История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Усталяванне камандна-адміністратыўнай сістэмы ў СССР, у тым ліку і ў БССРАсноўныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця БССР у канцы 20-х – 30-я гг. ХХ стагоддзя былі звязаны са спыненнем новай эканамічнай палітыкі і беларусізацыі, разгортваннем палітычных рэпрэсій і абвінавачванняў. У гэты перыяд палітычныя змены спалучаліся з правядзеннем індустрыялізацыі, калектывізацыі, «культурнай рэвалюцыі». На той момант СССР з’яўляўся адзінай сацыялістычнай краінай у свеце, што абумовіла імкненні яго кіраўніцтва цэнтралізаваць уладу і паскораным чынам ажыццявіць усе змены, каб захаваць сацыялістычны лад пры апоры на ўласныя сілы. У 1924 годзе памёр першы кіраўнік Савецкай дзяржавы, У. Ленін і пасля ўнутрыпартыйнай барацьбы да ўлады ў партыі і грамадстве прыйшоў І. Сталін. З яго прыходам да ўлады звязана ўсталяванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання, у рамкай якой дзяржава ажыццяўляла поўны (татальны) кантроль за ўсімі сферамі жыцця грамадства. Паступова камуністычная партыя страціла рысы грамадскай арганізацыі і стала своеасаблівай часткай дзярж. структур: партыйныя мерапрыемствы фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэту, пастановы партыйных органаў былі абавязковыя для ўсіх дзяржаўных установаў, а камуністычная ідэалогія (сістэма поглядаў, пры якой абвяшчаўся класавы падыход у будаўніцтве новага сацыялістычнага ладу, звязаны з тэорыяй пра абвастрэнне класавай барацьбы па меры руху да сацыялізму) стала афіцыйнай. Барацьбой з іншадумствам, да якога далучалі любую нязгоду з афіцыйна вызначаным кірункам грамадскага развіцця, займаліся спецслужбы. Пачынаючы з 20-х гадоў, як у цэлым па СССР, так і ў Беларусі сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключаў у сябе як заканадаўчую базу, так і сістэму судовых і пазасудовых органаў і выпраўленча-працоўных лагераў (ГУЛАГ). З 1929 года "справы" класавых ворагаў сталі разглядаць так званыя "тройкі" (першы сакратар райкама, старшыня райвыканкама і начальнік мясцовага аддзялення ГПУ). Справы разглядаліся без пракурора і адваката. Абскарджанне прысудаў і памілаванне не дапушчаліся. Прысуд да вышэйшай меры пакарання выконваўся без прамаруджання. Ужо ў першай палове 30-х гадоў прайшло фактычнае адзяржаўленне грамадскіх арганізацый. Дазваляліся толькі тыя, якія ў сваіх статутах прадугледжвалі дапамогу дзяржаве ва ўсталяванні сацыялізму. Кіраўнікі буйных арганізацый падбіраліся партыйнымі органамі, уваходзілі ў партыйна-дзяржаўны наменклатурны спіс. Уніфікацыя грамадскіх арганізаціый у БССР праходзіла адначасова з астатнімі рэспублікамі СССР (напрыклад, у 1932 годзе быў створаны Саюз пісьменнікаў БССР, падпарадкаваны дзяржаве). Важнае значэнне ў грамадска-палітычным жыцці надавалася прафсаюзным арганізацыям. У лістападзе 1940 года у склад прафсаюзаў уваходзіла амаль 650 тыс. чалавек. Адбываўся рост камсамольскіх арганізацый у гарадах і вёсках (к пачатку 1941 года ў БССР налічвалался 263 тысячы камсамольцаў). Грамадзяне БССР не мелі права свабодна мяняць месца свайго жыхарства (у 1932 годзе была ўведзеная прапіска). Выезд за межы СССР, часткай якога з’яўлялася Беларусь, для большасці грамадзян да пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя фактычна забараняўся. У СССР і БССР у гэтыя гады ўсталяваўся «культ асобы», панаваў прынцып падначалення цэнтральнай уладзе. Органы ўлады дзейнічалі толькі адміністрацыйна-каманднымі метадамі кіравання У гэты час пачалося ўзвялічванне ролі аднаго чалавека, прыпісванне яму вызначальнага ўплыву на ход гістарычных падзей. У гэтых умовах Саветы, грамадскія арганізацыі, нізавыя органы самой партыі страчвалі сваё значэнне. У той жа час павялічылася роля Народнага камісарыята ўнутраных спраў, які стаў выкарыстоўвацца для распраў з тымі, чыя пазіцыя процістаяла ці не супадала з афіцыйнай. Партыйная і савецкая эліта ў гады кіравання Сталіна перыядычна змянялася, час ад часу адбываліся, напрыклад, партыйныя “чысткі”: пасля правядзення такой “чысткі” на працягу 1933 года колькасць камуністаў у КПБ(б) скарацілася з 65034 чалавек да 37909 чалавек. Падчас абмену і праверкі партдакументаў у 1935 – 1936 гадах з партыі было выключана каля паловы яе складу. Партыйныя чысткі і змены ў апараце партыі абумовілі, у тым ліку, не вельмі высокі адукацыйны узровень партыйнай эліты, больш 70% сакратароў гаркамаў і райкамаў партыі ў канцы 30-х – пачатку 40-х гг. ХХ стагоддзя мелі толькі пачатковую адукацыю, што таксама садзейнічала ўсталяванню культу адной асобы. Амаль з першых месяцаў існавання савецкай дзяржавы пачаліся рэпрэсіі. У 1917 – 1921 гадах яны былі накіраваныя галоўным чынам супраць «класавых ворагаў», якія вызначаліся паводле сацыяльнага стану ці партыйнай прыналежнасці. У 30-я гады ХХ стагоддзя накіраванасць рэпрэсій некалькі змянілася, яны закранулі, у тым ліку, і эліту новага грамадства. Пікам рэпрэсій стаў 1937 год. У гэты час была пушчана ў ход версія аб тым, што ў Беларусі дзейнічае разгалінаванае антысавецкае падполле, нацыянал-фашысцкая арганізацыя на чале з кіраўнікамі рэспублікі М. Гікалам, А. Чарвяковым, М. Галадзедам, у выніку пачаліся шматлікія арышты. У канцы 30-х гг. пачалася "чыстка" і сярод працаўнікоў ОДПУ – НКУС. У 1939 годзе быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання шэраг супрацоўнікоў Наркамата ўнутраных спраў БССР, у тым ліку пяць старшынь ОДПУ – НКУС Беларусі, у тым ліку Б. Берман, А. Наседкін, некаторыя іх намеснікі. Вельмі негатыўна на духоўным развіцці беларусаў адбіўся жорсткі дзяржаўна-партыйны кантроль за дзейнасцю творчай інтэлігенцыі. У БССР рэпрэсіі закранулі і частку дзеячаў навукі і культуры, якіх з канца 20-х гадоў сталі абвінавачваць у нацыянал-дэмакратызме. Толькі па справе "Саюза вызвалення Беларусі" у 1930 годзе было арыштавана 108 чалавек, у тым ліку В. Ластоўскі, Дз. Прышчэпаў, А. Смоліч, М. Гарэцкі і інш. У 1930 годзе зрабіў спробу самагубства Янка Купала, які ў перадсмяротным лісце адзначыў, што «лепш смерць фізічная, чым палітычная». У 1933 годзе ў БССР была "выкрыта" яшчэ адна нацдэмаўская арганізацыя – "Беларускі нацыянальны цэнтр".затым – “Працоўная сялянская партыя” – беларускі філіял (арыштавана 59 чалавек), – Прампартыя – беларускі філіял (30 чалавек), – саюзнае бюро РСДРП – меньшавікоў (30 чалавек), – “Партыя вызвалення сялян” (110 чалавек) і інш. Былі рэпрэсіраваны 826 чалавек, якія пражывалі на тэрыторыі БССР і праходзілі па спісу ўдзельнікаў беларускага нацыянальнага руху 1917 – 1924 гг. Больш паловы свайго складу ў 30-я гады пазбавіўся ў выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі. У гэты перыяд было рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Акадэміі Навук БССР. У 1937 – 1938 гадах правадзілася масавая акцыя «па выкрыцці» польскіх, нямецкіх і латышскіх «шпіёнаў». Было арыштавана каля 23,5 тысяч чалавек, больш як 21 тысяча з іх расстраляна. Рэпрэсіі 1938 года закранулі ўсе пласты грамадства, у тым ліку і арганізатараў гэтых рэпрэсій. На пачатак 2001 года ў Рэспубліцы Беларусь было рэабілітавана звыш 200 тыс. рэпрэсіраваных грамадзян). У 1937 годзе была прынята Канстытуцыя БССР. У ёй быў замацаваны шэраг дэмакратычных правоў і свабод, у тым ліку права выбіраць і быць выбраным у дзяржаўныя органы ўлады. Канстытуцыя 1937 года вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Але на самай справе ва ўмовах існавання аднапартыйнай палітычнай сістэмы быць выбраным у Вярхоўны і мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных маглі па падрыхтаваных спісах толькі члены камуністычнай партыі або беспартыйныя, якія падтрымлівалі палітыку адзінай існуючай партыі. У ходзе выбараў у Вярхоўны Савет СССР, якія адбыліся 12 снежня 1937 года, на выбарчыя ўчасткі ў БССР з’явіліся 97,4% выбаршчыкаў. Такі высокі працэнт удзельнікаў выбараў гаворыць аб магчымасці партыйных і дзяржаўных органаў мабілізаваць насельніцтва, для якога прыход на выбары з’яўляўся спосабам дэманстравання лаяльнасці да існуючага парадку. У міжваенны перыяд СССР лідзіраваў сярод іншых краін па колькасці сацыяльных праграм і развіццю сферы сацыяльнага забеспячэння. Масавая падтрымка улады савецкімі грамадзянамі, з’яўленне культу асобы Сталіна былі звязаны з развіццём сацыяльнага забеспячэння, пэўным эканамічным ростам (у 1935 году была адмененая картачная сістэма), павялічэннем магчымасцяў для сацыяльнай мабільнасці (падчас сталінскай мадэрнізацыі шматлікія савецкія грамадзяне атрымалі магчымасць змяніць свой сацыяльны статус). У рэспубліцы, як у СССР у цэлым, быў пабудаваны дзяржаўны лад, пры якім забяспечваўся стабільны жыццёвы ўзровень простых людзей за кошт выкарыстання іх працоўнага энтузіязму, а таксама жорсткай вытворчай дысцыпліны. Рэпрэсіі спалучаліся з верай людзей у правільнасць выбранага курсу і беспамылковасць палітыкі I. Сталіна.
Заходняя Беларусь у складзе Польшчы Згодна з умовамі Рыжскага міру, заключанага ў 1921 г. Заходняя Беларусь, дзе пражывала каля 5 млн. чалавек, аказалася пад уладай Польшчы. Яна была падзелена на 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Беластоцкае і Віленскае, якія ў сваю чаргу дзяліліся на гміны. Паколькі гэтая тэрыторыя гранічыла з СССР і заставалася небяспека аддзялення Крэсаў Усходніх, то польскія ўлады не імкнуліся развіваць тут прамысловасць. Структура эканомікі захавала асноўныя рысы дарэвалюцыйнага часу. Прамысловасць была прадстаўлена прыкладна 2 тысячамі прадпрыемстваў, але 80% з іх былі дробнымі, а агульны аб’ём вытворчасці ў 1939 г. не дасягнуў узроўню 1913 г. і ў 9 разоў быў меншым, чым у БССР. Асноўнымі галінамі вытворчасці былі перапрацоўка сельскагаспадарчай сыравіны і лесу. Найбольш буйнымі прадпрыемствамі лічыліся запалкавая фабрыка ў Пінску, тытунёвая і фанерная фабрыкі ў Гродна, шклозавод “Нёман” у Лідскім павеце. На развіцці прамысловасці адмоўна адбіліся эканамічныя крызісы 1924-1926 гг. і асабліва 1929-1933 гг. Колькасць прадпрыемстваў скрацілася на 17%, а занятых рабочых – на 42% і склала каля 60 тысяч чалавек. Рабочыя ў Крэсах Усходніх атрымлівалі зарплату ў 1,5-2 разы меней, чым у цэнтральных раёнах Польшчы, прычым значную частку заробка адымалі штрафы. Таму нярэдкімі былі забастоўкі рабочых. 85% насельніцтва жылі ў вёсцы і займаліся земляробствам.Але Заходняя Беларусь заставалася зонай буйнейшага ў Еўропе памешчыцкага землеўладання: 1% памешчыкаў валодалі больш чым паловай зямель. У той жа час 70% сялян адносіліся да беднякоў, якія мелі да 5 гектараў зямлі. Праблемай таксама заставаліся церазпалосіца і сервітуты. У 1925 г. Сейм Польшчы прыняў закон “Аб ажыццяўленні зямельнай рэформы”. Сутнасць яго заключалася ў парцэляцыі – прадажы часткі памешчыцкіх і дзяржаўных зямель (парцэл) і камасацыі – хутарызацыі сялянскіх гаспадарак і ліквідацыі такім чынам церазпалосіцы. Згодна з законам ліквідаваліся сервітуты, сяляне трацілі права карыстацца сумеснымі выганамі і лясамі. Да 1919 г. сялянам было прададзена каля 450 тыс. га. зямель, але праблема малазямелля ўсё ж не была вырашана. Да 1939 г. на хутары было пераселена 43% сялянскіх гаспадарак, што было выгадна перш за ўсё заможным хутаранам. Улады выкарысталі камасацыю для перасялення на хутары ў пагранічнай зоне ваенных каланістаў – асаднікаў з мэтай стварыць санітарны кардон каля БССР. Асаднікі атрымлівалі бясплатна або на льготных умовах ад 10 да 45 гектараў зямлі, якую затым часцей за ўсё здавалі ў арэнду малазямельным сялянам. Усяго на хутары перасяліліся каля 10 тысяч асаднікаў. Цяжкае эканамічнае становішча прымушала жыхароў Заходняй Беларусі мігрыраваць за мяжу ў пошуках сезоннай працы або на пастаяннае месца жыхарства. З 1921 па 1939 гг іх колькасць склала 130 тысяч чалавек. Польскія ўлады праводзілі на землях Заходняй Беларусі паланізатарскую палітыку і акаталічванне. З 500 праваслаўных храмаў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы. 359 беларускіх школ, якія існавалі ў 1919, былі закрыты. Толькі дзякуючы намаганням Таварыства беларускай школы, якое дзейнічала з 1921 па 1937 гг, у 1927 г. урад дазволіў адкрыць 24 беларускія і 49 змешаных польска-беларускіх школ. Але і польскіх школ не хапала. Па стану на 1939 г. 35% насельніцтва Заходняй Беларусі былі непісьменнымі. Тут не было беларускіх тэатраў, музычных устаноў. У тры разы скарацілася колькасць беларускіх газет і часопісаў, да 1939 г. іх засталося толькі 8. Але і ў гэтых складаных умовах не згасала беларускае слова, галоўным чынам у мастацкай літаратуры. Да гэтага часу адносіцца літаратурная дзейнасць Максіма Танка, Янкі Брыля, Міхася Машары і іншых. Складанае эканамічнае, культурнае, нацыянальнае становішча насельніцтва падштурхоўвала народныя масы да рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Перыядычна, асабліва ў гады крызісаў, актывізоўваўся стачачны рух. Ужо з 1921 г. разгарнулася партызанская барацьба, удзел у ёй прынялі каля 6 тысяч чалавек. Паводле афіцыйных звестак, у 1922-1923 гг. партызаны здзейснілі 1380 нападаў на памешчыцкія маёнткі, паліцэйскія ўчасткі. У 1923 г. была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Нягледзячы на тое, што згодна з крымінальным кодэксам прыналежнасць да камуністычнай партыі каралася пажыццёвым турэмным зняволеннем, у яе шарэнгах налічвалася да 4 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж юнакоў і дзяўчат аб’ядноўваў і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). КПЗ лічылася часткай Кампартыі Польшчы, але фактычна і арганізацыйную, і матэрыяльную дапамогу ёй аказвала КП(б)Б. КПЗБ і КСМЗБ стаялі на чале ўзброенай барацьбы. II канферэнцыя КПЗБ 30 лістапада 1924 г. ўзяла курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання, але яно пацярпела няўдачу. Восенню 1925 г. узброеная барацьба ў Заходняй Беларусі, па сутнасці, спынілася. На першы план сталі выходзіць легальныя формы барацьбы. У 1921-1923 гг. значны ўплыў сярод сялянства мелі беларускія эсеры. Але ў 1924 г. БПС-Р спыніла сваю дзейнасць, а група каля 300 чалавек - левых эсераў утварылі Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА) і ўліліся ў склад КПЗБ. Нацыянальны ўхіл, але зусім другі праграмны напрамак мела Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Яна выступала за эвалюцыйны шлях развіцця, агранічаныя рэформы, у прыватнасці, за надзяленне сялян зямлёй, але за выкуп, дэмакратычныя свабоды, захаванне духоўных каштоўнасцей. Летам 1925 г. левыя сілы кансалідзіраваліся ў масавую легальную арганізацыю – Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Яна дзейнічала легальна, выкарыстоўваючы сродкі масавай прапаганды, сеймавую фракцыю – Беларускі пасольскі клуб (БПК). БСРГ дабівалася дэмакратычных свабод, перадачы зямлі сялянам без выкупу, скасавання асадніцтва, васьмігадзіннага рабочага дня, аб’яднання беларускіх зямель у адзінай незалежнай рэспубліцы. Хутка колькасць членаў грамады дасягнула 120 тысяч чалавек. Занепакоеныя ростам папулярнасці БСРГ, улады ў 1927 г. распусцілі грамаду і арыштавалі каля 500 яе актывістаў. Пасля ліквідацыі грамады адзінай легальнай формай барацьбы стала дэпутацкая фракцыя, якая пасля выбараў у сейм ў 1928 г. склала 10 чалавек. Яны ўтварылі Беларускі сялянска-рабочы пасольскі клуб “Змаганне”, але шырокага ўплыву сярод насельніцтва гэтае згуртаванне не мела. У першай палове 30-х гадоў нацыянальна - вызваленчы і рэвалюцыйны рух перажывалі крызіс. Узмацнілася рэпрэсіўная палітыка ўлад, у 1934 г. ў г. Бяроза-Картузская быў створаны першы ў Еўропе канцэнтрацыйны лагер. Сейм быў распушчаны. Пачаліся арышты. КПЗБ зрабіла спробу стварыць адзіны рабочы і антыфашысцкі Народны фронт, але пасля некаторага ажыўлення ў 1936-1937 гг. пачаўся спад рабочага і сялянскага руху. У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь была ўз’яднана з БССР. У другой палове верасня ўсходнія вобласці Польшчы былі заняты Чырвонай Арміяй. У некаторых населенных пунктах мяжа, пазначаная ў сакрэтным пратаколе да пакта 23 жніўня, была парушана германскімі войскамі, але пасля перамоў савецкіх і нямецкіх прадстаўнікоў усё было прыведзена ў адпаведнасць з папярэднімі пагадненнямі. У Брэсце адбыўся шырока вядомы цяпер сумесны парад савецкіх і германскіх войскаў, які прымалі генерал Г. Гудэрыян і камбрыг С. Крывашэін. 28 верасня 1939 года ў Маскве, пасля перамоў І. Сталіна і В. Молатава з нямецкім міністрам І. фон Рыбентропам, была падпісана савецка-германская дамова аб сяброўстве і мяжы. У адпаведнасці з ёй былі зменены межы сфер уплыву, якія былі вызначаны раней пактам ад 23 жніўня 1939 года: Літва ўваходзіла ў сферу ўплыву СССР у абмен на Люблінскае і частку Варшаўскага ваяводстваў, якія перадаваліся Германіі. Польшча знікла з карты Еўропы. Польскі ўрад Сікорскага, які быў створаны 30 верасня 1939 года ў Лондане (ужо пасля падпісання савецка-германскай дамовы), абвясціў гэта чацвёртым падзелам Рэчы Паспалітай і адмовіўся прызнаць законнасць гэтага акта, заклікаўшы палякаў і іх саюзнікаў да барацьбы за аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах да 1 верасня 1939 года. 10 кастрычніка 1939 года, згодна з рашэннем урада СССР, Літва атрымала Вільню і Віленскае ваяводства, а летам 1940 года – яшчэ некалькі раёнаў Заходняй Беларусі. Большасць сялян, рабочых, рамеснікаў, беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі сустракала Чырвоную Армію як вызваліцельніцу. Аднак партыйнае кіраўніцтва не мела да іх даверу, таму вырашыла на дзяржаўныя і партыйныя пасады ў мясцовай адміністрацыі прызначыць спецыялістаў з іншых рэгіёнаў СССР. 20 верасня 1939 года ЦК кампартыі Беларусі склаў спісы прадстаўнікоў для часовага кіраўніцтва, былі падабраныя на адказныя пасады партыйныя, савецкія і гаспадарчыя кадры. Усяго да 10 кастрычніка 1940 года ў Беластоцкую вобласць было накіравана 12 396 чалавек, Брэсцкую – 5 989 чалавек. Ва ўсіх гарадах і паветах былі створаны часовыя ўправы, у вёсках – сялянскія камітэты з мясцовых актывістаў, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і накіраваных з усходніх раёнаў камуністаў і камсамольцаў. Яны наладзілі працу прамысловых прадпрыемстваў, займаліся медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і адчынялі школы для дзяцей. 1 кастрычніка 1939 года Палітбюро ЦК УКП(б) прыняло пастанову “Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”, у якім абавязала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы. 22 кастрычніка 1939 года ў Заходняй Беларусі былі праведзены выбары ў Народны сход (выбрана 929 дэпутатаў). Фактычна ад гэтых выбараў былі адхілены варожыя савецкай уладзе колы, таму асноўную масу дэлегатаў склалі прадстаўнікі былых КПЗБ і камсамольскай арганізацыі Заходняй Беларусі, збяднелага сялянства, пралетарыяту. Па нацыянальным складзе асноўная маса дэпутатаў (621 чалавек) былі беларусамі, на другім месцы – палякі (127 чал.), на трэцім – украінцы (53 чал.), рускія – усяго 43 чалавека, таксама налічвалася невялікая колькасць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. 28 – 30 кастрычніка ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён прыняў дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці, аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад СССР і БССР, абраў паўнамоцную камісію, якая павінна была перадаць Вярхоўным Саветам СССР і БССР яго рашэнні. 2 лістапада 1939 года сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада сесія Вярхоўнага Савета БССР прынялі законы аб далучэнні Заходняй Беларусі да складу СССР і ўз’яднанні яе з БССР. У выніку гэтага тэрыторыя БССР павялічылася з 125,5 тыс. кв. км да 225,7 тыс. кв. км, а колькасць насельніцтва ўзрасла ў 2 разы і склала 10 200 000 чалавек. У снежні 1939 – студзені 1940 гг. быў праведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці і 101 раён. У лютым – сакавіку 1940 года былі заснаваны адпаведныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, мясцовыя органы ўлады. Паўсюдна пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні. У лістападзе – снежні 1939 года былі нацыяналізаваны не толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, але і частка дробных, аднак гэта не супадала з рашэннямі Народнага Сходу Заходняй Беларусі. Аднаўляліся і рэканструяваліся прамысловыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Да канца 1940 года ў Заходняй Беларусі дзейнічалі 392 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 40 тысяч чалавек. Аб’ём прамысловай прадукцыі, у параўнанні з 1938 годам, вырас у 2 разы. Да вайны было створана 1115 калгасаў, якія аб'ядноўвалі 6,7% гаспадарак і 7,8% усёй зямлі. У адносінах да кулацтва праводзілася палітыка абмежавання яго ў маёмасных і палітычных правах. З раду раёнаў заходніх абласцей Беларусі органамі НКУС была выселена частка заможнага сялянства. У красавіку 1941 года былі ўсталяваныя нормы землекарыстання на сям’ю ў памеры 10, 12, 15 гектараў зямлі ў залежнасці ад мясцовых умоў. У заходніх абласцях была створана савецкая сістэма сацыяльнага забеспячэння, уведзена бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, адчынена шмат паліклінік, шпіталей. У 1940/41 вучэбным годзе дзейнічалі 5958 агульнаадукацыйных школ, 5 інстытутаў, 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Працавалі 5 драмтэатраў, 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. У беларускую савецкую літаратуру прыйшлі новыя людзі: П. Пестрак, М. Танк, У. Таўлай і інш. Адначасова з мерапрыемствамі па пашырэнню сацыяльнай базы новай улады пачалася барацьба з “ворагамі народа". У канцы верасня 1939 года былі арыштаваныя, а затым рэпрэсіраваныя шэраг беларускіх дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху – А. Луцкевіч, У. Багдановіч, А. Станкевіч, І. Пазняк і інш. Паводле сакрэтнай пастановы НКУС СССР з Заходняй Беларусі высяленню падлягалі працаўнікі лясной аховы і асаднікі. З лютага 1940 па 20 чэрвеня 1941 гг. было рэпрэсіравана каля 100 тыс. чалавек. У 1939 – 1941 гг. на тэрыторыі заходніх абласцей дзейнічалі польскія падпольныя арганізацыі "Саюз барацьбы за незалежнасць Польшчы", "Саюз узброенай барацьбы", "Саюз польскіх патрыётаў", "Стральцы" і інш. Яны вялі антысавецкую прапаганду, стваралі таемныя сховішчы зброі. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР было актам гістарычнай справядлівасці. Яно паклала канец падзелу Беларусі, аднавіла яе тэрытарыяльную цэласнасць, аб'яднала беларускі народ у адну сям'ю. Заходнія вобласці БССР за 1 год і 9 месяцаў зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў.
Канец 30-х гадоў XX ст. быў адзначаны рэзкім пагаршэннем міжнароднага становішча. Германія не ўтойвала сваіх захопніцкіх планаў і рыхтавалася да будучай вайны, яна правяла мілітарызацыю сваёй эканомікі і ўсяго грамадства. У сакавіку 1938 года адбыўся аншлюс Аўстрыі – яе тэрыторыя "добраахвотна" ўвайшла ў склад Германіі. Услед за гэтым, у верасні 1938 года, Гітлер запатрабаваў перадаць рэйху Судзецкую вобласць – рэгіён Чэхаславацкай дзяржавы, дзе пражывала 3,3 млн. немцаў (усё насельніцтва Чэхаславакіі складала тады 11 мільёнаў). Краіны Заходняй Еўропы (Англія і Францыя) занялі пазіцыю "супакаення агрэсара". Яны не жадалі пачынаць ваенныя дзеянні, думалі, што уступкамі змогуць накіраваць Германію на Усход і падштурхнуць яе да вайны з СССР. Таму пры пасрэдніцтве Італіі ў Мюнхене была праведзена канферэнцыя, на якой прысутнічалі кіраўнікі чатырох дзяржаў: Германіі, Італіі, Англіі і Францыі. На гэтай канферэнцыі без удзелу Чэхаславакіі было прынята рашэнне перадаць Судзеты Германіі. Фактычна гэта азначала крах Версальска-Вашынгтонскай сістэмы, бо Францыя і Англія выступалі гарантамі недатыкальнасці малых краін, якія ўзніклі пасля першай сусветнай вайны ў Еўропе. У сакавіку 1939 года астатняя частка Чэхаславакіі была захоплена Германіяй, Багемія і Маравія былі пераўтвораныя ў пратэктараты ў складзе рэйха, а Славакія стала асобнай дзяржавай, цалкам падпарадкаванай нацысцкай Германіі. Наступным стала польскае пытанне. Германія патрабавала вярнуць ёй горад Данцыг (Гданьск) разам з так званым "Данцыгскім калідорам" – вузкай палоскай зямлі, якая далучала Польшчу да мора і абасабляла цэнтральную частку Германіі ад Усходняй Прусіі. Англія і Францыя бачылі, што пагроза ваеннага канфлікту нарастае, таму заявілі аб прадстаўленні гарантый незалежнасці Польшчы, Румыніі, Грэцыі, Турцыі, якім пагражала нацысцкая агрэсія. Таксама лідэры Еўропы прынялі прапанову СССР пачаць палітычныя і ваенныя перамовы ў мэтах заключэння дамоўленасцяў у выпадку нападу Германіі. Аднак гэта быў усяго толькі палітычны манеўр, каб пацягнуць час і не даць савецкаму ўраду магчымасці засцерагчы сябе ад нападу якім-небудзь іншым сродкам. Становішча СССР у такіх умовах было няпростым. Яшчэ з 1933 года савецкае кіраўніцтва паслядоўна выказвалася за стварэнне ў Еўропе сістэмы калектыўнай бяспекі, аднак гэта не было да спадобы Вялікабрытаніі і Францыі, якія жадалі сутыкнуць Германію і СССР і пры гэтым застацца ўбаку, каб затым скарыстацца плёнам перамогі знясіленай дзяржавы. З іншага боку, нямецкае кіраўніцтва настойліва шукала збліжэння з СССР, бо яшчэ з часоў Веймарскай рэспублікі паміж краінамі існавала ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, у першую чаргу ў ваеннай і эканамічнай сферах. Таму ў момант найбольшага напружання сітуацыі, калі стала відавочным нежаданне Англіі і Францыі сапраўды дамоўленасць, якая магла бы засцерагчы СССР ад агрэсіі, савецкі ўрад па ініцыятыве Германіі 23 жніўня 1939 г. падпісаў пакт аб ненападзе з Германіяй – "Пакт Молатава - Рыбентропа". Сам па сабе пакт з'яўляўся адкрытым афіцыйным дакументам, апублікаваным у друку, і не насіў выключнага характару. Аднак да пакта прыкладаліся сакрэтныя пратаколы, аб якіх шырокая грамадскасць пазнала толькі праз дзесяткі гадоў пасля вайны. Паводле гэтых пратаколаў усталёўвалася мяжа сфер уплыву Германіі і СССР. Да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза адносіліся памежныя з Фінляндыяй тэрыторыі ў раёне Ленінграда, Прыбалтыка, усходняя тэрыторыя Польскай дзяржавы (фактычна, землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны), Бесарабія. Вызначэнне сферы ўплыву СССР ў Беларусі прайшло па так званай “Лініі Керзана” – гэтая мяжа была прапанавана яшчэ ў гады першай сусветнай вайны і вызначала этнічныя раёны пражывання беларусаў на памежжы з этнічнымі польскімі раёнамі. 1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. 3 верасня Францыя і Англія абвясцілі вайну Германіі. Пачалася другая сусветная вайна. Нягледзячы на мужны супраціў польскага войска ў Гдыні, Модліна, Варшавы, Польшча не змагла супрацьстаяць добра ўзброеным арміям гітлераўскага рэйха. Да сярэдзіны верасня германскіе войскі занялі амаль усе стратэгічныя цэнтры Польшчы, 14 верасня ўзялі ў аблогу Брэст, 15 верасня паў Беласток. Апошнім цэнтрам супраціву заставалася Варшава. Польскае палітычнае кіраўніцтва вымушана было пакінуць краіну, спачатку яно выехала ў Румынію, а потым – у Вялікабрытанію. Лёс Польшчы быў прадвызначаны. Англія і Францыя, якія былі звязаны з ёй дамоўленнасцямі аб ваеннай дапамозе ў выпадку агрэсіі, абвясцілі вайну Германіі, аднак ніякіх ваенных дзеянняў не пачалі і фактычна аддалі Польшчу Гітлеру. Гэта было здрадніцтвам. Савецкае кіраўніцтва не збіралася моўчкі пазіраць на развіццё сітуацыі ў Польшчы і пачало падрыхтоўку да ваенных дзеянняў. 7 верасня 1939 года ў заходніх ваенных акругах пачалася патаемная мабілізацыя пад выглядам "вялікіх вучэбных збораў". 11 верасня на базе Беларускай асобнай ваеннай акругі (БАВА) было створана кіраванне Беларускага фронту (камандуючы М. Кавалёў), а на базе Кіеўскай асобай ваеннай акругі – кіраванне Украінскага фронту (камандуючы С. Цімашэнка). Як вядома, франты ствараюцца толькі ва ўмовах вайны. Наркам абароны Б. Шапашнікаў выдаў загад, дзе патрабаваў да зыходу 11 верасня 1939 года таемна падрыхтаваць войскі і быць гатовымі да рашучага наступу, каб маланкавым ударам разграміць войскі саперніка, што будуць супрацьстаяць Чырвонай Арміі. Савецкая падрыхтоўка да ваенных дзеянняў суправаджалася моцным дыпламатычным ціскам з боку Германіі, якая праз сваё міністэрства замежных спраў падштурхоўвала СССР да ваенных дзеянняў супраць Польшчы. Для Гітлера было неабходна, каб СССР не стаў на бок Англіі і Францыі і не ўтварыў з імі антыгерманскую кааліцыю. Лепей усяго было б уцягнуць Савецкі Саюз у вайну і прадставіць яго ў якасці агрэсара. Аднак Сталін і яго акружэнне таксама разумелі тайныя матывы германскай дыпламатыі, пагэтаму адцягвалі ваенную акцыю да прыдатнага часу і стваралі ідэалагічны падмурак для ўваходу ў Польшчу, які б мог задаволіць міжнароднае грамадства. 14 верасня 1939 года газета "Праўда" змясціла падрыхтаваны А.А. Жданавым артыкул, у якім галоўнай прычынай паражэння Польшчы называўся прыгнёт нацыянальных меншасцяў (украінцаў і беларусаў). Гэты артыкул стаў праграмным дакументам савецкай прапаганды па абгрунтаванню дзеянняў у адносінах да Польшчы. Савецкае кіраўніцтва заклікала войскі Чырвонай Арміі "узяць пад сваю абарону насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі" (з радыёвыступлення В.М. Молатава 17 верасня 1939 г.). Раніцай 17 верасня 1939 г. савецкія войскі перайшлі польскую мяжу. Ў баявым загадзе № 1 Беларускага фронту адзначалася, што галоўным сілам польскага войска нанесена паражэнне германскімі войскамі, і ставілася задача "садзейнічаць паўстаўшым працоўным і сялянам Беларусі і Польшчы ў звяржэнні іга памешчыкаў і капіталістаў і не дапусціць захопу тэрыторыі Заходняй Беларусі Германіяй". Беларускі фронт налічваў больш за 200 тыс. салдат і афіцэраў. Яму процістаяла 45 тыс. польскіх ваенных. Для палякаў умяшанне СССР было нечаканым. Польскае ваеннае кіраўніцтва не мела магчымасці аказаць узброены супраціў і аддало загад: "З Саветамі баявых дзеянняў не вясці". Тым не менш, у асобных месцах адбываліся сур'ёзныя баі, у якіх страты панеслі і той, і другі бок. Напрыклад, каля Гродна савецкія войскі страцілі 16 танкаў, 47 чалавек забітымі і 156 параненымі. Агульныя страты Беларускага фронту склалі 316 чал. забітымі і 642 параненымі, а агульныя страты Чырвонай Арміі – 1475 чалавек забітымі. Міжнародныя адносіны напярэдадні і ў пачатку другой сусветнай вайны У 30-я гады міжнародная абстаноўка ў свеце ўскладнілася. На Далёкім Усходзе Японія пачала агрэсію супраць Кітая. Утварыўшы на захопленай частцы кітайскай тэрыторыі марыянетачную дзяржаву – Манчжоу-го, яна пачала з гэтага плацдарма варожыя дзеянні на ўсходняй мяжы СССР. На еўрапейскім плацдарме ў Германіі, Італіі былі ўсталяваны фашысцкія рэжымы і гэтыя краіны пачалі хутка нарошчваць ваенную магутнасць з мэтай перагляду сфер уплыву і міжнародных адносін, якія ўсталяваліся пасля першай сусветнай вайны. Ім супрацьстаялі у першую чаргу Францыя і Англія – пераможцы першай сусветнай вайны, якія не хацелі траціць свае калоніі і іншыя набытыя тэрыторыі, а таксама свой уплыў у Еўропе. У парушэнне умоў Версальскага дагавора ў Германіі была ўведзена ўсеагульная воінская павіннасць, разгарнуліся падрыхтоўка магутнай рэгулярнай арміі, выпуск цяжкага ўзбраення, хуткімі тэмпамі ствараліся ваенна-паветраныя і ваенна-марскія сілы. Савецкі Саюз у гэтых умовах імкнуўся не ўмешвацца ў канфлікты еўрапейскіх дзяржаў. Адначасова савецкі ўрад спрабаваў стварыць сістэму еўрапейскай бяспекі з мэтай стрымлівання агрэсараў, але безпаспяхова. З другога боку, у 1936 г. Германія, Італія і Японія заключылі “Антыкамінтэрнаўскі пакт”, накіраваны ў першую чаргу супраць СССР. З гэтага ж года Германія і Італія пачалі тэрытарыяльныя захопы: Італія захапіла Абісінію(Эфіёпію), Германія ўвяла войскі ў дэмілітарызованную рэйнскую зону, пазней, у 1938 г. – у Аўстрыю. У 1939 г. Італія акупіравала Албанію. У гэты час японскія групіроўкі войск пачалі ваенныя дзеянні супраць СССР спачатку ў раёне возера Хасан, пазней, у 1939 г., на рацэ Халгін-Гол, дзе былі разгромлены савецкімі і мангольскімі вайсковымі падраздзяленнямі. Але для СССР міжнародная абстаноўка заставалася вельмі напружанай. Японія працягвала займаць варожую пазіцыю. У Еўропе кіраўнікі Францыі і Англіі імкнуліся накіраваць агрэсію Германііі на ўсход, таму ў верасні 1938 г. у Мюнхене згадзіліся на ўступку Германіі часткі Чэхаславакіі, што прывяло пазней да поўнай анексіі гітлераўцамі гэтай краіны. Перагаворы, якія ў 1939 г. пачалі СССР, Англія і Францыя, закончыліся беспаспяхова. У умовах узрастання міжнароднай напружанасці і з’яўлення небяспекі супрацьстаяння кааліцыі дзяржаў на Усходзе і Захадзе СССР прыняў прапанову Германіі заключыць пакт аб ненападзе. Гэты дагавор тэрмінам на 10 гадоў быў падпісаны 23 жніўня 1939 г. 1 верасня 1939 г. у адпаведнасці з прынятым яшчэ ў красавіку планам “Вейс” Германія пачала ваенныя дзеянні супраць Польшчы. Польская армія значна ўступала нямецкай ў колькасных і якасных адносінах, таму на працягу тыдня ваенные дзеянні былі фактычна скончаны разгромам гэтай краіны. Польскі ўрад эмігрыраваў ў Лондан. 3 верасня згодна з заключанымі з Польшчай дамовамі Англія і Францыя аб’явілі вайну Германіі. Лакальны ваенны канфлікт такім чынам перарос у сусветную вайну. У умовах, калі польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і да 25 верасня Заходняя Беларусь і Заходняя Україна адыйшлі да СССР. 28 верасня 1939 г. быў заключаны дадатковы дагавор з Германяй, які замацоўваў новыя дзяржаўныя межы. На вызваленых тэрыторыях Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны утвараліся часовыя органы ўлады, пачаліся выбары дэлегатаў на Народныя сходы. Народны сход заходняй Беларусі адбыўся 28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. Ён прыняў Дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады і аб’яднанні з БССР. 2 лістапада 1939 г. нечарговая У сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР заканадаўча замацавалі ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Замест ваяводстваў былі ўтвораны 5 вобласцей, пачаліся сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні: нацыяналізаваны 1700 прадпрыемстваў, разгарнуліся іх рэканструкцыя, будаўніцтва новых фабрык і заводаў, ліквідавана беспрацоўе, сялянам перададзена каля 1 млн. гектараў памешчыцкай зямлі, адкрыты каля 6 тысяч школ, 12 тэхнікумаў. 5 інстытутаў, але ў той жа час пачаліся рэпрэсіі супраць былых памешчыкаў, асаднікаў. Вільня і Віленскі край, якія таксама былі вызвалены Чывонай Арміяй ад улады Польшчы згодна з дагаворам, заключаным 10 кастрычніка 1939 г. паміж СССР і ўрадам Літвы, адыйшлі да Літоўскай рэспублікі. На працягу 1939 і 1940 гг. Германія праводзіла актыўныя дзеянні па далучэнню новых тэрыторый. Вайна з Англіяй і Францыяй, якая спачатку атрымала назву “дзіўнай” з-за пасіўнасці старон, абярнулася актывізацыяй дзейнасці Германіі, якая захапіла Бельгію, Галандыю і ў чэрвені 1940 г. прымусіла капітуліраваць Францыю. Пазней былі захоплены Данія, Нарвегія, а ў красавіку 1941 г. – Югаславія. Такім чынам, да лета 1941 г. амаль уся Еўропа была акупіравана Германіяй. СССР таксама пачаў узмацняць свае заходнія межы. 29 лістапада СССР парваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй і 30 лістапада пачаў вайну. Пасля цяжкіх баёў і значных страт да сакавіка 1940 г. абарона праціўніка была прорвана і 12 сакавіка быў падпісаны мір, згодна з якім да СССР адыходзіла тэрыторыя на Карэльскім перашыйку і ў раёне Мурманска. У ліпені 1940 г у выніку змены ўрадаў у Літве, Латвіі і Эстоніі была аб’яўлена савецкая ўлада і прыбалтыйскія рэспублікі ўвайшлі ў склад СССР. У жніўні 1940 г. савецкі ўрад патрабаваў ад Румыніі перадачы Бесарабіі і Паўночнай Букавіны, у выніку была ўтворана Малдаўская ССР. Пасля акупацыі амаль усёй Еўропы Германія пачала рыхтавацца да інтэрвенцыі на Англію, але няўдачы ў паветраным супрацьстаянні, цяжкасці пры фарсіраванні праліва Ла-Манш, а таксама супярэчнасці на перагаворах паміж Германіяй і СССР у Берліне ў лістападзе 1940 г. прывялі да таго, што ў снежні 1940 г. Гітлер зацвердзіў дырэктыву № 21- план “Барбароса” і пачаў рыхтавацца да вайны з СССР. Пачатак Вялікай айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі Згодна з планам “Барбароса” супраць СССР было сканцэнтравана 190 дывізій, у тым ліку 19 танкавых і 14 матарызаваных, 4 паветраных флоты, у складзе якіх налічвалася каля 5,5 млн. салдат і афіцэраў, каля 4,3 тыс. танкаў, 47 тыс. гармат, каля 5,5 тысяч самалётаў. Чырвоная Армія к чэрвеню 1941 г. налічвала каля 5 млн. чалавек, з іх на заходніх межах знаходзілася каля паловы яе складу. Але па колькасці танкаў і самалётаў Чырвоная Армія не ўступала нямецкай. 22 чэрвеня 1941 г. Германія без аб’явы вайны пачала ваенныя дзеянні супраць СССР. На яе баку выступілі таксама Італія, Фінляндыя, Венгрыя і Румынія. Гітлер і ваеннае камандаванне разлічвалі на ўнутраную слабасць савецкай ўлады, міжнацыянальныя канфлікты і, галоўным чынам, на ваенную магутнасць германскай арміі, што дазволіць, на іх думку, правесці “бліцкрыг”, разграміць СССР за некалькі тыдняў. Наступленне вялося сіламі трох груп армій – “Поўнач”, ”Цэнтр” і “Поўдзень”, пры гэтым большая частка бронетанкавых сіл і авіяцыі была сканцэнтравана ў цэнтры. Войскі Заходняй асобнай вайсковай акругі, якія дыслацыраваліся ў Беларусі, на напрамку галоўнага ўдара вермахта, мелі прыкладна аднолькавую колькасць танкаў і самалётаў, але ўступалі праціўніку ў жывой сіле і лёгкім узбраенні. Стварыўшы 3-4-кратную перавагу ў сілах на напрамках галоўных удараў, нямецкія арміі хутка прарвалі абарону савецкіх войск у раёнах Брэста і Гродна і пачалі хутка рухацца ў напрамку Мінска. Спробы правесці контрудары з боку Беластока і ў раёне Камянца-Жабінкі значных вынікаў не далі. Жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе было знішчана 100 і падбіта больш за 200 танкаў праціўніка, але 28 чэрвеня горад быў захоплены і ў акружэнне трапілізначныя сілы савецкіх войск. У канцы чэрвеня напружаныя баі шлі на Бабруйскім і Барысаўскім напрамках. У раёне Бабруйска мужна абараняліся байцы 4-га паветрана-дэсантнага корпуса. На р. Бярэзіна каля Барысава амаль 3 дні стрымлівалі праціўніка часці 1-й Маскоўскай пралетарскай дывізіі і курсанты танкавага вучылішча. Яны нанеслі значны ўрон нямецкім войскам, але вымушаны былі адступіць. Няўдачай закончылася спроба савецкага камандавання стварыць новую лінію абароны па р. Днепр -Заходняя Дзвіна. Гераічна абараняла г. Віцебск 153-я стралковая дывізія. Жорсткія баі разгарнуліся ў раёне г. Оршы, тут 14 ліпеня ўпершыню былі ўведзены ў дзеянне рэактыўныя ўстаноўкі, якія затым атрымалі назву “Кацюшы”. 23 дні працягвалася абарона г. Магілёва. Не здолеўшы захапіць горад лабавым ударам, гітлераўцы фарсіравалі Днепр на флангах каля гарадоў Шклоў, Быхаў, Чавусы і такім чынам акружылі горад. Але і ў акружэнні байцы 172-й стралковай дывізіі і народнага апалчэння 10 дзён стрымлівалі націск 6 пяхотных і танкавых дывізій праціўніка. Толькі 12 ліпеня ў 12-гадзінным баю на буйнічскім полі вораг страціў 39 танкаў. У ноч з 25 на 26 ліпеня абаронцы Магілёва зрабілі спробу прарвацца з акружэння, частцы гэта ўдалося, але многія загінулі. 6 ліпеня сіламі ў раёне Лепеля-Сянно быў праведзены контрудар сіламі двух мехкарпусоў. З двух бакоў у баях удзельнічалі да 1500 танкаў. На гомельскім напрамку быў нанесены контрудар у напрамку г. Бабруйска, у выніку часова былі вызвалены Жлобін і Рагачоў. Кавалерыйская група ў складзе 3 дывізій пад камандаванем генерала А.Гарадавікова ў ходзе кавалерыйскага рэйда вызваліла Глуск, Старые Дарогі. Нягледзячы на частковыя поспехі, гэтыя контрудары не змянілі агульны ход ваенных дзеянняў, але адцягнулі буйныя сілы праціўніка, нанеслі яму значны ўрон. У цэлым жа Чырвоная Армія панесла ў Беларусі вялікія страты і павінна была адступаць. Але і гітлераўскае камандаванне, сутыкнуўшыся з жорсткай абаронай на цэнтральным напрамку, павінна было мяняць свае планы. 4 жніўня на нарадзе ў г. Барысаве Гітлер аддаў загад часова прыпыніць наступленне ў цэнтры, каб умацаваць флангі групы армій “Цэнтр”. Такім чынам быў выйграны час для арганізацыі рубяжоў абароны на маскоўскім напрамку. Згодна з атрыманай дырэктывай 25 дывізій вермахта, галоўным чынам танкавых і матарызованных, павярнулі на гомельскі напрамак, дзе абараняліся 13-я і 21-я арміі. 19 жніўня Гомель быў захоплены ворагам і да канца жніўня ўся тэрыторыя Беларусі аказалася ў зоне акупацыі. Такім чынам, з аднаго боку план “Барбароса”, які прадугледжваў заканчэнне вайны за 3-4 тыдні, з-за жорсткага супраціўлення савецкіх войск, быў правалены. Ворагу былі нанесены значныя страты і Беларусь была захоплена толькі ў выніку 2-месячных баёў. З другога боку, Чырвоная Армія ў пачатковы перыяд вайны атрымала вельмі вялікія страты ў салдатах, афіцэрах, ваеннай тэхніцы. Гітлер і яго акружэнне ў канцы ліпеня былі ўпэўнены, што вайна супраць СССР ужо выйграна. Якія ж прычыны няўдач ў пачатковы перыяд вайны? Вызначыць дакладную дату нападу Германіі на СССР, калі яна неаднаразова пераносілася, а звесткі разведорганаў былі вельмі супярэчлівымі, было практычна нельга. Таму адмоўную роль сыграў фактар нечаканасці і парушэння міжнародных норм. Войны звычайна пачыналіся з фармальнага аб’яўлення, што давала хаця б мінімум часу для прывядзення войск у баявую гатоўнасць. З прычыны нечаканасці нападу трэцяя частка самалётаў была знішчана прама на аэрадромах, што забяспечыла люфтваффе панаванне ў паветры і, як вынік, эфектыўнае знішчэнне жывой сілы і тэхнікі ў час бамбардзіровак. Тут сыгралі сваю роль і пралікі савецкага камандавання, якія часам мяжуюць з злачынствам, калі, напрыклад, неразгрупаваныя і амаль не замаскіраваныя самалёты на пагранічных аэрадромах фактычна ператварыліся ў мішэні, а зенітная артылерыя 4-й арміі была вывезена за 400 км. на ўсход для вучэнняў. Трэба адзначыць, што камандуючы ваенна-паветранымі сіламі генерал А. Таюрскі быў растраляны. Нягледзячы на значныя поспехі ў індустрыялізацыі, за адносна кароткі час савецкая прамысловасць, у тым ліку і ваенна-прамысловы комплекс, не маглі пераадолець адставанне ад заходніх краін у тэхнічным прагрэсе.У выніку ў пачатку вайны нямецкія войскі не толькі пераўзыходзілі савецкія колькасна, але і па агнявой моцы, мабільнасці. Нямецкія пяхотныя дывізіі ў асноўным былі ўзброены аўтаматычнай зброяй, механізаваны, добра забяспечаны радыёсувяззю. Адсутнасць жа радыёсувязі і залежнасць ад правадной фактычна паралізавалі кіраванне савецкімі войскамі ў пачатковы перыяд вайны, не давалі магчымасць аператыўна кіраваць падраздзяленнямі ў часы боя або пры манеўраванні. Дарэчы, быў растраляны і начальнік сувязі Заходняга Фронта генерал А. Грыгор’еў. Гітлераўцы выкарысталі такія часовыя перавагі, як мілітарызацыя эканомікі, працяглая падрыхтоўка да вайны, адмабілізованнасць і якасць узброенасці войск, загадзя сканцэнтраваных у пагранічнай паласе.На патрэбы вермахта працавала эканоміка амаль усёй Еўропы. Камандаванне мела ўжо накоплены двухгадовы практычны вопыт вядзення ваенных дзеянняў, выпрацаваную і апрабіравану тактыку стварэння ударных бронетанкавых групіровак для прарыва абароны праціўніка. У адрозненне ад адмабілізаванай нямецкай арміі Чырвоная Армія і яе камандаванне дзейнічалі ў умовах маральна псіхалагічнай абстаноўкі мірнага часу, што дапускала і фармалізм у баявой падрыхтоўцы, і часам грэбаванне якасцю ў ажыццяўленні неабходных мер падрыхтоўкі да абароны, у першыя дні і нават месяцы вайны камандаванне часам праяўляла разгубленасць. Нягледзячы на ўрокі савецка-фінскай вайны, арганізацыя баявой вучобы заставалася адарванай ад рэальных умоў магчымай ваеннай абстаноўкі, мелі месца прыпіскі ў справаздачнасці, простая расхлябанасць. Чырвоная Армія не была падрыхтавана да вядзення сучаснай вайны, вучылася ваяваць ужо ў умовах супрацьстаяння рэальнаму праціўніку, адступлення пад націскам пераўзыходзячых сіл вермахта. Негатыўную ролю ў няўдачах першых месяцаў вайны сыгралі і рэпрэсіі сярод каманднага саставу Чырвонай Арміі, хаця аналіз паказвае, што, напрыклад, камандны састаў Заходняга фронта на дзень пачатку вайны меў дастатковы вопыт і падрыхтоўку, каб ажыццяўляць неабходнае кіраўніцтва баявымі аперацыямі. |