История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. Эвакуацыйныя мерапрыемствыРаніцай 22 чэрвеня 1941 года германскія войскі ўварваліся ў межы СССР на ўсім працягу заходняй мяжы ад Балтыкі да Карпат. Пачалася вайна, якая нашмат пераўзыходзіла ўсе папярэднія па маштабах баявых дзеянняў, па колькасці выкарыстанай тэхнікі, па колькасці ўдзельнікаў, па панесеных стратах. Напад нацысцкай Германіі на СССР стаў найважнейшай падзеяй другой сусветнай вайны і пачаткам яе новага этапу – Вялікай Айчыннай вайны. Германскае наступленне ажыццяўлялася згодна з планам "Барбароса", які Гітлер падпісаў 18 снежня 1940 года. Аперацыя планавалася ў духу "бліцкрыгу" (маланкавай вайны), якая ўжо не раз прыносіла поспех вермахту. Такое планаванне было абумоўлена яшчэ i недахопамі рэсурсаў нацысцкай Германіі. Гітлер, калі аддаваў загад аб пачатку вайны супраць СССР, падкрэсліў, што "аперацыя будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі мы адным імклівым ударам разгромім усю дзяржаву цалкам. Толькі захопу нейкай часткі тэрыторыі нядосыць". У адпаведнасці з планам "Барбароса" нямецкія войскі размяркоўваліся паміж трыма групамі армій: "Поўнач", "Цэнтр" і "Поўдзень". Група армій "Поўнач" павінна была разграміць савецкія войскі ў Прыбалтыцы і ў далейшым наступаць на Ленінград. Групе армій "Цэнтр" ставілася задача акружыць і знішчыць войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі ў Беларусі і далей рухацца ў маскоўскім кірунку. Група армій "Поўдзень" наносіла ўдар з раёна Любліна на поўдзень ад Прыпяці ў агульным накірунку на Кіеў. Пасля разгрому войскаў савецкіх прымежных акруг меркавалася на поўначы захапіць Ленінград, у цэнтры – Маскву, на поўдні авалодаць Данбасам. Канчатковай мэтай наступу вызначалася дасягненне лініі Волга – Архангельск. Усяго для нападу на Савецкі Саюз германскае камандаванне вылучыла больш за 4 млн. чалавек (3300 тыс. у сухапутных войсках і войсках СС, 650 тыс. у ваенна-паветраных сілах і каля 100 тыс. – у ваенна-марскім флоце). "Усходняя армія" налічвала 155 дывізій, 43812 гармат і мінамётаў, 4215 танкаў і штурмавых гармат, 4909 самалётаў. Разам з Германіяй да вайны з СССР рыхтаваліся яе саюзнікі: Фінляндыя, Славакія, Венгрыя, Румынія і Італія. 22 чэрвеня 1941 года на мяжы не было славацкіх і італьянскіх войскаў, якія прыбылі пазней. Войскі саюзнікаў налічвалі 37 дывізій, у якіх было 745 тыс. чалавек, 5502 гарматы і мінамёта, 306 танкаў і 886 самалётаў. У пяці заходніх савецкіх прыгранічных акругах дыслацыраваліся 174 дывізіі. Групоўка савецкіх войскаў на Захадзе спачатку налічала 3088 тыс. чалавек, 57041 гарматаў і мінамётаў, 13924 танкі і 8974 самалёты. Акрамя таго, авіяцыя Паўночнага, Балтыйскага, Чарнаморскага флатоў і Пінскай ваеннай флатыліі мела 1769 самалётаў. Трэба ўлічыць, што з мая 1941 года пачалася перадыслакацыя на захад 77 дывізій другога стратэгічнага эшалона з унутраных ваенных акруг і з Далёкага Ўсходу. Да 22 чэрвеня ў заходнія акругі прыбыла 16 дывізій, у якіх налічвалася 201691 чал., 2746 гармат і 1763 танка. Групоўка войскаў Чырвонай Арміі на заходніх межах была досыць магутнай. На заходнім кірунку супрацьстаялі групе армій “Цэнтр” і войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі (Заходняга фронту). Для нямецкага камандавання гэты кірунак лічыўся галоўным у аперацыі “Барбароса”, таму група армій “Цэнтр” была найбольш моцнай на ўсім фронце. Тут было сканцэнтравана 40% усіх нямецкіх дывізій Усходняга фронту, у тым ліку 50% матарызаваных і 53 % танкавых. Суадносіны сіл у гэтым напрамку былі наступныя: Такім чынам, войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі, якія былі ўкамплектаваны па штатах мірнага часу, саступалі саперніку толькі ў асабовым складзе, але пераўзыходзілі яго ў танках, самалётах і няшмат ў артылерыі. Германскае наступленне пачалося ў 3.15 раніцы 22 чэрвеня 1941 года ўдарамі авіяцыі. Асноўнай мэтай былі савецкія аэрадромы: усяго за першы дзень вайны авіяўдарам ворага, у якіх удзельнічала 1765 бамбардзіроўшчыкаў і 506 знішчальнікаў, падвергнуліся 66 аэрадромаў, дзе знаходзілася 70% авіяцыі прымежных акруг. Па нямецкіх дадзеных, першы ўдар прывёў да знішчэння 890 савецкіх самалётаў (668 на зямлі і 222 ў паветраных баях). Дзеянні савецкай авіяцыі былі разрозненымі, хаця і вельмі актыўнымі. Да вечара 22 чэрвеня страты савецкай авіяцыі дасягнулі 1811 самалётаў (1489 знішчана на зямлі і 322 збіта ў паветраных баях). Пасля пераходу мяжы ўдарныя групоўкі вермахта пачалі развіваць наступленне ў глыбіню савецкай тэрыторыі. На жаль, заспетыя знянацку, савецкія войскі не мелі магчымасці арганізавана ўступіць у бітву і не змаглі стварыць суцэльнага фронту абароны. Хоць некаторыя савецкія часткі змаглі часова спыніць прасоўванне ворага, агульнае становішча на фронце складалася на карысць вермахта, які захапіў стратэгічную ініцыятыву. Ужо да зыходу 22 чэрвеня германскія войскі прасунуліся ў Прыбалтыцы на 60-80 км, у Беларусі на 40-60 км, на Украіне на 10-20 км. Неарганізаванаму ўступленню савецкіх войскаў у бой спрыяла нечаканасць германскага ўварвання. Невыпадкова ў першыя гадзіны вайны Масква забараніла дзеянні ў адказ на наступленне ворага, і толькі пасля фармальнага аб'яўлення вайны Чырвоная Армія атрымала загад "дзейнічаць па-баявому", а ў 7.15 раніцы была выдадзена дырэктыва № 2, якая ставіла задачу выгнаць ворага з савецкай тэрыторыі. Як адзначала германскае камандаванне, толькі пасля 9 гадзін раніцы дзеянні савецкіх войскаў сталі насіць больш мэтанакіраваны характар. На цэнтральным напрамку абарону трымалі 10, 3 і 4 арміі. У першы ж дзень вайны 4-я танкавая група Гоппнера прабіла фронт 3-й арміі і ў прарыў уварваўся корпус Манштэйна, да вечара 22 чэрвеня тры дывізіі Чырвонай Арміі былі рассеяны, а пяць іншых панеслі страты да 70% асабовага складу. 14-й мехкорпус у раёне Пружаны – Кобрын быў амаль цалкам знішчаны. Тут загінула каля 14 тыс. савецкіх салдатаў. У ноч з 22 на 23 чэрвеня камандуючы Заходнім фронтам генерал Дз. Паўлаў спрабаваў арганізаваць контрнаступленне, але гэта прывяло да велізарных страт жывой сілы і тэхнікі. 23 і 24 чэрвеня былі знішчаны 6-й і 11-й мехкарпус. Камандаванне фронтам распачало спрабавала затрымаць наступ немцаў у раёне Полацк – Віцебск, але безпаспяхова. 25 чэрвеня на паўночным усходзе ад Слоніма танкі Гудэрыяна і Гота завяршылі акружэнне частак, якія адыходзілі ад Беластока. 26 чэрвеня германскія войскі захапілі Баранавічы, а 27 – большасць войск Заходняга фронту трапілі ў новае акружэнне ў раёне Навагрудка. 11 дывізій 3-й і 10-й армій былі разбітыя. Фактычна да 26 чэрвеня ўсе тры арміі Заходняга фронту апынуліся ў “катле” паміж Беластокам і Мінскам, гэта была сапраўдная ваенная катастрофа. 26 чэрвеня 1941 г. нямецкія механізаваныя часткі падышлі да Мінска, войскі 13-й арміі (камандуючы – П. Філатаў) ўтрымлівалі межы горада да 28 чэрвеня. Гераічна біліся войскі 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра І.М. Русіянава ў раёне Астрашыцкага гарадка. Падчас гэтых баёў савецкімі абаронцамі ўпершыню былі выкарыстаны супраць нямецкіх танкаў бутэлькі з гаручай сумессю. Але гэта не дапамагло абараніць сталіцу Беларусі. Да вечара 28 чэрвеня нямецкія войскі занялі Мінск. Адыходзячы на ўсход, часткі Чырвонай Арміі вялі цяжкія абарончыя баі. У сувязі з цяжкім палажэннем, якое склалася на Заходнім кірунку, савецкае камандаванне яшчэ 26 чэрвеня прыняло рашэнне перакінуць у Беларусь войскі 16-й і 19-й армій з Украіны, 70 дывізій з унутраных акруг і з іншых напрамкаў. Усе гэтыя меры патрабавалі часу, а пакуль ажыццяўлялася перадыслакацыя, асобныя савецкія часткі спрабавалі затрымаць прасоўванне германскіх танкавых частак да Дняпра. Да зыходу 9 ліпеня войскі групы армій "Цэнтр" выйшлі на лінію Полацак – Віцебск – Орша – Жлобін, прасунуўшыся на 450-600 км. З ліпеня 1941 г. савецкае камандаванне зрабіла спробу стварыць новую лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра. Тры дні ішлі баі ў Барысаве, 14 ліпеня пад Оршай упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя мінамёты “Кацюша” (камандзір батарэі – капітан І. А. Флёраў). Жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Бабруйска. З 3 па 28 ліпеня працягвалася гераічная абарона Магілёва. Тут падчас 14-гадзіннага бою на Буйніцкім полі было знішчана 39 танкаў і бронетранспарцёраў ворага. Цяжкія баі 12 – 19 жніўня ішлі за Гомель. Акрамя частак Чырвонай Арміі, у абарону сваёй зямлі ад ворагаў актыўна пачало ўключацца і мясцовае насельніцтва. Для барацьбы з нямецкімі дыверсантамі і парашутыстамі ствараліся знішчальныя атрады. У сярэдзіне ліпеня налічвалася 78 знішчальных батальёнаў. Для дапамогі арміі было арганізавана больш за 200 фарміраванняў народнага апалчэння – туды добраахвотнікамі пайшлі больш за 33 тысяч чалавек. Савецкія воіны самааддана змагаліся, здзяйснялі бяспрыкладныя подзвігі. У раёне Гродна невялікая застава пагранічнікаў на чале з Ф.П. Кірычэнка адбівала напады фашыстаў на працягу дзесяці гадзін.Амаль усе пагранічнікі загінулі. Да канца чэрвеня 1941 года стойка змагаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці, нават А. Гітлер аддаў даніну павагі яе абаронцам. Шмат гераічных учынкаў здзейснілі савецкія лётчыкі. У першыя дні вайны экіпаж капітана М. Гастэла накіраваў свой падбіты самалёт на скопішча варожай тэхнікі і жывой сілы. Гэты подзвіг паўтарылі яшчэ некалькі экіпажаў. Таранілі варожыя самалёты ў першыя гадзіны вайны лётчыкі П. Рабцаў над Брэстам, А. Данілаў у раёне Гродна, С. Гудзімаў у раёне Пружан. Аднак ні самаадданасць воінаў і насельніцтва, ні намаганні ваеннага кіраўніцтва не перашкодзілі ворагу захапіць тэрыторыю Беларусі. Да пачатку верасня 1941 года ўсе савецкія войскі пакінулі рэспубліку, яна на тры гады апынулася пад германскай акупацыяй. Падчас абарончых баёў летам 1941 года на Беларусі войскі Чырвонай Арміі страцілі 1,5 млн. чалавек, 10 тыс. гармат і мінамётаў, 5 тыс. танкаў і 2 тыс. самалётаў. Аднак два месяцы абарончых баёў не былі дарэмнымі. У гэты час праводзіліся эвакуацыйныя мерапрыемствы. З самага пачатку вайны перад рэспубліканскім партыйным кіраўніцтвам паўстала цяжкая задача – выратаваць насельніцтва, матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць прадпрыемстваў і арганізацый, якія маглі апынуцца ў руках ворага. Ужо 23 чэрвеня былі арганізаваны першыя эвакапункты ў Мінску і Оршы, затым яшчэ ў 24 населеных пунктах. 25 чэрвеня пад кіраўніцтвам Старшыні СНК БССР І. Былінскага была арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія БССР. Было эвакуіравана на ўсход 16435 дзяцей з 191 дзіцячай установы, піянерскіх лагераў, дзіцячых дамоў. Усяго з Беларусі ва ўсходнія раёны СССР было эвакуіравана больш 1,5 млн чалавек, вывезена абсталяванне 124 прадпрыемстваў, 5 тыс. трактароў, 674 тыс. галоў жывёлы. Беларускія чыгуначнікі выратавалі амаль увесь рухомы састаў чыгункі, яе кадры. Ва ўсходнія раёны краіны эвакуіраваны калектывы 60 навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый, 6 тэатраў, больш 20 вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў. Але былі і недахопы. Так, эвакуацыю не удалося правесці ў заходніх раёнах Беларусі, бо яны апынуліся ў руках ворага за некалькі дзён. Там агрэсару дасталіся абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, запасы сыравіны і гатовых вырабаў. Немцы захапілі значную колькасць савецкіх грошай у банкаўскіх установах, якія былі імі выкарыстаны для падрыву савецкай грашовай сістэмы і для рабавання мясцовага насельніцтва. У заходніх раёнах, на мяжы, знаходзіліся таксама склады з ваенным абсталяваннем, узбраеннем і іншай армейскай маёмасцю, якія часткова таксама трапілі да немцаў. Не ўдалося правесці і эвакуацыю насельніцтва заходніх абласцей, яно апынулася ў акупацыі амаль з першых дзён вайны. Вялікую шкоду ў далейшым нанесла тое, што не былі эвакуіраваны архівы партыйных і савецкіх устаноў, таму гітлераўцы атрымалі інфармацыю аб дзеячах савецкай улады на Беларусі, якая была скарыстана імі для ліквідацыі партызанскіх і падпольных груп, створаных у першыя дні вайны. Нечаканы для вышэйшага кіраўніцтва СССР пачатак вайны патрабаваў увядзення надзвычайных мабілізацыйных і палітычных мер. Была абвешчана мабілізацыя ваеннаабавязаных 1905 – 1918 гг. нараджэння, што дазволіла ў пачатковы перыяд вайны мабілізаваць у армію 5,3 млн. чалавек, з іх у чэрвені – жніўні было мабілізавана больш 500 тыс. жыхароў Беларусі. 23 чэрвеня была створана Стаўка Галоўнага Камандавання, 10 ліпеня 1941 года яна перайменавана ў Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання, узначаліў яе народны камісар абароны маршал С.К. Цімашэнка, а 30 чэрвеня створаны Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) – надзвычайны орган кіравання, які ўзначаліў І.В. Сталін. 16 ліпеня 1941 года ў Чырвонай Арміі быў адноўлены інстытут ваенных камісараў. На іх ускладаўся абавязак сачыць за палітычным выхаваннем байцоў, кантраляваць выкананне загадаў камандавання, “своечасова сігналізаваць наверх аб нявартых паводзінах камандзіраў”, аб настроях у войску. Пачаўся пошук вінаватых у правалах і паражэннях. Было арыштавана і аддана пад суд камандаванне Заходняга фронту на чале з генералам Дз.Р. Паўлавым. У жніўні 1941 года быў падпісаны загад Стаўкі № 270, у якім шэраг генералаў і афіцэраў абвінавачваўся ў здрадзе. За адступленне без загада камандзірам пагражаў расстрэл. Сем'і трапіўшых у палон пазбаўляліся матэрыяльнай падтрымкі дзяржавы. Чырвоная Армія, пачаўшы ў маі 1941 года стратэгічнае засяроджванне войск і разгортванне іх на заходнім тэатры ваенных дзеянняў, якое павінна было завяршыцца да 15 ліпеня, у чэрвені апынулася заспетай знянацку. Савецкія войскі не былі адмабілізаваныя, не мелі разгорнутых тылавых структур і толькі завяршалі стварэнне органаў кіравання. На фронце ад Балтыйскага мора да Карпат з 77 дывізій армій прыкрыцця Чырвонай Арміі ў першыя гадзіны вайны даць адпор ворагу маглі толькі 38 не цалкам адмабілізаваных дывізій, з якіх толькі некаторыя паспелі заняць абсталяваныя пазіцыі на мяжы. Астатнія войскі знаходзіліся альбо ў месцах сталай дыслакацыі, альбо ў лагерах, альбо на маршы. Калі ж улічыць, што сапернік адразу кінуў у наступ 103 дывізіі, то зразумела, што арганізаваны ўступ у бітву і стварэнне суцэльнага фронту Чырвонай Арміяй было вельмі абцяжарана. Апярэдзіўшы савецкія войскі ў стратэгічным' разгортванні, стварыўшы магутныя групоўкі на абраных кірунках галоўнага ўдару, германскае камандаванне стварыла ўмовы для захопу стратэгічнай ініцыятывы і паспяховага правядзення першых наступальных аперацый. Падводзячы вынікі, неабходна адзначыць, што ў пачатку вайны нямецкія ўзброеныя сілы мелі якасную перавагу. Да лета 1941 г. вермахт быў наймоцным войскам міру, што рабіла яго вельмі сур’ёзным сапернікам. Тым не менш колькасныя суадносіны сіл павінны былі дазволіць Чырвонай Арміі паспяхова процістаяць ворагу. Аднак гэтага не адбылося і тут на першы план выходзіць пытанне аб выкарыстанні наяўных сіл, аб уменні імі правільна распарадзіцца. Менавіта гэтага ўмення і не хапіла савецкаму ваенна-палітычнаму кіраўніцтву, што і прывяло да такога трагічнага пачатку вайны. Адсутнасць у савецкага камандавання выразнай стратэгіі абарончай вайны, дактрына, паводле якой салдат вучылі ваяваць “малай крывёй і на тэрыторыі ворага”, недахопы ў баявой вывучцы войскаў сталі галоўнымі прычынамі, якія прадвызначылі паражэнне Чырвонй Арміі ў пачатку вайны. Гераізм асабовага складу савецкай арміі не мог замяніць выразную і прадуманую сістэму абароны і кіраўніцтва войскамі. Выпраўляць сітуацыю прыйшлося ўжо падчас вайны, і гэтая "навука" савецкіх генералаў воінскаму ўменню каштавала велізарных страт. Нельга зняць віну і з І. Сталіна і яго генералітэта за тое, што яны не змаглі прадвызначыць галоўны кірунак нямецкага наступлення, чакалі нападу на поўдні, на тэрыторыі Украіны, дзе і сканцэнтравалі іоцную групоўку савецкіх войск. Усе гэтыя прычыны ў комплексе прывялі да таго, што летам 1941 года Чырвоная Армія не змагла ўтрымаць германскія войскі, і тэрыторыя Беларусі апынулася пад акупацыяй.
|