курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
Скачать 1.91 Mb.
|
3.Грамадска-палітычны лад Літоўскага княства.Прававая сістэма.Статуты ВКЛ. У ХІV – першай палове ХVІ стст. завяршылася фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, а таксама форм іх землеўладання і землекарыстання. На чале класа зямельных уласнікаў стаяў вялікі князь літоўскі (гаспадар), які з’яўляўся вярхоўным уладаром усёй зямлі ў дзяржаве, а таксама меў свае ўласныя зямельныя ўладанні (гаспадарскі дамен). На прыступак ніжэй на іерархічнай лесвіцы стаялі буйныя феадалы – князі і зямельныя магнаты, што валодалі зямлёй на правах вотчыны (спадчыннага ўтрымання). Далей ішлі баяры, самая шматлікая група сярод пануючага класа. Ад князёў яны адрозніваліся тым, што валодалі зямлёй умоўна (пры ўмове нясення вайсковай службы князю або буйным магнатам). Гэта быў прыклад часовага ўтрымання. Баярства па маёмасным палажэнні было таксама неаднародным. Былі буйныя баяры, якія блізка стаялі ад князёў. Былі сярэднія – складалі асноўную частку баярства. Але былі і такія, што мала адрозніваліся ад сялян і самі апрацоўвалі зямлю. Гэта група мела польскую назву “шляхта”. Пасля шляхтай пачалі называць феадалаў, што належалі да ваенна-служылага саслоўя. Першым сістэматызаваным агульнадзяржаўным зборнікам законаў феадальнага права стаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., які меў другую (1566 г.) і трэцюю (1588 г.) рэдакцыю. Вялікае княства Літоўскае, нягледзячы на поспехі ў цэнтралізацыі, дасягнутыя Вітаўтам, паступова набывала статус абмежаванай, канстытуцыйнай манархіі. Страціўшы сацыяльную базу ў асобе буйных землеўладальнікаў, князёў, Вітаўт зрабіў стаўку на іншую сацыяльную сілу – баярства, шляхту. На працягу ХV–ХVІ стст. ідзе працэс пашырэння саслоўных і палітычных правоў гэтай групы пануючага класа за кошт астатніх. Гарадзельскі прывілей 1413 г. забяспечваў не толькі маёмасныя і асабістыя, але і саслоўна-палітычныя правы баярства. Адзнакай шляхецтва стала не толькі прыналежнасць да таго ці іншага гербу, але і проста баярская вайсковая служба. Паступова баяры-шляхта спляліся з верхнімі пластамі сялянства. Ад апошніх яны адрозніваліся толькі тым, што пры любых абставінах заставаліся вольнымі людзьмі і ім гарантавана асабістая і маёмасная недатыкальнасць. Фактарам, спрыяўшым узвышэнню ваенна-служылага саслоўя, сталі войны, якія Вялікае княства Літоўскае ўвесь час вяло і якіх стала асабліва шмат з канца ХV ст. Да таго ж вялікакняская ўлада бачыла ў шляхце асноўную сілу ў барацьбе з магнатамі – буйнымі зямельнымі ўласнікамі. Выкарыстоўваючы гэта, шляхта дабілася спадчыннага права на зямлю, стала пераўтвараць яе ў вотчыны. Выпрасіла для сябе і прывілеі ў гандлі. Паступова шляхта ўзвышаецца палітычна. Урэшце ў першай пал. ХVІ ст. шляхта была ўроўнена ў правах з феадальнымі магнатамі, ёй была гарантавана палітычная, асабовая і маёмасная недатыкальнасць. Галоўным кіраўніком княства лічыўся вялікі князь літоўскі. Ён узначальваў узброеныя сілы, мог абвяшчаць вайну, заключаць мір, уступаць у саюзы з іншымі дзяржавамі. У ХІV ст. пры ім існавала вялікакняская Дума, па аналогіі з Маскоўскай. Але ж у адрозненне ад апошняй, Дума ў Вялікім княстве Літоўскім не была дзяржаўнай структурай. Гэта была Рада пры Вялікім князі, да якой ён далучаў усіх (з яго пункту погляду) усіх карысных і патрэбных людзей. Дума трансфармавалася ў прадстаўнічую ўстанову – паны-раду. Для беларускага праваслаўнага баярства ўваход туды быў закрыты. У склад Рады ўваходзілі каталіцкі епіскап, ваяводы, кашталяны (камандзіры мясцовых палкоў), дзяржаўныя чыны. Але асноўныя справы вырашаліся поўным зборам гаспадарскай Рады. Такія сходы называліся сеймамі паноў-рады. Асаблівую ролю ў сістэме дзяржаўнага кіравання меў вальны сейм. У яго паседжаннях удзельнічалі ўсе сябры Рады, важнейшыя чыны цэнтральнага і мясцовага кіравання, прадстаўнікі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама па два дэпутаты ад шляхты з кожнага павета. Сейм абмяркоўваў галоўныя пытанні ўнутранай палітыкі, заканадаўчыя акты, устанаўляў падаткі, вырашаў судовыя справы, выбіраў Вялікага князя і зацверджваў кандыдатаў на важнейшыя дзяржаўныя пасады. Так палітычны рэжым Вялікага княства Літоўскага ўсё больш прымаў абрысы парламенцкай манархіі. Арганізацыя мясцовага кіравання была дастаткова складанай. У краіне захоўваліся яшчэ некаторыя старажытныя княствы на чале з князямі, праўда, пазбаўленымі сваіх былых прывілеяў. Частка княстваў была ператворана ў ваяводствы на чале з ваяводамі. Больш дробнай тэрытарыяльнай адзінкай былі паветы, галоўнай асобай у якіх з’яўляўся стараста. Мясцовае кіраванне таксама мела свой прадстаўнічы орган – сеймік. Сеймікі збіраліся ў паветах. У іх працы ўдзельнічалі ўсе мясцовыя феадалы. На сейміках выбіраліся дэпутаты і ў вальны сейм. Такім чынам, у ХІV–ХVІ стст. у Вялікім княстве Літоўскім складалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу Вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы, якія мелі тэндэнцыю да легітымнага развіцця. Гэта вынікала з умоў, у якія было пастаўлена княства, гэта значыць з поліэтнічнасці манархіі, з наяўнасці моцнай і шматлікай зямельнай арыстакратыі, выбарнасць вялікакняскай улады і цесных палітычных зносін з канстытуцыйнай Польшчай. 4.Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у складзе ВКЛ. Пачаткова вялікі князь літоўскі лічыўся вярхоўным уласнікам усёй зямлі. Паступова ўся зямля ў Вялікім княстве Літоўскім падзялілася на катэгорыі ў залежнасці ад таго ці іншага ўладальніка: дзяржаўную (гаспадарскую), прыватна-уласніцкую і царкоўную. Сяляне, якія жылі на гэтых землях, адпаведна падзяліліся на дзяржаўных, прыватных і царкоўных. Поўнай уласнасцю феадалаў была “чэлядзь нявольная”. Яна не вяла сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры дварах феадалаў. Крыніцы набору гэтага саслоўя былі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі, чэлядзь выконвала і іншую працу ў гаспадарцы: абрабляла агароды, сады, пасвіла статкі і г.д. Жанчыны ткалі лён. Асноўную частку насельніцтва складалі “цяглыя” сяляне ўсіх найменняў. Яны мелі меньшую ступень асабістай залежнасці ад ўладальніка. Акрамя таго, яны карысталіся зямельнымі надзеламі, рознымі па меры і гаспадарчым складзе. Сялянскія надзелы складаліся звычайна з сядзібнай і агародніннай зямлі, поля, сенажаці, часам бабровых і рыбных ловен. Для сялянскага землекарыстання была характэрна надзвычайная цераспалосіца ў размеркаваннях надзелаў і сядзіб. Уся зямля, як і тая, што знаходзілася ў карыстанні асобнай сям’і, ці “дыму”, так і тая, якой карысталіся ўсе жыхары сяла (лясы, балоты, азёры, рэкі і г.д.), лічылася маёмасцю складаных сялянскіх згуртаванняў – абшчын. Абшчына несла адказнасць за своечасовае выкананне сялянскіх павіннасцяў, а пазней стала браць удзел і ў землеўпарадкаванні сялянства. За карыстанне зямлёй сяляне былі абавязяны плаціць уласніку пэўную рэнту. Формы рэнты былі розныя і падзяляліся на тры асноўныя віды: адработачную, грашовую і прадуктовую. Адработачная рэнта была адной з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, яна называлася паншчынай. Паншчыну селянін абавязаны быў адрабіць у гаспадарскім маёнтку. Часцей за ўсё гэта былі палявыя работы, на якіх селянін быў двойчы на тыдзень разам з канём і са сваімі прыладамі: сякерай, касой, бараной. Цяглыя сяляне адбывалі паншчыну не толькі на полі. Некаторая частка сялянства ў якасці асноўнай павіннасці абкладалася чыншам. Такія сяляне называліся асаднымі ці чыншавымі. Чынш уяўляў сабой грашовую форму рэнты. Разам з паншчынай і чыншам, якія былі асноўнымі павіннасцямі, сяляне выконвалі і дадатковыя: “талокі” – агульныя сязонныя гаспадарчыя работы, “гвалты”, ці “згоны” – агульныя тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў: для рамонту дарог, гацей, для аблавы на звяроў, у выпадку стыхійных бедстваў і інш. К канцу ХV ст. адным з асноўных відаў павіннасцяў была дзялка-даніна прадуктамі. Яна была мядовай, бабровай, кунічнай, збожжавай, піўной, сеннай і г.д. У залежнасці ад ступені асабістай свабоды цяглыя сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. На першых часах усе цяглыя сяляне мелі права пераходу ад аднаго ўладара да іншага, права сыходу з абшчыны. З развіццём інстытута феадальнага права на зямлю выяўлялася акрэсленая зацікаўленасць феадалаў у яго ліквідацыі. Прывілей 1447 г. пачаў працэс юрыдычнага абгрунтавання прыгоннага права ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён зацвярджаў, што сяляне, якія пражылі на зямлі феадала 10 год, становяцца “непахожымі”, старажыхарамі. Адзнакай старажыхарства было і спадчыннае валоданне зямлёй селяніна. Разам з “непахожымі” у феадальных маёнтках жылі і сяляне “пахожыя”, ці вольныя. Людзі служэбныя, ці служкі, складалі трэцюю, даволі шматлікую катэгорыю насельніцтва. Па сваім эканамічным палажэнні яны былі блізкія да цяглавага сялянства. Яны таксама былі землекарыстальнікамі, што сядзелі з сем’ямі на сваіх вотчынах. Але ад сялян яны адрозніваліся сваёй асаблівай службай. Галоўнай іх павіннасцю была вайсковая служба. У мірны час яны раз’язджалі па справах княскай і феадальнай адміністрацыі. Вялікакняскі двор стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад феадалаў, якім ён вымушаны быў раздаваць землі, каб захаваць у іх асобе сацыяльную апору. Гэта прывяло да моцнага скарачэння вялікакняскага дамену. Таму каб павысіць прыбытковасць маёнткаў, Жыгімонт II Аўгуст у 1557 г. абвясціў аб правядзенні ў дзяржаўных землях рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “валочная памера”. Уся зямля падзялялася на роўныя надзелы, “валокі”, памерам 21,3 га кожны. Лепшыя пладародныя землі забіраліся пад княскія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Селянін губляў права пераходу да іншага гаспадара і станавіўся прыгонным. З валокі вызначалася і сума розных павіннасцяў. Яны былі рознымі для цяглых і асадных сялян. Так, цяглыя сяляне павінны былі за кожную валоку працаваць па два дні на тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, свойскай птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княскіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць чынш ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маёнткаў “валочная памера” была праведзена і ў маёнтках феадалаў. К канцу XVI ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней – ва ўсходніх і паўднёвых. Цяпер уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе статуты 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10-, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. У XIV–XVI стст. адбываецца значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Па памерах яны адрозніваліся, большая частка з іх былі невялікія. Гэта былі паселішчы з некалькіх вуліц з 200–300 дварамі. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час былі Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Навагародак. Растуць і паселішчы гарадскога тыпу – мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласнымі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара. Разам з прыватнаўласнымі былі і дзяржаўныя, ці вялікакняскія гарады. Іх насельніцтва лічылася асабіста вольным. Аднак у XVI ст. у гэтых гарадах з’явіліся ўладанні вяльможных і духоўных феадалаў разам з залежным ад іх людам. Прыватныя ўладанні ў вялікакняскіх гарадах атрымалі назву “юрыдык”. Яны складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі. Мінску было даравана магдэбургскае права ў 1499 г. Што ж сабой уяўляла гарадское самакіраванне? Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з Рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале Рады стаяў войт, як правіла, прызначаны літоўскімі князямі. Сябры Рады (райцы) выбіраліся з гарадскіх багацеяў. Радзе належалі не толькі функцыі кіравання жыццём горада, але і суда. Але ж судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Лаўнікі (сябры лавы) выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання Рады ў гарадах былі адмыслова пабудаваныя для гэтай мэты будынкі-ратушы. Насельніцтва гарадоў фарміравалася за кошт беглых сялян, а таксама з рамеснікаў, пераселеных феадаламі ў горад. Сярод жыхароў гарадоў большасць (каля 80%) складалі беларусы. Акрамя іх, жылі рускія, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, немцы, татары. Большую частку насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Яны называліся мяшчанамі. Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаныя ў цэхі. Яны ствараліся з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў горада. Гэта былі своеасаблівыя манапалізаваныя структуры, якія дапамагалі рамеснікам пазбегнуць канкурэнцыі, а таксама засцерагчы мясцовы гарадскі рынак ад вырабу іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. Падчас ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады. У XIV–XVI стст. развіваецца ўнутраны і знешні гандаль гарадоў Беларусі. Таргі і ярмаркі становяцца атрыбутам гаспадарчай дзейнасці гарадоў і мястэчак. Таргі, як правіла, наладжваліся 1–2 разы на тыдзень. Ярмаркі існавалі толькі ў буйных гарадах і ладзіліся раз на год. На знешні рынак Беларусь пастаўляла жыта, сала, лес, паташ, футра, скуры, вырабы рамяства. Імпартавалася жалеза, медзь, волава, свінец, металічныя вырабы, фламандскае і англійскае сукно, галандскае палатно, віно, соль, селядзец, прадметы раскошы. Такімі былі асноўныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага жыцця Беларусі ў XIV–XVI стст. Мацнела феадальная залежнасць сялян ад феадалаў. Ішоў працэс іх масавага запрыгоньвання. Цэнтрамі культурнага жыцця, развіцця рамёстваў і гандлю станавіліся гарады. Іх роля ў эканоміцы Беларусі ўзрастае. ЧАС КРЫЗІСАЎ І АДРАДЖЭННЯ - КАНСАЛІДАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ.РЭЛІГІЯ,ДУХОЎНАЕ ЖЫЦЦЕ І КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ. 1.Дасягненні культурнага развіцця на беларускіх землях.Рэнесанс,Рэфармацыя і Контррэфармацыя ў Беларусі. 2.Фарміраванне беларускай народнасці. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі. Паходжанне тэрміна Белая Русь. Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уплывам геаграфічна-кліматычных ,сацыяльна-эканамічных, палітычных., царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.У цэлым сярод рыс, якія вызначаюць сутнасць любой народнасці, неабходна назваць наяўнасць адзінай тэрыторыі,адметнасці мовы,культуры, народных традыцый, а таксама веравызнанне, менталітэт,этнічную свядомасць і эндаэтнонім(саманазву).Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VII–VIII стст. (Г.Штыхаў, М.Ермаловіч, М.Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ–ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV–ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні. Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л.Галембоўскі, А.Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А.Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы. Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903–1922. Т.1–3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай. У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся. Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М.Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся. Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В.Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В.Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтарам з’яўляецца пісьменнік І.Ласкоў. На падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), ён лічыць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў. У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С.Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным. У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ–Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая усходнеславянская этнічная супольнасць – старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі – Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі – рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларусі і ўкраінскі. Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Без дастатковых навуковых абгрунтаванняў яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – беларускую, рускую і ўкраінскую. Уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі – цюрскага, беларускі – балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) – крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці. Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ–Х стст., а значна пазней. У пачатку 90-х гадоў новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ–Х стст. Затым у канцы Х – пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі. З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці – палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцкай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці – палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў – старажытных беларусаў. Піліпенка лічыць, што менавіта яны і сталі непасрэднымі продкамі беларусаў. З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцкай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва – заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, да сярэдзіны XVI ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”. Паходжанне тэрміна “Белая Русь”Праблема яго паходжання з’яўляецца прадметам шырокай навуковай дыскусіі і зараз. У розныя часы яго тлумачылі па-рознаму. Яго звязвалі з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, незалежнасцю ад татара-манголаў і літоўскіх князёў (“белая” у дадзеным выпадку – вялікая, незалежная, вольная, свабодная), светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў (бландзіны). Маюцца і іншыя тлумачэнні: назва “Белая Русь” паходзіць ад белага колеру адзення, якое “при дворе царском в почтении было”, ці ад белага колеру світак, сукенак і кашуль, якія насілі жыхары гэтых зямель. Тэрмін “Белая Русь” звязваецца таксама з шырокім распаўсюджваннем у тапаніміцы назваў са словам “белая” і г.д. Упершыню тэрмін “Белая Русь”, як пісаў рускі гісторык В.М. Тацішчаў, упамінаецца ў летапісах у 1135 г. у дачыненні да зямель Паўночна-Усходняй Русі (Уладзіміра-Суздальскага княства). Гэта тэрыторыя ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і вярхоўяў Волгі да вярхоўяў Нёмана. Яна ўключала ў свой склад Маскоўскі, Цвярскі, Смаленскі, Мсціслаўскі, Друцкі край. Вялікі князь Андрэй Багалюбскі з 1157 г. называўся князем Белай Русі. Сваім баярам ён гаварыў: “Я всю Белую (Суздальскую) Русь городами и сёлами великими населил и многолюдной учинил”. Для навукі застаецца загадкай, чаму гэта частка Русі (ад Нёмана да Волгі) названа Белай Руссю. На думку М. Піліпенкі, магчыма, слова “Белая” сімвалізавала яе сярэдняе, цэнтральнае месцазнаходжанне ў адрозненне ад “Вялікай” і “Малой” (або “Чырвонай”) Русі, якія знаходзіліся адпаведна на поўначы і на поўдні ад “Белай Русі”. У ХV ст. тэрмін “Белая Русь” па-ранейшаму ўжываўся для абазначэння Маскоўскай (Рускай) дзяржавы. Пры Іване ІІІ гэты тэрмін быў унесены ў тытул вялікага князя маскоўскага. Паводле М.М. Карамзіна, “исчисляя в титуле своём все особенные владения государства Московского, Иоан наименовал оное Белою Россиею, то есть великою или древнею по смыслу сего слова в языках восточных”. Калі верыць М.М. Карамзіну, першапачаткова тэрмін “Белая Русь” абазначаў “вялікую ці старажытную” Русь.Расійскі даследчык В.Іваноў адзначаў, што да прыняцця хрысщянства у Еуропе існавала традыцыя суадносіць асноўныя колеры з бакам1 свету (поунач — чорны, поудзень — чырвоны, захад — белы, усход — жоуты щ блакітны). Адсюль, на яго думку, цалкам лагічным было б змясцщь Белую Русь на захад ад іншых етаражытнарускіх княствау. Таксама icнye шэраг іншых меркаванняу аб тым, што Белая Русь з'явілася у процівагу Чорнай (Навагрудак — Гродна — Ваукавыск — Слонім) ці Чырвонай (украінская Галіччына i Валынь) Pyci, што яна вызначала аутаномны статус Полаччыны i Вщебшчыны у складзе ВКЛ або падкрэсл!вала перавагу хрысціянскага насельніцтва над навакольнымі язычніцкімі плямёнамі. Складаным пытаннем з'яуляецца i вызначэнне тэрыторыі, якую называл! Белай Русью. Адпаведна даным В. Тацішчава ў летапісах XII ст. такім чынам называлі Растова-Суз-дальскае княства. Згодна яму у 1157 г. князь Андрэй Багалюбскі быу запрошаны валадарыць "на отчым стале ва усёй Белай Pyci, у Растове i Суздале". У сваю чаргу сам князь праз некалькі гадоу хваліуся тым, што "усю Белую Русь гарадамі i вёскамі вялікімі насяліў i шматлюднай стварыу". Разам з тым вядомы paciйскi гісторык М. Карамзин абвяргау гэта сцвярджэнне i заяуляу, што азначаны тэрмін пачау выкарыстоувацца толькі у XV ст. у Маскоускім княстве з мэтай падкрэслівання яго старажытнасці i важнасці ( у 1462 г. 1ван III у сваім тытуле называу Масковію Белай Русею). Трэба прызнаць, што апошняя версія мае пад сабой пэуныя падставы, бо на сярэднявечных картах Масковія часам называлася Белай Русею (карта М. Кузанскага, 1460 г.). Да таго ж гэтым тэрмінам карысталіся i некаторыя з падарожнікау (Алеарый у пачатку XVII ст.). Пры гэтым большасць вучоных прызнае, што назва "Белая Русь" у Pacii так i не набыла дакладнай тэрытарыльнай лакалізацыі i паступова трансфармавалася у Вялікую Русь ці Вялікаросію. Калі ж разглядаць тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь, то даследчыкі разыходзяцца у меркаваннях наконт часу замацавання за ей назвы "Белая Русь". Ужо ў ХІІ ст. частка сучаснай беларускай этнічнай тэрыторыі (Мсціслаўскі і Друцкі край) уваходзіла ў склад зямель, якія называліся “Белай Руссю”. У “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі”, напісанай італьянцам А. Гваньіні ў 1578 г., які быў на вайсковай службе ў Віцебску, сказана: “А ёсць траякая Русь: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая каля… Мазыра, Мсціслава, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай…”. Значыць, назва “Белая Русь” першапачаткова адносілася да падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, жыхароў якога называлі “беларусцамі”. Разам з тым у прадмовах і пасляслоўях да кніг Ф. Скарыны (пачатак ХVI ст. ) тэрмін “Белая Русь” не сустракаецца. Землі сваёй радзімы Ф. Скарына называў тэрмінам “Русь” (“братия моя Русь”), які на працягу некалькіх стагоддзяў існаваў побач з назвай “Белая Русь” і даволі часта атаясамліваўся з ёй. З сярэдзіны XVI ст. тэрмінам “Белая Русь” сталі абазначаць не толькі землі падзвінска-падняпроўскага рэгіёна (традыцыйная “Белая Русь”), але і цэнтральнага (“Літва”) і папрыпяцкага (“Палессе”) рэгіёнаў, ці землі сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Беларусцамі называлі цяпер не толькі жыхароў падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, але і людзей, якія пражывалі на ўсёй тэрыторыі ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці. Побач з формай “беларусцы” у дакументах сустракаецца і сучасная форма этноніма беларускага народа – “беларусы”. Польскі пісьменнік, гісторык і публіцыст С. Старавольскі ў кнізе “Польшча ці апісанне становішча каралеўства Польскага” (1632 г.) адносіў да Белай Русі 6 ваяводстваў: Навагрудскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Мінскае, Полацкае і Смаленскае. Урад Рускай дзяржавы ў XVII ст. Белай Руссю лічыў Полацкую, Віцебскую, Мсціслаўскую і Смаленскую землі. Астатнія беларускія землі ён называў літоўскімі.Разам з тым нават і ў другой палове 19ст. Паралельна працягвалі шырока ўжывацца эндаэтнонімы Літва і літвін(часцей у дачыненні да Заходняй Беларусі),канчатковая адмова ад выкарыстання якіх адбылася толькі ў час беларускага нацыянальнага адраджэння ў 1920-я гг. Заходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі доўгі час называлі “Чорная Русь”. Паводле звестак В.М. Тацішчава, граніца Чорнай Русі на поўначы даходзіла да р. Віллі, на ўсходзе – прыкладна да Бярэзіны, на поўдні – да Прыпяці, на захадзе – да Буга. Назва “Чорная Русь” у айчынных крыніцах упамінаецца не раней апошняй чвэрці ХІІІ ст. (1284). Першапачаткова гэта назва не адносілася да заходняй часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так называлася паўднёва-заходняя частка тэрыторыі сучаснай Украіны, тагачасная Галіцкая зямля. У заходнееўрапейскіх пісьмовых помніках назва “Чорная Русь” сустракаецца не раней ХІV–XV стст. і ўжываецца для абазначэння самых заходніх зямель Русі, якія гранічылі з Лівоніяй, Літвой і Польшчай. Як назва заходняй часткі беларускай этнічнай тэрыторыі (у прыватнасці, Беларускага Панямоння) тэрмін “Чорная Русь” пачынае замацоўвацца ў канцы ХVІ–XVII ст. Як сцвярджае В.М. Тацішчаў, назва “Чорная Русь” для абазначэння заходняй часткі сучаснай Беларусі сустракаецца ў граматах цара Аляксея Міхайлавіча пасля таго, як ён авалодаў часткай Рэчы Паспалітай. У граматах Аляксей Міхайлавіч называецца “гасударам усёй Вялікай, Малой Белай, Чорнай і Чырвонай Русі”. Назва заходняй беларускай этнічнай тэрыторыі “Чорная Русь” тлумачыцца па-рознаму. Часцей за ўсё яе разглядалі як супрацьпастаўленне назве “Белая Русь”. Некаторыя вучоныя (С. Салаўёў) лічылі, што першапачаткова назва “Чорная Русь” абазначала залежную тэрыторыю. Чорны колер разглядаецца прыхільнікамі гэтай канцэпцыі як сімвал залежнасці, белы – як сімвал самастойнасці. У адносінах да Беларускага Панямоння такое тлумачэнне нельга прызнаць унушальным. Назва гэтага краю “Чорная Русь” замацавалася тады, калі ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўжо знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым і Рэчы Паспалітай, і з палітычнага пункту погляду значнай розніцы паміж заходняй і ўсходняй часткамі гэтых тэрыторый не было. Некаторыя даследчыкі лічаць, што з’яўленне назвы “Чорная Русь” выклікана тым, што для Верхняга Панямоння было характэрна язычніцтва, а для Падняпроўя – хрысціянства. Але і з такім пунктам погляду нельга поўнасцю пагадзіцца таму, што ў перыяд замацавання гэтага тэрміна амаль ўсё насельніцтва, як усходнеславянскае, так і балцкае было ўжо хрысціянскім. Хрысціянскія цэрквы ў гарадах Верхняга Панямоння былі пабудаваны не пазней, чым у гарадах сучаснага Беларускага Падняпроўя. Што датычыцца некаторых груп нехрысціянскага, язычніцкага балцкага насельніцтва, якое пражывала ў Верхнім Панямонні, то яно Руссю не называлася. Для іх наймення ўжываўся іншы тэрмін – “Литва”. Назва “Чорная Русь” была дадзена балтамі. Згодна з балцкай традыцыяй, чорны колер сімвалізуе Захад, а белы – Усход. У сувязі з гэтай традыцыяй самую заходнюю частку Русі, г. зн. Верхняе Панямонне, сталі называць Чорнай Руссю, а ўсходнюю, г. зн. Падняпроўе, – Белай Руссю. Першапачаткова гэтыя назвы абазначалі геаграфічныя напрамкі. З цягам часу яны сталі азначаць два арэалы беларускай этнічнай тэрыторыі і сімвалізаваць этнаграфічныя асаблівасці паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі. З канца ХVІІІ ст. са знікненнем Вялікага княства Літоўскага і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі назва “Чорная Русь” перастала ўжывацца, а “Белай Руссю” сталі называць усю беларускую этнічную тэрыторыю. Прычым гэта назва набыла ў рускай мове сваю заходнееўрапейскую форму – “Белоруссия”. У беларускай мове захавалася старая ўсходнеславянская форма гэтай назвы. Яна стала вымаўляцца і пісацца разам – “Беларусь”. Такім чынам, у канцы ХVІІІ і на працягу ХІХ ст. тэрмін “Белая Русь” пашырыўся на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю і набыў сучаснае гучанне – “Беларусь”. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры і характару людзей, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва. Існаванне Вялікага княства Літоўскага стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці. Гэтаму садзейнічала мноства фактараў. Першая група – палітычныя фактары. Неабходнасць барацьбы са знешняй агрэсіяй, уваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ было арганізавана адзінае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складанні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі. Аднак палітычнае аб’яднанне поўнасцю не знішчыла лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Увогуле, у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ наглядалася як аб’яднальная, так і сепаратысцкая тэндэнцыі, што ўскладняла працэс фарміравання беларускай народнасці. Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, замена двухполля парнай зерневай сістэмай трохполля, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю. Вырастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталёўвалася адзіная грашовая сістэма гандлёва-вымяральных стандартаў. Разам з тым ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці з яго натуральнай сістэмай гаспадарання аб’яднальныя працэсы абмяжоўваліся рэгіянальнымі, а не агульна-дзяржаўнымі сувязямі, стварэннем лакальных рынкаў вакол гарадоў і мястэчкаў. З папярэднімі фактарамі цесна звязаны і сацыяльныя ўмовы. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае зацвярджэнне прыгоннага права садзейнічала кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі пэўную ролю адыгрываў і канфесійны фактар. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба народа з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць. Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва. Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходне-славянскага насельніцтва. На працягу XIV–XV ст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся спецыфічныя рысы беларускай гаворкі. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура новага ўсходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны быт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя з суседніх народаў. У XV–XVI стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленяў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла аграрная рэформа 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзіны рад. Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частапляцёная барана, сукаватка, матыка, серп, цэп і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. Менавіта ў той час узнік новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Першым тэатральным відовішчам былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр “Батлейка”, дзе разам са свецкімі сюжэтамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы. У XVI ст. з’яўляюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка. Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць беларусаў. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Аднак значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазіла працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў. 1.Культура Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. Беларуская культура другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый высокаразвітых візантыйскай і старажытнарускай культур, пад уздзеяннем мясцовых умоў. Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў. Паколькі змест і формы культуры ў эпоху сярэднявечча вызначаліся ў першую чаргу інтарэсамі феадалаў і рэлігіі, то царква ўнесла значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам старажытнарускіх традыцый, то каталіцтва прыносіла ў ВКЛ элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Кантакты з Заходняй Еўропай прывялі да ўзнікнення новых з’яў у беларускай культуры. У другой палове XIII – першай палове XVI ст. паралельна з працэсамі стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі. Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. Ад часоў Старажытнай Русі захавалася на беларускіх землях сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры XV ст. як “Жыццё Аляксея, чалавека божага”, “Пакуты Хрыста” і інш. Найбольш чутка на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтрамі яе з’яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Вялікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся метрыкай. Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы. У XVI ст. яны набылі новыя рысы, з’явіўшыся яркім адлюстраваннем новага этапа ў жыцці беларускага народа. Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”. “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца XIV ст. Асноўную ўвагу храніст надае апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказвае пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца…” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх князёў. “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – першы беларуска-літоўскі летапісны звод. Храналагічны звод ахоплівае перыяд ад сярэдзіны XI ст. да 1446 г. У летапісу змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання. На пачатку XVI ст. адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20-я гг. XVI ст. створана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладаецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. “Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экзэмпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку XVI ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Шмат увагі храніст надае апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў. У другой палове XVI ст. летапісы сталі паволі адміраць, уступаючы месца іншым гістарычным жанрам. Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі Беларускую культуру не абмінула такая з’ява як Адраджэнне, або Рэнесанс – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На гэтай аснове сфарміраваўся новы, гуманістычны светапогляд. Гуманізм – філасофска-светапоглядная пазіцыя, якая сцвярджае высокую годнасць чалавека – творцу зямнога шчасця, прызнае права на свабоднае развіццё яго здольнасцей, абараняе ідэалы справядлівасці, чалавекалюбства, свабоды і дасканаласці асобы. У канцы XV – пачатку XVI ст. складаліся перадумовы Рэнесанса на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці і нацыянальна-класавай барацьбы. Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 г. – каля 1551 г.). У Празе Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая кніга “Псалтыр”. Першадрукар выдаў пераважную частку Старого Запавету Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя кнігі. У 1520 г. Скарына пераехаў у Вільню, дзе ў 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “Апостал”, “Малая падарожная кніжка” была больш таннай, а значыць больш даступнай шырокаму колу насельніцтва. Ф. Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў. Яны змяшчалі ў сабе кароткі змест твора. Ф. Скарына ўнёс уклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы. Выдатным дзеячам беларускай культуры быў паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай літаратурнай школы М. Гусоўскі. Нарадзіўся будучы паэт у сям’і вялікакняскага лоўчага і атрымаў адукацыю ў Вільні, Польшчы, Італіі. У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі. Па заказу папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі расказам пра паляванне на зубра, яна аказалася творам, дзе адлюстраваны жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма радзімы, а зубр выступае як алегарычны вобраз роднага краю. Адну з галоўных прычын няшчасцяў і пакут радзімы М. Гусоўскі бачыў у войнах. У паэме аўтар вялікую ўвагу надаў адлюстраванню жыцця простых людзей, іх побыту, звычаяў, заняткаў. Архітэктура і выяўленчае мастацтва На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны ў Заходняй Еўропе. Найбольш тыпавыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стронкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стральчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі ветражамі, высокімі вежамі. Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адмістрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове XVI ст. Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія змяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпу. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі. Да тыпу кастэляў належалі: Лідскі замак, пабудаваны ў 30-я гг. XVI ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і вялікакняскай рэзідэнцыі. Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі. Навагародскі замак існаваў у X–XVII стст. Ён пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Шмат разоў перабудоўваўся. У пачатку XVI ст. з’явіўся Мірскі замак. У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. Быў пабудаваны Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён касцёлы ў вёсцы Усулюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі. У культавай архітэктуры канца XV – першай паловы XVI ст. з’яўляецца новы тып пабудоў – інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны. У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. вылучаюцца іконапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент, драўляная разьбяная скульптура. З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага жанру. Захаваліся выявы партрэта Ягайлы ў касцёле ў Сандаміры. У Трокскім замку знаходзіцца шэраг фрэсак, прысвечаных Вітаўту. У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў другой палове XIII – першай палове XVI ст. развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі. Беларускія майстры добра ведалі тэхналогію металаапрацоўкі, выраблялі металічныя ўпрыгожванні і посуд. Развівалася касцярэзная вытворчасць. Беларускія рамеснікі таксама стваралі розныя рэчы з каменю. Разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўлялася кафлярства. Такім чынам, другая палова XIII – першая палова XVI ст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, перыяд росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных павеваў і сярэдневяковых рэлігійных традыцый ў духоўным жыцці, пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі. |