Главная страница
Навигация по странице:

  • БЕЛАРУСЬ НА ШЛЯХУ СІСТЭМНЫХ ПЕРАЎТВАРЭННЯЎ.РАДЫКАЛЬНЫЯ ЗМЕНЫ Ў ПАЛІТЫЧНЫМ, ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

  • 5. Трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі,крызіс і стабілізацыя

  • Структурная перабудова эканомікі, канверсія.

  • Грашова-фінансавая сістэма.

  • Рэфарміраванне знешнеэканамічнай дзейнасці.

  • Сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка і ўзровень жыцця беларускага народа.

  • 5.Змены ў духоўным і культурным жыцці беларускага народа.

  • курс лекций по истории беларуси. Курс лекций. Г. А. Астрога Гiсторыя Беларусi


    Скачать 1.91 Mb.
    НазваниеГ. А. Астрога Гiсторыя Беларусi
    Анкоркурс лекций по истории беларуси
    Дата07.11.2020
    Размер1.91 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаКурс лекций.doc
    ТипДокументы
    #148668
    страница30 из 31
    1   ...   23   24   25   26   27   28   29   30   31
    Пытанні і заданні

    1.Ахарактарызуйце стан народнай гаспадаркі Беларусі ў 1940-я гг..

    2.. У чым праявіліся спробы рэфармавання эканомікі ў 1950-1960-я гг.?

    3. Што назвалі эканамічнай рэформай 60-х гадоў і як яна праводзілася ў БССР?

    4.Прааналізуйце асноўныя прычыны складвання механізму тармажэння сацыяльна-эканамічнага развіцця ССР у гады застою..

    5. Ахарактарызуйце асноўныя рысы грамадска-палітычнага развіцця БССР у 50–80-я гг.

    6. Раскажыце аб асноўных дасягненнях у развіцці навукі, адукацыі і культуры Беларусі ў 1945-1985 гг.

    8. Чым характарызуецца міжнародная дзейнасць БССР у другой палове 40-х – першай палове 80-х гг.?

    БЕЛАРУСЬ НА ШЛЯХУ СІСТЭМНЫХ ПЕРАЎТВАРЭННЯЎ.РАДЫКАЛЬНЫЯ ЗМЕНЫ Ў ПАЛІТЫЧНЫМ, ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

    1. Абвяшчэнне палітыкі перабудовы СССР.

    2. Працэсс дэмакратызацыі ў БССР.Дасягненне незалежнасці.

    3. Пачатак працэсу стварэння грамадзянскай прасторы ў рэспубліцы

    4. Трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі,крызіс і стабілізацыя .

    5. Змены ў духоўным і культурным жыцці беларускага народа

    1. Абвяшчэнне палітыкі перабудовы у СССР.

    У сярэдзіне 80-х гадоў Савецкі Саюз апынуўся перад шэрагам праблем сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця. Пленум ЦК КПСС у красавіку 1985 г. прааналізаваў становішча спраў у краіне і прыняў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэты палітычны курс меркавалася ажыццявіць за кошт трох асноўных фактараў: 1) навукова-тэхнічнага прагрэсу, адсюль развіццё машынабудаўнічага комплексу – базы гэтага прагрэсу; 2) структурнай перабудовы эканомікі; 3) актывізацыі чалавечага фактару, павышэння творчай, стваральнай актыўнасці людзей.

    Аднак тагачасная нерэфарміраваная эканоміка СССР аказалася недастаткова ўспрымальнай да новых ідэй, дасягненняў навукі і тэхнікі. На справе адбывалася не паскарэнне, а запавольванне сацыяльна-эканамічнага развіцця. У сувязі з гэтым XXVII з’езда КПСС (25 лютага – 6 сакавіка 1986 г.), ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (28 чэрвеня – 1 ліпеня 1988 г.), студзеньскі і чэрвеньскі Пленумы ЦК КПСС 1987 г. удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.

    Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму”. Яна была неабходнай, бо рэфарміравання грамадска-палітычнай сістэмы, якая склалася ў СССР у 20–30-я гады, не праводзілася, праблемы ў развіцці краіны нарасталі. Мэтай перабудовы было наданне сацыялізму новага дыхання, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, ператварэнне савецкай мадэлі сацыялізму ў мадэль гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму пры непарушнасці існаваўшага ў СССР дзяржаўнага і грамадскага ладу. У гэтым сэнсе перабудова была падтрымана большасцю народа, выклікала ўздым яго грамадска-палітычнай актыўнасці. Палітыка перабудовы ўключала ў сябе правядзенне эканамічнай рэформы, рэформы палітычнай сістэмы, сацыяльнай і культурнай сфер жыцця савецкага грамадства, стварэнне прававой дзяржавы.

    Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі пачынаўся з амаль непрыкметнай для кіраўніцтва Беларусі з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986–1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн чалавек.

    Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклалд, мінская “Талака” ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.

    Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры... Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.

    У 1989 г. ствараецца Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. Шматлікія мітынгі і маніфестацыі пракаціліся па гарадах Беларусі вясной 1991 г. На шматтысячных мітынгах у Мінску лідэры БНФ, палітычных партый і арганізацый не толькі гаварылі пра “жабрацтва і развал, дрымучую адсталасць і неатавараныя талоны, Чарнобыль і каланіяльную залежнасць Беларусі ад цэнтра”, але і адкрыта заклікалі пакончыць з “камуністычнай дыктатурай”.

    . Значная частка палітычна актыўнага насельніцтва падтрымала апазіцыю, другая частка раўнадушна заняла нейтральную пазіцыю. Тыя, хто актыўна падтрымліваў савецкую сістэму і яе абаронцаў, аказаліся ў меншасці. КПБ паступова адхілялася ад кіраўніцтва грамадствам. Набліжалася развязка. Яна наступіла ў жніўні 1991 г.

    2.Працэс дэмакратызацыі ў БССР.Дасягненне незалежнасці.

    25 жніўня 1991 г. Нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” і Пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”.Так, фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі.19 лістапада 1991 г. БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь ( у скарочаным варыянце –Беларусь), нацыянальныя сімвалы-бела-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня”-сталі дзяржаўнымі. Быў выбраны новы старшыня Вярхоўнага Савета - прафесар С.С.Шушкевіч.

    Чым былі абумоўлены крызіс аднапартыйнай сістэмы, зыход КПСС з арэны палітычнага кіраўніка краіны, ліквідацыя савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу?

    Гэтыя з’явы былі абумоўлены перш-наперш сур’ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС–КПБ, якія былі дапушчаны ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала каанкрэтная, навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення савецкага грамадства, не былі вызначаны мэты і задачы, канчатковыя вынікі.. Бачачы гэтыя негатыўныя працэсы, значная частка народа стала абвінавачваць КПСС–КПБ, партыйную эліту і ўсіх тых, па чыёй ініцыятыве пачалася перабудова. Сацыялістычныя ідэалы ў вачах мільёнаў абясцэньваліся, аўтарытэт КПСС–КПБ катастрафічна падаў.

    Не садзейнічалі павышэнню аўтарытэту і ўзмацненню палітычнага ўплыву адарванасць вярхоў КПСС ад народа і шматмільённай арміі радавых камуністаў, пратэкцыянізм, хабарніцтва, карупцыя, замкнутасць партыйнай іерархіі, шырокае распаўсюджанне бюракратызму ў рабоце, недэмакратычнасць кадравай палітыкі, грубае падаўленне іншадумства. Усё гэта, як і распаленую істэрыю вакол ільгот і прывілеяў, прапаганда апазіцыі выкарыстала для дыскрэдытацыі партыйных кіраўнікоў, для выхавання ў людзей пачуцця нянавісці да іх..

    8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы (у Віскулях Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны (Б. Ельцын, С. Шушкевіч, Л. Краўчук), дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР... Была створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Дакументы сустрэчы ў Віскулях былі адобраны Вярхоўнымі Саветамі Расіі, Беларусі і Украіны,.

    15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў новую Канстытуцыю – Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Згодна з ёю, Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Канстытуцыяй уведзена ў рэспубліцы прэзідэнцкая форма кіравання. 10 ліпеня 1994 г. першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абраны А.Р. Лукашэнка. Для забеспячэння эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі было праведзена рэфарміраванне сістэмы выканаўчай улады, створана падпарадкаваная ўсенародна абранаму прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключае выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах.

    У мэтах вырашэння некаторых спрэчных пытанняў, якія ставіла палітычная апазіцыя і якія мелі прынцыповае значэнне для забеспячэння згоды ў грамадстве, па ініцыятыве прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з яго перадвыбарнай платформай 14 мая 1995 г. быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ падтрымаў прапановы кіраўніка дзяржавы аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай, развіцці эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка і ўрад прапанавалі палітычны курс, накіраваны на стварэнне сацыяльна арыентаванай эканомікі, развіццё дэмакратычных працэсаў, забеспячэнне палітычнай стабільнасці і згоды ў грамадстве, паглыбленне інтэграцыі з Расіяй і іншымі дзяржавамі СНД, шматвектарнасць знешняй палітыкі дзяржавы, развіццё навукі, адукацыі і культуры, павышэнне дабрабыту народа.

    Ва ўмовах палітычнай канфрантацыі А.Р. Лукашэнка ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь вынес пытанні, якія вызначаюць лёс дзяржавы, на рэферэндум.

    Ініцыіраваны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам рэспубліканскі рэферэндум адбыўся 24 лістапада 1996 г. Беларускі народ прагаласаваў за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі А.Р. Лукашэнкам, выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі, супраць адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь.

    На рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова А.Р. Лукашэнкі аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня – дзень вызваленя Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне (“за” прагаласавалі амаль 5,5 млн чалавек, ці 88,18 % грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні).

    У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета з 260 дэпутатамі быў сфарміраваны двухпалатны парламент – Нацыянальны сход, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, выбіраемых народам) і Савета Рэспублікі (па 8 чалавек выбіраюцца ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 чалавек прызначаюцца прэзідэнтам). Прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з'яўляецца прэм'ер-міністр урада, пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў, зменены парадак прызначэння асоб на некаторыя дзяржаўныя пасады і вызвалення гэтых асоб ад пасад у адпаведнасці з канстытуцыяй і заканадаўствам. Пашыраны правы грамадзян, ажыццяўляюцца працэсы далейшай дэмакратызацыі беларускага грамадства. У 2000 г. адбыліся свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу, а ў 2001 г. – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім на новы пяцігадовы тэрмін абраны А.Р. Лукашэнка.

    3.Пачатак стварэння грамадзянскай прасторы ў рэспубліцы

    На рубяжы 80–90-х гадоў ХХ ст. пачаўся працэс фарміравання шматпартыйнай сістэмы. Па стану на 10 сакавіка 1993 г. у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала больш за 500 палітычных партый, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і рухаў. У 2000 г. прайшлі перарэгістрацыю 1326 грамадскіх аб’яднанняў і 17 палітычных партый. Сярод вядомых партый ліберальна-буржуазнага накірунку адзначым Аб’яднаную грамадзянскую партыю і Партыю беларускага народнага фронту, цэнтрысцкіх партый – Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю “Народная грамада”, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, сярод левакамуністычных партый – Камуністычную партыю Беларусі і Партыю камуністаў Беларусі.

    Мноства створаных палітычных партый, арганізацый і рухаў сведчаць аб спектры поглядаў, якія існуюць у беларускім.

    Партыі і рухі маюць вузкую сацыяльную базу. Яны, як правіла, абапіраюцца на частку інтэлігенцыі, студэнтаў і навучэнцаў, іх слаба падтрымліваюць рабочыя і сяляне. Гэта тлумачыцца тым, што погляды многіх сучасных палітыкаў разыходзяцца з інтарэсамі і палітычным вопытам шырокіх колаў народа, што многія сённяшнія палітыкі ўжо не адзін раз увялі ў зман, здрадзілі людзям. Сучасным партыям і рухам не хапае арганізаванасці, здольнасці мяняць сваю тактыку ў новых умовах і г.д. Працэс фарміравання шматпартыйнай палітычнай сістэмы беларускага грамадства працягваецца.

    4.Трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі,крызіс і стабілізацыя. Фарміраванне рыначнай эканомікі: напрамкі і праблемы

    Састаўной часткай палітыкі перабудовы, якая праводзілася ў 1985–1991 гг., з’яўлялася эканамічная рэформа. У ходзе яе ажыццяўлення значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб’яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне, павысілася роля працоўных калектываў, развівалася самакіраванне, укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы (арэндныя калектывы, гаспадарчаразліковыя брыгады і г.д.). Была зроблена спроба ўнесці ў сістэму планавання змены: на важнейшыя віды прадукцыі дзяржава давала вытворцам заказ, а ўсё астатняе прадугледжвалася планаваць самастойна прадпрыемствам і мясцовым органам улады. Зроблены першыя і не заўсёды ўдалыя крокі па дэмантажу адміністрацыйна-каманднай сістэмы.

    Разам з тым у гады перабудовы кіраўніцтва СССР і саюзных рэспублік, паспешліва дэманціруючы адміністрацыйна-камандныя структуры кіравання, не заўсёды стварала новыя структуры кіравання эканамічнымі метадамі. На практыцы гэта прыводзіла да безуладдзя ці многаўладдзя ва ўмовах “параду суверэнітэтаў”. Узнікалі вельмі небяспечныя для дзяржавы і народа арганізаваная мафіёзнасць, злачыннасць, сепаратызм і нацыяналізм. Пад выглядам увядзення рынку пачалося раскраданне агульнанароднага багацця. Органы ўлады праяўлялі маруднасць і нерашучасць. Яны згубілі кантроль над фінансавай сітуацыяй у краіне. Цяжкасці ў развіцці эканомікі нарасталі.

    У 1988–1990 гг. у СССР распрацоўваліся канцэпцыя і праграма стабілізацыі гаспадаркі і пераходу да рыначнай эканомікі, заснаваныя на спалучэнні плана і рынку, – важнейшых дасягненняў сусветнай цывілізацыі ў сферы эканомікі. Вынікам работы з’явіліся “Асноўныя напрамкі па стабілізацыі народнай гаспадаркі і пераходу да рыначнай эканомікі”, распрацаваныя Саветам Міністраў СССР і зацверджаныя Вярхоўным Саветам СССР. Гэта была праграма стварэнняў ў СССР планава-рыначнай эканомікі, плаўнага паступовага пераходу да яе на працягу перыяду, разлічанага на цэлы шэраг гадоў. Прадугледжвалася пераход да рынку рабіць асцярожна, уносіць карэктывы з тым, каб рынак працаваў на народ вялікай краіны, рабіў жыццё людзей лепшым.

    Пачатак рыначных рэформ у Беларусі звязаны з адабрэннем Вярхоўным Саветам рэспублікі ў канцы 1990 г. праграмы пераходу да рыначнай эканомікі, якая прадугледжвала шэраг надзвычайных стабілізацыйных мер, стварэнне асноўных рыначных інстытутаў, прыватызацыю, дэманапалізацыю, змену сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Паэтапная лібералізацыя цэн павінна была сумяшчацца з выкарыстаннем “сацыяльных амартызатараў”, якія дазволілі б не дапусціць рэзкага падзення жыццёвага ўзроўню асноўная масы насельніцтва.

    Развалам СССР у снежні 1991 г. і спыненнем дзейнасці першага і апошняга прэзідэнта СССР М. Гарбачова завяршылася перабудова і яе састаўная частка – эканамічная рэформа. З 1 студзеня 1992 г. рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Яны сталі праводзіцца па заходніх рэцэптах, у першую чаргу па рэцэптах “шокавай тэрапіі” Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для слабаразвітых краін. Але Беларусь, як і Расія і Украіна, не слабаразвітая, а індустрыяльная дзяржава з многагаліновай прамысловасцю і магутным навукова-тэхнічным патэнцыялам. Мадэль МВФ, дзе вынікам лібералізацыі цэн з’яўляецца этап банкруцтваў і беспрацоўя, дапусціма для слабаразвітых краін, у якіх рабочыя складаюць 5–10 % насельніцтва. Пры такіх маштабах нават масавыя банкруцтвы прадпрыемстваў грамадства ў цэлым не кранаюць. А калі дзяржаўны сектар складае пераважную большасць эканомікі, а рабочыя – 70 % працоўных?

    Правядзенне рэформ у 1992–1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум асноўных рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай у новую сістэму, якая ў пэўнай ступені абапіраецца на рыначныя рэгулятары. Разам з тым беларускі рынак цярпеў значна большыя страты, чым меў здабыткаў: разбурэнне раней існаваўшых вытворча-эканамічных сувязей і “абвальны” спад вытворчасці на 50 % і больш у параўнанні з канцом 80-х гадоў, што пагражала дзяржаве стратай сваёй незалежнасці і пераўтварэннем у калонію; раскручванне інфляцыйнай спіралі і катастрафічнае падзенне курсу беларускіх грошай, крытычнае становішча з забеспячэннем гаспадаркі энергарэсурсамі; галапіруючы рост цэн (іх лібералізацыя не прывяла да ўстанаўлення раўнавагавых цэн, што з’яўляецца асаблівасцю рынку, заснаванага на механізме свабоднай канкурэнцыі); рэзкае падзенне жыццёвага ўзроўню большасці насельніцтва, рост беспрацоўя, нарастанне іншых сацыяльных праблем.

    Для пераадолення крызісных з’яў і недахопаў, а таксама для вызначэння перспектыўных задач у правядзенні рыначных рэформ былі распрацаваны “Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гады”. 20 кастрычніка 1996 г. удзельнікі Усебеларускага народнага схода адобрылі гэты дакумент.

    Якія асаблівасці правядзення рыначных рэформ у Беларусі ў 1994–2002 гг.?

    Па-першае, нровае кіраўніцтва дзяржавы ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Для яе характэрны плюралізм форм уласнасці, больш шырокі ўдзел дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванне прыбыткаў насельніцтва і яго занятасці, задавальненне сацыяльных запатрабаванняў у галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры.

    Па-другое, улічваючы вопыт краін з развітай рыначнай інфраструктурай, Рэспубліка Беларусь стала на шлях дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Яно можа ажыццяўляцца як прамое і ўскоснае (адміністрацыйнае і эканамічнае кіраванне); заканадаўчае, выканаўчае і судовае. Сцвярджэнне аб тым, быццам рыначная эканоміка самаарганізуецца і самарэгулюецца, – ні што іншае, як міф.

    Па-трэцяе, прыпынена дзікая “прыхватызацыя”, раскраданне кучкай дзялкоў агульнанароднага багацця і стварэнне буйных прыватных капіталаў, большасць з якіх маюць крымінальную прыроду. Цяпер прыватызацыя праводзіцца пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, у інтарэсах умацавання яе магутнасці і павышэння дабрабыту народа.

    Па-чацвёртае, народ і дзяржава адмовіліся ад куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Цяпер калгас, саўгас, сялянская (фермерская) гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.

    Па-пятае, рэспубліка Беларусь адкрыта для эканамічнага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Яна прыцягвае ў народную гаспадарку капіталы айчынных і замежных інвестараў. Але трэба памятаць, што ў эканоміцы дарэвалюцыйнай Расіі, у тым ліку і Беларусі, уладарыў замежны капітал. Буйнейшыя прадпрыемствы знаходзіліся ў прыватнай уласнасці ці ў арэндзе ў замежных капіталістаў. А між тым краіна і яе народ былі надзвычай беднымі. Пагэтаму сёння, маючы велізарны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, стаўка робіцца на ўласныя сілы і сродкі, прыцягваюцца іншаземныя інвестыцыі ў тым выпадку, калі яны даюць нам эканамічную выгаду і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.

    5. Трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі,крызіс і стабілізацыя

    У 1993 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь былі прыняты прававыя акты, якія складалі аснову прыватызацыі. Сярод іх – законы “Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб імянных прыватызацыйных чэках”. У чэрвені 1993 г. была зацверджана Дзяржаўная праграма прыватызацыі, якой прадугледжана прыватызацыя 2/3 кошту дзяржаўных асноўных фондаў прадпрыемстваў і арганізацый.

    Вярхоўны Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь вырашылі правесці прыватызацыю дзяржаўнай маёмасці праз імянныя прыватызацыйныя чэкі “Маёмасць”...

    У 2002 г. пачалася прыватызацыя прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва дзяржавы сфарміравала наступныя прынцыпы прыватызацыі, акцыяніравання гэтых прадпрыемстваў: бяспека краіны, абарона яе інтарэсаў; прыток інвестыцый у мэтах мадэрнізацыі абсталявання, стварэння новых тэхналогій і павышэння прадукцыйнасці працы; захаванне сацыяльнай сферы прадпрыемстваў, поўная занятасць працаўнікоў і стварэнне новых рабочых месц; павелічэнне экспарту прадукцыі за мяжу і забеспячэнне мясцовага рынку таварамі і паслугамі; рост паступленняў у дзяржаўны бюджэт.

    Станаўленне рыначных адносін у аграрным сектары эканомікі вызначылі “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі”, закон “Аб праве ўласнасці на зямлю” і інш. У сярэдзіне 1993 г. у аграрным сектары Беларусі налічвалася 2700 калгасаў і саўгасаў, 2658 фермерскіх гаспадарак і 1 926 400 сельскіх падвор’яў. Плошча выдзеленых зямель для фермерскіх гаспадарак складала 51 956 га, ці 0,5 % усіх сельгас-угоддзяў рэспублікі (у Расіі на долю фермераў прыпадала больш за 3 %, на Украіне – 0,8 % сельгасугоддзяў). Сярэдняя плошча калгасаў і саўгасаў складала 1994 га, фермераў – 19,9, падвор’я – 0,42 га. У ЗША сярэдні памер фермерскай гаспадаркі павялічыўся за апошнія гады са 149 да 190 га. Самыя буйныя фермы ЗША складаюць 4,1 % ад агульнай іх колькасці і даюць 48,8 % валавога прыбытку.

    У 1993 г. на кожную фермерскую гаспадарку Беларусі прыпадала па 3,5 чалавекі, у тым ліку 2 працаздольныя работнікі. Амаль 35 % фермерскай зямлі выкарыстоўвалася неэфектыўна. У шэрагу месц ствараліся гаспадаркі практычна натуральнага тыпу.Удзельная вага прадукцыі фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме прадукцыі аграпрамысловага комплексу Беларусі пакуль што нізкая – менш за 1 %, а таварнай прадукцыі – толькі 0,3 %.

    У сувязі з недахопам сродкаў і па іншых прычынах фермеры мала будавалі жывёлагадоўчых памяшканняў, сховішч, перапрацоўчых аб’ектаў. Кожны фермер трымаў у сярэднім 3–4 галавы буйной рагатай жывёлы і свіней, 5–6 авечак і коз, што адпавядала звычайнай прысядзібнай гаспадарцы калгасніка. Ураджайнасць збожжавых і бульбы ў фермераў была ніжэйшая, чым у калгасах і саўгасах.

    Некаторыя фермерскія гаспадаркі Беларусі перасталі існаваць. Прычынамі таму былі адсутнасць вопыту і дастатковых сельскагаспадарчых ведаў, цяжкасці атрымання крэдыту, неэфектыўнае выкарыстанне зямлі, маральная і фізічная непадрыхтаванасць да цяжкай сельскагаспадарчай працы без водпускаў і выхадных (12–18 гадзін у суткі), сямейныя непаладкі і г.д. Таму курс на хуткі дэмантаж буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замену яе сялянскай (фермерскай) – палітычная авантура, вельмі небяспечны эксперымент, які можа прывесці да сур’ёзных негатыўных вынікаў.

    Структурная перабудова эканомікі, канверсія. Спецыялізаваная і манапалізаваная, з моцным ваенна-прамысловым комплексам эканоміка Беларусі патрабуе ва ўмовах рынку структурнай перабудовы. На рубяжы 80–90-х гадоў урадам рэспублікі былі прыняты меры па стабілізацыі ўнутранага спажывецкага рынку, правядзенні канверсіі і рэарганізацыі работы машынабудаўнічага і хімічнага комплексаў. Доля ваеннай прадукцыі ў агульных аб’ёмах вытворчасці абаронных заводаў да сярэдзіны 1993 г. скарацілася з 70 да 12–13 %. Са 120 прадпрыемстваў, якія ў рознай ступені займаліся вытворчасцю прадукцыі абароннага прызначэння, ваеннымі заказамі забяспечана іх нязначная колькасць. У некалькі разоў скараціўся аб’ём навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ, якія фінансаваліся па лініі Міністэрства абароны.

    Ажыццяўляючы канверсію, былыя абаронныя заводы перайшлі на выпуск абсталявання і тэхнікі для розных галін гаспадаркі, прадпрыемстваў сувязі, для медыцыны, банкаў і гандлю, а таксама тавараў народнага спажывання.

    Пры структурнай перабудове эканомікі Беларусі галоўная ўвага звяртаецца на перавод вытворчасці на энерга- і матэрыялазберагаючыя тэхналогіі, развіццё мясцовай сыравіннай базы і імпартазамяняючай вытворчасці, пашырэнне выпуску канкурэнтаздольнай, навукаёмістай прадукцыі з глыбокай тэхналагічнай перапрацоўкай, павышэнне экалагічнай бяспекі.

    Грашова-фінансавая сістэма. Да пачатку 90-х гадоў грашова-фінансавая сістэма СССР будавалася на базе савецкага рубля. Існавала дакладная градацыя абмену гэтага рубля на валюту: афіцыйны курс – прыкладна 60–65 кап. за 1 дол., курс чорнага рынку – прыкладна 10 руб. за 1 дол. Афіцыйны курс адлюстроўваў суадносіны цэн на ўнутраным і знешнім рынку, будаваўся на сапраўднай цане асноўных паліўна-сыравінных тавараў. Напрыклад, 1 т нафты на ўнутраным рынку каштавала 70 руб., на сусветным – 140 дол. Курс чорнага рынку адлюстроўваў ажыятажныя суадносіны цэн на спажывецкія тавары.

    Нечакана дзяржава супраць логікі разумнага сэнсу аслабляе кантроль за знешнегандлёвымі аперацыямі і сферай крэдыту, дабравольна адмаўляецца ад кантролю за валютным курсам. Ва ўмовах развалу эканомікі краін СНД, цэнаснай бязмежнасці, гульні біржавых дзялкоў на паніжэнне, разгулу эканамічнай злачыннасці сфарміраваўся спекулятыўны курс долара ў адносінах да рубля, грошы большасці суверэнных дзяржаў, у тым ліку і беларускія рублі, зведзены на нішто.

    Ратуючы свае грошы ад абясцэньвання, банкі, прадпрыемствы і насельніцтва пераводзяць іх у валюту іншаземных дзяржаў. Па падліках спецыялістаў навукова-эканамічнага цэнтра “Экон”, у 1994 г. у Рэспубліцы Беларусь купля іншаземнай валюты насельніцтвам у афіцыйна зарэгістраваных абменных пунктах павялічылася ў 73 разы ў параўнанні з папярэднім годам, у 1995 г. – у 22,5 разы. За межамі ЗША цяпер знаходзіцца 2/3 яе валютнага звароту, каля 250 млрд дол., з іх на тэрыторыі Беларусі, па розных ацэнках, ад 2 да 4 млрд дол. Гэта беспрацэнтны таварны крэдыт Рэспублікі Беларусь ЗША. Больш таго, у масе зарубежнага валютнага абароту ЗША сума гадавой інфляцыі складае 50–80 млрд дол. у год. Гэта наш уклад, свайго роду “гуманітарная дапамога” у міжнароднае развіццё ЗША. І нарэшце, з тэрыторыі СНД у зарубежныя банкі штогод накіроўваецца валюта на дзесяткі мільярдаў долараў. Частка яе затым нам выдаецца ў якасці крэдытаў пад працэнты, а з гэтых працэнтаў выплачваюцца дапамога і “прэміі” тым, хто вядзе наша грамадства ў гэтым накірунку (Эканамічная канцэпцыя выхаду рэспублікі з крызісу // Веч. Минск. 1995. 25 сент.).

    Эканамічны механізм разграблення краін СНД распрацаваны Агенцтвам міжнароднага развіцця ЗША (Сов. Белоруссия. 1994. 5 дек.). Прынцып яго дзеяння нагадвае пыласос, які ўцягвае ўсе матэрыяльныя прадметы ў ЗША ў абмен на папяровыя доларавыя знакі, а сам працэс – гандаль паперкамі ў абмен на золата, каляровыя металы, нафту і г.д. На выпадак, калі дзяржавы СНД стабілізуюць свае нацыянальныя валюты і пажадаюць вярнуць долары ў ЗША ў абмен на рэальныя тавары, у ЗША ўжо падрыхтаваны долары іншага ўзору.

    Стабілізацыя і ўмацаванне беларускай грашова-фінансавай сістэмы адбываецца пры ўдзеле дзяржавы і на аснове пад’ёма эканомікі. У саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі будзе створана адзіная фінансава-грашовая сістэма.

    Рэфарміраванне знешнеэканамічнай дзейнасці. На знешнеэканамічную дзейнасць уплывала шматгадовая, аднабаковая арыентацыя Беларусі на патрэбы адзінага народнагаспадарчага комплексу былога СССР, а таксама замкнутая адносна сусветнага рынку рэспубліканская эканоміка. У выніку тэхналагічнай арыентацыі на танную сыравіну быў сфарміраваны вельмі нязручны з пункту гледжання выхаду на сусветны рынак рэсурсаёмісты накірунак развіцця прамысловасці Беларусі. У пачатку 90-х гадоў пастаўкі ў рэспубліку нафты, пракату чорных металаў, стальных труб, сінтэтычнага каўчуку паменшыліся ў 1,5–2 разы, натуральнай воўны – у 3, бавоўны – у 1,5, збожжа – у 1,4 раза. Вострай праблемай з’яўляецца забеспячэнне рэспублікі энерганосьбітамі.

    У сувязі з недастатковай канкурэнтаздольнасцю прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, насычанасцю таварамі сусветнага рынку Беларусь у гады рэформ не толькі не змагла заняць новыя нішы ў сусветнай гаспадарцы, але і згубіла частку сваіх традыцыйных рынкаў. Так, на працягу 1-га квартала 1993 г. у параўнанні з аналагічным перыядам 1992 г. на 13,2 % скараціўся экспарт трактароў, на 37,4 – грузавых аўтамабіляў, на 14 – халадзільнікаў, на 56,1 – тэлевізараў.

    Сітуацыя пачала змяняцца да лепшага, пачынаючы з другой паловы 90-х годоў ХХ ст. Экспарт беларускай прадукцыі ў краіны блізкага і далёкага замежжа стаў прыярытэтам дзяржавы. Гандлёвымі партнёрамі Рэспублікі Беларусь сталі Расійская Федэрацыя, іншыя краіны СНД. Падтрымліваюцца эканамічныя сувязі з дзяржавамі і фірмамі Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі. Нямала зроблена з краінамі-партнёрамі для выпрацоўкі механізмаў узаемнай абароны інвестыцый, стварэння добрых умоў для далейшага разгортвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Разам з тым Міжнародная гандлёвая арганізацыя, Міжнародны валютны фонд, іншыя міжнародныя фінансавыя і эканамічныя арганізацыі, а таксама кіраўнікі некаторых дзяржаў Захаду праводзяць палітыку нераўнапраўнага партнёрства, неэквівалентнага абмену, дыскрымінацыі беларускіх тавараў на сусветным рынку, глядзяць на Рэспубліку Беларусь як на крыніцу таннай рабочай сілы і рынак збыту сваёй прадукцыі.

    Сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка і ўзровень жыцця беларускага народа. Сусветнай практыцы вядомы дзве асноўныя мадэлі рыначнай эканомікі: ліберальная і сацыяльна арыентаваная. Важнейшымі прыкметамі ліберальнай мадэлі з’яўляюцца практычна поўнае панаванне прыватнай уласнасці, а ў сацыяльнай сферы дзяржава бярэ на сябе абарону толькі самых сацыяльна абяздоленых груп насельніцтва па самаму нізкаму пражытачнаму мінімуму. Сацыяльна арыентаваная мадэль рыначнай эканомікі дапускае плюралізм форм уласнасці, большую ступень удзелу дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванні прыбыткаў насельніцтва і яго занятасці, задавальненні шэрага найбольш значных сацыяльных запатрабаванняў (адукацыя, ахова здароўя, культура і г.д.). Ліберальнай мадэлі рынку прытрымліваліся ў свой час ЗША і Англія, але пачынаючы з 30-х гадоў ХХ ст. яны ўсё больш сталі браць на сябе функцыі па рэгуляванні эканомікі і вырашэнні сацыяльных праблем. Сацыяльна арыентаваная мадэль рынку рэалізавана ў Швецыі, Францыі, Германіі, Японіі і іншых краінах.

    . Сёння дабрабыт народа, жыллё і харчаванне з’яўляюцца прыярытэтамі дзяржавы. Рынак насычаны прамысловымі і харчовымі таварамі, а таксама паслугамі. Рост цэн на тавары і паслугі не апярэджвае рост зарабатнай платы. Дзяржава падтрымлівае сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва, захоўвае бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Гэта – здабыткі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі з моцным дзяржаўным рэгуляваннем.

    5.Змены ў духоўным і культурным жыцці беларускага народа.

    З сярэдзіны 80-х гг. у СССР пачалася рэформа агульнаадукацыйнай, прафесіянальнай і вышэйшай школы. Пры рэфармаванні сістэмы адукацыі забяспечваліся пераемнасць і свабодны доступ да любой яе ступені, разнастайнасць зместу і форм навучання, пашырэнне магчымасцей для індывідуальнага развіцця асобы. Ажыццяўляліся больш цесныя сувязі навучання і вытворчай дзейнасці, уключэнне вучняў у сістэматычную, пасільную для іх здароўя і ўзросту грамадска-карысную працу.

    У школах быў уведзены курс асноў інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, створаны спецыялізаваныя сярэднія навучальныя ўстановы – ліцэі і гімназіі. Яны павінны былі забяспечыць больш дасканалую падрыхтоўку вучняў па выбраных галінах ведаў (гуманітарнай, тэхнічнай ці прыродазнаўчай). На розных узроўнях праводзіліся прадметныя алімпіяды па фізіцы, матэматыцы і іншых дысцыплінах. Пераможцы рэспубліканскага этапу мелі права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы без іспытаў па дысцыпліне алімпіяды. Практыкавалася сумяшчэнне выпускнога экзамену за сярэднюю школу з уступным экзаменам у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

    У прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах разам з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы праходзілі падрыхтоўку па 420 прафесіях. Больш за 10 прафесіянальна-тэхнічных вучылішч аб'явілі сябе вышэйшымі прафесіянальнымі вучылішчамі, якія давалі адначасова прафесіянальна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную падрыхтоўку.

    Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы забяспечвалі падрыхтоўку кадраў для гаспадаркі і культуры. Частка тэхнікумаў была пераўтворана ў каледжы, дзе адначасова ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняй кваліфікацыі і спецыялістаў павышанага ўзроўню. Апошнія мелі магчымасць паступіць адразу на ІІІ курс вышэйшай навучальнай установы.

    У вышэйшых навучальных установах былі створаны новыя спецыяльнасці па робататэхніцы, электроннаму прыборабудаванню, новых хімічных тэхналогіях, банкаўскіх камп'ютэрных сістэмах і інш.

    Асаблівасцю развіцця школы Рэспублікі Беларусь у 90-я гг. стала дзейнасць недзяржаўных навучальных устаноў, якія існуюць разам з дзяржаўнымі ўстановамі і ў якіх навучанне ажыццяўляецца на платнай аснове (за кошт асабістых сродкаў студэнтаў і навучэнцаў). Недзяржаўныя навучальныя ўстановы ліцэнзію (права) на правядзенне вучэбнай дзейнасці атрымліваюць ад дзяржавы. Яны павінны забяспечыць існуючы ў краіне стандарт адукацыі, для чаго сістэматычна праводзіцца атэстацыя ўсіх навучальных устаноў, у тым ліку і недзяржаўных.

    У перыяд правядзення рэформ здолела захаваць свой магутны інтэлектуальны патэнцыял беларуская навука. У пачатку 1993 г. у Беларусі налічвалася 137 навукова-даследчых, 57 канструктарскіх і 23 праектна-канструктарскія арганізацыі. Працавалі вядомыя ў свеце навуковыя школы ў многіх галінах ведаў. Развіваліся фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Удасканальвалася сістэма аплаты працы ў галіне навукі.

    Нягледзячы на ўсе цяжкасці эканамічнага развіцця, у другой палове 80-х – 90-я гг. па-ранейшаму захоўвала свой патэнцыял беларуская літаратура. У гэты час працягвалі плённа працаваць старэйшыя беларускія пісьменнікі: І. Чыгрынаў, І. Шамякін, І. Навуменка, В. Быкаў. За апошнія гады імі былі напісаны творы высокага літаратурнага ўзроўню. Раманам “Вяртанне да віны” народны пісьменнік Іван Чыгрынаў завяршыў свой цыкл твораў пра жыхароў вёскі Верамейкі. Прыкладам асэнсавання праблем сённяшніх могуць быць раман народнага пісьменніка І. Шамякіна “Злая зорка”, аповесці “Ахвяра”, “Сатанінскі тур”. На паэтычнай ніве ў гэты перыяд шмат працавалі Н. Гілевіч, Г. Бураўкін, Л. Дранько-Майсюк і інш.

    У складаных эканамічных умовах сярэдзіны 80-х – 90-я гг. развівалася тэатральнае мастацтва Беларусі. Колькасць прафесіянальных тэатраў у Беларусі нават павялічылася з 17 у 1985 г. да 21 у 1991 г. (Тэатр оперы і балета, 12 тэатраў драмы, камедыі і музычных, 8 дзіцячых тэатраў). На высокім прафесіянальным узроўні працавалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Дзяржаўны рускі драматычны тэатр, Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Дзяржаўны тэатр лялек, абласныя драматычныя і лялечныя тэатры. У 90-х гг. узніклі прафесіянальныя драматычныя тэатры ў Младзечне, Слоніме, Мазыры.

    Значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва ўнеслі рэжысёры В. Раеўскі і Б. Луцэнка, харэограф В. Елізар’еў, акцёры С. Станюта, М. Яроменка, Р. Янкоўскі, А. Клімава, М. Захарэвіч, Л. Давідовіч, Ф. Шмакаў, Л. Бржазоўская, Ю. Траян, І. Душкевіч і інш.

    Далейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. Шмат зрабілі і робяць для развіцця музычнай культуры Беларусі такія вядомыя кампазітары, кіраўнікі музычных калектываў і выканаўцы, як У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, В. Роўда, Т. Ніжнікава, М. Дрынеўскі, Я. Глебаў, М. Казінец, Дз. Смольскі, С. Картэс і інш. Шырокую папулярнасць у Беларусі і за яе межамі набыў Дзяржаўны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга.

    У цэнтры канцэртнай дзейнасці сёння знаходзяцца Беларуская дзяржаўная філармонія і абласныя філармоніі. Рэспубліка Беларусь мае высокапрафесіянальныя калектывы: Акадэмічны хор Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г.І. Цітовіча, Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Р.Р. Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І.І. Жыновіча, харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і інш. У апошнія гады ўтварыліся Дзяржаўны камерны хор, Мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга” і іншыя творчыя калектывы. Значнае месца ў музычным жыцці краіны займаюць лепшыя ўзоры эстраднай песеннай творчасці. Шырока вядомы песенныя творы беларускіх кампазітараў Ю. Семянякі, І. Лучанка, Э. Ханка, У. Будніка, В. Іванова і інш.

    З 1992 г. у Віцебску штогод праходзіць свята песні “Славянскі базар”. Уздыму ўзроўню майстэрства маладых выканаўцаў садзейнічае фестываль у Маладзечне, які з 1993 г. стаў традыцыйным. Шырокую вядомасць, роўную “Славянскаму базару”, у апошнія гады набыў фестываль песні “Залаты шлягер” у Магілёве.

    Вялікую справу ў духоўным выхаванні насельніцтва Беларусі робяць музеі. Іх колькасць павялічылася са 111 у 1990 г. да 149 у 1996 г. Самай буйной скарбонкай твораў выяўленчага мастацтва з’яўляецца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Ва ўласных фондах і фондах яго філіялаў сёння знаходзіцца больш за 19 тыс. твораў, у іх ліку вялікая калекцыя беларускага мастацтва XVI–XX стст. Вялікую калекцыю твораў мастацтва маюць таксама Бялыніцкі мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай Акадэміі навук, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Веткаўскі музей народнай творчасці і інш.

    Актыўна праходзіла ў апошнія гады і выставачная дзейнасць многіх музеяў, творчых суполак і мастакоў Беларусі. Плённа працавала Рэспубліканская мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі (былы Палац мастацтва). Сярод персанальных выстаў гэтага часу можна адзначыць выставы мастакоў старэйшага пакалення – М. Савіцкага, А. Анікейчыка, П. Дурчына, У. Стэльмашонка, Г. Вашчанкі і інш., а таксама выставы твораў некаторых маладых мастакоў.

    Адной з важных задач палітыкі дзяржавы ў галіне культуры з’яўляецца захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца аб тым, што дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Сёння на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 15 тыс. помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. Іх колькасць магла быць і значна большай, калі б не шматлікія войны, што пракочваліся па беларускай зямлі на працягу апошніх некалькіх стагоддзяў. Падчас гэтых войнаў значная частка нацыянальных каштоўнасцей загінула або была вывезена за межы Беларусі. Вяртанне на радзіму той спадчыны, што апынулася за мяжой, – састаўная частка палітыкі дзяржавы ў галіне культуры. У 1992 г. быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

    Мэтанакіраваная работа ў апошнія гады ў рэспубліцы праводзіцца не толькі па вяртанню гісторыка-культурнай спадчыны, але і па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Вялікія рэстаўрацыйныя работы ў канцы 80-х – 90-я гг. праводзіліся, напрыклад, у Мірскім замку – помніку архітэктуры XVI ст. Пастановай Савета Міністраў Нясвіжу быў нададзены статус Нацыянальнага запаведніка Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, для адраджэння яго гісторыка-культурнай спадчыны быў створаны міжнародны фонд “Нясвіж”.

    Надзвычайную каштоўнасць для Беларусі мае Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, які ўключае 18 помнікаў гісторыі, археалогіі і культуры. Сярод адроджаных яго помнікаў – Сафійскі і Богаяўленскі саборы, брацкая школа пры Богаяўленскім саборы. Адноўлены фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы.

    Апошнім часам праводзіліся таксама работы па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры на Навагрудчыне, Лідскага замка, Барысаглебскай (Каложскай) царквы і Старога Замка ў Гродне, Благавешчанскай царквы ў Віцебску, гістарычнай забудовы Мінска, Брэста і іншых старажытнабеларускіх гарадоў.
    1   ...   23   24   25   26   27   28   29   30   31


    написать администратору сайта