Сланыя сыны зямлі беларускай сцэнар свята Афармленне сцэны І залы
Скачать 88.5 Kb.
|
СЛАЎНЫЯ СЫНЫ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ Сцэнар свята Афармленне сцэны і залы:
Эпіграфы: Янка Купала і Якуб Колас — наш гонар, надзея, будучыня. Іх творчасць — выток святла, дабрыні, нязломнасці. Янка Купала і Якуб Колас. Яны з народа выйшлі, жылі з народам і ў народзе вечна будуць жыць. Гучыць мелодыя песні “Мой родны кут” (муз. І.Лучанка). адкрываецца заслона. На сцэне – удзельнікі свята ў беларускіх нацыянальных касцюмах (злева і справа). Мелодыя заціхае. Першы вядучы. Мелодыю мовы славянскай я чую. Удзельнікі (злева). Колас. Удзельнікі (справа). Купала Другі вядучы. У гэтых імёнах калыханку я чую, Якую мне маці над светлай калыскай спявала. Усе (разам) Колас. Купала. Першы вядучы. Мелодыю мовы славянскай я чую, Той мовы, якую агнямі палілі, Ды з попелу Феніксам-птахам яна паўставала. Усе (разам). Колас. Купала. Другі вядучы. Падобны на шэпт збажыны I плёскат азёрны імёны, Якія паэтам сваім Беларусь даравала. У с е (разам). Колас. Купала. Першы вядучы. Іх нарадзіла зямля Беларусі, каб паэты пачулі яе стогн і плач, убачылі гора і галечу роднага народа, занядбанасць беларускага краю і каб панеслі крыўду беларусаў «на свет цэлы» за права «людзьмі звацца». Так здарылася, што ў беларускую літаратуру амаль адначасова прыйшлі, на працягу многіх дзесяцігоддзяў побач тварылі і сябравалі два волаты мастацкага слова — Янка Купала і Якуб Колас. Другі вядучы. «Янка Купала — гонар беларускага народа. Нельга ўявіць беларускі народ без такой велічнай постаці, як Янка Купала», — сказаў Пятрусь Броўка. «Якуб Колас — наш гонар, надзея, будучыня. Творчасць яго — выток святла, дабрыні, нязломнасці», — так выказаўся Максім Лужанін. Гучыць мелодыя «Купалінкі». Першы вядучы. У нашым народзе існавалі легенды пра тое, што ля калыскі кожнага немаўляці збіраюцца чараўніцы і прарочаць яму лёс. Відаць, мудрыя чараўніцы стаялі і ля калысак Янкі Купалы і Якуба Коласа і прадказалі ім лёс слаўны, пакручасты і велічны. Абодва нарадзіліся ў 1882 годзе. Жыццёвыя шляхі гэтых выдатных пісьменнікаў таксама блізкія. Бацькі Купалы вандравалі па Беларусі, галоўным чынам вакол Мінска, у пошуках працы і хлеба. Пасля смерці бацькі ў 1902 годзе на плечы Янкі як старэйшага сына леглі клопаты пра сям'ю. Дзіцячыя гады Якуба Коласа таксама прайшлі ў вандроўках. Бацьку паэта, які служыў лесніком у лясах князя Радзівіла, часта пераводзілі з месца на месца. Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, ужо з малых гадоў спасцігалі таленавітыя сялянскія хлопцы — Янка і Кастусь — самую мудрую з навук — навуку народнага жыцця. Яна давала ім сілу, паэтычнае натхненне. У выкананні першага і другога чытальнікаў гучаць вершы «Мая навука», «Наш родны край». Другі вядучы. I свае першыя вершы яны напісалі амаль у адзін і той жа час. I псеўданімы ўзялі сімвалічныя. Купала... Гэтым псеўданімам выдатны пясняр падкрэсліў сваё імкненне жыццём і песняй дапамагчы народу знайсці папараць-кветку, кветку шчасця. Колас — гэта хлеб, гэта само жыццё; гэта значыць, што жыццём сваім і творчасцю паэт заўсёды будзе трывала спалучаны з народам, з роднай зямлёй, што з жыцця народа, як з найглыбейшай крыніцы, будзе чэрпаць думкі і надзеі, тэмы і вобразы. Яны абодва сталі стваральнікамі беларускай нацыянальнай літаратуры. Калі прыняць пад увагу, што і Купала, і Колас тварылі ў адзін і той жа час, што паэты апявалі пераважна родны край, прыроду, вёску і яе людзей, іх імкненні, пачуцці, то не прыходзіцца здзіўляцца, што яны напісалі шмат твораў, падобных па матывах, малюнках, вобразах. Першы вядучы. I ў той жа час Янка Купала і Якуб Колас з самага пачатку і да канца свайго творчага жыцця ўяўляюць сабой галасы непадобныя, з рознымі тэмбрамі і дыяпазонамі, з рознай сілай пачуцця і эмоцый; гэта паэты розныя, самабытныя, з вельмі своеасаблівай творчай манерай пісьма. Янка Купала па характары таленту — пераважна паэт-лірык, узнёслы, рамантычны, летуценны, мінорны. Яго вобразы, карціны часта нясуць сімвалічную, філасофскую нагрузку. Яго паэзія ўвабрала і самыя інтымныя рухі чалавечай душы. Якуб Колас — творца разважлівы, удумлівы, ён глыбока засвоіў народную мудрасць; гэта пераважна паэт-рэаліст. У яго паэзіі дамінуе канкрэтны вобраз, карціна, характар. Ён — аптыміст, верыць у чалавека; яго кнігі вучаць любіць жыццё, цаніць яго радасці. Другі вядучы. Янку Купалу і Якубу Коласу давялося жыць і тварыць на памежжы дзвюх эпох. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя яны заявілі пра сябе на ўвесь голас і сталі яркімі зоркамі на паэтычным небасхіле беларускай літаратуры.Яны засеялі зерні праўды, любові, праніклі ў таямніцы народнай душы. Іх творчасць абуджае пачуццё нацыянальнай годнасці. Гучыць мелодыя «Купалінкі». Першы вядучы. Янка Купала — геніяльны паэт, драматург, публіцыст, класік беларускай літаратуры. Ён марыў пра свабоду беларускага народа, жадаў яму лепшай долі. Яго творы прасякнуты глыбокім патрыятызмам. Паэт імкнецца абудзіць нацыянальную свядомасць працоўнага люду, заклікае да барацьбы за свабоду і незалежнасць, жадае роднай Беларусі шчаслівай долі. Трэці і чацвёрты чытальнікі выконваюць вершы «Мая малітва» («Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...» ) і «Сын і маці». Другі вядучы. Найбольш яркія, адметныя і значныя творы Янка Купала напісаў у «нашаніўскі» час: вершы, паэмы, п'есы. Яго камедыя «Паўлінка» і сёння з'яўляецца візітнай карткай Нацыянальнага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Янка Купала — творца лірычнага складу, паэт-рамантык. Яго вершы пра каханне з'яўляюцца выдатным набыткам беларускай літаратурнай класікі. Пяты чытальнік выконвае верш «Песня». Першы вядучы. У адным з вершаў Янка Купала пісаў: I на памяць, што ў сэрцы мне ўскрэсне, Чым я жыў так і мучыўся чым, Злажу самую лепшую песню Аб табе і каханні тваім. Другі вядучы. Што гэта? Прадчуванне таго, што самыя лепшыя творы будуць навеяны жанчынай? Разуменне таго, што каханне — выток самых высокіх песень? Купалу вабіў таемны агонь кахання. Ён часта не знаходзіў узаемнасці. А яна раптам узяла ды прыйшла, нават раней, чым ён паспеў прысвяціць ёй верш, назваўшы яе «даўгажданай». Гэта яшчэ называюць каханнем з першага погляду. Першы вядучы. Жанчына вялікай душы, вялікага гарэння. Марыя Пяледа! Яна была няшчаснай, непрызнанай. I толькі адзін чалавек зразумеў яе сэрца і душу. Гэта быў малады беларускі паэт Янка Купала. Марыя! Яе імя было для яго святое. Гучыць песня «Явар і каліна» (муз. Ю. Семянякі). Другі вядучы. Вяршынай лірыкі кахання Янкі Купалы стаў паэтычны цыкл, навеяны асабістай драмай паэта. Некаторыя перыпетыі гэтай драмы звязаны з асобай Паўліны Мядзёлкі. Лёс двойчы зводзіць паэта з гэтай дзяўчынай. Ён вельмі любіў, як яна спявала. Гэта былі хвіліны шчырага захаплення ёю. Ёй, толькі ёй, Мядзёлцы, другой у яго жыцці пасля Марыі, Купала напіша верш са словамі «даўгажданай». А яна? Яна захопленая новымі грамадскімі ідэаламі, адданая палітычнай актыўнасці, а Купала здаецца ёй завузкім, засцярожаным: герой часу — не ён. Мядзёлка чакала героя. Купала прызнаўся ёй у сваіх пачуццях, «прапанаваў падзяліць з ім долю ў жыцці». Яна адмовіла. Іх шляхі разышліся. I як вынік у Купалавых вершах — лірычныя перажыванні, матыў адзіноты лірычнага героя, шкадаванне, што не спраўдзілася яго мара аб шчасці. Шосты. чытальнік выконвае верш «А яна». Першы вядучы. Ён прысвяціў Паўліне Мядзёлцы шмат вершаў і камедыю «Паўлінка». Сёмы чытальнік выконвае верш «Не глядзі». Другі вядучы. Але не заўсёды Купалу апаноўваў змрочны настрой. У яго жыцці з'явілася Уладзіслава Францаўна Станкевіч. Яна стала жонкай Купалы. Разам у згодзе пражылі яны 26 гадоў. Яна мела выключныя арганізацыйныя здольнасці. Атрымаўшы ад маці-францужанкі ў спадчыну гарачую, непаседлівую натуру, заўсёды энергічная, рухавая, жартаўлівая, вясёлая. Сустрэўшыся ў Маскве, яны адчулі духоўную блізкасць і рашылі ажаніцца. Шлюб адбыўся 23 студзеня 1916 года ў маскоўскім Петрапаўлаўскім касцёле. Уладзіслава Францаўна пайшла ў настаўніцы, у Мінску ўладкавалася працаваць у дзіцячым доме. Уладзіслава Францаўна была глыбокай душы чалавекам. Яна першая з жанчын зразумела шлях Купалы, ведала ўсе яго радасці, яго раны душы. Восьмы чытальнік выконвае ўрывак з паэмы, «Магіла льва» (раздзел VI, без апошняй страфы). Першы вядучы. Купала загінуў трагічна 28 чэрвеня 1942 года. У той момант Уладзіславы Францаўны побач не было. Маўчун Купала, які ўсё жыццё не любіў пісаць лістоў, свой апошні ліст напісаў жонцы і выслаў яго 19 чэрвеня 1942 года. I апошнімі словамі ў ім былі: «...Цалую. Твой Янка». На вайсковых могілках у Мінску побач з магілай Купалы — магіла Уладзіславы Францаўны, крыху воддаль — магілка яго маці, якую ён некалі пакідаў і да якой заўсёды вяртаўся. Выконваецца песня «Спадчына». Другівядучы. Янка Купала — паэт трагічнага лёсу. Прызначаную беларускаму народу чашу пакут ён выпіў да дна. Можа, яшчэ і таму яго слова ўспрымаецца асабліва глыбока і блізка, яно дапамагае будаваць жыццё, вартае свабоднага чалавека. Яно здольна адарыць чалавека духоўнай энергіяй, верай у будучыню, у творчыя сілы народа. Дзевяты чытальнік выконвае верш «Воля». Першы вядучы. Якуб Колас разважаў: «Кажуць, паэтам трэба нарадзіцца, але ж гэтага мала, калі не здолееш выхаваць у сваім сэрцы любоў да свайго народа, прыроды, радзімы». Непаўторныя і цудоўныя краявіды — леснічоўка Ласток, Нёман, засценак Акінчыцы, сядзіба Альбуць, урочышча Смольня, вёска Мікалаеўшчына, — жыццё на ўлонні прыроды зацеплілі ва ўражлівым сэрцы хлопчыка паэтычны агонь. Першыя вершы былі пра хараство роднай прыроды. Кастусь пісаў іх употайкі, хаваў ад чужога вока. Аднойчы дзядзька Антось, які вельмі цікавіўся вучобай свайго пляменніка, зазірнуў у яго кнігі і знайшоў там першую спробу — байку пра лісіцу і варону. А крыху пазней Кастусь ужо сам прачытаў бацьку свой верш «Вясна». У вершы апавядаецца аб тым, як ідзе вясна, растае снег, як сонца прыпякае, трашчыць на рэчцы лёд, як першы бусел прыляцеў, потым шпак, а за ім — жураўлі. I зіма, як дым, прапала! Зелянее луг, ралля. Як ад болю, ачуняла Наша родная зямля. Бацька ўважліва паслухаў і сказаў толькі адно слова: «Добра». А калі даведаўся, што верш склаў сын, абняў яго, пацалаваў і даў сярэбраны рубель. Гэта быў першы ганарар за першы верш, калі будучаму паэту было ўсяго 12 гадоў. Коласавы песні працы і нядолі, жальбы і пратэсту абуджалі ў беларусаў пачуццё ўласнай годнасці, клікалі не згаджацца з панаваннем зла, хлусні, несправядлівасці. Дзесяты і адзінаццаты чытальнікі выконваюць вершы «Пясняр» і «Не бядуй!». Другі вядучы. Шматгранны талент пісьменніка: паэт, празаік, драматург, публіцыст, вучоны, педагог-практык. Яго творы — праўдзівае адлюстраванне жыцця. Паэмы «Новая зямля», «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» — залаты фонд нашай літаратуры. Вялікая колькасць вершаў паэта прысвечана роднаму краю. У беларускай літаратуры ніхто да Якуба Коласа не здолеў так тонка і глыбока ўвасобіць прыгажосць прыроды, раскрыць духоўную еднасць з ёй чалавека. Трынаццаты і чатырнаццаты чытальнікі выконваюць вершы «Адлёт жураўлёў» і «На рэчцы зімою». Першы вядучы. Якуб Колас — пачынальнік беларускай дзіцячай літаратуры. Вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей ён надаваў паэзіі. Ён — вялікі майстар стварэння пейзажных малюнкаў. Усе поры года прысутнічаюць у яго паэзіі. Якуб Колас выразна ўсведамляў, наколькі багатае і шматграннае жыццё таго чалавека, які бачыць, разумее, адчувае хараство навакольнага свету. Паэт вучыць любіць родны край, бачыць яго прыгажосць, любіць сваю Радзіму. Пятнаццаты чытальнік выконвае верш «Песня аб вясне». Другі вядучы Якуб Колас глыбока ведаў псіхалогію дзяцей, якія могуць паводзіць сябе па-рознаму. Да чаго прыводзіць свавольства, можна даведацца, паслухаўшы верш «Савось-распуснік». Адзін з улюбёных твораў Якуба Коласа — паэма «Сымон-музыка». Паэт стварыў вобраз таленавітага самародка, надзвычай чуйнага да прыгажосці: Ён жыў адзін, адзін душою, Вясны і вольнасці пясняр, I меў ён дар жалобных песень, Сардэчных песень дзіўны дар. Першы вядучы. Якуб Колас — жывы чалавек са сваімі захапленнямі, радасцямі і трывогамі. Ён кахаў і быў каханы, хоць спа-наў і засмучэнні. Такім народным песняром, які нёс «песень дзіўны дар», і быў Якуб Колас. 1954 год. 3 успамінаў Якуба Коласа: «Сягоння да мяне прыйшла адна жанчына. Я папрасіў яе ўвайсці. Увайшла старая, увайшла і сказала: "Я толькі пагляджу на вас і пайду. Пазнаеце мяне?"». Гэта сустрэча, якая растрывожыла, усхвалявала і незнаёмку, і паэта, адбылася праз сорак пяць гадоў пасля разлукі. Чаму жанчыне так хацелася знайсці і ўбачыць Якуба Коласа? Што звязвала іх? Другі вядучы. Жанчыну звалі Аляксандра Георгіеўна Рамановіч (Зотава). Летам 1907 года Якуб Колас пазнаёміўся з прыгожай вучаніцай Віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, дачкой віленскага настаўніка Георгія Георгіевіча Зотава. На праця-у многіх гадоў яны сябравалі, сустракаліся, ліставаліся... Але... У адзін са сваіх візітаў яна прызналася яму: «Ведаеш, Якуб! Я выходжу замуж». Душэўныя перажыванні, затоенае хваляванне паэта знайшлі выйсце ў вершы «Пясняр вясны»: Ён ніколі не забудзе, Покі жыць на свеце будзе, Пары ясненькіх вачок, Тонкіх бровак, тварык ветлы, I на губках такі светлы, Такі добранькі смяшок... Першы вядучы. Лёс падарыў Канстанціну Міцкевічу сустрэчу, знаёмства, каханне з адзінай жанчынай, якая на ўсё астатняе жыццё стала яго зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем. Марыя Каменская! Абставіны сустрэчы так і засталіся для ўсіх таямніцай. Нідзе і ніколі не пісаў пра тое Колас. Толькі сціпла расказваў, як занатоўваў некалі ў асобную запісную кніжачку вершы, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне. Але нікому, нават ёй, сваёй каханай, іх не паказваў і не чытаў. Так кніжачка згубілася пры пераездах. Толькі адзін верш — «Дзяўчыне» — потым быў апублікаваны. Семнаццаты чытальнік выконвае верш «Дзяўчыне». Другі вядучы. Лёс Марыі Дзмітрыеўны Каменскай быў шчаслівым, але і цяжкім. Нялёгка быць жонкай паэта-генія, быць побач з ім — і быць не навідавоку, як бы яго ценем. Сама Марыя Дзмітрыеўна была адукаванай жанчынай. Працавала настаўніцай. Вялікае значэнне надавала адукацыі, гаварыла заўсёды па-беларуску... I дзяцей навучыла любові да роднага, да людзей... Яна стала першым чытачом, слухачом і нават крытыкам твораў свайго мужа. Ён вельмі паважаў думку Марусі. А як пяшчотна ён звяртаўся да яе: «Мілая, слаўная Маруся! Мілая Марусечка! Дарагенечкі Марусёк...» Апошнія чатыры гады жыцця для Марыі Дзмітрыеўны былі цяжкім выпрабаваннем. Ішла Вялікая Айчынная вайна, сын Юрка прапаў без вестак. Частыя хваробы, боль за сваю родную Беларусь, за людзей, за сына. Усё пераплялося — і гэтая навала канчаткова «ўдушыла» яе — добрую, разумную, але слабую жанчыну. «Пагасла ты, яснюсенькая зорка, — напісаў Колас у 1945 г. — Мой самы лепшы ў свеце друг, і я ўжо стаю адзін збоку ад жыцця, жыву болей прошлым, чым будучым». Васемнаццаты чытальнік выконвае верш «Усё, што поўніла мне сэрца...». Першы вядучы. Якуб Колас пайшоў з жыцця, пакінуўшы нам духоўны запавет — заклік шанаваць і любіць родную мову. 3 пісьма, датаванага жніўнем 1956 года: «Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ўжо гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача нас, інтэлігенцыі рэспублікі, — берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах». Ці заўважылі вы, наколькі актуальныя гэтыя словы сёння? Дзевятнаццаты чытальнік выконвае верш «Слова — радасць, слова — чары». Другі вядучы. Нашы вялікія песняры Янка Купала і Якуб Колас бездакорна валодалі беларускім словам. Роднае слова, якое чулася з твораў народных паэтаў, акрыляла, натхняла, гартавала дух: ...Мы з імі выходзілі заўжды ў дарогу, А як акрыляла нас іхняе слова, Што сказана простаю, Матчынай мовай, Мы з імі адолелі буры і хвалі... Купала і Колас, вы нас гадавалі! Вы звалі на волю 3 цямноты, з прымусу, Каб горда насілі імя беларуса... П. Броўка Першы вядучы. Паэма «Новая зямля» — энцыклапедыя жыцця беларускага селяніна, аўтабіяграфічная эпапея. Са старонак твора паўстаюць шчымліва-родныя вобразы-ўспаміны незабыўных гадоў маленства. Дваццаты чытальнік выконвае ўрывак «Раніца ў нядзельку» з паэмы «Новая зямля». Другі вядучы. Асобныя старонкі паэмы прасякнуты цёплым гумарам, напоўнены досціпам. Забаўнай, вясёлай паўстае карціна прыгатавання клёцак на бярозавіку. Інсцэніроўка ўрыўка «Дзядзька-кухар» з паэмы «Новая зямля». Пад мелодыю песень «Мой родны кут» і «Спадчына» (муз. I. Лучанка) гучаць заключныя словы. Першы вядучы. Янка Купала і Якуб Колас... Спадчына, якую пакінулі народныя песняры, неўміручая. Творчы подзвіг слаўных сыноў беларускай зямлі навечна застанецца ў народнай памяці. Другі вядучы. Гэтым духоўным братам-волатам, якія аддалі змаганню за народнае шчасце свае сілы, жыццё і талент, будуць заўсёды ўдзячныя многія-многія пакаленні людзей. Яны — паэты-праметэі. Іх мастацтва сёння дапамагае нам вытрымаць цяжкасці і пераадолець трывогі, знайсці кожнаму свой шлях у жыцці. Вядучыя (разам). Яны — нашы сучаснікі. Яны разам з намі. Падвядзенне вынікаў творчых конкурсаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, узнагароджван-не пераможцаў. —Удзельнікі запрашаюцца на сцэну. Першы вядучы. Мелодыю мовы славянскай я чую, Той мовы, якую агнямі палілі, Ды з попелу Феніксам-птахам яна паўставала. У с е (разам). Колас! Купала! Другі вядучы. Падобны на шэпт збажыны I плёскат азёрны імёны, Якія паэтам сваім Беларусь даравала. Усе (разам). Колас! Купала! Першы вядучы. У дні ліхалецця званілі званы, I слова змагання і помсты, Як гром навальніцы, у гэтых імёнах гучала. Усе (разам). Колас. Купала. Другі вядучы. I слова любові, братэрства, свабоды Над імі, як сцяг палымяны, лунала, — Колас. Купала. Першы вядучы. На вечныя векі вятры намялі Курган нашай славы Па новай зямлі, Паэзія! Колас. Купала. Неўміручая спадчына — Колас, Купала. Неўміручае слова — Колас, Купала. Неўміручая слава — Колас, Купала. Як песня народа неўміручая — Колас, Купала. |