Лекции. Лекция Введение. Общепланетарное значение и функции почв
Скачать 2.04 Mb.
|
ГЛЕБАВА-ГЕАГРАФІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Прыродныя ўмовы тэрыторыі Беларусі надзвычай разнастайныя. Аднак у геаграфічным размеркаванні глебаўтваральных парод і глебаў, будове рэльефу, важнейшых паказчыках клімату існуе пэўная заканамернасць. Так, напрыклад, найбольшая гадавая сума ападкаў (700 мм) прыпадае на цэнтральную водападзельную частку рэспублікі. Сярэднегадавая тэмпература паветра вагаецца ад +4,4 оС у паўночнай да +7,3 оС у паўднёвай частках. Змяненне кліматычных умоў ідзе не толькі ў шыротным, але і ў даўготным напрамку. У сувязі з гэтым А. Х. Шкляр (1962) тры шыротныя кліматычныя зоны падзяліў на дзве падзоны: заходнюю і ўсходнюю. Значныя адрозненні назіраюцца ў рэльефе і геамарфалогіі розных рэгіёнаў краіны. Для паўночнай часткі характэрны буйна-ўзгорыста-градавыя марэнныя, узгорыста-марэнныя і донна-марэнныя формы рельефу. У цэнтральнай частцы пераважаюць больш старажытныя формы ледавіковага рэльефу, якія маюць плаўныя контуры. Для паўднёвай часткі характэрны раўнінны рельеф, які пераходзіць у шырокую забалочаную Палескую нізіну. У адпаведнасці з характарам змянення фактараў глебаўтварэння змяняецца і глебавае покрыва тэрыторыі рэспублікі. Таму навукова абгрунтаваны ўлік усіх прыродных асаблівасцей асобных частак тэрыторыі Беларусі шляхам комплекснага прыроднага раянавання з'яўляецца неабходнай умовай для распрацоўкі спецыялізацыі і правільнага размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэння ўрадлівасці і аховы глебаў. Глебава-геаграфічнае раянаванне –– гэта раздзяленне тэрыторыі на часткі (раёны) з аднароднымі рэльефам, глебаўтваральнымі пародамі, глебамі і кліматам. Звесткі аб глебах і іншых прыродных умовах у межах гаспадарак, раёнаў, абласцей і рэспублікі дазволілі І. М. Салавей і М. І. Смяяну (1974) вылучыць на Беларусі тры глебавыя правінцыі: I. Паўночную (Прыбалтыйскую); II. Цэнтральную (Беларускую); III. Паўднёвую (Палескую) (рыс.46). Вылучаныя правінцыі рэзка адрозніваюцца паміж сабой характарам глебавага покрыва, рэльефам і геамарфалогіяй, тэмпературным рэжымам з увільгатненнем, ступенню праяўлення эразійных працэсаў і забалочвання, а таксама іншымі фактарамі, якія вызначаюць перспектыўныя магчымасці развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі. Правінцыі займаюць вялікія тэрыторыі, межы якіх цягнуцца ў шыротным напрамку. У адпаведнасці з прынятай схемай глебава-геаграфічнага раянавання правінцыі падзяляюцца на больш дробныя тэрытарыяльныя адзінкі –- глебава-кліматычныя акругі, аграглебавыя раёны і падраёны. Глебава-кліматычныя акругі ўключаюць у сябе даволі буйныя тэрыторыі з аднолькавымі генетычнымі тыпамі рэльефу, якія абумоўліваюць пэўныя спалучэнні глебаўтваральных парод і структуру глебавага покрыва. Акрамя таго, яны адрозніваюцца асаблівасцямі мясцовага клімату і расліннасцю. Аграглебавыя раёны –- гэта прыродна-гаспадарчыя тэрыторыі, якія характарызуюцца пэўным складам, або комплексам глебаў і адпаведнай сістэмай мерапрыемстваў па іх рацыянальным выкарыстанні, павышэнні ўрадлівасці і ахове. Дакументальнай асновай глебава-геаграфічнага раянавання з'яўляюцца матэрыялы праведзеных буйнамаштабных глебавых даследаванняў, у выніку якіх складзены адпаведныя карты (глебавыя, глебаўтваральных парод, эрадзіраваных і забалочаных зямель). Пры правядзенні раянавання выкарыстоўваюцца таксама кліматычныя карты і карты рельефу. Паўночная (Прыбалтыйская) глебавая правінцыя Гэта правінцыя займае паўночную частку рэспублікі. Яе мяжа праходзіць па лініі Смаргонь –- Маладзечна –- Лагойск –- Бялынічы –- Магілёў –- Чэрыкаў –- Крычаў. Паводле прыродных умоў і асаблівасцей глебавага покрыва правінцыя значна адрозніваецца ад астатняй часткі краіны (табл.33). Геалагічная будова яе характарызуецца тым, што пад невялікай тоўшчай маладых марэнных і водна-ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення залягаюць магутныя пласты глін, алеўрытаў, пяскоў, а на ўсходзе і паўночным усходзе нярэдка на паверхню выходзяць гіпс, даламіты, вапнякі. Для рэльефу характэрны рысы канцова-марэнных узгорыстых ландшафтаў, якія чаргуюцца з буйнымі паніжэннямі і нізінамі. Усходнюю частку займае Аршанска-Магілёўскае плато. Паўночная правінцыя адрозніваецца агракліматычнымі ўмовамі. Гэта найбольш халодная і вільготная частка тэрыторыі рэспублікі. Значэнне гідратэрмічнага каэфіцыента складае 1,7, працягласць вегетацыйнага перыяду –- ад 170 да 190 дзён. Глебавае покрыва даволі разнастайнае, але паводле грануламетрычнага складу пераважаюць сугліністыя глебы (54,2 %). Менш за ўсё тут тарфяных (1,7 %) і пясчаных (6,9 %) глебаў. Удзельная вага забалочаных зямель складае 55,1 % (табл.33). Адметнай адзнакай Паўночнай правінцыі з'яўляецца меліярацыйная неўладкаванасць. Сярод сельскагаспадарчых угоддзяў эрадзіраваныя землі займаюць 11,2 %, забалочаныя –- 55,1 %, завалуненыя –- 49,1 %. Паўночная правінцыя падзяляецца на дзве акругі: Паўночна-заходнюю і Паўночна-ўсходнюю. Паўночна-заходняя акруга мае вельмі разнастайны рэльеф. Тут сустра-каюцца маладыя марэнныя ўзвышшы (Браслаўскае, Свянцянскае, Ушацка-Лепельскае і інш.) і шырокія азёрна-ледавіковыя нізіны (Полацкая і Верхнебярэзін-ская). На тэрыторыі акругі выпадае найбольшая колькасць ападкаў (650—700 мм у год). Разнастайнасць прыродных умоў вызначыла складанасць глебавага покрыва. Для планавання рацыянальнага выкарыстання глебаў, павышэння іх урадлівасці і аховы ў межах Паўночна-заходняй акругі вылучаны чатыры аграглебавыя раёны: Браслаўска-Глыбоцкі, які падзяляецца на два падраёны, Шаркаўшчынска-Верхня-дзвінскі, Полацкі, Вілейска-Докшыцкі. Кожны з гэтых раёнаў характарызуецца пэўным рэльефам і структурай глебавага покрыва. Паўночна-ўсходняя акруга. Рэльеф гэтай акругі таксама разнастайны. Значныя плошчы займаюць узвышшы: Невельска-Гарадоцкае, Няшчэрдаўскае, Віцебскае і Аршанскае. У гэтай акрузе размяшчаюцца таксама Суражская і Лучоская нізіны. Складанасць рэльефу аказала ўплыў на фарміраванне глебавага покрыва. Даліны і паніжэнні заняты звычайна дзярнова-падзолістымі забалочанымі і дзярновымі забалочанымі глебамі, а на ўзвышшах значнае распаўсюджванне атрымалі эразійныя працэсы. Гадавая сума ападкаў у гэтай акрузе складае 550—600 мм. Працягласць вегетацыйнага перыяду вагаецца ад 170 да 185 дзён. Разнастайнасць прыродных умоў і глебавага покрыва дазволіла вылучыць у межах акругі чатыры аграглебавыя раёны: Сенненска-Расонска-Гарадоцкі, Віцебска-Ліёзненскі, Аршанска-Горацка-Мсціслаўскі, Шклоўска-Чавускі (рыс.46). Цэнтральная (Беларуская) глебавая правінцыя Паўднёвая мяжа правінцыі праходзіць прыблізна па лініі Брэст –- Івацэвічы –- Салігорск –- Любань –- Старыя Дарогі –- Жлобін –- Рэчыца –- Лоеў. У геамарфалагічных адносінах яна ахоплівае Ашмянскае і Мінскае ўзвышшы, Прыбугскую, Лідскую, Баранавіцкую, Цэнтральнабярэзінскую і Чачэрскую раўніны, Сярэдне- і Верхнянёманскую нізіны. Агульныя рысы рэльефу гэтай правінцыі маюць адрозненні: на поўначы размяшчаюцца маладыя ўзвышшы і грады марэннага паходжання, а на поўдні –- выраўнаваныя тэрыторыі Перадпалесся. У рэльефе пераважаюць схілы са стромкасцю менш за 3о, якія займаюць 68 % тэрыторыі. Табліца 33 Прыродна-экалагічная характарыстыка глебавых правінцый Беларусі
Цэнтральная правінцыя па кліматычных умовах неаднародная. Працягласць вегетацыйнага перыяду змяняецца ад 200 дзён на захадзе да 196 дзён у цэнтры і 192 дзён на ўсходзе правінцыі. Сума актыўных тэмператур вышэй за +10 оС складае 2 270о, а гідратэрмічны каэфіцыент –- 1,5. Сярэднегадавыя тэмпературы змяняюцца ад +7,3о на захадзе да +5о на ўсходзе. Колькасць атмасферных ападкаў складае за год 550—600 мм. Аднак на Ашмянскім і Мінскім узвышшах яна дасягае 650--680 мм. Глебавае покрыва Цэнтральнай правінцыі адрозніваецца як па будове глебаўтваральных і подсцільных парод, так і праяўленнем глебаўтваральных працэсаў. Забалочаныя глебы займаюць тут каля 34 %, а эрадзіраваныя – каля 8 %. Паводле грануламетрычнага складу пераважаюць супясчаныя глебы (55,1 %), на другім месцы стаяць сугліністыя (30,1 %). У параўнанні з Паўночнай правінцыяй большую ўдзельную вагу маюць тарфяна-балотныя глебы. Нягледзячы на цэласнасць тэрыторыі, у асобных частках яе ёсць спецыфічныя асаблівасці рэльефу, глебаўтваральных парод і клімату. Таму Цэнтральная правінцыя падзяляецца на тры глебава-кліматычныя акругі: Заходнюю, Цэнтральную і Усходнюю (рыс.46). Заходняя акруга займае Гродзенскую і невялікую тэрыторыю Мінскай і Брэсцкай абласцей. У рэльефе акругі пераважаюць раўніны (Лідская, Прыбугская, Баранавіцкая) і нізіны (Сярэдне- і Верхнянёманская). У асобных раёнах уздымаюцца невялікія ўзвышшы (Навагрудскае і Ваўкавыскае). Кліматычныя ўмовы акругі даволі аднастайныя. За год выпадае 550 мм ападкаў, а працягласць вегетацыйнага перыяду –- 184 дні. У якасці глебаўтваральных парод выступаюць пераважна водна-ледавіковыя і марэнныя супескі, радзей лёсападобныя супескі і старажытнаалювіяльныя пяскі. У межах Заходняй акругі вылучаюцца тры раёны, кожны з якіх мае блізкія глебава-экалагічныя ўмовы: Гродзенска-Ваўкавыска-Лідскі, Мастоўскі, Навагрудска-Нясвіжска-Слуцкі. Цэнтральная акруга характарызуецца буйнаўзгорыстым і канцова-марэнным градавым рэльефам. Ашмянскае і Мінскае ўзвышшы –- гэта самыя павышаныя тэрыторыі рэспублікі. Сустракаюцца тут і слабахвалістыя раўніны (Пухавіцка-Асіповіцкае плато і частка Цэнтральнабярэзінскай раўніны). Асноўнымі глебаўтваральнымі пародамі ў гэтай акрузе з'яўляюцца марэнныя і водна-ледавіковыя суглінкі і супескі. Месцамі сустракаюцца старажытна-алювіяльныя пяскі, а таксама тарфянікі розных тыпаў. На яе тэрыторыі выпадае 600—650 мм атмасферных ападкаў, сярэднегадавая тэмпература складае 5,5о, а вегетацыйны перыяд працягваецца 192 дні. Асаблівасці прыродных умоў розных частак Цэнтральнай акругі і характар глебавага покрыва дазваляюць вылучыць два аграглебавыя раёны: Ашмянска-Мінскі, Уздзенска-Асіповіцка-Чэрвеньскі. Усходняя акруга адрозніваецца пласкахвалістым рэльефам. Тэрыторыя расчлянёна сучаснымі рачнымі далінамі і скразнымі мелкімі далінамі старажытных патокаў. Глебаўтваральнымі пародамі ў гэтай акрузе з'яўляюцца лёсападобныя, марэнныя і водна-ледавіковыя суглінкі, водна-ледавіковыя супескі і пяскі, а таксама сучасны алювій і торф. Акруга займае крайні паўднёвы ўсход краіны, таму кліматычныя ўмовы тут найбольш суровыя ў параўнанні з умовамі іншых акруг правінцыі. Клімат больш кантынентальны. Гадавая колькасць ападкаў складае 500—550 мм. У залежнасці ад прыродных умоў і асабліва ад глебавага покрыва на тэрыторыі Усходняй акругі вылучаны два глебавыя раёны: Рагачоўска-Слаўгарадска-Клімавіцкі і Кіраўска-Гомельска-Хоцімскі. У межах апошняга раёна вылучаны яшчэ два падраёны, якія адрозніваюцца, у першую чаргу, паходжаннем глебаўтваральных парод. Паўднёвая (Палеская) глебавая правінцыя Паўднёвая правінцыя ахоплівае асобны геамарфалагічны раён –- Палескую нізіну, якая з'яўляецца вялікай слабаўвагнутай катлавінай, запоўненай старажытнаалювіяльнымі і водна-ледавіковымі наносамі, пераважна пяскамі і супескамі. Асобнымі ўчасткамі трапляюцца донна-марэнныя адклады, якія перакрыты пясчанымі тоўшчамі. Рэльеф Палескай нізіны раўнінны, з сістэмай плоскіх рачных тэрас, пераходзячых адна ў адну, і старажытных плоскіх катлавін, якія прымыкаюць да азёр Чырвонае, Выганаўскае, Спораўскае і інш. Для гэтай правінцыі характэрна наяўнасць вялізных забалочаных прастораў і балот. На фарміраванні рэльефу адбілася дзейнасць старажытных і сучасных рэк. Галоўная рака Палесся –- Прыпяць і яе прытокі –- Гарынь і Пціч маюць некалькі слабавыяўленых тэрас. Рачныя даліны шырокія і часта затарфаваныя. Паўднёвая правінцыя самая цёплая. Сума актыўных тэмператур вышэй за +10о складае ў сярэднім 2 430о, а працягласць вегетацыйнага перыяду –- 195—210 дзён. Гідратэрмічны каэфіцыент –- 1,3. Гэта сведчыць аб няўстойлівым увільгатненні тэрыторыі. У глебавым покрыве вялікую ўдзельную вагу займаюць глебы пясчанага грануламетрычнага складу. У адрозненне ад іншых правінцый значныя плошчы належаць тарфяным глебам (10,4 %). Сугліністыя глебы займаюць толькі 2,7 % (табл.33). Паўднёвая (Палеская) правінцыя падзяляецца на дзве акругі: Паўднёва-заходнюю і Паўднёва-ўсходнюю. Паўднёва-заходняя акруга паводле рэльефу –- гэта аднастайная раўніна з асобнымі шырокімі слабапрыўзнятымі грывамі і яшчэ больш шырокімі паніжэннямі. Месцамі трапляюцца прыўзнятыя на 10--15 м згладжаныя бугры. Акруга характарызуецца найменшай ва ўмовах Беларусі ўстойлівасцю зімы. У 20—30 % выпадкаў у зімовы перыяд у гэтай акрузе не ўтвараецца ўстойлівага снежнага покрыва. За год тут выпадае каля 500 мм ападкаў, вегетацыйны перыяд працягваецца 200—205 дзён, а сума актыўных тэмператур вышэй за 10о дасягае 2 500 оС. Асаблівасці прыродных умоў і глебавага покрыва далі магчымасць вылучыць у гэтай акрузе тры глебавыя раёны: Брэсцка-Драгічынска-Іванаўскі; Ганцавіцка-Лунінецка-Маларыцка-Столінска-Пінскі, які падзяляецца на чатыры падраёны, і Тураўска-Давыд-Гарадоцкі. Паўднёва-ўсходняя акруга ахоплівае наступныя геамарфалагічныя выдзелы: Гомельскае Палессе, Мазырска-Хойніцка-Брагінскую граду і Ельска-Нараўлянскую нізіну. Гэта акруга з'яўляецца найбольш засушлівай сярод іншых акруг Беларусі. У паўднёва-ўсходняй частцы яе выпадае менш за 500 мм ападкаў у год. Сярэдняя тэмпература года складае 6,5 оС, а працягласць вегетацыйнага перыяду –- 196—200 дзён. Асноўнымі глебаўтваральнымі пародамі з'яўляюцца пяскі і супескі старажытнаалювіяльнага і водна-ледавіковага паходжання. Сустракаюцца таксама лёсападобныя і марэнныя размытыя суглінкі. Невялікія плошчы займаюць тарфяныя адклады нізіннага тыпу. У межах Паўднёва-ўсходняй акругі вылучаюцца два глебавыя раёны: Любанска-Светлагорска-Калінкавіцка-Ельскі, які падзяляецца на два падраёны, і Мазырска-Хойніцка-Брагінскі. |