Мой маб. 375291280678 Паважаныя студэнты!
Скачать 111.06 Kb.
|
Як грамадства ўплывае на мову? Закончыце сказы: Стыхійны ўплыў грамадства на мову адлюстроўваецца ў наяўнасці ў мове дыялектаў, ... . Свядомае ўздзеянне грамадства на мову праяўляецца ў .тым, што .. . ЯК ГРАМАДСТВА ЎПЛЫВАЕ НА МОВУ Вышэй ужо адзначалася, што па-за грамадствам мовы няма, як няма і грамадства без мовы. Згуртоўваючы ўсіх членаў пэўнага грамадства ў сацыяльна цэлае адзінства, мова служыць падмуркам гэтага адзінства. Але і грамадства ўплывае на мову, прычым ажыццяўляецца гэта двума спосабамі – стыхійным і свядомым. Мова, як люстэрка, мімаволі адлюстроўвае ў сабе разнастайныя сацыяльныя працэсы. Так, тэрытарыяльнае рассяленне людзей адлюстроўваецца ў наяўнасці дыялектаў, а дыферэнцыяцыя грамадства на сукупнасці людзей па інтарэсах, прафесіях, родах заняткаў прыводзіць да выпрацоўкі адпаведных стыляў, існаванне ж дэкласаваных элементаў, пэўных сацыяльных груп – да ўзнікнення жаргонаў і слэнгаў. Стыхійнае ўздзеянне грамадства на мову таксама праяўляецца ў тым, што вынікам разнастайных кантактаў народаў (войн, перасяленняў, гандлю) з'яўляюцца шматлікія лексічныя запазычанні з адной мовы ў другую, адбываецца змяшэнне элементаў розных моў у адной мове. Так, калі беларуская мова была дзяржаўнай у час існавання Вялікага княства Літоўскага, яна актыўна ўздзейнічала на літоўскую мову, у якой адзначаюцца запазычанні з нашай. А ў складзе Рэчы Паспалітай беларуская мова апынулася пад моцным уплывам польскай. Свядомыя акцыі дзяржаўнага маштабу ў адносінах да мовы – гэта моўная палітыка. Выдатнай акцыяй моўнай палітыкі ў гісторыі цывілізацыі з’явілася стварэнне пісьменнасці. Калі такі працэс датычыць многіх моў і праходзіць адначасова ў вялікіх маштабах, то ён называецца моўным будаўніцтвам. У гісторыі такая сітуацыя ўзнікла толькі аднойчы: у паслякастрычніцкі перыяд на тэрыторыі былога СССР за кароткі адрэзак часу на аснове кірыліцы была створана пісьменнасць для 50 нацый і народнасцяў. Свядомы ўплыў грамадства на мову праяўляецца і ў рэформах графікі і арфаграфіі. Свядома распрацоўваюцца шматлікія тэрмінасістэмы, мэтанакіравана ствараецца людзьмі вялікая колькасць онімаў (назваў зорак, населеных пунктаў і вуліц, жывёл, імёнаў людзей і да т.п.). Нормы літаратурнай мовы кадыфікуюцца ў падручніках, даведніках і з’яўляюцца абавязковымі для іх выкарыстоўвання пры стварэнні пісьмовых тэкстаў і ў публічных прамовах. Увогуле, грамадства аказвае свядомы ўплыў на мову тады, калі мэтанакіравана кантралюе пэўныя моўныя працэсы, упарадкоўвае правілы ўжывання, змагаецца за чысціню, культуру мовы і г.д. Моўная палітыка патрабуе з боку дзяржавы пастаяннай увагі, асцярожнасці і далікатнасці, асаблівапры вырашэнні моўных праблем у шматнацыянальнай краіне. 6) Беларуска-руская інтэрферэнцыя. Трасянка. Запісаць, што такое моўная інтэрферэнцыя, віды інтэрферэнцыі з прыкладамі, што такое трасянка. БЕЛАРУСКА-РУСКАЯ МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ Моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца наяўнасцю білінгвізму. Білінгвізм – сітуацыя валодання пэўнай асобай ці цэлым калектывам дзвюма мовамі. Беларусы ў сваёй маўленчай дзейнасці сустракаюцца з уздзеяннем беларускай мовы на рускую і наадварот-- рускай мовы на беларускую. Гэта вядзе да моўнай інтэрферэнцыі. Інтэрферэнцыя – парушэнні ў сістэме ці ў маўленчай норме адной мовы, выкліканыя ўдзеяннем другой мовы. Гэтыя парушэнні назіраюцца на розных узроўнях маўленчай нормы, таму выдзяляюць наступныя віды інтэрферэнцыі: I. Фанетычная інтэрферэнцыя – недакладнае гукавое афармленне слова. II. Акцэнтная інтэрферэнцыя – парушэнні ў пастаноўцы націску ў словах. III. Лексічная інтэрферэнцыя - у беларускім маўленні выкарыстоўваюцца рускія словы (значэнні слоў) і наадварот. IV. Марфалагічная інтэрферэнцыя – несупадзенні ў формах часцін мовы (род, лік, канчаткі назоўнікаў, формы параўнальнай ступені прыметнікаў, канчаткі дзеясловаў і г.д.). V. Сінтаксічная інтэрферэнцыя – несупадзенні пры каардынацыі дзейніка і выказніка, у дапасаванні і кіраванні. ШТО ТАКОЕ ТРАСЯНКА? Тэрмін “трасянка” пайшоў ад назвы корму для рагатай жывёлы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. (Ва ўкраінскай лінгвістыцы ў аналагічным сэнсе выкарыстоўваецца тэрмін “суржык”. Першапачаткова гэта слова мела значэнне “мешаніна з жыта, пшаніцы, ячменю і аўса, а таксама мука з гэтага зерня вельмі нізкага гатунку”. Трасянка – сродак камунікацыі гарадскога насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад літаратурнай мовы трасянку адрознівае поўная адсутнасць норм: беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўаваецца строгім правілам і ўяўляе з сябе механічнае змяшэнне розных моўных элементаў. Акрамя таго, трасянка характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Большасць лінгвістаў лічыць, што ў аснове трасянкі ляжыць руская лексіка і беларуская фанетыка, г.зн. рускія словы вымаўляюцца па законах беларускага маўлення. Параўнайце: трас.плошчадзь – рус. площадь – бел. плошча; трас. заработаў – рус. заработал – бел. зарабіў; трас. сціхатварэнне – рус. стихотворение – бел. верш. Трасянка як лінгвістычная і сацыяльная з’ява ўзнікае ў сітуацыі двухмоўя. Засваенне норм рускай і беларускай літаратурных моў патрабуе пэўных намаганняў . Значна лягчэй з пункту гледжання неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасабліва моўны “гібрыд”. Часцей за ўсё трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем, павышэннем грамадскага статусу і г.д. Заданне, звязанае з гэтай тэмай, ёсць у кожным білеце (заданне №3) і фармулюецца наступным чынам: Прывядзіце па 3-4 прыклады разнастайных памылак (у вымаўленні, націску, формах і значэннях слоў і словазлучэнняў, напісанні), якія робяцца ў рускім маўленні жыхароў Беларусі пад уплывам беларускай мовы, і наадварот (прыклады памылак у беларускай мове пад уплывам рускай мовы).УСЯГО 6-8 ПРЫКЛАДАЎ! Падрыхтуйце свае прыклады загадзя, карыстаючыся прыведзенымі ніжэй матэрыяламі па тэме і наступным узорам: УЗОР
Матэрыялы па тэме ( гэтыя заданні выконваюцца ВУСНА для таго, кабі запісацьтолькі разнастайныя прыклады магчымых памылак, калі ўзора вам недастаткова для разумення тэмы і задання) 1. Перакладзіце наступныя словы на беларускую мову, растлумачце адрозненні ў іх фанетычным афармленні. История, атлетика, безусый, земля, черный, авторитет, читал, дети, серый, любовь, женщины, дрожать, натачивать, варенье. 2. Перакладзіце на рускую мову, звяртаючы ўвагу на націск Як снег на галаву, дачка настаўніка, старэнькі дзядуля, тэлефон звоніць, узяла сукенку, пякучая крапіва, шырокі рэмень, кухонная мэбля, прыведзеныя лічбы, чатырнаццаць працэнтаў, вострыя нажніцы, каменны, прыкус, кулінарыя, індустрыя, спіна, ноздра, лопух, праліты, заселены, разлучаны. 3. Разгледзьце прыклады слоў, якія ў рускай і беларускай мове гучаць амаль аднолькава, але абазначаюць розныя паняцці (амонімы): качка, прозвішча, лік, жалоба, справа., плот, трус, краска, склон, нядзеля, рэч, мех, дыван 4. Знайдзіце памылкі ў перакладзе, выкліканыя выкарыстаннем міжмоўных амонімаў. 1)На градах ляжалі гарбузы і гуркі (К. Чорны) – На грядках лежали арбузы и огурцы. 2) Гэта была не першая закапаная ім магіла, але, як заўжды, яе выгляд выклікаў у ім… жалобу па тых, хто там заставаўся (В.Быкаў) – Это была не первая зарытая им могила, но, как всегда, её вид вызвал в нём…жалобу на тех, кто там оставался. 3)Лёгка загадваць, а паспрабуй усё гэта выканаць ( С.Грахоўскі) – Легко загадывать, а попробуй всё это выполнить. 4)Але генерал усё ж меў рацыю: гэта было адноснае зацішша ( І. Мележ) – Но у генерала все-таки была рация: это было относительное затишье. 5)У пакой забегла Вера, у нацыянальным убранні, з вянком штучных кветак на галаве (І.Шамякін) – В комнату забежала Вера, в национальном костюме, с венком штучных цветов на голове. 5. Вызначце род наступных беларускіх, рускіх назоўнікаў і складзіце з імі словазлучэнні (прыметнік + назоўнік): боль, жаль, цень, рукапіс, пыл, шынель, медаль, стэп, дроб, насып, сабака, гусь, цялё, ягнё. 6. Перакладзіце наступныя словазлучэнні на беларускую мову. Растлумачце выбар канчаткаў. Мало снега, не заметить осинника, отсутствие слуха, начало листопада, нехватка кислорода, учение дарвинизма, решение коллектива, в результате химического процесса, на вольтовой дуге, на втором этаже, работал на фабрике, на родной земле. 7. Перакладзіце сказы на рускую мову. Звярніце ўвагу на адрозненні пры ўтварэнні форм параўнальнай ступені прыметнікаў і прыслоўяў. 1) Сабекошт перавозкі грузаў на чыгуначным транспарце ніжэйшы за сабекошт аўтамабільнай перавозкі. 2) Частата пульсу ў фізічна пасіўных людзей на 20% большая. 3). Больш за тое, у якасці асобных порцый інфармацыі можа быць выбраныабстрактны алфавіт. 4). Гукі станавіліся мацнейшыя і гусцейшыя. 5). Вясна наступала ўсё мацней і ўладарней. 8. Выберыце і запішыце правільны варыянт ужывання займеннікаў у беларускім і рускім маўленні. Абгрунтуйце свой выбар. Мне некаму і некалі гаварыць пра гэта; Мне няма каму і няма калі гаварыць пра гэта. Мне некому и некогда говорить об этом; Мне нет кому и нет когда говорить об этом. 9. Утварыце ад наступных рускіх дзеясловаў формы 3 асобы адзіночнага ліку і 2 асобы множнага ліку цяперашняга часу і перакладзіце іх на беларускую мову. Вызначце канчаткі.Узор: писать – пишет (піша), пишете (пішаце). Говорить, сидеть, шить, мыть, беречь, бежать, хотеть, открыть, дать, вести, лечить. 10. Знайдзіце памылкі ва ўжыванні дзеепрыметнікаў, растлумачце іх сутнасць і выпраўце. Кожны студэнт можа атрымаць у бібліятэцы спіс рэкамендуемай літаратуры. Антось ніколі не бачыў чыста апранутых і сыта паетых сялян. Міхалка хацеў сказаць ёй што-небудзь вострае і зневажаемае. У старой хаце на вокны былі папрыбіваты крыж-накрыж дошкі. Інфармацыя прадстаўляецца ў выглядзе бесперапынна мяняючыхся велічынь. Заржавеўшы цвік цяжка выцягваць. Ён гаварыў плачушчым голасам. 11. У беларускай мове зусім натуральнымі ўтварэннямі ўспрымаюцца дзеепрыслоўі незакончанага трывання ад аднаскладовых дзеясловаў тыпу біць, жаць, шыць – б'ючы, жнучы, шыючы, якія адсутнічаюць у рускай мове. Утвараюцца таксама немагчымыя ў рускай мове дзеепрыслоўі ад дзеясловаў з суфіксам -ну-: мокнучы, гаснучы, цягнучы. Утварыце ад дзеясловаў дзеепрыслоўі незакончанага трывання і перакладзіце іх на рускую мову. Вісець, зваць, пісаць, рэзаць, сохнуць, ехаць, секчы, рваць, шукаць, мокнуць, піць, гнуць, пахнуць, ткаць, бегчы, дзерці, смактаць, маўчаць. 12. Перакладзіце на беларускую мову: По роману Ивана Мележа, писать по адресу, в области биомеханики, рассмотреть по пунктам, благодарю вас, похож на отца, три новых прибора, четыре пятых, издеваться над чужим мнением, отречься от своих убеждений, зайти за письмом, болеть гриппом, небольшой по размеру, подготовиться к работе, начало в семь часов вечера, подойти к руководителю. 13. Знайдзіце выпадкі інтэрферэнцыі ў наступных перакладах мастацкіх твораў беларускіх аўтараў. Насколькі дарэчныя беларусізмы ў гэтых урыўках? И с крестьянскою лаской просто В каждой хате дарила ты И весёлый хмель хлебосольства, И насущный хлеб доброты (Г.Буравкин) Тихо дремлют сосонники В зное горячего дня, Придорожные коники Атаковали меня (А.Кулешов) Там решил я в ночи Под навесом зелёным Что уж лучше лежать на печи, Что теперь не уйти из полона (А.Кулешов) Шёл, проклиная деньги и чугунку, Искать земли переселенец-дед (А.Кулешов) Тогда он выныривает и прежде всего, разведя руками, показывает, какая рыбина утекла (И.Мележ). Дядьки и тётки! Хлопцы и девки! Дорогие наши товарищи! (И.Мележ) 14. Прачытайце наступны тэкст. На якой мове размаўляе герой? А як ён сам лічыць? Прааналізуйце і выпраўце памылкі. Рашыў я пайсці ахраннікам у адну фірму, а міня туды не ўзялі. Гаварат:”У цібя рэч няправільная. Ты нам будзіш кліентаў адпугіваць”. Как будта я дурань і не панімаю, што ім нада ўзятку сунуць, тады і на работу прымуць. А гавару я нармальна, у нас у мікрараёне ўсе так гаварат. Мы как у Мінск пераехалі, так я па-гарадскому правільна і загаварыў…” Магчыма, засваенне гэтай тэмы будзе праверана на заліку ў тэставым выглядзе.
Вуснае заданне. Пры чытанні знайдзіце адказы на наступныя пытанні:
Дзяржаўная мова. І. Кожная мова можа ўжывацца ў розных сферах жыцця грамадства. Гэтыя сферы найперш падзяляюцца на дзве буйныя часткі – афіцыйную і побытавую. Афіцыйнай ( ад.лац.officialis ‘звязаны з урадам, з пасадай’) называюць мову, на якой працуюць дзяржаўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя органы, грамадскія арганізацыі, установы навукі, культуры, службы быту, гандлю. На афіцыйнай мове вядзецца навучанне і выхаванне ў сістэме адукацыі. Калі ж статус афіцыйнай мовы замацоўваецца і адлюстроўваецца ў спецыяльных заканадаўчых актах, яна становіцца мовай дзяржаўнай. Дзяржаўнасць мовы – гэта юрыдычна замацаваны і рэгламентаваны парадак яе выкарыстання ва ўсіх або ў пераважнай большасці разгалінаванняў афіцыйнай сферы грамадскіх зносін. Што ж датычыцца прыватных моўных узаемадачыненняў людзей, а ў пэўнай ступені і выбару імі мовы зносін з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, з рознымі грамадскімі арганізацыямі, то гэта было, ёсць і застаецца асабістай справай грамадзян. Такім чынам, паняцце “дзяржаўная мова” звязана з мэтанакіраванай, усвядомленай моўнай палітыкай дзяржавы, з распрацоўкай юрыдычна-прававых нормаў у галіне моўных зносін, а паняцце “афіцыйная мова” – з практыкай, з традыцыямі выкарыстання моў у пэўным грамадстве і з рэальным размеркаваннем паміж імі асобных сацыяльных функцый. Наданне пэўнай мове статуса дзяржаўнай – акт выключнай нацыянальна-гістарычнай і нацыянальна-культурнай значнасці. Яго прыняцце або непрыняцце, сам ягоны характар заўсёды вызначаецца канкрэтнымі абставінамі жыцця грамадства, асаблівасцямі яго гісторыі, суадносінамі паміж мона- і полінацыянальнасцю, станам і ўзроўнем культуры, эканомікі, палітыкі. Варта адзначыць, што афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але дзяржаўная мова не можа не прайсці этапу афіцыйнага ўжывання. Дзяржаўны статус мовы грунтуецца на арганізацыйных, кадравых, матэрыяльна-тэхнічных, культурна-асветных і іншых дзяржаўных мерах, прадугледжвае сістэму прававой аховы мовы на тэрыторыі адпаведнага дзяржаўнага ўтварэння, а таксама забяспечвае яе існаванне і развіццё ў асяродках суайчыннікаў за яго межамі. Наданне мове дзяржаўнага статуса – усвядомлены сацыяльна-палітычны акт, скіраваны сваёй канчатковай мэтай на захаванне і развіццё нацыянальнай мовы, на зберажэнне яе ад заняпаду і забыцця. Сусветная цывілізацыя не ведае выпадкаў занядбання дзяржаўных моў пры захаванні дзяржавы, затое гісторыя сведчыць, што мовы знікаюць, калі выходзяць з ужытку ў грамадскіх сферах жыцця. Патрэба ў дзяржаўным моўным рэгуляванні ўзнікае пераважна тады, калі ў мовы народа, які даў найменне дзяржаўнаму ўтварэнню, ёсць мова-канкурэнт. Менавіта таму заканадаўства некаторых монанацыянальных краін не надае мове карэннага насельніцтва дзяржаўнага статуса. ІІ. З часу, калі на беларускіх землях узніклі дзяржаўныя ўтварэнні – княствы Полацкае і Тураўскае, Наваградскае і Вялікае Княства Літоўскае, - мова тутэйшай людской супольнасці мела шырокі ўжытак у асяроддзі ўладароў і вайскоўцаў, рамеснікаў і гандляроў, паляўнічых і хлебаробаў, вернікаў і святароў, манахаў-кніжнікаў і шкаляроў… Калі дзіця садзілася за кнігі, рукапісныя або пазней выдадзеныя Ф.Скарынам або С.Будным, калі яно слухала матчыны песні і старажытныя казкі, калі летапісец выводзіў літары на пергамене, калі ваяр-абаронца прыспешваў на покліч Пагоні баявога каня, а ратай выходзіў у поле – усе супольна рабілі адну справу: служылі радзіме, бацькаўшчыне, і заўсёды на вуснах народа-творцы гучала мова родная, матчына, беларуская – у высокім сэнсе дзяржаўная. З цягам часу ў Вялікім Княстве Літоўскім, акрамя старабеларускай, у грамадскім ужытку сталі пашырацца лацінская, польская і іншыя мовы. Узнікла патрэба ў дзяржаўным рэгуляванні моўных працэсаў. І тады ў выдатным помніку эпохі Адраджэння – Статуце Вялікага Княства Літоўскага (рэд. 1566 і 1588 гг.) – старабеларуская мова была абвешчана, гаворачы па-сучаснаму, дзяржаўнай, найперш мовай законаў і справаводства: “А писар земский маеть по-руску (г. зн. па-старабеларуску) литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы “ ( Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Мн., 1989. С. 140). Аднак з 1697 г. старабеларуская мова перастала быць афіцыйнай, была выключана з ужытку ў справаводстве рашэннем кіруючых колаў Рэчы Паспалітай – дзяржавы, у якую на федэратыўнай аснове ўваходзіла тады Вялікае Княства Літоўскае. Пазней (у 1867 г.) і царскім урадам беларускае друкаванае слова было забаронена, як і наогул ужыванне беларускай мовы ў школах, установах культуры і інш., што тлумачылася імкненнем пазбавіць беларускі народ не толькі самастойнага дзяржаўнага, але і нацыянальна- культурнага жыцця, а значыць і будучыні. Такім чынам, занядбанне беларускай мовы, якое пачалося з паступовага і няўхільнага абмежавання яе грамадскіх функцый у 17-19 і пачатку 20 стагоддзя, суправаджалася частковай, а пазней поўнай стратай беларускімі землямі дзяржаўнасці. Народ жа на роднай мове гаварыў, спяваў песні, складаў казкі, мудрыя загадкі, дасціпныя прыказкі – тварыў вялікую вусную літаратуру, у якой роднае слова ззяла ўсімі колерамі вясёлкі, выказвала думы, жаданні, пачуцці чалавека працы, адлюстроўвала востры розум народа, яго багаты духоўны свет, прыгажосць душы, шматвяковы жыццёвы вопыт. На працягу 19 ст. на беларускай мове выдаваліся нелегальна або для абмежаванага ўжытку кнігі, перыядычныя выданні, а пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў беларускія асветнікі і майстры прыгожага пісьменства сталі займацца выдавецкай дзейнасцю – і гэта садзейнічала захаванню беларускага слова і фарміраванню беларускай літаратурнай мовы. У 1918 г.з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі і ў перыяд пасля 1919 г., калі беларускае дзяржаўнае ўтварэнне пачало актыўна ажыццяўляць свае ўладныя паўнамоцтвы, з усёй непазбежнасцю пастала пытанне пра дзяржаўную мову на Беларусі. Неўзабаве сацыяльныя рамкі ўжывання беларускай мовы ў заканадаўчым парадку, грунтоўна, з усей дакладнасцю вызначыла прынятая ў 1927 г. VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў другая Канстытуцыя БССР (артыкул 22): “Дзякуючы значнай перавазе ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы насельніцтва беларускай нацыянальнасці, беларуская мова выбіраецца, як мова пераважная, для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”. У 1930 –80 гг. у Беларускай ССР руская мова, займаючы прывілеяванае, пануючае становішча ў грамадскім жыцці, фактычна выконвала ролю дзяржаўнай мовы. Беларуская мова, неапраўдана выцесненая з грамадскага ўжытку, паступова адыходзіла да той мяжы, за якой пачынаецца нябыт. Таму заканамернай была пастаноўка пытання аб прыярытэтным развіцці беларускай мовы ў Беларусі як мовы карэннага насельніцтва, як мовы суверэннага дзяржаўнага ўтварэння. ІІІ. Дзяржаўны статус мовы карэннага этнасу не вядзе да абвастрэння канкурэнцыі моў і культур народаў, якія супольна жывуць у дзяржаве, а ўзмацняе іх узаемадзеянне, забяспечвае вольнае развіццё і творчае ўзаемаперайманне, гарманізацыю гэтых працэсаў і з’яўляецца асновай культурнага будаўніцтва ў дэмакратычнай дзяржаве. Без ведання мовы карэннага насельніцтва той ці іншай рэспублікі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей іх жыццё ў братняй супольнасці народаў нельга лічыць паўнацэнным. Для беларусаў як карэннага этнасу ў рэспубліцы таксама не абыякавы і лёс моў усіх нацыянальных супольнасцей у агульным дзяржаўным доме. Дзяржаўнасць мовы спрыяе і забеспячэнню правоў кожнага прадстаўніка карэннага этнасу і ўсёй яго супольнасці ( калі нават апошні не з’яўляецца механічнай большасцю насельніцтва на яго тэрыторыі) на развіццё не толькі яго мовы, культуры, асветы і інш., але і нацыянальнай дзяржаўнасці і ў канчатковым выніку сцвярджае права народа на існаванне. Таму як сацыяльна-прававая катэгорыя тэрмін “дзяржаўная мова“ цесна звязаны з паняццем нацыянальнага суверэнітэту. Ва ўсім свеце дэмакратычная практыка ўжывання ў якасці афіцыйных ( а часам і дзяржаўных) нацыянальных моў супольнасцей, якія спрадвеку жывуць на сваіх дзяржаўна- этнічных тэрыторыях, грунтуецца менавіта на прызванні суверэнітэту народаў: сам факт існавання этнасаў, іх шматвяковая гісторыя і самабытная культура ствараюць гэтаму перадумовы. У нацыянальна-дзяржаўным утварэнні ў якасці дзяржаўнай прымаецца мова яго карэннага насельніцтва, а носьбітам усіх астатніх моў гарантуецца права свабоднага карыстання імі ў розных прыватных сферах зносін. Афіцыйных моў можа быць столькі, колькі асобных нацыянальных груповак уваходзіць у склад грамадства. Так, на Беларусі афіцыйна – у школе, царкве, нацыянальных установах культуры і г.д. – ужываюцца польская, татарская, яўрэйская. Мова – не толькі сродак зносін. Яна – душа народа, аснова яго культуры. Пакуль жыве мова, жыве народ. Выбіраць мову зносін – права асобнага чалавека. Але такога права пазбаўлены народ, бо страта нацыянальнай мовы вядзе да знікнення яго як самабытнай этнакультурнай супольнасці. Кожная мова – гэта неацэнны скарб, які разам з тым належыць не толькі аднаму народу, а ўсяму чалавецтву, духоўна ўзбагачаючы яго. Мова фарміруе асобу, з’яўляецца асновай самасвядомасці і духоўнасці чалавека. Без адчування за спінаю грамады суайчыннікаў, аб’яднаных любоўю і павагаю да ўсіх нацыянальна-духоўных скарбаў, у тым ліку і мовы, чалавек можа страціць сэнс свайго існавання і пачуццё жыццяўстойлівасці. У мове схаваны “генетычны код” духоўнасці народа, і, авалодваючы моваю, мы “чытаем” сваю гісторыю, разумеем продкаў, ствараем сённяшнюю рэчаіснасць, крочым у будучыню. Гонар і абавязак усіх – шанаваць і любіць мову свайго народа, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, а таксама паважліва ставіцца да моў іншых народаў. Выхаванню гэтых высакародных грамадзянскіх якасцей чалавека, асобы і служыць прыняты ў 1990 г. закон, які надаў беларускай мове ў Рэспубліцы Беларусь статус дзяржаўнай .(Цумараў Я.А.) |