, 306 на рускай, 1265 на нямецкай. Буйнейшай манастырскай бібліятэкай была і бібліятэка Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, які быў заснаваны ў 1498 г. маршалкам ВКЛ Аляксандрам Іванавічам Хадкевічам сумесна з епіскапам смаленскім (пазней кіеўскім мітрапалітам) Іосіфам Солтанам у Блудаўскай пушчы (цяпер Беластоцкае ваяводства ў Польшчы). У 1-й пал. XVI ст. манастыр стаў буйнейшым праваслаўным культурным цэнтрам. Штогод манастыр меў каля 30 000 рублёў прыбытку, частка якога трацілася і на кнігі. Ужо на самым пачатку існавання манастыра было набыта больш за 100 рукапісных кніг. Да 1532 г. у бібліятэцы налічвалася 129 кніг, 5 з іх друкаваныя. У 1645 – каля 600: пераважалі друкаваныя на лацінскай (212) і польскай (152 т.) мовах, больш за 200 кірылічных, асноўная частка – рукапісы: т.зв. Супрасльскі рукапіс (11 ст.), летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст., Супрасльскі Ірмалагіён 1598-1601 гг. і інш. Сярод друкаваных былі і выданні Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. Набываліся кнігі шляхам пакупкі ў Гданьску, Варшаве, Тыкоціне. Значныя ахвяраванні манастыру рабілі Хадкевічы. Так, у 1575 г. былі падараваны манастыру выдадзеныя ў Заблудаве Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам “Евангелле вучыцельнае” (1570), “Псалтыр з Часаслоўцам” (1570), а таксама “Апостал” (1574), надрукаваны І.Фёдаравым у Львове. Манастыр стаў сховішчам фамільных папер Хадкевічаў. Пры архімандрыце Герасіме Веліконціі (1609–1635) манастыр фармальна прыняў унію, але яшчэ цэлае стагоддзе захоўваў знешнія прыкметы праваслаўя. У манастыры перапісваліся шматлікія помнікі візантыйскай, старажытнарускай, балгарскай і сербскай літаратуры, выданні Ф.Скарыны, помнікі музычнай культуры. Пазней выдаваліся ў Супрасльскай друкарні, заснаванай у пачатку 1690-х гг. Дзейнічала да 1803 г.(царкоўнаславянскія і уніяцкія кнігі). Кнігі выдаваліся для чытання нават свецкім асобам (1654 г. – Януш Радзівіл). Акрамя асноўнай, у манастыры былі і келейныя бібліятэкі. У 1764 г. у бібліятэцы налічвалася 1456 кніг: больш за 800 на лацінскай мове, больш за 300 на польскай, былі на французскай, італьянскай, нямецкай і інш. У 1836 г. – каля 2000 т. У XIX ст. бібліятэка прыцягнула ўвагу буйнейшых славістаў свету. Пачаўся адток кніжных помнікаў. У 1876 г. бібліятэка (каля 1300 экз.) перададзе ў Віленскую публічную бібліятэку. Сённня большая частка рукапісаў і друкаў бібліятэкі знаходзіцца ў Вільнюсе, С.-Пецярбургу, Маскве, Варшаве і інш. З 1980-х гг. пачаўся працэс аднаўлення Супрасльскага манастыра і рэканструкцыі бібліятэкі. Другая значная манастырская бібліятэка ў Беларусі – бібліятэка заснаванага ў XV ст. Жыровіцкага манастыра. Бібліятэка была заснавана праваслаўнымі магнатамі Солтанамі і пазней ахвяравана Жыровіцкаму манастыру. Бібліяфілам быў заснавльнік роду, маршалак вялікага князя Казіміра – Солтан Аляксандравіч. У 1613 г. манастыр стаў уласнасцю уніятаў, а Данііл Солтан адрокся ад правоў на маёмасць Жыровіцкага манастыра, які перайшоў да базыльян. Манастыр быў разбураны падчас паўстання Хмяльніцкага ў 1655 г., пацярпела і бібліятэка. З 1660 г. да канца XVIII ст. – перыяд узнаўлення і папаўнення бібліятэкі. З другой паловы 1660-х гг. пры бібліятэцы дзейнічаў скрыпторый. Перапісваліся не толькі богаслужбовыя кнігі, але і хранікальная літаратура, палемічныя творы, рабіліся пераклады на старабеларускую мову. Выдзяляліся сродкі на пакупку кніг. На першым этапе існавання уніі асноўнай мовай была царкоўнаславянская. Адсюль прысутнасць у бібліятэцы вялікай колькасці старажытных славянскіх кніг. На беларускай мове напісана большая частка кніг Жыровіцкага скрыпторыя. З другой паловы XVII ст. у сувязі з прыняццем польскай мовы ў якасці асноўнай дзяржаўнай, царкоўнаславянская літаратура ў манастырскіх бібліятэках паступова выцясняецца лацінапольскай. У сярэдзіне XVIII ст. жыровіцкі кнігазбор становіцца адным з буйнейшых манастырскіх бібліятэк у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ён налічваў некалькі тысяч тамоў, у ліку якіх вялікая колькасць старажытных рукапісных кніг. Бібліятэка складалася з галоўнага збору, які дзяліўся на 17 тэматычных аддзелаў, і кнігасховішча пры саборы, дзе знаходзіліся асабліва каштоўныя кнігі: “Жыровіцкае Евангелле” (вядомае як Евангелле Сапегі, меўся ўласнаручны запіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі), “Энцыклапедя” – зборнік, які ўтрымліваў акрамя выпісак з рускіх летапісаў, шматлікія артыкулы прыродазнаўчага, навуковага зместу, рэлігійна-палемічныя і літаратурныя творы. Быў перапісаны часткова беларускім скорапісам адной рукой, багатай старабеларускай мовай. Кніга захоўваецца ў рукапісным аддзеле РАН. У Жыровіцах быў вялікі фонд дублетаў. Адзінай крыніцай, якая дазваляе ўдакладніць структуру бібліятэкі, з’яўляецца вопіс, складзены ў 1810 г. Па ім у бібліятэцы налічвалася 2686 найменняў у 3867 тамах друкаваных кніг, 192 кнігі “рукапісныя з хораў”, 345 “рукапісаў рознага выгляду” , 93 “розныя эстампы”. У першай палове 18 ст. па распараджэнні караля Аўгуста І у Жыровіцах была адкрыта школа, а пры школе некаторы час дзейнічала друкарня, праўда, ні аднаго выдання не захавалася. У 1836 г. Літоўская уніяцкая кансісторыя разбірала нават справу аб тайным крадзяжы манастырскіх кніг у Жыровіцах. Пры паступленні на пасаду бібліятэкар з гэтага часу павінен быў даваць спецыяльную прысягу. Такую ж прысягу патрабавалі і з бібліятэкара ў Вільні. У бібліятэцы працаваў беларускі славіст, філолаг, даследчык старажытнаславянскага пісьменства прафесар Віленскага універсітэта пратаірэй М.К.Баброўскі. У 1824–1826 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў Жыровіцах. Тут ён упершыню адкрыў унікальны экземпляр інкунабулы Часаслоўца – першай у свеце кнігі, надрукавнай кірылічным шрыфтам у 1491 г. у кракаўскай друкарні Швайпальта Фіоля. Адзін экземпляр належаў асабіста М.Баброўскаму. Сёння жыровіцкі экземпляр захоўваецца ў Вільнюсе. (адзін з 28 экз., якія дайшлі да нашага часу). Аўтарам першага навуковага апісання кніг жыровіцкай бібліятэкі стаў Ф.М.Дабранскі (1882 г. – “Апісанне рукапісаў Віленскай публічнай бібліятэкі, царкоўнаславянскіх і рускіх”). З 1839 г., калі адбылося аб’яднанне уніятаў і праваслаўных, пачаўся працэс замены і знішчэння уніяцкіх багаслужэбных кніг (мітрапаліт Іосіф Сямашка, па яго сведчанні было знішчана больш за 2 тыс.). Частку рэдкіх і старых кніг мітрапаліт перадаў у бібліятэку С.-Пецярбургскай акадэміі навук. З гэтага часу пачалося распыленне жыровіцкага збору. У 1895 г. большасць фонду бібліятэкі была перамешчана ў Вільню, у Троіцкі манастыр, яшчэ адну частку кніг і рукапісаў перадалі ў Віленскую публічную бібліятэку (рукапісы XV – XVII стст). Трэцяя частка кніг Жыровіцкага манастыра трапіла ў бібліятэку духоўнага вучылішча ў Жыровіцах. Пасля ўзнаўлення дзейнасці семінарыі ў 1989 г. пачала працу і бібліятэка. Сёння ў бібліятэцы каля 30 тыс. адзінак кніжнага фонда. Захоўваюцца кнігі на англійскай, французскай, італьянскай, нямецкай, фінскай, польскай, чэшскай, арабскай, сірыйскай і іншых мовах, а таксама на іўрыце; старадрукі 16-18 стст. Вялікую цікавасць уяўляла бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора, якая існавала з сярэдзіны 11 ст. папўнялася ў ХІІ ст. Ефрасінняй Полацкай. Зберагаліся рукапісныя кнігі пераважна рэлігійнага зместу, арыгінальныя помнікі, у т.л. творы мясцовых паходжання: летапісы, “Жыціе Ефрасінні Полацкай”. Мяркуецца, што фонд бібліятэкі значна папаўняўся ў XV – XVI стст. у час эканамічнага, палітычнага і культурнага росту Полацка і ўзмацненнем ролі саборнага кліраса. Па сваім складзе бібліятэка можа быць параўнана з віленскай вялікакняжацкай бібліятэкай, бібліятэкай Супрасльскага і Слуцкага манастыроў. Бібліятэка была разрабавана падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гг. (29 жніўня 1579 г. Полацк быў вызвалены Стэфанам Баторем ад войска Івана Жахлівага). Да гэтага часу адносіцца першае ўпамінанне, сведчанне аб бібліятэцы (рускай бібліятэцы) замежных аўтараў. Пра бібліятэку Сафійскага сабора водгук пакінуў польскі гістарыёграф Рэйнальд Гейдэнштэйн (або Ян Замойскі) у “Запісках аб Маскоўскай вайне”: “У вачах адукаваных людзей амаль не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя дабыча, мела знойдзеная там бібліятэка. Акрамя летапісаў, у ёй было шмат твораў грэчаскіх айцоў царквы і між імі творы Дыанісія Арэапага аб нябеснай і царкоўнай іерархіі, усе на слвянскай мове. Большая частка іх, па сведчанні летапісаў, была перакладзена на гэтую мову з грэчаскай Мефодзіем і Канстанцінам”. Гэта паведамленне апублікавана ў 1584-85 гг. Аб’ём бібліятэкі не ўказваўся (Праз 75 год у новым Сафійскім фондзе налічвалася ўсяго 40 кніг). Далейшы лёс бібліятэкі сумны і запутаны. Сафійскі сабор неаднаразова гарэў у XVII – XVIII стст., а прыхільнікі варагучых хрысціянскіх вераванняў на тэрыторыі Беларусі і Літвы неаднаразова спальвалі кнігі адзін аднаго. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў рускай літаратуры прапаноўвалася версія, што бібліятэка загінула менавіта ад пажару пры ўзяцці Полацка. Былі таксама звесткі, што бібліятэка была перададзена Стэфанам Баторыем езуітам. Была і версія французскага гісторыка XVII ст. Л.Жакоба, што за кошт бібліятэкі, якая захоўвалася ў каменнай Сафійскай царкве, была папоўнена каралеўская бібліятэка ў Кракаве ў 1644 г. Расійскім даследчыкам Я.Шчапавым ў артыкуле “Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора і Бібліятэка Акадэміі Замойскай” у зб. “Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения” (М., 1976) пералічаны некаторыя з кніг бібліятэкі. Аўтар таксама робіць вывад, што вывезеныя з Полацка кнігі былі падзелены на часткі. Адна з іх трапіла ў Кракаў, у каралеўскую бібліятэку, дзе знаходзілася ў XVII ст., а затым след полацкіх кніг знік разам са слядамі гэтай бібліятэкі. Другая частка кніг перайшла да Яна Замойскага. У фондзе бібліятэкі ардынацыі Замойскіх у Варшаве ўдалося выявіць 11 кніг, з рознай ступенню верагоднасці прыналежнасці іх полацкаму сабору. Полацкія кнігі Замойскі перадаў, заснаванай ім у 1594 г. у горадзе Замосце Акадэміі. Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве захоўваюцца 10 рукапісаў на славянскай мове, у т.л. “Зборнік” 1500-1501 гг.; у бібліятэцы Львоўскага універсітэта імя І.Франко – спіс Пскоўскага 1-га летапісу 1548 г., “Евангелле вучыцельнае” сярэдзіны 16 ст. Да пачатку кнігадрукавання ў Слуцку ужо існавала адзначаная ў дакументах XV ст. бібліятэка Слуцкага Троіцкага манастыра. Па адзначаным вопісе манастыра 1494 г. указана 19 нановаперапісаных рэлігійных кніг, а таксама 26 даўно перапісаных. У 1678 г. у Благавешчанскай царкве Троіцкага манастыра было “кніг... многа і яны ў вялікім парадку апісаны асоба”. У Троіцкім манастыры знаходзілася рукапіснае “Евангелле” XVI ст. і старадрукаванае львоўскае “Евангелле”. У 1700 г. адзначаны 3 евангеллі, апраўленя ў аксамітныя пераплёты з сярэбранымі пазалочанымі накутнікамі, а таксама кнігі “ў куфры бібліятэчным, акрамя царкоўных 116, апісаных у асобым рэестры”. Пры манастыры існавалі кнігапісныя майстэрні. Вядомы таксама кнігі, перапісаныя “накладам князя Юр’я Сямёнавіча Слуцкага” – “Евангелле”, “спраўленае” ў 1539 г. “Капыльскім Васіліем у манастыры Міколы на Морачы”, “Мінея”, якая ў тым самым годзе “спісана ў градзе ў Слоуцкоу”. Пры двары князя служыў выдатны майстра кнігі дзьяк Устын Яцковіч Чэчаранін. Князі Алелькавічы самі займаліся перапісваннем кніг. |