История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Аперацыя «Баграціён». Вызваленне тэрыторыі БССРВызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося у выніку наступлення Чырвонай Арміі пасля перамогі пад Курскам. У час бітвы за Днепр (жнівень-снежань 1943 г.) 23 верасня 1943 года быў вызвалены першы раённы цэнтр Беларусі Камарын, пры правядзенні Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 26 лістапада – першы абласны цэнтр Гомель. Падчас Гарадокцкай аперацыі (13 – 31 снежня 1943 г.) быў вызвалены Гарадок і створаны ўмовы для наступлення ў віцебскім кірунку. З 8 студзеня па 8 лютага 1944 года праводзілася Калінкавіцка – Мазырская аперацыя, у выніку былі вызвалены гэтыя населеныя пункты, а савецкія войскі адкінулі немцаў да ракі Пціч і ў раён Петрыкава. Нарэшце, з 21 па 26 лютага 1944 года была праведзена Рагачоўска – Жлобінская аперацыя па вызваленню дадзеных гарадоў. Такім чынам, быў створаны плацдарм для разгрому германскіх войск, якія ўваходзілі ў групу армій «Цэнтр». Беларусь была апошняй мяжой для нямецкіх захопнікаў. Яе страта адзначала ўступленне савецкіх войск на тэрыторыю Еўропы і самой Германіі, таму тут была створаная магутная лінія абароны, названая «Фатэрлянд» («Радзіма»). Кожны прыфрантавы горад быў пераўтвораны ў крэпасць. Жыхары былі выселены, а за магутнымі ўмацаваннямі засяродзіліся нямецкія гарнізоны. Кожны камендант такой крэпасці даваў асабіста Гітлеру падпіску, што будзе абараняць горад да канца. Група армій «Цэнтр» налічвала 1,2 млн. салдат і афіцэраў, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў, 1400 самалётаў. Савецкае камандаванне таксама разумела ўсю важнасць і складанасць наступальнай аперацыі на тэрыторыі Беларусі. Быў распрацаваны план пад кодавай назвай «Баграціён». У яго ажыццяўленні павінны былі прыняць удзел чатыры франты: 1-ы Беларускі пад камандаваннем генерала арміі К. Ракасоўскага, 2-і Беларускі (камандуючы генерал-палкоўнік Г. Захараў), 3-і Беларускі (камандуючы генерал-палкоўнік І. Чарняхоўскі), 1-ы Прыбалтыйскі (камандуючы генерал арміі І. Баграмян). Каардынавалі іх дзейнасць Маршалы Савецкага Саюза Г. Жукаў і А. Васілеўскі. У склад савецкай групіроўкі ўваходзілі 2,4 млн. салдат і афіцэраў, больш 36 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў, 5300 самалётаў. Такім чынам, па суадносінах сіл была дасягнута шматкратная перавага Чырвонай Арміі. Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя праходзіла ў два этапы. На першым этапе (23 чэрвеня – 4 ліпеня) былі праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая і Мінская аперацыі. Савецкія войскі акружылі і знішчылі групіроўкі ворага пад Віцебскам, Бабруйскам і Мінскам. Найбольш буйным стаў Мінскі “кацёл”, дзе ў палон трапіла 105 тыс. салдат і афіцэраў вермахта. З іх ліку 57 тыс. былі адпраўлены ў Маскву, дзе 17 ліпеня 1944 года адбыўся своеасаблівы «парад ганьбы» – палонных немцаў правялі па Садовым кальцы. Дэманстратыўна ззаду ехалі палівальныя машыны, якія змывалі бруд, пакінуты слядамі заваёўнікаў. 26 чэрвеня быў вызвалены Віцебск, 27 чэрвеня – Орша, 28 – Магілёў, 29 – Бабруйск. 3 ліпеня савецкія войскі вызвалілі сталіцу БССР г. Мінск. Першым у горад уварваўся на сваім танку экіпаж малодшага лейтэнанта Дз. Фролікава з брыгады палкоўніка А. Лосіка. Другі этап аперацыі «Баграціён» праходзіў з 5 ліпеня па 29 жніўня 1944 года. У гэты перыяд савецкія войскі ажыццявілі Шаўляйскую, Вільнюскую, Каўнаскую, Беластоцкую і Люблін-Брэсцкую аперацыі. 28 ліпеня 1944 года быў вызвалены апошні беларускі горад – Брэст. Падчас другога этапу пачалося вызваленне Літвы і Латвіі, Чырвоная Армія перайшла мяжу і ўступіла на тэрыторыю Польшчы, адкінуўшы немцаў да сярэдняга цячэння р. Вісла. Група армій «Цэнтр» была разгромлена і спыніла сваё існаванне. 17 дывізій і 3 брыгады ворага былі цалкам знішчаны, а 50 дывізій страцілі звыш паловы свайго асабовага складу. Велізарную дапамогу ў перыяд правядзення аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія атрымала ад партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва БССР. Па заданню Стаўкі і БШПР 20 чэрвеня 1944 года быў пачаты трэці этап рэйкавай вайны. Партызаны атакавалі чыгуначныя камунікацыі на ўсім працягу ад лініі фронту да дзяржаўнай мяжы СССР. Было ўзарвана больш 60 тыс. рэек, партызаны і падпольшчыкі дабылі і перадалі Чырвонай Арміі звесткі аб 1800 варожых гарнізонах. Насельніцтва і антыфашысты-патрыёты аказвалі дапамогу пры пераправах савецкіх войск праз водныя перашкоды, аднаўляючы ў найкароткія тэрміны разбураныя масты, наладжваючы праходы праз багністую мясцовасць і г. д. Насельніцтва вызваленых тэрыторый, у тым ліку і партызаны, мабілізоўвалася ў Чырвоную Армію. Усяго з тэрыторыі БССР пасля вызвалення было накіравана на ваенную службу звыш 600 тыс. чалавек, у тым ліку 180 тыс. партызан. Акупацыя прынесла Беларусі велізарныя страты. Прамыя матэрыяльныя страты склалі не меней 75 млрд. руб. (у цэнах па стану на 1941 г.), гэта значыць, больш паловы нацыянальнага скарбу. Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак, знішчана 100465 прадпрыемстваў, разрабавана маёмасць больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасаў, 316 МТС. Нацысты знішчылі 421 тыс. дамоў, усе электрастанцыі, вывезлі ў Германію 90% станочнага абсталявання, каля 18,5 тыс. аўтамашын, 9 тыс. трактароў. Летам 1944 годы ў Беларусі засталося толькі 39 % перадваеннай колькасці каней, 31 % буйной рагатай жывёлы, усяго 11 % пагалоў’я свінняў, 22 % авечак і коз. Былі знішчаныя практычна ўсе школы, установы культуры (клубы, бібліятэкі), медустановы. Было разрабавана 5425 музеяў. Найболей цяжкімі сталі дэмаграфічныя страты: па розных дадзеных, загінула ад 2,2 да 3 млн. чалавек (з амаль 10 млн. даваеннага насельніцтва БССР), каля 400 тыс. было вывезена ў якасці остарбайтэраў. Разам з тым, на тэрыторыі Беларусі разгарнуўся масавы партызанскі рух, які прынёс значную шкоду акупацыйным войскам нацысцкай Германіі. Аперацыя «Баграціён» па вызваленню Беларусі з’яўляецца прыкладам ваеннага мастацтва і ўваходзіць у лік найважных наступальных аперацый не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і другой сусветнай вайны. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Завяршэнне другой сусветнай вайны Нягледзячы на няўдачы ў пачатковы перыяд вайны і вялікія страты, якія панесла Чырвоная Армія ў гэты час, паступова супраціўленне ворагу станавілася больш жорсткім. У вельмі кароткі тэрмін у умовах ваеннага часу на ўсходзе краіны была адноўлена ваенная прамысловасць, якая, дзякуючы самаахвярнай працы працаўнікоў тылу, пачала хутка набіраць тэмпы развіцця. У выніку на фронт стала паступаць усё больш узбраення, тэхнікі. Чым далей гітлераўскія войскі прасоўваліся ўглыб СССР, тым большыя страты яны неслі ад дзеянняў чырвонаармейцаў і партызанскіх дыверсій. На цэнтральным участку фронта ў кастрычніку 1941 г. Гітлераўцы наблізіліся да Масквы, але не здолелі прарваць умацаваныя рубяжы, якія абаранялі часці Заходняга фронту пад камандаваннем Г. К. Жукава. Спробы штурма сталіцы ў лістападзе і пачатку снежня таксама былі няўдалымі. 5-6 снежня савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне і да пачатку студзеня 1942 г. адкінулі ворага на 100-250 км. Перамога пад Масквой стала паваротным пунктам ў Вялікай Айчыннай вайны. Ворагу былі нанесены вялікія страты ў тэхніцы і жывой сіле. Войскі Калінінскага фронта у ходзе наступлення ўжо ў пачатку 1942 г. наблізіліся да межаў Беларусі. Умацавалася знешнепалітычнаяе палажэнне СССР. Японія не адважылася ўступіць у вайну з СССР і 7 снежня 1941 г. пачала ваенныя дзеянні супраць ЗША. Гэта вынудзіла ЗША адыйсці ад нейтралітэта і ўступіць у вайну з Японіяй і Германіяй. Пачала фарміравацца антыгітлераўская кааліцыя. У 1942 г. гітлераўцы здолелі захапіць амаль ўсю тэрыторыю Ўкраіны, акупіравалі Крым і пачалі наступленне на Каўказ і Сталінград. У ходзе Сталінградскай бітвы, якая праходзіла з 17 ліпеня 1942 г. па 2 лютага 1943 г., была акружана 330-тысячная групіроўка праціўніка. Вермахт страціў каля 1,5 млн. салдат і афіцэраў. Страты Чырвонай Арміі за гэты час саставілі 1,2 млн. чалавек. У гэты час саюзныя войскі разграмілі нямецка-італьянскую групіроўку войск ў Паўночнай Афрыцы ў бітве каля Эль-Аламейна. Спробы нямецкага камандавання ўзяць рэванш і зноў авалодаць стратэгічнай ініцыятывай, якія мелі месца летам 1943 г., таксама закончыліся правалам. У час Курскай бітвы, якая працягвалася 50 дзён, вораг атрымаў паражэнне і павінен быў адступіць. Разгром войск вермахта на Курскай дузе, контрнаступленне Чырвонай Арміі, вызваленне левабярэжнай Украіны і Кіева азначалі завяршэнне карэннага пералома ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны і пачатак вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 23 верасня 1943 г. быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР – горад Камарын. 26 лістапада 1943 г. савецкія войскі ачысцілі ад акупантаў обласны цэнтр – г. Гомель, куды адразу ж пераехалі ўрадавыя установы Беларусі. У выніку асенне-зімняга наступлення Чырвонай Арміі былі вызвалены 32 раёна Беларусі, створаны плацдармы для наступных наступальных дзеянняў. Канчатковае вызваленне Беларусі было здзейснена ў ходзе аперацыі “Баграціён”, якую правялі войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў. Яна працягвалася з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 г. На тэрыторыі Беларусі ажыццяўляла абарону моцная групоўка ворага, якая налічвала 1,2 млн. салдат і афіцэраў, 9500 пушак і мінамётаў, 1350 самалётаў і 900 танкаў. Чырвоная Армія пераўзыходзіла праціўніка ў жывой сіле ў 2 разы, артылерыі – ў 3,7 разы, авіяцыі – амаль у 3 разы, танках – у 5,8 разоў. Ужо першыя дні наступлення войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў прарвалі абарону гітлераўцаў і акружылі ў раёне Віцебска 5 нямецкіх дывізій, а ў раёне Бабруйска – 6 дывізій. Да 27 чэрвеня Віцебскі “кацёл” быў ліквідаваны, гітлераўцы страцілі каля 30 тыс. забітымі, параненымі або палоннымі. У ходзе бабруйскай аперацыі было забіта і паранена каля 40 тысяч салдат і афіцэраў вермахта. Спробы гітлераўскага камандавання стрымаць націск Чырвонай Арміі на ўмацаваным рубяжы па р. Бярэзіна таксама былі беспаспяховымі. 1 ліпеня войскі 3-га Беларускага фронта вызвалілі г. Барысаў і прадоўжылі наступленне ў напрамку Мінска. З самага пачатку аперацыі “Баграціён” значную дапамогу Чырвона Арміі аказвалі беларускія партызаны. Ужо 20 чэрвеня яны правялі заключны этап рэйкавай вайны, фактычна паралізаваўшы важнейшыя чыгуначныя магістралі. Калі ж пачаліся наступальныя дзеянні, партызаны дзейнічалі ў якасці праваднікоў, захоплівалі пераправы на рэках, рабілі засады на шляху адступаючага ворага, удзельнічалі ў танкавых дэсантах, вызваленні населенных пунктаў. 3 ліпеня 1944 г. была вызвалена сталіца Беларусі – г. Мінск. У ходзе Мінскай аперацыі была акружана і на працягу тыдня разгромлена групоўка праціўніка колькасцю 105 тыс. салдат і афіцэраў, 70 тысяч з іх былі забіты або паранены, 30 тысяч трапілі ў палон. Працягваючы наступленне, войскі трох беларускіх франтоў 16 ліпеня вызвалілі г. Гродна, 28 ліпеня – Брэст. Гэтым самым было завершана вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў ўсёй тэрыторыі Беларусі. Адначасова войскі 1-га Прыбалтыйскага фронта паспяхова наступалі ў Прыбалтыцы. У ходзе заключнага этапа аперацыі “Баграціён” былі вызвалены частка Літвы, Латвіі, усходнія раёны Польшчы. Такім чынам, Чырвоная Армія прарвала абарону праціўніка ў глыбіню і шырыню да 500 кіламетраў. Гітлераўцы і іх саюзнікі страцілі забітымі і параненымі больш за паўмільёна саладт і афіцэраў. Склаліся ўмовы для дальнейшага наступлення натэрыторыю Германіі. Аперацыя “Баграціён” садзейнічала поспехам савецкіх войск і на поўдні. У ходзе летняга і асенняга наступлення Чырвонай Арміі была вызвалена тэрыторыя Украіны, Малдавіі, пачалося вызваленне краін Усходняй Еўропы. Найбольш буйнымі аперацыямі тут сталі Львоўска-Сандамірская і Яска-Кішынёўская. Да канца года гітлераўцы страцілі на ўсходнім фронце да 170 дывізій. Былі выведзены з вайны Румынія, Балгарыя, Венгрыя і Фінляндыя. Амаль адначасова з ваеннымі дзеяннямі ў Беларусі 6 чэрвеня 1944 г. саюзные англійскія і амерыканскія войскі высадзіліся на пабярэжжа Паўночнай Францыі. 15 жніўня яны зрабілі высадку і на поўдні Францыі. Такім чынам быў адкрыты другі фронт у Еўропе. Да канца года саюзнікі вызвалілі Францыю, Бельгію і падыйшлі да межаў Германіі. У студзені 1945 г. войскі шасці франтоў пачалі Вісла-Одэрскую і Усходне-Прускую наступальныя аперацыі, якія закончыліся вызваленнем большай часткі Польшчы, а таксама разгромам варожай групіроўкі пад Кёнігсбергам. Страты праціўніка склалі каля ста дывізій. Чырвоная Армія выйшла на р. Одэр і 16 красавіка 1945 г. пачала Берлінскую аперацыю. У ёй прынялі ўдзел войскі трох Беларускіх і 1-га Украінскага франтоў колькасцю да 2,5 млн. салдат і афіцэраў. Быў дасягнуты таксама вялікі перавес у тэхніцы. У ходзе жорскіх баёў Берлін быў акружаны і 25 красавіка савецкія войскі і войскі саюзнікаў злучыліся на р. Эльба. 2 мая берлінскі гарнізон капітуліраваў і ў ноч з 8 на 9 мая прадстаўнікі пераможанай Германіі, з аднаго боку, і СССР, ЗША,Англіі і Францыі, з другога, падпісалі акт аб капітуляцыі Германіі. На Патсдамскай канферэнцыі, якая адбылася 17 ліпеня – 2 жніўня 1945 г., кіраўнікі СССР, Англіі і ЗША абмеркавалі пытанні пасляваеннай пабудовы свету, вызначылі статус і сістэму кіравання Германіяй, удакладнілі дзяржаўныя межы. У асобнай дэкларацыі саюзнікі прапанавалі Японіі капітуліраваць. Пасля таго, як японскі ўрад адхіліў гэтыю дэкларацыю, выконваючы ўзятыя абавязацельствы перад саюзнікамі і ўлічваючы, што тэрмін заключанага раней паміж СССР і Японіяй пакта аб ненападзе скончыўся, СССР 8 жніўня аб’явіў вайну Японіі. У ходзе Маньчжурскай аперацыі, якая працягвалася з 9 жніўня па 2 верасня 1945 г., савецкія войскі разграмілі мільённую Квантунскую японскую армію. Былі высажаны дэсанты на вострав Паўднёвы Сахалін і на Курыльскія астравы, тэрыторыю былой Расійскай імперыі. 2 верасня 1945 г. Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Другая сусветная вайна скончылася. Савецкі Саюз унёс рашаючы ўклад у разгром фашысцкай Германіі. На працягу ўсёй вайны да 75% уіх узброеных сіл фермахта знаходзіліся на ўсходнім фронце. Тут было знішчана больш за 600 дывізій праціўніка, або дзве трэціх усіх яго сіл. З агульных страт Германіі ў 13,6 млн. чалавек больш за 10 млн. загінулі на савецка-германскім фронце. СССР страціў за годы вайны 27 млн. чалавек, з іх каля 9 млн. салдат і афіцэраў, астатнія – мірныя жыхары. У Беларусі у гады вайны і фашысцкай акупацыі загінуў амаль кожны трэці жыхар рэспублікі, прычым дадзеныя аб стратах да нашага часу удакладняюцца. 1,3 млн. беларусаў ваявалі на фронце, больш за 300 тыс. узнагароджаны ардэнамі і медалямі, 440 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Пасля другой сусветнай вайны ў міжнародных адносінах пачалі праяўляцца наступныя тэндэнцыі: а) Германія і яе саюзнікі страцілі свае пазіцыі ў сусветнай палітыцы. На роль сусветнага лідэра ўсё актыўней пачалі прэтэндаваць ЗША. За гады вайны ЗША сканцэнтравалі больш за тры чацвёртых залатога запасу свету і 60% сусветнай прамысловай прадукцыі. Іх людскія страты за гады вайны склалі толькі сотую частку ад страт, якія панёс Савецкі Саюз, затое валавы нацыянальны прадукт павялічыўся за гэты час у два разы. Авалодванне ядзернай зброяй дазваляла США дзейнічаць з пазіцыі сілы. З другога боку, нягледзячы на вялікія страты ў вайне, другой звышдзяржавай станавіўся СССР. Яго аўтарытэт як пераможцы нацыстскай дзяржавы значна вырас у свеце. Савецкі Саюз меў самую магутную на той час армію. Ён таксама значна ўзмацніў свае пазіцыі ў Еўропе за кошт утварэння шэрагу прасавецкіх краін. Пачалася барацьба за сусветнае лідэрства паміж гэтымі звышдзяржавамі. б) На аснове Ялцінска-Патсдамскай сістэмы міжнародных адносін пачалася перабудова свету. Гэта адносілася як да змен у геапалітычным уплыве розных краін ў цэлым, так і канкрэтна ў тэрытарыяльных зменах. Гэта закранула і Беларусь, дзе Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці былі перададзены Польшчы. в) Змянілася і палітычная сітуацыя. Да вайны толькі СССР быў сацыялістычнай краінай. Пасля вайны пры ваеннай, фінансавай, дыпламатычнай падтрымцы СССР на шлях сацыялізму сталі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Польша, Румынія, Чэхаславакія, Югаславія, ГДР – усяго 8 краін. Пазней на шлях сацыялізму пры падтрымцы СССР сталі Паўночная Карэя, Кітай, В’етнам. Усяго ў краінах прасавецкага блока пражывала трэцяя частка насельніцтва свету. Яны атрымалі назву “сусветная сістэма сацыялізму”. Еўрапейскія прасавецкія краіны для кардынацыі эканамічнай палітыкі стварылі ў 1949 годзе Савет эканамічнай узаемадапамогі, а для кардынацыі ваенных дзеянняў у 1955 годзе – Арганізацыю Варшаўскага дагавора. Ім супрацьстаялі заходнія капіталістычныя краіны на чале з ЗША. У 1949 годзе яны аб’ядналіся ў ваенны саюз – Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТА). Пачалося ваеннае, эканамічнае, ідэалагічнае супрацьстаянне дзвюх сістэм, якое атрымала назву “халодная вайна”. Пачатак яе быў пакладзены ў 1946 годзе, калі ў г. Фултане ў прыстутнасці прэзідэнта ЗША Г. Трумэна былы прэм’ер-міністр Англіі У. Чэрчыль адкрыта абвінаваціў СССР у захопе і ізаляцыі Усходняй Еўропы і заклікаў да “крыжовага паходу” супраць СССР. Годам пазней, у сакавіку 1947 года прэзідэнт ЗША Г. Трумэн сфармуліраваў праграму падтрымкі “свабодных народаў” і стрымлівання камунізму. Яна заключалася ў тым, што ЗША бралі на сябе права прама або ўскосна ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаў, дзе яны бачылі пагрозу камунізму. Пачалася гонка ўзбраенняў, паміж краінамі дзвюх сістэм паўстала “жалезная заслона”. “Халодная вайна” ў 1950 – 1960 гг. не раз пагражала перайсці ў “гарачую” і свет балансаваў на грані новай сусветнай вайны. Не трэба забываць, што ўжо ў снежні 1945 года быў падрыхтаваны план Пентагона аб нанясенні ядзернага ўдара па тэрыторыі СССР. У адказ СССР у 1949 годзе таксама выпрабаваў атамную бомбу і гэта стала моцным фактарам стрымлівання праціўніка. г) Узмацнілася эканамічная інтэграцыя сярод краін Заходняй Еўропы. Каб павысіць свой уплыў у Еўропе, ЗША пачалі правядзенне ў жыццё “плана Маршала”. Ён заключаўся ў выдзяленні еўрапейскім краінам каля 17 млрд. долараў для аднаўлення эканомікі, але пры умове выканання пэўных палітычных патрабаванняў. Гэты план прынялі 18 еўрапейскіх краін. Для практычнай рэалізацыі плана (размеркавання дапамогі) ў 1948 годзе была створана Арганізацыя Еўрапейскага Эканамічнага Супрацоўніцтва (АЕЭС). 5 мая 1949 года ў Лондане 10 краін стварылі Савет Еўропы, а яшчэ пазней, у 1957 годзе 6 заходнееўрапейскіх дзяржаў стварылі Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва (ЕЭС) , унутры якога былі зняты ўсе мытныя бар’еры. д) Каланіяльныя дзяржавы Францыя і Англія выйшлі з вайны аслабленымі. Гэта, а таксама падтрымка СССР на міжнародным узроўні прывялі да паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. Першымі ў 1940-1950-я гг. атрымалі незалежнасць Інданэзія, В’етнам, Індыя, якая падзялілася на дзве дзяржавы – Індыйскі Саюз і Пакістан, у Афрыцы – Лівія, Егіпет, Туніс, Марокка, Судан, Гана, Гвінея. Пазней, у 1960-я гг. яшчэ 17 дзяржаў Афрыкі атрымалі незалежнасць. У выніку да 1961 года незалежнымі сталі каля 40 дзяржаў з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек. Пасля другой сусветнай вайны змяніўся міжнародны статус і БССР. Згодна з прынятым Вярхоўным Саветам СССР 1 лютага 1944 года Законам БССР атрымала магчымасць непасрэдна ўступаць у дыпламатычныя адносіны з іншымі краінамі. У сакавіку 1944 года быў створаны народны камісарыят замежных спраў БССР, які ў 1946 годзе быў рэарганізаваны ў адпаведнае Міністэрства. 27 красавіка 1945 года рэспубліка разам з іншымі краінамі выступіла ў якасці стваральніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня 1945 года міністр замежных спраў Беларусі К. Кісялёў ад імя ўрада БССР падпісаў Статут ААН. Удзел у рабоце ААН даў магчымасць БССР, па першае, выкарыстоўваць яе трыбуну для выступленняў з рознымі ініцыятывамі, напрыклад, “Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў” і інш.; па другое, больш актыўна ўдзельнічаць у міжнародных арганізацыях, у тым ліку такіх уплывовых, як Сусветны Савет міру, ЮНЭСКА (арганізацыя па пытаннях адукацыі, навукі і культуры), Магатэ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі і інш.); па – трэцяе, удзельнічаць у падрыхтоўцы і прыняцці канвенцый (за першае пасляваеннае дзсяцігоддзе БССР падпісала больш за 30 міжнародных дагавораў, канвенцый па розных пытаннях); па-чацвёртае, выкарыстоўваць ААН для рашэння ўнутраных праблем. Напрыклад, праз ААН Беларусь атрымала значную матэрыяльную дапамогу як краіна, якая найбольш пацярпела ў гады фашысцкай акупацыі. Безумоўна, у пасляваенны час Беларусь ішла ў русле знешняй палітыкі СССР у цэлым, але, тым не менш, адмаўляць самастойныя дзеянні БССР на міжнароднай арэне таксама нельга. У другой палове 1950-х гг. пасля пашырэння правоў саюзных рэспублік у БССР з’явіліся больш шырокія магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва. Дакладнай праявай гэтага стала адкрыццё ў 1958 годзе прадстаўніцтва БССР пры ААН. У наступныя гады Беларусь паслядоўна выступала за забарону ядзернай зброі, яе выпрабаванняў, патрабавала ўсеагульнага і поўнага раззбраення, знішчэння хімічнай зброі. Пры ўдзеле БССР ААН прыняла такія важныя рашэнні, як Дэкларацыя аб наданні незалежнасці каланіяльным краінам і народам, Дагаворы аб абмежаваннях выпрабаваннў ядзернай зброі і інш. У цэлым да сярэдзіны 1980-х гг. БССР падпісала больш за 160 міжнародных дагавораў і пагадненняў, у 1974 – 1975 гг. яна выбіралася пастаянным членам Савета бяспекі ААН, неаднаразова яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад Эканамічнага і Сацыяльнага Саветаў ААН. Акрамя ААН, другім важным напрамкам удзелу БССР ў міжнародным жыцці ў пасляваенныя гады стала развіццё гандлёва-эканамічных зносін з заходнімі краінамі. Гэтаму спрыяла і геапалітычнае становішча Беларусі. Яна знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Захаду; тут маецца развітая сетка аўтадарог і чыгунак; на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў шэраг прадпрыемстваў агульнасаюзнага падпарадакавання, якія выпускалі высокаякасную прадукцыю. Вялікім попытам у Еўропе карысталася і карыстаецца прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, станкабудаўнічых заводаў Мінска, Віцебска і інш. Ужо ў 1950-я гг. на экспарт пастаўлялася прадукцыя 120 прадпрыемстваў рэспублікі. У 1952 годзе ў Мінску было створана аддзяленне Усесаюзнай гандлёвай палаты, якое ў 1972 годзе было пераўтворана ў Гандлёва-прамысловую палату БССР. Рэспубліка такім чынам атрымала магчымасць удзельнічаць у міжнародных кірмашах, праводзіць такія кірмашы ў сябе. Толькі ў 1960-я гг. у Мінску было праведзена звыш за 30 міжнародных выстаў. У 1950– 1980-я гг. 80% гандлёва-эканамічных сувязяў БССР прыпадалі на краіны сацыялістычнага лагера, на долю капіталістычных краін у 1970 – 1980 гг. прыпадала 20,2% экспартных паставак. У той жа час у БССР шырока выкарыстоўваліся тэхнічыя вырабы з развітых капіталістычных краін. Значнае месца ў супрацоўніцтве Беларусі з замежнымі краінамі ў пасляваенныя гады займалі культурныя сувязі. З 1958 годзе пачало дзейнічаць Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, да 1970 года былі створаны да 100 падобных мясцовых таварыстваў, якія падтрымлівалі сувязі з 400 арганізацыямі амаль 70 краін свету. Але прыярытэт аддаваўся перш за ўсё краінам сацыялістычнага лагера. Шырыліся кантакты па лініі створанага ў 1958 годзе Камітэта маладзёжных арганізацый рэспублікі, прафсаюзаў. Прадуктыўнай формай развіцця міжнародных культурных зносін з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне літаратуры. За 1946 – 1985 гг. за мяжой выйшлі ў свет 342 творы 55 беларускіх пісьменнікаў. За гэты ж час колькасць перакладзеных кніг замежнай літаратуры склала каля 500 выданняў агульным тыражом звыш 4 млн. экзэмпляраў. Адным з важных накірункаў пашырэння культурных сувязяў стала таксама супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. У гэтым плане побач з іншымі вядучымі ВНУ рэспублікі значнае месца займаў і займае політэхнічны інстытут, цяпер БНТУ. Падрыхтоўка замежных спецыялістаў ў БПІ пачалася з 1960 года. У 1965 годзе колькасць замежных студэнтаў ў БПІ дасягнула 100 чалавек, а ў 1980-я гг. ў БПІ ужо кожны год пачыналі вучобу да 1000 замежных студэнтаў, а ўсяго па рэспубліцы – да 10 тысяч. Праўда, пасля распаду СССР іх колькасць пачала скарачацца. Т. чынам, у 1950-1980-я гг. значна пашырыліся міжнародныя сувязі БССР, больш разнастайнымі сталі іх формы і змест, хаця самастойнасць БССР была абмежавана рамкамі Савецкага Саюза і агульнасаюзнай палітыкай.
Другая сусветная вайна мела цяжкія наступствы для Беларусі. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак. Загінула каля 3 млн. чалавек. Агульныя матэрыяльныя страты склалі прыкладна 35 рэспубліканскіх гадавых бюджэтаў. Па агульнаму ўзроўню эканомікі Беларусь была адкінута да 1928 года, а па асобных паказчыках – да 1913 года. Аднаўленне народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы пачалося адразу ж пасля вызвалення рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў – з восені 1943 года і працягвалася да 1955 года, калі быў дасягнуты перадваенны ўзровень эканомікі ва ўсіх галінах прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Вялікую дапамогу ў гэтым аказаў саюзны ўрад. У Беларусь былі накіраваны рэпарацыйныя кампенсацыі ў памеры 1,5 млрд. долараў, з саюзнага бюджэта было выдзелены толькі ў 1944 – 1945 гг. каля 1,7 млрд. рублёў. За гэты ж час рэспубліка атрымала абсталяванне для 60 заводаў, каля 6 тысяч трактараў, грузавых аўтамашын і камбайнаў, 158 тыс кароў. Сюды ішлі эшалоны з будаўнічымі матэрыяламі, тэхнікай, насеннем, жывёлай. Але, тым не менш, асноўны цяжар аднаўлення гаспадаркі лёг на людзей. У першыя дні вайны і адразу ж пасля вызвалення 1 млн. 300 тыс. чалавек былі прызваны ў армію, 380 тыс. жыхароў Беларусі ў гады акупацыі дэпартаваны ў Германію, каля 1,5 мільёна эвакуіраваліся на Усход. Пасля вайны востра адчуваўся недахоп рабочай сілы. Напрыклад, у Віцебску на момант вызвалення засталося толькі 400 жыхароў, таму працу на некаторых прадпрыемствах пачыналі 5 – 10 чалавек. У такіх складаных умовах з дапамогай іншых народаў СССР ужо да сярэдзіны 1945 года працоўныя Беларусі аднавілі каля 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, гэта значыць, каля чвэрці даваеннай колькасці, больш 10 тыс. км чыгунак. Выпрацоўка электраэнергіі дасягнула да канца 1945 года 46,4% даваеннай. Але ў 1945 годзе было выраблена прамысловай прадукцыі толькі 20% ў параўнанні з 1940 годам. Пасяўныя плошчы ў сельскай гаспадарцы складалі толькі 75% даваеннага ўзроўню, адпаведна на 30% быў ніжэйшым збор зерня, у два разы – бульбы. У верасні 1946 г. быў прыняты чацвёрты пяцігадовы план, які ставіў мэтай да канца пяцігодкі дасягнуць даваеннага ўзроўню эканомікі. Выдзеленыя аб’ёмы капіталаўкладанняў раўняліся тром перадваенным пяцігодкам. У прамысловасці ставілася задача не толькі дасягнуць даваенны узровень, але і зрабіць структурную перабудову. Больш увагі стала надавацца цяжкай прамысловасці, у тым ліку стварэнню новых для Беларусі галін: аўтамабілебудаванню, трактарабудаванню, выпуску гідратурбін і інш. Дзякуючы працоўнаму гераізму, за гады пяцігодкі былі пабудаваны трактарны і аўтамабільны заводы, мотавелазавод, тонкасуконны камбінат, Віцебскі дывановы камбінат і іншыя буйныя прадпрыемствы. У выніку ў 1950 годзе аб’ём прамысловай прадукцыі ў рэспубліцы перавысіў даваенны на 15%. На наступную пяцігодку перад прамысловасцю ставіліся яшчэ большыя задачы, меркавалася павялічыць аб’ём валавай прамысловасці на 80%. Капіталаўкладанні планіравалася павялічыць у параўнанні з папярэдняй пяцігодкай у 1,5 разы. На самой справе за 1951 – 1955 гг. валавы аб’ём прамысловасці павялічыўся больш чым у 2 разы. Былі пабудаваны 150 буйных прамысловых прадпрыемстваў і больш за 200 дробных. Сярод іх Мінскі падшыпнікавы і гадзіннікавы заводы, радыёзавод, завод ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат, Аршанскі завод швейных машын, Віцебская шоўкапрадзільная фабрыка і інш. Больш складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. У вёсках засталіся галоўным чынам жанчыны, старыя і дзеці. Нягледзячы на дапамогу сельскагаспадарчай тэхнікай, жывёлай, у калгасах востра не хапала цяглавай сілы. У першую пасляваенную вясну калгаснікі ўручную ўскапалі 150 тысяч гектараў зямлі. З-за недахопа ўгнаенняў ураджаі былі вельмі нізкімі: 5 – 7 цэнтнераў з гектара збожжа і 50 – 70 цэнтнераў бульбы. Сур’ёзнай дапамогай вёсцы ў аднаўленні сельскай гаспадаркі стала шэфства працоўных гарадоў. Дзякуючы самаадданай працы сельскіх працаўнікоў да 1950 года пагалоў’е жывёлы былі даведзены да 94 – 96% ад даваеннага ўзроўню, але планы пяцігодкі па вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі не былі выкананы. Тым не менш, у снежні 1947 года была адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысловыя тавары. У 1949 годзе пачалася масавая калектывізацыя ў Заходняй Беларусі. Яна праводзілася такімі ж фарсіраванымі тэмпамі, як і ў 1930-я гады ва Усходняй Беларусі, але больш значную дапамогу праз МТС дзяржава аказвала тэхнікай. Да канца 1950 года тут былі арганізаваны 6054 калгасы, якія аб’ядналі каля 84% усіх гаспадарак. У 1951 годзе, згодна з пастановай Савета Міністраў СССР “Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР”, з Заходняй Беларусі былі прымусова дэпартаваны каля 70 тыс. былых асаднікаў, паліцэйскіх і заможных сялян. Але аплата працы калгаснікаў у гэты час была вельмі нізкай. У наступнай пяцігодцы аб’ёмы пасяўных плошчаў, ураджайнасць сельскагаспадарчых культур раслі вельмі марудна, і толькі да 1955 года сельская гаспадарка Беларусі па асноўным паказчыкам дасягнула даваеннага ўзроўню. Галоўнымі прычынамі былі слабая матэрыяльная зацікаўленнасць у працы, недастатковае фінансіраванне, паколькі асноўныя сродкі накіроўваліся на развіццё прамысловасці. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе хуткімі тэмпамі ішло жыллёвае будаўніцтва. Ужо ў 1946 – 1950 гг. было пабудавана жыллё для 2 млн. чалавек. Гэта быў значны крок, калі ўлічыць памеры разбурэнняў у Беларусі. Але жыллёвая праблема заставалася вострай. Адставанне прамысловасці ад навукова-тэхнічнага прагрэса, маруднае развіццё сельскай гаспадаркі, мноства праблем у сацыяльнай сферы патрабавалі правядзення сацыяльна-эканамічных рэформ. Яны пачаліся з 1953 года, пасля смерці І.В. Сталіна. У верасні 1953 года першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Хрушчоў. У краіне быў абвешчаны курс на дэмакратызацыю. Ужо ў 1953 – 1956 гг. былі пашыраны правы саюзных рэспублік. Гэта праявілася ў пашырэнні заканадаўчых правоў, рашэнні пытанняў, звязаных з адміністратыўным падзелам, у большай самастойнасці ў планаванні, у кіраванні прамысловасцю. 850 прадпрыемстваў саюзнага падпарадкавання былі перададзены БССР. У выніку удзельная вага прадукцыі, выпушчанай заводамі і фабрыкамі рэспубліканскага падпарадкавання, узрасла на адну чацвёртую частку і дасягнула 82% ў 1956 годзе. Некалькі павысілася роля Саветаў, актывізіравалася дзейнасць пастаянных камісій, яны атрымалі права кантролю за дзейнасцю прадпрыемстваў і ўстаноў, якія знаходзіліся на іх тэрыторыі. У лютым 1956 года на ХХ з’ездзе КПСС быў асуджаны культ асобы І. Сталіна. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, у час даклада ў зале некалькі чалавек страцілі прытомнасць, настолькі нечаканым было ўсё гэта, і такое вялікае ўражанне было ад пачутага. Пачалася рэабілітацыя рэпрэсіраваных у папярэднія гады. Усяго ў СССР у 1956 – 1961 гг было рэабілітавана каля 700 тыс. рэпрэсіраваных, у тым ліку 29 тыс. у Беларусі. Быў значна зменшаны цэнзурны кантроль у літаратуры. У эканоміцы ў другой палове 1950-х гг. быў узяты курс на больш актыўнае ўключэнне прадпрыемстваў рэспублікі ў навукова-тэхнічны прагрэс і пераарыентацыю прамысловасці на выпуск тавараў народнага спажывання. У другой палове 1950 – пачатку 1960-х гг. характэрнай асаблівасцю развіцця прамысловасці ў Беларусі стала апераджальнае развіццё новых неметалаёмкіх галін – прыборабудавання і электронікі. Былі пабудаваны Мінскі і Баранавіцкі заводы аўтаматычных ліній, завод вылічальных машын, Полацкі нафтаперапрацоўчы завод, Гомельскі завод вымеральных прыбораў, Беларускі аўтазавод у Жодзіна і інш. Аднаўляліся і мадэрнізіраваліся асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. У выніку ў 1960 годзе агульны аб’ём прамысловай прадукцыі ў БССР павялічыўся ў параўнанні з 1940 годам у 4,2 разы. Але паступова ўсё выразней пачала праяўляцца супярэчлівасць паміж дасягнутым узроўнем развіцця вытворчасці і старымі метадамі і формамі кіравання. У 1957 годзе была зроблена няўдалая спроба замяніць галіновую сістэму кіравання прамысловасцю праз міністэрствы на тэрытарыяльную. Мэтай яе было прыблізіць кіраванне непасрэдна да прадпрыемстваў. У Беларусі замест 9 міністэрстваў быў створаны адзін орган кіравання – Савет народнай гаспадаркі БССР, які падпарадкоўваўся Савету Міністраў рэспублікі. На справе наблізіць кіраўніцтва да вытворчасці не ўдалося, затое адбыўся разрыў гаспадарчых сувязей і адносін. 1950 – 1960-я гг. сталі часам станаўлення хімічнай прамысловасці Беларусі. Гэта ў нейкай ступені з’явілася вынікам валюнтарысцкай палітыкі Хрушчова, які ў той час вылучыў лозунг, перафразіраваўшы словы Леніна: “Камунізм ёсць Савецкая ўлада плюс электрыфікацыя Расіі плюс хімізацыя прамысловасці”. У 1958 годзе былі зацверджаны планы развіцця хімічнай і газавай прамысловасці СССР да 1965 года. Згодна з імі ў 1958 – 1964 гг. была пабудавана першая чарга Салігорскага калійнага камбіната, у пачатку 1960-х гг. пачалося будаўніцтва Гродзенскага азотна-тукавага завода, Гомельскага хімічнага завода, некалькі пазней – Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна, Полацкага хімічнага камбіната. Гэта значна пашырыла магутнасці прамысловасці Беларусі, але у той жа час ускладніла экалагічную сітуацыю ў гэтых рэгіёнах. Змены ў праграмах прывялі да таго, што замест пяцігодкі на 1959 – 1965 гг. быў прыняты новы сямігадовы план. У цэлым ён быў паспяхова выкананы. Замест запланіраванага росту ў 1,8 разы аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 2,1 разы. (дарэчы, і па Саюзу планы сямігодкі былі выкананы). Апераджальнымі тэмпамі развівалася энергетыка: уведзены Мінская ТЭЦ, Лукомльская электрастанцыя, завершана стварэнне адзінай энергасістэмы. Вытворчасць электраэнергіі павялічылася ў 3,1 разы пры плане 2,6 разоў і інш. Значныя меры былі ажыццяўлены ў галіне сельскай гаспадаркі. Яны былі вызначаны вераснёўскім (1953 г.) Пленумам ЦК КПСС і заключаліся ў наступным. Павышана матэрыяльная зацікаўленнасць калгаснікаў, ажыццяўлены перавод на грашовую аплату працы. У 2 – 3 разы былі павышаны закупачныя цэны на прадукты сельскай гаспадаркі, значна павялічаны інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, пашырана гаспадарчая самастойнасць калгасаў. Падатак з калгаснікаў быў зніжаны ў 2 разы, а з 1958 года ён быў наогул адменены. У 1957 годзе МТС былі рэарганізаваны ў РТС, а тэхніка прададзена калгасам. Адначасова з калгасаў былі спісаны запазычанасці МТС за мінулыя гады. Праводзілася вялікая работа па меліярацыі балот: да 1960 года меліяратыўная сетка ўжо ахоплівала 500 тыс. гектараў, прычым яе абслугоўванне дзяржава ўзяла на сябе. Адмоўным у гэтай справе стала парушэнне экалогіі Беларускага Палесся. Прынятыя меры некалькі палепшылі становішча ў сельскай гаспадарцы, але ў цэлым харчовая праблема не была вырашана. З нагоды гэтага кіраўніцтва краіны вырашыла пашырыць пасяўныя плошчы за кошт асваення цалінных і залежных зямель. На працягу 1954 – 1956 гг. было ўзарана 36 млн. гектараў цалінных зямель, што склала 30% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. На асваенне цаліны паехалі і 60 тысяч жыхароў Беларусі. Яны заснавалі ў Казахстане 24 саўгасы. У першыя гады гэта давала плённыя вынікі: доля цаліннага збожжа складала да паловы ўсяго валавага збору зерня, але затым глебы спустошыліся і ўраджаі сталі нізкімі. Тады М.С. Хрушчоў прыняў валюнтарысцкае рашэнне аб паўсюдным распаўсюджванні пасеваў кукурузы, у тым ліку і за кошт скарачэння вытворчасці іншых сельскагаспадарчых культур. У гэтым ён памылкова бачыў універсальны сродак вырашэння харчовай праблемы. Пашырэнне пасеваў кукурузы сапраўды дазволіла павялічыць кармавую базу для жывёлагадоўлі, але, з іншага боку, прывяло да дэфіцыту іншых прадуктаў раслінаводства, перш за ўсё, хлеба. У першае дзесяцігоддзе пасля смерці І. Сталіна з прыходам да ўлады новага кіраўніцтва краінай значныя змены адбыліся і ў сацыяльнай палітыцы. Хутка развівалася жыллёвае будаўніцтва. У 1951 – 1958 гг. у рэспубліцы ў гарадах і пасёлках было ўведзена ў эксплуатацыю больш 14 млн. кв. м. жылля супраць 4 млн. кв. м. у папярэдняй пяцігодцы. Да 1965 года было пабудавана яшчэ 29 млн. кв. м. Такім чынам, жыллёвыя умовы за гэтыя 15 гадоў палепшылі каля 4 млн. чалавек, амаль палова ўсіх жыхароў рэспублікі. Павялічылася аплата працы, у выніку рэальныя даходы працоўных ужо ў 1958 годзе выраслі ў параўнанні з 1950 годам на 60%. У 1956 годзе быў прыняты Закон аб пенсійным забяспячэнні калгаснікаў. Праўда, мінімальныя пенсіі складалі толькі 12 рублёў у месяц, таму пенсіянеры, як правіла, працягвалі працаваць. Паменшылася працягласць працоўнага дня, а затым быў зроблены пераход на пяцідзённы працоўны тыдзень. Паступова паляпшалася медыцынскае абслугоўванне людзей. Такім чынам, у другой палове 1950-х гадоў канчаткова завяршыўся этап аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі, што ў лепшы бок абвергла самыя аптымістычныя прагнозы заходніх эканамістаў і палітолагаў. Пры гэтым прамысловасць Беларусі была не проста адноўлена, а, па сутнасці, створана па-новаму. З’явіліся новыя, сугучныя навукова-тэхнічнаму прагрэсу, галіны. Заводы і фабрыкі былі забяспечаны сучаснай тэхнікай. Гэта ператварыла Беларусь у індустрыяльную дзяржаву з адносна дынамічным узроўнем развіцця. Але, з другога боку, непаваротлівасць цэнтралізаванай сістэмы кіравання і недастатковая стымуляцыя працы тармазілі аператыўнае ўкараненне ў вытворчасць навейшых дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэса. Акрамя таго, БССР, якая не мела ў дастатковай меры сваёй сыравіны і энерганосьбітаў, трапляла ва ўсё большую эканамічную залежнасць ад цэнтра, паступова ператваралася ў своеасаблівы зборачны цэх. Спробы рэформ 1960-х гадоў насілі палавінчаты характар, яны праводзіліся зверху і не былі падмацаваны матэрыяльнымі стымуламі, а таму не знайшлі адпаведнага водгуку ў масах. днаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі.
Да пачатку 1960-х гадоў Савецкі Саюз ператварыўся ў магутную індустрыяльна-аграрную дзяржаву. Тэмпы роста нацыянальнага дахода складалі да 10% у год. Змянілася структура эканомікі. З’явіліся нафтахімічная прамысловасць, вытворчасць штучных матэрыялаў, радыёэлектроніка. Усё гэта было характэрна і для БССР, як часткі СССР. Але краіна развівалася пераважна па экстэнсіўнаму шляху. У канцы 1950-х гг. пачаліся шматлікія эканамічна непрадуманыя рэформы і рэарганізацыі, накшталт кукурузнай эпапеі, фарсіраваная пабудова камуністычнага грамадства і г. д. Краіну ліхарадзілі розныя раздзяленні раёнаў на прамысловыя і сельскагаспадарчыя, узбуйненні раёнаў, калгасаў, ліквідацыя хутароў. З пачатку 1960-х гг. пачалі нарастаць крызісныя з’явы ў сельскай гаспадарцы. Яна таксама развівалася пераважна па экстэнсіўнаму шляху, за лік засваення новых зямель. Мінеральных і арганічных угнаенняў уносілася ў глебу яшчэ недастаткова. Нягледзячы на ўзросшую колькасць сельскагаспадарчых машын, механізацыя асноўных тэхналагічных працэсаў была яшчэ недастатковай. Калгасы не мелі поўнай самастойнасці, яны часта залежылі ад валюнтарысцкіх загадаў зверху; аплата працы, хаця і павысілася, але заставалася нізкай. У выніку развіццё аграрнага сектара адставала ад прамысловага, ураджайнасць збожжавых культур не перавышала 10 – 12 цэнтнераў, бульбы – 70 – 100 цэнтнераў. Гэта ўспрыймалася як правал аграрнай палітыкі М.С. Хрушчова. З 1961 года пачаў адчувацца дэфіцыт прадуктаў харчавання, павысіліся цэны на мяса і масла. Краіна пачала закупляць збожжа за мяжой. У кастрычніку 1964 года М.С. Хрушчоў быў абвінавачаны ў “валюнтарызме і суб’ектывізме” і вызвалены з займаемай пасады першага сакратара ЦК КПСС. Генеральным сакратаром ЦК КПСС стаў Л.І. Брэжнеў, старшынёй Савета Міністраў СССР – А.М. Касыгін. Новае кіраўніцтва пачало эканамічныя рэформы. Іх пачатак быў пакладзены сакавіцкім (1965 г.) пленумам ЦК КПСС, які абмеркаваў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. Была зменена сістэма нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі, уводзіўся цвёрды і нязменны план на пяць гадоў для кожнага суб’екта гаспадарання, вызначаліся меры матэрыяльнага стымуліравання за звышпланавую праданую прадукцыю (50% надбаўка). Пры гэтым дзяржаўныя планы закупак збожжа зніжаліся. У паўтары-два разы павышаліся закупачныя цэны, павялічваліся капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку, пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Павышалася самастойнасць калгасаў і саўгасаў, уводзіліся элементы гаспадарчага разліку. У верасні 1965 года Пленум ЦК КПСС абмеркаваў праблемы кіравання прамысловасцю, удасканалення планавання і ўзмацнення матэрыяльнага стымуліравання прамысловай вытворчасці. З больш чым 100 паказчыкаў для справаздачнасці, якія спускаліся прадпрыемствам зверху, былі пакінуты толькі 8, прычым галоўным крытэрыем ацэнкі эффектыўнасці работы завода або фабрыкі станавілася не валавая вытворчасць прадукцыі, а аб’ём яе рэалізацыі. Павышалася самастойнасць прадпрыемстваў, уводзіўся гаспадарчы разлік. Прадпрыемствам дазвалялася самастойна расходваць частку сродкаў для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага стымуліравання, будаўніцтва жылля, развіцця сацыяльнай сферы. Была зменена сістэма кіравання прамысловасцю. Былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы. Павялічваліся капіталаўкладанні. Праведзеныя рэформы ў цэлым станоўча адбіліся на эканамічным развіцці як Савецкага Саюза ў цэлым, так і БССР. Восьмая пяцігодка (1966 – 1970 гг.) стала адным з самых дынамічных перыядаў развіцця СССР. Сярэднегадавыя тэмпы прыроста прамысловай прадукцыі ў БССР складалі 12%. Былі ўведзены ў эксплуатацыю 78 буйных прадпрыемстваў. Удасканальвалася сістэма дзейнасці існуючых заводаў і фабрык. Новым стала стварэнне 222 вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў, напрыклад, створанае на базе радыёзавода аб’яднанне “Гарызонт”, на базе Мінскага механічнага завода – Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне, а таксама буйнейшае прадпрыемства Усходняй Еўропы – навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі і інш. Многія прадпрыемствы пераходзілі на выпуск новай прадукцыі. Рост аб’ёмаў прамысловасці працягваўся і ў наступныя гады. За 1971 – 1985 гг. на развіццё прамысловасці было затрачана 23 млрд. рублёў, у тры разы больш, чым за 15 папярэдніх гадоў. За гэты час былі ўведзены ў эксплуатацыю 136 буйных фабрык і заводаў. Даволі высокімі заставаліся тэмпы роста аб’ёмаў прамысловай вытворчасці – у сярэднім каля 10% кожны год, прычым асноўную долю прадукцыі выраблялі буйныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў пасляваенныя гады. Вынікам развіцця эканомікі БССР да сярэдзіны 1980-х гадоў з’явілася стварэнне буйнага тэрытарыяльна-галіновага прамысловага комплекса, у якім у 1985 годзе налічвалася 1500 прадпрыемстваў. Больш паловы іх уваходзіла ў склад вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў. Вызначальны напрамак набылі такія галіны прамысловасці, як энергетыка, машынабудаванне і прыборабудаванне, хімія і нафтахімія, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў і інш. Агульны аб’ём прамысловай прадукцыі ў 1985 годзе перавысіў даваенны ўзровень ў 38 разоў. Разам з тым прамысловасць Беларусі ўсё больш інтэгрыравался ў агульнасаюзную. Значныя змены ў 1970 – 1980 гг. адбыліся і ў сельскай гаспад. У гэты час была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў, да 1985г. яны валодалі 88 тысячамі аўтамашын, 131 тысячамі трактараў, 35 тысячамі збожжаўборачных камбайнаў. За 15 гадоў у сельскую гаспадарку было ўкладзена 18 млрд. рублёў, але і аддача была адпаведнай. Практычна ўсе калгасы і саўгасы сталі рэнтабельнымі, праўда, гэтаму спрыяў вельмі танны кошт энерганосьбітаў. З сярэдзіны 1960-х гадоў усё выразней пачала вызначацца спецыялізацыя не толькі па зонах, але і ўнутры раёнаў сярод гаспадарак. У раёнах асобныя гаспадаркі рабілі ўпор на развіццё свінагадоўлі, другія на адкорм жывёлы, трэція развівалі дойны статак. Пачалі будавацца жывёлагадоўчыя комплексы з адносна высокай ступенню механізацыі асноўных працаёмкіх працэсаў. Перавод сельскай гаспадаркі на прамысловую аснову, стварэнне буйных спецыялізаваных аграпрадпрыемстваў, павялічэнне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці прывялі да стварэння ў канцы 1970-х гг. адзінага аграпрамысловага комплексу ў Беларусі. У гэтыя гады ў рэспубліцы шырока разгарнуліся меліярацыйныя работы. У 1985 годзе плошча меліярыраваных зямель была даведзена да 2,8 млн. гектараў зямлі. Яны давалі амаль трэцюю частку ўсёй прадукцыі раслінаводства і 40% кармоў. Значна павялічыліся аб’ёмы ўнясення ў пасяўныя плошчы арганічных і асабліва мінеральных угнаенняў. Усё гэта вяло да парушэння экалогіі. Але, з другога боку, павышэнне ўрадлівасці глебы ў спалучэнні з палепшанай агратэхнічнай культурай працы, увядзеннем матэрыяльнага стымуліравання праз канчатковыя вынікі працы (гаспадарчы разлік, брыгады і звенні канечнай прадукцыі) у цэлым спрыяльна адбіліся на развіцці сельскай гаспадаркі. Ураджайнасць збожжавых культур павысілася з 10 – 12 цэнтнераў з гектара ў 1960-я гады да 25 – 30 цэнтнераў у сярэдзіне 1980-х гг., таксама амаль удвая павялічылася ўраджайнасць бульбы. У пачатку 1980-х гадоў па вытворчасці мяса і малака на душу насельніцтва Беларусь дагнала развітыя краіны Захаду і ЗША. Але тэмпы роста аграпрамысловага сектара запавольваліся. Калі ў 8-й пяцігодцы аб’ёмы валавага прадукта павялічыліся на 21%, то ў 11-й – толькі на 6%. Неэфектыўна выкарыстоўваліся крэдыты і капіталаўкладанні, раслі затраты. Паступова паляпшаўся дабрабыт працоўных. Рэальныя даходы павысіліся амаль у два разы. За 1960 – 1985 гг. сярэднямесячная зарплата ў прамысловасці вырасла з 63 р. да 173 р., аплата працы сельскіх працаўнікоў амаль дасягнула ўзроўню прамысловых рабочых і склала ў сярэднім 154 р. Гэта з улікам прадастаўлення бясплатнага жылля, сімвалічнай платы за камунальныя паслугі, іншымі сацыяльнымі льготамі дазваляла дасягнуць хаця і небагатага, але даволі прыстойнага ўзроўню жыцця. Але ў гэтыя ж гады ўжо намецілася тэндэнцыя да зніжэння тэмпаў развіцця: з 9 – 10 сярэднягадавых працэнтаў да 5,6% ў сярэднім за год у 1981 – 1985 гг. Гэтыя тэмпы роста былі тым не менш вышэйшымі за агульнасаюзныя, якія знізіліся да 3,5% у сярэднім за год. Праўда, трэба ўлічваць важкасць гэтых працэнтаў з улікам павялічэння агульнага аб’ёма вытворчасці. З-за складанай сістэмы цэнтралізаванага кіраўніцтва навейшыя навуковыя дасягненні часта марудна ўкараняліся ў вытворчасць, што не дазволіла ў поўнай меры забяспечыць выхад эканомікі БССР, як і ў цэлым СССР, на сусветны ўзровень навукова-тэхнічнага прагрэса. За кошт навукова-тэхнічных мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы, па-ранейшаму яшчэ была высокай доля ручной працы. Рост рэальных даходаў працоўных і, як вынік гэтага, павышэнне пакупной здольнасці, з аднаго боку, і, з другога, недастатковая пераарыентаванасць з цяжкай прамысловасці на вытворчасць тавараў народнага спажывання прывялі да з’яўлення дэфіцыту і ўтварэння ў гандлёвых крамах чэргаў. За 1971 – 1985 гг. грашовая маса павялічылася больш чым у 3 р., а таварная – толькі ў 2 р.
Культура Беларусі ў пасляваенны час (1945-1990 гг.) Адукацыя За гады вайны былі знішчаны дзе трэціх школьных будынкаў, амаль уся вучэбна –метадычная база. Але ўжо да 1945 года былі адноўлены 11 тысяч школ, амаль усе яны былі з беларускай формай навучання. Поўнасцю ж сетка адукацыі была адноўлена да 1950 г. Не хапала памяшканняў, падручнікаў, педагагічных кадраў. Улічваючы, што многія деці не маглі набыць адукацыю у гады акупацыі, да 1950 года былі адкрыты 950 школ рабочай і сялянскай моладзі. За кошт вяртання педагогаў з дзеючай арміі і падрыхтоўцы іх у ВНУ, быў значна палепшаны якасны склад настаўнікаў: да 1955 года каля 50% з іх мелі вышэйшую і няпоўную вышэйшую адукацыю. У 1958 г. у БССР быў прыняты Закон аб увядзенні ўсеагульнай 8-гадовай адукацыі замест сямігадовага навучання. У 1962 г. праведзена рэформа сярэдняй школы, яна была пераведзена на 11-гадовае навучанне з ухілам на працоўную адукацыю. Але з 1964 г. было вырашана зноў вярнуцца да 10-гадовага навучання. У 1966 г. была пастаўлена задача перахода да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Яна была выканана да 1975 г. За гэты час значна ўмацавалася матэрыяльная база сістэмы адукацыі, большасць школ працавалі ў тыпавых будынках, дзе былі таксама спортзалы, майстэрні. Новым стала адкрыццё школ-інтэрнатаў, прадметных кабінетаў. 65% настаўнікаў мелі вышэйшую адукацыю. Але былі і праблемы. Абавязковае 10-ігадовае навучанне часам прыводзіла да прыніжэння патрабавальнасці за якасць ведаў. Паступова зніжалася сфера выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі, хаця прамых забарон на яе ўжыванне ў вучэбным працэсе з боку ўлад не было. У 1984 г. была праведзена яшчэ адна рэформа агульнаадукацыйнай школы, згодна з якой навучанне пачыналася з 6 г. і працягвалася 11 гадоў. У цэлым да 80-х гадоў у СССР, у т. л. і ў Беларусі, склалася ў цэлым якасная сістэма школьнага навучання, якая была прызнана адной з лепшых у свеце. Развівалася сістэма вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Хуткае эканамічнае развіццё БССР вызывала неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Таму пасля вайны былі адкрыты рад ВНУ і адпаведна расла колькасць студэнтаў, якія вучыліся ў іх. У пасляваенные годы былі адчынены 7 новых ВНУ па тэхнічным спецыяльнасцям, 5 гуманітарных. Агульная ж колькасць ВНУ у Беларусі павялічылася з 21 у 1946 да 33 у 1985 г., а колькасць студэнтаў адпаведна з 13 тыс. да 184 тысяч. Вядучымі навучальнымі установамі ў рэспубліцы былі і застаюцца БДУ і БНТУ. У політэхнічным інстытуце, напрыклад, у 80-я годы набывалі веды і спецыяльнасці каля 27 тысяч студэнтаў. Па ўзроўню развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусь выйшла на ўзровень развітых краін свету. З 31 да 139 павялічылася ў пасляваенные годы колькасць сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У сярэдзіне 80-х гадоў у іх займаліся каля 150 тысяч навучэнцаў. Паспяхова развівалася навука. У 1944 г. была адноўлена дзейнасць Акадэміі навук, прычым ў яе структуры былі створаны ряд новых навукова-даследчых інстытутаў. Навуковыя распрацоўкі рабілі і супрацоўнікі ВНУ. Напрыклад, пры БПІ былі створаны рад навукова-даследчых праблемных лабараторый, пачаў дзейнічаць эксперыментальны завод “Політэхнік”. Менавіта БПІ стаў ініцыятарам стварэння першага ў рэспубліцы вучэбна-навуковага вытворчага аб’яднання БПІ-МАЗ-БЕЛАЗ. Ствараліся і іншыя галіновыя навукова-даследчыя інстытуты, іх колькасць у 1985 г. склала каля 200, а колькасць навуковых работнікаў павялічылася з 7тыс. у шасцідзесятые гады да 42,5 тыс. У 1985 г. У Еўропе добра вядомы беларускія навуковыя школы ў галіне матэматыкі, фізікі. Высокага ўзроўню дасягнулі геалагічная, біялагічная, сельскагаспадарчая, геаграфічная і іншыя галіны навукі. Пэўныя поспехі былі дасягнуты ў гуманітарных навуках, хаця яны былі ў большай ступені, чым іншыя, палітызаваныя. Літаратура і мастацтва У літаратуры пасляваенных гадоў выразна праслежваліся некалькі напрамкаў: узвелічэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пафас стваральнай працы і маральна-этычныя праблемы сучасніка. Пры гэтым трэба адзначыць, што на змену апісальнасці літаратурных твораў 50-х гадоў у наступныя дзесяцігоддзі прыйшло больш глубокае асэнсаванне падзей і людскіх характараў, іх унутранага свету. Апошняе стала больш характэрным у 60-я гады, калі ХХП з’езд у якасці адной з галоўных трох задач паставіў праблему выхавання “новага чалавека”. У цэлым, нягледзячы на ідэалагічны кантроль з боку партыйных органаў і галоўліта, літаратура развівалася досыць паспяхова, перш за ўсё таму, што літаратары менш былі залежны ад фінансавых праблем, іх рашала дзяржава. Глыбокае асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, псіхалагічных партрэтаў людзей у годы ваенных выпрабаванняў характэрны для празаічных твораў В. Быкава, М. Лынькова, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, А. Адамовіча. Маральна-этычным праблемам сучаснасці прысвечаны раманы І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. Гістарычную тэматыку развіваў у сваіх раманах, аповесцях, п’есах У. Караткевіч. Даволі паспяхова развівалася беларуская паэзія. У пасляваенные дзесяцігоддзі шырока раскрыўся талент беларускіх паэтаў К. Крапівы, А. Куляшова, П. Броўкі, П. Панчанкі, Н. Гілевіча, М. Лужаніна і іншых. У васьмідзесятыя гады з’явіўся шэраг твораў паэтаў новага пакалення А. Вялюгіна, К. Кірыенкі, Р. Барадуліна, У. Някляева, Я. Сіпакова, В. Зуёнка. Тэма Вялікай Айчыннай вайны была вядучай ў беларускім кінематографе і тэатры. Да асэнсавання гэтых незабываемых падзей звярнуліся драматургі К. Крапіва, А. Маўзон, К. Губарэвіч, А. Кучар. Гістарычнай тэматыцы прысвечаны п’есы П. Глебкі, І. Мележа. Маральна-этычныя праблемы сучаснасці знайшлі адлюстраванне ў драматычных творах і камедыях А. Макаёнка, К. Крапівы, А. Дударава, А. Петрашкевіча. У гэты час у Беларусі працавалі 17 тэатраў. 40-80-я гг. сталі часам росквіту беларускага кінематографа. Кожны год студыя “Беларусьфільм” выпускала да 60 фільмаў розных жанраў, пераважна па ваеннай тэматыцы. Многія з іх сталі вядомымі далёка за межамі рэспублікі. У музычным мастацтве таксама выразна праявіліся две галоўныя тэмы: гісторыка-патрыятычная і ваенна-патрыятычная. У гэты час шырокую вядомасць набылі аперы, сімфоніі Я. Цікоцкага, Р. Пукста, Ю. Семенякі, У. Алоўнікава. Цэнтрам музычнага жыцця рэспублікі былі тэатр оперы і балета, дзяржаўная філармонія, адкрыты ў 1971 г. Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Высокай актыўнасцю і майстэрствам адрозніваецца творчасць беларускіх кампазітараў І. Лучанка, Э. Ханка, Л. Захлеўнага. У 60 - 70 -я гг. папулярнасць набылі вакальна-інструментальныя ансамлі, найбольш вядомыя з іх – гэта ансмаблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансабль “Харошкі”. Развівалася выяўленчае мастацтва. Як і ў іншых жанрах, тут пераважала гістарычная і ваенна-патрыятычная тэматыкі, а таксама партрэтны жанр і пейзаж. Тэме вайны прысвечаны палотны мастакоў М. Савіцкага, Я. Зайцава, В. Волкава, Я. Ціхановіча, І. Давідовіча, А. Шыбнёва, гісторыі – Я. Кудрэвіча, П. Сергіевіча. У жанры пейзажа плённа працавалі мастакі І. Ахрэмчык, У. Кудрэвіч, В. Цвірка, М. Данцыг. Ярка праявілася таксама творчасць беларускіх скульптараў З. Азгура, А. Бембеля, С. Селіханава і іншых. У архітэктуры першых пасляваенных гадоў прадаўжалі пераважаць рысы так званага “сталінскага барока”, але з 50-х г пачынаецца мяняцца архітэктурны воблік гарадоў. З адн. боку, пачынаецца масавая застройка мікрараёнаў згодна з тыпавымі праектамі, з другога, з’яўляецца шэраг пабудоў ў стылі мадэрн паводле індывідуальных праектаў. Гэта, напрыклад, палацы мастацтва і спорту, павільён ВДНГ, кінатэатр “Кастрычнік”. Значнае развіццё ў пасляваенные дзесяцігоддзі атрымала манументальнае мастацтва Беларусі. У гэты час ствараюцца рад мемарыялаў і помнікаў, прысвечаных подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш значнымі з іх з’яўляюцца помнік Перамогі ў г. Мінску, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш., а таксама помнікі Я. Купалу, Я. Коласу ў Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку. Т. ч., пасляваенны перыяд адрозніваецца значным уздымам беларускай прафесійнай культуры.
Паступова нарасталі негатыўныя з’явы, прычым не толькі ў эканоміцы, але і ў грамадска-палітычным жыцці. Замест пошуку шляхоў мадэрнізацыі эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сфер КПСС замацавала сябе як стрыжань адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Гэта знайшло заканадаўчае замацаванне і ў прынятай ў кастрычніку 1977 г. новай Канстытуцыі СССР. Саветы былі адціснуты на задні план. Узмацніўся ідэалагічны кантроль за прэсай, да народа даводзілася толькі пазітыўная інфармацыя аб поспехах краіны “развітога сацыялізма”. З прыходам у красавіку 1985 г. да ўлады М.С. Гарбачова пачаліся эканамічныя і палітычныя рэформы, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “перабудова”. Гарбачоў аб’явіў курс на развіццё галоснасці, дэмакратыі, павышэнне самастойнасці суб’ектаў гаспадарання. Асновай эканамічных рэформ сталі прынятыя ў 1987 г. законы аб дзяржаўным прадпрыемстве. Згодна з імі пачаўся перавод прадпрыемстваў і аб’яднанняў на гаспадарчы разлік. На гэтыя ўмовы з 1988 г. ў Беларусі перайшлі прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт, будаўнічыя арганізацыі. Пачатак рэформ ажыццяўляўся ў рамках існаваўшага гаспадарчага механізма і пачаўся супярэчліва. З аднаго боку, укараняўся гаспадарчы разлік і самастойнасць, з другога боку, ён стрымліваўся амаль 100% дзяржаўным заказам. Акрамя таго, прадпрыемствы, атрымаўшы адносную свабоду, пачалі ўзвінчваць цэны на сваю прадукцыі, здымаць з вытворчасці танныя вырабы. Дэфіцыт тавараў дайшоў да такой ступені, што ўлады пачалі ўводзіць розныя карткі і купоны для рэгламентаванага размеркавання. Пачаліся рост цэн і інфляцыя. Палажэнне яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй, якая здарылася 26 красавіка 1986 г. 23 % тэрыторыі Беларусі аказаліся радыёактыўна забруджанымі. У зоне адсялення апынуліся звыш 2 млн. чалавек, былі выведзены з сельскагаспадарчага звароту больш за 20% сельскагаспадарчых угоддзяў, ліквідаваны 415 населеных пунктаў. Агульныя страты склалі каля 235 млрд. доллараў ЗША або 32 гадавых бюджэты БССР. У першыя гады было адселена 27,7 тыс. чалавек. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў доўгатэрміновую праграму мінімалізацыі вынікаў аварыі на 1990 – 1995 гг., згодна з якой было адселена яшчэ 300 тыс. чалавек, пачала ажыццяўляцца праграма аздараўлення людзей, пражываючых на забруджанай тэрыторыі і ў першую чаргу дзяцей. Але распад СССР пакінуў Беларусь па сутнасці адзін на адзін з гэтай бядой, тым больш, што першая палова 1990-х гг. вельмі цяжка адбілася і на эканамічным развіцці рэспублікі з-за непрадуманых рэформ. Меры па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай АЭС прымаюцца увесь час, але на гэта ідзе значная частка рэспубліканскага бюджэта. У цэлым, нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, Беларусь у другой палове 1980-х гадоў за кошт накопленага раней эканамічнага і навукова-тэхнічнага патэнцыяла развівалася ў параўнанні з іншымі рэспублікамі СССР адносна стабільна. Кожны год ажыццяўляўся прырост прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1989 г. вытворчасць прамысловай прадукцыі ў адносінах да 1985 г. складала 122%, сельскагаспадарчай – 136%. У 1986–90 гг. ураджайнасць збожжавых склала 29,5 центнераў з гектара супраць 21,5 цэнтнераў з гектрара ў годы папярэдняй пяцігодкі. Але з к. 1980-х гг. рэформы пачалі суправаджацца паступовым разбурэннем эканамічнаага механізма і палітычнай сістэмы. У галіне эканомікі гэта адбілася ў пераходзе да рыначнай эканомікі. Былі прыняты шэраг законаў (“Аб уласнасці”, “Аб прадпрымальніцтве”, “Аб арэндзе” і інш.). Змены ў эканоміцы суправаджаліся дэмакратызацыяй і ў выніку гэтага разбурэннем старой палітычнай сістэмы. Курс на пербудову пачаўся з аб’яўлення М. Гарбачовым галоснасці і дэмакратызацыі. Важнае значэнне мела работа па рэабілітацыі грамадзян – ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Галоснасць адкрыла магчымасць крытыкі дзейнасці уладных структур. Паступова пачала фарміравацца палітычная апазіцыя. Гэты працэс пачаўся з хуткага роста нефармальных аб’яднанняў, напрыклад, “Талака”, “Альтэрнатыва”, “Тутэйшыя”, якія займаліся пытаннямі мовы, літаратуры, гісторыі і культуры. Аднак з другой паловы 1987 года іх дзейнасць станавілася ўсё больш палітызаванай і накіраванай на крытыку ўлад. У кастрычніку 1988 года быў праведзены несанкцыяніраваны мітынг, дзе галоўнай тэмай сталі палітычныя рэпрэсіі і крытыка кіраўніцтва краінай. Улады ўпершыню задзейнічалі сілавыя структуры. Канец 1988 і першая палова 1989 гадоў праходзілі пад знакам узмацнення апазіцыі, што вылілася ў стварэнне палітычнай арганізацыі – Беларускага народнага фронту, які з 1990 года стаў ужо выступаць з яўна антысавецкіх і антыкамуністычных пазіцый. У 1988 годзе Вярхоўны Савет СССР прыняў закон аб выбарах народных дэпутатаў на альтэрнатыўнай аснове, а ў 1989 годзе аналагічны закон прыняў Вярхоўны Савет БССР. На праведзеных 4 сакавіка 1990 года выбарах у Вярхоўны Савет апазіцыя, якая выступала пад лозунгам крытыкі ўрада, здолела правесці значную колькасць сваіх прадстаўнікоў у Савет і стварыць там даволі моцную парламенцкую апазіцыю. Пад яе уплывам 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю “Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”. Такім чынам, на рубяжы 1980 – 1990-х гг. у БССР, як і ў цэлым у СССР, узмацніўся эканамічны і палітычны крызіс, якія затым выліўся ў ліквідацыю савецкай эканамічнай і палітычнай сістэмы.
|