Патриотическое воспитание. +ВЫПУСКНАЯ РАБОТА МОИРО ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ВЫХАВАНЕЕ. Дзяржаная станова адукацыі Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі
Скачать 240.4 Kb.
|
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі» Факультэт павышэння кваліфікацыі Кафедра педагогікі і прадметных методык ВЫХАВАННЕ ПАТРЫЯТЫЗМУ СРОДКАМІ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ” Выпускная работа Выканаўца: настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА «Першамайская сярэдняя школа Слуцкага раёна» Шакун Тамара Іванаўна Кіраўнік: старшы выкладчык кафедры педагогікі і прадметных методык Колтан Аксана Валер’еўна Мінск 2023 ЗМЕСТДзяржаўная ўстанова адукацыі 1 Выканаўца: 1 настаўнік гісторыі і грамадазнаўства 1 ДУА «Першамайская сярэдняя школа Слуцкага раёна» 1 Шакун Тамара Іванаўна 1 Кіраўнік: 1 старшы выкладчык кафедры педагогікі і прадметных методык 1 УВОДЗІНЫ 3 1.СУТНАСЦЬ І ПАНЯЦЦЕ ПАТРЫЯТЫЗМУ 5 2.ВЫХАВАННЕ ПАТРЫЯТЫЗМУ НА ЎРОКАХ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ 6 ЗАКЛЮЧЭННЕ 14 СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ 15 ДАДАТАК 1 16 УВОДЗІНЫСярод задач, якія стаяць перад сучасным беларускім грамадствам і школай, адно з прыярытэтных месц займае выхаванне патрыёта. Гэта выклікана тым, што ўвесь свет зараз перажывае “духоўную набрыдзь”, прабывае ў пошуках новых духоўных арыенціраў свайго гістарычнага развіцця, яе можна прадставіць як нейкі маральны крызіс грамадства: назіраецца дэфармацыя агульназначных маральных каштоўнасцей (дабра, справядлівасці). У Рэспубліцы Беларусь сістэма патрыятычнага выхавання перажыла некаторы крызіс, але лепшыя яе формы захаваліся і аднаўляюцца. На сучасным этапе патрыятычнай адукацыі і патрыятычнаму выхаванню надаецца асаблівая ўвага. Ва ўмовах не заўсёды дружалюбнага нам свету і жорсткай канкурэнцыі патрыятызм становіцца адной з унутраных маральных апор чалавека, арыенціраў яго светапогляду. У той жа час пачуццё патрыятызму немагчыма навязаць указамі або распараджэннямі, тым больш яму нельга навучыць. Разам з тым з’явіліся новыя падыходы ў патрыятычным выхаванні. Новае пакаленне жыве ва ўмовах глабалізацыі гістарычных працэсаў, інтэрнацыяналізацыі вытворчасці і культуры. Унікальнасць беларускага патрыятызму заключаецца ў тым, што любоў да Айчыны яднаецца з нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасцю, адсутнасцю праяўлення нацыяналізму, шавінізму, экстрэмізму. Мы – беларусы. Важна памятаць пра гэта, адчуваць сваю годнасць і імкнуцца зрабіць жыццё вартым спрадвечных народных мар. Мы, як і нашы продкі, належым да мужнага, вядомага ва ўсім свеце сваёй непахіснасцю народа. Беларускі народ адкрыты для мірнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Патрыятызм фарміруецца карпатлівай, удумлівай і зладжанай працай грамадства і дзяржавы, павагай да гісторыі, разуменнем ролі Беларусі ў сучасным свеце. Патрыятызм заўсёды яднаў нашых продкаў. Любоўю да Бацькаўшчыны, Айчыны, бацькоўскай зямлі напоўнены сэрцы і сучаснікаў. Мы ўжо нават прывыклі, што пад лозунгам патрыятызму рэалізуюцца новыя палітычныя мэты, а яшчэ часцей – канкрэтныя бізнес – інтарэсы. Прывіццё стваральнай любові да сваёй зямлі з’яўляецца галоўным сэнсам выхавання і адукацыі, ідэалагічнай і інфармацыйнай палітыкі дзяржавы. Глыбіннасць патрыятызму закладваецца на генетычным узроўні, перш за ўсё у сям’і, праз сямейныя традыцыі і святы, перадачу мудрасці ад старэйшых да малодшых. Умацаванне дэмакратычнай прававой дзяржавы і развіццё грамадзянскага грамадства ў многім залежыць ад выхавання маладога, здольнага да сацыялізацыі ў новых умовах пакалення ў духу патрыятызму. Роля і значэнне фарміравання патрыятызму маладога пакалення ў сённяшні час узрасла як ніколі раней, бо без усведамлення сябе беларусам немагчыма захаваць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, абараняць нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы, дабівацца працвітання грамадства. СУТНАСЦЬ І ПАНЯЦЦЕ ПАТРЫЯТЫЗМУ Сёння ў свеце ў паняцці “патрыятызм” і “патрыятычнае выхаванне” ўкладваецца розны змест. Мы часта звяртаемся да патрыятызму, не заўсёды разумеючы яго сутнасць. Між тым патрыятызм – гэта не палітычнае паняцце. Тлумачальныя слоўнікі вызначаюць патрыятызм як адданасць і любоў да сваёй Айчыны, краіны, народа [4]. Патрыятызм – гэта любоў да Радзімы. Патрыятызм мае перадумовай перш за ўсё клопат пра шчасце Радзімы. Людзі, абыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны, гатовыя ў любы момант змяніць яе на іншыя краі, ніяк не могуць лічыцца патрыётамі. Клопат пра шчасце Радзімы і адказнасць за яе прадугледжваюць працу, стараннасць і дбанне не толькі дзеля ўласнага дабрабыту, але і дзеля росквіту сваёй краіны. Патрыятызм патрабуе таксама ведання Радзімы і павагі да яе. Веданне Радзімы – гэта веданне яе гісторыі і культуры, мовы, адметных асаблівасцей жыцця. Павага да Радзімы – гэта разуменне яе такой, якая яна ёсць, імкненне дапамагчы ёй стаць лепшай. Кажуць: “Радзіму не выбіраюць”. Так, мы жывём у пэўных умовах, характэрных для краіны, у якой нарадзіліся, і ад усіх нас, грамадзян Рэспублікі Беларусь, залежыць наша агульная будучыня. Наш лёс і лёс нашай Радзімы – у нашых руках. ВЫХАВАННЕ ПАТРЫЯТЫЗМУ НА ЎРОКАХ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ Каб выхаваць дзяцей патрыётамі сваёй краіны, неабходна стройная сістэма, якая зараз і ствараецца, зыходзячы з умоў і патрэб сённяшняга грамадства. Неад’емнай часткай гэтай сістэмы з’яўляюцца ўрокі гісторыі Беларусі ў школе. Мы, настаўнікі, не павінны ператвараць вывучэнне гісторыі ў спосаб атрымання толькі ведаў. Ахова і захаванне гістарычнай памяці чырвонай ніткай павінна праходзіць праз змест вучэбнага прадмета “Гісторыя Беларусі”. Вучэбны працэс на ўроках прызваны выпрацаваць у навучэнскай моладзі “імунітэт” супраць чужых ідэалаў і каштоўнасцей. Сёння сэнс гістарычнай адукацыі заключаецца ў тым, каб выхаваць не толькі добра інфармаваных людзей, але і маральных, адказных, сумленных грамадзян, патрыётаў сваёй краіны. Разам з тым асновай беларускага патрыятызму з’яўляецца веданне культуры, традыцый і звычаяў, якія складваліся вякамі. Закліканне да патрыятызму – справа неэфектыўная і безвыніковая. Патрыятызм трэба клапатліва выхоўваць прыкладам сваёй яскравай любові да роднай зямлі, гонарам за дасягненні свайго народа, беражлівым стаўленнем да гістарычнай спадчыны, павагаю традыцый, каштоўнасцей многіх пакаленняў беларусаў, канкрэтнымі справамі на карысць краіны. Патрыятызм – гэта складанае паняцце, якое нельга трактаваць павярхоўна. Набор закладзеных у яго сэнсаў вельмі шырокі і шматвобразны. Патрыятызм можа і павінен быць звязаны з актыўнай працай на карысць краіны, з прыняццем сваёй нацыянальнальнй ідэнтычнасці, з актыўным удзелам у розных сферах грамадскага жыцця. Кірунак фарміравання патрыятызму на сённяшні час з’яўляецца запатрабаваным і арыентаваны на ўсведамленне вучнямі гістарычнага вопыту беларускага народа, фарміруе ў іх гістарычнае мысленне, выпрацоўвае навыкі сацыяльнага прагназавання, выхоўвае адказнасць за сваю дзейнасць [2]. Самай спрыяльнай глебай для выхавання пачуцця любові да Радзімы з’яўляюцца ўрокі гісторыі Беларусі. Фарміраваць патрыятызм, цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, маральныя асновы асобы – адно з галоўных патрабаванняў рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”. Больш за тое 2022 год быў аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Гістарычная памяць народа – духоўны стрыжань гісторыка-культурнай пераемнасці пакаленняў, якая выклікае суперажыванне і гонар за свой народ, краіну. Гістарычная памяць - сімвалічная кропка, у якой злучаюцца мінулае, цяперашняе і будучае. Яна адыгрывае важную ролю ў кансалідацыі грамадства. Аб гэтым вельмі дакладна гаворыцца ў інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2022 года. Так, у 2022/2023 навучальным годзе неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на рэалізацыю ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу дадзеных вучэбных прадметаў. Рашэнне гэтых патрабаванняў звязана з дасягненнямі навучэнцамі асобасных адукацыйных рэзультатаў. Вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі” прадугледжана дасягненне навучэнцамі наступных асобасных адукацыйных рэзультатаў: фарміраванне сістэмы каштоўнасных арыентацый, светапогляду, асобаснай і грамадзянскай пазіцыі на аснове ідэнтыфікацыі сябе як жыхара Беларусі і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, развіццё гатоўнасці да адказных паводзін у сучасным грамадстве, назапашванне вопыту жыццядзейнасці на аснове сістэмы агульначалавечых каштоўнасцей і каштоўнасцей прынятых у беларускім грамадстве. Вывучаемы на ўроках вучэбны матэрыял павінен прадстаўляць узоры маральнасці, патрыятызму, духоўнасці, грамадзянскасці, гуманізму і садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў высокай патрыятычнай свядомасці, пачуцця адданасці сваёй Айчыне, паважліваму стаўленню да мінулага, сучаснага і будучага роднага краю, сваёй краіны. Вучэбны і адначасова выхаваўчы працэс на ўроках гісторыі ўяўляе сабой працэс трансляцыі навучэнцам назапашанага папярэднімі пакаленнямі сацыяльнага. Кожнае новае пакаленне абапіраецца на вопыт папярэдніх пакаленняў, працягваючы і ўдасканальваючы яго вопыт. А гэта значыць, што выхаваўчы працэс грунтуецца на захаванні гістарычнай пераемнасці пакаленняў, гісторыка - культурнай спадчыны народа. З гэтага вынікае, што павага да спадчыны продкаў, веданне гісторыі і традыцый свайго народа выступаюць неабходнай умовай засваення моладдзю фундаментальных чалавечых каштоўнасцей – дабрыні, справядлівасці, паважлівага стаўлення да старэйшых, фарміравання лепшых духоўна-маральных якасцеў асобы, што дазваляе захаваць гістарычную памяць, гісторыка-культурную спадчыну для будучых пакаленняў. Выхоўваючы патрыятызм, я імкнуся сфарміраваць такі духоўны стан асобы навучэнца, калі ён аддана любіць сваю Бацькаўшчыну [3]. Асаблівае значэнне для фарміравання патрыятызму маюць тэмы, звязаныя з вывучэннем Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг., якія паказваюць прыклады гераізму і стойкасці беларускага народа ў гады вялікіх выпрабаванняў. У XI класе пры вывучэнні дадзенай тэмы абмяркоўваю з навучэнцамі праблему калабарацыянізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасці прагерманскіх арганізацый на акупаванай тэрыторыі Беларусі, генацыду беларускага народа. Пры вывучэнні пытанняў, звязаных з генацыдам беларускага народа, арганізую работу навучэнцаў з тэкстам Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2022 г. №146-3 “Аб генацыдзе беларускага народа”. Актыўна карыстаюся інфармацыйна-аналітычнымі матэрыяламі, размешчанымі на нацыянальным адукацыйным партале. Яшчэ большыя ўмовы складваюцца для фарміравання патрыятызму на факультатыўным занятку ў IX класе “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. Гэта даступна выкладзены матэрыял пра складаныя і супярэчлівыя падзеі вайны, напоўненыя шматколькаснымі прыкладамі гераічнай барацьбы беларускага народа ў тыле ворага і на франтах вайны. Запамінальным для навучэнцаў IX класа было віртуальнае падарожжа па Дзяржаўнаым музеі Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы наведалі залу № 4 “Пачатак Вялікай вайны”, у якой убачылі ўнікальныя экспанаты, якія сімвалізуюць трагедыю першых абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі. Увазе навучэнцаў былі прадстаўлены дакументальныя матэрыялы аб мэтах нацысцкай Германіі супраць Савецкага Саюза, аб жудасным плане “Барбароса”. Хвалю душэўных перажыванняў у тых жа вучняў IX класа выклікаў прагляд дакументальнай хронікі “Халакост”. Закончыўся ўрок у форме вуснага часопісу “Брэсцкая крэпасць. 1941 год”, а дзевяцікласнікі яшчэ абмяркоўвалі гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Не можа падлетак застацца абыякавым пасля дэмастрацыі цыкла рэпрадукцый карцін М.Савіцкага “Лічбы на сэрцы”. “Лічбы на сэрцы” - гэта прысуд. Калі прысуд, то каму і чаму? Калі XIX ст., увайшло у гісторыю як век пары электрычнасці, то XX ст. нягледзечы на поспехі ў навуцы і культуры, застанецца ў памяці чалавецтва як век сусветных войнаў, канцэнтрацыйных лагераў. Лагер - гэта не толькі фабрыка смерці, але свая філасофія. Тут не толькі ўчыняліся злачынствы супраць чалавека і чалавецтва. Гэта яшчэ і тэхналогія, якая забіла і перапрацавала такую колькасць людзей, якой бы хапіла, каб засяліць некалькі еўрапейскіх краін. Што толькі не давялося перажыць людзям! Напрыклад, так званы “Летні тэатр” – так афіцыйна называліся ямы, у якіх спальвалі целы забітых (бо крэматорыі не спраўляліся з той колькасцю ахвяр, што паступала на фабрыку смерці). Вязні “зондэркамандаў” абслугоўвалі гэтыя вогнішчы, капалі сцёкі для чалавечага тлушчу, якім потым у мэтах эканоміі паліва палівалі палаючыя целы. Так фашысты імкнуліся перарабіць свет у адпаведнасці з патрабаваннямі зла. І тое адзінае, што здольна супрацьстаяць сіле гэтага зла – сіла чалавечай асобы, сіла чалавека. Лагер – гэта і чалавечае існаванне, поўнае думкі і пакут. І гэтае існаванне працягвалася, дасягнуўшы найвышэйшага напружання: абсалютнае ўсеўладдзе адных – і поўнае знішчэнне іншых людзей. Абсалютнае і маральнае падзенне тых, хто забіваў, - і пакутніцтва тых, каго забівалі. Гэта пакутніцтва стала ўпоравень з подзвігамі і пакутамі першых хрысціян. У сувязі з усім гэтым узнікае думка: “А ці мае права чалавек лічыць сябе вобразам і падабенствам Божым – пасля Асвенцыма і Салаўкоў? Або пакуты загінуўшых сталі найвышэйшым сцвярджэннем годнасці і сілы чалавечага духу?” Гэтыя пытанні - сутнасць і сэнс карцін серыі “Лічбы на сэрцы”. А як бы вы адказалі на пастаўленае пытанне? (адказы навучэнцаў здзіўлялі) [1]. Вучэбнай праграмай па гісторыі Беларусі прадугледжана правядзенне ўрокаў “Наш край”, якія валодаюць большым выхаваўчым патэнцыялам і накіраваны на вывучэнне краязнаўчага матэрыялу на аснове гісторыка - дакументальнай хронікі “Памяць”. Звяртаючыся да кнігі “Памяць”, прысвечанай Слуцкаму раёну, знаёмлю з ёй навучэнцаў, расказваю, як ёю карыстацца. Краязнаўчая дзейнасць дазваляе дакрануцца да духоўнай спадчыны сваіх продкаў, стаць супрычаснымі да іх жыцця. Вывучэнне гісторыі сваёй вёскі альбо свайго роду спрыяе з’яўленню ў навучэнцаў разумення прыналежнасці да свайго народу, з’яўленню пачуцця прыхільнасці да сваіх блізкіх, сваякоў, аднавяскоўцаў, пачуцця яднання з імі і, як вынік, любові да свайго краю – месца, дзе нарадзіўся і гадаваўся. А паколькі любоў – гэта заўсёды гатоўнасць у выпадку неабходнасці ахвяраваць сабой і асабістым благам на карысць іншага, гэта азначае, што сэнсам, прыярытэтам і мэтай сапраўднага патрыёта будзе выступаць не ўласнае “Я”, гэта значыць не ўласнае блага, а блага іншага. На такіх уроках я вучу ганарыцца справамі, дасягненнямі і поспехамі продкаў-землякоў, якія пакінулі пра сябе добрую памяць, вучу браць з іх прыклад, што дазваляе дзецям знайсці арыенціры ў жыцці і спрыяе фарміраванню ў іх самай лепшай маральнай якасці, філасофскай катэгорыі – патрыятызму. Такія ўрок садзейнічаюць з’яўленню жадання прымножыць славу продкаў, жаданню служыць агульнаму дабру, вышэйшым маральным ідэалам, спрыяюць станаўленню асобы школьніка ў цэлым, у прыватнасці, асобы-патрыёта, які ўсведамляе сваю адказнасць перад Айчынай і імкнецца служыць інтарэсам свайго народа. Інакш кажучы, краязнаўчая дзейнасць падчас урокаў гісторыі Беларусі па тэмах “Наш край” спрыяе фарміраванню патрыятызму падрастаючага пакалення. Мая практыка паказвае, што выкарыстанне рэгіянальнага матэрыялу на ўроках гісторыі не выклікае перагрузкі навучэнцаў, а наадварот, значна палягчае засваенне тэмы, робіць веды больш трывалымі і глыбокімі. На вучэбных занятках краязнаўчы матэрыял выкарыстоўваецца з мэтай канкрэтызацыі матэрыялу, прыдання яму большай эмацыйнасці. Я імкнуся да таго, каб у выніку ўключэння краязнаўчага матэрыялу ў вучэбны працэс у вучняў сфарміравалася пэўная сістэма ведаў аб родным краі, асаблівасцях яго развіцця, месцы і значэнні ў гістарычным развіцці краіны, што садзейнічае станаўленню патрыёта. На сваіх уроках я даю разгорнутыя характарыстыкі гістарычных асоб, напрыклад, князя Глеба, Давыда Гарадзенскага , Андрэя Полацкага і іншых. Пры характарыстыцы раскрываю наступныя пытанні: 1. Умовы, якія паўплывалі на фарміраванне характару, ідэалаў асобы, яе мэт. 2. Рысы асобы і іх адпаведнасць тым гістарычным задачам, якія яны выконвалі. 3. Жыццёвыя прынцыпы і матывы дзейнасці, іх праяўленне ва ўчынках. 4. Спосабы дзейнасці і сродкі, якія выкарыстоўваў гістарычны дзеяч для дасягнення пастаўленых задач. Стараюся дапамагчы навучэнцам у выпрацоўцы ў іх пачуцця гонару за тых людзей, якім быў не абыякавы лёс Радзімы. На ўроку гісторыі Беларусі па тэме “Ф. Скарына” разглядаюцца наступныя пытанні: 1. Жыццёвы шлях Францыска Скарыны 2. Погляды і друкарская дзейнасць. 3. Велічнасць постаці Францыска Скарыны. Стараюся акцэнтаваць увагу навучэнцаў на тым, што ў гісторыі ўсходнеславянскіх культур (беларускай, рускай, украінскай) Францыск Скарына – з’ява ўнікальная. Выхаванец еўрапейскіх універсітэтаў, бліскучы знаўца ўсёй сумы тагачасных ведаў, які дасягнуў вышэйшых вучоных ступеняў, ён застаўся верны свайму народу, верны славянству, “людям посполитым к доброму научению” імкнуўся перш за ўсё паслужыць вялікі беларус. Пра гістарычную асобу мы мяркуем па тых справах, якія яна здзейсніла, па той спадчыне, якую яна пакінула сваім нашчадкам. У гэтым сэнсе Францыск Скарына – найярчэйшы прыклад не толькі сярод славянскіх народаў, але і ўсёй Еўропы, усяго свету. Думаецца, важна не столькі тое, што Скарына першы на сваёй зямлі нашай Радзімы выкарыстаў друкарскі станок, колькі тое, з якою мэтай ён гэта зрабіў. Мэта, з якою ён узяўся за пераклад і выданне найбольш аўтарытэтных помнікаў сярэдневяковай кніжнасці для свайго народа, задачы, якія ён пры гэтым перад сабой паставіў, - вось тое галоўнае, што вылучае Скарыну сярод культурных дзеячаў іншых народаў. Скарына – вялікі патрыёт, верны і адданы сын свайго народа. Нягледзечы на тое, што асоба Скарыны фарміравалася ва ўмовах заходнееўрапейскай культуры, ён не “латынізаваўся”, як гэта нярэдка здаралася з яго суайчыннікамі, не парваў сувязей з Радзімай, не страціў сваю нацыянальную своеасаблівасць, а ўсе свае сілы і веды, усю сваю энергію аддаў служэнню “людзям паспалітым”, свайму народу. Таму не дзіўна, што патрыятызм ён узняў на ўзровень вышэйшых грамадзянска-этычных дабрачыннасцей. Светапогляд Скарыны, накіраванасць яго дзейнасці – гэта годны прыклад для фарміравання патрыятычных пачуццяў нашай моладзі. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб фарміраваць у навучэнцаў адпаведныя ўстаноўкі і пачуцці, арганізуючы на ўроку вопыт патрыятычных паводзін. Бо наша гісторыя дае багацейшы матэрыял для выхавання пачуцця любові да Радзімы. Я дабіваюся гэтага на прыкладзе не толькі вывучэння жыцця Францыска Скарыны, але і герояў з народа Айчыннай вайны 1812 года, герояў Першай сусветнай вайны, герояў Вялікай Айчыннай вайны і нашых сучаснікаў. У сваёй рабоце выкарыстоўваю расказ пра падзеі, паведамленні навучэнцаў пра лёсы іх удзельнікаў. Эмацыйны настрой дапамагаюць стварыць ілюстрацыі, вершы, дакументальная хроніка, прэзентацыі, схемы, плакаты, фотаздымкі, газеты папярэдніх мінулых гадоў і г.д. ЗАКЛЮЧЭННЕПамяць пра мінулае і стварэнне сучаснасці – формула будучыні. Адказваючы на запыт грамадзян у прыналежнасці, прызнанні і самарэалізацыі, мы тым самым рэалізуем галоўную ідэю патрыятызму, якая заключаецца ў дзейнай любові да Радзімы, пачынаючы з уласнай сям’і, дому і заканчваючы фарміраваннем пазітыўнага вобліку Беларусі ў свеце. На сваіх уроках я імкнуся зацікавіць так навучэнцаў, каб яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі вучэбнага і выхаваўчага працэсу і выпрацоўвалі свой асабісты погляд на гістарычныя падзеі і з’явы. Мая работа як настаўніка гісторыі накіравана на тое, каб нашы дзеці любілі сваю Беларусь, ганарыліся яе гісторыяй, ведалі і паважалі законы нашай краіны і выраслі добрымі і працавітымі людзьмі. І калі чалавек не стаў кіраўніком або вядомай асобай, але стварыў сям’ю, працуе на карысць Радзімы, значыць мае ўрокі прайшлі не марна. Ці трэба, каб абавязкова гучала слова “патрыятызм”? Галоўнае, каб патрыятычнымі былі справы, думкі, памкненні. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб фарміраваць у навучэнцаў адпаведныя ўстаноўкі і пачуцці, арганізуючы на ўроку вопыт патрыятычных паводзін. Менавіта далейшае ўвішна-эфектыўнае, якаснае, патрыятычнае выхаванне будзе ў многім садзейнічаць росквіту Беларусі як магутнай і цывілізаванай дзяржавы. Чалавек, пазбаўлены пачуцця патрыятызму, становіцца чужынцам у сваёй Айчыне. Наш настаўніцка - грамадзянскі абавязак – не дапусціць нацыянальнай катастрофы, зрабіць усё магчымае, каб перадаць наступным пакаленням беларускую нацыю з велізарным патрыятычным патэнцыялам. Фарміраванне патрыятычных пазіцый кожнага навучэнца – працяглы працэс, рэзультаты якога праявяцца не адразу. СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ1.Бедулина, Г.Ф. Формы и методы патриотического воспитания молодёжи / Г. Ф. Бедулина // Выхаванне і дадатковая адукація. – 2019. – № 4. – С. 14–18. 2.Быков, А. К. Формирование патриотического сознания молодёжи / А. К. Быков // Педагогика. – 2017. – № 9. – С.10–20. 3.Буткевич, В. В. Патриотическое воспитание учащихся: история и современность / В. В. Буткевич. – Минск :НИО, 2014. – 207 с. 4. Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” [Электронны рэсурс] : інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэсп. Беларусь, 9 жніўня 2022 г // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Рэжым доступа: edu.gov.by. – Дата доступа: 28.02.2023. 5.Пахвалёная, А. К. Сучасныя падыходы да патрыятычнага выхавання моладзі на базе школьнага музея / А. К.Пахвалёная // Пазашкольнае выхаванне. – 2019. – № 7. – С. 14–16. 6.Стайнова, І. В. Роля краязнаўчай работы ў выхаванні патрыятызму ў школьнікаў/ І.В.Стайнова// Адукацыя и выхаванне. – 2020. – № 2. – С. 20–22. 7.Чечет, В. В. Растить патриотов своей Беларуси / В. В. Чечет // Праблемы выхавання. – 2014. – №4. – С. 19–22. ДАДАТАК 1 Важнае месца ў сістэме выхавання належыць гуманітарным прадметам і асабліва гістарычнай навуцы і гістарычнай адукацыі. Лічу, што толькі праз захаванне гістарычнай памяці народа, праз правільную і праўдзівую перадачу гістарычных ведаў можна выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, вучыць моладзь любіць Айчыну, працаваць на карысць дзяржавы. У сваёй практычнай рабоце кіруюся закладзенымі ў змесце школьнага курса гісторыі выхаваўчымі магчымасцямі прадмета. Прадумваю сістэму выкладання з улікам узаемасувязі і ўзаемадапаўнення навучання і выхавання, вучэбнай і пазакласнай работы. Змест школьнага курса гісторыі Беларусі дае настаўніку магчымасць выхоўваць грамадзяніна незалежнай Беларусі. На ўроках вучні знаёмяцца з найважнейшымі падзеямі і фактамі ў гісторыі Бацькаўшчыны, у іх выпрацоўваюцца ўменні самастойна арыентавацца ў падзеях і ацэньваць іх. Патрыятычны светапогляд і нацыянальная самасвядомасць звычайна грунтуюцца на гістарычнай памяці, на ўспамінах пра найбольш яркія падзеі мінулага сваёй Айчыны. Каб выхаваць грамадзяніна, патрыёта, настаўніку трэба перш за ўсё ўспрымаць вучня як асобу, прымаць яго такім, які ён ёсць, з яго асаблівасцямі, інтарэсамі і здольнасцямі. Закладзеныя ў змесце школьнага курса гісторыі Беларусі выхаваўчыя магчымасці трэба яшчэ рэалізаваць. Для гэтага неабходна прадуманая сістэма выкладання, заснаваная на ўзаемасувязі і ўзаемадапаўненні навучання і выхавання, вучэбнай і пазаўрочнай работы. Рыхтуючыся да заняткаў, імкнуся правільна вызначаць выхаваўчыя задачы кожнай тэмы і кожнага ўрока. Паставіўшы канкрэтныя выхаваўчыя задачы, вызначаю ўмовы іх ажыццяўлення. Першая ўмова — адбор яркіх пераканаўчых фактаў, другая — выбар метадычных спосабаў і сродкаў іх даходлівага эмацыянальнага раскрыцця на ўроку з улікам здольнасцей, псіхікі і ўзросту вучняў. Сістэматычны курс выкладання гісторыі Беларусі пачынаецца ў 6 класе. Паступова вучні назапашваюць, асэнсоўваюць такія паняцці, як радзіма, патрыёт, грамадзянін, грамадзянства, подзвіг, вайна, звычаі і традыцыі продкаў, грамадзянскі абавязак і іншыя. Вучні павінны ўспрымаць галоўныя каштоўнасці: * айчыну як краіну, дзе яны нарадзіліся, іх народ, з якім яны звязаны агульнай гісторыяй, мовай, традыцыямі; * малую радзіму — вёску, пасёлак, раён, у якім яны жывуць, гісторыю роднага краю, асаблівасці побыту, традыцыі яго жыхароў; * адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на павазе, адсутнасці насілля, агрэсіі, войн. Выкладаючы гісторыю Беларусі шмат гадоў, прыйшла да высновы, што ўжо самыя першыя ўрокі фарміруюць у вучняў 6-х класаў цікавасць да гістарычнага шляху Айчыны. У сувязі з гэтым імкнуся пераканаць вучняў у надзвычайнай важнасці для ўсіх ведаць гісторыю менавіта сваёй зямлі. Для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці можа быць выкарыстаны матэрыял тэмы “Культура нашых продкаў”. Вучні даведваюцца аб святах земляробаў і раскрываюць для сябе ўзаемасувязі паміж пакланеннем сілам прыроды і абрадамі. Актуалізуюцца веды аб народных святах, атрыманыя ў пачатковай школе. Навучэнцы самастойна па тэксце падручніка рыхтуюць паведамленні аб адпаведных абрадах. Яны імкнуцца звязаць паміж сабой паняцці “народныя традыцыі” і “абрады”, пранікаюцца адчуваннем значнасці і неабходнасці захавання гістарычных традыцый. Вывучэнне беларускага сярэдневякоўя — важная прыступка ў працэсе фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, бо многія тагачасныя падзеі і факты абуджаюць у вучняў пачуццё гордасці за свой народ і сваю Радзіму. Сур’ёзнае ўздзеянне на вучняў аказвае вобразнае, эмацыянальнае слова настаўніка пра барацьбу нашых продкаў супраць татарскіх і крыжацкіх захопнікаў, пра бітву пад Грунвальдам, пра славутага Давыда Гарадзенскага. Пры вывучэнні тэмы “Грунвальдская бітва і яе гістарычнае значэнне” даю ўсім вучням апераджальнае заданне: прачытаць тэкст падручніка, асобным вучням падрыхтаваць звесткі пра вялікіх князёў Вітаўта, Ягайлу. На ўроках гісторыі заўсёды адзначаю, што сапраўднымі сынамі свайго народа, людзьмі, чыё жыццё не пражыта марна, былі і ўсе нашы дзеячы культуры, аўтары старажытных летапісаў, перапісчыкі кніг, мастакі. Пры вывучэнні тэмы “Утварэнне беларускай народнасці” школьнікі не проста набываюць веды аб сваім народзе, яго паходжанні — яны знаёмяцца з адметнымі рысамі і характарам беларусаў. Вучні робяць гісторыка-этнаграфічныя даследаванні аб побыце насельніцтва нашай мясцовасці, збіраюць і запісваюць абрады і звычаі, вывучаюць асаблівасці нацыянальнага касцюма, мясцовых дыялектаў. Вывучыўшы гэтую тэму, абавязкова наведваем Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе замацоўваем атрыманыя веды. Васьмікласнікі на ўроках гісторыі Беларусі знаёмяцца з умовамі і асаблівасцямі ўтварэння беларускай нацыі, вывучаюць эканамічнае і культурнае жыццё, грамадска-палітычную думку, рэвалюцыйныя рухі і выступленні. Каб пашырыць веды вучняў, выкарыстоўваю мясцовы матэрыял пра дзейнасць Ігната Дамейкі, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Чачота, мецэнацкай дзейнасці Радзівілаў. Шмат матэрыялаў можна выкарыстаць для патрыятычнага выхавання на ўроках у 10 класе. Гэта выхаванне на лепшых традыцыях герояў, якія змагаліся супраць германскай акупацыі і польскай інтэрвенцыі. Подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны — яскравы прыклад служэння сваёй Радзіме. Праграма па гісторыі дае магчымасць правесці тэматычны ўрок “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Звычайна такі ўрок праводзіцца ў школьным музеі баявой славы 10-й Кубанскай казацкай кавалерыйскай дывізіі, якая вызваляла горад Нясвіж і Гарадзею ад немцаў. У старшых класах на ўроках гісторыі Беларусі адбываецца сістэматызацыя ведаў вучняў, фарміруюцца іх асабістыя погляды на гістарычныя падзеі і з’явы. Тут выкарыстоўваюцца такія формы работы, як урокі-лекцыі, дыскусіі, круглыя сталы, канферэнцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі праводзіліся навукова-тэарэтычныя канферэнцыі, падрыхтаваныя вучнямі старшых класаў. Падрыхтоўка і правядзенне канферэнцый выклікалі вялікую актыўнасць школьнікаў, далі ім магчымасць пранікнуцца павагай да абаронцаў Радзімы, паспрыялі станаўленню грамадзянскасці і выхаванню патрыятызму ў вучняў. Школьныя канферэнцыі пацвердзілі, што ў вучняў павышаецца цікавасць да навуковай дзейнасці. Старшакласнікі імкнуцца праявіць сябе, сваю індывідуальнасць і творчасць. Праводзячы ўрокі ў старшых класах, імкнуся вучыць бачыць сваю краіну на фоне дасягненняў іншых народаў і краін. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне, эканамічным, палітычным і культурным сувязям краіны. Хачу данесці да вучняў, што толькі яны змогуць зрабіць сваю Радзіму лепшай, што толькі яны павінны забяспечыць яе дастойны заўтрашні дзень. Старшакласнікі вучацца выказваць свой пункт гледжання на падзеі, з’явы і факты нашай гісторыі і рэчаіснасці, вучацца яго абгрунтоўваць, доказна абараняць, паважаючы пры гэтым іншыя думкі. Урокі гісторыі Беларусі — складаны псіхалагічны працэс, у якім прымаюць удзел вучні і настаўнік, і яны маюць розную структуру. Мэта ўрока ўключае ў сябе наступныя перспектывы: найбліжэйшую — фарміраваць адносіны да навучання як абуджэння свядомасці, сярэднюю — вучыць працаваць, імкнуцца, каб праца стала цікавым і неабходным заняткам, далёкую — выхаваць свядомых грамадзян дзяржавы. На ўроках гісторыі Беларусі выхоўваюцца не толькі патрыятычныя пачуцці, але і адбываецца маральнае станаўленне і развіццё гарманічнай, усебакова развітой, адукаванай асобы. Ажыццяўляецца гэта праз вывучэнне зместу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, знаёмства з сучасным станам і перспектывамі развіцця гаспадаркі, навукі, культуры нашай краіны, праз знаёмства з пытаннямі дзяржаўнага і палітычнага жыцця. З дапамогай матэрыялаў урокаў імкнуся выхаваць чалавека, які ўсведамляе свой грамадзянскі абавязак, адчувае пачуццё гордасці за нашы дасягненні і перажывае за пралікі і няўдачы, паважае нацыянальныя сімвалы, любіць беларускую мову і культуру. Сёння любы настаўнік гісторыі выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці нетрадыцыйныя формы навучання школьнікаў, што выклікана фарміраваннем новага стылю педагагічнага мыслення настаўніка, якое арыентуе яго на эфектыўнае вырашэнне вучэбна-выхаваўчых задач ва ўмовах невялікай колькасці гадзін, на ўмацаванне самастойнай творча-пошукавай дзейнасці школьнікаў. Формы ўрокаў не проста абнаўляюцца пад уплывам узмацнення ролі асобы вучня ў навучанні, але і мяняюцца ў бок незвычайных гульнявых форм выкладання матэрыялу. Перад настаўнікам гісторыі стаяць задачы, якія з’явіліся ў сувязі з пераглядам зместу прадмета: альтэрнатыўныя падыходы да ацэнкі праблем мінулага, прагназаванне падзей і з’яў, неадназначныя маральныя ацэнкі асоб і ходу падзей. Абмеркаванне гэтых пытанняў на ўроку немагчыма без набыцця вучнямі вопыту вядзення дыялогу, дыскусіі і далучэння да творчай дзейнасці. Камунікатыўныя ўменні, здольнасць да мадэлявання сітуацый набываюць усё большае значэнне ў нашым жыцці. Гэтым тлумачыцца ўсё большая ўвага настаўнікаў гісторыі да нетрадыцыйных форм правядзення ўрока. Формы нетрадыцыйных урокаў вельмі разнастайныя. Выбар формы залежыць ад шэрага фактараў: узроставых асаблівасцей вучняў, узроўню іх падрыхтоўкі, інфармаванасці, псіхалагічных асаблівасцей, кантакту настаўніка з вучнямі. У 7—8 класах можна праводзіць урокі — завочныя падарожжы. Яны даюць шырокія магчымасці для фарміравання ў вучняў цікавасці да гістарычнага мінулага пры вывучэнні новага матэрыялу. Карыстаючыся контурнымі картамі, атласамі, вучні адчуваюць сябе ўдзельнікамі падарожжа. Глыбока патрыятычнай паўстае перад намі дзейнасць вялікага дзеяча культуры Францыска Скарыны, які галоўны сэнс свайго жыцця бачыў у служэнні простаму люду. На этапе падрыхтоўкі да ўрока — завочнага падарожжа з элементамі работы ў групах вучні атрымалі апераджальнае заданне — сабраць звесткі пра жыццё і дзейнасць славутага асветніка, падрыхтаваць паведамленне па пэўнай тэме. У час падрыхтоўкі да ўрока выкарыстоўваўся матэрыял, атрыманы на экскурсіях па старажытных мясцінах, такіх як Полацк, Тураў, Заслаўе, вывучалася дадатковая літаратура. Падрыхтоўчая работа актывізавала дзейнасць вучняў і дапамагла ім даведацца пра свой патэнцыял, паспрыяла развіццю цікавасці да гісторыі Бацькаўшчыны, выклікала ў іх гордасць за славутага земляка. Сучасны настаўнік практычна на кожным уроку, асабліва ў старшых класах, выкарыстоўвае элементы дыскусіі. Яна мае на мэце выявіць пункты погляду ўдзельнікаў на нейкую праблему і, калі неабходна, правесці ўсебаковы аналіз аднаго з іх, а затым сфарміраваць уласнае меркаванне кожнага вучня па той ці іншай гістарычнай праблеме. Дыскусіі на тэмы беларускай нацыянальнай культуры садзейнічаюць фарміраванню ў вучняў грамадзянскіх пачуццяў і перакананняў. Прывяду прыклады пытанняў для дыскусіі на ўроку па тэме “Умовы і асаблівасці фарміравання беларускай нацыі”: * Ці звязана з пачуццём Радзімы паняцце “менталітэт”? * Ці ўплывае на менталітэт народа гістарычны працэс развіцця дзяржавы? * Ці адзначаеце вы ў сябе беларускі менталітэт? * У чым ён выяўляецца? * Ці звязаны з менталітэтам беларусаў паняцці “грамадзянскасць”, “патрыятызм”? Урок — гэта форма арганізацыі навучання, жывая і гарманічная частка педагагічнага працэсу. Любы ўрок павінен арганічна ўпісвацца ў сістэму работы настаўніка. Кожны ўрок павінен рэалізоўваць нейкую канкрэтную частку агульных задач навучання. У той жа час урок павінен адрознівацца цэласнасцю і завершанасцю, выконваць канкрэтныя задачы і даваць рэальныя вынікі. АНАТАЦЫЯ У рабоце разглядаецца сутнасць і паняцце патрыятызму. Прыводзіца практычны вопыт па патрыятычным выхаванні вучняў на ўроках гісторыі Беларусі. Работа складаецца з уводзін, дзвюх глаў, заключэння, спіса выкарыстаных крыніц. Работа будзе карысна настаўнікам гісторыі. |